Раздзел восьмы ТАЕМНЫ ПРЫТУЛАК ЧОРНАЙ МЕЛАНХОЛІІ

Якія толькі страхоцці не жывуць на беларускіх балотах!

Бязвокі таўстун балотнік паціху вырошчвае атрутную траву багун ды прыманьвае разявакаў прыгожымі салаўінымі спевамі. Чорны лянівы багнік пускае бурбалкі на тарфяных балотах. Брухаты аржавень на тонкіх ножках выбірае балоты з жалезнай рудою. Мусіць, ад таго адрыгванне ягонае настолькі паскуднае, што нават нячыстую сілу адпужвае. А на карлюкаватых дрэвах тут ладуецца аднавокі лазавік, сам з пазногаць, барада з аршын, пуга ў руках у сем сажняў...

Не, ёсць і не толькі страхоцце — у кожнай вялікай кветцы лілеі сядзіць гожая белатварая балотніца. Вось толькі ногі ў яе гусіныя. А колькі тут вужакаў ды вужалкаў, кікімараў ды шышыгаў...

А дзе ж яшчэ котліцца нячыстай сіле, як не ў месцы, што ўтварылася, калі нячысцік адрыгнуў скрадзеную ў Бога падчас стварэння свету глебу!

Побач на чорнай вадзе дрыгвы расплываліся ржавыя плямы... Значыць, аржавенніка ўладанні. I трава была высахлая, рудая, быццам рэшткі поўсці здохлай вялізнай жывёліны. I пах гнілы.

Але тутэйшае балота не пустэльня, на якой праглядалася б кожная купінка. Гэта было б няправільна — ісці туды, дзе будзеш, як жук на паперы, перад варожым вокам. Паўсюль цямнелі выспы хворых дрэваў, якія, нібыта ў знясіленні, хінуліся адно да аднаго, заступалі дарогу шаргатлівыя шыхты камышоў.

Пранціш азірнуўся: апошнім з іх банды ехаў на нізкім белым коніку Ясючок, нешта мармытаў. Дзіўна, але недарэка не выглядаў такім спалоханым, як мог бы ў гэтым злавесным месцы. Што значыць — сустрэць некага больш слабенькага, таго, хто ў табе пабачыў абаронцу!

А наперадзе рушыла Меланхолія. Дарогу паказвала. Бо без яе даўно была б уся іхняя банда ў дрыгве, руда-чорна-зялёнай. Конь Чумы ступаў павольна па непрыкметнай, але цвёрдай сцежцы. Месцамі тая сцежка хавалася пад слоем цёмнай вады — і не западозрыш, што конь можа сюды ступіць бясшкодна. Месцамі дарога збочвала, ішла петлямі... Карацей, як не ведаеш дакладна — не пройдзеш.

Ды што за логвішча іх чакае ў гэтых нетрах непралазных? Пранціш не юны ўжо, каб спаць на вільготнай купіне, ветрам накрыўшыся.

Але ён не спрачаўся, калі Меланхолія прапанавала перачакаць некалькі дзён у ейнай сядзібе. Нават Лёдніка дапамог угаварыць. Бутрым, дарэчы, узбурыўся, як варыва пад накрыўкай. Бо перад вянчаннем яшчэ казаў сужэнцы пазбавіцца ад ейнага нажытага крывавай працай пасагу... Хопіць на пражытак ягонага майна, усё ў іх цяпер агульнае.

Мабыць, Гальшка, ведаючы характар сужэнца, і не прызнавалася ў сваіх уладаннях... Каб лісіца пазбавілася свае патаемнае нары?

Карацей, высветлілася, што ў Меланхоліі такая нара захавалася.

I з боку Бутрыма, які ехаў за жонкай, было дурноццем ды дзяцінствам закапыльваць губу і змрочна маўчаць, выказваючы сваю няўхвалу з ейнага непаслушэнства. Ведаў, з кім звязваўся.

Ад дальняга гайка адпаўзаў туман: нейкі смелы заяц пачаў варыць піва.

— Куды ты нас цягнеш? Не разумею, як у такой багне жытло будавалася... — не вытрымаў маршалак.

Меланхолія азірнулася.

— Не хвалюйся, Вырвіч. Хацела б вас патапіць — ужо пухіры пускалі б. Тут ладная грэбля была. Калі я набыла сядзібу, трохі ўсё змяніла.

Хітра. Але ж як Лёднік не цэніць такі давер — спрактыкаваная наймічка аддавала яму самае патаемнае...

Вырвіч ляснуў сабе па шчацэ, раздушыўшы чарговага зумкатага крывасмока... Шчака адразу зачасалася. Вось каб усіх крывасмокаў на свеце можна было плескачом раздушыць... Але яны звычайна ходзяць на дзвюх нагах і абкружаюць сябе бессаромнымі быкаватымі наймітамі, гатовымі затаптаць любога непакорлівага.

У тумане закугікала балотная птушка. Ды так жаласна, безнадзейна... А потым наперадзе, там, куды яны кіраваліся, завыла... нешта.

Вырвіч ніколі нічога падобнага не чуў.

Хіба ваўкалак, дакладна не звычайны воўк, мог бы гэтак пагрозна і застрашліва выць, быццам аддзіраючы шэрае неба ад чорнай зямлі... Ажно коні ледзь са сцежкі ў дрыгву не шугануліся. Каб не Меланхолія, якая толькі паблажліва ўсміхалася, Вырвіч сто разоў падумаў бы, ці варта кіравацца ў той бок.

Ясючок спалохана заазіраўся і сыпануў назад з мяшэчка яшчэ трохі сухой травы ірменя, якая адганяе ад чалавечых слядоў балотную нечысць. Добры чалавек у заезным доме, дзе яны спыняліся, даў гэты надзейны сродак. Дачуўся, што да страшнага Гнілога балота падарожнікі кіруюцца, і вылічыў, што Ясючок у іхняй бандзе самы знаўца.

Праўду чалавек той сказаў, што на Гнілым балоце пачвараў многія чулі. Балотнікі ды ваўкалакі выюць страшна, a балотніцы ды русалкі спяваюць гожа-гожа, заманьваюць.

Ну, дай, Божанька, таму крывавокаму таўстуну з карчмы здароўіца. Пакуль ніякая пачвара, высунуўшыся з дрыгвы, за ногі коней не хапала.

Ясючок намацаў у запаветным мяшэчку яшчэ шчопаць парашку, зусім не падобнага да звычайнай сушанай травы. На табе, аржавень, на лысіну...

