— Зараз я з табой убачыцца не магу, — гаварыў прафесар Бруніцкі, — але буду табе ўдзячны, калі ты прыйдзеш да мяне на абед.
— Дамовіліся, Караль. Здаецца, у цябе выдатны настрой.
— Так, Багдане, гэта нават больш, чым настрой. Я табе званіў некалькі разоў, але і ўчора мне адказалі, што цябе няма ў Варшаве.
— Я, уласна, пад Варшавай, — адказаў Друцкі.
— Так, я ведаю, панна Лэнска мне згадвала, што ты сядзіш у нейкіх Хэлмінах. Дзякуй табе, што наведаў панну Лэнску. Ты не знаходзіш, што яе стан значна палепшыўся?
— Яна цалкам занятая думкамі пра…
Друцкі наўмысна зрабіў доўгую паўзу.
— Пра каго? — нецярпліва спытаўся Бруніцкі.
— Чаму не «пра што», а?
— Дык усё роўна, пра што.
— Пра цябе, Караль.
Бруніцкі кашлянуў у трубку:
— Так… ну… дык я чакаю цябе на абед, дарагі Багдане. Да пабачэння.
Друцкі адклаў трубку і засмяяўся.
— Ужо можна шумець? — спыталася Зоська, стоячы ля акна з трубой ад пыласоса ў руцэ.
— Шумі, малышка, колькі табе хочацца.
Дзяўчына павярнула рычажок, і пыласос забурчэў нізкім тонам.
Зоська нахілілася над дываном так, што яе кароткая паркалёвая сукенка ў блакітную палоску адкрыла ногі вышэй за пругкія мускулы, што звязваюць калені, зрэшты, сукенка ўся прылягала да скуры, вільготнай ад спякоты.
— Зоська! — усклікнуў Друцкі.
Яна адвярнула заружавелы твар.
— Ты ведаеш, што ты прыгожая, чартоўка!
Зоська выпрасталася і вышчарыла шырокія белыя зубы. Паркаль быў такі празрысты, што праз яго выразна былі відаць дзве бронзавыя плямы на дужых пругкіх грудзях.
— Ну дык, можа, і прыгожая, але не для кожнага.
— Як гэта, не для кожнага? — крыху абурыўся Друцкі.
— Дык не для вас, бо да вас перад ад’ездам куды прыгажэйшая пані прыходзіла, ды і гэта, у якой вы цяпер на вёсцы былі, гэта таксама прыгажэйшая.
— Хадзі сюды! — рэзка кінуў ён.
Не вагаючыся, Зоська паклала трубу пыласоса і наблізілася да крэсла ля тэлефона. Друцкі працягнуў руку і пасадзіў яе сабе на калені. Дзяўчына не супраціўлялася, але сядзела неяк напружана. Праз шоўк піжамы і тонкую сукенку ён адчуваў вільгаць яе скуры. Яго рука, перамяшчаючыся па яе голых лытках, таксама стала вільготнай. Пах яе цела нагадваў водар чыстай бялізны і чабору, а скура шыі і твару пахла малаком.
Друцкі ўпіўся ў яе вусны.
— Зараз, — лёгка адсунула яго Зоська, — я выключу пыласос. Шкада току.
Яна ўстала, і ён таксама ўстаў. Яна выключыла пыласос і, выпрастоўваючы рукі, сказала:
— Страшная спякота! Так бы — ды ў Віслу!
— Пакупайся ў ванне, — працадзіў Друцкі праз сціснутыя зубы, запальваючы папяросу.
— О, не… Я не адважваюся!
— Чаму? Калі ласка. Напусці сабе вады, толькі не надта халоднай, бо прастудзішся.
— Можна? Вы праўда дазваляеце?
— Колькі хочаш!
— Бо я часам, калі вас не было, думала пакупацца, але баялася. О, вы толькі не падумайце, што я брудная. Я і так мыюся, а гэта дзеля прахалоды.
— Не, не думаю. Дай мне паснедаць і купайся, колькі хочаш.
— Дзякуй, вялікі дзякуй! — усклікнула Зоська проста з дзіцячай радасцю і хутка падала яму каву, пасля чаго знікла.
Друцкі паспытаў каву, яна была гарачая. Наблізіўся да акна. Тэрмометр у цені паказваў трыццаць сем градусаў. Во спёка!
