Аднойчы даслаў магістр Лівонскага ордэна магістру Рэвэля адчайнае пасланне. Маўляў, прыехалі ў Рыгу нейкія людцы з Полацка, што ў Літве, ды папрывозілі з сабою фальшывых манетаў, вырабленых падобна да нашых вендзенскіх: на адным баку — герб, на другім — рэвельскі крыж з кропкаю. А калi аднаго з тых палачанаў злавілі, той прызнаўся, што манетаў начаканена палову ласта, то-бок шэсцьдзясят пудоў, i разыходзяцца падробленыя лівонскія шылінгі як пошасць.
Што ж, зрабіць гадасць ордэнцам ліцвіны заўсёды былі майстры, пад Грунвальдам разам з палякамі, татарамі ды жамойтамі вунь як натаўклі тым у каршэнь... А палачане яшчэ i гандляры на ўвесь свет славутыя, ад часоў Рагвалода і вікінгаў, ганзейскі ж горад... А дзе гандаль, там i круцельства.
Вірлавокі пан у заляпаным тлушчам смарагдавым жупане махаў перад дзюбатым носам Чорнага Доктара пакамечанай паперай, таксама, магчыма, з плямамі тлушчу. Хаця да такіх папераў варта ставіцца беражліва. Бо быў гэта вэксаль на дом на Ніжне-Пакроўскай, які калісь належаў купцу Рэнічу, потым перайшоў да ягонай дачкі Саламеі, пасля смерці згаданай дастаўся ў пасаг дачцэ — Сафіі Лёднічанцы, а апошняя, рыхтуючыся сысці ў кляштар, перадала свой пасаг на карысць роднага горада, і яго выкупіў райца магістрата, шаноўны пан Захарыюш Пшчолка.
Папера была састаўленая як мае быць, нават подпіс Сафіі Жылкавай, былой Лёднічанкі, меўся. На адвароце было напісана, што муж пані Сафіі, шаноўны пан Валенты Жылка, вяртае жончын пасаг і не мае на яго прэтэнзій.
Апошні запіс быў, цалкам магчыма, сапраўдны.
А вось першы... Не развучыліся ў Полацку майстэрству падробак.
Вырвіч дарэмна спрабаваў ужыць нейкія аргументы і тузаў Лёдніка, каб той паказаў атрыманы ад Разанцава ліст — пан Пшчолка, за якім быў цэлы ўзброены атрад венгрыкаў, проста нічога не слухаў, выскаляўся ды пагардліва пазіраў на прэтэндэнта на маёмасць, якую лічыў сваёй... Ясна, з падачы ваяводы Жабы.
— Пакуль сама пані Сафія не засведчыць, што папера няправільная — прашу паноў не займацца інсінуацыямі. Пан Лёднік тут ніякіх правоў не мае.
Упэўненыя падлюкі, што Лёднічанка аніяк сюды не з’явіцца.
На гвалт, учынены ля брамы, як мухі на перастаялае сочыва, збіраліся цікаўныя месцічы. Многія з нецярплівасцю чакалі, калі ж паны падастаюць шаблі. Ну хай бы хоць троху крыві адзін аднаму пусцілі... Лёднік стаяў моўчкі, на худым абліччы люстравалася агіда.
Меланхолія — на гэты раз у вобразе прыстойнай, важнай пані — тузанула Вырвіча за рукаў, прашаптала на вуха:
— Пайшлі да начальства... I чаго было адразу сюды перціся?
I праўда... Але не паспеў Вырвіч звярнуцца да Лёдніка...
— Го-го, якія людзі і якая тут бітва — будзе слаўнаю Літва!
Руды Агалінскі — сівізна не паспела прытушыць вогненнасць ні валасоў, ні натуры — саскочыў з каня і наваліўся на вірлавокага радцу, як лонданскі докер на скрыню з вяндлінай:
— З маімі сябрамі гэтак размаўляць недапушчальна, васпане!
Агалінскі сутыкнуўся з Пшчолкай, які нат шаблі не паспеў выхапіць, нос да носу, ад чаго полацкі радца змушаны быў зрабіць крок назад і трохі збляднеў — невядома, ад страху ці ад злосці.
— Няхай васпан прадставіцца, перш чым абражаць уладальніка герба Байбуза!
— Перад вамі пан Агалінскі герба Адравонж!
Рукі абодвух паноў цягнулі з похваў шаблі...
— Гербам Адравонж карыстаецца род нашага славутага ваяводы пана Яна Жабы! Няўжо пан ягоны сваяк?
— Мы не з Жабамі, васпане, а з самімі яснавяльможнымі Радзівіламі ў сваяцтве! Агалінскія атрымалі гэты герб ад Казіміра Ягелончыка за бойкі з крыжакамі!
Ну, пра сваяцтва — загучна, мо хіба траюрадная прабабка чацвёртым шлюбам...
Рэзкі свіст — ажно коні заіржалі ды птаства шуганулася — прыпыніў дыспут, што набываў плённы геральдычны ўхіл. У двор уварвалася чароўнае стварэнне верхам на адзінарогу... Ай не, на звычайнай белай кабыле. Стварэнне відавочна жаночага полу, але хіба можа пачцівая паненка вось гэтак зухавата скакаць верхам? Ну хаця б не па-мужчынску, а бокам, у жаночым сядле, спадніцы звесіўшы, але да спадніц прыкладаліся шабля і пісталет, берэт на рудых валасах быў ссунуты набок, а з пекных ружовых вуснаў толькі што вырваўся вось гэты дзікунскі свіст...
Паненка спрытна саскочыла на вільготную зямлю, з якой толькі пачала прабівацца траўка, што прагнула чыстай дажджавой вады, а не шляхецкай п’янай крыві.