Раптам Меланхолія прытрымала каня, падняла ўладна руку. Невялікі атрад спыніўся. А дзеўка закігікала птушкаю... Раз, другі, трэці... З-за бліжэйшага гайку пачуўся такі ж трайны вокліч.

— Ужо блізка, — абнадзеіла Гальшка і прыспешыла каня.

Сцежка сапраўды пацвярдзела, прыўзнялася над купінамі і пашырылася. Цяпер верылася, што тут калісь была прыстойная дарога. За купкай хударлявых соснаў паказаўся зялёны дом, крыты пазелянелай ад часу дахоўкаю. Ён стаяў на выспе пасярод балота, абкружаны высокім плотам з бярвенняў з завостранымі канцамі. З-за плота віднелася толькі мансарда з гаўбцом. Вытанчаныя разьблёныя калоны на гаўбцы былі пафарбаваныя ў белае і здалёк нагадвалі косткі.

Прытулак Бабы Югі з дзіцячых жахалак.

— Ярмол, гэта са мной, свае! — крыкнула Меланхолія, калі пад’ехалі да варотаў з цяжкіх дошак, умацаваных жалезнымі палосамі.

Знутры грукнулі засовы, створкі павольна расчыніліся... Банда Чорнага Доктара заехала ў рэзідэнцыю Чорнай Меланхоліі пасярод Гнілога балота — самы пачатак для страшнай казкі.

Ярмол намаляваўся тут жа, медзведзяваты барадаты мужык, узброены доўгай стрэльбай. Але страшнейшы за зброю быў твар: на лбе і шчоках выпаленае кляймо, а менавіта літары Z, D i R. Што азначала пачатак слова «здрайца».

Вырвіча адразу перасмыкнула ад грэблівасці: дзяржаўны злачынца! Але потым ён спыніў сябе: у гэтым несправядлівым, бязладным свеце ці мала што можа здарыцца... Урэшце, яны самі зараз ці не дзяржаўныя злачынцы і здраднікі ў вачах пэўных колаў?

— Рады бачыць пані! — між тым кланяўся Меланхоліі закляймёны, дакладна як кірмашовы мядзведзь, але, далібог, і сапраўды радаваўся, як роднай.

— Тата, пані Гальшка! Алесь!

Ад драўлянага дамка з мансардай і высокім ганкам з белымі, як і на гаўбцы, калонамі бегла бадзёранькая і гожанькая, нібы анёлак, паненка ў каптурыку і фартуку паўзверх сціплай сукенкі... Сафійка! А вось і Карусь за ёю — ідзе няспешна, паклаўшы на плячо стрэльбу. I Сцяцко тут жа, лыбіцца, рукой Ясючку, свайму даўняму падапечнаму, махае.

А Вырвіч быў упэўнены, што гэтая кампанія даўно ў Караблях, ва ўладаннях Лёдніка, прытулку збеглых прыгонных. Чаму Бутрым не паведаміў?

Але аднаго пагляду на ўражанага доктара хапіла, каб зразумець, што і яго жоначка падманула, калі адправіла няздзейсненую мнішку ды інжынера Белай фартэцыі не ў Караблі, а ў сваю хованку.

Ну Гальшка... Добра, што яны цяпер на адным баку.

Між іншым, Сафійка, паабдымаўшыся з бацькам ды братам, так і павісла на шыі Меланхоліі, нават парумзала ёй у плячо і пра нешта пашапталася... А сапраўды, нечым падобныя падчарыца і мачыха, постацямі дык дакладна.

Злева ад дома, на вяроўках, нацягнутых паміж двума слупамі, бялелі памытыя кашулі, пад імі на траўцы стаяў кошык. Лёднічанка, перш чым зайсці з дарагімі гасцямі ў дом, падбегла, дастала з кошыка апошнюю кашулю і ўвішна павесіла на вяроўку. Вось табе на, нядаўняя ваяводзіна слугам кашулі мые? Што ж, бяда ўсяму навучыць.

Вырвіч агледзеўся. Акуратненька ўсё на двары, дарожкі падмеценыя, траўка скошаная... Вунь там, здаецца, гарод і нават невялікая аранжарэя, сад дагледжаны. Чуваць, як куры квохчуць, індыкі гергечуць. А там козы, здаецца? Невялікая, але ладная гаспадарка! Можна аблогу трываць колькі заўгодна, тым больш вунь якія ўмацаванні, у бярвеннях байніцы для абстрэлу нападнікаў... А вунь тыя вежачкі, што выглядаюць навейшымі за астатні плот, мусіць, Карусь зрабіў...

I ўнутры жытло Меланхоліі зусім не нагадвала дзікае логвішча забойцы. Ну хіба калекцыяй зброі, якой было багата — і на сценах развешана, і ў адмысловых падстаўках... Дзіды, мячы, арбалеты, рапіры, палашы, шаблі-карабелі, шаблі-серпанціны, шастапёры... Ды, напэўна, зброяй былі і многія з тых дзіўных прадметаў, якім Пранціш не мог даць вызначэння, а таксама штуковіны кшталту таго веера са сталёвымі спіцамі, з дапамогай якога наймічка адбіла шаблю Алеся.

А жытло цалкам шляхецкае, багатае... Праўда, не відаць, што гаспадыняю кабета — ні табе бліскучых вытанчаных забавак, якія любяць пані, ані мяккіх кілімаў, люстэркаў, вазачак... Цёмная мэбля, прыкрашаная разьбою. Галовы ўвасабленняў вятроў сувора разявалі раты на дзверцах шафаў, твары купідончыкаў паглядалі злавесна-хітра... На карцінах — пейзажы без шчаслівых пастушкоў і німфаў, без альтанак і ружовых кустоў. Стромыя горы, бурлівае мора, паляўнічыя на снезе, баталіі... Шпалеры без кветачак, стрыманыя колеры: зеленкаваты, жаўтлявы. Пранціш, пакуль ішоў па калідоры, зазірнуў у адны прыадчыненыя дзверы: фехтавальная зала. Хто б сумняваўся...

Цяжкі дубовы стол запаўняўся ежай, і гэтым разам падавала ўсё Сафійка. Дзіўна, але на Каруся знарочыста не глядзіць. Няўжо не збуркаваліся галубочкі пасля ўсіх выпрабаванняў? Карусь жа час ад часу зіркае на яе, быццам на радасць нябесную...

