Падрапаныя дрожкі, запрэжаныя старой кашчавай клячай, затрымаліся ля аднаго з апошніх дамоў на вуліцы Тарчыньскай. Залкінд, які ўсю дарогу прыспешваў рамізніка, хутка ўсунуў яму ў руку нікелевую манету і, больш, чым звычайна, кульгаючы, убег у вароты.
Увесь другі і апошні паверх гэтага дома займала «ўстанова» яго сястры Фені, у вулічных колах шырока вядомай пад мянушкай Купчыха. Паколькі час быў надта ранні для «гасцей», а ўсе пансіянеркі яшчэ адсыпаліся, адчыніла сама Феня, магутных памераў, нябрыдкая яшчэ жанчына ў папільётках і ярка-зялёным халаце.
— Ну, нарэшце, — прамовіла яна з лёгкай нецярплівасцю.
— Яны тут? — спытаў Залкінд.
Сястра не адказала, а толькі паціснула плячыма, нібыта абражаная сумненнем у яе арганізацыйных здольнасцях.
Не здымаючы капелюша і паліто, наадварот, яшчэ больш наставіўшы каўнер, ён увайшоў за сястрой у малы, напаўцёмны і поўны дыму ад танных папярос пакойчык. За сталом, накрытым чырвоным плюшавым абрусам, і на двух ложках сядзела некалькі мужчын, занятых прыглушанай размовай. Залкінд нешта буркнуў пад нос і кожнаму падаў руку. Адзін з мужчын падсунуў яму нагой крэсла і кіўнуў на гаспадыню:
— Гэй, Купчыха, дай бутэльку і закуску, якая там лепшая.
— Хай сабе, — пагадзіўся Залкінд.
— Абавязкова, а як жа?! За такую справу! — засмяяўся малы рухавы жыдок у куце.
— Ну, што? — спытаўся Залкінд у плячыстага панурага мужыка з кучаравай растрапанай чупрынай, які да гэтага часу сядзеў моўчкі.
Кучаравы скосу паглядзеў на яго, сплюнуў паміж ног і сказаў:
— У парадку.
— У Цытадэлі?
— Ага.
— А сёння не завязуць? — занепакоіўся Залкінд.
— Шафёр не працверазее да поўначы, дык ім лепей акупіцца адразу на шыбеніцу.
— Гэты шафёр глытае мятную, як дзяўчына, — засмяяўся жыдок.
— А ксіва дайшла?
— Жалезна, — кіўнуў носам кучаравы.
— Слухайце, хлопцы, што я вам скажу, — падсунуўся да стала Залкінд, — я вам скажу, што я абяцаў пятнаццаць «кускоў» і мы на гэтым пагадзіліся. Але я ў гэтым чалавеку зацікаўлены, як у самім сабе. Калі ўсё атрымаецца, я дадам…
Залкінд зрабіў паўзу і, акінуўшы прысутных хуткім позіркам, скончыў:
— Дадам яшчэ пятнаццаць!
Запанавала цішыня. Кучаравы ўстаў, падцягнуў штаны і працягнуў вялікую лапу Залкінду.
— Што можа не атрымацца? Ці такую працу я рабіў у Амерыцы? На тутэйшых недарэк няма чаго азірацца. Ім нават у галаву не прыйдзе. Ну, рабяты[54], варта і напіцца пад такую закуску, як гэтая дабаўка, а?
Толькі цяпер эфект шчодрасці кліента праявіўся ў тым, што ўсе па чарзе паціскалі яго руку і абселі стол па крузе. Каржакаваты, сівы ўжо чалавек падышоў да Залкінда і пачаў падрабязна расказваць пра тое, як яму ўдалося купіць «беспрызорнага»[55] каня, што нават сам д’ябал не даведаецца, чый ён і адкуль, і калі яго пераедуць, то невялікая бяда. Што ж да грузу, то наваляць якой драўніны і ўсё.
Увайшла Феня і спрытнай рукой пачала расстаўляць на стале талеркі з закускамі, бутэлькі і шклянкі для гарэлкі, пасля чаго прысела сама і пачалося дэталёвае абмеркаванне плана.
Позні восеньскі золак замутніў чорныя шыбы і павольна пачаў змешвацца з бледна-зялёным святлом абажура, з-пад якога невялікі жоўты круг лямпы, які падаў на пісьмовы стол, асвятляў выпуклае шкельца гадзінніка.
