Антычны грэк Дыяген Лаэрцкі, а гэта зусім не той упарцец, што ў бочцы жыў, выкрыў у сваёй кнізе мудраца Піфагора як вартага жалю шалбера.
Барадаты станісты Піфагор сцвярджаў, што чуе музыку сфераў: усе планеты рухаюцца па сваіх арбітах, кожная гучыць як музычны інструмент і ўсе іх мелодыі зліваюцца ў нябесным аркестры, якому, заўважце, ніхто не плаціць.
Яшчэ спадар вынайшаў, чаму роўны квадрат гіпатэнузы, і патлумачыў людцам пра метэмпсіхоз. Пасля смерці твая душа кудысь пераселіцца — можа, у матылька, а мо і ў слана... У апошняга як у сваё новае ўвасабленне свята верыў ягоная княская мосць Марцін Радзівіл.
Але насамрэч той Піфагор, калі верыць Дыягену Лаэрцкаму, дурыў народ ды грошыкі з легкаверцаў цягнуў. Дыяген апісваў, як прыехаў той у Італію, зрабіў сабе пад зямлёю пакой, куды і схаваўся. А маці сваёй наказаў пра ўсё, што адбываецца, запісваць на таблічках і спускаць у ягонае сховішча. Пасядзеў, паквасіўся пад зямлёй, тады выбраўся наверх, худы, як шкілет, і абвясціў, што вярнуўся з самога Аіда. Ну, людцы старагрэцкія хто паверыў, хто не. А пазасветны вандроўца давай ім апісваць, што за яго адсутнасць тут адбывалася. Маўляў, у выглядзе духа ўсё-ўсенькае пабачыў. Тады прысутныя заплакалі, зарыдалі ды паверылі, што Піфагор насамрэч богападобнае стварэнне. I, як піша Дыяген Лаэрцкі, даверылі яму сваіх жонак дзеля навучання таемным навукам.
Невядома, чаму вучыў кабетаў слухач музыкі сфераў, але тыя бегалі за ім зграяй ды ў вочы мудрыя зазіралі, і празвалі іх піфагарычкамі.
На жаль, бандзе Чорнага Доктара ніхто ў лабірынты Полацкай бібліятэкі таблічкі з летапісам падзей не адпраўляў... Таму ўсе толькі агаломшана спрабавалі зразумець, што тут без іх адбылося.
Бо першае, што пабачылі, калі выскачылі ў знаёмы ход з квадратнымі плітамі, — руку.
Ляжала, нібы адарваная нейкім волатам, у крывавай лужыне на адной з выпрабавальных плітаў падлогі.
Належала яна немаладому вою... Шабля паблісквала тут жа. Простая аўгустоўка, але са старанна завостраным лязом. Наводдаль валяўся разбіты ліхтар.
I ціша. Злавесная ціша. Гуд пад нагамі сціх. І не чуваць было нічога з тае буры, што ўчыніў доктар. Ці таму, што каменныя дзверы надта шчыльныя, ці, хутчэй, таму, што ўсё, што магло абрушыцца, абрушылася.
Практычная Меланхолія падабрала ліхтар, у якім жаўцела недагарэлая свечка з два пальцы, і хутка стала ўдвая святлей. А доктар, прадказальна, застыў над адарванай канечнасцю.
— Трэба спусціцца ўніз.
Ну, калі Баўтрамей Лёднік штось пастанавіў, яго можна было прыстрэліць, але не адгаварыць. Пранціш уздыхнуў і патупаў на крайнюю злева пліту... Хоць і не ў ягоным ужо ўзросце зайцам скакаць.
Падазрэнні доктара спраўдзіліся. Знізу разам з ім падняўся труп без рукі. Небарака быў апрануты ў колеры полацкага ваяводы, а значыць, з’яўляўся ягоным жаўнерам.
Так што Алесю і Паланэйцы пашанцавала, што засталіся цэлыя...
Бутрым закрыў нябожчыку ашклянелыя вочы, перахрысціўся і выпрастаўся.
— Што ж, прынамсі, нашы пераследнікі зразумелі, што блукаць па гэтых сутарэннях небяспечна. Мусіць, таму не чуем брэху сабак... Але гэта не значыць, што нас дзесь не перастрэнуць.
Па скляпеннях варушыліся цені — куды большыя i пагрознейшыя за тых, хто іх адкідваў.
— Калісьці мы апынуліся ў тым жа становішчы, вы з Саламеяй тады застацца тут, у пацучыным каралеўстве, думалі... А я, як і тады, паўтару: пакуль жывыя, ёсць надзея і трэба змагацца, — Пранціш распрастаў плечы — яны цяпер сталі шырэй і магутней, чым у таго дзёрзкага шкаляра, якім ён быў. — Вядзі да выхада, доктар.
Але, перад тым як яны адправіліся ў невядомасць і, магчыма, вечнасць, Алесь Ледніковіч бухнуўся ў ногі бацьку:
— Прабач... Калі можаш... Ты зноў выявіўся разумнейшым за мяне... Мне такой веры, як у цябе і пані Галены, відаць, не дадзена...
Дайшло. Высокі вырас, доўга разумная думка да мазгаўні дабіралася.
А Бутрым што? Прабачыў, зразумела. Меланхолія таксама пасынка амаль што па галоўцы пагладзіла... Але Вырвіч быў пэўны: гэтая кабета полацкага Фаўста ў крыўду не дасць нават ягоным дзеткам.
А Гервасій Агалінскі, абдымаючы ўласнае шкадлівае ды звяглівае золатка, адно шумліва наракаў, што біклажка засталася па той бок сцяны разам з каптанам, бо і Амерыканцу давялося шчаміцца праз завалены лаз, хоць тады яшчэ не настолькі, на яго шчасце. Бо Гервасій у параўнанні з Вырвічам — як бык у параўнанні з цяляткам, каб трохі прамарудзіў — засеў бы грунтоўна.
Дарэчы, адсутнасць верхняй вопраткі дужа хутка адчулася. Аж зубы пачалі лявоніху скакаць. Праўда, калі зноў пайшлі завалы, маршалак менскі хоцькі-няхоцькі сагрэўся, аж змакрэў. Не, слова шляхціца: як дабярэцца да Капанічаў, адразу пачне трэнінгі!
А доктар зноў выбрыкнуў... Калі прабіраліся з дыхтоўнай часткі сутарэння ў вузкі лаз у кірунку Сафійскага сабора, заявіў:
— Трэба было б гэты ход закрыць. Бо пачнуць лазіць — загінуць...
Меланхолія тут жа акінула вокам нетрывалыя сцены.
— Калі скарыстаць порах, які ў нас застаўся, можна прыстойна зводы абрушыць.
Пашлі дурное, за ім другое... Алесь далучыўся да абмеркаванняў — відаць, жадаў выправіць віну... Хуценька паказаў, куды закласці выбуховае рэчыва, як скарыстаць расколіны... Пораху было няшмат — высыпалі ўсё, што мелася ў ладунцы ў Багінскай, хоць яна і лаялася, як гандлярка на Нізкім рынку. Меланхолія была забрала зброю ў загінулага ваяводскага жаўнера... Карацей, здабылі, каб хапіла, калі добра разлічыць...