— Пане бацька, я так i думала, што тут цябе знайду!
Агалінскі незадаволена крактануў:
— Цябе тут не хапала, вавёрачка... Дай з гэтымі бабздырамі полацкімі шабелькамі дзынькнуць.
— Тата, мо не трэба тут шабелькамі дзынькаць... — ласкава прамовіла Рэгінка, як быццам была старэйшая за свайго бацьку. — Больш пільная патрэба маецца...
Пан Гервасій спахмурнеў, забыўшыся на жаданне нашаткаваць полацкіх бабздыроў:
— Так i не знайшла?
— Не знайшла... — паныла прамовіла Рэгінка невядома пра што...
— Папрашу адысці ад майго дома! — віскатнуў задураны пан Пшчолка. — У мяне не карчма заезная!
— Тваім домам, васпане, хутчэй дамавіна будзе, чым гэтая камяніца! — зноў ажывіўся Агалінскі.
Невядома, чым бы ўся гэтая спрэчка рызыкоўная ліцвінаў зухвалых скончылася, бо ўжо i Сцяцко з пераляканым Ясючком ад брамы падцягваліся, і Меланхолія занадта міла выскалялася, і Лёднік, раздражнёны, як кот на распаленай блясе, вось-вось ірвануць быў гатовы...
— Ягоная мосць ваявода полацкі пан Тадэвуш Жаба!
I так на двары кнігара Рэніча таўкатня, дык яшчэ дадалася халастра... Цэлая ваяводская світа на чале са шляхцюком з прусачынымі вусішчамі і злымі, вострымі вачыма, які прыгорблена сядзеў на чорным гладкім кані. Вось ён які, жаба ў золаце... Уладальнік герба Байбуза тут жа змізарнеў, заўсміхаўся свайму сюзерэну шчыра, як выраблены ў Полацку лівонскі шылінг.
У веснавым паветры запахла пралескамі і маной.
Пан Жаба спыніў востры пагляд на Чорным Доктары:
— Адбылося непаразуменне, шаноўнае панства, якое я асабіста прыехаў выправіць. — Зіркнуў на Пшчолку, які ледзь на калені не ўпаў: — Вымятайся, васпан, з гэтага дома. Цяпер жа. Транты, што паспеў затарабаніць, пакінь — пану Лёдніку будзе кампенсацыя. А з табой пасля разлічуся. — I зноў утаропіўся ў доктара, як пацук з мукі: — Дом ваш, пан Лёднік. Спадзяюся, непаразуменне ўладжанае?
Ашаломлены Лёднік пачціва пакланіўся з усёй прафесарскай годнасцю.
Пранціш сустрэўся паглядам з насцярожанай Меланхоліяй... Рэзка ж павярнуў пан Жаба аглоблі ў другі бок! Дайшоў напісаны яму асабіста ліст ад Разанцава? З аднаго боку, ваявода наравісты і неслухмяны, з другого — удзельнічаў жа імпэтна ў Радомскай канфедэрацыі, падрыхтаванай расейскім паслом Рапніным... Відаць, расейцам і слугуе. А чаму б не атрымліваць добрыя грошы? Гэта папярэдні ваявода полацкі, пан Адам Брастоўскі, пост свой дэманстратыўна кінуў, калі даведаўся, што Полацак магдэбургскага права пазбаўляюць. А гэты абатрэцца і далей папаўзе, абы наверх.
— Размова ёсць, доктар. У дом пусціш?
Ага, паспрабуй не пусціць...
Пшчолка з кампаніяй знік, не піскнуў. Але прысутнасць ягоная ў доме адчувалася, як мазоль ад цеснага бота. Пан збіраўся засяляцца ўсур’ёз — залу перапаўзаў пыльны вусень скручанага кіліма, некалькі даволі кепска намаляваных партрэтаў Пшчолкавых продкаў незадаволена хмурыліся, прыхіленыя да сценаў... Ад рэчаў колішніх гаспадароў засталіся хіба толькі падобны да шафы гадзіннік з круглым медным тварам, што выглядаў праз акенца наверсе, і пустыя паліцы, калісьці застаўленыя кнігамі. Брудныя сляды ад ботаў на падлозе таксама не дадавалі ўтульнасці.
Гадзіннік, калі верыць адзінай стрэлцы, паказваў дзве папаўдні. Паводле ўсходніх прымхаў, час Казы, які настае паміж часам Каня і Малпы і які лепей прысвяціць балбатні і адпачынку...
Так што пан Тадэвуш Жаба якраз угадаў.
Хоць як належна прыняць важнага госця не было магчымасці... Ганьба. Госць у дом — Бог у дом, апошнюю шапку прадай, аде напаі-накармі з прымусам да немагчымасці самастойна ўстаць з-за стала, згодна са шчодрым сармацкім звычаем. А пасля яшчэ чарку-расхадуху, аглаблёвую, страмянную, — калі госць, вядома, яшчэ ў сядле трымаецца... Але не толькі слаўнага трайчатага мёду — сціплай бутэлькі налівачкі не знойдзеш у разрабаваным, апусцелым доме... Застаецца пачаставаць бобам аб стол лобам... Хоць, як прыпомніў плёткі Пранціш, Тадэвуш Жаба слаўнымі шляхецкімі напоямі пагарджаў і нат адмыслова трымаў у сябе бутэлькі падфарбаванай вады, каб замест віна піць... А як шляхта даведалася ды згаварылася ваяводу сумленна напаіць — ледзь не скапыціўся пан. Слуга мокрымі рушнікамі яму галаву абкладваў, а з вушэй Жабы, кажуць, пара валіла. Нездарма паны-браты гэтак ваяводу не любяць, і нат песенька пра яго дзёрзкая складзеная:
Пане Ваявода!