Даўжэйшая, тонкая і востраканцовая яго стрэлка, здавалася, спяшаецца, нераўнамерна, рыўкамі і нервова. Часам яна нібыта прыпынялася ў сваім цыклічным бегу, то зноў згадвала, што павінна няўхільна здарыцца вельмі важнае, на што ёй нельга спазніцца, і тады яна бегла так хутка, што чалавечая думка з цяжкасцю даганяла яе, лічачы хвіліны. Затое меншая, шырокая і плоская, як кінжал, заўсёды, здавалася б, нерухомая, бо перамяшчалася павольна, незаўважна пасоўвалася наперад, упарта, заўзята, бязлітасна…
Дзве чорныя малыя стрэлкі, два недарэчныя дарожныя ўказальнікі, якія абарочваюцца вакол сваёй восі ў вечным, бязмэтным руху, накіроўваючы тых, хто стаў перад імі, пытаючыся пра дарогу, на ўсе бакі сусвету. Дзве шалёныя стрэлкі, якія намагаліся сваёй карпатлівай працай змераць усё, што немагчыма змераць, пералічыць тое, што не мае ліку…
Гадзіннік сваім ціканнем запаўняў цішыню, якую не парушалі самыя нязначныя шолахі. За вокнамі заканчвалася восеньская ноч, мёртвая, бясшумная. На бліжэйшым аэрадроме яшчэ спалі. У кватэры таксама панавала поўная цішыня ўжо столькі гадзін. Столькі? Дык колькі ж гэта?.. Ужо амаль пяць іх мінула з моманту, калі званіў тэлефон, калі Меснер паведаміў, што Прэзідэнт адхіліў просьбу пра памілаванне і што, такім чынам, пакаранне адбудзецца роўна а пятай раніцы…
А пятай раніцы!.. Праз дванаццаць хвілін меншая, шырокая і плоская стрэлка сустрэнецца з секунднай, а яе востры канец няўмольна кране чорны знак «5»…
У галаве Аліцыі прамільгнула, што ў яе яшчэ хапае часу, каб напісаць паўтара дзясятка слоў… Прызнання… развітання… Але для каго было пісаць?.. Нікога няма! Абсалютна нікога! О, яна зразумела гэта ўжо вечарам, калі стаяла, нахіліўшыся над пустым ложкам, там, у апошнім пакоі, над пустым ложкам Юлькі… зараз яго праводзяць на плошчу для пакаранняў. Яна памятала: два каштаны на схіле, з левага боку вышчарбленая сцяна, а насупраць варот — шыбеніца. Напэўна, ён ідзе і ўсміхаецца, з узнятай галавой… Толькі лісце на каштанах цяпер павінна быць жоўтае і чырвонае. Калі яна была там падчас пакарання бандыта Гарлача, лісце было яшчэ зялёнае… Уся Цытадэль тады яшчэ поўнілася зелянінай…
Даўжэйшая, тонкая і востраканцовая стрэлка дабіралася да верху цыферблата.
Аліцыя ўзняла руку. На стале, амаль нябачны за жоўтым кругам лямпы, ляжаў маленькі чорны браўнінг. Ён там чакаў. Цярпліва чакаў пяць гадзін.
Пяць гадзін, доўгіх, як вечнасць!!!
Зараз ён павольна ўзняўся на вышыню грудзей. Рука Аліцыі не здрыганулася, пад пальцамі свае апошнія ўдары адлічвала сэрца, стукала ва ўнісон з гадзіннікам…
— Я іду з табой, Бох, іду… Калі б я магла верыць, што мы не ідзём у нікуды, калі б магла… Бох!
Прагучаў стрэл.
Кароткі, сухі, адрывісты трэск браўнінга.
Востры, колючы боль — і лёгкія заліла гарачая хваля.
— А-а-а-а…
Цела перагнулася і ссунулася на падлогу павольна і бязгучна.
Дзверы адчыніліся, і ў пакой дробным крокам убегла Юзэфова, босая, у доўгай накрухмаленай кашулі. Яна нават не крыкнула, адразу ўзялася падымаць пані. Гэта было, аднак, ёй не пад сілу. Яна хутка падсунула пад бездапаможную галаву вялікую белую падушку і патупала да тэлефона.
Праз дзесяць хвілін прыехала «хуткая дапамога». Доктар разам з санітарам паклалі Аліцыю на канапу. Пакуль Юзэфова здолела надзець пеньюар, першасны агляд быў скончаны і пані зносілі ў карэту.
На пытанне служкі доктар адказаў:
— Яшчэ жывая. Звязвайцеся, калі ласка, са шпіталем Дзіцяці Езуса.
Вароты шпіталя былі ўжо адчыненыя. Калі насілкі з самазабойцай паставілі пасярэдзіне амбулаторыі, доктар «хуткай дапамогі» стаў прыспешваць заспанага служку:
— Разбудзіце хутчэй дзяжурнага ўрача, бо, магчыма, што адразу трэба будзе класці яе на стол. Хто сёння дзяжурыць?
