Юлька атрымала атэстат сталасці. Яна чакала большага шчасця, якое павінен быў прынесці ёй гэты пераломны момант, і была крыху расчараваная сваёй абыякавасцю.
Яна, уласна, радавалася толькі таму, што ўсе цяпер павінны лічыць яе дарослай паннай і што не трэба будзе кожны дзень усхоплівацца ў школу.
Аліцыя ў гэты вялікі для Юлькі дзень не магла раздзяліць з ёю радасць, таму што ў судзе разглядалі нейкую надта важную справу, у якой Аліцыя выступала абвінаваўцам. Хутчэй за ўсё, яна нават не прыйдзе на абед, і гэтую важную ўрачыстасць Юлька адсвяткуе ўдваіх з панам Вінклерам, з панам Янкам, як яна яго называла.
Яна, зрэшты, пра гэта надта не турбавалася. Ёй так рэдка здаралася заставацца з ім сам-насам, калі ён павінен быў — нікуды не дзенешся — звяртаць увагу на яе.
Да таго ж, у прысутнасці Аліцыі ён не гаварыў пра свае падарожжы, што можна было слухаць гадзінамі, затаіўшы дыханне. Юлька любіла тыя хвіліны, калі ёй удавалася з дапамогай вельмі хітрай дыпламатыі павярнуць размову на тэму якой-небудзь экзатычнай краіны, якіх-небудзь плямёнаў, майстэрства лоўлі кітоў ці жэмчугу, працы шукальнікаў золата ці палявання на змей.
Тады паступова твар пана Янка траціў свой бестурботны дружалюбны выраз, яго рысы завастраліся, як маланкі, вочы блішчалі, а ноздры расшыраліся, нібыта ў іх ён уцягваў пах джунгляў ці рэзкі водар мора. Ох, ён тады станавіўся такі прыгожы! Такі цудоўны, такі гераічны! Мышцы, здавалася, ігралі пад смуглай скурай твару, бровы счэпліваліся ў востры лук, а голас зыходзіў з шырокіх лёгкіх, якія грукаталі самымі дзіўнымі водгаласамі, водгаласамі, якія асацыяваліся ў жывым уяўленні Юлькі з ровам хваль далёкіх мораў, з выццём віхру ў парусах, з топатам капытоў каўбойскіх коней, з салодкімі мелодыямі гавайскіх песень, з шумам некранутых пушчаў, поўных гукаў дзікіх звяроў, з грукатам гармат браняносцаў і трэскам страляніны ў партовых тавернах…
Ах, яго голас быў тады магутнай рапсодыяй, у якой адчувалася ўся веліч, буянне і прыгажосць свету!
Калі ён пачынаў гаварыць так проста, ясна і зразумела, яна нібыта ўпадала ў транс, быццам п’янела. Яна адчувала ў спіне незнаёмыя раней дрыжыкі, на вуснах смак салёнай вады, а ў маладых, яшчэ не развітых грудзях надакучлівае, дзіўнае пацягванне.
Друцкі вымаў папяросу з вуснаў, пазіраў у акно і пачынаў:
— На Філіпінах Ціхі акіян вясной спакойны і лагодны. Дробныя хвалі амаль бясшумна ліжуць плоскі бераг…
Альбо таксама:
— Пасля дня дарогі ад Форбс пачынаецца краіна кенгуру…
Юлька нерухома, падцягнуўшы пад сябе ногі, сядзела ў куце канапы, уся ператварыўшыся ў слых.
Калі падчас аповеду Друцкі часам пазіраў на яе, ён дадаваў словы «мая малышка», і былі яны прыгажэйшыя за ўсе словы, якія ўвогуле прыдумаў чалавек.
Якая ж шчаслівая Аліцыя, што будзе жонкай пана Янка! Што ён яе кахае! О, бо Юлька была ўпэўнена, што ён кахае і дабіваецца рукі Аліцыі. Зрэшты, Аліцыя цалкам заслугоўвае яго кахання. Цалкам. Можа, ніводная іншая ў цэлым свеце не вартая была б і мезенца пана Янка, аднак Аліцыя сама настолькі прыгожая, разумная, такая вартая! Юлька за сваё жыццё не сустракала жанчыны, якой — абстрагуючыся ад асабістых пачуццяў — яна б настолькі захаплялася.
Яна ёй ні ў чым не зайздросціла, не раўнавала нават да яе пана Янка. Наадварот! Усім сэрцам яна зычыла ёй гэтага шчасця, пра якое сама, дурнічка, простая і звычайная прыгожая дзяўчына, ні марыць, ні сніць не магла.
Можа, лёс так распарадзіцца, што і яна калі-небудзь, у далёкай будучыні спаткае мужчыну, які хоць нечым будзе падобны да пана Янка, і можа, ён захоча ажаніцца з ёю… І можа, таксама будзе гаварыць ёй «мая малышка»…
Насамрэч пан Янэк ніколі так да Аліцыі не звяртаецца. Ён кажа «пані Аль», але пасля шлюбу, натуральна, ён будзе ёй казаць «мая малышка».
Юлька два разы пыталася ў Аліцыі пра пана Вінклера.
Яна сама, не маючы ад Аліцыі ніякіх тайн, сказала ёй, што яна шчаслівая, што пан Янэк і Аліцыя кахаюць адно аднаго, бо пан Янэк цудоўны.
— Ён табе падабаецца? — з усмешкай запыталася Аліцыя.
— Вельмі! Вельмі! Я так рада, што вы кахаеце адно аднаго… Праўда, кахаеце, Аля?
— Праўда, Юлечка, кахаем.
— А ён табе ўжо зрабіў прапанову? Прасіў тваёй рукі?
— Яшчэ не, не зусім, — ухіліста сказала Аліцыя.
— Але вы нібыта неафіцыйна заручоныя?
— Нібыта, — пацвердзіла Аліцыя і перавяла размову на іншую тэму.
З таго часу Юльку разбірала цікаўнасць: ці цалуюцца яны, калі застаюцца адны. На самай справе нічога б не было надзвычайнага ў тым, калі б яны цалаваліся. Усе нарачоныя цалуюцца — пераконвала яна сябе — а яны ж сапраўды заручоныя.
Але яна не магла з гэтым змірыцца! Самае простае, зрэшты, спытацца ў Аліцыі пра тое, хоць яно і нетактоўна. Толькі праз пару дзён, носячыся з гэтым намерам, яна рашылася і спыталася, цалуючы Аліцыю на ноч:
— Аля, а вы з панам Янкам цалуецеся?
Аліцыя акінула яе здзіўленым позіркам.
— Я пытаюся, Аля, таму што ведаю, што нарачоныя заўсёды цалуюцца, — дадала Юлька ў сваё апраўданне.
— Пра што ты думаеш, Юлечка! — дакорлівым тонам адказала Аліцыя. — У цябе экзамены на носе, а ты задаеш недарэчныя пытанні. Дабранач, дарагая, ідзі спаць.
«Ну, натуральна, не цалуюцца», — думала Юлька, засынаючы, і невядома чаму была гэтаму рада. Калі б яны цалаваліся, рабілі б вельмі брыдка! Яна не магла гэтага даказаць, але ёй здавалася, што тады яны падманулі б яе чаканні.
З таго часу яна задавольвалася ўласнымі назіраннямі, якія яшчэ больш заспакоілі яе несвоечасовыя падазрэнні.
Зараз яна развітвалася з сяброўкамі. З большасцю расставалася не без жалю. Яны абяцалі адна адной пісаць і пасля канікулаў зладзіць у школе з’езд.
Юлька выбегла на вуліцу са слёзкамі ў куточках вачэй і хутка ішла да трамвая, як раптам пачула за сабой голас:
— Панна Юлька!
Яна азірнулася і аж ускрыкнула ад нечаканасці: перад ёй стаяў доктар Чухноўскі.
— Доктарчык! — усклікнула яна. — Добры дзень! Я так даўно вас не бачыла! Чым вы займаецеся?
Доктар паціснуў ёй руку. Бачна было, што ён узрушаны.
— Я, панна Юлька, працую.
— Які шчаслівы збег абставін, што я вас сустрэла!
— О, гэта не збег абставін, — усміхнуўся Чухноўскі. — Я наўмысна вас чакаю.
— Наўмысна?
— Так. Вы ж сёння атрымалі атэстат. Я хацеў павіншаваць.
— Доктарчык памятаў! — расчулілася дзяўчына. — Які вы добры!
Чухноўскі выглядаў змарнелым і яшчэ больш бездапаможным, чым раней. На яго адзенні былі сляды занядбаласці. Ён быў непаголены, у старым, дрэнна завязаным гальштуку.
— Як жа я мог забыцца пра такі ўрачысты дзень, — гаварыў ён, — гэта ж доўгачаканая дата…
— А вы не падумалі, што я магла зрэзацца? — весела спытала Юлька.
— Вы? Мне гэта нават у галаву не прыйшло, — запратэставаў доктар.
— Доктар, вы ў які бок? Можа, вы мяне праведзяце?
— О, не, не, — спужаўся Чухноўскі. — Толькі крышку. Вам, напэўна, непрыемна ісці па вуліцы ў такой прыгожай сукенцы ў кампаніі такой нязграбнай асобы, як я…
Юлька пашкадавала яго, вельмі-вельмі. Яна не сумнявалася, што ён яе любіць, але ведала, была ўпэўнена, што ён месяцамі чакаў гэтага выпадку, каб што-небудзь даведацца пра Аліцыю. Юлька б з задавальненнем яму расказала вельмі шмат, калі б не той факт, што ўсё, пра што яна магла яму распавесці, было б для яго балюча. Таму яна вырашыла лепш гаварыць пра школу і планы на лета.
На наступным прыпынку трамвая доктар з ёй развітаўся.
«Нейкі ён няшчасны, — думала Юлька, вяртаючыся дадому, — нейкі сумны. Але, відаць, ён сам разумее, што можа шкадаваць толькі сябе. Я б здзівілася, калі б ужо не Аліцыя, а якая-небудзь іншая жанчына змагла яго пакахаць. Такі яго лёс… Лёс, у сваю чаргу, несправядлівы, такому вось пану Янку даў усё, а доктарчыку нічога».
Ужо ў вітальні Юлька ўпэўнілася, што пан Янэк тут. На адным з бра тырчаў яго светлы, амаль белы капялюш з шырокімі палямі. Ён жа ніколі па-людску не павесіць свой капялюш!
Юлька ўбегла ў сталовую і стала як укапаная: перад ёй на падлозе ляжала велізарная гумовая чарапаха, а на яе спіне сядзеў пан Янэк у адпаведным капелюшы, зробленым з газеты, і апяразаны вялікай чырвонай аўтамабільнай камерай.
Калі яна ўвайшла, ён выказаў ёй пашану і адрапартаваў:
— Адмірал Балтыйскага флоту Ян Вінклер, начальнік эскадры вашай каралеўскай вялікасці, з’явіўся па вашы загады!
— Ах! — крыкнула Юлька. — Гэта мая эскадра?
— Так. Гэта «чарапаха» — падводная лодка.
— Падводная? Чаму?
— Таму што, сеўшы на яе, няма нічога лягчэй, чым апынуцца пад вадой.
— Цудоўная! Божа, якая велізарная!
— А гэта, — Друцкі зняў з сябе шыну, — плывучы док. Сядаюць у яго так і вяслуюць ручкамі.
— Ах, і гэта для мяне?
— Паколькі вы Юлія Першая, каралева Балтыйскага мора і галоўная сірэна гэтага мора, то так.
— Вялікі-вялікі дзякуй!
Друцкі нечакана схапіў яе пад пахі і, некалькі разоў падкінуўшы пад столь і злавіўшы ў паветры, ускрыкнуў:
— Гіп-гіп, ура! Ура!
— Ой, я ўпаду, — папісквала Юлька, а калі ён яе, пачырванелую, нарэшце паставіў на падлогу, яна зрабіла абражаную мінку:
— Гэта так абыходзяцца з дарослымі людзьмі?