За спінай зноў ірванула... Дзякуй богу, на галовы нічога не пасыпалася — Ледніковіч сваю справу ведаў дый Меланхолія любую знішчальную справу магла выканаць дасканала.
Багінская аддыхалася, вытрасла з валасоў друз і абвяла позіркам пашкамутаную кампанію:
— Ведаеце, калі мы набылі дом у горадзе, аднойчы Гервасій прыйшоў дадому босы. Ну я ўзялася. Трэба ж так нажлукціцца, каб новыя боты спляжыць! А ён расказвае: ішоў, уграз у лужыне так, што бот там застаўся... Ну і думае: калі лужына высахне, нехта знойдзе адзін бот... Што ён з адным рабіць будзе? Узяў ды кінуў у лужыну і другі. Вось, уласна кажучы, і ўся філасофія вашага жыцця, панства.
Паланэйка нездарма абзывала чальцоў іхняга атрада і ўласнага мужанька дурнямі ды цюхцямі: пасля страты набояў засталіся ж зусім без зброі...
Бо, вядома, іх чакалі. Проста ў падвале сабора, ля пралома ў падлозе.
Варта было вылезці, абтрэсціся...
— Дзе рамфея?
Вельмі хацелася выдаць сябе, як Піфагор, за прыхадняў з таго свету. А што, выгляд адпаведны: кашулі страцілі белы колер і ператварыліся ў лахманы, фізіяноміі ледзь не такія, як у Марлы, Ясючковай сяброўкі, і ад холаду калатун.
Але перад імі былі не захопленыя піфагарычкі, а ваяводская дружына на чале з самім панам Тадэвушам Жабам.
Твар у пана Жабы быў, аднак, не зялёны, а амаль бурачковы ад гневу.
— Мы ж з табой дамаўляліся, доктар... Палезеш па рамфею не папярэдзіўшы — не толькі дом адбяру, скуру злуплю, не пагляджу, што патэнт на шляхецтва маеш. Давай яе сюды!
— Мне пан таксама будзе скуру лупіць? — выпнулася наперад Паланэя Багінская, чый выгляд быў самы самавіты ў кампаніі — каптанчык хоць і выпацканы, але ў наяўнасці, і нават капялюшык умудрылася не згубіць. — Пан хоць ведае, хто я такая? Мой пан брат, вялікі гетман Міхал Казімір Багінскі, ад вашае мосці адну жабіную скурку пакіне! Я — Паланэя Даратэя Альдона Багінская-Агалінская! Пан з Багінскімі вырашыў вадзіцца? Мае пані сёстры таксама не будуць надта задаволеныя абразай нашага роду!
Ваявода трохі адступіў і пачціва пакланіўся — абражаць магнацкі род сабе даражэй... Жабы Багінскім не роўня. А з другога боку — жонка пераймае становішча мужа, так што Паланэя Даратэя Альдона і як там яе яшчэ болей не княжна, а проста пані Агалінская. Дый не асабліва згадваў гетман Багінскі пра сваю збеглую сястру, наўрад ці яна мае на яго ўплыў са сваім меней радавітым мужаньком — князь жа, здаецца, ёй ні шэлега пасагу не вылучыў. I сёстры, хто за кашталянам, хто за падканцлерам, наўрад ці ганарацца такім сваяцтвам.
— Перапрашаю вашую мосць, ні ў якім разе не хачу выказаць непавагу да вялікага гетмана і ягонай сям’і. Аднак, згодна з даручэннем ягонай мосці генерал-губернатара Пятра Пасека, мушу прасачыць за лёсам знойдзенай вамі святыні. Спадзяюся, вы не хочаце выказаць непавагу да імператрыцы, якую прадстаўляе генерал-губернатар і з якой узгадняе свае дзеянні польскі кароль?
Паланэйка гатовая была выказаць непавагу ў самай даходлівай форме...
— Ваша мосць, мы не вынеслі з сутарэнняў ніякай святыні, слова шляхціца! — цвёрда заявіў маршалак менскі. — Здарылася страшнае няшчасце — сутарэнні абрушыліся...
Дакладна такімі ж словамі яны тлумачыліся шмат гадоў таму...
— Дык і праўда ж, цэлы пагорак з дрэвамі каля лазні праваліўся... Яміна там цяпер здаровая... Людзі пералякаліся... — заспяшаўся вірлавокі бамбіза паведаміць пану Тадэвушу. — Мусіць, і праўда там падземны ход засыпала...
Жаба падкруціў вусы, бы які-небудзь італійскі акцёр, які рыхтуецца сыграць куртуазную сцэну.
— Абрушыўся ці не абрушыўся — няхай аддаюць, што вынеслі. Гэтая зямля і ўсё, што ў ёй, належыць гасударыні.
Пад пазелянелымі цаглянымі зводамі не верылася, што недзе вясна i празрыстае ад прадчування квецені паветра.
— Рамфея засталася ў полацкай зямлі! — цвёрда заявіў Лёднік. — Мы ўсе гатовыя ў гэтым прысягнуць. I вынесці яе адтуль больш не ў сілах чалавечых.
Пан Тадэвуш Жаба раздзьмуў ноздры тонкага носа і абвёў набрынялымі крывёй вачыма кампанію падземных прыгоднікаў. Загадаць таўчы ды катаваць, аднак, не насмеліўся... Але быў у яго падрыхтаваны і інакшы спосаб. На знак ваяводы ў сутарэнне прывалаклі яшчэ дваіх...
— Ну што, доктар, мо падумаеш лепей?
Лёднік пераводзіў пагляд з Сафійкі, збляднелай i няшчаснай, на Каруся, звязанага, як паляндвіца, павешаная гаспадаром на гарышчы, і прыгнечана маўчаў.
— Тата, прабач... У Караблі ганчар з Полацкага кірмашу вярнуўся, сказаў, дом наш забралі і вернуць табе, толькі калі я аб’яўлюся... — замармытала Сафійка.
Ну так, пан Пшчолка тады такі гармідар узняў, што цікаўнікаў, як мурашоў на разлітае сочыва, спаўзлося.
Інжынер Белай фартэцыі закруціўся на падлозе, адчайна замычаў нешта ў кляп...
— Карусь не пускаў мяне... Я сама ўцякла... А ён — за мной...
Ваяводу надакучыла сямейная сцэна.
— Ну што, доктар, хочаш вярнуць назад сваю дачку і ейнага кавалера — аддай рамфею, і ідзіце ўсе куды хочаце.
Наперад ступіў Алесь. Нос дзюбаты задзёр, у голас марозу дадаў:
— Гэта мая віна. Я вырашыў здабыць святыню насуперак волі бацькі, які ўсяляк мне ў гэтым супярэчыў. I, каб мог, я б яе вынес. Вось, самі бачыце, васпан, — мае рукі пустыя. Рамфею дастаць немагчыма. I мне давялося з гэтым змірыцца. I вам давядзецца.
— У такім выпадку, панове, рушым наверх, і вы яшчэ раз directe альбо indirecte распаведзяце нам свае казкі!