Што то за мода?
Ці можа быць згода?!
Жаўнераў збіраеш,
Шляхту пажыраеш!
Не адрозніваўся ваявода і красамоўствам, што сам пра сябе ведаў. Таму, усеўшыся без цырымоній у адзінае крэсла, танканогае, італійскае — мусіць, Пшчолкава спадчына, — і пераканаўшыся, што ніхто лішні вушы не грэе — толькі ён, Вырвіч ды Лёднік у пакоі — адразу да справы:
— Не ўздумай, доктар, штось таемна ў маім горадзе шукаць. А вось пры маёй дапамозе — калі ласачка... Грабароў дам, каб капалі ды камяні насілі, жаўнераў для аховы, скажаш толькі, куды дасылаць... Што спатрэбіцца — прасі. Галоўнае, святую рэч перадасі мне ў рукі, а я ўжо сам дастаўлю генерал-губернатару.
Лёднік захаваў каменны твар.
— Шчыра дзякую васпану за прапанаваную ласку. Праўда, не магу здагадацца, пра якую святую рэч гаворка. I здабываць нічога, прызнацца, не збіраўся.
Ноздры тонкага вострага носа ваяводы злосна раздзьмуліся — быццам і праўда пара паваліць.
— Галаву пацыентам сваім дурыць будзеш. А то як вярнуў табе дом, так і назад забяру. Пойдзеш за той святой рэччу, вакол якой скокі з бубнамі развялі — паведамі. I ніякай сваволі! З’ясаваў?
Пан Жаба ўзняўся гэтак жа імкліва, як і садзіўся, і гэтак жа без цырымоній, нат не развітаўшыся, выйшаў з пакоя. Аж уздыхнулася лягчэй.
Вось табе і спіткі, і з’едкі... На душы было пагана. Бо дакдадна паўтараліся страшныя падзеі трыццацігадовай даўніны...
— За домам сочаць, — праслізнула ў паком Меланхолія. Пранціш не сумняваўся, што размова з ваяводам была ёю падслуханая. — Усё, як я вам і казала... I за намі ўсімі сачыць будуць, як ім загадана. Чаго сюды паперліся, у пастку?
— Так трэба было... Пасля патлумачу, — буркатнуў Бутрым, прыгладзіў доўгія чорна-сівыя патлы і цяжка ўсеўся ў крэсла, вызваленае ваяводам. — Пакліч лепей Агалінскіх... Нездарма ж заявіліся, нешта здарылася...
Меланхолія выбегла з пакоя, а Пранціша апанавалі ўспаміны... Вось якраз на гэтым месцы, дзе сядзіць Бутрым, шмат гадоў таму сядзела Саламея, а Герман Ватман прыстаўляў да яе горла лязо... I змушаў Лёдніка дзеля вызвалення жонкі адправіцца здабываць для князя Багінскага таемную зброю ажно ў Ангельшчыну.
Саламеі няма, а выхаванка ці, магчыма, дачка яе ката і гвалтаўніка заняла яе месца каля доктара...
Лёднік, відаць, таксама ўнурыўся ў сумныя ўспаміны, яго цёмныя вочы аглядалі пакой і яўна бачылі цені мінулага...
Ператворыцца цела ў зямлю, спадзяванні — ў пясок,
Павуціннем спаволяць гады твой размашысты крок...
Шэрань выстудзіць скроні, і вочы засыпле зала...
Раптам цені былога пазбавяцца болю і зла,
I прыгасяцца ў памяці жарсці, і выцвітуць сны...
Выдыхаецца з часам і гора, і воцат віны...
Празрысты цень нібыта слізгануў па пакоі, ласкава-ласкава крануў тонкай рукой чорна-сівыя валасы доктара... «Ніколі не позна быць шчаслівым, дарагі...»
Яна заўсёды ўсё яму даравала. Прымала і разумела ўсякім. А ён дзеля яе намагаўся стаць лепшым...
— Саламея... — Лёднік прашаптаў так нячутна, што Вырвіч хутчэй здагадаўся, чым пачуў. А бяздонную, аглушальную віну ў тым шэпце не пачуць было нельга...
Жывое — жывым. Гучныя крокі, гулкія галасы, трывога і азарт хуткай бойкі... Пан Гервасій Агалінскі ў цені не надта ўглядаўся.
— Доктар, Вырвіч, памажыце, Паланэя знікла!
Моцная рука Агалінскага сціскала дзяржальна шаблі, як быццам пан спадзяваўся выціснуць з яго ваду. Рэгінка, якая прыбегла следам, упарта задзірала носік... А вочы чырвоныя. Плакала амазоначка. Але ні халеры ў тым не прызнаецца.
— Як даўно знікла? Пры якіх абставінах? — роля суддзі для Вырвіча была звыклай, не адна крымінальная справа падобнымі заявамі пра знікненне асобы пачыналася.
Агалінскі ўздыхнуў:
— Каб ведаць дакладна... Мо ўчора нанач, мо сёння раніцою сышла... Мы ля бернардзінцаў дом знялі, на самай ускраіне, каб шпегаў не прывабліваць. Трохі пасварыліся ўвечары... Наконт нашых планаў. Я, прызнацца, суцешыўся мадэраю... Біклажку яшчэ ў Вільні мне налілі, у доме яго княскае мосці Караля Радзівіла... Прачнуўся пазнавата — жонкі няма. I сына твайго няма.
Пры апошніх словах Лёднік адразу напяўся:
— Алесь быў з вамі?
Агалінскі перхануў з няёмкасцю.
