Простыя людзі вераць, што праз цень можна нешта зрабіць з чалавекам.
Калі хворага вынесці на дошцы пад зыркае сонца, абвесці ягоны цень вугальком і потым дошку спаліць, хвароба таксама спаліцца.
А калі чалавек першы раз зойдзе ў свой новы дом ды стане супроць сонца, цень паселіцца там замест яго, забярэ ягоную душу... А былога свайго гаспадара са свету выцісне.
Цікава, колькі людцаў гэтак жывуць-балююць, не падазраючы, што яны насамрэч цені са скрадзенымі душамі?
Вось у ваўкалакаў, ведзьмакоў ды ўсялякай нечысці ценю няма...
Гальшка Маеўская, дзякуючы, вядома, высілкам змагара Ясючка, вядзьмаркай больш не была.
Прынамсі, ад яе тонкіх моцных пальцаў, якія складаліся ў дзіўныя фігуры перад лятарняй з запаленай свечкай, на сцяне сутарэння ўтвараліся выразныя цені...
— Рыцар Ратмір вяртаўся дамоў гушчарам, сівым імхом...
Сапраўды, нешта падобнае да вершніка на кані слізганула па сцяне, збудаванай, магчыма, яшчэ тады, калі горад Палатэск заваёўваў брат шведскага караля Эрык Б’ёрнсан, пра што напісаў паэму скальд Альв Маленькі.
— Колькі ён крэпасцяў разбурыў, смерць выпіваў нагбом...
У Меланхоліі не хапала аднаго пальца, але гэта не перашкаджала ёй спрытна скручваць фігуры, якія агеньчык свечкі ў лятарні, пастаўленай на каменныя пліты, ператвараў у жывых насельнікаў ценевага свету...
— Жонка ўсе вочы выплакала, чакаючы ля акна,
Дзеткі паспелі ўжо вырасці, пакуль ярыла вайна.
Пранціша калісь нянька Агата па руках біла, калі ён спрабаваў паказваць на сцяне зайчыкаў і сабачак: няма чаго з ценем гуляцца, захварэе яшчэ дзіця!
Але Меланхолію біць па руках было позна і дарэмна. Адзін Лёднік мог з шалёнай кабетай зладзіць. Вось ён ляжыць на баку, бы які турэцкі султан, толькі не на кіліме, а на голых камянях, падклаўшы пад галаву сваю валізку, і сумна-пяшчотна назірае за прадстаўленнем, зладжаным дзеля яго...
— Едзе Ратмір дарогай лясной, топча папараць-квет,
I раптам чуе дудачкі грай і бачыць прывідны свет.
Як бы ні рваліся даследчыкі сутарэнняў наперад, мусілі спыніцца на прывал... Надта цяжкі шлях. Вырвіч памятаў, як яны шмат гадоў таму апынуліся ў дыхтоўным такім праходзе, карэта магла праехаць... Тут давялося шчаміцца праз завалы, бы кратам, прабірацца цераз груды камянёў... Як Алесь і Паланэя наважыліся сюды перціся? Праўда, калі той праход, у які трапілі праз пограб дзядзькі Лейбы, нагадваў лабірынт, тут быў адзін просты кірунак. Мусіць, мніхі Святой Сафіі хадзілі... I быў спадзеў, што гэтым шляхам яны хутчэй дойдуць да бібліятэкі і знойдуць заблукалых авантурнікаў.
Вось іх кароткі адпачынак — на ім настаяў самавіты маршалак менскі, цвяроза ацаніўшы стан каманды, — Меланхолія і выкарыстала, каб зладзіць тэатр.
Герой балады, якую яна прагаворвала-напявала, слаўны вой Ратмір, вяртаўся дамоў з вайны да дзетак і жонкі... Але спакуса напаткала харобрага воя сярод дзікага лесу.
— Як мы служылі на Аршаншчыне, я бачыў падобнае, — ляніва падаў голас Пранціш, якога трохі раздражняў пяшчотны, ледзь не захоплены выраз твару Лёдніка, адрасаваны Чуме. — Там разам з валачобнікамі ходзяць яшчэ і лялечнікі. Носяць скрыню, у якой набітыя вострыя колікі, якія можна паварочваць. Да кожнага коліка прымацаваная фігурка коніка, абцягнутая сукном. А на вялікім белым коніку ў цэнтры — вершнік, Святы Юры. Лялечнікі трасуць сваю скрынку, фігуркі круцяцца...
— Не, васпане, — прабуркатаў Агалінскі, які прываліўся спінай да груды цэглы, — прадстаўленне пані Лёднікавай дакладна падобнае да тае штукі, якой захапляўся яго княская мосць Геранім Радзівіл. Ён цэлы флігель пад такі тэатр ценяў адвёў і нават сам яго паказваў. Толькі не на пальцах, а з дапамогай выразаных з паперы фігурак.
Бутрым нат не зварухнуўся, а Меланхолія ніяк не азвалася на заўвагі... Працягвала варушыць рукамі перад лятарняй, быццам сплятала нябачную павуту.
— I бачыць між дрэваў рыцар Ратмір паляну ў срэбнай расе,
А на паляне лясны народ таньчыць, нібыта ў сне...
Са срэбнавалосай русалкай звёў позіркі мужны вой,
Забыўся на ўсё, і ў кола ўвайшоў, і нат не пачуў: «Ты мой...»
Цені на сцяне полацкіх сутарэнняў звіваліся і выцягваліся ад дрогкага агеньчыка, і здавалася, сапраўды таньчаць двое: рыцар, і русалка, з якой ён ажаніўся і забыўся на час і прастору...
— Ідуць гады, мінаюць вякі, ламаюцца мур і дах...
А рыцар Ратмір з русалкай лясной таньчыць у зорных снах.
— Ці не пра вас з Бутрымам гэтая казка? — не стрымаўся Вырвіч.
Меланхолія толькі броўца белае выгнула насмешна, зараза. Трое мужыкоў здаровых задыхаліся, прабіраючыся то лазам, то плазам, ну, можа, аматар трэнінгаў Бутрым трохі меней здарожыўся. А яна як званочак.
— Hi разу не ўдалося ўгаварыць нашага доктара са мной станьчыць, хоць рыгадон, хоць паланэз, хоць мяцеліцу... I ніколі ён не забудзецца ні на сям’ю, ні на абавязкі свае.