З ваннай да вушэй данёсся плёскат вады. Друцкі прыжмурыў вочы, хвіліну павагаўся і націснуў на ручку дзвярэй ваннай. Яны былі адчыненыя.
Дзяўчына стаяла голая ў душавой нішы сярод граду кропляў, якія атачалі яе. Яна апляла рукамі сваю шыю, падстаўляючы твар і грудзі пад моцны напор. Вочы зажмурыла, а шум вады заглушыў крокі Друцкага.
Дзяўчына заўважыла яго толькі праз некаторы час, калі, стоячы за два крокі ад яе, ён вылаяўся:
— Ліха цябе бяры!
— Ой-ей! — ускрыкнула Зоська і адразу ж прысела, закрываючы рукамі грудзі, але адначасова паднімаючы на яго ўсмешлівыя вочы.
— Ах, ты гадзіна, — сказаў ён, — чаму ты не закрылася?
— А хто ж ведаў, што вы зойдзеце… Што вы робіце! Намочыце піжаму! О, Божа!
Было ўжо, аднак, надта позна. Друцкі ўвайшоў у душавую, і ўмомант піжама была мокрая да ніткі.
Друцкі нахіліўся і, схапіўшы Зоську на рукі, падняў яе і прытуліў да сябе. Яна не зрабіла ніводнага руху супраціўлення, і абое стаялі так хвіліну пад буйным дажджом асвяжальнай халоднай вады.
— О, як тут добра, праўда? — сказала дзяўчына, паднімаючыся на дыбачкі і з усёй сілы прытуляючыся да яго.
Ён трымаў яе адной рукой, а другой зрываў з сябе піжаму. Вада ім залівала вочы, а кроў мазгі, і ён узяў яе, такую свежую і пругкую, як напор, што бамбіў два сплеценыя целы мільярдамі кропель.
Калі Зоська, бяссільная, павісла на яго руках, ён занёс яе ў нішу насупраць і паклаў на сафу.
— Так… так… у мяне ў галаве шуміць… ад гэтага душу, — сказала яна перарывістым голасам, тыльным бокам далоні яна правяла па лбе і ўсміхнулася.
Друцкі глядзеў на дзяўчыну, якая ляжала перад ім голая і настолькі пазбаўленая сораму, як не ведае яго галізна ўсёй прыроды.
Ён сеў ля яе і з захапленнем углядаўся:
— Ведаеш, што ты страшэнна прыгожая?..
— О… о… — засмяялася яна, і не толькі вуснамі, вачыма, але, здавалася, усёй постаццю. — Абы толькі вам падабалася…
— Мне?
— Толькі вам.
Праз дзве гадзіны ён выходзіў з дому. Зоська прасавала піжаму і напявала нешта вясёлае. Друцкі пацалаваў яе ў вусны:
— Да пабачэння, малышка!
— Да пабачэння пану… але…
— Але што? — затрымаў ён яе на парозе.
— Але на ноч, відаць… не прыйду… Бо пляткарыць будуць… Да заўтрашняга ранку?
— Добра. Ранкам! Чым раней, тым лепш.
— А вы… вы… сёння не паедзеце ў вёску да гэтай пані?..
— Ні за што на свеце! — засмяяўся Друцкі.
— Гэта добра. Да пабачэння.
Зоська праводзіла яго палымяным поглядам.
Друцкі грымнуў дзвярыма аўто і, зірнуўшы на свае вокны, убачыў Зоську, якая высоўвалася з-за фіранкі. Ён памахаў ёй рукой і рэзка рушыў.
На Дэмбовай яму адчыніў брамку бурклівы барадач і заявіў, што прафесар яшчэ не вярнуўся з чыгункі.
— Адкуль?
— З вакзала. Ён жа сына праводзіў.
— Сына? — Друцкі стаў як укапаны.
У гэты момант у вітальню ўвайшоў доктар Кунокі.
— А, як жа я рады! — усклікнуў ён з яшчэ больш ажыўленай, чым звычайна, усмешкай, якой ён заўсёды вітаў Друцкага. — Ну, праходзьце, прафесар хутка прыедзе. Што вы паробліваеце?
Друцкі некалькімі фразамі расказаў, што быў на Хелі і нават хацеў туды вярнуцца, але яго нешта «ўкусіла», і ён не паедзе.
— Мне тут Антоні сказаў, што, відаць, тут быў Пётр?
Кунокі кіўнуў галавой.