— Ну так...Ты ж ведаеш, яму дастань ды пакладзі тую цікавостку, што вы ў сутарэннях схавалі. Без яе нібыта наша справа не выгарыць. А я, пасля таго як за вогненным мячом з’ездзілі, ва ўсялякія чароўныя штуковіны не веру. Сумленная шабля ды шляхецкі гонар — вось найлепшыя цуды! А калі рэч сапраўды святая, да Крыві Гасподняй дакраналася — дык на яе маліцца трэба, а не ў кроў людскую мачаць... Я казаў, далей едзем, на Віцебск, там добры хаўрус намячаецца... А калі ўдасца нейкім цудам здабыць рамфею — дык аддаць не Тадзіку Касцюшку, а самаму годнаму ліцвіну, пану Каралю Радзівілу. Вось за кім уся шляхта пойдзе! — аблічча Агалінскага ажно прасвятлела ад шчырай любові да Пане Каханку. — А ягоная княская мосць i за мора выявіў згоду адправіцца. Дык Паланэя мяне дурнем назвала i давай з Аляксандрам тваім употай ад мяне шаптацца. Каб меней іх ведаў — прыраўнаваў бы.
— Татусь! — абурылася пачырванелая Рэгінка і звярнулася да Вырвіча: — Пані маці i пан Аляксандр дакладна раніцой сышлі. Бо я позна не клалася, чытала такі... раман французскі... Доўга чула ix галасы i як татка хроп.
Нягжэчна выхаваная паненка кінула дакорлівы пагляд на Агалінскага — іншы бацька за такі пагляд лейцамі б... А руды Амерыканец нічога, толькі хмыкнуў вінавата.
Меланхолія адляпілася ад сцяны, дзе выяўляла карыятыду ў смарагдавай сукенцы.
— Выбачайце, панове, што ўмешваюся ў вашыя вельмі сакрэтныя і важкія палітычныя дэбаты, але давайце праверым, ці правільна я, кволая, неразумная кабета, усвядоміла расклад...
Гаворачы, «кволая, неразумная кабета» падцягнула да цэнтра пакоя нейкі стаўбурок, на які і ўселася, як паляўнічы на пень на лясной палянцы. Крэслаў у доме назіралася не болей, чым сыру перад пацучынай норкай, таму Вырвіч, крактануўшы, прыладкаваўся на скручаны кілім, Рэгінка з таткам без ваганняў прысуседзіліся. Вось цяпер вайсковая палявая рада ў зборы.
— Алесь вырашыў, што для поспеху рэкруцкай заакіянскай кампаніі яму проста конча патрэбная рамфея, яна ж дзіда Святога Маўрыкія. Так?
Меланхолія запытальна зірнула на мужа ваўкалацкімі вачыма, то светлымі-светлымі, то бяздонна-цёмнымі. Той засмучона кіўнуў.
— Мой сын здольны быць дужа ўпартым у дасягненні мэты, у якую верыць. Спадчыннае.
Гальшка толькі светлым брывом іранічна тарганула.
— Наколькі я ведаю, рамфея пасля нежартоўнае калатнечы была вернутая туды, адкуль яе і дасталі... То-бок у мясцовыя сутарэнні. Хто прысутнічаў пры тым, як яе здабывалi і хавалі назад?
Пранціш па звычцы ўскалмаціў чуб, хоць не такі ўжо той быў густы, як у юнацтве.
— Здабывалі чацвёра, з іх у жывых засталося двое — я і Бутрым, — Вырвічу раптам стала холадна, як у тых клятых сутарэннях. — Акрамя нас спускаліся Герман Ватман і Саламея. Але дарогу назад я б не паўтарыў... А ты, Бутрым?
Доктар падумаў.
— Так, мог бы прайсці. Вядома, сплыло столькі часу. Памяць пагоршала... Але прайшоў бы.
Пранціш з павагай зірнуў на старэйшага сябра: у тых лабірынтах ён сам нат на наступны дзень пасля візіту мог бы заблукаць...
— Адносілі рамфею назад Саламея i Паланэя — падчас бойкі з маскоўцамі. Не ведаю, ці расказвала табе, Гервасій, жонка, але ейны братка што ўтварыў тады... Напісаў пра рамфею жонцы спадчынніка расейскага прастола Кацярыне, сенняшняй імператрыцы... Кукарэцыі строіў. Ліст перахапілі, у Полацак цэсарэвіч Пётр даслаў свой атрад на чале з Мезенцавым... Сеча была... Радзівілы, Сапегі, Багінскія... Добра, усе ліцвіны адной сілаю выступілі. Вось Саламея і ўгаварыла Паланэю пазбавіцца прычыны бойкі. Занеслі кабеты рамфею назад і ход падарвалі. Бочачкай пораху. Што бацька Пане Каханку, вялікі гетман Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька, і ўхваліў. Маўляў, ні нашым ні вашым, але родная зямлі.
— I добра падарвалі? — выскалілася Гальшка.
Пранціш развёў рукамі:
— Вой, добранька, пані. Каб маглі раскапаць, дык даўно б хто раскапаў.
— А дзе тое сталася? Паланэя месца не паказвала... — загарэліся вочы Агалінскага.
Бутрым усміхнуўся куточкам рота:
— А па суседстве, за аптэкай дзядзькі Лейбы. Яна зараз Давыду належыць. Дзядзька Лейба неяк палез ва ўласны пограб і праваліўся. Аказалася, вада ўвесну размыла столь сутарэнняў... А яны пад усім Полацкам ідуць. Іван Рэніч іх даследаваў... Саламеі таямніцу перадаў.