Лёднічанка ўрачыста паставіла перад бацькам срэбнае блюда з накрыўкай... Адкрыла... Спакусны пах заказытаў у носе. Рубцы з анісам! Улюбёная страва Лёдніка, якую дасканала ўмела рыхтаваць Саламея.

Бутрым ацаніў, ягоныя цёмныя вочы павільгатнелі, кіўнуў з удзячнасцю дачушцы. Нават Алесь расчуліўся. А Меланхолія, прыбраная ў слічную сукенку з блакітнага шоўку з белымі карункамі, з валасамі, укладзенымі ў высокую прычоску — хоць зараз у палац — даставіла да стала яшчэ аднаго госця... Дакладней, падкаціла ў крэсле на колах. Бледны яшчэ малады мужчына, цёмная бародка i вусы, запалыя светлыя вочы, лоб у ранніх зморшчынах. Пустыя рукавы кашулі падвернутыя, калашыны нагавіцаў таксама. У чалавека не было ні рук, ні ног... Яму пашанцавала нават меней, чым шляхціцу Варонскаму, якога Кемпелен садзіў у аўтаматычнага турка-шахматыста, — той меў хаця б адну руку, каб рухаць фігуры.

— Знаёмцеся, гэта Пятрок, — абвясціла Меланхолія. — Ён тут жыве. Мала каго бачыць. Думаю, яму цікава пазнаёміцца з новымі асобамі.

Пранціш засумняваўся — ці гэты Пятрок дастаткова пры розуме і ці дастаткова выхаваны, каб мець гонар сядзець за адным сталом з панамі? Пры Лёдніку, вядома, сваю грэблівасць не пакажаш, не ацэніць...

Але Пятрок, загаварыўшы, абвергнуў асцярогі маршалка менскага:

— Перапрашаю шаноўнае панства, што навязваю сваю кампанію. Магчыма, мне было б лепей далучыцца да вас пасля абеду, каб не псаваць прысутным апетыту...

Мяккі, глыбокі голас дзівоснай прыгажосці — каб уладальнік такога голасу заклікаў абуткам печкі распальваць, усе б босымі хадзілі.

— Глупства, Пятрок! — Меланхолія зручней уладкавала калеку і ўселася побач, а Бутрым пачаў ужо абшарваць пільным позіркам патэнцыйнага пацыента. — У гэтым доме ніхто табой гідзіцца не будзе. Хай лепш гідзяцца ўласнае фанабэрыі, калі ў каго засвярбіць.

Вырвіч адчуў шпільку ў свой загон, але змаўчаў. Яны ў паходзе, а падчас ваенных дзеянняў шляхціц можа нечым палітэсным і паступіцца, з простым жаўнерам акоп дзелячы. Урэшце, гаворка калекі сведчыла, што ён меў адукацыю і вучыўся манерам.

— Магчыма, мне паспяваць для аздобы абеду, пані Галена? — павярнуў галаву да Меланхоліі ейны падапечны. — Вы не хвалюйцеся, пані Сафія мяне была пакарміла.

Але гаспадыня Гнілога балота як адрэзала:

— Абыдуцца. Ты тут не дзеля чужой уцехі. — I патлумачыла гасцям: — Пятрок выдатны спявак, мала такіх чула хоць бы і на найлепшых сцэнах.

Бaўтрамей не вытрымаў, асцярожна спытаў:

— Ці магу я даведацца, як з панам здарылася гэтае няшчасце і ці не трэба вам дапамога доктара? Я б агледзеў пана, калі ён дазволіць.

Тонкія рысы Петрака выявілі здзіўленне:

— Дзякую, ваша мосць, але не варта. Што ўжо тут парадзіш. I я не пан, вашая мосць... Я просты артыст, сын мужыцкі. Не дагадзіў свайму гаспадару, пасядзеў звязаны ў халоднай, абмарозіўся, ды яшчэ рукі-ногі вяроўкамі пераціснутыя... А лячыць толкам не было каму.

— За што ж цябе так? Бунтаваўся, забіў каго ці скраў штось? — уступіў у гаворку і Вырвіч.

— За песні, вашая мосць, — тонкія вусны артыста скрывіліся ў горкай усмешцы. — Прыехалі да пана госці з Санкт-Пецярбурга. Адзін генерал з прыемным такім барытонам аказаўся... I паненка прыезджая высокі моцны голас мела. Канцэрт зладзілі з італьянскіх операў. Я таксама спяваў. I сам, i дуэтам з паненкай. I собіла ж мне не прамаўчаць, калі пачалі ўсе нахвальваць італьянскія песні ды ганіць дурноцце тутэйшага люду, няздольнага спарадзіць падобнае хараство... Заспрачаўся. А нашы ж песні, панове, нічым не горшыя за італійскія, а ў нечым і пераўзыходзяць — калі часам у вёсцы зацягнуць шматгалосна, ды з пераліўкамі. Гэта з нашых беларускіх вясковых песень запазычваюць мелодыі для палацавых аркестраў.

Вочы Петрака гарэлі цёмным натхнёным агнём, i ён раптам зацягнуў:

— Ой, ляцеў арлішча...

Які голас! Колькі пачуцця! I сапраўды — дзівосная мелодыя... А нарадзілася пад страхою беларускай вёскі, мужыкі ды бабы непісьменныя гэтую прыгажосць захоўвалі...

Пятрок скончыў спяваць, усе нейкі час агаломшана маўчалі.

— Хто быў тваім панам? — ціха запытаўся Баўтрамей.

Замест Петрака адказала Меланхолія:

— Граф Мануцы. Наш стары знаёмец.

Ну так, гэты нягоднік можа. Той, што зладзіў у сваім маёнтку Бяльмонты таемны вясёлы дом для арыстакратаў, для якога дзяўчатак па вёсках кралі... I Сафійку ледзь там не загубілі.

— Я Петрака ў лесе пры дарозе падабрала, — Гальшка круціла відэлец, нібы збіралася ў каго торкнуць. — Яго, калі стаў калекам, выкупіў сабе адзін увішны спадар... Вазіў па кірмашах, змушаў спяваць, грошы збіраў... Пакуль ад застуды ды напругі голас у хлапца не пачаў зрывацца. I той спадар аднойчы на нейкім кірмашы пабачыў, што болей зарабляе папугай, які ўмее гаварыць. Вось і набыў таго папугая, а Петрака збыць не ўдалося — дык са злосці проста кінуў яго.