— Караль яго забраў са Швецыі назаўсёды?
— Не. Пан Пётр хацеў пазнаёміцца з Польшчай, зараз ён едзе ў Закапанэ, у Кракаў і далей, але сюды яшчэ вернецца. Я вас папрашу, — дадаў доктар пасля паўзы, — каб вы не гаварылі прафесару, што я вам пра гэта расказаў.
— Ну натуральна… натуральна… натуральна, — паўтараў задуменны Друцкі. — А… ці не можаце вы мне сказаць, як… хм… Караль абыходзіўся з сынам?..
Японец нахіліўся да яго і пачаў:
— Ведаеце, я даўно думаў, што імпульсам, які скіраваў навуковую цікавасць прафесара да праблемы так званага «ўглядання», была асабістая справа. Няцяжка было зрабіць такую выснову, гледзячы на тое, з якім захапленнем, страсцю, нервам ён гэтым займаўся. Ну, і сама рызыка даследаванняў… Таму што… Вы дазволіце, я буду з вамі шчырым?
— Калі ласка, доктар!
— Дык вось, мае падазрэнні змяніліся ўпэўненасцю ў момант, калі я ўбачыў Пятра. Не, яшчэ раней, у момант, калі я пачуў праз дзверы яго голас. Гэта быў ваш голас, пане Вінклер.
Друцкі закусіў вусны.
— Так, — працягваў Кунокі, — гэты хлопец неверагодна падобны да вас.
— Чорт! Чорт!..
— Не толькі фізічна, але і псіхічна. Гэта амаль ваша копія. Прызнаюся, што тады мне ўсё стала ясна. Прафесар падазрае, што вы бацька Пятра і… гэта не дзіўна…
— Доктар, — падняўся Друцкі, — доктар, але я клянуся, што жонка Караля ніколі не была маёй каханкай! Ніколі! Доктар, вы можаце мне паверыць?
Японец лагодна ўзяў яго за руку:
— Супакойцеся. Я вам веру. Больш за тое, я перакананы, што гэта так. Думаю, што — нягледзячы на іншыя меркаванні, — вы, з вашай натурай, з вашым тыпам псіхікі не змаглі б хлусіць, не хацелі б і не адчувалі б у гэтым патрэбы. А зрэшты… зрэшты, і сам прафесар ужо сёння верыць вам.
Друцкі пабляднеў і схапіў доктара за руку:
— Што вы сказалі?
— Расказваю. У прафесара нядаўна з’явілася думка, што ў псіхіцы індывідуума, як і ў яго марфалогіі, можна адшукаць сляды папярэдніх пакаленняў, а перш за ўсё бацькоў.
— І што?
— Не буду заглыбляцца ў падрабязнасці. Досыць таго, што прафесар правёў цэлы шэраг гіпнатычных эксперыментаў, як у клініцы, так і тут, — доктар указаў на закрытыя шторай дзверы, — у нас. Наколькі я мог зрабіць выснову з яго скупых справаздач, гэтыя даследаванні не далі такіх вынікаў, якіх ён чакаў і якія б дазвалялі яго гіпотэзе называцца навуковай тэорыяй. Аднак жа ў яго было некалькі выпадкаў, якія прымушаюць задумацца. Учора ж ён паставіў эксперымент на Пятру.
— І вы пры гэтым прысутнічалі?!.
— Не. Я толькі ведаю, што прафесар цэлы дзень рыхтаваўся да сеанса, а вечарам ён замкнуўся з сынам у кабінеце на гадзіну, а праз гадзіну… выйшаў ззяючы, нават, я б сказаў, узбуджаны. Ён заявіў мне, што яго гіпотэза ўзрушыць сучасную навуку і што ўгляданне павінна існаваць і павінна быць прызнана афіцыйнай навукай.
Друцкі слухаў затаіўшы дыханне і амаль крыкнуў:
— Тысяча чарцей! У мяне камень спадае з сэрца!
Японец слаба ўсміхнуўся:
— О, у нас і без гэтага быў шэраг, а дакладней, дваццаць два несумненныя доказы існавання частковага ўглядання, выкліканага штучна з дапамогай пераканання, і сем выпадкаў углядання, таксама частковага, без выкарыстання гіпнозу, а з дапамогай натуральных сродкаў.
— Як гэта, натуральных?