— Расклад з’ясаваўся, панове, — вочы Меланхоліі здаваліся амаль белымі. — Паколькі ты, Бутрым, адмовіўся дапамагчы сыну адшукаць ход да рамфеі, ён звярнуўся да пані Агалінскай з Багінскіх. I якім чынам яны прыдумалі ў сутарэнні прайсці, калі ўзарваны праход расчысціць немагчыма? Нешта вам, пан Гервасій, жонка распавядала асаблівае пра свае падарожжы пад зямлёй?
Агалінскі пачухаў патыліцу.
— Ды казкі нейкія пляла, смяялася... Падлога, кажа, правальвалася, потым падымалася, сцены ўбок адпаўзалі... Потым казала пра старыя кнігі...
— Значыць, да бібліятэкі яны дабраліся... — задумліва прамовіў Пранціш. — Я, прызнацца, думаў, яны з Саламеяй дзесь недалёка ля ўвахода рамфею пакінулі. Мы ж да той бібліятэкі некалькі гадзін, мне падалося, пляліся... Ды яшчэ з дапамогай скрутка нітак з вузельчыкамі. А я ўласнаручна тыя ніткі спаліў, каб Ватмана спыніць.
Доктар прыжмурыў вочы.
— Саламея мела памяць не горшую, чым у мяне. Магла дарогу запомніць. Ім жа з князёўнай Багінскай не трэба было па новай усе загадкі разгадваць, як нам... Мне Саламея адно што сказала — рамфея там, дзе i была некалькі стагоддзяў. Ахоўвае Полацак i Беларусь. I ніхто яе адтуль вынесці не павінны.
— Але ж спрабуюць... — цыкнула праз зубы Гальшка Лёднікава. — Калі здагадаемся, якім чынам спрабуюць, — знойдзем i сына твайго, Бутрым, i тваю жонку, пан Гервасій...
— А здагадацца трэба! — ледзь не роў ад роспачы Агалінскі. — Самі ж кажаце, небяспечна ў тых сутарэннях... Згінуць нашы авантурнікі — і целаў не знойдзем! Жонка намякала, Саламея дарогай распавяла ёй, дзе іншыя ўваходы ў сутарэнні... Толькі ўсе заваленыя. Доктар, толькі на цябе надзея! Кудой яны маглі прашчыміцца? Ну, ты ж разумны! Здагадайся!
Баўтрамей прыкусіў губу і рашуча скіраваўся ў суседні пакой... Прысутныя, як на вяровачку прывязаныя, пасунуліся следам...
Доктар паводзіўся дзіўна. Падышоў у той кут, дзе стаяла аблямаваная жоўта-зялёнай кафляй печ — кнігар Іван Рэніч, як і ягоныя спадчыннікі, не перанялі моды на каміны, — схапіў качаргу, што сіратліва прыхінулася да халоднага бока сваёй цаглянай гаспадыні, падцягнуў нейкую скрыню, ускараскаўся, упёрся жалезнай палкай у кут паміж печчу і столлю, націснуў... Пасыпалася тынкоўка.
Бутрым сунуў руку ў чорны вузкі рот хованкі... Скарбам быў куфэрак. Просты драўляны куфэрак з даўно згубленым замком.
Вырвіч зглытнуў... Ён пазнаў гэтую рэч. Той самы куфэрак з цёмнага дрэва, які захоўваў дзядзька Лейба па просьбе памерлага сябра Івана Рэніча... У ім тады ляжала таямніца полацкага сутарэння — клубок, на якім з дапамогай адмысловых вузельчыкаў Іван Рэніч пазначыў, як прайсці ў полацкую бібліятэку, дзе знаходзілася рамфея. Але нашто Лёднік пусты куфэрак так пільна схаваў?
А вось і адказ... I нашто хаваў, і нашто імкнуўся ў гэты дом патрапіць. Прыкрытыя кавалкам чорнага фетру, на дне куфэрка ляжалі стос скрэмзаных пергаментных аркушыкаў і некалькі тоненькіх трэсачак з насечкамі...
— Запісы Рэніча пра сутарэнні... — мармытнуў Лёднік і пашыбаваў да адзінага стала, які застаўся ў доме, — магчыма, перанесены сюды з пераплётнай майстэрні, бо грубы, з шэрай драўніны, не пакрыты лакам і ўвесь зрэзаны нейкім вострым інструментам.
Доктар расклаў паперкі, трэсачкі... Потым разгарнуў карту Полацка, якую прывёз з сабою. Ну, Пранціш нават не спрабаваў паглыбляцца ў ягоныя разлікі-расшыфроўкі... Агалінскі таксама не стаў лезці пад руку прафесару, з надзеяй паглядаў на працэс, час ад часу прыкладаючыся да біклажкі. Толькі Меланхолія шчыравала побач з вучоным мужам, дапамагаючы як магла. Ён нават не вельмі яе адганяў.
Вырвіч паспеў зладзіць з дапамогай Ясючка перакус — недарэка даставіў з бліжэйшай карчмы някепскі кумпяк і булкі... Пранцішу ад шкалярскіх галодных гадоў пры сузіранні, як хтось апантана грызе граніты і пясчанікі навукі, хацелася прыкусіць зубамі штось больш уежнае.
Гадзіннік з круглым масянжовым тварам так сарамліва дзынькнуў чатыры разы, нібыта баяўся, што раздражнёны прафесар загадае зараз жа, не дадзынькаўшы, змоўкнуць і не перашкаджаць тонкаму мыслярству...