— Усё да лепшага, — раптам светла-светла ўсміхнуўся спявак. — Гасподзь даў мне каштоўную здольнасць. Яе і пакінуў. Часам думаю: ці прамяняў бы песні свае на здаровыя рукі-ногі? Бывае, слабасць бярэ — эх, прамяняў бы... Пасля — не, грэх! Я ж, калі павучыўся музыцы ў Варшаве ды вярнуўся, ні разу да матулі ў вёску не з’ездзіў... Хоць рана мяне забралі, а бацькі ахвотна аддалі — ды ці ўспаміналі, — але я мусіў не забывацца. Зграшыў. Вазілі мяне па тэатрах ды палацах, паненкі ўсміхаліся, паны шампанскім частавалі, паверыў, што я i сам пан... Вось i пакаранне... Але голас застаўся — а значыць, дабраславенне Божае са мною.

У Вырвіча мімаволі пераняло ў горле... Моцным трэба быць, каб вось так думаць. Бутрым таксама паглядаў на музыку ўзрушана: сам перажыў час, калі ногі адняліся, дык такую тугу тады на сябе нагнаў — Саламея вочы выплакала.

— Бог добрых людзей пасылае... — усміхнуўся Пятрок. — Пані Галена выратавала мяне, прытуліла, Ярмол даглядае. Вось нядаўна пан Калістрат узяўся нейкае адмысловае крэсла ладзіць.

Каму мігдалы гаркавыя, каму сухар з плесняй салодкі.

А рубцы з анісам таксама смачныя.

А пасля Пятрок яшчэ паспяваў. Не для панскае ўцехі — відаць па ўсім, хлапцу было гэта міраю ды ладанам па душы. I беларускія балады выконваў, i псалмы старажытныя, і арыі... I адзін, і на пару з Меланхоліяй. Жартаваў, смяяўся... А пасля салодзенькай арыі Керубіна раптам як завые! Горла напружылася, жылы на шыі ходзяць ходарам, а выццё, здаецца, адусюль, з усіх кутоў ідзе. Ажно Ясючок прыбег, сунуў галаву ў дзверы ды коні на двары заіржалі.

— Не зусім я бескарысны для гэтай гасподы! — засмяяўся Пятрок.

Дык вось што яны чулі, калі сюды ехалі! Аказваецца, Меланхолія падбіла спевака, каб час ад часу адпалохваў ахвочых залезці ў таямнічую сядзібу ў пошуках спажывы. Калі ён песні спяваў — балотніцам ды русалкам згубную спакусу прыпісвалі, а як выў — ваўкалакаў падазравалі ці ўвогуле кадука якога... Страшныя чуткі ахоўваюць надзейней за ружжы.

— А Ярмола ты дзе падабрала? — Вырвіч не стрымаў пытання, што даўно муляла. Катаржнікаў ім пад бокам не хапала...

Гальшка толькі выскалілася:

— Падабрала пры дарозе, пры бярозе. Не бойся, маршалак, ён чалавек верны. I сумленны. Сумленнейшы за тых, хто на яго кляймо ставіў.

Алесь спадылба глянуў на мачаху... Яму відавочна не падабалася ейная разняволеная манера. Калі трэба, Гальшка магла паводзіцца як прынцэса, якая ў палацах вырасла. Іншы раз ператваралася ў куртуазную сірэну. Часам знарочыста гулялася ў грубаватую прасталюдку — не сялянку, але баявітую гандлярку на рынку, у якой жаба на языку не спячэцца. А сярод сваіх паводзілася як бывалы ваяр. Якім, па сутнасці, і з’яўлялася.

— Ну, што рабіцьмем, панове? На купіне маёй вечна не адседзецца.

Лёднік паклаў лыжку... Талерка ягоная была пустой, аж блішчэла — аддаў даніну поснік сямейнай страве.

— Забіць хацелі ў першую чаргу пана Гервасія і Аляксандра. Думаю, стаіць за гэтым Багінскі. Сястру сваю і пляменніцу загадаў не чапаць, але пазбавіцца непажаданага зяця не супраць. Алеся вырашыў пакараць за тое, што з Пане Каханку перамовы павёў.

Вырвіч хмыкнуў:

— У дадатак ці не дзеля таго, каб пазбегнуць яшчэ аднаго непажаданага зяця ў сям’і? Даклалі, мусіць, князю, што паненка Агалінская аб твайго сына, Бутрым, усе вочы абмазоліла.

Алесь пачырванеў, як шкаляр, заспеты на падглядванні за дэканавай дачкою.

— Гэта недарэчная версія, пан Вырвіч.

— Ды няўжо? — Вырвічу так і карцела вывесці пана Лёдніка-малодшага, гэтак строга-палітэснага, на больш вольную размову. Ну што за такое — маладзён дужы, гожы, а быццам шпагу праглынуў... Ці арыфмометр. Ды Вырвіч у ягоным узросце ў вокны прыгажунек караскаўся ды куфлі ў карчомках біў. — Ну прызнайся, пане, хіба не падабаецца табе Рэгінка? Кралечка-малінка ды гарэзніца такая — не засумуеш. Хоць раз патаньчыў з ёю, за белую ручку пад кустом бэзу патрымаўся?

Алесь яшчэ больш напяўся, як бедны пісарчук на галоўным трыбунале:

— Паненка Агалінская не ёсць прадметам маіх заляцанняў.

— Гэта таму, што іншы прадмет ёсць? — не сунімаўся Вырвіч. — Ну давай, кажы... Маеш намеры да якой амерыканачкі? Mo сватоў ужо засылаць думаў?

Алесь строга падціснуў вусны.

— Папрашу вас, пан Вырвіч, спыніць інсінуацыі. Я не ўхваляю вольнасць паводзінаў на тле прыкрага заняпаду нораваў.

Во сказануў... Як дзед стары, які па ліцвінскім залатым веку бядуе. Бедная Рэгінка, палкімі паглядамі такі лядзяк не расколеш.

— Давайце больш сур’ёзныя рэчы разглядаць, — сувора спыніў непрыстойныя размовы амерыканскі палкоўнік. — Баюся, Багінскі здаў нас каралю... На нас напалі не ягоныя асабістыя гвардзейцы, а жаўнеры віленскай харугвы.

— Жаўнеры віленскай харугвы выконвалі б загад ваяводы віленскага Радзівіла, а ён на вашым баку... — засумняваўся Вырвіч.

— А вялікага гетмана Багінскага загад не выконвалі б? — Лёднік-старэйшы ўздыхнуў, пацёр мнагамудры лоб. — Зноў патрапілі паміж жорнамі... Магнаты міжсобку тузаюцца, а нам iлбы падстаўляць.