— З дапамогай канцэнтрацыі ўвагі цяжарнай па пэўнай дэталі. Так, напрыклад, у пакоі, пазбаўленым якіх бы тое ні было ўпрыгожванняў ці разнастайнасці, змяшчалі карціну з выявай чалавека з адным ненатуральна вялікім вухам. Пачварнасць гэтага вуха прыкоўвала пагляд пацыенткі месяцамі. Яе сын нарадзіўся з правым вухам, большым за левае на семдзесят чатыры працэнты.
— Фенаменальна!
— Альбо, напрыклад, для іншай цяжарнай мы напоўнілі пакой пахам мускусу. Потым адразу стварылі моцны раптоўны шум. Жанчына праз пэўны час, як толькі адчувала пах мускусу, ведала, што хутка будзе грукат, і затыкала вушы. Дык вось яе дачка, якой зараз гадоў дзевяць і якая вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе, як толькі адчуе пах мускусу, адразу затыкае вушы. Калі ў яе пытаюцца, навошта яна гэта робіць, дзяўчынка адказвае, што не ведае. Затое загіпнатызаваная яна без вагання сцвярджае, што будзе стрэл.
— А ў маці таксама захаваўся гэты рух?
— Не. Маці зусім не рэагуе на гэты пах. Але я скажу вам яшчэ нешта цікавае. Гэтая жанчына выйшла замуж за кур’ера з банка і нарадзіла яму сына. Хлопец, якога прафесар Бруніцкі даследаваў год таму, аўтаматычна рэагаваў на пах мускусу затыканнем вушэй. Як бачыце, уражанне, аказанае на маці, перадаецца і плоду, а гэты плод настолькі адлюстраваўся на арганізме маці, што транслюе ўражанне наступным дзецям.
— Неверагодна! Значыць, розныя арыгінальныя рэфлексы ў людзей можна будзе растлумачыць?
— Не толькі рэфлексы, а і адхіленні, агіду, пакутлівыя сны пра рэчы, якія пэўны індывідуум ніколі не бачыў, размовы праз сон на чужых, невядомых мовах, часцей за ўсё на санскрыце. Усё гэта наступствы ўражанняў, атрыманых падсвядома ва ўлонні маці, а часта перададзеных праз сотні пакаленняў.
— Да ашаламляльных высноў прыходзіць сённяшняя навука! — усклікнуў Друцкі.
— Ну, не такая ўжо і сённяшняя, — усміхнуўся Кунокі. — Бацька ятрахіміі[42], швейцарскі ўрач Парацэльс ужо ў пачатку шаснаццатага стагоддзя адшукваў крыніцы анамалій і паталагічных змен ва… угляданні маці падчас цяжарнасці. Праўда, для яго было важна выявіць прычыны ахрамазіі…
— Чаго?
— Ахрамазія — гэта поўны дальтанізм альбо калі чалавек усё бачыць шэрым. Парацэльс адкрыў гэта яшчэ за дзвесце гадоў да Дальтона і сцвярджаў, што людзі з ахрамазіяй — гэта дзеці жанчын, якіх падчас цяжарнасці трымалі ў турэмнай цямніцы. Канечне, гэта версія не вытрымлівае крытыкі. Затое іншыя яго ідэі пацверджаны ўжо некалькімі маімі вопытамі. Я маю на ўвазе музыкальнасць, якая часам бывае спадчыннай, аднак часцей гэта вынік уражанняў, атрыманых цяжарнай.
— Але гэта ўсё частковыя ўгляданні, калі ж гаворка пра Пятра, яно неверагодна поўнае.
— Так.
— І гэта неяк тлумачыцца?
— Зразумела. Прызнаюся вам, гэты выпадак мяне надта зацікавіў, — закруціўся ў крэсле доктар Кунокі. — Зацікавіў не толькі як свайго роду феномен, але і як пытанне, што датычыць непасрэдна прафесара Бруніцкага, да якога я з усёй душой, вельмі паважаю і ўзношу.
— Такім чынам? Вы прыйшлі да якіх-небудзь высноў?
— Так. Я б вельмі хацеў толькі, каб спачатку вы адказалі на адно пытанне.
— Я да вашых паслуг.
— Дык вось, жонка прафесара кахала вас?
Друцкі зрабіў няпэўны рух рукой.
— Хм… на жаль, так.