Урэшце Бутрым звярнуўся да знуджанай публікі, упёршыся рукамі ў стол і навіснуўшы над загадкавымі запісамі:
— Іван Рэніч пазначыў чатыры ўваходы ў сутарэнні, якія паспеў разведаць. Але яны ўсе недаступныя, гэтак жа як і той, што ў пограбе дзядзькі Лейбы выпадкова адкрыўся. — Доўгі палец Чорнага Доктара дакрануўся да карты. — Ход, які пачынаўся вось тут, пад царквой Святой Параскевы, Іван прайшоў толькі да першага павароту, далей зямлёй завалена. Яшчэ адзін уваход быў у сутарэннях Святой Сафіі. Але, пасля таго як у час Паўночнай вайны там адбыўся выбух, скляпенне абрушылася. Рэніч не знайшоў і следу, як там ні круціўся. Неяк езуіты напароліся на каменны падземны ход вось тут, падчас будаўніцтва касцёла Святога Стэфана — але шлях затоплены. Калі Алесь і пані Агалінская наважыліся ісці за рамфеяй, ім мусіць быць вядомая нейкая змена ў стане праходаў... Зноў жа, пані Агалінская апошняй праходзіла сутарэннямі. Што, калі заўважыла тады пэўнае слабое месца, трэшчыну там якую ў скляпеннях?
— Пpaверым усе магчымыя шляхі! — грукнуў па стале кулаком Агалінскі, ажно загадкавыя трэсачкі з насечкамі падкочылі. — Давай, вядзі...
— I шпегаў ваяводы за сабою? — нагадаў Пранціш.
— Ды кадук з імі! — вызверыўся Амерыканец. — Мне жонку вярнуць трэба! Зноў куды патрапіць па дурасці...
Раптам паветра загуло... На полацкай Сафіі зазванілі званы. Адмысловыя, старажытныя... Вырвіч неяк чуў ад аднаго маскоўца, што званы гэтыя рускія, бо полацкі князь Усяслаў напаў на Ноўгарад і забраў іх з наўгародскага Сафійскага сабора. Разбойнік ваш князь, значыцца. А вось Саламея Лёднік, дачка Івана Рэніча, жанчына вучоная, усур’ёз займалася гісторыяй роднага горада. Летапісы старыя расчытвала... Нават рэшткі архіва полацкай Сафіі, якія ейны бацька здабыў, вывучыла... Дык яна распавядала, што насамрэч Усяслаў свае званы вярнуў. Замовіў быў у Візантыі для полацкай Сафіі, а па дарозе да Полацка іх перахапілі наўгародскія ўшкуйнікі...
Як часта ў гісторыі застаюцца толькі версіі падзей пераможцаў: ахвяры прадстаўляюцца нападнікамі, грабежнікі — збаўцамі...
Між тым на вуліцы зноў пачуўся гвалт. Сапраўды, не дом, а карчма заезная.
Калі банда Чорнага Доктара выбегла на двор, відовішча пабачыла адметнае: перад брамай — гурт полацкіх падшыванцаў (у войска рана, а без штаноў хадзіць ужо сорамна) дражніў нейкае дзяўчо ў чырвонай шапцы з абвіслым брылём... Нападнікаў лаяў на дзікай сумесі беларускай, габрэйскай і польскай чарнявы хлапчук у выцвілым чорным лапсардаку, адступаючы спінай да выратавальнай брамы, а Ясючок ужо бег да ахвяры, каб захінуць ад жорсткага свету і завесці ў двор.
Сцянко падышоў мядзведзяватай сваёй хадою, гыркнуў на блазнюкоў, тыя разбегліся. На двары засталіся чарнявы хлапчук у лапсардаку i Ясючок з дзяўчынай. Тая падняла галаву... З-пад чырвонага брыля шапкі паказаўся чорны мілы тварык з вялізнымі спалоханымі вачыма. Марла!
Чарнаскурая прыслуга заўважыла Агалінскага і падбегла да яго, лапочучы нешта па-ангельску дрыготкім галасочкам. Вырвіч ангельскай так толкам i не вывучыў, але здагадаўся, што мурыначка распавядае, што лэдзі Паланэя i сэр Аляксандр не вярнуліся.
Лёднік абурана ўмяшаўся:
— Гервасій, ты што, загадаў няшчаснаму дзіцяці адной ісці праз увесь горад, каб паведаміць табе, ці аб’явілася жонка? Дзяўчынку ж маглі скрасці ці забіць якія забабонныя вылюдкі! Усё адно што матылька зімой на вуліцу выпусціць...
Агалінскі паціснуў шырокімі плячыма:
— Не перабольшвай, Бутрым. Ведаеш, як наша дзікуначка хутка бегае? Не такая ўжо яна безабаронная...
Марла пакорліва пасунулася да Рэгінкі, сваёй гаспадыні, але азіралася крадма на Ясючка... А таго так і цягнула да мурыначкі... Нездарма тая не расставалася з бязглуздай чырвонай шапкай, ім падоранай. «Трэба ж, — падзівіўся ў чарговы раз маршалак, — як гэта кожнаму стварэнню Гасподзь дзесь пару падрыхтаваў. Як казалі ў Падняводдзі, чорна не чорна — абы прыгорна».
— Дзядзька Бутрым, а вы мяне не памятаеце? — раптам звярнуўся да Лёдніка падлетак, што абараняў Марлу.
Бутрым змерыў пільным позіркам хлапца; губасты, віхрасты, вочы летуценныя...
— Пінхасік? Пляменнік Давыда Ляйбовіча?
Хлопец заўсміхаўся і залапатаў, словы сыпаліся, як сухі гарох з дзіравага меха.