— Тузаюцца! — Алесь бліснуў чорнымі вачыма, гэтак падобнымі да бацькавых. — Але ніводзін нічога вартага ды пэўнага не прапанаваў. Усе хочуць нешта займець на дарэмшчыну, пакарыстацца з заакіянскіх земляў — тым болей даведаліся, што ў нас там золата здабываюць... Пасаду гучную атрымаць не супраць. А каб войска ўзброіць ды паслаць, карабель купіць ды хаця б заўважную суму грошай даць — дык не. Адчэпнае ўсё.

— А чаго ты хацеў, паніч Лёднікаў? — раптам звярнулася да пасынка Меланхолія. — Кожны магнацік чакае, ці выйдзе што ў вас талковае. Калі пацвердзіцца — тут жа намалююцца ў якасці правадыроў. Гэта на словах кожны такі ўжо рыцар, такі ўжо патрыёт... А ты ведаеш, колькі польскіх ды ліцвінскіх арыстакрацікаў пенсію ад расейскага двара атрымліваюць за паслугі? Прадаюцца і прадаюць. Сёй-той яшчэ прымудраецца і з французаў нешта выдурыць, і на аўстрыйцаў пашпегаваць, ды хоць на каго — абы дукаты плацілі. А на сойм прыдуць куплёны свой голас падаць — такіх палымяных прамоў пра беззаганнае служэнне Айчыне нагародзяць, рыхтык новыя Палямоны.

Алесь спахмурнеў.

— Гэта я i сам ведаю. Таму неабходна знайсці нешта, каб пацвердзіць вартасць нашай задумы. Нешта дарагое кожнаму шляхецкаму сэрцу, ганаровае, — голас амерыканскага палкоўніка ўсё больш мацнеў, позірк, скіраваны на доктара, рабіўся ўсё больш пільным. — Пан бацька, я б хацеў з табой пагаварыць сам-насам. Ёсць адзін план. — Павагаўся, зірнуў на Вырвіча: — Пан Вырвіч таксама можа далучыцца да нашай размовы.

Лёднік і Пранціш перазірнуліся, аднолькава здзіўленыя і аднолькава поўныя кепскіх прадчуванняў. Пірагі яшчэ не згарэлі, але гарэлым запахла.

У пакоі, дзе ўдалося адасобіцца — зялёныя шпалеры завешаныя арбалетамі розных відаў, — Алесь выпрастаўся, як на парадзе, перад бацькам і бацькавым сябрам, што насцярожана селі на крэслы з высокімі спінкамі.

— Я ведаю, што вы абодва шмат гадоў таму спрычыніліся да таямніцы святой рэчы, якая схаваная ў сутарэннях Полацка. I ведаеце, як яе здабыць.

Вось табе і маеш... Вырвіч і Лёднік зноў сустрэліся трывожнымі позіркамі. Колькі было адпакутавана праз тую рамфею, дзіду святога Маўрыкія, якую хацелі здабыць магнаты. Магутны артэфакт, некалі прывезены ў Беларусь з Палесціны паслом Солтанам, знайшоў у сутарэннях бацька Саламеі Рэніч, кнігар і цікаўнік. Пасля ягонай смерці захавальніцай таямніцы стала Саламея... I магнаты сапраўднае паляванне на дзяўчыну ўчынілі. Лёдніку і Вырвічу давялося, каб панну Рэніч вызваліць, адправіцца ў сутарэнні за рамфеяй... А потым ледзь вайна не развязалася. У Полацак, каб забраць дзіду, што дае Божае бласлаўленне і непераможнасць уладальніку, з’явіліся войскі расейскага спадчынніка прастола. Крыві тады пралілося... Саламея ўгаварыла Паланэйку, чый брат таксама за рамфеяй паляваў, спыніць вайну, схаваць святыню зноў у сутарэннях і ход абрушыць. Вялікі гетман, Міхал Казімір Рыбанька, бацька Пане Каханку, учынак кабетаў ухваліў — ні вашым, ні нашым, але роднай зямлі.

I вось аб’явілася новае пакаленне паляўнічых за рэліквіяй.

— Выключана, — цвёрда заявіў Лёднік. — Рамфея застанецца там, дзе была стагоддзі. Будзе ахоўваць Полацак і Беларусь.

— Яна лепей паслужыць Беларусі, калі адправіцца з намі, — зацяўся дактаровіч. — Гэты сімвал найлепшым чынам прыцягне людзей да нашай справы...

— I адцягне іх ад роднай зямлі, — буркатнуў Лёднік і рэзка ўзняўся.

Два дзюбатыя насы, дзве пары цёмных вачэй, дзве лёднікаўскія зацятасці.

— Больш гаварыць няма пра што, пан палкоўнік. Hi я ў гэтым удзельнічаць не буду, ні пану Вырвічу не дазволю. Шмат гадоў таму мы зрабілі выбар і на яго прысягнулі. Забудзься.

— Ты не можаш мне гэтага загадаць, — упарціўся дактаровіч.

— Твой бацька мае рацыю, — узняўся і маршалак Менскі. — Акрамя таго, уся спрэчка гэтая бескарысная, бо вы спрабуеце разліць па кубках туман і месяцовае сяйво. Павер, Алесь, дастаць тую дзіду няма ніякае чалавечае магчымасці. Яна пад такімі заваламі, што ты і за дваццаць гадоў не раскапаеш. А каб і была нейкая магчымасць — мы не станем рабіць нічога дзеля таго, каб рамфея пакінула месца, у якім знаходзіцца некалькі стагоддзяў. Больш за тое — будзем супрацівіцца любому, хто захоча парушыць яе спакой. Dixi[11].

Алесь Лёднік ажно кулакі сціснуў.

— He хочаце дадамагаць — абыдуся без вас.

Вось і пагаварылі... Угневаны Бутрым амаль выбег з пакоя, Вырвіч спрабаваў яшчэ неяк угаварыць маладзёна, каб адумаўся... Але тое было што ў сцяну гарохам кідацца. I гэты спадар яшчэ пра сармацкія каштоўнасці велягурыць! А бацьку роднаму гэтак пярэчыць.

Што ж, застаецца спадзявацца, што рамфею добранька тады зямлёю ды каменнямі заваліла...

Амерыканскі палкоўнік, мяркуючы па ўсім, гатовы быў зараз жа па дрыгве ўцякаць з мачыхінага дому. Але куды нанач гледзячы папрэшся, калі і ўдзень без павадыра толькі ў палац вужынага караля адправішся?