Цяпер здабывальнікаў рамфеі не пасаромеліся абшукаць, нават жанчын. Не дапамагло Паланэйцы верашчанне і пагрозы княскім тытулам... Князі на самоце па сутарэннях не шастаюць, у іх паперадзе — світа, за спінай — світа... Іначай гэта не князі, а лаздыгольцы нейкія.
Адправіў ваявода кагось і праверыць сутарэнні — праўда, гайдукі, якім выпаў такі гонар, скрывіліся, як печаныя яблыкі. Падземныя пасткі нагналі жаху... Але ж палезлі, бо пан Тадэвуш Жаба мог яшчэ хутчэй за каменную пліту раструшчыць. Вярнуліся брудныя і пераляканыя: далёка не прайсці, заваліла, хоць кратоў наймай.
А наверсе было сапраўды веснавое свежае паветра, але ж i начная цемра, якая здавалася згуслай, як халадзец, ад святла паходняў. Банду Чорнага Доктара амаль ветліва завялі ў драўлянае збудаванне, дзе яшчэ нядаўна быў так званы «ўціхамірвальны дом» — вязніца. Цяпер новыя ўлады ўзвялі ў горадзе дыхтоўныя каменныя казематы, а гэты дом, паколькі побач правіянцкія склады, думалі прыстасаваць пад нешта падобнае — ці склад, ці краму. А пакуль якраз удалося парадаваць старыя сцены вяртаннем ранейшай ролі.
Вязняў быў цэлы ўзвод, так што ўсіх раздзялілі. Паланэю з Агалінскім адвялі, мяркуючы па ўсім, у найбольш ганаровае і ўтульнае месца, вартае сястры вялікага гетмана, хоць і заняпалай. Меланхолія ўзяла пад сакалінае сваё крыло Сафійку, якая так і ўчапілася ў мачыху ў чаканні магчымасці парумзаць той у плячо і запазычыць мужнасці. А Карусь, Вырвіч, Лёднік і Алесь апынуліся ў адной вялікай камеры, засланай прэлай саломай. Столь высока, пад самай столлю — рукой не дацягнешся, не даскочыш — маленькае акенца, у дзве далані, нават дзіця не пралезе, ды яшчэ і закратаванае. Холадна, як у лядоўні, хоць адзін з ахоўнікаў — нечуваная ўвага да вязняў! — паабяцаў зацепліць печку.
Цагляны бок печкі, які выходзіў у камеру, сапраўды хутка пачаў цяплець... Адначасна з калідора праз шчыліны ў дубовых, акаваных жалезам дзвярах пацягнуўся дым. Добра, усё-ткі цяга была, а то ўчадзелі б усе... Акенца, выгнаўшы дым, заткнулі кавалкам посцілкі — Карусь падсадзіў Алеся на плечы. А вось і есці-піць прынеслі, хоць не на парцаляне... I кажухі абкрыцца... Разумеюць, што шляхту незаконна схапілі. А раз усё-ткі схапілі, значыць прыедзе нехта важны разбірацца.
Між тым высокі худы спадар з незапамінальным тварам, падобным да недапечанага бліна, які прынёс вязням збан квасу і стос праснакоў, усё марудзіў сыходзіць. Вочы колеру веснавога лёду слізгалі па пакоі i ягоных нявольных насельніках, так што здавалася, быццам ад таго позірку на твары наліпае бязважкая павута бабінага лета, да якога яшчэ вой як далёка, дапамажы, Святы Франтасій, дажыць...
— Пан Лёднік, трэба з вамі перамовіцца... Я магу гаварыць пры іх?
Блінатвары прашаптаў гэта Лёдніку на вуха, наблізіўшыся бязгучна, як павук.
Баўтрамей насцярожана выпрастаўся:
— Я цалкам давяраю ўсім прысутным.
Вартаўнік кіўнуў.
— Вас добра рэкамендаваў наш агульны знаёмы — Зыгмунт Грос.
Во як! З Гросам, былым езуітам і сённяшнім масонам, не раз жыццё зводзіла... Значыць, i гэты спадар — шпег...
— Пан Лёднік, наша брацтва ў сілах вас выратаваць. Думаецца, перадаць рамфею ў рукі тых, хто змагаецца за сусветную справядлівасць, — годнае завяршэнне вашай місіі. I вы, пан Аляксандр, атрымаеце таму пацвярджэнне ад сваіх высокіх хаўруснікаў у Новым Свеце, дзе шмат нашых братоў. Мы адна вялікая сям’я. Дык нашто везці святыню так далёка ды праз небяспеку, што яе адбяруць? Перадайце нам тут — i будзе той жа вынік i тое ж блаславенне агульнай справы — стварэнне справядлівага грамадства!
Мякка сцеле як... Вось i яшчэ адны прэтэндэнты на святыню... Таемныя ордэны, на якія ў Чорнага Доктара даўно алергія. Пакаштаваў іх сусветнай справядлівасці кучу і горбачку.
— Выбачайце, пан, але рамфея недаступная для рук чалавечых, — голасам Лёдніка можна было рэзаць метал.
Госць паківаў спачувальна:
— Вы падумайце добра, спадарства. Не адпрэчвайце працягнутую вам руку. Вас чакаюць вялікія справы на карысць чалавецтва і ягонага прагрэсу.
Калі ахоўнік сышоў, няхітрая начная вячэра працягвалася ў змрочным маўчанні — ці не грэе ўвішны спадар вушы за дзвярыма?
Нарэшце Лёднік звярнуўся да Алеся:
— I каму ж у выніку дасталася б рамфея за акіянам, га, Алесь?
Ледніковіч не адказаў, толькі вочы адвёў...
Карусь, які даўно не бачыўся са сваім добрым гаспадаром, трохі распавёў навінаў пра Караблі, а галоўным чынам перапрашаў, што за паненкай не ўсачыў. А пачыналася ўсё так добра... Былая пані Жылкава імпэтна ўзялася ў бацькоўскіх уладаннях працу шпіталя для сялянаў наладжваць. У дзвюх кабетаў роды паспяхова прыняла. Лекі рабіла, аднавіўшы лабараторыю, якую Бутрым быў у Караблях зладзіў. Каруся, як Вырвіч зразумеў, па-ранейшаму даймала: то разам, як галубочкі, нешта карыснае ўчыняюць, то паненка пагляд адводзіць і адмоўчваецца.
Карусь, дарэчы, ухітрыўся ў Караблях паравы млын за гэты час адбудаваць. I граблю новую пачаў ладзіць, яшчэ ўвосень. Хоць сяляне дужа падазрона да ўсіх панскіх штукарстваў ставіліся — а гэта ж яшчэ гарбаціцца трэба дзеля тых штукарстваў, — інжынеру Белай фартэцыі, суроваму плячыстаму асілку, слова суперак сказаць баяліся. Потым самі зразумелі сваю выгаду... За памол на новым млыне ў тры разы меней плаціць, грэбля дазволіла ў суседняе мястэчка ўдвая шлях скараціць... Але гэта не значыла, што не спаляць, не спаганяць. I, калі з паненкі трохі пасмейваліся — скача, шчабеча, павучае, — да Каруся, быццам да суддзі, пачалі звяртацца: справядлівы пан і любога злодзея ў крук сагне.