Апошняе прагучала досыць сур’ёзна... Баўтрамей маўчаў, гледзячы на жонку, наколькі можна было зразумець у прыцемку, сумна і трохі вінавата.
Вырвіч глядзеў на дзіўную парачку, і ў галаве сачынялася... Пра ганарыстую моцную прыгажуню, якая гатовая да самоты і смерці, абы быць толькі з тым, каго абрала...
...Ці Цэзар, ці ніхто. Чакаць зацята,
Фіранкі непразрыстыя завесіць.
I сыпаць у камін сухую мяту,
I ля агню пісаць, пісаць і крэсліць.
...І ўсё чакаць. Ці Цэзар, ці самота.
А прыйдзе ён — стары, знямоглы, брудны.
Ён толькі што з каня, ён піў з балота,
I час на лбе яго накрэсліў руны.
Ён зойме ложа, крытае вісонам,
Не для кахання — выспацца з дарогі.
I раніцою рушыць легіёны
Да новай легендарнай перамогі...
Падымеш перакуленыя вазы,
Дап’еш віно з яго пустога кубка,
Завесіш вокны, перамысліш фразы
I да агменю зноў працягнеш рукі...
Ці Цэзар, ці ніхто...
Агалінскі цяжка ўзняўся на ногі, паправіў шапку, нага ў саф’янавым боце нецярпліва прытупвала, праганяючы чужыя рытмы, сугуччы і мроі.
— Мо хопіць танцаў? Невядома, што з нашымі бліжнімі сталася! Рушылі далей!
— А чаго гэтыя бліжнія без вас, пан Гервасій, у прорву палезлі? — лена выпрасталася Меланхолія. — Ці не таму, што, згодна з тутэйшым звычаем, кожны цягне за свой рог посцілкі? Алесь Ледніковіч спланаваў рамфею перадаць Касцюшку, вы — князю Радзівілу, вашая сужэнка, мяркую, паабяцала святыню свайму брату. А доктар i маршалак вераць, што рамфея мусіць заставацца ў Полацку, не папасці ні ў чые хцівыя рукі. Бойка намячаецца?
Чума, як заўсёды, не баялася кагось пакрыўдзіць і біла па балючым.
— Добра, што ты ранейшы занятак свой пакінула і цябе ніхто не наняў, каб рамфею вынесці, канкурэнтаў паклаўшы... — прабуркатаў Вырвіч пад абураным паглядам Лёдніка і зацікаўленым — Агалінскага.
Чума дзёрзка засмяялася русалчыным смехам:
— Памыляешся, Вырвіч. Мяне нанялі. Пажыццёва. Вось ён... — тыцнула пальцам у доктара, які нахмурыўся. — Хоча не хоча — я на ягоным баку, хоць у рыгадон, хоць у данс макабрэ. — I падкінула ў паветра кінжальчык, які закруціўся, як страказа, а потым схаваўся ў рукаве спалоханай срэбнай яшчаркай.
Агалінскі ўхвальна пакруціў галавой:
— А добрая ў цябе і гэтая жонка, доктар. У нас з табой падобныя засталіся густы. Мая, помніцца, мяне пару-тройку разочкаў ледзь не забіла, двойчы ў турму пасадзіла... Твая гэтая, думаецца, таксама падобнае вычварала. Не засумуеш, саламандрачкі яны ў нас, і агнём балюча плююцца, і ў сэрцах агонь жарсці распальваюць. Рэспектовая пані...
Пранціш недаверліва хмыкнуў: ён сам звык да Чумы ставіцца паблажліва, гэтак, як паставілася Паланэйка... Падабраў доктар з літасці ды дурасці шалапутку. Не можа ж быць, каб руды... ну, цяпер сіва-руды Амерыканец быў у чымсьці разумнейшы за Пранціша? Ці... можа?
А далей было змрачнаваценька... Але, калі даўней Вырвічу ўяўлялася тут пацучынае царства, цяпер думалася пра жабаў ды якіх-небудзь скалапендраў. Наверсе, мабыць, цякла рэчка ці проста падземныя крыніцы тачыліся... А цагляная столь у трэшчынах... Таму часам на галаву канкрэтна капала, пад нагамі агідна хлюпала. А пах... Ну які пах можа быць у вільготным сутарэнні? Праўда, усё-ткі лепей, чым калісьці ў падземнай рацэ аўстрыйскага Бадэна — там лекавыя воды смярдзелі як сапсаванае яйка велічынёй з гару.
Затое завалы скончыліся, можна было проста крочыць, а не шчаміцца. Бутрым упэўнена ішоў наперад, а калі шлях усё-ткі раздвоіўся, гэтак жа ўпэўнена звярнуў направа. Заставалася спадзявацца, што ведае, куды вядзе сваю банду, — бо маршалак менскі дакладна згубіўся б у цемры і смуродзе.
Агалінскі радасна ўскрыкнуў — знайшоў яшчэ шматок блакітнай тканіны на абрушаных камянях, цераз якія належала перапаўзаць... Значыць, усё правільна! Праходзілі... дакладней, прапаўзалі тут пані Багінская і палкоўнік Ледніковіч.
Шлях павярнуў яшчэ раз... Здаецца, памкнуўся трохі ўверх... Перасекся з іншым... I раптам яны апынуліся ў шырокім, дыхтоўным і, галоўнае, сухім праходзе, выкладзеным роўнымі каменнымі плітамі. Вось цяпер усё было пазнавальна. Менавіта тут вяла іх калісьці Саламея. Прайшоў век, як у гаршку пракіпеў.
Меланхолія прысела на кукішкі, пасвяціла лятарняй на падлогу... Далібог, след — нечы бот прыцягнуў сюды гразь з мокрых напаўабрушаных лазаў, якія ратавальнікі рамфеі толькі што прамінулі.
Цяпер можна было хоць бегчы. Агалінскі час ад часу адчайна гарлаў, клічучы сваю Паланэйку. Голас бездапаможна раставаў у цемры. Толькі пясчынкі пад нагамі жаласна парыпвалі.
Раптам вандроўнікі апынуліся перад сцяной. Вось знаёмыя квадратныя каменныя пліты падлогі, што нагадваюць надмагіллі, з паўсцёртымі літарамі на іх. У тонкіх рысачках чыталіся толькі словы «бліжняга свайго»... Першае выпрабаванне, якое падрыхтавалі дойліды лабірынта для неафітаў.