Друцкі прыжмурыў вочы і сказаў:
— Эх!.. Можна і па-іншаму…
— О! Напрыклад?
Друцкі хвіліну ўглядаўся ў яе іскрыстыя вочы, у раскрытыя вусны, у стройную фігурку, застылую ў якімсьці чаканні.
— Ты прыгожая, мая малышка, — сказаў ён нечакана для самога сябе.
Юлька пабляднела і закрыла вочы. Друцкі апамятаўся і ненатуральна разняволеным тонам усклікнуў:
— А можа, мы б што-небудзь з’елі?
— Так, так, — спалохана ўскочыла Юлька, — вы, відаць, галодны.
Яна націснула кнопку званка.
— Я галодны, як сам касавокі Білі.
— Тады сядайма. Зараз будуць піражкі з мазжачком.
— Ну, і сёння, відаць, вы, панна Юлька, вып’еце дзеля ўшанавання гістарычнага моманту кілішак каньяку? А?
— Вып’ю!
Юзэфова пачала падаваць. Друцкі напоўніў кілішкі:
— За здароўе дарослага чалавека! — падняў ён тост.
— О, як нясмачна, — скрывілася дзяўчына, — бр-р-р… адчуваю, што ніколі не буду п’яніцай. Калі ласка, пан Янэк… А чаму вы сказалі, што галодныя, як касавокі?..
— Білі?.. Ах, гэта такая гісторыя пра аднаго абжору, якую ведае кожны марак.
— Што за Білі?
— Відаць, быў такі! Магчыма, усё гэта анекдот, выдуманы для рэкламы бараноў з вострава Хартог[35], што ў Заліве Акул[36].
— Чаму бараноў?
— Таму што гэты востраў вядомы памерамі гадаваных там бараноў. Дык вось, аднойчы падчас штогадовага кірмашу ў Адэлаідзе адзін з фермераў выхваляўся, што ў яго статку такія бараны, якіх не здолее зрушыць самы моцны чалавек. Паколькі гэта ўсё адбывалася ў партовым бары, выхвалянні гэтыя раззлавалі шкіпера шхуны «Альбатрос». Ужо быўшы трохі на падпітку, ён ударыў кулаком аб стол і заявіў, што няма на свеце такога барана, якога б ён не падняў. І дадаў, што ведае чалавека, які лёгка можа з’есці зараз цэлага барана любой велічыні.
— Няўжо гэта магчыма? — здзівілася Юлька.
— Дык вось, — працягваў Друцкі, — і фермер у гэта не паверыў. Тады пайшлі ў вялікі заклад. Фермер сцвярджаў, што выбера такога барана, якога ніводзін шкіпер не ўнясе ды ніякі абжора не зможа з’есці. Шкіпер настойваў на сваім, у выніку вырашана было адразу, як толькі «Альбатрос» загрузіць сваю воўну, плыць у Заліў Акул. Акрамя фермера, на борт падняліся яшчэ паўтара дзясятка разявак і валацугаў, якіх у Адэлаідзе, як, зрэшты, у любым порце, нямала. Яны паміж сабой таксама пайшлі ў заклад. Тыя, хто бачыў бараноў з вострава Хартог, ставілі на фермера, а тыя, хто ведаў апетыт боцмана з «Альбатроса», касавокага Білі, на шкіпера.
— Ну, і хто выйграў?
— Ні адны, ні другія. Пасля прыбыцця на месца фермер сапраўды выбраў велізарнага барана. Яго звязалі і паклалі на зямлю. Шкіпер, мажны мужык, гадзіну марна пацеў, намагаючыся яго падняць, і ўрэшце адступіўся.
— А гэты касавокі?
— Білі. Касавокі Білі якраз не.
— А бачыў ён барана?
— Не бачыў. Ён увогуле не пакідаў палубу. Настойваў толькі, што з’есць. Урэшце пад наглядам абодвух бакоў барана зарэзалі, растрыбушылі і абадралі шкуру, пасля з галавы, ног і вантробаў зрабілі рагу, а ўсё мяса запяклі. Толькі тады прывялі боцмана. На стол паставілі два велізарныя блюды з рагу і бутэльку віскі, а фермер, упэўнены ў сабе, пажартаваў: «Ну, Білі, спачатку невялікая закуска!» Боцман узяўся есці, але, праглынуўшы паўтара блюда, адклаў лыжку і заявіў: «Ну, хопіць гэтых закусак. Загадайце зараз падаць барана, бо потым у мяне можа знікнуць апетыт».
— Як гэта? — не зразумела Юлька. — Значыць, ён думаў, што гэта была толькі закуска?
— Канечне.
— Ну, і што сталася з рэштай?
— Ён з’еў усё. Так, па меншай меры, у анекдоце, які ўсхваляе бараноў з вострава Хартог і абжор з Белфаста. Касавокі Білі ж быў ірландцам.
Юлька смяялася і засыпала пана Янка незлічонымі пытаннямі, на якія ён весела адказваў.
— Дзіўна, — прамовіла Юлька, — нас жа ў школе вучаць і геаграфіі, і батаніцы, і заалогіі, і эканоміцы, але ніхто з нас пасля ўсяго гэтага не мае ніякага паняцця пра свет. Калі б я валодала гімназіяй, не, універсітэтам, то заснавала б там кафедру… светалогіі, а вас бы прызначыла прафесарам.
— Я б лепей працаваў на кафедры жыццялогіі… прыкладной, — пажартаваў Друцкі.
— Значыць, вы вучылі б людзей жыць? О, я была б вашай самай стараннай слухачкай…
Зазваніў тэлефон. Аліцыя паведаміла, што пасяджэнне скончыцца вельмі позна вечарам, таму яна параіла ім схадзіць у кіно, калі ў пана Вінклера ёсць час.
У пана Вінклера быў не толькі час, але і ахвота, таму яны паехалі ў кіно, дзе паказвалі фільм Клера «Наша свабода». Друцкі ўжо глядзеў яго з Аліцыяй, а цяпер хацеў паказаць Юльцы.
— Ведаеце, — казаў ён, — калі б я стаў прафесарам жыццялогіі, то рэкамендаваў бы гэты фільм усім слухачам і бязлітасна зразаў бы тых, хто б ім не захапляўся.
— О, значыць, і я вымушана ім захапляцца?
— Тут гаворка не аб прымусе, — сур’ёзна адказаў Друцкі, — а аб вывучэнні жыццёвага вопыту, так сказаць, псіхатэхнічны экзамен. Каму не падабаецца «Наша свабода», павінен адразу ж пераходзіць на факультэт права.
— Чаму менавіта права?..
— Хм… Таму што права вучыць, як ашчаслівіць сябе і іншых насуперак прыродзе, а мая кафедра культывуе іншую філасофію. Гэта зусім не значыць, што я лічыў бы маё найлепшым! Проста адной катэгорыі людзей падыходзіць гэта, а другой тое.
— Значыць, гэты фільм?..
— Гэта, як мне здаецца, надзейны крытэрый пры вызначэнні катэгорыі, да якой належыць чалавек.
Друцкі задумаўся і сказаў:
— Найгорш знаходзіцца не ў сваёй катэгорыі.
— Чаму?
— Таму што чалавек змагаецца з самім сабой і ніколі не будзе жыць напоўніцу. Ён не зможа дасягнуць сапраўднага шчасця.
Сказаў гэта Друцкі, думаючы пра Аліцыю. Калі ён быў з ёю ў кіно, яна так яго апісала: «Гэта найпрыгажэйшы і найразумнейшы фільм, які я калі-небудзь бачыла. Я не кажу пра тэхнічны бок, а пра яго філасофію. За гэтую філасофію я як пракурор павінна паклапаціцца, каб гэты фільм забаранілі для паказу».
Тады Друцкі ёй на гэта нічога не адказаў, таму што дыскусіі з Аліцыяй аддалялі яго ад яе, а ён гэтага не хацеў. У поглядах Аліцыі было штосьці садысцкае і мазахісцкае, яны абуралі бязлітаснасцю, выклікалі непрыязнасць злым шаленствам.
Неяк ён звярнуў на гэта яе ўвагу, дадаючы, што гэта не адпавядае яе грамадскай пазіцыі абаронцы маралі.
На што яна яму адказала: «Усе абаронцы маралі набіраюцца з людзей у аснове сваёй найбольш амаральных. Гэта індывідуумы, так перапужаныя лішкам бруду, які пакрывае дно іх свядомасці, што ўсюды бачаць бруд і аж выюць пра забароны і анафемы. У глеі, што запаўняе дно іх падсвядомасці, знаходзіцца рассаднік пратэсту супраць уласнай натуры гэтых ідэйных маралістаў. Таму яны не ведаюць, хто яны, і гэтыя погляды яны лічаць сваёй натурай. Найбольш заўзята выкараняе зладзейства той, каму якраз наканавана быць злодзеем. Парнаграфію ўсюды бачыць той, хто па сваёй натуры самы бессаромны эратаман. Уся яго ўвага канцэнтруецца на плоцкіх пытаннях, і ў гэтым ён бачыць найвялікшае злачынства. Ён пераважна звычайны мурза і пошлы крывадушнік, які, аднак, часам свята верыць у сваю агіду да сексуальных спраў. Тады гэта эратаман з псіхічнай траўмай, якая з’явілася на фоне рэзкага зніжэння эратычнай цягі і ўбівання яе ў падсвядомасць, адкуль яна падсілкоўвае дыяметральна супрацьлеглыя погляды. Вось якія абаронцы маралі. Я ад іх адрозніваюся толькі тым, што ведаю сябе і не цешуся марамі, ну і тым, што я магу дазволіць сабе адэкватную ацэнку маралі наогул».
Друцкі не згаджаўся з Аліцыяй, не разумеў яе і не хацеў разумець.
Зараз ён паглядзеў на Юльку і паўтарыў:
— Найгорш знаходзіцца не ў сваёй катэгорыі.
— Цікава, да якой катэгорыі я сябе аднясу пасля гэтага фільма, — прамовіла Юлька. — Аля гаварыла мне, што фільм амаральны і шкодны для грамадства.
Папярэдні сеанс якраз скончыўся, і яны ўвайшлі ў глядзельную залу.
Фільм Юльку вельмі ўразіў. Яна была дастаткова разумнай, каб хутка разабрацца ў яго ідэі. Стваральнік далікатна высмейваў усё, што абмяжоўвае свабоду чалавека, што стварае забароны, што ўзвышаецца турэмнымі сценамі: дзяржаву, грамадства, сям’ю, працу, валоданне… Высмейваў, выкрываў, з усмешкай пабразгваў усім тым, што лічыў бескарыснымі манетамі і жэтонамі, за якія нельга купіць сабе сапраўднае шчасце. Бо шчасце — гэта толькі свабода. Бесклапотная свабода валацугі, які ідзе ў свет з вясёлай песенькай на вуснах, з песенькай «наша свабода», свабода і нічога больш, і нічога нам больш не трэба.
Калі яны выйшлі з кінатэатра, Юлька сказала:
— Гэта цудоўна, але…
— Што але?
— Я не магу сказаць, да якой катэгорыі я павінна сябе аднесці. Наша настаўніца нямецкай мовы паўтарыла б пасля гэтага фільма сваё любімае «die Gedanken sind zollfrei»[37].
— Канечне, і была б яе праўда, — сказаў Друцкі.
— Гэты вясёлы анархізм захапляе. Аднак мне здаецца, што я здолела б прымірыць асабістую свабоду з тым, што прапануе нам жыццё.
Друцкі нічога не адказаў. Ён зноў пасля сеанса гэтага фільма адчуў незразумелы неспакой, нейкую раптоўную тугу, прагу прасторы. Яму здавалася, што ён марнуе, праседжвае жыццё…
— Пра што вы задумаліся? — спыталася Юлька.
