— Во, паглядзіце, — сказала Зоська, падаючы Друцкаму нейкі нямецкі ілюстраваны штотыднёвік, — як гэта пані на фатаграфіі падобная да той, што да вас сюды прыходзіла. Гэты часопіс прыходзіць да адной сям’і з трэцяга паверха, што зараз сядзіць на лецішчы. Я ўчора там праветрывала і якраз паштальён аддаў.
Друцкі шырока адкрыў вочы. Перад ім была выява Аліцыі, а подпіс абвяшчаў: «Зорка польскага правасуддзя падпракурор Аліцыя Горн прыме паўнамоцтвы кіраўніка пракуратуры Варшаўскага акруговага суда, замяшчаючы выйшаўшага ў адпачынак пракурора Мартыновіча. Гэта новае пацвярджэнне аксіёмы, што жанчына ў любой прафесіі можа з поспехам канкурыраваць з мужчынам і самога яго прымусіць прызнаць яе перавагу над многімі супернікамі супрацьлеглага полу…»
Друцкі адклаў часопіс. Яму прыйшло ў галаву, што Аліцыя павінна быць вельмі рада свайму кар’ернаму росту і з цягам часу, напэўна, увогуле забудзецца пра яго і пра сваё каханне, якое яна сёння яшчэ лічыць вечным. З часу іх апошняга разрыву яна тэлефанавала яму адзін раз пад маркай просьбы, каб знішчыў усе яе лісты (хоць ведала, што ён даўно ўжо гэта зрабіў) і напісала яму вельмі доўгі ліст, у якім паўтараліся ўсе клятвы і абяцанні з мальбой выдзеліць ёй хоць крыху часу, які ён траціць на першых найпрыгажэйшых са спатканых жанчын… Ён не адказаў, а праз некалькі дзён атрымаў новы ліст, у якім быў толькі адзін сказ: «Памятай, што я не ўмею прабачаць».
Ён ведаў пра гэта, але зараз быў заняты справамі, якія патрабавалі надзвычай шмат увагі, каб выдзеліць час і думаць пра Аліцыю.
Бандыты, нанятыя Фаерсонамі, пастаянна суправаджалі Друцкага, і не было спосабу пазбавіцца ад іх інакш, як праз паведамленне ў паліцыю, што было б раўназначна арышту як Фаерсонаў, так і Залкінда. Канечне, такі шлях нават не прыйшоў Друцкаму ў галаву. Тым больш што Залкінду пагражала двухгадовае зняволенне за ўдзел у махінацыі цесця Фаерсонаў, пра якую Друцкі нічога добрага не ведаў і ведаць не хацеў.
Акрамя таго, ён рыхтаваў «труса» для Бруніцкага.
Гэта была маладая манікюрка, якая на гэты момант засталася без працы і паходзіла з таго самага маленькага мястэчка, што і маці Зоські. Распытваючы яе пра гэтую дзяўчыну, Друцкі лёгка здабыў шмат патрэбнай яму інфармацыі. Манікюрку звалі шматабяцальна: Цеплік, Ірэна Цеплік. Ёй было дваццаць гадоў, і жыла яна ў Грохаве. Ва ўладальніка цырульні, у якой яна працавала, быў з ёю раман, і ён ад яе пазбавіўся, як толькі яна зацяжарыла, а сам пераехаў некуды на Памор’е.
Друцкі лёгка адшукаў у Грохаве маленькі домік з садочкам, які належаў адстаўному чыгуначнаму кандуктару і яго сястры, таксама старой бабульцы. Цеплікуўна здымала ў іх паддашак. Друцкі некалькі разоў ездзіў туды, перад тым як яму ўдалося пазнаёміцца з дзяўчынай. Зрабіў ён гэта проста, карыстаючыся тым, што домік стаяў наводшыбе, на значнай адлегласці ад іншых. А менавіта, калі заўважыў дзяўчыну ў садочку, то спыніў машыну і папрасіў у дзяўчыны шклянку вады. Пасля трэцяга візіту ён з ёй быў ужо на кароткай назе. Пазнаёміўся Друцкі і са старымі, якім дзяўчына прадставіла яго як даўняга кліента з цырульні і, відаць, дала ім зразумець, што гэты мужчына хоча з ёй ажаніцца. Падчас чацвёртай сустрэчы яна сама прызналася яму ў падмане, тлумачачы яго тым, што пратэрміноўвае аплату і, акрамя таго, старая пачынае яе падазраваць.