— Чакай, калі ўсё зачынена, значыць яны сюды не ўвайшлі? — Вырвіч дарэмна шукаў хоць шчыліну паміж падагнанымі — лязо не ўшчыміць — плітамі.
— Куды ўвайшлі? — насцярожыўся Гервасій.
— Тут адчыняецца праход у полацкую бібліятэку... — неахвотна патлумачыў доктар. — Саламея паказвала, як запусціць механізм... Алесь з Паланэяй таксама мусілі так.
Вырвіч азірнуўся: у куце ўсё яшчэ ляжала бервяно, тоўсты пашарэлы камель на каламажцы з вяроўкай, які Іван Рэніч выкарыстоўваў замест дапамогі другога чалавека.
Бо праз гэтыя дзверы належала праходзіць дваім... Дваім, што звязаныя плоццю, крывёю ці духоўнай еднасцю.
— Давай паспрабуем... — кіўнуў Вырвіч Баўтрамею. — Я памятаю, што рабіць.
Чорны Доктар змрочна пахітаў галавой:
— Саламея прысягнула бацьку, што, калі сюды прыйдзе, учыніць як належна... Каб сапраўднае выпрабаванне душы... Я спадчыннік ейных ведаў і прысягаў. Так што...
Бутрым стаў на адзін з каменных квадратаў, крайні справа. Зірнуў на Меланхолію пільна, сувора, цяжка:
— Галена, можаш прысягнуць, што будзеш у бліжэйшы час рабіць усё, як я кажу?
Белавалосая, адчуўшы важкасць моманту, падняла руку:
— Душой прысягаю.
— Стань вунь на тую пліту... — паказаў на квадрат ля супрацьлеглай сцяны, аддзелены ад яго яшчэ двума.
Гальшка, ні пра што не пытаючыся, рушыла туды, куды паказаў муж. Як шахматная фігура. Але якая? Пешка? Афіцэр? Каралева? Пакажа гульня.
Нейкі час нічога не адбывалася... Потым пачуўся агідны скрогат — і пліта пад Бутрамеем абрынулася ўніз, прычым доктар не зрабіў нават спробы выратавацца. Пранціш ледзь паспеў утрымаць Агалінскага — памятаў, што ўмешвацца нельга.
Хоць усё адно не паспелі б умяшацца... Былая наймічка-забойца, як толькі яе сужэнец знік у прорве, маланкава скочыла следам, на пліту побач... Як калісьці Бутрым за Саламеяй, якая яму такі ж іспыт учыніла.
I таксама знікла ўнізе.
— Вырвіч, ты што, здурэў? — вырваўся Гервасій з маршалкавай хваткі. — Давай ратаваць!
Але ратаваць не спатрэбілася. Зноў пачуўся агідны скрыгат, потым над прагалам паказалася чорна-сівая галава Лёдніка... Потым — белыя валасы Галены-Чумы... Пліты, што праваліліся ўніз, павольна падымаліся. Як i мінулы раз. Як тады тлумачыла Саламея, гэта выпрабаванне павінна давесці, што прэтэндэнт на званне захавальніка таямніцы сутарэнняў гатовы ахвяраваць сабою дзеля бліжняга. Калі не скочыць за спадарожнікам — не спрацуе механізм, які адчыняе дзверы.
А вось ён і спрацаваў. Разам з тым, як пліты падымаліся, рассоўвалася сцяна за імі...
Наколькі Вырвіч памятаў, рассунецца яна ненадоўга.
Але — што такое? Падымалася з прорвы больш чалавек, чым упала. Лёднік прыціскаў да сябе абвіслае цела Алеся, Меланхолія — такое ж непрытомнае цела ў блакітным каптанчыку...
— Паланэйка! Золатка маё!
Агалінскі паставіў ліхтар на падлогу і кінуўся да Меланхоліі, адбіраючы ў яе незвычайную ношку. Пранціш паспяшаўся дапамагчы Лёдніку. Ніхто не зважаў, што прагал у сцяне, гэты доўгашуканы таемны ход, зноў зачыняецца. Алеся і Паланэю паклалі на падлогу, адцягнуўшы ад здрадлівых квадратаў.
— Што з імі?! — пракрычаў Агалінскі, абмацваючы сваё авантурнае непрытомнае золатка.
— Жывыя. Але асфіксія, — коратка кінуў доктар. — Трапілі ў герметычнае памяшканне. Каб яшчэ трохі...
Сапраўды, абліччы ахвяр былі сіняватыя, наколькі можна было разгледзець у цьмяным святле свечак, вусны бледныя... Але абое, хоць і ціхенька, але дыхалі.
— Галена, расцірай жанчыну! Вушы, грудную клетку... — скамандаваў доктар, і Меланхолія ўзялася за Паланэйку, камандуючы Амерыканцам, які паслухмяна выконваў загады. Пранціш ліхаманкава адшукваў у Лёднікавай валізцы паводле адрывістых камандаў доктара патрэбныя мікстуры, уліваў у ссінелыя вусны абаіх ахвяраў належную колькасць кропляў...
— Хоць бы мозг не паспеў пашкодзіцца... — мармытаў Чорны Доктар, націскаючы на пэўныя кропкі на шыі сына.
Вырвіч памятаў, як яны з Бутрымам самі пабывалі ў такім становішчы — калі Тызенгаўз загадаў суткі трымаць іх у «Жалезным Змеі», падводным чоўне, у глыбінях Тураўскага падземнага возера. Таксама прытомнасць страцілі... Але, як толькі іх выцягнулі, абодва хутка ачунялі і заскакалі, як дроздзікі. А гэтыя ляжаць. Сапраўды, ці не позна?
Першай ачомалася Паланэйка. З нейкім свістам, захлынаючыся, глыбока ўцягнула паветра ў лёгкія, скаланулася, заперхалася... На шчасце, пачаў курчыцца, хапаць ротам паветра і Алесь. Ну, пяты не задзяруць...
Агалінскі абняў збеглую жоначку:
— Як ты магла, золатка маё? Удвох з гэтым цыркулем насатым...
Багінская мела сорам апусціць вочы і нешта вінаватае прамармытаць.
— Ды як вы трапілі ў гэную яміну? Ты ж увесь час казала, што ўсе хітрыкі гэтага месца ведаеш лепей за доктара!
Паланэйка стральнула вачыма ў бок Алеся Ледніковіча, які паўляжаў, абапёршыся локцямі аб падлогу, і спрабаваў пераадолець задышку.
— Трохі збіліся са шляху... Не туды ступілі...