— Я старэю, панна Юлька, старэю.
— О! — усклікнула дзяўчына з сумненнем.
— Так, думкі аб сабе — першая прыкмета гэтага.
— Значыць, лепей не думаць.
— Натуральна, лепей не думаць.
Калі Друцкі адвёз Юльку дадому, Аліцыі яшчэ не было. Юлька пачала завіхацца, рыхтуючы стол да вячэры.
Паколькі ён сядзеў моўчкі і быў нібыта сумны, Юлька падышла да яго і лёгенька пагладзіла па руках:
— Не хвалюйцеся, калі ласка, вельмі вас прашу. Я не хачу, каб вы былі сумным.
Друцкі рассмяяўся:
— Дык буду вясёлы! Запусцім факстрот і патанцуем!
— Я хачу вальс.
— Добра, танцуйма вальс!
Яны якраз танцавалі, калі вярнулася Аліцыя.
— Што я бачу, — усклікнула яна, — тут сапраўдны баль!
— Так, зладжаны ў гонар панны Юліі Горн з выпадку атрымання атэстата, — адказаў Друцкі.
— Аля! Глядзі, што я атрымала ад пана Янка! — радавалася Юлька, цягнучы гумовую чарапаху і шыну — усю марскую экіпіроўку!
— Цудоўна, — пагадзілася Аліцыя. — Такім чынам, паслязаўтра едзем на Хель.
— Віват! Віват! — пачала падскокваць Юлька.
— Дарослы чалавек! — нібыта абурыўся Друцкі.
Рэшту вечара яны правялі ўтраіх за абмеркаваннем дэталей ад’езду. Жанчыны збіраліся ехаць на цягніку, а Друцкі назаўтра на машыне. Ён таксама ўзяў на сябе замову па тэлефоне трох пакояў у пансіянаце «Гадзіва», з якім яны ўжо загадзя перапісваліся.
— Навошта нам тры пакоі, — заўважыла Юлька, — пану хопіць аднаго, а нам з Аляй другога.
— Лепей узяць для кожнай з нас асобны, — патлумачыла Аліцыя. — На мора мы едзем адпачываць, а калі разам жывуць два чалавекі, нават самы блізкія, — гэта заўсёды абмежаванні для абодвух. Ага, калі ласка, зрабі раніцай спіс рэчаў, якія ты хацела б купіць. Заўтрашні дзень мы прысвецім пакупкам.
Калі Юлька пайшла ў свой пакой, Аліцыя напаўголасу сказала:
— Ведаеш, Бох, яна пераканана, што мы не цалуемся!?
— Тым лепей.
— Для яе, зразумела. Мы павінны клапаціцца, каб не парушыць яе перакананняў.
— Гэта залатая дзяўчына з крыштальным характарам, — адказаў Друцкі, — шмат бы я аддаў за тое, каб мог бачыць яе заўсёды шчаслівай.
— Будзе. Гэта ж мэта майго жыцця.
Да поўначы Друцкі развітаўся і паехаў у «Аргенціну», а да трэцяй гадзіны быў ужо дома. Як звычайна, усё было ў ідэальным парадку, усё падрыхтавана не толькі добрасумленна, а нават з любоўю.
«Як гэта малышка клапоціцца пра мяне», — падумаў ён.
Добра выспаўшыся, Друцкі прачнуўся ад гучнага голасу Зоські.
Яна паступова пазнаёмілася з яго перавагамі і густамі і ўжо не засыпала яго пастаяннымі пытаннямі. Наадварот, яна, відаць, стала лічыць сваім абавязкам забаўляць Друцкага аповедамі пра дом і яго насельнікаў. А паколькі ў яе быў прыемны голас ды забаўны і адметны спосаб выказвання, ён з радасцю з ёй балбатаў. Друцкі заўважыў у ёй яшчэ адну арыгінальную рысу: яна не мела фальшывага сораму. Пра справы, якія звычайна выклікаюць у жанчын неадназначную ўсмешку і збянтэжанасць, гаварыла абсалютна проста і свабодна. Тое самае з вуснаў іншых гучала б непрыстойна, а гэта маладзенькая дзяўчына магла, напрыклад, сказаць: «Канечне, я б хацела хлопца, але ў мяне ёсць час. Хто даўжэй чакае, той болей мае».
І ў гэтым не было нічога не толькі брыдкага або пошлага, а наадварот — шмат прывабнай абаяльнасці.
Яе погляд на спецыфічнае аздабленне ваннай таксама быў дыяметральна супрацьлеглы погляду яе старэйшай сястры.
— Франя кажа, што гэта непрыстойна і што на гэта сорамна глядзець, а я ёй кажу, што ў гэтым такога? Вядома, кожны мужчына такі, як яго стварыў Бог. А яна кажа, чаму людзі не ходзяць голыя, я ж кажу, не ходзяць, бо холадна, а яна кажа, што летам горача, а людзі ўсё роўна не ходзяць голыя, бо гэта грэх, а я ёй гавару, што людзі і крадуць, і забіваюць, і абгаворваюць, а гэта грэх, але яны ўсё роўна гэта робяць, а баранэса з другога паверха выгнала гувернантку, бо тая рыбу нажом ела, і гаварыла, што гэта сорам, а самой не сорам такога шчанюка, як наш Валек, да сябе заманьваць. Карацей, адным штосьці сорам, а другім не сорам.
Зоська круцілася па кватэры, напаўняючы яе сваім маладым голасам і пахам свежавымытага паркалю. Здавалася, яна напаўняла сабой паветра, з’яўлялася сэнсам і зместам таго, што Друцкі называў сваім домам. Ён сачыў за ёй вачыма, а калі іх позіркі сустракаліся, яны ўсміхаліся адно аднаму.
Калі Зоська ставіла перад ім кубак, падавала піжаму ці які-небудзь іншы прадмет, яна не пазбягала міжвольнага дакранання яго рукі, чапляння за яго плячом ці бядром.
Тады Друцкі сціскаў зубы, але не рабіў нічога, што магло б выпадковасць і ненаўмыснасць гэтых дакрананняў так ці інакш змяніць. Ён ведаў, што гэта малая яго вельмі любіць, але таксама быў упэўнены, што яна не ўсведамляе сваёй гуллівасці, якая была хутчэй натуральнай рысай яе сталення, чым прагай звярнуць на сябе ўвагу.
— У вас зусім не бывае гасцей, — некалі сказала яна, — толькі гэта прыгожая дама.
— Ты яе бачыла?
— Ды ці раз? Прыгожая, бо прыгожая, але…
— Яна табе не спадабалася?
— Ці мала што мне падабаецца? Так…
Друцкі падумаў, што яна раўнуе, і спытаўся:
— Ну, скажы, малышка, што ты там у ёй убачыла?
Зоська моўчкі сцерла са стала, занесла паднос на кухню і, вярнуўшыся, прамармытала:
— Яна, відаць, вельмі злая.
— Чаму ты думаеш, што злая?
— Не ведаю. У яе вочы такія. Калі я на днях адчыняла вам вароты, то яна на мяне так паглядзела, быццам я ў яе штосьці ўкрала.
— Табе здалося.
— Можа… Добры чалавек на кожнага пазірае добра. А яна і на вас добра не глядзіць.
Друцкі рассмяяўся.
— Вы не смейцеся. Упервае ў вас зенкі, бо кахае вас, а гэта ж нешта іншае.
— Чаму табе, мая малышка, прыйшло ў галаву, што гэта жанчына мяне кахае?
— А што я, дурніца? Я ж бачу. Яшчэ б яна вас не кахала!
Зоська наліла свежай вады ў вазу і сказала:
— Вы ўсіх прыцягваеце. З усяго дома. Кожны выпытвае і гэта, і тое. А я кажу: спытайцеся ў яго самога. І ўсё.
Друцкі вырашыў перад ад’ездам зрабіць Зосьцы які-небудзь падарунак. Паколькі яна ўпіралася, не брала ў яго на чай, а ён хацеў ёй аддзячыць, то, дыктуючы панне Тэці тэлеграму ў пансіянат «Гадзіва», ён спытаўся:
— Што б гэта ўручыць падлетку, дачцэ вартаўніка, якая ў мяне на гаспадарцы?
Друцкі ў некалькіх фразах апісаў, што яна з сябе ўяўляе, і Тэця параіла, каб у адной з ашчадных кас ён палажыў грошы, а малой даў ашчадную кніжачку.
Друцкі прыслухаўся да яе парады і ўжо назаўтра зранку прамовіў:
— Слухай, Зоська, ты збіраешся замуж?
— А чаму вы пытаецеся?
— Ну, бо хацеў бы даведацца, ці маеш пасаг.
— Маю, — засмяялася дзяўчына, выцягваючы перад сабой рукі, — вось мой пасаг!
— Ну, дык я табе да яго яшчэ нешта дадам. Вазьмі гэтую кніжачку, а калі ў цябе будуць зберажэнні, занясі туды і пакладзі.
Зоська недаверліва ўзяла кніжачку, агледзела яе і, не ведаючы, што гэта, сказала:
— Дзякуй!
У той дзень у Друцкага было шмат работы. Найперш ён купіў чыгуначныя білеты для Аліцыі і Юлькі, потым ён павінен быў заехаць па пані Лэнску і забраць яе на абяцаную прагулку.
Да бедалажкі ўсё не вяртаўся голас, але настрой яе значна палепшыўся. З вясёлым тварам яна слухала пацешныя жарты Друцкага. Ён якраз быў вымушаны прыпыніць аўто на скрыжаванні Брацкай з Алеямі Іерусалімскімі. Друцкі расказваў пра новыя пасяленні ў Бразіліі, дзе, нягледзячы на неразвіты рух транспарту, паставілі паліцэйскіх, каб яго кантраляваць, як на тратуары ўбачыў Аліцыю, якая праходзіла міма.
Яна не магла іх не заўважыць, аднак зрабіла выгляд, што не бачыць яго. Так яму, па меншай меры, падалося.
І ён не памыліўся. Калі гадзінай пазней ён прыехаў на Тапалёвую, то заспеў Аліцыю за пакаваннем чамаданаў. Юлькі не было, яна пайшла развітвацца з сяброўкамі. Друцкі павітаўся і прапанаваў сваю дапамогу. Аліцыя ветліва падзякавала яму, але з непрыхаваным холадам. Праз момант, калі ён у маўчанні курыў, яна загаварыла:
— Што ты сёння рабіў?
— Я? Ну, купіў для вас білеты, уладзіў некалькі спраў, крыху праехаўся на аўто — і вось я тут.
Ён наўмысна не ўспамінаў пра іх сустрэчу. Хацеў ведаць, ці спытаецца яна ў яго пра гэта і як.
— Цалкам прыстойная жанчына, — пачала Аліцыя праз хвіліну.
— Што за жанчына?
— Ну, ты ж, мабыць, лепей за мяне ведаеш, што за яна.
— Магчыма, Аль, не ведаю толькі, пра каго ты гаворыш.
— Пра жанчыну, якая… дапамагала табе ўладзіць некалькі спраў і разнастаіць паездку.
— А, сапраўды, нябрыдкая, — спакойна расказваў ён. — Гэта пацыентка Бруніцкага, панна Лэнска.
Аліцыя ўперылася ў яго праніклівым позіркам і адазвалася прыцішаным голасам:
— Слухай, Бох. Я магу табе верыць?
Друцкі ўстаў, абняў яе і пацалаваў у вусны:
— А ты мне верыш? — спытаўся ён сур’ёзна.
— Веру, Бох, — кіўнула яна галавой, — але ты мяне не шкадуй. Я кахаю цябе больш за ўсё. Я бачыла вас разам. Бачыла, што яна табе ўсміхалася…
— Не трымай на яе зла за гэта, Аль, гэта вельмі няшчасная істота, а ўсмешка для яе адзіны спосаб, якім яна можа кантактаваць з людзьмі.
— Чаму адзіны споса?