У гэты час Друцкі рашыўся на максімальна простую і ясную развязку справы. Ён растлумачыў дзяўчыне, што мог бы даць ёй грошы на пазбаўленне ад плода, але шкада яе здароўя, аднак, калі яна пагодзіцца нарадзіць дзіця, то і сама, і малое будуць пад надзейнай апекай у аднаго вельмі багатага прафесара, які і пасаду для яе потым знойдзе, і пасаг дасць. Трэба толькі, каб яна дома сказала, што едзе ў іншы горад, напрыклад, у Кракаў, і каб ні словам не ўпамінала аб прафесару.
Дзяўчына раздумвала два дні і нарэшце згадзілася. Развітваючыся вечарам, дамовіліся, што заўтра ў дзесяць вечара Друцкі па яе прыедзе. Старыя ўсяму вераць і пра яе «нарачонага» адгукаюцца з захапленнем.
Адразу пасля вяртання дамоў Друцкі па тэлефоне паведаміў прафесару, што заўтра ў дзесяць трыццаць ён даставіць «трусіка». Бруніцкі ўзрадаваўся, але папрасіў перанесці дастаўку на паўгадзіны пазней, таму што ён хоча сам паехаць на вакзал па Пятра, які прыязджае з Закапанэ якраз у дзесяць з хвілінамі, а прафесар хацеў бы быць дома ў момант прыезду пацыенткі.
Назаўтра Друцкі ва ўмоўлены час пад’ехаў да брамкі саду ў Грохаве. Аднак ён не паставіў «фулд» перад самай каліткай, як гэта заўсёды рабіў, таму што тут над дарогай звісалі галіны дрэў, мокрых ад вечаровага дажджу. Толькі таму ён пераставіў машыну на некалькі дзясяткаў крокаў далей і спыніў пад плотам, не ўяўляючы, наколькі гэта паўплывае на далейшы ход справы.
Дзяўчына з радасцю павіталася з Друцкім, аднак старой, якая настойвала прыгатаваць ёй што-небудзь паесці ў дарогу, каб утаіць сваю гатоўнасць, сказала, што яна яшчэ не вырашыла: ехаць ці застацца.
— Ой, даражэнькая мая, ён кажа, што кахае і не можа без мяне жыць. Але я зусім за ім не бегаю і не паехала б, калі б не тое, што я яго баюся.
Старыя абое паўшчувалі яе за гэта, а Друцкі заліваўся ад смеху, седзячы на ганку і чуючы ўсю размову. Калі Цеплікуўна выйшла да яго і спыталася, выглянуўшы за брамку, дзе машына, ён падвёў яе да тыльнага плота.
— А хіба тут змесціцца мой кош? — пажартавала дзяўчына. — Хто яго ведае, добрая гаспадыня столькі мне ўсяго гатуе… Ну, можа, пакуль пасядзім на лавачцы? Яна, відаць, высахла ўжо…
— Ціха! — схапіў яе за руку Друцкі і стаў як укапаны. Ён бы пакляўся, што чуў скрып брамкі і прытоеныя крокі. Але зноў усталявалася поўная цішыня.
— Мне здалося, — сказаў ён. — Так цёмна… Вось тут гэтая лавачка?
— Тут, пад язмінам… Езу!!!