Амерыканскі палкоўнік між тым паспрабаваў нешта намацаць на сваім баку, пад бравэркай... Усё настойлівей... Закруціўся...
— Вось гэта шукаеш? — Чорны Доктар паказаў сыну нешта вузкае, даўжынёй у дзве далані, загорнутае ў белую хустку.
— Аддай, калі ласка!
Алесь працягнуў руку... А Паланэйка дык уся рванулася, нат на імгненне падалося, што на скіраваных у бок доктара ейных пальцах — востранькія даўжэзныя звярыныя кіпці.
— Доктар, дай сюды!
Лёднік, аднак, імкліва адхіліўся і падняў загадкавы прадмет над сабой.
— Значыць, паспела спадарства дайсці да канца. Здагадваюся, чаму сутарэнне вас не выпусціла. На выхадзе пачалі біцца за здабычу... Замест таго каб адно аднаго ратаваць.
— Гэта ўсяго толькі механіка! — падціснуў вусны Ледніковіч. — Трэба адначасова націснуць на крайнія пліты, потым цяжар з крайняй левай перанесці на другую справа...
— Нешта не дапамагло табе веданне гэтай механікі, сын, — сурова прамовіў Лёднік. — Падобныя святыні самі вырашаюць свой лёс. Лёс гэтай — ахоўваць нашу зямлю. Рамфея не павінна пакідаць Полацак і пераходзіць да нейкага славалюбца.
— Мой пан брат найлепей паслужыць як выратаваўца роднай зямлі з гэтай святыняй! — вочы Паланэйкі гарэлі ў цемры драпежным агнём.
— Золатка маё, твой пан брат, пры ўсёй маёй павазе да яго як цяперашняга вялікага гетмана, прайграў усе магчымыя бойкі, а вынаходніцтва педалі для арфы для яго важней за любую баталію! — нахмурыўся Агалінскі. — Князь Караль Радзівіл — вось хто сапраўдны правадыр шляхты!
— П’янтос i манюка! — адрэзала Паланэйка. — Нават ля азёраў Мінесоты смяюцца з ягоных байкаў, як ад русалкі селядцоў нараджаў.
Усчаліся звады ды перавады.
— Чакайце, панове, — з цяжкасцю ўзняўся Алесь Лёднік. — Я быў пэўны, што мы дамовіліся і што ў нас аднолькавая мэта... Здабыць рэліквію, якая асвеціць стварэнне новай ліцвінскай дзяржавы, і перадаць яе ў рукі слаўнага вайскаводцы Касцюшкі, які згодны зноў адправіцца ў Амерыку!
— А хто такі твой Касцюшка?! — вызверылася Багінская. — Без роду і племя... Нічым не лепшы за амерыканскіх шаўцоў ды булачнікаў, што да ўлады дарваліся. Рамфея мусіць быць у высакародных руках!
— Рамфея не будзе ні ў чыіх руках, — важка сказаў Баўтрамей Лёднік, і Пранціш стаў за ягоным правым плячом, дэманстратыўна паклаўшы руку на дзяржальна Гіпацэнтаўра.
А злева ахоўвала мужанька Меланхолія, і ўсмешачка на ейным дзёрзкім твары была пяшчотнай, як пялёсткі атрутнай расліны аканіту, а ў вачах змяняліся бяздонная цемра і срэбная паверхня месяцовай вады.
Напэўна, душы святых мніхаў, што прыходзілі ў таемную бібліятэку з Сафійскага сабора, цяпер бязгучна маліліся па кутах сутарэння за аблуднікаў, бо карціна малявалася нядобрая, такія заўсёды здараюцца ў вірах, дзе наіўныя спадзяюцца адшукаць сусветную справядлівасць: сын ідзе на бацьку, жонка — на мужа... А справядлівасці, адной на ўсіх, усё няма і няма, не здабываецца яна, зараза...
Вырвіч быў гатовы загінуць, але не дапусціць грэшнай бойкі, дзе не акажацца пераможцаў... Аднак сцэну, вартую пяра англійца Шэкспіра, перарвалі самыя нечаканыя ў гэтым месцы гукі. А менавіта сабачы брэх.
Ён набліжаўся, хутка пачуліся і чалавечыя галасы:
— Пан ваявода, сюды!
Тадэвуш Жаба спраўджваў сваю пагрозу... Не надта, відаць, спадзяваўся, што шукальнікі рамфеі паслухмяна перададуць яму святыню. Але ж дадумацца — сабак у сутарэнні храма пусціць! Якое кашчунства! Вось ужо пятка сораму не мае...
Сабачы брэх і галасы пагоні ўсё набліжаліся, цяпер было зразумела, што рухаецца даволі вялікі атрад. Уцякаць? З сабакамі высачаць. Прыняць бойку? Мала шанцаў. Мусіць, і ля выхада, на выпадак, калі праб’юцца, засока... Як ні варочай, адно аднаго карочай...
— Бутрым, станавіся на правую пліту! — крыкнуў Пранціш, ступаючы на крайні левы камень перад таемным уваходам.
Сапраўды, нічога больш не заставалася.
Пасля ўсіх фокусаў з апусканнем-падняццем плітаў у сцяне зноў утварылася шчыліна... Усе шасцёра ледзь паспелі ўскочыць, Агалінскаму самы краёчак палы каптана зашчыміла, давялося абразаць кінжалам... На шчасце, дзверы таўшчэзныя, звонку не будзе відно шматка на знак ворагам... Нават гукі па той бок сцяны як адрэзала: тут панавалі ціша і цемра.
Меланхолія ўмудрылася пранесці непагашаную лятарню — у астатніх свечкі загаслі. Падняла агмень вышэй...
Яны зноў, як трыццаць год таму, знаходзіліся ў зале Страшнага Суда.
Вось тая фрэска ў куце з выявай нячыстай сілы і груда камянёў — наведнік мусіў кінуць камень у пысу ўвасаблення зла... I тым улучыць яшчэ адзін механізм.
Цяпер пыса д’ябліка была канкрэтна патрушчаная: калісьці Герман Ватман, уцяміўшы пра механіку, запусціў яе вельмі проста — чаканам. Саламея абуралася.
Здаецца, Алесь і Паланэя таксама не сентыментальнічалі, праходзячы тут, абышліся без малітваў і кленчання. Нe вагаўся і Лёднік, стукнуўшы дзяржальнам шаблі ў агіднае аблічча, якое ледзь угадвалася пад шчарбінамі.