Злодзея сагне, а кветачка Лёднічанка яго самога згінае. Вырвіч разумеў, што Карусь ніяк не наважыцца на нейкі рашучы крок: Сафійка ж па-ранейшаму для яго — дачка ягонага дабрадзея-гаспадара, парушынкі з кралечкі здзімае, даткнуцца баіцца. А яна, хоць сама не прызнаецца, толькі і чакае, каб хлопец сілу сваю праявіў ды жарсць.
Алесь Ледніковіч ляжаў на сенніку змрочны і маўклівы... Ягоная мара пра нейкую ідэальную Ліцвінію-Крывію-Беларусь на Новай Зямлі разбівалася на друз, як скляпенні полацкай бібліятэкі.
Лёднік усё прыслухоўваўся — відаць, непакоіўся за дачку і жонку... А Вырвіч хацеў аднаго — выспацца. Насоўваўся па норах. А ён не суслік, фараонаў пацук, якіх Радзівіл Сіротка з Егіпта прывёз і якія ля Нясвіжа распладзіліся, ён — шляхціц герба Гіпацэнтаўр, нашчадак самога Палямона!
Выспацца не далі. Толькі задрамаў, занурыўшыся ў прэлую салому...
— Пан Алесь, вы тут?
За маленькім закратаваным акенцам, анучу з якога адкінулі, захінаў зоры нечы цень. Гэтак пачапіцца на мур мог толькі нехта спрытны, лёгкі і адчайны.
— Панна Рэгіна! — тут жа кінуўся да акна Ледніковіч. — Неадкладна злазьце! Вас могуць схапіць альбо параніць!
— Могуць! А могуць i не! — шэпт быў вясёлы. — Памятаеце, як на возеры ад трапераў адбіваліся? Справілася! Ды я цяпер i не адна... Трымайце!
Праз краты прасунулася штось бліскучае. Кінжал! Баўтрамей Лёднік, які таксама наблізіўся да акна, спрытна падхапіў зброю, каб не загрымела па падлозе. Потым прасунулася яшчэ нешта... Пісталет, ладунка... Рэгінцы нехта гэта падаваў знізу. Няўжо палахлівая Марла? Але вось спускаецца на вяровачцы пакунак, у якім намацваюцца шкляніцы са знаёмымі накрыўкамі...
Бутрым тут жа азваўся:
— Давыд дзесь тут?
— Так, унізе стаіць, з вамі, пан доктар, перагаварыць хоча. Але як?
Лёднік прыкусіў вусны.
— Вызваліце акно, паненка...
Разбегся, адштурхнуўся нагой ад сцяны — і вось ужо вісіць, як вялізны кажан, чапляючыся за краты. Падцягнуўся, каб твар быў на ўзроўні акенца... I гады ж Чорнага Доктара не бяруць, з зайздрасцю падумаў Вырвіч. Няўжо да смерці будзе вось так скакаць?
А між тым пачаліся перамовы шэптам з нябачным Давыдам. Перамовы дзіўныя... Вырвіч змог расчуць толькі трошкі з доктаравых адказаў, згодна з імі Давыд пытаўся, ці абшуквалі іх, удакладняў, як выглядае штуковіна, за якой усе палююць, нешта наконт сабора Святой Сафіі... Гаварылі нядоўга — не на куртуазным спатканні. Доктар спрытна саскочыў на падлогу, нават не паморшчыўся.
— Раю нам усім пастарацца хоць пару гадзін адпачыць. Заўтра... Дакладней, ужо сёння, дзень чакаецца бурлівы i на падзеі багаты. Трэба быць пільнымі і моцнымі. Давыд мае рацыю: ніколі яны ад нас не адчэпяцца, пакуль рамфею не атрымаюць.
I тлумачыць больш нічога не стаў. А відавочна ж нешта з Давыдам задумалі...
На вуліцы пачуліся галасы вартаўнікоў... Аддаліліся. Добра, што не заўважылі гасцей.
— Пан Аляксандр!
Што такое? Зноў Рэгінка... То-бок заміж таго каб разумна рэціравацца ці пачаць шукаць родных татуню i матулю, што яшчэ было б вытлумачальна, закарцела яшчэ пагаманіць з дактаровічам... Відаць, паненка лагічна палічыла, што ўжо з вязніцы ён ад яе ўвагі нікуды не ўцячэ.
Малодшы Лёднік, хоць таксама спрытны, скакаць па сценах, як бацька, так i не навучыўся, таму стаяў пад акенцам, задраўшы галаву, і шэптам загадваў свавольнай князёўне знікнуць, зляцець, сплысці, спапяліцца ў сакавіцкае начы... Рэгінка выскалялася і дражніла «насатага цыркуля» згадкамі пра іхнія амерыканскія прыгоды, дзе яна, адважная паненка, праявіла такую зухаватасць, што ўсялякім палкоўнікам да яе, як да месяцовага зайца, не дастаць.
Як кажуць, адлезь, капейку дам.
Яны што там, за акіянам, увесь час так?
— Паненка Рамэа i пан Джульет, — прамармытаў раздражнёна Вырвіч, якому парачка перашкаджала заснуць.
— Ай!
Скончылася тым, чым мусіла. Шалапутную князёўну злапалі.
Вой, як закруціўся дактаровіч, як забегаў па іхняй вязніцы... Мусіць, не такі ўжо ён абыякавы да рудавалосай вавёрачкі...
А яе месцазнаходжанне зразумець было лёгка. Верашчала паненка так, што сабакі па ўсім Полацку абудзіліся. Іхнім брэхам можна было засыпаць, мусіць, тую яміну, што ўтварылася над падарванай падземнай бібліятэкай. I, можа, яшчэ на курганок зверху хапіла б. Добрыя сабакі ў Полацку, звяглівыя.
Паненку занеслі ў іх камеру двое, і з вялікай цяжкасцю. У аднаго крывавіў укушаны нос. У другога праз усю шчаку ішло пяць паралельных драпінаў. Як пад лінейку роблена. Вострыя кіпцюркі ў Агалінскіх жаночага полу.
— Ваш хлапец? — пракрычаў адзін з варты, спрабуючы перасіліць паненчын лямант.
А адкульсці даносіліся праклёны і пагрозы сужэнцаў Агалінскіх, якія пазналі голас свайго дзіцятка.
— Наш! — асуджана пагадзіўся Лёднік. — Але ён ні пры чым... Проста хацеў сваякоў адведаць. Адпусціце дзіця, Бог вам залічыць...
— Выдраць паскудніка, каб на дупу не сеў! — прахрыпеў вартаўнік з укушаным носам і выпусціў паненку на падлогу.
Тая, аднак, не ўпала кулём, а спрытна ўскочыла на ногі і схавалася за Ледніковіча, які ўжо кінуўся яе абараняць.
— За дратаванне шляхцянкі васпан адкажа! Я яго нявеста! — тыцнула Рэгінка пальцам у знямелага ад ейнага нахабства Алеся. — Я маю права са сваім жаніхом зняволеным перамовіцца! Вы што, сэрца не маеце? А гонар маеце? Я пад абаронай маіх бацькоў, паноў Агалінскіх, майго дзядзькі, вялікага гетмана, і майго жаніха, палкоўніка Аляксандра Лёдніка! Не смейце нават дакранацца да мяне! Усе пад бізуны ляжаце!