— Я быў упэўнены ў гэтым, — усміхнуўся японец, — і, як бачыце, гэта была якраз сіла, больш магутная за ўсялякі гіпноз. Наколькі я разумею, вам бы хацелася, каб гэтага пачуцця не было. Я лічу, аднак, што яно павінна было быць моцным. Думаю, поўнае ўгляданне тут тлумачыцца трыма ўплывамі: вашым вобразам, які жыў у псіхіцы гэтай жанчыны, уяўленнем, якое ў момант апладнення павінна было ўнушаць, што акт здзяйсняеце вы, і ўрэшце вашай прысутнасцю падчас цяжарнасці.
— Якімі шляхамі ўздзейнічалі гэтыя ўплывы?
— Біялогія яшчэ не ведае гэтых шляхоў. Яна толькі іх вывучае, абапіраючыся на маю тэорыю электранейронаў, якія з’яўляюцца эманацыяй цельцаў Нісля. Гэта эманацыя ўяўляе сабой пастаянную энергію з рознай частатой хваль і ў кожным арганізме ёсць тым, што мы прывыклі называць псіхічнай энергіяй.
— Значыць, гэта эманацыя не матэрыяльная? — спытаўся Друцкі.
— Даражэнькі, здаецца, што мы, біёлагі, звернемся да пэўнай дапамогі фізікаў, якія так апантана працуюць над вырашэннем праблем матэрыі і энергіі. Бо ў жывым арганізме ўсё выразней праяўляецца аксіёма, што дакладнай мяжы паміж матэрыяй і энергіяй няма. Вось і мае электранейроны знаходзяцца ў бясконцасці пастаянных змен і фаз. У сваёй энергетычнай, безумоўна, форме, як і ўсе не звязаныя ў атамы электроны, яны пранікаюць у матэрыю і аднолькава паспяхова могуць заставацца ў арганізме, які іх выслаў, і дзейнічаць на іншы. Разумееце?
— І гэтым шляхам адбываецца псіхічны ўплыў аднаго чалавека на другога?
— Не толькі псіхічны, даражэнькі, не толькі. Гэта ўжо даказала нам існаванне тэлепатыі, гіпнозу і да таго падобнага. Але мы назіраем і ўплыў чыста фізічны, анатамічны! Я не хачу стамляць вас прыкладамі, дастаткова, калі згадаю пра тое, што эпілепсія, якая выклікаецца зменамі ў тканках нервовых валокнаў, перадаецца шляхам углядання ў выглядзе бародавак, касавокасці, заікання і г. д.
— Гэтыя электроны нічым не адрозніваюцца ад электронаў, якія вылучае, напрыклад, радый?
— Адрозніваюцца толькі спецыяльным спосабам перадачы.
— А вылучаюць іх нервы?
— Увесь арганізм — гэта комплекс незлічоных перадатачных станцый, для якіх нервовая сістэмы — нібыта антэна. Акрамя таго, у ім нашмат большы комплекс прыёмных станцый. Гэтыя станцыі — залозы ўнутранай сакрэцыі. Яны прымаюць шматлікія імпульсы, як з самога арганізма, так і звонку. І пад уплывам гэтых імпульсаў утвараюць свае гармоны.
— Гэта страшна складана, — уздыхнуў Друцкі.
— Толькі для нас, — усміхнуўся доктар Кунокі, — па сутнасці сваёй усё гэта, відаць, ідэальна проста. Толькі сучасная навука знаходзіцца яшчэ ў зародкавым стане. Да вашага ведама, пачатак свядомага чалавечага мыслення адносіцца да часу, калі чалавек вынайшаў агонь, гэта прыкладна чатырыста тысяч гадоў таму. Праз чатырыста тысяч гадоў працы гэта мысленне дайшло да выкарыстання радыё і да члянення атама! А калі верыць вялікаму астраному Джынсу, людзі будуць жыць яшчэ сотні мільёнаў гадоў. Тады, пане, наша навука — гэта нават не алфавіт. І таму нам падаецца такой цяжкай шматскладовая будова спасцігальнага свету, як дзіцяці чытанне першага слова ў азбуцы. Але давайце не будзем больш пра гэта. Я вас стамляю.
— Вы што, доктар, сапраўды думаеце, што я дурань, — абурыўся Друцкі, — якога стамляюць падобныя рэчы?