— Я хачу жыць у краіне, дзе лекар не мусіць трымаць у руках зброю, — скрозь зубы прагаварыў Бутрым... I пайшоў у прагал, які ўтварыўся ў сцяне пасля націскання на пысу нячыстага.
Пранціш ведаў, куды кіруецца сябар, і намерваўся ўсяляк спрыяць яму ў гэтым... Бо пані Агалінская і дактаровіч відавочна жадалі доктара спыніць. А Меланхолія проста ішла за ім, ні пра што не перапытваючы, асвятляючы яму дарогу і гатовая абараніць, нават зноў ад ягонага ўласнага сына.
Вось і наступная зала каменнага лабірынта, збудаванага невядомымі дойлідамі. Вузкая, доўгая... Саламея Рэніч назвала яе залай Надзеі. Тут належала прайсці па дарожцы з чырванаватых плітак у локаць шырынёй, ні на вяршок не саступаючы... Бо зрабі некалькі крокаў — і пліты абапал дарожкі абрушацца, і толькі тыя госці сутарэння, што на той дарожцы стаяць, ацалеюць...
Калісьці Саламея скінула туды, у прорву залы Надзеі, Германа Ватмана, які хацеў адняць у яе рамфею. А заадно забраць і яе саму — дакляраваў зрабіць баранэсай ды пасяліць у сваім замку ў Сілезіі. Маўляў, любіць коней і жанчын з характарам.
Як жа добра, што Багінская не скарысталася такой магчымасцю пазбавіцца Алеся Лёдніка... Сумленне не зусім памерла ці не наважылася застацца адна, пакуль не выберуцца з небяспечнай прасторы?
Яны запалілі ўсе свечкі ва ўсіх чатырох ліхтарах, што ўзялі з сабою — калісьці тут меліся падрыхтаваныя даўнейшымі мніхамі паходні, але іх скарысталі яшчэ мінулым разам.
Лёднік ішоў па вузкай сцежцы над прорвай першы, хутка, амаль бег, яго спіну вартаваў Пранціш, за ім мяккімі рысінымі крокамі рухалася Меланхолія, якая ўмудралася і сачыць за спадарожнікамі, што ішлі за ёю. Вырвіч не сумняваўся, што яна апярэдзіць любы іх кепскі намер.
Пасля выпрабавання Любові, Веры і Надзеі адкрывалася зала Мудрасці, Сафіі, а шлях туды вядзе толькі праз смірэнне. Так што механізм спрацоўваў, калі наведнікі ўкленчаць. А тады — плазам, праз вузкі брудны лаз...
Пранціш не думаў, што калі-небудзь зноў пабачыць старажытную бібліятэку полацкага Сафійскага сабора, якую дарэмна шукалі і пасланцы Івана Жахлівага, і езуіты Стэфана Баторыя. Высачэзныя скляпенні губляліся ў цемры, ад чаго здавалася, што столі тут няма. Паліцы зморанага дубу. I кнігі, кнігі, кнігі... Таўшчэзныя тамы ў скураных вокладках, пакарабачаных ад часу, металёвыя футаралы для скруткаў, інкунабулы... Скарбніца мудрасці была нежартоўна разгромленая, калі яны з Бутрымам біліся тут з Ватманам. Пранціш тады бесклапотна шпурляў у белавалосага прусака таміну за тамінай — у палёт адпраўлялася жыціе святой Фяўроніі ці таемны алхімічны кодэкс...
Кнігі аказаліся вельмі дзейснай зброяй. Асабліва ў пераплётах з металёвымі накладачкамі.
За прамінулыя гады тут усё яшчэ больш прыцярушыла пылам: і сталы з цёмнага дубу, за якімі мніхі вывучалі рукапісы, і амаль сатлелыя балахоны, у якія пачцівым наведнікам належала пераапранацца, і самі кнігі, частка якіх так і валялася на падлозе... Калісьці Лёднік і Саламея ледзь не стагналі, успамінаючы, якія багацці мудрасці змушаныя былі тут пакінуць... Нат паразглядаць не ўдалося. Цяпер на гэта зноў неставала часу.
Лёднік упэўнена кіраваўся да маленькай нішы ў сцяне, схаванай паміж паліцамі, — раней яе маскіравалі кнігі, якія цяпер былі няўважна паскіданыя на падлогу. Куфэрак з пашарэлай драўніны, просты, някідкі, стаяў там з адкрытым вечкам... Хоць, магчыма, быў ён зроблены з драўніны якогась святога дрэва і таксама зяўляўся рэліквіяй... Але, як заўсёды, чалавек зрывае доўгашуканую яркую кветку і топча па дарозе ўсе іншыя.
Доктар укленчыў, перахрысціўся, паклаў у куфэрак адабраны ў Алеся скрутак, для вернасці асцярожна разгарнуў, каб упэўніцца, што няма падмены і падробкі — у святле ліхтароў Вырвіч зноў пабачыў трэснуты наканечнік дзіды, перацягнуты срэбным дротам. Яна... Рамфея... Асвячоная крывёй Збавіцеля. Тая, з якой каранаваліся візантыйскія імператары... Скрадзеная ў Палесціне паслом Аляксандрам Солтанам і прывезеная ў Беларусь. Тая, што дае незвычайную ўладу над лёсам і сэрцамі ды непераможнасць у бойках. Дзіва што магнаты свету горлы адзін аднаму гатовыя паперагрызаць за яе.
Пранціш, які таксама ўкленчыў, азірнуўся: Агалінскі стаяў на каленях, апантана жагнаўся, а твар у яго быў такі захоплены... Ёсць спадзеў, што ўдасца пана ўтрымаць ад ганебнай бойкі. Паланэя і Алесь таксама ўкленчылі... Ледніковіч змрочны і зацяты, а ў Паланэйкі вочы гараць, уся напружаная, гатовая кінуцца... Толькі касавурыцца на Меланхолію, якая сціпла прытулілася ў куце так, каб бачыць адразу ўсю кампанію.
Бутрым акуратна заставіў нішу з куфэркам кнігамі і ўзняўся. Астатніх, акрамя Агалінскага, як на спружынах уверх падкінула. Загаварылі ўсе адразу... Лёднік падняў руку і ўжыў свой «прафесарскі» тон, які змушаў сціхаць і не такія раз’ятраныя і куды большыя натоўпы.