— Яна нямая. Перажыла нейкі нервовы шок і анямела.
— А Бруніцкі яе лечыць?
— М гчыма, нават больш… магчыма, адчувае да яе асаблівую сімпатыю…
Больш яны пра гэта не гаварылі, але Друцкі ведаў, наколькі моцным і бурным перажываннем былі напоўнены ў Аліцыі гэтыя гадзіны падазрэнняў. Ён не задумваўся пра гэта, але быў крыху раздражнёны. Паняцце вернасці заўсёды было для яго нечым смешным і прыніжальным. У гэтым слове ўтрымлівалася недарэчная для яго забарона. Ён не здраджваў, але і не быў верны.
Жанчыны ад’язджалі ў сем. Друцкі праводзіў іх на вакзал і пасадзіў у купэ. Пасля кароткіх развітанняў і запэўніванняў, што выедзе заўтра зранку, ён стаяў на пероне і махаў капелюшом. Пакуль здаля яму адказвала хустачка Юлькі, ён думаў пра яе і Аліцыю. Калі, аднак, на прасторы, парэзанай незлічонымі разгалінаваннямі рэек, засталася толькі кропка поезда, якая ўсё змяншалася і аддалялася, з воблачкам рванага дыму, ён забыўся пра ўсё. Ён чуў толькі гук рэек, бачыў толькі іх бясконцасць.
Яго агарнуў дзіўны неспакой, незразумелае адчуванне, што ён нешта ўпусціў, пра нешта забыўся, што спазніўся і трэба спяшацца…
Ён пацёр лоб і павольна павярнуўся.
Перад ім ляжаў нерухомы горад, які пульсаваў сваім штодзённым рытмам.
Друцкі ледзь не спатыкнуўся на худога падлетка, які тырчаў на краі платформы. Ён стаяў, засунуўшы рукі ў кішэні зацыраваных штаноў, з-пад насунутай на лоб кепкі чорныя вочы пазіралі на пуці, што раставалі ў тумане.
— Настальгія, — сумна ўсміхнуўся Друцкі. — Што, прыяцель, — спытаўся ён, — хацелася б у свет?
Хлопец акінуў яго рассеяным поглядам, падцягнуў порткі і далёка цыркнуў тонкім струменем сліны…
Друцкі засмяяўся. Ён адчуў неадольнае жаданне дапамагчы гэтаму падлетку з худымі загарэлымі шчокамі ў спраўджванні яго мар.
— Слухай, прыяцель, а калі б табе падфарціла з грашыма, куды б ты паехаў?
— Адчапіся, пан, што табе да гэтага?
— Дурань, братка, бяры!
Хлопец не адразу працягнуў руку па скрутак дробных банкнотаў, неахвотна прыгледзеўся да іх і абыякава сунуў у кішэнь.
Друцкі кіўнуў яму галавой і пачаў праціскацца скрозь натоўп, што запаўняў памяшканне вакзала.
Ён ужо садзіўся ў машыну, калі адчуў, што нехта яго лёгка пацягнуў за край пінжака. За ім стаяў той падлетак:
— Дзякуй вам! — ціха сказаў ён.
— Дурань, — кінуў яму Друцкі і са злосцю націснуў на стартар.
Ён паставіў машыну ў гараж, даручыў падрыхтаваць яе ў далёкую дарогу, потым патэлефанаваў Бруніцкаму.
— Я, Караль, еду на мора.
— Надоўга?
— Можа, на месяц, можа, на два. Але ў гэты перыяд я з’яўлюся ў Варшаве.
— А што будзе з паннай Лэнскай?
— Цяжка сказаць, мне трэба ехаць. Думаю, цяпер ты знойдзеш для яе больш часу.
— Ты, па меншай меры, пішы ёй, — прасіў прафесар.
— Добра. А як там… усе здаровыя?
— У поўным парадку. Значыць, да пабачэння.
— Да пабачэння, Караль.
Яшчэ да вечара ён быў у Залкінда. Паведаміў яму пра свой ад’езд і пра тое, што кіраўніцтва «Аргенцінай» ён даверыў на гэты час касіру Юстэку і бармену Грабоўскаму. Калі яны не справяцца, то напішуць на Хель. У надзвычайных выпадках ён даручыў Юстэку звяртацца да Залкінда.
Друцкі забег яшчэ на гадзінку ў «Аргенціну», каб даць апошнія распараджэнні і вярнуўся дадому. Вартавы, адчыняючы вароты, пачаў яму дзякаваць за ашчадную кніжачку для Зоські, але Друцкі перарваў яго:
— Гэта дробязь. Глядзіце, каб тут усё было ў парадку. Я на досвітку ад’язджаю.
Было яшчэ цемнавата, калі Друцкага абудзіў гук клаксона пад вокнамі. Прыкладна ў той жа час прыйшла Зоська і жвава прынялася гатаваць сняданак.
Шафёр, які прыгнаў машыну з гаража, забраў чамаданы, каб пакласці іх у багажнік.
— Ну, Зоська, бывай здарова, — сказаў Друцкі, хаваючы ў кішэнь карту трасы.
— Вяртайцеся здаровым, — адказала яна сваім сакавітым голасам. Ён пагладзіў яе па шчочцы і паляпаў па плячы.
Праз пятнаццаць хвілін ён быў ужо далёка за гарадской мяжой.
Віла «Гадзіва», трохпавярховы белы асабняк сярод маладых соснаў, выстрэльвала над іх цёмнай зелянінай сваёй светла-зялёнай вежачкай, як малады парастак.
Аліцыя і Юлька атрымалі два маленькія прыгожыя пакоі на трэцім паверсе. Адзіным іх недахопам было тое, што яны не былі звязаны паміж сабой.
Аднак несумненнай іх перавагай перад пакоямі другога паверха, куды засяліўся пан Янэк, трэба было прызнаць, як заўважыла Аліцыя, выдатны від на бязмежнае мора.
Першы паверх займалі: гасціная, сталовая і пакоі ўладальніцы вілы пані Чэрвеньскай, сімпатычнай пажылой дамы, удавы знакамітага піяніста.
Нягледзячы на тое, што быў канец чэрвеня, купальны сезон пачаўся, таму што лета было надзвычай спякотнае. Начамі, праўда, панаваў пранізлівы холад, а вечарамі вільготны туман праганяў людзей па дамах, але ўжо з паўдня пляжы стракацелі рознакаляровымі касцюмамі, піжамамі і парасонамі.
У «Гадзіве» толькі частка пакояў была да той пары занятая. На трэцім паверсе жыла жонка нейкага прамыслоўца з Катавіц і адвакат з Львова, пажылы ўжо джэнтльмен, на другім — балбатлівая землеўладальніца з-пад Каліша з дзвюма нябрыдкімі дочкамі, оперны спявак з Познані і два браты Тэрлінгі, маладыя яхтсмены, сыны амерыканскага консула ў Варшаве.
Гэтыя два лічылі сваім абавязкам прадставіцца ўсім, астатнія ж абмяжоўваліся абменам нейтральнымі паклонамі пры сустрэчы. А сустрэчы адбываліся даволі рэдка, таму што ў кожнай кампаніі быў свой распарадак дня.
Калі Аліцыя і Юлька ў восем раніцы спускаліся ў сталовую, яны заставалі там Друцкага, а бывала і Тэрлінгаў, якія хутка даядалі сняданак і спяшаліся на мора. Астатнія пансіянатаўцы часта спалі да адзінаццаці, значыць, да часу, калі Аліцыя, Юлька і Друцкі ўжо вярталіся з прагулкі і пераапраналіся на пляж. Абедалі ў чатыры. Пасля абеду Юлька павінна была, паводле прадпісання доктара, гадзінку паляжаць. Тады яна сумавала, ёй нават не хацелася чытаць.
Надвячоркам яны рабілі кароткія экскурсіі на лодцы, арандаванай маторцы або, калі былі надта высокія хвалі, на машыне. Аднак паколькі ў аўто было месца, акрамя Друцкага, толькі для аднаго чалавека, Аліцыя саступала яго Юльцы. Сама ж заглыблялася ў кнігі, якіх яна набрала з сабой шмат.
Юлька больш за ўсё любіла гэтыя хвіліны. Так, яна гадамі марыла пра марскія экскурсіі, і цяпер у яе іх было досыць. Сапраўды, яны атрымліваліся цудоўныя, але колькі ж хараства было ў гэтым фыркаючым руху машыны, гэтыя яго плаўныя, але рэзкія павароты пры нязначных рухах руля, на якім так свабодна, аднак упэўнена ляжала бронзавая, жылістая рука пана Янка.
Ён заўсёды так вёў машыну, адной рукой. Пры гэтым ён размаўляў, адварочваў галаву, смяяўся. Здавалася, што ён кіруе жывой істотай, якой цалкам давярае і ў майстэрства якой верыць. Спачатку Юльку часам агортваў страх, калі пан Янэк, апярэджваючы які-небудзь аўтамабіль, што валокся з рэкамендаванай хуткасцю, цудам праскокваў паміж ім і машынай, якая ехала па сустрэчнай паласе, калі, не тармозячы, нейкім незразумелым чынам ён вёў аўто цераз статак кароў, якіх гналі па цэнтры шашы.
Аднак пасля некалькіх такіх прагулак Юлька настолькі стала давяраць майстэрству пана Янка, што ні здрыганулася нават у самай крытычнай сітуацыі.
А здарылася яна наступным чынам.
На паўвостраве Хель чыгуначныя пераезды не забяспечаны шлагбаўмамі. Вадзіцеляў аўтамабіляў пра небяспеку засцерагаюць толькі дарожнымі знакамі і звонам лакаматыва.
Аднойчы на вялікай хуткасці яны з Друцкім убачылі, што справа набліжаецца поезд. Да пераезда было больш як дзвесце метраў, і лёгка можна было затармазіць, але пан Янэк зрабіў цалкам наадварот: ён дадаў газу і крыкнуў:
— Трымайся, малая!
Машыніст свісцеў і рэзка званіў, з адчыненых вокнаў поезда пачуўся гучны віск спалоханых падарожнікаў.
Аўто мчала на шалёнай хуткасці ў пункт, дзе павінна было сустрэцца з паравозам.
Юлька ні на момант не адчула страху: яна бачыла, што нічога дрэннага з ёй не будзе. Праўда, яна заўважыла, што твар яе таварыша засяродзіўся, што з яго вуснаў знікла ўсмешка, але які ж ён зараз быў прыгожы!
Жвір насыпу рэзкім парывам зазвінеў па крылах машыны, у спіну ўдарыла гарачае дыханне паравоза, і вось аўто пачало запавольвацца.
Юлька агледзелася: пасажыры поезда нешта крычалі, гнеўна размахваючы кулакамі.
— Пан Янэк! Яны нам пагражаюць! — з абурэннем усклікнула дзяўчына.
Друцкі спыніў машыну і таксама агледзеўся, што выклікала яшчэ больш актыўную жэстыкуляцыю ў вокнах. Поезд цяпер ішоў павольна, таму што відавочна машыніст у апошні момант затармазіў з намерам забраць ахвяр катастрофы.
— Яны нам пагражаюць і шалеюць, — засмяяўся Друцкі. — А калі б яны нас пераехалі, то ў роспачы не адзін бы над намі праслязіўся, але паколькі мы цэлыя, яны на нас злуюцца. Так, панна Юлька, людзі такія. У іх хапае спачування, але толькі для нябожчыкаў.
Смяяліся абое.
— Яны, між іншым, павінны мне падзякаваць за моцныя ўражанні, — сказаў Друцкі. — Ходзяць у кіно, каб іх перажыць у бяспечным крэсле і плацяць за гэта грошы. Яны, канечне, думаюць, што гэта звычайны фотамантаж і таму не перажываюць мацнейшых эмоцый. Дык я ім паказаў, як гэта выглядае на самай справе.
— Няўжо, пан Янэк, у фільмах гэта робяць таксама ўжывую?