Ашалелыя ад віскату нахабнага хлапца, які аказаўся паненкай, вартавыя проста ляснулі дзвярыма, не забыўшыся іх добра замкнуць. Хай раніцай вялікія паны з усёй гэтай кодлай разбіраюцца. Тут бы дапільнаваць іх...
Саломы ў пакоі хапіла на ўсіх.
Пранціш нат не пераняўся, што паненка засталася ночыць у кампаніі чатырох чужых мужчын. Для іншай, пачцівай шляхцянкі — ганьба, замуж не возьмуць, плёткамі замучаюць... А гэтая... Не для такіх законы пачцівых паненак. Ейная матка калісь таксама з імі ў кампаніі ў Ангельшчыну ехала ў мужчынскім адзенні, разам біліся, разам у карчме прыдарожнай сядзелі, дзе ў адрыне заначуюць, дзе ў стозе сена... Ніколі не скардзілася і замінішчам не была. I ў крыўду сябе не давала. I дачку такую ж вырасціла.
Вырвіч заснуў пад Лёднікава бубненне малітваў і Рэгінкін гуллівы шэпт, як у мех з вугалем упаў. Нават сноў не бачыў. Толькі, здаецца, зноў некуды поўз, поўз, караскаўся...
Так што, калі раскатурхалі яго раніцой, усё ў маршалка балела. Як праз малатарню прапусцілі.
А на двары свяціла здзеклівае сонейка. Пяшчотнае такое, наіўна-радаснае, падымала круглы твар над чарапічнымі і гонтавымі дахамі старажытнага Палатэска, цікаўна кранала пальчыкамі-промнямі пабеленыя вежы Сафіі, скакала на яшчэ халодных, але ўрачыста-вольных хвалях Дзвіны...
Міхайла Разанцаў незадаволена жмурыўся ад веснавых промняў, ягонае шырокае аблічча зразалі зморшчыны, быццам патрэсканую пад азіяцкім палючым сонцам гліну.
— Што ж ты хітрыў, Варфаламей? У Полацак ірваўся... Не сказаў нашто. Няўжо думаў, мы не даведаемся? Не дуркуй болей, мала табе па спіне праз чужыя інтарэсы перапала? Вяртай рамфею гасударыні і жыві спакойна... Займайся лекарскай навукай, у царкве маліся...
— Рамфея ў полацкай зямлі. Яна не з’яўляецца чыёйсьці ўласнасцю. Не ў чалавечай моцы яе дастаць, — механічна паўтарыў Бутрым у соты раз за апошнія содні, гледзячы ў даль далёкую, на пазалочаныя сонцам дахі. Меланхолія за ягоным плячом абдымала Сафійку, якая старалася мець такі ж незалежны выгляд, як ейныя сямейнікі.
— Пры сабе ў іх няма, мы абшукалі... — паведаміў заспаны ваявода, ягоная мосць Тадэвуш Жаба. — Мае людзі сутарэнні правяраюць, загадаў ім ні вяршка не прапускаць, дакуль можна прайсці — хай кожны грудок хоць праз сіта прасейваюць... Неадменна там схавалі рэліквію прайдзісветы, вашая светласць...
На Сафіі зазванілі званы... Цікава, тыя самыя, што калісь князь Усяслаў з Ноўгарада вярнуў, ці зусім іншыя, адлітыя на грошы новых мецэнатаў?
— Што з гэтай бандаю рабіцьмем, граф? Сярод іх сястра і зяць вялікага гетмана Багінскага... — ціха прагаварыў Жаба. Мяркуючы па ягонай раздражнёнай фізіяноміі, сам ён далікатнічаць не стаў бы.
— Бач, і Багінскі сястру паслаў па рэліквію. Улады хоча. Магчыма, тут можна ўгледзець закалот... I варта адправіць некаторых з кампаніі ў Санкт-Пецярбург... — задумліва разважаў Разанцаў.
Спадзявацца на старую дружбу там, дзе царадворац хоча выслужыцца, было б дурноццем.
Пранціш успомніў, што перанёс Бутрым у засценках, куды яго адправіў граф Міхайла, i падалося, быццам за каўнер снегу насыпала...
Але вырашыць лёс здабывальнікаў рамфеі граф не паспеў: да Святой Сафіі неслася яшчэ адно войска... Гуў вецер у пер’ях на драцяных крылах, чырванелі вылогі... Каралеўскія войскі, крылатыя гусары! За гусарамі імчалі дзве карэты. Адна, пазалочаная, з распісанымі італьянскімі пейзажамі эмалевымі накладкамі і дужа знаёмым гербам, спынілася проста перад Разанцавым, Другая, без гербаў і з захінутымі фіранкамі вокнамі, — наводдаль. Жаўнеры Разанцава з расейскага гарнізона і ваяводскія гайдукі напружыліся, пахапаліся за зброю. А з гербавай карэты няспешна, пачакаўшы, пакуль лёкай падставіць абабітую чырвоным аксамітам лесвічку, выйшаў высокі бялявы малады чалавек з адсланёным меланхалічным абліччам... Станіслаў Панятоўскі. Толькі не кароль, а ягоны цёзка, пляменнік, якога манарх прызначыў сваім пераемцам, даў яму пасаду вялікага скарбніка літоўскага і нацкоўваў на нябожчыка Антонія Тызенгаўза. Маладзён прагрэсіўных паглядаў, фізіякрат, але цверды ў пытаннях умацавання ўлады. А паколькі трон, на які яму прызначана сесці, усё болей хістаецца, рамфея ўлады, дзіда імператара Канстанціна, яму вой як патрэбная...
— Ваша мосць граф, ваявода... — пляменнік караля толькі ледзь нахіліў галаву (ён з маленства навучыўся трымацца па-каралеўску, некаторыя нават лічылі, з большая годнасцю, чым каранаваны дзядзька). — Да мяне дайшлі чуткі, што нейкія асобы збіраюцца завалодаць рэліквіяй, якая належыць польскаму трону.
Разанцаў і Жаба перазірнуліся і пачціва схіліліся, пастараўшыся прыхаваць сваю незадаволенасць.
I зноў пачаўся стары танец... Дзе рамфея, каму яна мусіць належаць, дзе чыя зямля... Сонейка гладзіла пабеленыя сцены Сафійскага сабора, не здагадваючыся, колькі агідных жарсцяў закруцілася ля яго падмуркаў. Што ж, той, хто цалуе пялёсткі кветкі, наўрад гэтак жа пацалуе ейныя выпацканыя ў зямлі і гноі карані, бо толькі мудрэц разумее, наколькі з’яднаныя жыццё і смерць, квецень і тло...
— Вашая мосць ваявода, знайшлі!
Крык спадара ў ваяводскім мундзіры перарваў небяспечны дыспут, які пагражаў перайсці ў нежартоўную бойку і зноў пазаліваць крывёй вуліцы Полацка.
