Калі сапраўдны шляхціц выходзіць з карчомкі альбо пакідае бяседу пасля ўдала праведзенага сойміка, ён дакладна ведае, што зямля ляжыць на мокрай спіне рыбы-кіта.
Бо гэты кіт толькі што разагнаўся і пачаў ныраць у хвалі, забыўшыся на сваю ношку. А на ягонай жа спіне не толькі мужыкі праз сусвет плывуць ці там якія абісінцы з індыянамі, але і ліцвінскія шляхціцы, што вядуць свой род ад самога Палямона! Няма чаго ўчыняць панам гайданку да ванітаў!
Магчыма, у беларускіх азёрах рыба-кіт і не вадзілася, адныя цмокі валаводзіліся, але рыбін цар дакладна быў. Мужыкі ў Падняводдзі расказвалі: час ад часу ўся рыба з возера падымаецца і пераплывае ў іншае. А гэта таму, што рыбін цар паклікаў! А яшчэ ён можа ў выглядзе гожага юнака з’яўляцца на вячорках ды вяселлях. I, толькі зірнуўшы праз вілку, падвойную костку са шчупаковай галавы, можна ўбачыць ягоны нябачны хвост.
А яшчэ Ілья Прарок часам як паганяе нячысцікаў, дык яны ўсе ў рыбаў ператвараюцца. Толькі з чырвонымі вачыма.
Мужыкі з Падняводдзя, калі зловяць рыбу з чырвонымі вачыма, назад выпускаюць i жагнаюцца.
Цяпер яны не толькі жагналіся б, але і паўцякалі, поршні губляючы.
Вырвіч агаломшана глядзеў, як да дома Лёдніка ў Вільні, дзе ён толькі заўчора пасяліўся, пад’язджаюць i спыняюцца вазы. Адзін, другі, пяты, дзясяты... На кожным грувасціцца нешта незразумелае, вялізнае, накрытае радном. А там, дзе радно разыходзіцца, відаць белыя рыбіныя косткі памерам з дом.
— А Бо-ожухна! А святыя пакутнічкі! А што ж гэта ўчамярылася тут?! — загаласіў за спінай стары Лёднікаў слуга Хвэлька.
А Вырвіч у чарговы раз адчуў, як рыба-кіт, на якой плыве па сусветным акіяне зямля, вільнула хвастом, а магчыма, увогуле дала нырца, бо свет кругам пайшоў вакол маршалка менскага, а па галаве зноў хохлікі маленькімі малаточкамі застукалі.
Свядомасць з цяжкасцю складала пасьянс з асобных малюначкаў таго, што было...
Найбольш ясна помніліся тры келіхі піва. Потым — збанок такайскага. Потым — злыднёўка. О, якая гэта была злыднёўка! Празрыста-залацістая, духмяная, пякучая... Чарачка за чарачкай, як ластаўкі, праляталі...
Што ж, падстава выпіць была.
Калі з’ехалі былі падалей ад кляштара Святой Даратэі, Лёднік нарэшце даў пачытаць Вырвічу і Меланхоліі той ліст Алеся, які аддаў Валянцін Жылка.
Пранціш чытаў і асэнсаваць не мог... Вядома, ліст быў напісаны дастаткова асцярожна, многае гаварылася не наўпрост, праз намёкі... Але вось што ясавалася. Малодшы Лёднік ад імя нейкай супольнасці прапаноўваў пану Жылку, ваяводзе Супрасльскаму, паўдзельнічаць у стварэнні за акіянам ліцвінскай калоніі. Ды не проста калоніі — цяпер, калі паўстае там вызваленая ад ангельскага ўплыву новая дзяржава і ўсё на кантыненце мяняецца на вачах воляю таго ці іншага героя, ёсць шанец стварыць там і новую ліцвінскую краіну. У Амерыцы зямлі неасвоенай нямерана. Тадэвуш Касцюшка, які вярнуўся пару гадоў таму ў Беларусь ды ніяк не можа годнае месца ў літоўскім войску здабыць, аж гарыць ідэяй, іншыя ліцвінскія патрыёты ёсць... Маецца на прыкмеце ладны кавалак зямлі, з дрымучымі лясамі, горамі ды азёрамі, дзе можна пачаць будаваць гарады і паселішчы. Трэба толькі, каб як паболей людзей адгукнулася ды падалося за акіян са сваёй маёмасцю.
