НЕ ДУМАЙ, ШТО ДЗЕЛЯ СЛАВЫ...


Анатоль Сербантовіч напісаў незадоўга да смерці адзін са сваіх лепшых вершаў, які так і назваў — «Няма мяне»:

Няма ні тут, ні там, за дымкай,

Няма ў дзвярах, няма ў акне.

Няма мяне ў тваіх абдымках.

Няма мяне... Няма мяне.

І толькі там, пазней, з палёгкай

У сне, што прыйдзе незнарок,

Убачыш, як душа далёка

Да зор ляціць, як матылёк.

Верш, як бачым, набыў значэнне жывога чалавечага дакумента...

У тым, што сэрца паэта як быццам бы непакоіла сумнае прадчуванне, пераконваюць нас і некаторыя іншыя вершы, якія ўвайшлі ў яго апошні, пасмяротны зборнік «Пярсцёнак». Вось заключныя радкі верша «Так стараўся, што думалі, трэсне...):

А над песняю той, недапетай,

Прагудзела труба жураўля:

«Тых,

з кім дзеліцца неба

сакрэтам,

Маладых забірае зямля».

Альбо:

Неба зорнаю кнігаю,

Дрэва шэрага клін.

Плачуць ціхія кнігаўкі.

Я не знаю — па кім.

Плач лунае, як мільгаўка,

І пакуль прамільгне,

Мне здаецца,

што кнігаўкі

Плачуць толькі па мне...

Як бы там ні было, з якім бы адчуваннем і настроем ні пісаў А. Сербантовіч свае вершы, мы, прынамсі, бачым, чытаючы яго апошнюю кнігу: радкі поўны жывога трапятання, яны народжаны хваляваннем самога сэрца. Уражлівы позірк аўтара, неспакойная і чуйная яго душа. Ён не проста піша вершы, не проста складае іх, радок за радком, рыфма да рыфмы, ён жыве ў вершах, ён выказвае ў іх свае штодзённыя пачуцці і думкі і таму не ўяўляе без паэзіі свайго існавання:

Не думай, што дзеля славы

Я песні свае пяю.

Паэзіі я па праву

Поўнасцю аддаю

Сябе. Не заслоняць спіны

Яе ад мяне назаўжды,

Бо я без яе, як спінінг

Без сіняй рачной вады...

Радкі гэтыя не лепшыя ў аўтара, дэкларацыі яму не вельмі ўдаюцца, яўна кульгае і параўнанне са спінінгам, але сэнс верша адпавядае сапраўднасці: А. Сербантовіч — паэт па сваім душэўным складзе. Гэта ўжо было відаць з самага пачатку яго творчасці. І калі я ў свой час разглядаў яго першы зборнік «Азбука», то, помню, зазначаў у першую чаргу, што маладому паэту ўласцівы добрая «жывінка», сапраўдная шчырасць.

Натуральнасць, нявымушанасць радка, яго жыццёвая канкрэтнасць і пластычнасць — гэта асабліва ўражвае, калі чытаеш зборнік «Пярсцёнак».

То мора, то бераг, то востраў зялёны,

То нават травінкі не ўбачыш нідзе.

Учора ад слёз тваіх быў я салёны,

А сёння плыву па салёнай вадзе.

Учора, як вожык, стаяў на абрыве,

Балючы, калючы — у стрэлах дажджу,

А сёння вясёлы, на ўсё, што абрыдла, —

Шчаслівы і новы — з абрыву гляджу.

Бачыце, як натуральна сплаўляюцца ў вершы вонкавае і ўнутранае, назіранне і пачуццё, чужое і сваё, далёкае і блізкае. Аляксей Пысін, які быў першым настаўнікам і старэйшым таварышам Сербантовіча, піша ў прадмове да зборніка: «І ўсё свежа, молада, усхвалявана. У яго было зайздроснае паэтычнае здароўе, якое выяўлялася ў крамяных арганічных вобразах і эмацыянальнай настроенасці». З гэтым цяжка не пагадзіцца. І менавіта ў гэтым, у «паэтычным здароўі», і сакрэт поспеху паэта.