— Пані Агалінская, шмат гадоў таму вы самі прынеслі сюды рамфею, прыняўшы довады Саламеі... Ад таго часу вы сталі меншай верніцай? Больш не баіцеся, што пральецца кроў, сваяк пойдзе на сваяка? I вы ўпэўненыя, што ваш брат зноў не паспрабуе аддаць рамфею расейскай імператрыцы, каб здабыць ейную схільнасць? — Доктар перавёў пагляд суровых цёмных вачэй на сына: — Алесь, адумайся! Ты гатовы здрадзіць памяці жанчыны, якая выгадавала цябе як роднага сына? Ты гатовы пазбавіць абароны гэтую зямлю, што цябе нарадзіла, дзеля хімеры? Ды няхай там у вас усё і атрымаецца! Кожная зямля мусіць нараджаць сваіх герояў і ствараць уласныя святыні. Твой Тадэвуш Касцюшка, хай за акіянам і генералам стаў, усё ж на родную зямлю вярнуўся, хоць тут яму i найменшай пасады не даюць, і стараецца менавіта ў Беларусі штось добрае рабіць. Пан Гервасій, няўжо князь Радзівіл такі слабы, што яму патрэбны нейкі чароўны прадмет, каб павесці за сабой шляхту? I няўжо вырак ягонага бацькі, Mixaла Казіміра Радзівіла, для яго нічога не значыць? Яшчэ раз прашу, панове і пані: адумайцеся! Іншай зямлі ў ліцвінаў не будзе ніколі! Узяць вашую ж Амерыку — перасяляліся туды англічане, а сталі праз колькі пакаленняў амерыканцамі, якія супраць Англіі ваююць. Пра рамфею ўжо ведаюць магутныя сілы, з якімі вам не цягацца... Малаверагодна, што вам удасца вывезці святыню. I будзе ўсё наадварот таму, што казаў вялікі гетман Рыбанька: ні вашым, ні нашым, ні роднай зямлі, а моцнаму суседу.
Пранціш кіўнуў галавой — годная прамова.
I Агалінскага праняло:
— Праўду гаворыш, доктар, мой пан Караль супраць волі свайго бацькі ніколі не пайшоў бы, бо гэта супраць і сармацкіх ідэалаў!
I тут скаланула Ледніковіча, бо тут якраз была стрэмка ў ягоную скуру:
— Ну чаму ты заўсёды заступаеш мне шлях да самага важнага! — палкоўніка калаціла-трэсла. — Здаецца, знайшоў месца, дзе ты мяне аніяк не пераўзыдзеш, — вайсковую справу... Думаеш, званне палкоўніка матыльком мне на шапку прыляцела? Я сорак боек выйграў! Сем разоў паранены быў! I цяпер — шкада табе саступіць мне рамфею? Яна ж не твая!
Худы рашучы твар Лёдніка — цёмныя вочы, абведзеныя ценямі, дзюбаты нос, высокі лоб, суровы рот, чорна-сівыя патлы — здаваўся падобным да абліччаў на візантыйскіх фрэсках.
— Не мая, але i тваёй не будзе. Дзіда Святога Маўрыкія не належыць нікому. I, калі воляй Божай апынулася ва ўладаннях нашага Сафійскага сабора, тут ёй i заставацца.
— Святыні не месца пад зямлёй, у забыцці! — Ледніковіч сціснуў кулакі. — Не я, дык іншыя яе вынесуць пад сонца!
Вырвіч і Меланхолія занялі стратэгічныя пазіцыі... Ясна, што Бутрым супраць роднага сына шаблю не падыме... А ў таго, здаецца, усе накрыўкі сарвала.
Паланэйка Багінская не ятрылася, яна міла ўсміхалася. А значыць, трымацца ад яе належала падалей.
— Я калісь зрабіла памылку. I выпраўлю яе. Рамфея належыць нашаму роду!
I трэба ж, калісьці Пранціш быў шчыра закаханы ў гэтую фурыю і марыў здабыць рамфею, каб паднесці гэтай сваёй Чароўнай Даме, сястры будучага караля, ды спадзяваўся, што пасля ва ўдзячнасць яны, несумненна, наблізяць харобрага Вырвіча да свайго двара, а можа, як у казках бывае, мужны вой-асілак стане сужэнцам узведзенай ім на трон прынцэсы...
Ага, разляцеўся хрушч на свечку ў ліхтары. Багінскія даручылі тады Ватману пасля здабыцця рамфеі іх усіх у сутарэннях пакласці.
Традыцыя працягвалася.
Агалінскі пераводзіў позірк з доктара на жонку, відавочна вагаючыся, як учыніць. Цяжка было сцвярджаць, што каханне да золатка з кіпцямі не пераважыць. Калі Паланэйка кінецца ў бойку — а яна кінецца, — руды Гервасій стане яе абараняць гэтак жа неразважна, як Меланхолія свайго Чорнага Доктара.
Першым выхапіў шаблю Алесь. Пакуль яшчэ толькі выхапіў... У бойку не палез. Але тут жа збліснуў чырвоны агонь яшчэ на трох клінках... Цені ціснуліся да паліцаў з кнігамі, пачварна скажаючыся, і не было каму прыбіць іх да сцяны, каб ix гаспадары не зрушыліся з месца ў крывавыя скокі.
— Досыць! — раўнуў Лёднік, які шаблю не выцягнуў і чамусь падаўся назад, да нішы з рамфеяй. Пранціш назіраў краем вока, спрабуючы не прапусціць моманту першага кроку данс макабрэ. Доктар апусціўся на калені перад схованкай, зноў павыкідаў кнігі, якія закрывалі куфэрак, дастаў яго, перажагнаўшыся, беражліва паставіў на падлогу. Што ён яшчэ замысліў?
— Алесь, яшчэ раз прашу: адумайся! Божая дапамога ўсюды існая, маліся — і рамфея табе дапаможа і адсюль! Ты ўчыняеш, як бабулькі, якія на Вялікдзень аблупліваюць перад свянцаннем палову фарбаванага яйка, бо іначай жа святая вада толькі на шкарлупіне застанецца, само яйка не асвеціць!
Ледніковіч упарта сціснуў вусны.
— Я здабываю не для сябе. Адыдзіся.
Бутрым коратка выдыхнуў, павярнуўся да нішы, сунуў туды руку, недзе там пашнарыў, памацаў, а потым рэзка націснуў на заднюю сценку.