— Ён самы я, Пінхасік! Толькі падрос ад таго разу, як вы да нас заходзіліся... Дзядзькі Давыда няма зараз, а то б ён сам сюды прыйшоў. А мяне мой бацька паслаў — прасачыць, што тут у вас робіцца... Бацька мой, Гірш, аптэкай кіруе, пакуль дзядзькі Давыда няма. А дзядзька Давыд загадаў ва ўсім вам дапамагаць, калі патрэба ўзнікне... Нядаўна слугі пана Пшчолкі вашых арандатараў пагналі... Сёння зноў чуем — гвалт, ваяводавы жаўнеры прыехалі... Я дык і заходзіць баяўся. Цяпер жа любога могуць схапіць ды ў прыгонныя запісаць, нават з нашага народа, і прадаць куды. А тут гэтая чорненькая, а яе хлапцы апанавалі, гразёю кідаюцца, шлімазлы...
— Ціха, ціха, хлопец, супыніся! — перарваў слоўны дождж Бутрым. — Ты малайчына! За бязвінных заўсёды трэба заступацца і за ўсіх, каго пераследуюць толькі за тое, што яны нечым адрозніваюцца... Усіх адзін Бог стварыў, усім адныя правы на жыццё і дабро ў гэтым жыцці даў... Пайшлі ў дом, твая падказка трэба як жыхара тутэйшага ды кемнага.
Пінхасік з цікаўнасцю схіліўся над картай Полацка, дастаткова падрабязнай, хоць не найноўшай — найноўшую ў Санкт-Пецярбургу аддрукавалі, Полацкае намесніцтва замацоўваючы. Гэх, які горад быў... З усяго свету купцы ехалі, варагі і шатландцы на вайсковую службу наймаліся... А сёння ледзь пяць тысячаў жыхароў набярэцца. Разбегліся многія, баючыся, што рэвізоры ў дворныя запішуць. А як трапіш у так званую рэвізскую сказку, няважна, хто ты — чыншавы шляхцюк, іншаземец, зямянін, мяшчук ці габрэй, — з месца не зрушышся i за самавольны ад’езд — турма...
— Пытаецеся, ці не было якіх правалаў, патопаў ды зрушэнняў зямлі? Дык увесь час нешта рушыцца, змій Левіяфан як павернецца ў нетрах зямных — дык i скура зямная трэшчынамі ідзе, а мазгі людскія зморшчваюцца...
Вось цяпер Вырвіч выразна бачыў падабенства паміж Пінхасікам i ягоным дзядзькам Давыдам Ляйбовічам, ну i стрыечны дзед, аптэкар Лейба, згадваўся... Востры розум і здольнасць гаварыць незразумелымі байкамі, дзівацтва і дабрыня...
— Вось тут казармы будуюць для расейскага гарнізона, — тыцнуў пальцам з абгрызеным пазногцем Пінхасік. — Шэсць ротаў нагналі... Для васьмісот чалавек паспрабуй пабудуйся. Зямлю грабуць як краты...
Лёднік сустрэўся паглядам з Вырвічам і адмоўна пахітаў галавою. Наўрад у тым месцы праходзяць сутарэнні, ніякай логікі.
— Вось тут частка берага ў Дзвіну абвалілася... — накіраваў палец у другое месца Пінхасік.
Лёднік зноў адмоўна пахітаў галавой:
— Вось гэтыя месцы нас асабліва цікавяць. Тут, тут і тут... — паказаў доктар туды, дзе вылічыў пазнакі Рэніча.
Пінхасік падумаў.
— Ну, хіба што тут здарэнне было — цясляр нагу ў падвале зламаў... Казалі, у магілу нейкую ўваліўся.
— У якую магілу, дзе? — адразу насцярожыўся доктар.
— У скляпеннях храма, што рамантуюць. У самым вялікім... Над Дзвіною.
— Які цясляр? Дзе жыве? — адразу ўчапілася, як пырнік за граду, Меланхолія. — Пагаварыць з ім можна?
— Ды на нашай вуліцы... У самым канцы... Гучок завуць, — заспяшаўся Пінхасік, з цікаўнасцю шнырачы позіркам па жанчыне з незвычайнымі вачыма і белымі, як снег, валасамі. — Яго ўсе ведаюць, ён самы высокі на нашай вуліцы, мусіць. Мая бабуля кажа, над ім, калі быў немаўлём, цэлы кубак віна ўверх выплюхнулі, каб рос... Пагаварыць можна, ён ужо ходзіць, толькі кульгае троху... Але зараз, відаць, на службе ў храме вашым.
— Аёй, аёечкі! — раптам падаў голас Агалінскі, ажно па пакоі ледзь не забегаў. — А я думаю, чаго Паланэйка запрашала да нас бамбізу нейкага? Разам з палкоўнікам пра нешта з ім гугукалі... Сказала, карэту нам напраўляў.
У Сафію рушылі ўчацвярых (бегма, каб паспець да канца службы): Вырвіч з доктарам і Меланхоліяй ды Агалінскі. Рэгінку ледзь змусілі застацца. А калі шпегі і ўвяжуцца, дык кадук з імі...
У храм зайшлі ціха — зусім не так, як належала шляхціцам. Шляхціц мусіць ісці, вядома, пачціва, галаву схіліўшы перад Айцом Нябесным і ахоўнікамі святымі, але і годна, адпаведна стану свайму, цокаючы падкоўкамі ботаў і кіруючыся ў першыя шэрагі вернікаў. Гасподзь бачыць, хто болей ахвяруе ў славу ягоную!
Але, па-першае, яны ганебна спазніліся да пачатку вячэрні, а за такі грэх належала каяцца, а не наперад пхнуцца. Па-другое, Агалінскі быў каталіком i, каб не патрэба, да схізматыкаў не пасунуўся б... А па-трэцяе, і Вырвіча, і Лёдніка ўсё-ткі жыццё навучыла памятаць пра біблейскіх мытара і фарысея, бо менавіта мытар, які не наважваўся зайсці ў храм далей парога, і быў у вачах Госпада вартым вернікам, а не праведны фарысей, які ганарыста шыўся ля алтара...