Некалькі радасна ўзбуджаных жаўнераў саскочылі з узмыленых коней, адзін з іх, ззяючы на рэдкасць крывазубай усмешкай, кінуўся перад ваяводам на калені, працягваючы драўляны куфэрак...
— У сутарэнні адкапалі, ля самага выхаду! Як вы і загадалі, адразу вам дакладваем!
Радасны твар ганца выпраменьваў спадзяванні на шчодрую ўзнагароду.
— Гэта я знайшоў, вашая мосць! — пляснуўся побач на калені ў вільготную глебу, з якой толькі пачала прадзёўбвацца кволая траўка, гайдук з абвіслымі пшанічнымі вусамі і галодным паглядам запалых вачэй...
Крывазубы зіркнуў на канкурэнта з нянавісцю, але змушаны быў пацвердзіць:
— Ён адкапаў, Халімон Петрукоў... Але пад маім кіраўніцтвам, вашая мосць!
Як ні былі ўзлаваныя намеснік генерал-губернатара і полацкі ваявода тым, што знаходка жаданай рэліквіі адбылася на нежаданых вачах каралеўскага пляменніка, учыняць дурным пасланцам гвалт не сталі. Абодва шчасліўчыкі атрымалі па важкім мяшэчку з талерамі, і тым, каму пашчасціла прысуседзіцца да іх, таксама трошкі перапала.
— Каб цябе перакуліла, доктар, я так і думала, што ты нас падмануў! — Багінскую ажно калаціла ад нянавісці.
Агалінскі паклаў цяжкую руку ёй на плячо.
— Золатка маё, проста памаўчы.
Важка так сказаў. Паланэйка заторкнулася, здаецца, пачала нешта кеміць.
Куфэрак аказаўся ў руках намесніка генерал-губернатара. Разанцаў няспешна адчыніў накрыўку...
Ну, у прынцыпе, гэтая штуковіна была падобная да рамфеі. Дзве паловы дзіды, скручаныя срэбным дроцікам. I выглядала яна вельмі, вельмі старой... Разанцаў пачціва перахрысціўся, прысутныя таксама ўсе зажагналіся, сёй-той і на калені ўпаў...
Намеснік генерал-губернатара асцярожна зачыніў куфэрак са старога пашарэлага дрэва...
I зноў пачалося, ды яшчэ вуглі сваркі добра раздзьмулі.
Станіслаў Панятоўскі непахісна настойваў, каб пераправіць рэліквію ў Варшаву. Граф Разанцаў пасміхаўся і казаў пра яе вялікасць імператрыцу... Гусары, драгуны і гайдукі, не ведаючы да канца, з якой прычыны гармідар, хваляваліся, хапаліся за шаблі і палашы...
Вырвічу зрабілася брыдка і тужліва. Ён успомніў колішнія словы Радзівіла Рыбанькі пра тое, што няхай рамфея застаецца дзе была, пакуль людзі на гэтай зямлі не паразумнеюць.
Не паразумнелі.
Сонца ўзнялося ўжо даволі высока, чальцы банды Чорнага Доктара пераміналіся з нагі на нагу... Агалінскія кідалі абураныя пагляды на дачку, якая церлася не каля ix, а каля дактаровіча. Меланхолія ўхапіла пад руку сужэнца і неяк нязвыкла слабка на яго абаперлася. Вырвіч думаў пра верны Гіпацэнтаўр і як бы яго назад здабыць. Карусь стаў за спінай Сафійкі надзейнай скалой, і дзеўка час ад часу кідала праз плячо на свайго рыцара ўдавана сарамлівы позірк... Дзякуй богу, на нядаўніх вязняў усе забыліся. Галасы важных паноў мацнелі. Пасля асабліва высокай ноты з карэты, якая прыехала разам з Панятоўскім, вывалілася нейкая пані ў цёмным строі, з захінутым вэлюмам тварам, пакульгваючы, але рашуча, наблізілася да каралеўскага пляменніка і нешта прашаптала яму, відавочна падтрымліваючы ў змаганні.
I невядома, чым бы гэта завяршылася, але з’явілася яшчэ адна карэта — каралеўская пошта... Няўжо з Варшавы? Калі паспелі каралю паведаміць? I хто?
Потым Вырвіч успомніў, што цесць казаў нешта пра намер караля Стася адправіцца ў Паставы, праінспектаваць спадчыну былога падскарбія Антонія Тызенгаўза. Там жа і палац, і цагельны завод, і фабрыка паясоў, і фабрыка папяровая, і мануфактур да халеры, і цэлы гарадок запрошаных з Еўропы майстроў — не ўсе разбегліся... Мусіць, і пляменнік дзядзьку суправаджаў, бо дужа захапляўся прагрэсіўным гаспадараннем... А да Паставаў сто вёрстаў, якраз за некалькі дзён можна інтрыгу закруціць.
З карэты выскачыў кур’ер і падаў літоўскаму падскарбію пасланне, запячатанае сургучом. Мяркуючы па пераможнай усмешцы Разанцава, пасланне ад караля не было для яго нечаканасцю.
Спадчыннік польскага трона нецярпліва сарваў пячатку, разгарнуў ліст. Прачытаў, пазмрачнеў... Кабета пад вэлюмам, што шылася каля яго, схітрылася таксама зазірнуць у паперу краем вока... Панятоўскі толькі яшчэ больш выпрастаўся і збляднеў, а кабета замахала рукамі, нібыта хацела ўчапіцца сабе ў валасы, потым, пакульгваючы, адышлася — Вырвіч мог прысягнуць, што чуе нейкі горкі вар’яцкі рогат. Расшытыя паўлінавымі пёрамі па зялёным аксаміце спадніцы пані, здавалася, падміргваюць тысячай вачэй Аргуса... Менавіта вочы гэтага волата, свайго няўдалага слугі, багіня Гера некалі размясціла на паўлінавых пёрах. «Служы пану верна, пан табе перне», — казала, злуючыся, Пранцішава нянька Агата. А каралеўскі пляменнік з належнай годнасцю, вельмі добра схаваўшы расчараванне, абвясціў, што ягоная каралеўская вялікасць кароль Станіслаў Панятоўскі з усёй пачцівасцю просіць перадаць расейскай гасударыні, што ў выпадку, калі ў Полацку будзе знойдзены прадмет, які ўяўляе вялікую каштоўнасць для кожнага хрысціяніна, ён, кароль польскі, з радасцю дорыць яго імператрыцы на знак свайго вечнага сяброўства.
Разанцаў толькі вусны пакрывіў пагардліва. Бач, як Цялок павярнуў, нібы сваю ўласнасць дорыць, ласку робіць. Скарыстаў магчымасць не проста паддобрыцца, а як бы імператрыцу абавязанай яму зрабіць.
Але што ж, галоўнае, бойкі не будзе.
Крылатыя гусары паныла з’ехалі, кідаючы непрыязныя пагляды на жаўнераў полацкага гарнізона. Куфэрак быў неадкладна адпраўлены з яшчэ адной кур’ерскай карэтай. Трэба разумець, у Паўночную Пальміру. Сярод тых, хто суправаджаў святыню, Вырвіч заўважыў спадара з незапамінальным тварам, іх нядаўняга вартаўніка. Ну, наўрад даедзе рэліквія да Санкт-Пецярбурга.