Цікавы, напрыклад, такі факт. Аўтар «Пярсцёнка», будучы натурай неспакойнай, любіў падарожнічаць, любіў адкрываць для сябе новыя мясціны. («Я паеду. Клясціся не стану. Я магу шапнуць табе: «Люблю!» А затым пайду і зноў растану там, дзе неба сходзіць на зямлю».) Значную частку кнігі складаюць вершы, навеяныя падарожнымі ўражаннямі. І вось, чытаючы іх, здзіўляешся не толькі назіральнасці паэта, яго вострай успрымальнасці, а і яго здольнасці тут жа рэагаваць на ўсё ў вершы, знайсці дакладныя словы, каб перадаць новае адчуванне. Вось страфа з верша таежнага цыкла:

Камары вісяць завесай,

Ні праехаць ні прайсці.

Я адзін выходжу з лесу,

Лес праз сіта прапусціў.

Дзікім сумам прыгажосці

Патыхае ад галін.

Безнадзейнасцю і злосцю

Свет, здаецца б, надзяліў:

Як я мог далёка дзесьці,

Дзе мядзведзь кару грызе,

Нарадзіўшыся у лесе,

Заблудзіцца у тайзе?

Натуральнасць і эмацыянальная ўзрушанасць характэрны не толькі для тых твораў, якія А. Сербантовіч прысвячае сваім асабістым перажыванням. Ён астаецца такім жа лірыкам, калі бярэцца за тэмы грамадскага значэння. Як неаддзельна ў яго вонкавае ад унутранага, так і неаддзельна грамадскае ад асабістага.

Там, дзе я вырас, — сасна пры сасонцы,

Як дзеці спавіты ў пялёсткі лугоў.

І чырвань сцягоў уліваецца ў сонца,

А сонца сцякае у чырвань сцягоў.

У шмат якіх творах зборніка выяўляецца шырокі кругагляд паэта, яго грамадзянскі тэмперамент. Ён не забывае «год сорак першы — нянавісць і боль». Джунгарскія вароты нагадваюць яму абеліскі, што стаяць над брацкімі магіламі (верш «Джунгарскія вароты»). Ён напісаў два вянкі санетаў, прысвечаных тэме вайны («Курган» і «Салдат»). Творы гэтыя заслугоўваюць нашай увагі і ўдзячнасці і астануцца цікавай з'явай у нашай паэзіі.

Сюды ж трэба аднесці і яшчэ адзін вянок санетаў «Васілёк», дзе паэт шукае свой падыход да ленінскай тэмы, кідае паэтычны позірк на рэвалюцыйнае мінулае народа. Паэт, плённа выкарыстоўваючы класічную форму санета, знаходзіць новыя рашэнні адказнай тэмы, дасягае ў многіх санетах вянка пераканаўчай мастацкай выразнасці:

І ў вянок уплесці васілёк,

Яго прынёсшы разам з пахам хлеба

Адтуль, дзе ён сінее па-над глебай —

Сінее, як журботны вугалёк.

І хтось, відаць, зірнуўшы на вянок,

Заўважыць тут, як і заўважыць трэба,

Што ў ім журба зямлі усёй і неба —

Яна відаць і зблізку і здалёк.

Знаёмая з далёкага дзяцінства,

Напэўна, знала, дзе ёй пасяліцца —

У жыце беларускім і вачах...

Цяпер ля Маўзалея тут сінее,

Куды яе здалёку на плячах

Прынёс мільён дарог акамянелых.

«Высокае святло», «крыло агніста-белае», «каб светлым, як сонца, быў і, як вінаградзіна, чыстым»... У лексіконе кожнага паэта ёсць свае любімыя словы і эпітэты. Анатоль Сербантовіч любіў эпітэт «светлы» і блізкія да яго па свайму гучанню. І гэта не выпадкова. Светлым, па-чалавечы харошым быў яго талент. Аб гэтым красамоўна сведчыць кніга «Пярсцёнак».

1973

Загрузка...