Здавалася, нават паветра ў маёнтку, як ніколі напоўненым гасцямі, трымцела ад напругі. Меланхолія завяла сумнага Бутрыма ў фехтавальную залу... Адзіная нязручнасць дома на выспе пасярод балота была ў тым, што сутарэнні не зладзіш талковыя, таму зала знаходзілася на першым паверсе. Хутка адтудь данёсся раз’ятраны звон клінкоў і баявыя воклічы Галены Лёднікавай. Бутрым заўсёды біўся моўчкі.

Сафійка важдалася з Петраком, вясёлы голас спевака спалучаўся з ейным звонкім галасочкам... Карусь прысеў ля прыадчыненых дзвярэй пакоя. Нібыта вастрыць шаблю, а сам раз-пораз кідае тужлівыя пагляды на сваю даму сэрца.

Пранціш прымудрыўся, дарэчы, перастрэць паненку сам-насам і папытацца:

— Што ў вас з Карусём? Пасварыліся, ці што?

Нядаўняя ваяводзіна збляднела і панурылася.

— Нашто я яму цяпер, дзядзька Франтасій? Ён на мяне — як на абраз... Не ўсведамляе, што я ўжо... сапсаваная. Ведаеце, ён жа ніколі з ніводнай не быў... Мяне чакае, як прысягнуў... А што я магу цяпер яму даць? Ён да мяне гэтак багавейліва дакранаецца — а я цень Валентага паміж намі адчуваю.

Цьху, бздуры маладыя... То ён няварты, то яна нявартая. Будуць адно аднаго на вяровачцы вадзіць, а да сябе не дапускаць. Але не ўлезеш, самі мусяць разабрацца.

Толькі адно сказаў:

— Ізноў, Сафія, толькі пра сябе думаеш. А пра пачуцці Калістрата? Хлопец за цябе плазам кладзецца. Што яму самому трэба, пыталася?

Параіць спадару інжынеру пасмялей быць, ці што? Але маршалак менскі ўсё-ткі не мог да канца пераадолець прыкры прысмак: Карусь жа мужык, былы халоп... Лёднік і Саламея хоць з мяшчанаў, полацкіх гараджанаў, а гэты ж зусім дзікун быў лясны. Не ганаровая пара шляхцянцы, Вырвічавай хросніцы.

Ярмол стукаў на двары сякерай. Бляялі козы. Пастараль, халера... Над балотам імкліва згушчаўся вечаровы прыцемак. Ноччу тут, мусіць, зусім жудасна... Цікавы раздзел рамана можна напісаць у такіх дэкарацыях. Вакол — дрыгва, невядомыя пачварыны ў тумане, побач — каханы чалавек, з якім не можаш разблытаць застарэлыя крыўды, боль і віну...

Дзякуючы літаратурным сваім марэнням Вырвіч і заўважыў гэта першым... Назіраў з гаўбца мансарды за тым, як згушчаецца цемра над балотам... Адразу падумаў, што мроіцца. Потым — што блёкат ці вочы псуюцца.

Але не... Чым болей цямнела — тым выразней бачыліся на балоце плямы святла. Быццам прайшоўся гіганцкі месяцовы звер, пакідаючы на купінах зыркія сляды, што гарэлі халодным жоўта-зеленкаватым агнём.

Вырвіч трохі памарудзіў, пацёр кулаком вочы... I кінуўся шукаць Меланхолію і Бутрыма.

Нейкі час усе трое ўглядаліся ў прывідныя сляды.

— Гэта ж пазначаная сцежка, як сюды ехаць, — устрывожана прыкусіла ружовыя вусны Меланхолія, зноў апранутая ў мужчынскі касцюм. — Вось халера. Як жа i хто схітрыўся?

— Пан Баўтрамей, зірніце, што за з’явішча! — знізу данёсся гнеўны голас Сцяцка, і пачуліся ягоныя хуткія цяжкія крокі па драўлянай лесвіцы, што вяла на мансарду.

Ускалмачаны Сцяцко адной рукою цягнуў за сабой разгубленага Ясючка, у другой — трымаў мяшэчак са шчыльнай чорнай тканіны. Сцяцко, выпусціўшы Ясючка, так што нядошлік паваліўся на падлогу гаўбца, адкрыў мяшэчак і паказаў панам... Вырвіч з цікаўнасцю зазірнуў. Унутры нешта свяцілася.

— Гэта ж я адчыніў куфар, дзе недарэка свае рэчы схаваў, бачу: штосьці ззяе...

Бутрым тут жа сунуў у мяшэчак руку, каб зачэрпнуць таямнічую субстанцыю. I гэты чалавек яшчэ нядаўна вучыў Пранціша асцярожнасці: маўляў, не чапай голымі рукамі таго, чаго не ведаеш!

Рэчыва на пальцах доктара выглядала як брудна-жоўты парашок. Лёднік прыкрыў яго даланёю... Ва ўтворанай цемры парашок засвяціўся.

— Фосфар... — вынес вердыкт Лёднік і ўперыўся ў Ясючка: — Ты па дарозе гэта сыпаў? Навошта? Адкуль узяў?

Ясючок падняўся і, намагаючыся трымацца годна, усё шчыра распавёў. Пра ірмень-траву, якая адганяе балотных духаў. Пра добрага чалавека ў карчме, які падзяліўся святым парашком.

— Даўно да гэтага дому падбіраліся, — змрочна прагаварыла Меланхолія. — Але абламаліся — не ведаючы сцежкі, патонеш.

Вырвіч трывожна ўгледзеўся ў балотны змрок, у якім цяпер маглі хавацца куды больш рэальныя пачвары. Успомнілася падобнае ж становішча, калі на вадзяным млыне іх ноччу ўзялі ў аблогу навакольныя сяляне, перакананыя, што млынароўна Саклета навяла на іх вёску пошасць.

— Зноў паляўнічыя на ведзьмаў?

Гальшка пагардліва хмыкнула:

— Паляўнічыя за скарбамі. Языкі ўжо змалолі ў ваколіцах, колькі тут, на купіне пасярод балота, багацця прыхавана. Я тут была парачку зладзюгаў, што па маіх слядах увязаліся, адправіла ў госці да вужынага караля... Дык вось што прыдумалі. Высачылі нас, знайшлі дурнячка, дарогу пазначылі...