Цяпер ясна было, чаму Багінскі, вышпурнуты з вялікай палітыкі, зацікавіўся: стаць на чале нейкага новага княства ганарова, хай нават гэта будзе несур’ёзнае, часовае стварэнне.
Што несур’ёзнае, Лёднік не сумняваўся. У чарговы раз выкарыстаюць беларусаў, а тыя ўвальюць свае сілы і таленты ў іншы народ.
Але задума прыгожая! Вырвіч, нягледзячы на буркатанне Лёдніка, нават памарыў нейкі час: мог бы сам стаць там калі не канцлерам, дык хоць ваяводам. Атрымаць ва ўладанне надзел зямлі з гонкімі лясамі і хуткай рэчкай, узвесці горад... Назваць яго Франтаспалем... Не, лепей Вырвічаўскам. Усе там будуць жыць вольна, хвалячы свайго ўладара і пільнуючыся дзядоўскіх звычаяў, размаўляць на дзядоўскай мове, вучыць яе ў школках, кнігі на ёй з’явяцца. Зразумела, найперш будуць надрукаваныя вершы, раманы, паэмы і хронікі аўтарства геніяльнага Франтасія Вырвіча. Пабудаваць тэатр, дзе паставяцца п’есы згаданага Вырвіча. А вандроўныя музыкі стануць хадзіць ад мястэчка да мястэчка, спяваючы балады пра харобрага Плексігласа і ягоную Плагіятаўну... Урачыста перавезці ў свой горад Дамініку і дзетак. У залачонай карэце з гербам Гіпацэнтаўр.
Цьху... Мыльны пухір. Але там, дзе ёсць што ўхапіць, заўсёды будуць ахвочыя пажывіцца. А там, дзе ёсць прыгожая вольная мара, абавязкова з’явяцца героі, гатовыя за яе памерці.
Карацей, з ліста вынікала, што ў верасні ў Вільні адбудзецца таемны сход прыхільнікаў ідэі стварэння ліцвінскай краіны ў заакіянскіх варунках. А значыць, раздача фальшывых, але гучных пасадаў і прыманне праўдзівых важкіх ахвяраванняў на высакародную справу.
I, паколькі сярод зацікаўленых — вялікі гетман Міхал Казімір Багінскі і ваявода віленскі Караль Радзівіл Пане Каханку, а варункі складаюцца так, што Рэч Паспалітая вось-вось знікне, пойдзе сур’ёзны гандаль.
Што ж, нават на фальшывых барацінках хтосьці ладна нажыўся...
I вось выправіліся яны ў Вільню, зайшлі ў дом Лёднікаў. А там ужо ўласнай персонай — пан Аляксандр Лёднік, змоўшчык ды аднаўляльшчык Вялікага Княства.
Прынамсі, хоць гэтага героя не трэба было шукаць ды вызваляць з вязніцы. Цалкам сабе самавіты малады чалавек, нават юнаком не назавеш. Вочы цёмныя, упэўненыя, высокі, станісты.
Убачыў бацьку ды мачаху...
I як бразнецца на калені. Бутрым з Меланхоліяй аж адскочылі ад нечаканасці.
Што ж, усё паводле сармацкага звычая. Трэба было б яшчэ боты бацьку цалаваць, але рэспубліканец Лёднік такі звычай у сваім доме ніяк не ўхваляў. Дык і дзеці не прывучыліся.
— Прашу прабачэння ў вас, пані Галена і пан бацька... Я паводзіўся няварта, агаліўшы шаблю ў бацькоўскім доме, ды супраць бяззбройнай кабеты, і ледзь не стаў прычынай вялікай бяды.
— Гэта я цябе ледзь не засекла, — змрочна прагаварыла Меланхолія, на гэты раз апранутая як пачцівая пані, у спадніцах ды каптуры. — Не хацела я таго. I, павер, сама пад суд пайшла б, каб не твой бацька. Даравання мне няма, я ведаю, буду выкупляць як магу. Але, — сцішана ўздыхнула, — калі Бутрыма стануць несправядліва зневажаць, хто б ні быў — не змаўчу.
Куточак яе рота, які так і застаўся пасля маскіровачнай атруты крыху апушчаным, скрушна таргануўся...