Станіслаў Панятоўскі (ідзе — яйка з галавы не зваліцца) рэціраваўся разам з гусарскай харугвай.
Ваявода Тадэвуш Жаба тужліва паглядзеў услед карэце, у якой намеснік генерал-губернатара адправіўся да новых узнагарод разам з дзівосным падарункам для імператрыцы, і нарэшце звярнуў увагу на нядаўніх вязняў. Адагнаў рухам рукі жаўнераў, падышоў бліжэй да падазронай кампаніі, загаварыў сцішана, з добрай дабаўкай бяссілай злосці:
— З задавальненнем адправіў бы паноў надоўга туды, дзе яны ночылі, але яго светласць граф Разанцаў і яго княская мосць Станіслаў Панятоўскі лічаць, што на прыкрыя ўчынкі паноў трэба забыцца. Гэтак жа, як i ўвогуле на падзеі апошніх дзён. Спадзяюся, ясна? Не балбатаць. Простыя людзі мала што скемілі, пра святыню ніхто толкам нічога не ведае. Калі паны прысягнуць не распаўсюджваць чуткі — яны вольныя.
Разумнае рашэнне... I нечаканае. Пан Тадэвуш адправіўся запіваць мітрэнгі вадой, падфарбаванай віном.
На развітанне зіркнуў на Лёдніка:
— Дом твой. Пашанцавала.
Таксама дзіўна... Мо Цялок не забыўся пра сваю віну перад Лёднічанкай ды заступіўся?
Нарэшце ім вярнулі зброю. Вырвіч багавейліва пацалаваў клінок Гіпацэнтаўра, родавай шаблі, з якой яшчэ дзед пад Хоцімскам подзвігі ўчыняў. А добра было б і папалуднаваць... Агалінскія ўжо зніклі не развітаўшыся, у паветры раставала рэха лаянкі Паланэйкі з Рэгінкай. Алесь з Сафійкай і Карусём чакалі наводдаль, пра нешта перагаворваючыся.
Раптам нейкі лёкай у дыхтоўным строі з галунамі — гаспадар ягоны нябедны — пачціва папрасіў пана доктара Лёдніка падысці вунь да той карэты... Той, на якой прыскала кульгавая спадарожніца маладога Панятоўскага.
Зразумела, Вырвіч і Меланхолія аднаго доктара не адпусцілі. Сталі побач з карэтай, куды залез з візітам доктар. Непачціва? Вой, панове, не смяшыце мае боты. Меланхолія кінула ваўкалацкім вокам на фурмана ды лёкая, і тыя ціхенька адышліся, навучаныя пазнаваць небяспечных паноў. Пранціш бессаромна зазіраў праз прыадчыненую фіранку. Пані ў багатым уборы, расшытым паўлінавымі пёрамі, нейкі час моўчкі глядзела на доктара, потым адкінула вэлюм. Тэрэза Радзівіл!
— Вось, удалося яшчэ раз пабачыцца, доктар, — голас пані нібыта кульгаў, як i яна сама. — Сам бачыш, засталося мне нядоўга.
Бутрым уважліва глядзеў на жанчыну, якая зрабіла яму столькі зла.
— Я б мог памагчы вам. Дыета, масаж, мікстуры...
— Не трэба, доктар, позна, — кабета пачала задыхацца, нібыта доўга бегла, і спыніла рухам Лёдніка, які пацягнуўся быў да яе. — Я ведаю, што да Калядаў не дажыву. Што ж, час адказваць перад Богам... Думала, гэты год правяду пры двары, скарыстаюся ласкай караля, здабыўшы для яго і ягонага пляменніка дзіду святога Маўрыкія... Мне ж нябожчык граф Мануцы пакінуў цэлую павуту сваіх людзей паўсюль, каб прыглядала за ягоным сынам... Утрымліваць іх нятанна, але я шмат пра што даведваюся першай...
Іншымі словамі, фаварыт караля Нікола Мануцы, які выхоўваў пазашлюбнага каралеўскага сына як свайго, уласных шпегаў перадаў хаўрусніцы-інтрыганцы Тэрэзе Радзівіл, палюбоўніцы караля...
— Мяне пры двары даўно адсунулі ўбок, амаль скінулі ў гнілое сена, — крыва пасміхнулася пані Тэрка. Яе твар за апошнія гады яшчэ больш азыз, пад чорнымі пукатымі вачыма набрынялі цёмныя прыпухласці. — Вось, скарыстала шанец, заадно, думаю, цябе пабачу. А мо і зноў палюбуюся, як цябе дратаваць стануць.
Пані Тэрэза, былая няверная жонка Пане Каханку, адкінулася на сцяну карэты, і Вырвіч пачуў ейны вар’яцкі смех.
— Я пражыла цікавае жыццё, доктар. Усякае ў ім было, ніякі тэатр не пакажа. Але... — пані Тэрэза адвярнулася, і Вырвіч не мог разгледзець ейны твар. Аднак голас кабеты зрабіўся нейкім адчайным. — Гэта я толькі нядаўна зразумела... Не было ў мяне больш палкіх, больш гарачых перажыванняў, чым калі я назірала, як ты пакутуеш, доктар. Тады, у Белакамскім замку, калі я прыціскала распаленае жалеза да тваіх грудзей... Пасля — калі ты ўзяў на сябе правіну сына, і цябе ў Ашмянах сцябалі ля слупа... Ты не ведаў, а я прыехала паглядзець. Я сядзела вось так у карэце і назірала праз акно, як на тваю спіну апускаецца бізун. Зноў, і зноў, і зноў... I я атрымлівала такую асалоду... Ніколі — ні ў ложку караля, ні з іншымі сваймі мужчынамі — я не атрымлівала такой асалоды...
— Я ж казаў, ваша княская мосць, гэта паталогія... — сумна прамовіў Лёднік.
Пані Тэрка зноў зарагатала:
— Гэта я і сама ведаю, доктар, што паталогія. Але я толькі на парозе смерці зразумела, наколькі ў мяне ўсё перакручана. I ўявіла, а як было б, калі б я цябе не мучыла, а... Якая ж я вартая жалю... Вось я, дачка вялікага гетмана кароннага, княгіня, залежу ад увагі бязроднага, непрыгожага і немаладога клісцірніка... Сачу за кожным ягоным крокам. Кідаюся на падлогу, калі даведваюся, што ён зноў ажаніўся... Гэта ж блёкат!
Дык вось хто паслаў Аляксандру Лёдніку агідны ліст...
Княгіня Радзівіл зноў пачала задыхацца, потым паднесла да носа бутэлечку з нейкім рэчывам, некалькі разоў удыхнула...
— Вам нельга хвалявацца, ваша мосць, — ціха, амаль ласкава прамовіў Бутрым.
Вырвіч скасавурыўся на Меланхолію, якая падслухоўвала побач — ніякага здзіўлення, быццам кожны дзень ейнаму мужаньку прызнаюцца ў каханні княгіні.