— Не заўсёды, але часта. Справа ў тым, мая малышка, што ў мяне тут ёсць нейкі вопыт. Я набраўся яго ў Галівудзе.
— Вы былі кінаакцёрам?! — усклікнула Юлька з энтузіязмам.
— О, не, у мяне да гэтага няма ніякіх здольнасцей. Я проста замяшчаў знакамітых акцёраў тады, калі здымкі патрабавалі пэўнай рызыкі, а тыя баяліся за сваю шкуру. У Галівудзе больш за тысячу чалавек, якія зарабляюць на такіх замяшчэннях.
— І вы дзеля заробку?
— Часткова дзеля заробку, часткова дзеля спорту. Такіх трукаў, як гэты, я рабіў разоў з дваццаць, не лічачы проб. Але я, стары асёл, відаць, нагнаў на вас вялікага страху, мая малышка?..
— Вы?.. О! Пан Янэк! — яе голас задрыжаў.
— Малышка не баялася?
— З вамі… — прашаптала яна, — з вамі я нічога не баюся…
Друцкі нічога не адказаў, і толькі яго ўсмешлівыя залатыя вочы мігцелі светлымі водбліскамі.
Юлька пабляднела.
— Паехалі, — вымавіла яна, не варушачы вуснамі.
— Добра, паехалі.
Вада ў моры была яшчэ халодная, і нямногія рашаліся купацца доўга. Юлька, седзячы ў аўтамабільнай камеры, плавала ля берага. Аліцыя адплывала на добры кіламетр, а пан Янэк нават пры высокай хвалі штодзень аддаляўся ад берага на гадзіну.
Спачатку, седзячы на пяску, яны бачылі, як роўна працавалі яго моцныя бронзавыя плечы, мільгаючы над грэбнямі хваль, потым ён знікаў з поля зроку, і трэба было паглядзець у бінокль, каб адрозніць яго светлую галаву ад бледна-зялёнага мора.
Праз некаторы час Аліцыя нязменна пачынала непакоіцца, уставала з біноклем, каб лепей бачыць, паглядала час ад часу на гадзіннік і нервова ўсміхалася. Затое Юлька зусім не хвалявалася. Яна была ўпэўнена, што пан Янэк не можа патануць, што гэта быў бы проста нонсенс, калі б ён знік! Яна ведала, што ён вернецца, што яшчэ дзесяць ці дваццаць хвілін — і яны зноў убачаць дужыя бронзавыя плечы, якія пераразаюць пену хваль, што потым высунуцца з вады яго шырокія грудзі, чорныя плаўкі і што ён будзе ісці да іх сваім плаўным крокам, з усмешкай, глыбока дыхаючы, а струмені кропель будуць сцякаць па яго дзіўна гладкай і тонкай скуры, пад якой так прыгожа гуляюць мышцы.
Пасля плавання ён яшчэ некалькі хвілін бегаў, а яны сачылі за ім вачыма.
Яны ведалі, што таксама і іншыя жанчыны, якія ляжалі на пяску, не адрываюць ад яго вачэй. Юлька звярнула на гэта ўвагу, Аліцыя ж абыякава паціснула плячыма. А Юльку гэта забаўляла: няхай захапляюцца, які непараўнальны наш пан Янэк, няхай нам зайздросцяць.
І раптам спахапілася: «Чаму нам?»
Яна адчула востры ўкол у сэрца… Не нам, не мне, а Аліцыі…
І адразу ж папракнула сябе за эгаізм, няўдзячнасць і прыземленасць.
Так міналі дні.
Два маладзёны Тэрлінгі спачатку актыўна заляцаліся да панны Юлькі, некалькі разоў прапаноўвалі ёй экскурсію на яхце, але яна, нягледзячы на ўгаворы Аліцыі, катэгарычна адмаўляла:
— Смаркачы! — пагардліва крывіла яна вусны.
Калі ж аднойчы пасля паўдня і пан Янэк (пэўна ж падгавораны Аляй!) пачаў нахвальваць старэйшага Тэрлінга і раіў, каб яна пераканалася, як ён спраўна кіруе яхтай, Юлька расплакалася і пабегла ў свой пакой.
Цяпер ужо яна не магла схаваць ад сябе, што кахае пана Янка, што кахае яго больш за жыццё.
Канечне, яна рабіла ўсё, што ўмела, каб ні яму, ні тым больш Аліцыі не выдаць старанна схаваную таямніцу нешчаслівага сэрца. Знешне яна была спакойная і вясёлая, аднак ночы праводзіла ў слязах і хвалюючых марах.
Яна ніколі нікога не кахала. Канечне, яна была закаханая ў пана Рэльмана, настаўніка фізікі, у брунета з вялікім партфелем, які жыў у кватэры насупраць вокнаў сёмага класа, у пані Летыцыю, маладзенькую настаўніцу гісторыі, у кузіну, рыжую Валішэўску — у многіх. Але цяпер было сапраўднае каханне, вялікае, такое каханне, ад якога яна памірае.
Уставала яна няшчасная, з сінякамі пад вачыма, са слядамі слёз на шчочках.
— Здаецца, Юльцы не на карысць марскі клімат, — гаварыла Аліцыя.
Сапраўды, не на карысць. На працягу дня яна выпівала вачыма кожны яго рух, паглынала непараўнальны тэмбр яго голасу, поглядамі, як вуснамі, прыпадала да яго рук.
А ночы былі доўгія, балючыя, безнадзейна самотныя.
Так міналі дні, так міналі тыдні.
Ніякага бунту не нараджалася ў яе сэрцы, ніякія надзеі не апаноўвалі яе думкі. Яна бачыла, што пацярпела паражэнне і адказвала адмовай. Што значыла яе малое, недалёкае каханне ў параўнанні з узнёслым, багатым, цудоўным каханнем, якое ахвяравала яму Аліцыя?.. Нічога… І Аліцыю яна не шкадавала. Наадварот, яна яшчэ больш яе абажала, яшчэ больш шанавала яе каханне…
Яна ведала, што гэта было святое каханне, о, як жа яно адрозніваецца ад тых раманаў, пра якія яна чытае ў кнігах, ад тых, хаця б, якія яна магла лёгка назіраць у самім пансіянаце. Мярзота! Малодшы Тэрлінг абцалоўваў пакаёўку, а оперны тэнар — пра што гаварылі амаль уголас — праводзіў ночы ў пакоі пані Чэрвеньскай… Бр-р-р… Гэтая панна з-пад Каліша, канечне, прыкідвалася на пляжы, што ў яе сонечны ўдар, толькі для таго, каб пан Янэк мусіў аднесці яе дадому. Нахабніца! Юлька ж добра бачыла, як бессаромная какетка тулілася да яго голых грудзей… А між тым, аднойчы здарыўся і значна больш сур’ёзны выпадак, якому было наканавана адыграць вельмі вялікую ролю ў жыцці іх траіх.
А менавіта даволі моцны прыбярэжны вецер знёс гумовую чарапаху. Калі Юлька гэта заўважыла, было ўжо надта позна, і на сваёй камеры яна не магла яе дагнаць, а Янэк якраз перад гэтым вярнуўся са свайго штодзённага «трансбалтыйскага» падарожжа, як яны называлі яго плавальныя рэйды, таму Аліцыя скокнула ў ваду, каб дастаць чарапаху.
За ёй назіралі з берага. Бачылі, як яна даплыла і моцным штуршком рукі павярнула чарапаху назад.
Раптам да іх данёсся яе крык, і яна знікла пад вадой.
Юлька пачула побач з сабой гучны пляскат вады і, перш чым зразумела, што адбылося, убачыла пана Янэка, які плыў з шалёнай, проста неверагоднай хуткасцю.
Толькі цяпер яна зразумела, што Аліцыя тоне.
Сапраўды, яна яшчэ раз высунулася з вады і зноў знікла.
— Божа мой! Божа мой! — паўтарала Юлька.
Ля яе сабраўся натоўп разявак. Яшчэ тры ці чатыры мужчыны кінуліся ў ваду. Маторная лодка, якая праплывала за добрых дзесяць хвілін дарогі да месца выпадку, змяніла накірунак і мчала на поўным хаду да чырвонай плямы чарапахі, што калыхалася на хвалі.
Але вось пан Янэк даплыў. Яго ногі апісалі дугу ў паветры, і ён знік.
Доўгія секунды чакання… Пакутліва доўгія… І вось на паверхні паказваецца ён, а побач сіняя шапачка Аліцыі.
Юлька чуе за сабой адрывістыя, усхваляваныя галасы:
— Уратаваная!
— Гэта яшчэ невядома.
— Ён не можа хутка плыць.
— Нічога з яе не будзе…
— Жадаю, каб вы без грузу маглі плыць з такой хуткасцю!
— Калі б я ратаваў сваю палюбоўніцу, можа, у мяне б і атрымалася.
— Доктара!
— Дзе доктар Лазіньскі? Быў тут!
— Вы што, не бачылі? Ён паплыў ратаваць!
— Так, так! О! Глядзіце, ён падхоплівае яе з другога боку.
— Удвух ім лягчэй.
І сапраўды, вось ужо яны даплываюць, пан Янэк з доктарам Лазіньскім выносяць Аліцыю на пясок. Натоўп расступаецца, каб акружыць іх шчыльным колам. Юлька застаецца за імі. Яна бачыла рукі Аліцыі, якія звісалі, і твар, страшна бледная… Божа!
Гоман змяшаных галасоў. Усе нешта раяць, кожны ведае надзейны спосаб. Юлька становіцца на дыбачкі. У сярэдзіне круга доктар і пан Янэк, нахіленыя… Штучнае дыханне… Масаж… так… так… гоман узмацняецца. Раптам раздражнёны доктар выпростваецца і, задыханы, загадвае:
— Ды ціха вы, халера!
Яго твар спакойны, а голас упэўнены.
Усталёўваецца маўчанне. Чуваць толькі паскоранае дыханне двух мужчын, якія працуюць над прывядзеннем Аліцыі ў прытомнасць.
З кола высоўваецца нейкі мужчына ў пенснэ.
— Вы яе ўратуеце, пан доктар?
Доктар, не адварочваючы галавы, адказвае:
— Такую прыгожую жанчыну ды не ўратаваць?!
— Доктар, вы ёй косці паламаеце, — крычыць нейкі мужчына.
— Я вам паламаю, калі вы не перастанеце нудзець!
Праходзяць секунды… Юлька дрыжыць усім целам.
Раптам чыйсьці крык:
— Дыхае!
— Дыхае! Дыхае!
У Юлькі кроў прыліла да сэрца. Яна не бачыць Аліцыі, але вось заўважыла два бронзавыя твары: пана Янка і доктара. На абодвух адначасова — калі сустрэліся іх вочы — заззяла ўсмешка. Яны не прамовілі ні слова, але ў гэтай усмешцы было ўсё: уратавана.
Прынеслі нейкія лекі. Урач скончыў свае працэдуры. Аліцыя, ужо прытомная, сядзела на пяску, абапертая на плячо пана Янка.
— Сутарга, — ціха гаварыла яна, — сутарга ў абедзвюх нагах.
Доктар Лазіньскі, які якраз стаяў на каленях побач, мераў пульс, правёў рукой па нагах Аліцыі:
— Мышцы ўжо ў парадку. Вы не адчуваеце болю?
— Не.
— Хм… Нават сутаргі чапляюцца да такіх прыгожых ног, ці не так?
Аліцыя ўсміхнулася.
— Ну і што? Вы вельмі аслаблі?
— Не, крыху.
— Зараз у ложак? — спытаўся пан Янэк.
— Калі вы хочаце згубіць дзве гадзіны добрага сонца, то так — паціснуў плячыма доктар, — можна і ў ложак.
— Значыць, гэта неабавязкова?
— Пані не падобная да той, якая цацкаецца з сабой. Патрэбы няма. Дзякуй богу, арганізм пані без шкоды для сябе перанёс гэтую гісторыю.