У гэты ж момант пачуўся стрэл, другі, трэці… З кустоў выскачыў нейкі цень, побач прамільгнуў другі… Друцкі бліскавічным рухам дастаў рэвальвер і чатыры разы стрэліў па ўцекачу. Ён хацеў бегчы за ім, але спатыкнуўся і ледзь не ўпаў. Упоцемках ён намацаў плячо дзяўчыны, якая ляжала на зямлі. Пад пальцамі адчуў кроў. Кулі з кустоў, відаць, трапілі ў яе… Яна параненая…
Друцкі схіліўся над ёй, каб яе падняць, але раптам адчуў моцны ўдар у плячо і ўпусціў рэвальвер. У той жа час ён адчуў на спіне чыесьці жылістыя рукі і тут жа побач пачуў прыглушаны свіст. З боку кустоў адказалі таксама.
Друцкі зразумеў, што адзінае выйсце — уцёкі, і проста да тыльнага плота. Адным падкідваннем ён вызваліўся ад захопу і, нанёсшы праціўніку хуткі ўдар у шчаку, пераскочыў праз клумбу, некалькімі крокамі дасягнуў плота, пераскочыў і праз пяць секунд быў ужо ў аўто. Ён націснуў на стартар і рушыў якраз у момант, калі рэшта банды, якая сцерагла на дарозе ля каліткі, зарыентавалася і бягом акружала сад, каб дагнаць яго. Не ўключаючы фар, Друцкі звярнуў на бакавую дарогу і даў поўны газ.
«На гэты раз яны добра спрацавалі. Іх было пяцёра ці нават шасцёра, — падлічваў ён, — і калі б не гэтая цемната, я быў бы ў іх руках. А дзяўчына альбо параненая і самлела ад страху, ці… Чорт… Раптам Друцкі спыніў машыну: — А калі гэта была паліцыя?.. Нонсенс… Канечне, людзі Фаерсонаў. Калі, аднак, ім удалося збегчы, а пэўна ж ніхто іх тут не мог затрымаць, калі дзяўчына загінула…»
Ён вельмі выразна ўсвядоміў небяспеку, якая можа яму зараз пагражаць. Зразумела, калі Цеплікуўна мёртвая. І нават у іншым выпадку. Ён жа павінен будзе растлумачыць паліцыі, куды хацеў забраць гэтую дзяўчыну… Справа дрэнь…
Ён не паехаў дадому, а прама на Наваліп’е. Трэба было перш за ўсё параіцца з Залкіндам. На шчасце, ён быў дома. Друцкі папрасіў, каб яго пакінулі аднаго ля тэлефона і пазваніў Бруніцкаму.
— Караль, мяне не чакай, — сказаў ён, — выйшла вельмі брыдкая гісторыя. Я некалькі дзён буду хавацца, пакуль не выявіцца, нападуць на мой след або не. Ні пра што мяне зараз не пытай і, наколькі можна, трымайся на людзях.
— Гэта жахліва, — адказаў Бруніцкі, — заўтра я павінен паехаць у Парыж, бо паслязаўтра ў мяне справаздача ў Сарбоне… Хм… Тут усё трэба пакінуць на доктара Кунокі. У любым выпадку, я не думаю, што паліцыя можа зацікавіцца маім домам.
— Пакуль, канечне, не, але потым, чорт яго ведае. Зрэшты, Кунокі не будзе адзін, ёсць твой сын, а калі мяне не зловяць, то я таксама, калі што якое, буду пра яго памятаць.
— Я быў бы табе ўдзячны, тым больш што Пятра я не магу цалкам увесці ў курс справы.
Яны перакінуліся яшчэ некалькімі фразамі і развіталіся. Друцкі паклікаў Залкінда, і яны заселі за доўгую нараду. Было ўжо позна, калі яны, грунтоўна ўзважыўшы сітуацыю, прыйшлі да высновы, што пакуль не будзе вядома, ці напала паліцыя на яго след, адна з давераных асоб Залкінда адгоніць «фулд» у гараж на Налеўках.