У зале стаяла будаўнічае рыштаванне, ля сценаў грувасціліся бочкі і скрыні, пахла фарбай і свежай тынкоўкай...
— Шпег за намі, вунь той, у юлёвай світцы з сінім пасам... — прашаптала на вуха Лёдніку Меланхолія.
Вырвіч, які стаяў побач, пачуў, азірнуўся... Сапраўды, стаіць спадар у юлёвым, непрыкметны такі, бялявы, твар пляскаты. Другі раз сустрэнеш — не пазнаеш.
— А вунь наш цясляр... — кіўнула наперад Меланхолія.
Калі спіны разагнуліся ад паклонаў, адразу заўважыўся боўдзіла, які, хоць і прыгорбліваўся, узвышаўся над усімі. Світка звісала з кашчавых плеч, як з жэрдкі.
Калі вячэрня закончылася, цясляр заставаўся сярод апошніх вернікаў. Падыходзіў да ўсіх абразоў, пакульгваючы, маліўся, прыкладаўся...
Нарэшце цесляра Гучка ўдалося з дапамогай Меланхоліі і пяці шэлегаў адлавіць і завесці ў ціхі цёмны кут пад ярусам будаўнічага рыштавання. Бамбіза пацвердзіў гісторыю: шчыраваў у сутарэннях, замовілі насціл зрабіць ля сцяны, каб хоць неяк прайсці можна было. Рамантуюць жа храм сур’ёзна... Сама Кацярына II пасля свайго візіту ў Полацк даслала шчодрыя грошы на Сафійку... Бо хто толькі яе, Святую Сафію над Дзвіною, не паганіў, не спрабаваў зруйнаваць, пераасвяціць у іншую веру, перабудаваць на свой лад. Іасафат Кунцэвіч, біскуп уніяцкі, як летапісца сцвярджае, «у чатырох рагавых вежах непатрэбныя вярхі, якія царкве ніякай красы не дадавалі, скінуў, а сярэднюю вежу, прыгожа аздобіўшы, зрабіў яшчэ больш высокай». Жаўнеры Пятра I у час Паўночнай вайны зладзілі ў храме склад пораху, ды рванула ладненька — выбух пашкодзіў скляпенні, адну сцяну, левы бакавы алтар, падмурак і калоны. Нядаўна з’явілася ўніяцкая базіліка і дзве шмат’ярусныя вежы. А цяпер вось зноў усё перабудоўваецца...
Дык вось, ушчаміўся небарака Гучок адной нагой у дзірку — цагляная падлога правалілася... Выпаўз неяк, прыбегла начальства, паглядзелі ў пралом, пасвяцілі... Смецце, друз... Вырашылі, нечая магіла выявілася. Ну а калі чалавек у саборы пахаваны — неадменна святы, і вялікі грэх ягоны прах турбаваць. Пакуль што саборнаму начальству не да скляпенняў, тут бы наверсе справіцца. Дошкамі правал заклалі, памаліліся, дый усё...
А нядаўна запрасіла Гучка да сябе пані адна, вельмі важная, і пан, таксама важны, суворы... Распытвалі пра здарэнне ў скляпеннях. Грошай добра далі, ажно срэбны паўгрош, літасцівыя панове.
Што ж, на срэбных вёслах куды хочаш даплывеш... Тры талеры для царкоўнага старасты адчынілі бандзе Чорнага Доктара дзверы ў сутарэнні....
— Ідзіце, маліцеся, паны, над пахаваннямі святых айцоў... Не вы першыя. Хто яшчэ быў? Ды перад ранішняй службай прасіліся былі яшчэ двое паноў, адзін высокі, чарнявы, другі шчуплы, бязвусы... Спусціліся ў скляпенні. Калі выйшлі? А хто ж іх пільнаваў... Калі ім трэба, тады і выйшлі. Госці шчодра заплацілі, каб ніхто не падглядаў і дзверы за імі не зачынялі. Перад вячэрняй стараста ў сутарэнні спускаўся праверыць, ці не ўтварылі паны чаго. Пуста было.
...Свечка ў ліхтары Чорнага Доктара выхоплівала з цемры пазелянелую цэглу, шэрае дрэва абламаных бэлек, горы смецця... Агалінскі, не вагаючыся, ці шляхецкая гэта справа, адкінуў убок дошкі, якімі быў закладзены правал у каменнай падлозе, меркаваная магіла святога, і сігануў уніз, абдзіраючы бакі. Усё-ткі самы мажны з кампаніі. Але ж пралез, вар’ят. На шчасце, правал аказаўся неглыбокім, якраз у рост чалавека. Лёднік, стрымаўшы незадаволенае буркатанне, падаў пану Гервасію ліхтар. Агалінскі, з цяжкасцю прыгнуўшыся ў цеснай яміне, пасвяціў вакол...
I раптам як загарлае:
— Паланэ-эйка! Золатка маё, ты тут?
Гук быў незвычайна раскацісты... У адказ — злавеснае маўчанне.
Агалінскі падняў да спадарожнікаў сумны твар...
— Прагал тут... Канца не відно. Дакладна яны тут праходзілі. — Выцягнуў наверх вольную ад ліхтара руку — у пальцах быў заціснуты нейкі шматок. — Ад ейнага каптанчыка... Аб камень абадралася, калі пралазіла.
У голасе пана гучалі разгубленасць i туга.
Лёднік перахрысціўся, зірнуў на пасур’ёзнелую Гальшку, на Пранціша...
— Ну што, настаў час завяршыць гісторыю рамфеі. Барані нас, Прасвятая Багародзіца, заступіся, Святая Еўфрасіння, апякунка зямлі беларускай...
I сутарэнні праглынулі новых ахвяр.