— Ведаеш, доктар, як я была маленькая, калі выціналася аб што-небудзь, падбягалі нянькі і пачыналі караць той прадмет, аб які я выцялася. Скажам, сцябалі зэдлік. Вось табе за тое, што зрабіў князёўне Тарэсцы балюча. I мне прапаноўвалі пастукаць па тым зэдліку. Неяк я такім чынам кацяня сваё забіла, якое мяне падрапала.
— Я не кацяня, пані Тэрэза. Я больш трывалы. Вы не забілі мяне.
Што ж ён так супакойліва... Вырвіч гэтай мегерай падлогу б выцер.
— Трывалы. Моцны. Настолькі моцны, што можаш мне прабачыць. А вось я сабе прабачыць так і не змагла. Ідзі, доктар, жыві са сваёй гардыянкай. Неяк я наймала яе праз слуг — чыста д’ябальскае стварэнне.
Вырвіч зыркнуў на Меланхолію — тая толькі белымі брывамі варухнула: маўляў, на каго толькі я не працавала.
— Дазвольце, я ўсё-ткі дашлю вам мікстуру, палегчыць боль... Куды даслаць? У Гародню, Варшаву?
— Не, доктар. Ты вось зараз палегчыў мой боль. Калі выслухаў i не абсмяяў. Жаба табе ўжо сказаў, што дом табе вяртае? Мой развітальны падарунак. Усё, бывай. Болей я ў тваё жыццё не палезу.
Лёднік выйшаў з карэты, і яна адразу ж ірванула прэч.
Мы зямля і ў зямлю адыдзем.
Усе паспяшаліся пакінуць месца няздзейсненай баталіі... Пра пачутае маўчалі. Бутрым узяў Меланхолію за руку, так і пайшлі. Ідылія, халера. Прэтэндэнт у мніхі і забойца.
А мусіць жа, і на тое, што іх усіх адпусцілі, паўплывала пані Тэрка. Грахі замольвае.
Але барані нас, Божа, ад такой любові.
Калі прамінулі Верхні замак і выйшлі на плошчу, аб’явіўся Давыд:
— Ну, дзякуй богу, абышлося... А я ўжо думаў, паб’юцца... Ці то вас сілай адбіваць давядзецца.
Лёднік абняў старога сябра.
— Тонкая праца. Толькі як жа ты паспеў, як схітрыўся? За нейкія хвілі?
Аптэкар шырока ўсміхнуўся, яго касцюм на гэты раз складалі жоўтыя скураныя кюлоты і такі самы жоўты каптан з зялёнымі галунамі.
— Та-ак, давялося ўсё на хуткую руку... Скарысталі тое, што патрапілася. Ясюк, ваш слуга, якраз матэрыял прадаставіў.
— Што за матэрыял? — спытаў Вырвіч. Надта ж было цікава, якую штуковіну адправілі ў карэце да імператарскага двара.
— А вы яго спытайце...
А вось прыдыбаў Ясючок. Аж ззяе, як белая парэчка на сонцы.
— Няхай ахоўваюць вас Прасвятая Багародзіца і ўсе святыя, мае паночкі. Прыдалася сёння дзеля вашага вызвалення адна магутная рэч, якую меў пры сабе. Памятаеце, пан Вырвіч, як вы рыбу вялізную купілі? Ну, касцяк ейны?
Яшчэ б не памятаць таго клятага кіта,
— Дык вось, у мяне аскалёпак косткі той цуд-рыбы застаўся. I па памеры падыходзіў, і востранькі...
— Чакай... Дык вы рамфею з кітовай косткі зварганілі? — Вырвіч не мог ачомацца.
— Ну так... — сціпла прызнаўся Давыд. — Не было калі шукаць што прыдатнае з металу... Раз-два, падтачыў, пафарбаваў, яна цяжкая... Куфэрак нейкі знайшоў у каморы, з-пад цвікоў... Пакуль разбяруцца, думаў, ды ці разбяруцца... А вас трэба было выручаць. Даў добра на кішэню аднаму з тых, каго ваявода паслаў куфэрак шукаць. Ну i...
Вырвіч не ўтрымаўся ад рогату. Прабач, Госпадзе! Значыць, недарэмна ён тады ў Вільні ледзь не купіў кіта.
Што ж, вось і ўтварылася новае кола захавальнікаў полацкай таямніцы, тых, хто ведае, дзе рамфея.
У старым доме Рэнічаў нарэшце зноў не было ціха.
Але Вырвіч заявіў, што мусіць падрамаць, бо ноч выдалася вераб’іная. Знайшоў пакой з лавай, на якой ляжаў невядома чый падраны кажух. Вось i добра для воя... Нарэшце, здаецца, і гэтая эпапея скончаная.Толькі задрамаў...
— Ды адчапіся, Бутрым... Падумаеш, нешта не тое з’ела, ну ванітуе. Перажыву.
— Дай хоць соды намяшаю...
— Тата, не трэба ёй соды. Пані Галена, можна з вамі перагаварыць сам-насам? Пойдземце туды, у дальні пакой...
Пранціш уздыхнуў і перавярнуўся на лаве тварам да сцяны, на якой калісьці віселі, наколькі ён памятаў, дзве карціны — адна з выявай Арыстоцеля, другая — Платона. Ну, прынамсі, так яны былі падпісаныя. Абодва палотны маляваны мясцовым геніем па замове занадта разумнага кнігара Івана Рэніча.
Цікава, хто прыўлашчыў гэтыя карціны і што з імі зрабіў? Спаліў паганскую спакусу альбо павесіў на сцяну i выдае за сваіх продкаў са світы Палямона?
— Ты ўпэўненая, Сафійка? Я ж... Я ж не думала, што Гасподзь пашле мне такое шчасце... Была перакананая, што гэта не для мяне... Што ніколі не змагу, не спазнаю... З маім ладам жыцця — дзе ўжо...
— Не хвалюйцеся, пані Галена, я маю досвед... Прыгледжу за вамі...
— Дзіця ты маё светлае, ты ж сабе дапамажы!..
Галасы аддаліліся, Вырвіч зноў закруціўся, накрыў галаву крысом кажуха, хоць і смярдзючым.
— Я падумаў, тата. Я застануся. Буду з Тадэвушам чакаць, калі яму дадуць пасаду ў войску. Тады і я — з ім... На радзіме. Ён ведаеш, што мне сказаў, як я ў яго ў Сяхновічах быў? «За шляхту ваяваць не буду, за народ буду».
Брындаюць, як запазычыўшы ды не аддаўшы. Госпадзе, ну калі яны ўгамоняцца? Колькі яшчэ сямейных таямніцаў давядзецца падслухаць? А Вырвічу хутчэй бы да сваёй сямейкі вярнуцца... Занадта доўга яна была за кулісамі падзеяў.
Старажытны Полацак гасіў агні, Дзвіна бегла i бегла ў мора, але ўсё заставалася каля Сафіі — бо куды збяжыш ад уласнага сэрца. І зямля на скрыжаванні дарог і стагоддзяў, чужацкіх інтарэсаў і ўласнае трываласці ўсё яшчэ жыла і рыхтавалася сустрэць наступнае стагоддзе, да якога заставалася зусім няшмат. I гучала над усім гэтым музыка сфераў, пад якую, як скажа паэт стагоддзе пасля, усе мы разам ляцім да зор.