— Доктар Лазіньскі, — буркнуў служка і знік з рэгістрацыйнай карткай за дзвярыма кабінета.
Не мінула і хвіліны, як адтуль выбег у расшпіленым халаце дзяжурны:
— Што такое! — ускрыкнуў ён, падбягаючы на насілак. — Відаць, калега зрабіў памылку, калі запісваў! Аліцыя Горн? Пракурор Аліцыя Горн?
— Так. Стрэл у вобласць сэрца, стан вельмі цяжкі.
Лазіньскі адкрыў твар параненай і пакруціў галавой:
— А-ёй! Канец свету! Слухайце, калега, я яе ведаю. Сёлета на Хелі яна ледзь не патанула… Ну, але за работу!
Паколькі доктар Лазіньскі не належаў да тых марудлівых урачоў, якім заўсёды не хапае хуткасці ў прыняцці рашэнняў, праз чвэрць гадзіны параненай зрабілі рэнтген і яна ляжала на аперацыйным стале. Куля засела пад левай лапаткай, шчасліва абмінуўшы сардэчную сумку. Уласна кажучы, яе дарога праходзіла праз сэрца, але яно, як часта здараецца, у момант стрэлу павінна было скараціцца. Аднак жа вельмі моцны ўдар раскалоў костку ў месцы, дзе яна злучаецца з ключыцай, што магло не толькі паўплываць на функцыю рукі, але і сам працэс вымання кулі надта ўскладняла. Да таго ж, і вельмі моцнае ўнутранае кровазліццё не прадвяшчала нічога добрага.
Аперацыя доўжылася дакладна гадзіну і дваццаць дзве хвіліны, і хоць Лазіньскі быў апантаным хірургам, калі ўжо ён аддаў пацыентку ў рукі медсясцёр, то ўпаў у крэсла і лаяўся добрых пяць хвілін лексіконам сапраўднага бадзягі. Нарэшце ён памыўся, таму што ўвесь быў мокры ад поту, і паклікаў служку, каб ён злучыў яго з такім вось нумарам.
— Гэта кватэра доктара Чухноўскага? — спытаўся ён.
— Так. Але ён яшчэ спіць.
— Дык будзіце яго зараз жа. Доктар Лазіньскі на сувязі.
Праз хвіліну заспаны Чухноўскі падышоў да апарата:
— Што здарылася, Ромэк?
— Прыязджай, Уладэк, зараз жа ў бальніцу, хутчэй.
— У мяне сёння выхадны, — запратэставаў Чухноўскі.
— Ідзі ты са сваім выхадным! Разумееш? Прыязджай зараз, ды вазьмі таксі, бо я цябе чакаць не буду, а ты потым сам пашкадуеш.
Калі Чухноўскі прыехаў, Лазіньскі ўвапхнуў яго парай штуршкоў у кабінет:
— Ты кажаш, Уладэк, — пачаў ён, — не тваё дзяжурства, але ў мяне тут такая пацыентка, ля якой ты сам захочаш дзяжурыць.
— Чаму гэта? — зяўнуў Чухноўскі.
— Ды вось, хуткая прывезла. Спроба самазабойства, але запісана як выпадак са зброяй. Так пажадала паліцыя. Паскудная рана. Працята левае лёгкае і лапатка. Я там усё прыбраў, ну і, можа, прамыецца, з паўгода ў ложку, жалезна.
— Ну добра, — паціснуў плячыма Чухноўскі, — не разумею, аднак, навошта ты мне гэта гаворыш і чаму я павінен утойваць, што гэта была спроба самазабойства?
— Утойваць? Ды таму, што самазабойца — значная фігура, не абы-хто… пракурор Аліцыя Горн.
Чухноўскі ўскочыў, смяротна збялеў, адкрыў вусны, захістаўся і ўпаў у крэсла.
— Толькі не млець мне тут! — рыкнуў Лазіньскі. — Ты, румза! Я табе кажу, што ёй нічога не будзе. Хадзем, я праводжу цябе да яе, ну!
У маленькім белым пакоі без кроплі крыві на твары з закрытымі павекамі ляжала Аліцыя.
Чухноўскі ўкленчыў перад ложкам, і ціхае рыданне стала трэсці яго сагнутую спіну. Вусны прыпалі да нерухомай белай рукі на коўдры, а слёзы болю, слёзы спачування, слёзы надзеі і шчасця падалі з яго вачэй так густа, што ніхто не здолеў бы адрозніць, якая з іх якім пачуццем была выклікана.
Доктар Лазіньскі хвіліну стаяў моўчкі, нарэшце махнуў рукой і выйшаў, асцярожна замыкаючы за сабой дзверы.