— Не, не. Але хутка прыбудзе прафесар. Дык я хачу яшчэ вярнуцца да цікавай вам справы. Дык вось, угляданне, плёнам якога стала такое неверагоднае падабенства Пятра да вас, мела нечуванае ўздзеянне дзякуючы самому прафесару Бруніцкаму!
— Не разумею?
— Гэта натуральна. Ён быў вашым аднакласнікам і сябрам дзяцінства. Паводле яго слоў, ён заўсёды быў слабым і хваравітым і пастаянна прыгнечаны гэтым. Гледзячы на вас і адчуваючы вашу апеку і абарону, ён, пэўна, найбольш прагнуў быць такім, як вы. Гэта зразумела. Зразумела таксама, што ён так маляваў сабе ідэал маладога хлопца. Падсвядома, падкрэсліваю, падсвядома ён горача жадаў, каб, па меншай меры, яго сын стаў такім.
Друцкі задумаўся.
— Атмасфера, створаная дзякуючы гэтаму жаданню, у момант, калі прафесар даведаўся пра асаблівы стан жонкі, павінна была спрыяць угляданню.
— Гэтая атмасфера, паводле вашых слоў, уздзейнічала на прымальныя станцыі яго жонкі?
— Канечне.
— Неверагодна, неверагодна… Чорт, вашыя адкрыцці зробяць пераварот у медыцыне.
— У чым? — засмяяўся японец.
— У медыцыне.
— Не, тут гаворка не пра медыцыну. Медыцына — гэта вузенькі, мізэрненькі фрагмент навукі пра чалавека. Адкрыцці прафесара Бруніцкага і мае дадуць. — доктар зрабіў паўзу, — дадуць чалавецтву магчымасць неабмежаванага і свядомага развіцця! Разумееце? Свядомага!
Доктар Кунокі пачаў разгортваць перад Друцкім вобраз будучыні, як перад вілай пачуўся сігнал аўтамабіля. Вярнуўся прафесар Бруніцкі. Ужо сам знешні выгляд выдаваў небывалы для яго выдатны настрой.
Ён доўга і шчыра паціскаў руку Друцкаму, за абедам быў вясёлы і гаваркі. Без ваганняў расказваў пра Пятра з такой свабодай, з якой ніколі пры Друцкім гэту тэму не чапаў.
Пазней яны перайшлі ў залу на каву, і Друцкі, сядаючы на канапу, ледзь не раздавіў ката.
— Чорт, Караль! — усклікнуў ён. — Я калі-небудзь раззлуюся і застрэлю гэтую скаціну.
— І вельмі нас пакрыўдзіш, — засмяяўся прафесар. — Праўда, доктар?
— Канечне. Я рэкамендаваў бы ваш знішчальны інстынкт скіраваць на нашых арпінгтонаў[43] і марскіх свінак. Апошніх у нас зараз зашмат.
— Начорта вам гэтае паскудства?
— Гармоны, сябра. Гэта наша фабрыка гармонаў. Да твайго ведама, у катоў найбольш актыўныя такія залозы, як селязёнка, шышкападобная залоза, валляковая залоза, а перш за ўсё печань. Сакрэцыя гэтых залоз у катоў можа падняцца вышэй, чым у любога іншага самца. Так, напрыклад, і ў марскіх свінак, трусоў і курэй самыя прадукцыйныя полавыя залозы.
Размова доўжылася да позняга вечара. Друцкі распытваў пра дастаўленых ім «трусоў», пра поспехі вопытаў над чаканым малышом і ці праўда будзе хлопчык.
— Бачыш, — смяяўся, праводзячы яго ў вітальню, прафесар, — ты адзін з рэдкіх і ўсё радзейшых аднаполых тыпаў.
— Ты што, лічыш сябе гермафрадытам? — пажартаваў Друцкі.
— Павер мне, Багдане, што так. І не толькі сябе, а і пераважную большасць людзей. Я гавару гэта не толькі як псіхіятр, але і як біёлаг. Калі б навука не дайшла да адкрыцця дзеяння асобных залоз, чалавецтва з яўгенічных[44] поглядаў не рашылася б рабіць вывады з вопытаў доктара Кунокі і маіх. Я цябе запэўніваю, што праз некалькі соцень гадоў розніца ў псіхіцы, а таксама другасныя полавыя і фізічныя прыкметы паміж мужчынамі і жанчынамі перастануць існаваць.
— Чорт! Ці не хочаш ты сказаць, што ў баб будуць расці вусы? Гэта было б непажадана.