У цемры закігікала птушка, жаласна, тужліва... Ёй антычным хорам падпелі-зарыпелі ўсе жабы і рапухі Гнілога балота, быццам вялізная пачвара драпала сталёвымі кіпцямі тонкі ліст бляхі. Крум, крум, крум... Каб Алесь Лёднік не страціў сваіх магічных здольнасцяў, мог бы сабраць тых жабаў ды фосфарныя плямы як-небудзь з іх дапамогай скаламуціць, прыхаваць. Але гэта ўжо казка была б, а яны не ў казцы.

Лёднік насцярожана глядзеў на прывідную дарожку светлавых плямаў, што гублялася ўдалечыні, трохі спавітай туманам.

— Шкада, заяц мала піва наварыў. I поўня... Значыць, гэтай ноччу і прыдуць, пакуль сляды не размыла.

Вырвіч уздыхнуў — кручаным-мучаным век няма спакою.

— А калі яны не баяцца ісці рабаваць дом, куды паехала цэлая банда, значыць, іх будзе болей... Значна болей. I падрыхтуюцца добра. Узброяцца...

Ясючок вінавата лупіў светлыя вочы то на паноў, то на балота, дзе ягонымі стараннямі пазначалася таемная сцежка.

— Дык мо сляды зблытаць? Парашок яшчэ застаўся... Я... сам пайду... Парассыпаю сюды-туды... Нічога, мяне аржавень не зачэпіць, я малітвачку ведаю.

Вырвіч здзіўлена зірнуў на недарэку. А правільна кеміць.

Меланхолія таксама ацаніла.

— Толку з цябе, патонеш... Сцяцко, нясі з зялёнага пакоя арбалеты... Два, што ў цэнтры вісяць. I стрэлачак у левым куфры вазьмі. Mo і паспеем...

Хутка вайсковая рада з насельнікаў сядзібы пасярод Гнілога балота ліхаманкава вырабляла асаблівую зброю: да арбалетных балтоў прымотвалі анучы з фосфарным парашком.

— Пойдзем я i Карусь, — аб’явіла Гальшка.

Бутрым ускінуўся:

— Я з табой!

Меланхолія няўмысна адмахнулася:

— Не час шапкамі мерацца. Я ўсе гіблыя месцы ведаю і арбалецікі мае — прыстраляныя, а Карусь самы дужы, далей яго ніхто не пульне. Вы тут рыхтуйцеся.

Амерыканскі палкоўнік таксама абурыўся: чаму з ім, вайскаводцам слынным, ніхто не раіцца. Але было сапраўды не да мерання шапкамі.

На развітанне Гальшка падышла да Бутрыма:

— Ну што, брат Філагоній... Я прысягала, што больш не буду забіваць. Людзі, якія сюды ідуць, такой прысягі не давалі. Калі не абаронімся яны пераб’юць тут усіх, і Петрака, i Ясючка, яшчэ i катаванні ўчыняць. Дачку тваю згвалцяць. Калі адаб’емся, але пакінем жывымі тых, хто сюды дойдзе, — яны вернуцца... Што мне рабіць, брат Філагоній, мудры філосаф Лёднік, добры доктар Баўтрамей? Скажы!

I Бутрым змог толькі апусціць вочы.

— Не ведаю, Гальшка. Гэта так проста ахвяравацца адным сабою... А іншымі? Па-хрысціянску разумею, што мушу маліцца ды заклікаць да міру. Але калі прыдуць — буду бараніць сваіх людзей. Як толькі змагу.

— Амін. Будзем бараніць сваіх людзей. Як толькі зможам, — ціха паўтарыла кабета, лёгка кранула вуснамі за палую шчаку доктара і зручней закінула арбалет за плячо.

Да Каруся сарамліва наблізілася Сафійка.

— Беражы сябе, калі ласка... Я... я не ведаю, што са мной станецца без цябе.

О, нарэшце.

I Карусь адмёр ды таксама дакрануўся вуснамі, але не да шчакі, а да даверліва падстаўленых яму вуснаў любай панначкі.

— Я вярнуся.

Аднаго Вырвіча не было каму на сечу праводзіць. Дамініка далёка, дзеткі — таксама, Яначка вось у Менскім калегіуме. Застаецца спадзявацца, не адседжвае ў карцары за пракуды, не ў бацьку-баламута.

— Прабачце мне, пане Франтасі, — тонкі голас Ясючка дрыжэў. — Я ж не ведаў, што такую бяду ўчыню... Але я адслужу... Толькі беражыце сябе.

Вось i маршалку менскаму блаславенне перапала! Ад задрыстанага паляўнічага на пачвараў.

Постаці Меланхоліі і Каруся знікалі ў цемры пад застрашлівае ваўкалацкае выццё — Пятрок як мог спрыяў абароне сядзібы. Астатнія рыхтавалі зброю... Вырвіч, падабраўшы сабе ладную стрэльбу, узняўся на адну з драўляных абарончых вежаў, збудаваных Карусём. На другую караскаўся Лёднік, стралок горшы за Вырвіча, але таксама някепскі.

— Сафійка, стаў гатавацца ваду! — дзесьці ля дома камандаваў дактаровіч. — Ярмол, Сцяцко, каціце бочку сюды...

Зрэшты, неяк усё ж атрымалася, што камандаваць невялічкім гарнізонам пачаў менавіта Алесь Лёднік. Вырвіч сам таго не заўважыў... А заўважыўшы, спыніў сябе ад супраціву: не можа быць падчас нападу некалькі камандзіраў, бо гэта гібель. А палкоўнік Ледніковіч, адчувалася, робіць справу звыкла і ўмела, мысліць цалкам стратэгічна і, як і бацька, здольны змусіць слухацца сябе.

Вырвіч глядзеў у цемру: сям-там побач з няроўным ланцужком прывідных слядоў расцвіталі новыя, што мусілі збіць са сцежкі і заманіць у дрыгву. А мо абыдзецца і ніхто не прыйдзе?

Але вось і яшчэ адны агні паказаліся... Чырвоныя агні паходняў.

Крумкаюць жабы, фыркаюць коні, стукаюць трывожна сэрцы... Дзе ж Меланхолія i Карусь, чаму не вяртаюцца? А, яны ж сабраліся засаду ўчыніць, нездарма набралі акрамя арбалетаў стрэльбы... Карусь цэлы арсенал на сабе цягнуў.

Прыхадняў было шмат. Пранціш налічыў тузіны тры паходняў... Некаторыя ехалі конна. Відаць, здабычу мяркуюць вывозіць.

Першы далёкі ўскрык... Адна паходня згасла. Яшчэ адна... Сёй-той сапраўды падмануўся пакінутымі арбалетам слядамі і ступіў у багну...