— Застаёмся, — вырашыла Аліцыя. — Вялікі дзякуй вам, доктар!
— У любым выпадку, — пацалаваў ён яе руку, — некалькі дзён старайцеся не ператамляцца.
Юлька, калі яны засталіся адны — пан Янэк адышоў на хвіліну з доктарам — закінула рукі Аліцыі на шыю і прытуляла яе да сябе, а гарачыя Юльчыны слёзы падалі на сіні купальнік Аліцыі.
— Мая любімая, мая адзіная Аля!..
— Ужо ўсё добра, Юлечка, — цалавала яе Аліцыя.
Пасля вяртання з пляжа і абеду яны з панам Янкам угаварылі Аліцыю легчы адпачыць — гэта не пашкодзіць. Яны сядзелі ля яе аж да вечара, і, хоць яна пераконвала, што выдатна сябе адчувае, ёй не дазволілі ўстаць да вячэры.
Калі настала ноч, Юлька не магла заплюшчыць вачэй. Ёй пастаянна здавалася, што Аліцыі можа стаць горш. Яна прыслухоўвалася.
Там, ля ложка, няма званка. Трэба пільнаваць. Юлька села, абаперлася на падушкі і чакала.
Раптам у суседнім пакоі яна пачула нейкі шум, нібы крокі…
У яе зашчымела сэрца. Зразумела, Аліцыі дрэнна, пэўна, яна паднялася да званка.
Юлька ўскочыла, у спешцы накінула халат і начныя туфлі. Адчыніла дзверы.
На калідоры панавала поўная цішыня. Толькі знізу, з другога паверха да яе даляцеў шоргат замыканых дзвярэй. Калі што якое, трэба будзе разбудзіць пана Янка і патэлефанаваць доктару. Юлька стаяла ля дзвярэй Аліцыі. Унутры было цёмна. Яна ціхенька пастукала і праз момант націснула на ручку.
— Аля! — паклікала яна напаўголасу. — Аля!..
Можа, яна самлела, а можа, проста спіць? У любым выпадку трэба пераканацца. Юлька ціхенька замкнула за сабой дзверы і, ідучы на дыбачках, наблізілася да ложка. У пакоі было зусім цёмна. Рукі намацалі край падушкі… Далей… далей…
— Няма!
Пасцель была яшчэ цёплая. Божа! Аліцыя, відаць, ляжыць дзесьці тут, на падлозе!.. Юлька знайшла выключальнік начніка і… пакой быў пусты. Не было толькі халата, які Юлька ўчора паклала на крэсла каля ложка, і туфляў. Усё астатняе было ў поўным парадку.
— Ну я і дурніца! — усміхнулася сабе дзяўчына і села на ложак.
Яна хацела пачакаць Аліцыю і павесяліць яе сваім неспакоем. Але міналі хвіліны, мінула чвэрць гадзіны, а Аліцыя не вярталася! Што б гэта магло значыць?
Юлька на дыбачках пайшла аж у канец калідора: ванная і туалет таксама былі пустыя.
Павольна, вельмі павольна яна вярталася. Патушыла ў пакоі Аліцыі святло, увайшла да сябе і замкнулася, сама не ведала навошта, на ключ. У яе скронях моцна біўся пульс, калені дрыжалі.
— Дык вось яно што!..
Цяпер яна ўсё зразумела. Усё!!! Усе дробязі, недагаворкі, погляды, тэлефоны, манеўры з найманнем трох пакояў…
«Яны падманвалі мяне, — падумала яна з горыччу, — самым жахлівым чынам ашуквалі!»
Яны такія самыя, як усе іншыя… Не, гэта толькі Аліцыя падманвала! Ён, што ж ён мог зрабіць? Аліцыя… подлая! Так, подлая!
Юлька стаяла, абапершыся на дзверы, але ногі яе невыносна трэсліся, яна спаўзла на падлогу. Будзе так чакаць, пакуль не пачуе, як гэта падманшчыца вяртаецца, вяртаецца пасля бессаромнай ночы!.. Подлая! Захапіла яго сабе! О! Юлька была да гэтага вельмі наіўнай! Цяпер скончана, раз і назаўсёды!
— Святое каханне… ха… ха… ха… святое каханне, перад якім я схіляла галаву… дзеля якога я адракалася нават ад мар пра яго…
«О, навошта яе ўчора выратавалі! Няхай бы патанула!»
Раптам яна спужалася ўласнай думкі.
«Не, не, я нікчэмнасць!.. Як я магла, о, якая ж я злая, якая няўдзячная!»
Урэшце… Аліцыя ж мела поўнае права. Яна ж не была абавязаная адракацца ад пана Янка… Паколькі яны кахаюць адно аднаго…
— Прыгожае каханне! — яе вусны скрывіліся ў іранічнай усмешцы. — Такое, як гэтага тэнара да пані Чэрвеньскай.
Праходзілі гадзіны, а Юлька дрыжала, скурчаная, сядзела пад дзвярыма.
Яна знаходзіла тысячы апраўданняў і тысячы абвінавачванняў, узрывалася нянавісцю, разгаралася клятвамі помсты і зноў вінаваціла сябе ў мізэрнасці і злосці.
Яна малілася яму самымі пяшчотнымі словамі і да крыві закусвала вусны пры думцы, што ён там, паверхам ніжэй, ляжыць у абдымках гэтай вераломнай, ілжывай, фальшывай жанчыны, якой яна, Юлька, так шмат абавязана, якой яна без асцярог адкрывала сваё самотнае сэрца, з якой дзялілася кожнай думкай…
Шэрае світанне раставала ў ружовасці на аконных шторах, калі дзяўчына пачула яе крокі, асцярожныя, каціныя, каварныя, калі пачула шум замыканых дзвярэй…
Юлька ў гэтую ноч не заснула, але калі пачала апранацца, то ў яе саспела рашэнне: яна будзе змагацца за яго. Не адступіць ні перад чым, што магло б аддаліць яго ад Аліцыі, ні перад чым, што магло б прыцягнуць яго да яе, Юлькі. Яна мае на гэта права. На крывадушнасць Аліцыі яна адкажа таксама крывадушнасцю, на хітрыкі — хітрыкамі, на фальш — фальшам. Аліцыя не можа ні пра што здагадацца… Гэта самае важнае. А ён?..
— Пабачым!
Юлька апранула самую прыгожую сваю сукенку, даўжэй, чым звычайна, сядзела перад люстэркам, старанна ўкладваючы валасы. Яна з задавальненнем канстатавала, што бяссонная ноч пакінула ёй «інтрыгоўныя» цені пад вачыма, а самім вачам надала яркі бляск.
Не чакаючы Аліцыі, дзяўчына збегла ў сталовую.
Тэрлінгі, стоячы, скончылі снедаць і наперабой расказвалі нешта пану Янку, які сядзеў на стале з рукамі ў кішэнях.
— Вы на мора? — весела спыталася Юлька, моцна паціскаючы ім рукі.
— Так, — адказаў за маладзёнаў Друцкі, — хоць я ім і не раю, бо страшны вецер.
— Відаць, тым лепей? Для такіх марскіх ваўкоў, як паны, гэта дробязь!
Тэрлінгі на ламанай польскай мове пераконвалі, што, наадварот, гэта сапраўднае задавальненне. Юлька яўна какетнічала з імі: усміхалася і рабіла губкі банцікам, гэта было яе «разынкай». Маладзёны, здзіўленыя такой прыхільнасцю, цягнулі з выхадам і скакалі каля яе, як ваўчкі.
Калі яны ўрэшце выбеглі, Друцкі засмяяўся:
— Вось чорт! Што ж гэта, панна Юлька, вы выпрабоўваеце свае чары на гэтых смаркачах?
— А што, у мяне дрэнна атрымліваецца? — гулліва паглядзела на яго дзяўчына.
— Хм… думаю, для гэтага прыгожай палове не патрэбныя практыкаванні.
— Канечне, — пацвердзіла Юлька, — гэта якраз і былі практыкаванні, пробныя манеўры… Перад… аблогай, — яна паказала зубкі ва ўсмешцы і нахіліла галаву.
— Якая ж крэпасць павінна трэсціся ад страху?
Юлька наблізілася да яго так, што ледзь не дакраналася грудзьмі і, кладучы палец на вусны, сказала:
— Цс-с! Гэта ваенная тайна. Не пытайцеся.
Друцкі прыжмурыўся:
— Што ж гэта, ты і на мне практыкуешся, мая малышка?
Яна засмяялася, змоўкла і, падумаўшы, гулліва адказала:
— А можа, гэта не практыкаванні, а…
— А што? — спытаўся Друцкі.
— Дапусцім… вывучэнне мясцовасці… разведка…
— Гэта небяспечна, мая малышка, — ціха сказаў ён, расцягваючы словы.
— О, Аля ідзе, — усклікнула Юлька, чуючы яе крокі, — сняданак! — націснула яна званок.
Аліцыя абняла Юльку, якая яе пацалавала шчыра, як звычайна.
— Ну, як ты сябе адчуваеш, Аля? — клапатліва спыталася Юлька. — Ці добра правяла ноч?
— Ах, выдатна, — адказала Аліцыя, кідаючы мімалётны позірк на Друцкага.
Юлька, адчуваючы, што бляднее, адвярнулася і пачала дапамагаць служцы накрываць на стол.
Пан Янэк гаварыў нешта пра Тэрлінгаў і іх рызыкоўную экспедыцыю. Юлька не чула яго слоў. Прайшло добрых некалькі хвілін, пакуль яна здолела супакоіцца. Падчас сняданку яны абмяркоўвалі праект наведвання порта ў Гдыні.
— Давайце адкладзём гэта да заўтра, — заявіла Аліцыя, — раз сёння так штарміць.
Пасля сняданку яны зрабілі амаль трохкіламетровую прагулку. Друцкі, па просьбе Аліцыі, тлумачыў правілы канструкцыі плывучых докаў і падводных лодак. Юлька ішла побач, а калі ён змоўк, сказала:
— Я б ніколі не адважылася падарожнічаць у падводнай лодцы.
— Я раз спрабаваў, — засмяяўся Друцкі, — і паўтараць не маю ніякага жадання.
— Там душна, праўда?
— Не тое каб. Проста чалавек адчувае сябе зняволеным, не гаспадаром самога сябе. Зрэшты, калі гаварыць пра мой выпадак, пад канец было душна.
— Не хапіла кіслароду? — пыталася Юлька.
— Так. У нас тады быў другі афіцэр, хворы на насмарк. А хто хоча бяспечна правесці лодку у порт Баія[38], плывучы на адлегласці трыццаць пяць футаў пад вадой, таму, праўда, можна хварэць на насмарк, але чхаць нельга.
— А ён чхнуў?
— Менавіта.
— Я не разумею, пан Янэк, як гэта магло пашкодзіць?
— Хм… калі вы шыеце, а падчас гэтага раптам чхняце, можа здарыцца так, што іголка трапіць у палец?
— Ага!
— Дык вось, нос нашага карыта трапіў у адну з падводных скал, якіх, чорт ведае чаму, там хапае, хоць усё ўзбярэжжа плоскае, як блюда. Карыта ўтульна ўселася сабе на пясок і не хацела рухацца. Нас было чатырнаццаць, і хоць кожны набіў сабе, дарэчы, добрага гуза, мы зразумелі, што чакаць на дне няма чаго…
— Відаць, ужо час вяртацца, — перарвала Аліцыя.
— І як жа вы ратаваліся? — пыталася Юлька, з задавальненнем канстатуючы, што пан Янэк не заўважыў, проста не заўважыў каментарыя Аліцыі.
— Ну, паднялі люк. А калі чалавек лёгка адштурхнецца ад палубы, то вылятае ўверх, як корак…
— Аж на паверхню мора?