Пачуўся нейкі шум, нібы дзесьці выпусцілі рой здаравучых пчолаў. Усе заазіраліся. Раптам зверху ўпаў кавалак цэглы... Потым — яшчэ адзін... Урэшце пасыпаўся сапраўдны цагляны дождж, зацерушыўся друз... I — не, не падалося! — загула, дробна затрэслася падлога пад нагамі, нібыта там прапаўзаў знуджаны доўгім зняволеннем у нетрах Левіяфан.
— Бутрым, што гэта, дзеля святога Франтасія?
Лёднік, не дастаючы рукі з нішы, другой выцягнуў з-за пояса пісталет.
— Саламея даверыла мне яшчэ адзін сакрэт сутарэнняў. Баялася вось такой сітуацыі. Таму... Надзвычайная мера. Зараз тут усё абрушыцца. Сыходзьце. Яшчэ паспееце.
— Ты вар’ят! — завішчэла Багінская. — Зараз жа спыні гэта!
— Не. I нікому з вас не раю мяне спыняць.
Бутрым стаяў, укленчыўшы, адной рукой націскаў на механізм знішчэння, другой настаўляў пісталет на спадарожнікаў. Куфэрак з рамфеяй шарэў ля яго каленяў.
Кавалак цэглы ўпаў проста на плячо Бутрыма, доктар не зварухнуўся. Яшчэ адзін чыркануў па лбе, пакінуўшы крывавы пісяг.
— Гервасій, Аляксандр, адцягніце гэтага шаленца! Забярыце рамфею! — гарлала Багінская, прыкрываючы галаву ад каменнага дажджу.
Алесь кінуўся да бацькі, але белавалосы віхор спыніў яго і адшпурнуў назад так, што амерыканскі палкоўнік расцягнуўся спінай на падлозе, да таго ж пазбавіўшыся шаблі, якая адляцела ў супрацьлеглы бок.
Меланхолія захінала сабой мужа, у адной руцэ блішчэла шабля, з другой пазіраў чорным вокам рулi пісталет.
— Сыходзьце, як сказаў Бутрым. Не спрабуйце падысці. Як ён вырашыў — так i станецца.
Справа цагляны дождж ператварыўся ў град.
— У вас засталося не болей за тры хвіліны. Гервасій, калі кахаеш жонку, ратуй! — доктару давялося павысіць голас праз гуд каменяпаду, каб быць пачутым. — Пранціш, Гальшка, спяшайцеся!
— А ты? — гукнуў Вырвіч.
— Я застаюся, — спакойна адказаў Чорны Доктар, і цёмная кропля сцякла з драпіны на дзюбаты нос. — Разумееш, той, хто наважыцца пахаваць рамфею, мусіць быць настолькі пэўны ў гэтым кроку, каб заплаціць жыццём. Я павінен улучаць механізм да апошняга. Бывай, Вырвіч. Зараз гэта толькі мая прыгода. Расці дзетах, шануй Дамініку, працуй на Беларусь.
Вырвіч заазіраўся ў адчаі... Яго смерць ці ратунак тут нічога не зменяць. Па галаве стукнуў каменьчык... Дзеці... Яначка, якому так шмат яшчэ трэба патлумачыць... Паўлючок... Касечка... Дамініка... Ногі самі адступілі да дзвярэй.
Агалінскі між тым схапіў сваю наравістую жоначку, узваліў на плячо, як старажытны рымлянін паланянку-сабінянку, i панёсся да выхаду, быццам заакіянскі бізон. З вуснаў Амерыканца вырываліся словы, зусім неадпаведныя святому месцу, а адна рука адчувальна прыклалася да азадка Чароўнай Дамы, што верашчала i брыкалася ў яго на плячы.
— Алесь, сыходзь! Паклапаціся пра Сафійку! — крыкнуў доктар сыну, які падняўся і агаломшана глядзеў на бацьку.
Бутрым перавёў позірк на жонку:
— Гальшка, усё! Няма часу. Даруй... Дзякуй... Кахаю. Жыві.
— На тым свеце дадзякуеш. Праўда, не ўпэўненая, што апынёмся там у адным месцы. — Меланхолія ўкленчыла побач з мужам i таксама прыклала руку да задняй сценкі нішы. — Угаворваць, каб ты пакінуў гэтую місію мне, а сам сышоў, я так разумею, бескарысна? Ну, тады, як ля алтара абяцалі, i ложа, i пошасць адны на дваіх... Хай даруе мне Саламея, але я хоць памру разам з табою, раз ужо на тым свеце ты з ёй уз’яднаешся.
Белавалосая русалка светла ўсміхалася свайму рыцару, у яе валасах захрас цагляны друз.
Лёднік угледзеўся ў ваўкалацкія вочы, нахіліўся, і вусны сужэнцаў злучыліся...
— Цябе таксама праганяць бескарысна, так? Саколка мая... Калі Гасподзь дазваляе ўдаўцам жаніцца, значыць ёсць спосаб душам усіх сужэнцаў быць з каханымі. Абяцаю, там я цябе знайду і не пакіну.
Куфэрак з рамфеяй стаяў між іх каленямі... Ахоўнікі святыні... Годная магіла.
Вырвіч адступіў яшчэ на крок, сэрца рвалася на пшаткі...
— Пранціш, выведзі Алеся, апошняя просьба! Ну, хутчэй!
Побач абрынуўся цэлы кавалак столі, пасыпалася зямля... Стала цямней, бо адну лятарню знёс Агалінскі, другую разбіла цаглінай. Дзве, што засталіся, толькі трохі разганялі цемру.
Маршалак павярнуўся, змярцвелы ад адчаю, але гатовы выканаць просьбу сябра... Дактаровіч адштурхнуў дзядзьку Вырвіча і таксама — бух на калені побач з бацькам і мачыхай, умольна выцягнуўшы рукі.
— Я не буду... Не буду забіраць рамфею... Але, паслухайце, неабавязкова тут гінуць. Справа ў тым, каб на пэўнае месца ўвесь час націскаць, так? Можна замяніць руку падважнікам. Чакайце... Вось...
Палкоўнік, спрытна ўхіляючыся ад камянёў, збегаў туды, дзе стаялі дубовыя сталы, ледзь асветленыя ліхтарамі, і вярнуўся з нейкай выгнутай жалязякай — здаецца, яна служыла падстаўкай для асабліва вялікіх фаліянтаў. З усёй сілай адчаю націснуў, жалязяка яшчэ трохі сагнулася...