А вось i першыя стрэлы... Яшчэ некалькі паходняў згасла. Вырвіч зразумеў, што Меланхолія i Карусь абстрэльваюць грабежнікаў з адной з купінаў, парослых хмызнякамі.

Але някліканых гасцей было зашмат, i яны дармовага золата жадалі болей, чым баяліся смерці.

Здрадніцкая поўня, воўчае, цыганскае сонца, серабрыла сівую траву, запальвала вочы жоўтым сквапным агеньчыкам, пазначала шлях смерці.

А яшчэ давала магчымасць добра пацэліцца.

Гэта была сапраўдная бітва... Жорсткая, бязлітасная... Без абмену абразлівымі выкрыкамі, прызначанымі агучыць нечую праўду. Навошта былі тыя воклічы, абмен пагрозамі? Адны прыйшлі, каб забіць і забраць майно, другія бараніліся, каб выжыць. Звыклая для чалавецтва сітуацыя... Нават вялікі патоп не змыў яе. Можа, змые беларуская дрыгва?

Алесь выкрыкваў каманды, і Вырвіч прызнаваў, што сам лепей не пакіраваў бы. Ляцелі кулі, ліўся вар, агонь спрабаваў лізаць бярвенні плота. Некалькім зухам нават удалося пералезці цераз плот, але шабля Лёдніка не схібіла.

Тых з нападнікаў, што спрабавалі адысці ад праклятай выспы, сустракалі кулямі Меланхолія і Карусь.

Ваўкалацкае выццё перакрывала стогны і ўскрыкі.

Калі бледна-шэры золак паказаў санлівы твар, усё было скончана.

Іх паклалі ўсіх. Незнаёмых людцаў, якія мелі таксама створаную Богам душу. Кожнага нарадзіла на свет маці. У некаторых, пэўна, былі жонкі і дзеці. Вось варты жалю лёс — маглі ж загінуць у слаўнай бойцы, баронячы Айчыну, здабываючы волю... Ну, кожны сам выбірае, за што варта рызыкнуць.

Не, усё-ткі перабілі не ўсіх. Вырвіч пачуў жаласныя стогны грабежнікаў. I ведаў, што дабіваць нікога не стануць. Больш за тое — зараз перавяжуць раны, дадуць лекаў.

Цяпер хіба, завязаўшы вочы, павывозіць заразаў з балота ў бліжэйшы лясок і спадзявацца, што дарогу назад не знойдуць і болей не палезуць.

Вырвіч выцер мокрую ад крыві шчаку — чырканула куля, але анёл-ахоўнік не схібіў. Скрозь ранішні туман відаць, як да расчыненых варотаў сядзібы кульгае з падтрымкай Каруся Меланхолія — нагу падвярнула, па купінах скачучы, ці падстрэлілі? Што ж Сафійка не сустракае свайго героя ды мачаху, да якой, здаецца, дужа хінецца? Ці ўсё добра з хросніцай, бо абстрэльвалі дом зацята... Добра, падпаліць не змаглі.

А вось i яна бяжыць, тварык заплаканы, усхліпвае. Да Каруся — як лазінка да ясакара.

— Петрака забілі... У акно стрэлілі, ён мяне захінуў...

Сціх яшчэ адзін беларускі салавейка, неацэнены, загублены.

Прыгорбленая постаць Лёдніка цямнела на версе абарончай вежы.

— Бутрым, ты жывы там? Спускайся! Паранілі, ці што? Памагчы?

Доктар крахтануў і паволі пачаў злазіць, нязграбна намацваючы нагамі прыступкі. Відаць, усё-ткі паранілі... Вырвіч хацеў быў кінуцца дапамагаць, але ў самога сіл не мелася, бо давялося і шабляю намахацца. Тым болей Ясючок круціўся побач з вежай, рыхтуючыся доктара падхапіць.

Калі да зямлі заставалася нейкіх два локці, Ясючок раптам хутка крыкнуў:

— Доктар, скачыце! Пад вамі клінок!

I нават тузануў Лёдніка за нагу.

Каб гэта быў хто іншы, ды яшчэ і такі ж стамлёны чалавек, дык бразнуўся б аб зямлю... Ды яшчэ і напароўся на нож, які, уторкнуты дзяржальнам у глебу, сапраўды рэзаў паветра проста ўнізе драбінаў. Але Бутрым і ў сваім узросце меў адметны спрыт. Ад штуршка Ясючка ён саскочыў з лесвіцы і нават амаль перакуліўся ў паветры. Цяжка прызямліўся на ногі, прысеў, абапёршыся аб вільготную зямлю рукамі.

— Што за выбрыкі?! — угневаны Вырвіч падбег, дапамог старэйшаму сябру ўзняцца. — Ты што, Ясюк, дурны, пана доктара забіць вырашыў?!

Недарэка няспешна дастаў з зямлі нож, абцёр пальцамі дзяржальна ад глебы.

— Спадзяюся, пан доктар зараз пачуецца лепей... Нашмат лепей. Хай блаславіць вас, пане, Святы Кіпрыян... — I з нейкім гонарам паклыпаў прэч, сунуўшы нож за пояс.

А Лёднік, прыціскаючы руку да боку — усё-ткі прыклалі доктара, добра, не куляй, калацінай па скабах, — раптам зарагатаў. Пранціш ажно спалохаўся: мо і па галаве Бутрыму прыляцела, глузды паехалі?

Але той адсмяяўся, троху супакоіўся, абапёршыся аб Пранціша, і прагаварыў:

— Ну вось, Гальшка не ведзьма. А я адгэтуль болей не ваўкалак.

— Што? — разгубіўся Пранціш.

— Ну як жа, Ясючок з мяне праклён зняў, — доктар паказаў туды, дзе быў уторкнуты нож. — Я толькі як з драбінаў саскочыў, скеміў. Найлепшы сродак абярнуць ваўкалака зноў у чалавека — гэта каб ён цераз нож, уторкнуты ў зямлю лязом уверх, перакуліўся. Вось і атрымалася...

Пранціш не ведаў, смяяцца ці плакаць. Адслужыў Ясючок, як абяцаў, за сваю правіну.

А балотныя духі адпаўзалі ў свае сховішчы. Узбаламуцілі тут усё людцы, нашумелі... Затое багатую даніну дрыгве аддалі. Аржавень у каламутнай вадзе пералічваў новых падданых, і не засталося на паверхні беларускай дрыгвы болей ні следу, ні крыві.

Загрузка...