— Не хвалюйся. Хутчэй у нас перастануць расці вусы, а ўзамен расшырацца косці таза і павялічыцца падскурны слой тлушчу. Жаночы пачатак у прыродзе мацнейшы.
— Ліха! Гэта значыць, што калі б я жыў праз тысячу гадоў, то павінен быў бы нараджаць дзяцей і карміць іх сваімі грудзьмі! — не стрымаў смех Друцкі.
— Наадварот, — паляпаў яго па плячы Бруніцкі, — можаш не хвалявацца. Хутчэй жанчыны перастануць нараджаць. Не па сваёй віне, а па віне жанчынападобных мужчын. Што ж ты хочаш, сотні рас вымерлі ў выніку гэтага. Грамадства, якое жыве ў надта вялікім дабрабыце, свабоднае ад фізічнай працы павінна дэгенераваць, а паколькі кожная дэгенерацыя ў прыродзе галоўным чынам і перш за ўсё ўплывае на атрафію здольнасці прадаўжэння роду, яно вымірае.
— Ну, Караль, вы тут столькі ўсяго нагаварылі, што мне пэўна ноччу прысніцца, што я нараджаю трайнят. Пакуль, стары дружа.
— Пакуль, стары дружа, — з цёплай ноткай у голасе паўтарыў прафесар, і яны моцна паціснулі адзін аднаму руку.
Аднак гэтай ноччу Друцкаму не суджана было заснуць. У «Аргенціне», куды ён паехаў проста з Дэмбовай, ён заспеў пані Хэлміньску. На шчасце, яна была з мужам і яго сястрой, што перашкаджала ёй прад’яўляць прэтэнзіі па прычыне яго доўгай адсутнасці ў іх вёсцы. Аднак вырвацца дадому яму ўдалося толькі а пятай.
Ён быў рады, што вароты адчыніла Зоська:
— Ты ўжо не спіш, малышка?
— Чакаю, — сказала яна, углядаючыся яму ў вочы.
— Ты сёння яшчэ прыгажэйшая, чым заўсёды, — пагладзіў Друцкі яе па шчочцы.
— Э-э-э… я ўжо, відаць, не зачыню вароты, — вырашыла яна, — пайду рабіць вам снеданне. А… можа, надта рана?..
Яны былі ўжо ў вітальні, і Друцкі прыцягнуў дзяўчыну да сябе.
— На такое снеданне ніколі не рана.
Зоська прытулілася да яго і прашаптала:
— Ой, гэта праўда, гэта праўда…
Ужо сапраўды была пара снедаць, таму што гадзіннік паказваў восем, і Зоська раптам усклікнула:
— Ой-ей! Памяць адбіла! Вам жа тэлеграма!
— Якая тэлеграма?
— Прынеслі апоўначы, — дзяўчына падала Друцкаму дэпешу.
Ён раскрыў.
Юлька клікала яго прыехаць на Хель як мага хутчэй. Ніякіх прычын яна не ўказвала, але ён не сумняваўся, што павінна быць нешта важнае.
— Ліха! — вылаяўся ён. — Што ж там магло здарыцца? Я павінен ехаць.
Друцкі з нежаданнем думаў пра гэта. Калі б пад тэлеграмай быў подпіс Аліцыі, то ён бы не вагаючыся выслаў дэпешу з адмовай. Не можа — і ўсё. Аднак Юлька?.. Гэта павінна нешта значыць.
— Едзеце? — спыталася ўсхваляваная Зоська.
— Трэба, — кінуў ён дэпешу на стол і ўстаў.
— Але вы хутка вернецеся?
— Хутка, малышка, як толькі змагу.
Друцкі патэлефанаваў у гараж, каб падрыхтавалі машыну, Залкінду з паведамленнем, што зноў павінен з’ехаць і з просьбай, каб ён папрасіў прабачэння ў Любы за невыкананне абяцання наведаць яе ранкам у Канстанціне.
Праз тры чвэрці гадзіны Зоська, высоўваючыся ў акно, бачыла, як аўто Друцкага знікала за паваротам.
Не паспела яна пачаць прыбіраць, як у вітальні пачуўся званок. Дзяўчына адчыніла дзверы. На парозе стаяла тая самая прыгожая жанчына, якая раней тут так часта бывала, толькі цяпер яна была загарэлая і, відаць, вярталася з цягніка, бо ў руцэ трымала чамадан.