— Калі б так, мая малышка! Выскоквае як мінімум на дзесяць футаў над паверхняй, быццам выстралены з гарматы. Дык вось, дно ў гэтым брыдкім заліве страшна глеістае, першая частка дарогі нагадвае сапраўдны суп, а потым ужо нічога не бачна, пакуль чалавек жыватом не ўпадзе на паверхню. Найгорш тое, што ў выніку розніцы ціску ледзь не траціш прытомнасць, калі душа ўвогуле не адлятае прама ў неба. Мы ўсе выскачылі, але не ўсім удалося…
— Вяртаемся, — рэзка перарвала Аліцыя, — скажыце мне, калі ласка, колькі часу?
— Што? — нібы апрытомнеў Друцкі. — Ага, дзесяць дваццаць.
— Ну, ужо час вяртацца. Як вы думаеце, мне пасля ўчарашняга не пашкодзіць плаванне?
Друцкі быў перакананы, што не, і прапанаваў Аліцыі сваю кампанію. Юлька заўважыла, што яго абразіла навязаная змена тэмы і што Аліцыя зрабіла гэта дэманстратыўна, бо ў самой на руцэ быў гадзіннік.
Таму, калі яны вярнуліся ў «Гадзіву», Юлька ў рэкордным тэмпе пераапранулася, дзякуючы чаму зноў выйграла некалькі хвілін сам-насам з панам Янкам.
— Я так рада, — сказала дзяўчына, — што сёння шторм.
— І мне падабаецца.
— О, я думаю пра другую палову дня… Пакатаемся на машыне, праўда, пан Янэк?
— Пакатаемся. Паедзем сёння аж на край Тухольскіх бароў[39]. Там, падаецца, вельмі прыгожа.
— Так, і ніхто не будзе перашкаджаць мне вас слухаць!
Друцкі кашлянуў і нічога не сказаў.
— Я не разумею Алю, — гаварыла нібыта сабе Юлька, — яна сёння так сябе паводзіла, нібыта… Чаму яна такая чэрствая?.. Яна выглядала так, быццам…
На лесвіцы загучалі крокі Аліцыі, і Юлька змоўкла.
Дзьмуў моцны паўночна-заходні вецер, расхінаючы іх купальныя халаты. На пляжы было яшчэ няшмат людзей. Мора грукатала. На ўсёй прасторы як кінуць вокам яно было нібы ўзаранае, у агромністых барознах, з пенай на грэбнях хваль, здавалася гнеўным, панурым, узбунтаваным.
Нягледзячы на гэта, Аліцыя вырашыла паспрабаваць плаваць, і яны з Друцкім даволі значна аддаліліся ад берага. Юлька, лежачы на пяску, то губляла іх з поля зроку, то знаходзіла сінюю шапачку Аліцыі і бронзавыя плечы пана Янка.
— Добры дзень, пані, — пачула дзяўчына за сабой голас доктара Лазіньскага. — Як жа справы ў вашай сястры?
— Дзякуй вам, вы маеце на ўвазе маю кузіну, якую ўчора ратавалі?
— Ах, гэта кузіна? Ну канечне, вы ж непадобныя адна да адной. Якая прыгожая жанчына!
— Вельмі прыемна, — пакрыўдзілася Юлька.
Доктар засмяяўся.
— Я гэтым хацеў сказаць, што вы належыце да розных тыпаў. Дык дзе ж ваша кузіна?
Юлька неахвотна носікам указала на мора.
— Я бачу, што страціў вашу ласку, — уздыхнуў доктар.
— Можна страціць толькі тое, што мелі, — адказала дзяўчына.
— А якім чынам яе можна займець?
— Трэба пастарацца.
— Думаю, вы памыляецеся. У мяне ёсць прыяцель, надзвычай прыстойны хлопец. Мы працуем у адной бальніцы. Ён на галаве стаяў, стараючыся заслужыць ласку адной жанчыны, якую кахае, як вар’ят. Са скуры лез — і нічога. Я не раз яму казаў: «Уладэк, супакойся ты!» А ён усё ўздыхаў, аднак, што было прадказальна, яму далі ад варот паварот. Так, шаноўная, старанні нічога не далі. Трэба, каб шанцавала.
— Вы, доктар, лічыце, — запыталася Юлька, — што наадварот, ніякія старанні не дапамогуць?
— Як гэта, наадварот?
— Ну, напрыклад, якая-небудзь жанчына хацела б выклікаць пачуцці ў мужчыны.
Юлька, гаворачы гэта, зачырванелася аж да бялкоў вачэй.
Доктар Лазіньскі ўсміхнуўся.
— Здагадваюся, што вы не пра сябе гаворыце.
— Вы брыдкі, — крыкнула дзяўчына, але тут жа дадала: — Я думаю якраз пра сябе і пра вас.
— Калі так, то ўсё ўжо ў парадку.
— Не, — зморшчыла яна носік, — гэта надта хутка. Я люблю адчуванне няпэўнасці.
— Згодны і на гэта. У мяне ў запасе столькі няпэўнасці! Адна большая за другую.
Жартаўлівы настрой доктара развесяліў і Юльку. Калі Аліцыя і Друцкі вярнуліся на бераг, яны засталі іх у гуморы.
Пасля абеду Юлька заявіла, што яна адступіць ад свайго распарадку дня і не застанецца ў сваім пакоі дзеля гадзіннай сіесты. Ёй хацелася прадоўжыць прагулку з панам Янкам, і як толькі яна ўпэўнілася, што Аліцыя згодная, то адразу пачала прыспешваць пана Янка.
— Што ж табе так карціць? — абыякава спыталася Аліцыя.
— Нам сёння прадбачыцца доўгая дарога, і я не хачу, каб ты чакала нас на вячэру.
— Можаце не вельмі спяшацца. Я сёння атрымала з Варшавы адну справу і павінна буду яе праштудзіраваць.
Пад вокнамі прагучаў сігнал аўтамабіля, і Юлька выбегла.
— Сёння моцны вецер, малышка, — сказаў ён, — можа, вы ўзялі б якое-небудзь паліто?
— Не. Мне цёпла.
— Вечарам можа быць халадней.
— Чаму ж тады вы не бераце пінжак?
— У мяне ногі і рукі не голыя. Зрэшты, калі вам стане холадна, то будзе вам навука на іншы раз.
Машына рушыла.
— Калі мне стане холадна, то… вы мяне прытуліце і абагрэеце.
Друцкі зрабіў выгляд, што не чуе, і павялічыў хуткасць.
— Добра? — патрабавала адказу дзяўчына.
— Што? Нічога не чуваць! — кінуў Друцкі і адкрыў глушыцель.
Цяпер ужо і сапраўды нічога не было чуваць, Юлька, аднак, не здавалася і, ледзь не прыкладаючы вусны да яго вуха, закрычала:
— Будзе чуваць, калі вы закрыеце глушыцель.
— Асцярожна! Не абапірайся на мяне, малышка, бо я яшчэ ўрэжуся ў дрэва.
Для ілюстрацыі небяспекі Друцкі закруціў рулём, і машына выпісала на шашы некалькі зігзагаў.
Юлька зрабіла выгляд, што пакрыўдзілася, і сядзела ціха. Яна, аднак, не магла доўга трываць і, як толькі ён на яе паглядзеў, дзяўчына гулліва ўсміхнулася.
— Ну, памірыліся, — сказала яна і ўзяла яго свабодную руку. Паціснула яе, паклала на свае калені і пачала гладзіць, лёгенька, чула, пяшчотна.
Калі рука здрыганулася і Друцкі хацеў яе прыбраць, Юлька паклала на яе свае далоні, і ў гэтым дакрананні было столькі просьбы, што ён вымушаны быў скарыцца.
Праз тонкі шоўк сукенкі ён адчуваў цяпло яе цела, па паверхні далоні павольна рухаліся тонкія пальцы Юлькі, на дзіва далікатныя, якія, здавалася, кожным нязначным рухам гаварылі пра сваю радасць, пра глыбокае сузіранне маленькай долі шчасця.
Аўто праехала зараснікі і апынулася на вольнай прасторы хвалістых верасовых палёў. Тут дарога за чырвоным домікам плаўна зварочвала і рэзка ўзнімалася ўгару стромкім серпанцінам. Трэба было пераключыцца на першую перадачу, і Друцкі, шчыра ўсміхнуўшыся Юльцы, забраў руку.
Яна, нерухомая, сядзела ціха. Аўто павярнула і зноў паехала па раўніне, тут і там парослай купкамі сосен і елак, фарпостамі чорнага лесу.
— Вось і пушча, — гучна сказаў Друцкі.
Ён паменшыў хуткасць, калі яны ўехалі ў цёмны калідор, закрыў глушыцель.
— Калос! Каля трох тысяч квадратных кіламетраў лесу. Некалі, вельмі даўно, я паляваў тут на дзікоў. Прыгожы лес?
— Прыгожы і такі ж шумны, як мора, — сказала Юлька. — Ноччу тут павінна быць страшна.
— Калі тут нічога не змянілася, то мы знойдзем адну добрую палянку… Яна падобная да калодзежа з выпуклым дном. Недалёка налева павінна ісці вузкая лясная дарога.
Некалькі хвілін яны ехалі моўчкі.
— Вось яна! — усклікнуў Друцкі. — У мяне, аднак, нядрэнная памяць.
Ён павярнуў. Цяпер яны ехалі па вузкай крутой дарозе, на якой колы машыны час ад часу падскоквалі, трапляючы на карані.
— Што, трасе? — спытаўся Друцкі.
— Крышку, — адказала Юлька, падскокваючы, як мяч.
— Мы амаль прыехалі, — спыніў ён машыну, выскачыў і дапамог Юльцы выйсці. — Тут пахне жывіцай. Ну, хадзем.
Друцкі ішоў наперадзе ледзь бачнай сцежкай, пратаптанай звярамі ў гушчыні ядлоўцу. Яны ўзнімаліся па сцежцы, а ядловец радзеў. Затое зямлю пакрываў усё больш тоўсты, мяккі і пругкі мох. Высакаствольныя сосны, расхістаныя да паловы сваёй вышыні, утваралі над імі рухомы дах.
— Мы прыйшлі, — Друцкі павярнуўся да Юлькі, — вось наша палянка.
— Наша? — спыталася яна.
— Ну, тая, якую мы шукалі.
Гэта быў свайго роду курган, які паднімаўся выгнутым конусам. У сярэдзіне была закругленая скала, вакол змыкаўся лес, сапраўды ўтвараючы нешта накшталт калодзежа шасці або сямі метраў у дыяметры. Узгорак і камень, пакрытыя шарсцістым сівым мохам, рабілі ўражанне аазіса ці вострава.
— Асталёўваемся тут, — сказаў Друцкі.
Ён сеў на камень і ўказаў Юльцы на месца побач.
— Я хачу тут, — пакруціла яна галавой і легла перад ім на мох, падклаўшы далоні пад галаву.
Друцкі моўчкі курыў.
— Я б хацела, — пачала Юлька, — усё жыццё гэта месца называць… нашай палянай… Нашай, значыць, не вашай і маёй, а Нашай… Я толькі баюся, ці захочаце вы, не… ці зможаце вы, ці зможаце быць такім велікадушным і дазволіць мне гэта.
— Я магу нават яе называць палянкай малышкі Юлькі, — пажартаваў Друцкі.
— Гэтага мала… гэтага вельмі мала, — сумна сказала яна, — гэта так, нібыта з літасці да гэтай беднай Юлькі, смешнай, дурненькай дзяўчыны… Своеасаблівае адчэпнае за тое, што я рашылася ахвяраваць вам такую танную і непатрэбную рэч, як… усе свае пачуцці…
Друцкі глянуў на яе. Юлька знарок ляжала з заплюшчанымі вачыма, бледная, як палатно.
— Юлька!
— Але гэта ўсё, што ў мяне ёсць, — гаварыла яна, нібыта не чуючы яго ўскрыку, — і таму, магчыма, мне гэта маё каханне падаецца скарбам… Непрынятым, непатрэбным… нават незаўважаным…
— Юлька! Што ты лапочаш! Мы ж сябры!