— Дзядзька Пранціш, памажыце... Трэба яшчэ вось тут сагнуць. Вось так...
Што значыць — спрактыкаваны механік! Нездарма правёў гады пры венскім двары ў якасці памочніка Кемпелена. За імгненні ўсё разлічыў, прыдумаў і здзейсніў прыстасаванне...
— Усё, адпускайце рукі! Яно будзе трымацца!
I праўда, устаўленая ў нішу адмыслова сагнутая жалязяка адным канцом упіралася ў выёміну ніжняга бока нішы, другім падпірала заднюю сценку.
— Бацька, калі ласка! Пашкадуй хаця б пані Галену!
Бутрым асцярожна адняў даланю... Меланхолія па яго кіўку зрабіла тое ж самае... Каменны дождж працягваўся і ўзмацняўся. Нешта пад нагамі страшна загуло...
— Бяжым!
Алесь ірвануў доктара за рукаў... Той паспеў яшчэ прыпасці вуснамі да шэрага куфэрка, якому належала застацца ў полацкай зямлі навечна...
Яны беглі, захінаючы галовы рукамі, у святле адзінай свечкі ў лятарні Меланхоліі. Але перад самым уваходам, які быў зачынены, і гэтую лятарню спасціг сумны лёс: камень трапіў у шкло, свечка згасла... Цемра была на гэты раз шумлівай і ад таго яшчэ больш страшнай.
— Каб выйсці, трэба націснуць адначасова на выступы ў сцяне... На ўзроўні локця ад зямлі... — задыхаючыся, пракрычаў доктар. — Давайце паспрабуем намацаць...
Але спрабаваць не давялося: нешта заскрыгатала, пачуўся скразняк...
— Усё, я адчыніла дзверы! За мной!
Пранціш адчуў хватку Меланхоліі на сваім рукаве... Давялося слухацца і ісці... Дакладней, паўзці ў пракаветнай цемры туды, куды вядзе Чума.
— Халера, лаз, здаецца, паменшаў... Друзу навалілася... Скідайце ўсё, што можна! — скамандавала Меланхолія.
Сапраўды, згадвалася біблейская прыпавесць пра вярблюда і вушка голкі... Пранціш ледзь не застаўся коркам у сцяне, нават скінуўшы камзол, камізэльку, пас... Сарамацішча! Бутрым за рукі цягнуў, Алесь у ногі падпіхваў... Вырвіч у чарговы раз паабяцаў сабе ўзяцца за трэнінгі. Калі выберуцца адсюль, вядома.
Як толькі вязні сутарэнняў, на гэты раз прыпадобненыя да кратоў і сваёй аслепласцю, выпаўзлі ў другую залу, за спінай зноў нешта скрыгатнула, грукнула і шум ззаду сціх. Значыць, каменная пліта апусцілася, зноў схаваўшы праход... Які цяпер вёў у нікуды. Бывай, полацкая бібліятэка...
Але падобным жа быў і шлях наперад — у нікуды. Вырвіч углядаўся ў цемру, прад паглядам мітусіліся нейкія плямы — але гэта былі ўсяго толькі хімеры аслеплых вачэй. Пагукалі Агалінскіх... Маўчанне. Ці перайшлі ўжо ў наступную залу, ці загінулі? Тут жа тая самая чырвоная дарожка ў локаць шырынёй, з якой нельга саступаць, іначай абрынешся ў прорву...
— У каго-небудзь ёсць свечкі? — папытаўся Пранціш.
— Што не скарыстаў, тое згубіў... — глуха адказаў Алесь.
— Валізка там засталася, — адрывіста зазначыў Лёднік.
Вырвіч таксама нічым не дапамог — усе прыпасы былі ў схінутай бравэрцы.
Меланхолія, якой не давялося распранацца да кашулі, прамармытала пра крэсіва, зашнарыла па адзежы... Але тут жа пачала лаяцца: акрамя дзіркі, нічога — скураная магалейка з крэсівам, крэменем і кнотам таксама прынесеная ў ахвяру полацкаму сутарэнню...
— Слухай, Бутрым, а гэтая зала не абрушыцца? — занепакоіўся маршалак, бо гуд і дрыжэнне пад нагамі не спыняліся.
— Не ведаю... — голас Лёдніка гучаў даволі трывожна. — Трэба як мага хутчэй выбірацца... Памятаеш, тут паходні былі, на падстаўках...
— Больш няма, — спакойна азвалася Меланхолія. — Пустая падстаўка, адна абгарэлая дзеравяшка ўнізе валяецца.
У Вырвіча па спіне цэлы мурашнік адправіўся на шпацыр. Значыць, яна праўда бачыць у цемры! Як Герман Ватман, які спрабаваў іх тут забіць, згасіўшы ўсе паходні. Маршалак уявіў, што зараз угледзіць, як у змроку вочы Чумы свецяцца, перажагнаўся...
— Няма часу шукаць, што і як падпаліць. Я вас перавяду... — голас Меланхоліі гучаў так, быццам яна сядзела ў альтанцы расквітнелага саду і пацягвала з філіжанкі каву пад рулады салаўёў. — Мабыць, лепей па адным, так бяспечней. Аляксандр, ты першы. Трымайся за мяне, старайся ступаць крок у крок.
Вырвіч аказаўся ў чарзе апошнім... Давялося нарэшце патрымацца за Чуму — пругкая, як рысь, гарачая... Вырвіч з сорамам і віной прызнаўся сабе, што дзеўка, як ён ні намагаецца пагардліва яе аблаяць, па-ранейшаму яго вабіць... Што ж, грэшныя думкі і святым у галовы прыходзілі, галоўнае — з імі ў час расправіцца і не даць прарасці. Дамініку, разумніцу ягоную, ніхто Вырвічу не заменіць.
У зале Страшнага Суда нарэшце з’явілася святло... Там сядзелі Агалінскія і лаяліся. Моцна. Нават пры сведках не адразу перасталі.
Першае, што сказала выпаўзням з падземнай пасткі Паланэйка:
— Дзе рамфея? Як — там засталася?! Пенцюхі! Ёлупні! Лісцімоны! Дурні, саломай напханыя! Аляксандр, ты што, забраць яе не мог? Васпан мякінай думае?
Брэша як клін чэша.
А Пранціш слухаў звягі княжны і не мог стрымаць радаснага смеху — яны ўсе жывыя! I рамфея ў бяспецы. Цяпер — і назаўсёды.