— Пана няма, — сказала Зоська, засланяючы сабой уваход.
— Нічога, я пачакаю, — адказала Аліцыя і ўвайшла.
— Доўга вам прыйдзецца чакаць, бо пан з’ехаў.
— Куды?
Зоська паціснула плячыма:
— З’ехаў туды, дзе яму спадабалася.
Аліцыя строга паглядзела на яе:
— Навучыцеся больш ветліва адказваць, маладая лэдзі! Калі з’ехаў пан Вінклер?
— Не ведаю, не мая справа.
— Як гэта, вы тут прыслуга і не ведаеце, калі ён з’ехаў?
— Ведаю ці не, я не абавязана кожнаму адказваць.
Аліцыя зняла капялюш, паправіла перад люстэркам валасы і села ў крэсла.
— Вы ж мяне ведаеце, — спакойна сказала яна, — і ведаеце, што я знаёмая пана Вінклера.
— Ведаю. Але мне не давалі распараджэння, каб я кожнай знаёмай, што бегае за маім панам, усё расказвала. Шмат бы знайшлося такіх аматарак.
Зоська так сказала наўмысна, і яе аж распірала ад радасці, што яна дапякла жанчыне, якую не магла цярпець.
— Вам здаецца, што я «бегаю» за панам Вінклерам?
— А хіба не? — здзекліва спыталася дзяўчына.
— І вы мяне не любіце?
Зоська паціснула плячыма.
— І не скажаце мне, калі пан вернецца?
— Адкуль жа я магу ведаць? Ён казаў, што едзе да настолькі прыгожай жанчыны, што другой такой на свеце няма, — зманіла дзяўчына, цалкам усведамляючы, якое ўражанне выкліча яе наіўны тон, — а калі яна такая прыгожая, то пэўна ж яму не захочацца хутка вяртацца.
Аліцыя сціснула вусны і адвярнулася. У гэты момант яе позірк упаў на стол, дзе ляжала тэлеграма. Яна хутка ўстала і схапіла яе, перш чым Зоська паспела ёй перашкодзіць.
Аліцыя чытала, і твар яе рабіўся ўсё бляднейшы. Раптам яна ўсё зразумела: Юлька — палюбоўніца Багдана, яны так усё зладзілі, каб пазбавіцца ад Аліцыі…
— О, гадзіна, гадзіна… — зашыпела яна праз сціснутыя зубы і, не звяртаючы ўвагі на Зоську, спешна надзела капялюш, узяла сумку і выбегла.
Аліцыя была напаўпрытомная, калі загадала ехаць на вакзал. Тут яна даведалася, што найбліжэйшы поезд на Хель адыходзіць у сем вечара.
— Калі б удалося яшчэ трапіць у аэрапорт, — сказаў служачы, — то вы б паспелі на самалёт да Гданьска. Але ўжо, відаць, не атрымаецца, бо засталося толькі пяць хвілін.
Аліцыя супакоілася. Канечне, яна не паспее. Зрэшты, перш за ўсё трэба авалодаць сабой, узяць сябе ў рукі. Яна не памятала, каб калі-небудзь так хвалявалася.
Аліцыя назвала таксісту адрас на Тапалёвай.
— Ох, гадзіна, гадзіна… Чакай жа, ты!.. Шчаня! Найпрыгажэйшая ў свеце жанчына! — выбухнула яна кароткім здзеклівым смехам. — Але я табе адпомшчу, страшна адпомшчу!.. Гадзіна!
— Слухаю вас? — павярнуўся да яе шафёр.
Толькі цяпер яна заўважыла, што гаварыла ўголас.
— Вам я нічога не гаварыла, — кінула Аліцыя ледзь не са злосцю і падумала: «Авалодаць сабой, авалодаць сабой любой цаной!»
Яна баялася дапусціць у сваю свядомасць думку, што губляе Друцкага, што выпускае з рук шчасце, якое яна не можа аддаць, таму што яе жыццё страціць сэнс і вартасць.
«О, Бох, Бох, як я цябе кахаю! Як я цябе кахаю…»
— Два злотыя сорак грошаў, — сказаў таксіст, спыняючы аўто.
— Што? — не зразумела яна.
— Два сорак.
— Ага, калі ласка.
Аліцыя хісталася, узыходзячы па лесвіцы:
— Пачакай жа, змяя, пачакай!