Ён бачыў, што яна хоча нешта сказаць, але вусны яе дрыжаць, а ў куточках яе закрытых павекаў блішчаць слёзы.
— Маленькая, ну, мая малышка, чым я заслужыў, што ты мне гэта гаворыш?
— О, я ведаю, — запярэчыла яна, — ведаю, што вы мне загадваеце маўчаць, што я бессаромная, навязлівая… што я подлая…
— Дзяўчо, ты звар’яцела?! — абурыўся Друцкі.
— Так, так, подлая. Бо я ведаю, што вас кахае Аліцыя, Аліцыя, якой я абавязана бясконца дзякаваць… Я подлая… Але я так шалёна, так бязмерна вас кахаю… Я жыву толькі мараю пра вас… Я павінна была, павінна была гэта вам сказаць… Таму што я страшна бяссільная, страшна бездапаможная… Што ж мне было рабіць, калі я так вас кахаю?..
Голас яе змяніўся шэптам і сціх. Па бледных шчочках пачалі сплываць слёзы.
Гэта было мацней за Друцкага. Горла ў яго перасохла, у лёгкіх ён адчуў амаль фізічны боль.
Ён ускочыў, схапіў яе ў абдымкі, панёс, бездапаможную, прытуліў і пачаў асыпаць бледны, заплаканы твар Юлькі гарачымі, шчырымі пацалункамі. Валасы, лоб, вочы, вусны — ён аж адчуў салёны смак слёз… Друцкі калыхаў яе на руках, як дзіця.
— Ціха, ціха, мая малышка, ціха, — паўтараў ён, хоць яна і так плакала ціхенька.
Яе рукі аплялі яго шыю, вусны прыніклі да вуснаў. Не адпускаючы яе, ён сеў на мох. Юлька моцна прытулілася да яго, з усіх сіл.
— Мой каханы, мой адзіны… — паўтарала яна, наблізіўшы свае вусны да яго шчакі.
— Ціха, мая малышка, ціха…
Так яны сядзелі доўга. Друцкі першы раз у жыцці не ведаў, проста не ведаў, што яму рабіць з маладой, прыгожай дзяўчынай, якую ён трымаў у руках. Яму нават і ў галаву не прыходзіла, што ён мог бы зрабіць так, як заўсёды рабіў у падобных выпадках. Чаму? Ён не мог сабе гэтага растлумачыць. Ён атрымліваў задавальненне ад блізкасці гэтай свежай духмянай істоткі, знаходзіў невытлумачальную радасць у тым, што так натуральна, так проста яна выбрала яго, што адарыла менавіта яго сваімі прыгожымі пачуццямі. Аднак… ён не ведаў, чаму нерухома сядзіць, чаму ён расчуліўся і захваляваўся, чаму шукае іншых шляхоў і тлумачэнняў, чым звычайна… Аліцыя?.. Ён аж здзівіўся, што гэта імя выплыла зараз у яго свядомасці… Прычым тут Аліцыя?..
Калі б не боязь якога б ні было руху, ён бы перасмыкнуўся. О не, дзіўна чужой і далёкай падалася яму ў гэты момант тая жанчына, на дзіва беспадстаўнымі прэтэнзіі да яго вернасці. Таму што яна апякунка Юліі?.. Гэта не мае значэння. Ён цалкам усведамляў, што ніводзін з гэтых матываў не стрымліваў яго, не здолеў бы стрымаць. Тады што?..
«Можа, тое, што я так моцна люблю гэтую малышку? — падумаў ён. — Я яе, тысяча чарцей, вельмі люблю!»
Гэтая разгадка загадкі яго ўчынкаў не задаволіла, але, не ў сілах знайсці іншую, ён здаўся.
— Пан Янэк, — ціхенька прамовіла Юлька, — вы не ўяўляеце, якая я шчаслівая, вельмі шчаслівая… Я так шмат думала пра падобную хвіліну… Нічога б не прагнула болей, чым каб толькі так было заўсёды…
— Апамятайся, малышка, — пажартаваў Друцкі, — можа пайсці дождж!
— Хай ідзе. Ох, пан Янэк… — яна раптам спынілася і скончыла сумным голасам: — Вы мяне ніколі не пакахаеце.
— Юлька! Падумай, навошта табе такі стары хлам?
— О, няпраўда!
— Я мог бы быць тваім бацькам. Вы ведаеце, я мог бы быць вашым бацькам? А?..
— Гэта не мае значэння, — горача запярэчыла дзяўчына.
— Гэта многа значыць, мая малышка, многа!
— Зразумела. Я вельмі інфантыльная, надта неразумная…
— Так, але толькі таму, што ты так гаворыш…
— Калі б я была такая разумная і прыгожая, як Аліцыя, тады б магла спадзявацца, што вы мяне пакахаеце, як яе…
Друцкі задумаўся, а Юлька, палічыўшы яго маўчанне прызнаннем слушнасці яе слоў, спыталася дрыжачым голасам:
— Скажыце мне, скажыце мне шчыра…
— Што?
— Я хачу, каб вы мне шчыра сказалі, каб хоць гэтым адказалі мне ўзаемнасцю за тое, што я гатова вам адкрыць усю сваю душу…
— Добра, мая малышка, скажу табе шчыра пра ўсё, пра што спытаеш.
Юлька паглядзела яму ў вочы. Яны былі сур’ёзныя і сумныя.
— Пра ўсё?
— Табе… табе пра ўсё, — запэўніў ён і раптам зразумеў, што гэтай юнай дзяўчыне, ёй адной ва ўсім свеце мог бы расказаць усё, зразумела!.. Хацеў бы!.. Ён не змог растлумачыць сабе прычыну гэтага поўнага даверу, аднак ведаў, што ні на момант бы не завагаўся.
Юлька, аднак, думала пра штосьці іншае:
— Тады добра, — гаварыла яна хуткім шэптам, — добра. Скажыце мне, Аліцыя — ваша каханка?
Дзяўчына чакала, затаіўшы дыханне.
— Так, — коратка і цвёрда адказаў Друцкі.
— А-а-а! — з Юлькі вырваўся жаласны крык. Яна была ўпэўнена ў такім адказе, але як жа яна прагнула адваротнага!
Усё было страчана…
— Скажыце мне яшчэ… ці, ці… вельмі вы яе кахаеце?
— Ці ж я ведаю, мая малышка? — задумаўся Друцкі. — Можа, і кахаю. Па меншай меры, раней мне здавалася, што кахаю…
Юлька вырвалася з яго рук і глядзела на яго шырока адкрытымі вачыма.
— Як гэта, здавалася?
— Ну, я так думаў. Гэта вельмі складаныя рэчы…
— Дзіўныя, — сказала Юлька.
— Ёсць шмат дзіўнага, настолькі, што калі б чалавек не махнуў рукой на здзіўленне гэтым дзівосам, то сам бы стаў дзіваком.
— Але ж яна кахае!
— Відаць, так.
— А вы, вы яе так не кахаеце, так моцна не кахаеце, як яна вас?
Друцкі паціснуў плячыма і маўчаў.
Юлька закусіла вусны. У яе галаве таўкліся думкі.
Яна старалася зразумець, аж нарэшце яе прарвала:
— Гэта немагчыма! Вы ўсё ж павінны ведаць, ці кахаеце яе! Вы, напэўна, ужо не раз кахалі, у вас ёсць з чым параўнаць. Я ведаю, вы хочаце мяне аберагчы ад непрыемнасці і таму вы са мной не шчырыя!
— Панна Юлька, — спакойна адказаў Друцкі, — я абсалютна шчыры. Вы сказалі, што я не раз кахаў. Гэта няпраўда… Я заўсёды любіў і заўсёды люблю, я люблю свет, люблю тое, што ён мне дае і што я ў ім магу атрымаць. Я не ўмею прыгожа гаварыць, мая малышка. Я ведаю некалькі моў, але ўсе яны разам не маюць такіх слоў, якімі заўсёды можна было б выказаць любое пачуццё і любую думку. Я, па меншай меры, не магу знайсці гэтых слоў. Я табе кажу, што люблю жыццё, што люблю свет — у гэта я веру, бо адчуваю гэта кожным нервам. Значыць, я, можа, і любіў жанчын, якія прайшлі праз гэты мой свет, а можа, любіў толькі свет, у якім былі і яны. Не ведаю.
Друцкі падпёр рукой галаву і засмяяўся:
— Зрэшты, ці ёсць дакладная назва, якой мы акрэсліваем тое, што адчуваем? Я бачыў людзей, якія, на гадзіну спазніўшыся на абед, казалі, што паміраюць ад голаду, і таксама такіх, якія, не маючы нічога ў роце тры дні, урэшце запэўнівалі, што з задавальненнем бы што-небудзь з’елі.
— Гэта праўда, — сказала Юлька, — аднак я ведаю без усялякіх сумненняў, што вас кахаю больш за ўсё і за ўсіх на свеце… І таксама ведаю, што я не вартая вашага кахання…
— Не нясі глупства, — раззлаваўся Друцкі.
— Так, — ціха прамовіла дзяўчына.
— Малышка мая! Думаю, ты не сумняваешся, што я цябе вельмі люблю? Шмат, вельмі шмат я гатовы зрабіць для цябе. Але не трэба надта радавацца. Я недзе прачытаў вельмі разумную фразу, што сённяшні дзень — гэта павелічальнае шкло, праз якое ўсё выглядае значна большым і важнейшым, чым на самай справе. Таму мудрыя людзі даюць ацэнку розным рэчам назаўтра або праз яшчэ даўжэйшы прамежак часу.
— Можа, яно і так, але я ў гэта не хачу верыць. Я павінна быць няшчаснай.
— Вельмі неразумна! — абурыўся Друцкі.
— А калі мне добра з гэтым няшчасцем. Не смейцеся з мяне. Сапраўды, добра. Я хачу толькі аднаго, каб вы дазволілі мне сябе кахаць, каб я магла вас бачыць… Гэта ж так нямнога… Гэта ж так нямнога, праўда?
Зноў у яе вачах былі слёзы.
— Хадзі сюды, малышка, — сказаў Друцкі.
Ён пасадзіў яе на калені і гладзіў па валасах, як малое дзіця. Юлька тулілася да яго і дрыжала ўсім целам.
— Усё добра, мая маленькая дзяўчынка, — гаварыў ён, — але памятай, што найперш мы сябры, добрыя сябры.
— Так, так, — шаптала Юлька.
— Ну, а цяпер час вяртацца! — неспадзявана ўскрыкнуў Друцкі, падкінуў Юльку ледзь не на метр уверх, злавіў у паветры і паставіў на зямлю.
— Ой! — крыкнула яна і рассмяялася.
Яны сышлі з пагорка, трымаючыся за рукі.
— Цяпер гэта сапраўды наша палянка, — сказала Юлька з пытальнікам у тоне.
— Наша, наша. Твая і мая, — пацвердзіў Друцкі.
Дзяўчына яшчэ раз закінула рукі яму на шыю і пацалавала ў вусны.
Машыну на працягу паўкіламетра трэба было весці заднім ходам, таму што на вузкай дарожцы пра разварот не было і размовы.
Калі яны выязджалі з лесу, сонца ўжо зайшло і стала халадней.
— Табе не холадна, малышка?
— Крышачку.
— Тады падсунься да мяне.
Юлька з гатоўнасцю скарысталася гэтай парадай. І паколькі Друцкі, як заўсёды, вёў машыну адной рукой, Юлька ўхапіла другую.
Калі б не гучнае вуркатанне матора, ён бы напэўна чуў ціхія, пяшчотныя словы, якімі дзяўчына абсыпала яго далонь, прытуляючы яе да вуснаў і грудзей. Калі яны ўязджалі ў пасёлак Хель, трэба было ўжо ўключыць фары.