Вырвіч не вытрымаў і ўлез у «контрдансы» шалёнай сямейкі:
— Гэты не хацеў, і гэты не хацеў, і гэтая не хацела, а ледзь адно аднаго не загубілі. Падымайцеся, абдымайцеся, прабачайцеся ды пайшлі ўжо палуднаваць.
Што ўсе і выканалі. Хоць і часткова. Алесь з Меланхоліяй абдымацца не сталі, пакланіліся стрымана. I тое добра.
Вядома, на рубцы з анісам, якія так дасканала ўмела рыхтаваць Саламея, разлічваць не даводзілася. Меланхолія да гатавання ежы схільнасцяў не мела. Ну, зайца або цецярука забіць, вытрыбушыць ды падсмажыць на вогнішчы — гэта калі ласка.
Так што нагатаваў як умеў Хвэлька з дапамогаю Ясючка. Нешта замовілі з суседняй карчмы... Размова напачатку так сабе клеілася, у асноўным Пранціш алею падліваў, потым трохі папусціла.
Паколькі ўсе былі цвярозыя, гаварылі асцярожна, як да раны датыкаючыся, і не паспелі наноў пасварыцца.
I вось табе першая агучаная навіна: Аляксандр Лёднік аказаўся палкоўнікам амерыканскай арміі. Вырвіч ажно трохі набычыўся, бо сам да такого звання не даслужыўся. А гэты дактаровіч, глядзіш, i генералам стане, як ягоны кумпан Касцюшка. Відаць, за акіянам, у дзікунскіх лясах, пасады градам сыплюцца, толькі рукі падстаўляй.
Палкоўнік горача прамаўляў пра неабходнасць скарыстаць шанец і ўсім адправіцца ў Новы Свет. Тут жа ні палякі, ні расейцы беларусам у бліжэйшы час вольна жыць не дадуць. Лёднік цверда стаяў на адным — толькі на сваёй зямлі можна здзейсніцца беларусам. Hi ў якога добрага дзядзьку, што возьме ды падорыць ім дзяржаву, доктар справядліва не верыў.
— Мы збудуем там новы Полацак! — гарачыўся Алесь.
— А гэты, прашчураў, на каго пакінем? — змрочна гасіў сынаў запал доктар. — І не забывай, што i тая зямля камусь належыць. Напачатку што, індыянскія плямёны будзем вынішчаць? Ліцвінаў выкарыстаюць, каб зачысцілі тэрыторыю? А потым — ты сапраўды верыш, што купачка беларусаў не рашчыніцца ў чужой вялізнай дзяржаве, падобна да цукру ў кіпні?
— Расейцы Сібір скараюць, не глядзяць на карэнныя народнасці — i вунь як умацаваліся! Калі на тутэйшай зямлі беларусы ўвойдуць у сілу, ім таксама свая заакіянская калонія прыдасца! У нас жа там i золата знайшлі, i дыяменты здабываюць... А мы будзем сачыць, каб захаваць сябе на новым месцы.
Вочы Гальшкі Лёднікавай здаваліся то светла-серабрыстымі, як рыбіна луска, то бяздонна-цёмнымі.
— Васпан будзе захоўваць ліцвінскую адметнасць з дапамогаю магнатаў, якія ў іншым асяродку або вызнаюць сябе як шчырыя палякі, або лезуць у расійскія царадворцы? Дарэчы, Стась Панятоўскі таксама сябе у пэўных кампаніях ліцвінам называе — маўляў, народжаны ды хрышчаны ў Воўчыне ды ў рыцарскім стане стольнікам літоўскім быў. Што ж вы яго не запросіце? На дармовае золата i дыяменты і ён паквапіцца...
Меланхолія круціла ў руках срэбны сталовы нож — яго лязо было скругленым, але Пранціш не сумняваўся, што Чума зможа ткнуць яго каму ў горла.
— Мне паведамілі, што ўрад канфедэрацыі прыняў рашэнне — кожны штат можа мець сваю канстытуцыю! — не здаваўся дактаровіч.
Але і Галену Прыўкрасную... дакладней Небяспечную, не так лёгка было суняць:
— А ўплывовыя асобы, якіх вы спакушаеце, Аляксандр, фінансаваць новую Літву, усе гэтыя князькі, якія зубы абламалі аб чужыя скіпетры, ведаюць, што ў незалежнай Амерыцы створаць рэспубліканскую сістэму і ім не свеціць ні каралеўская карона, ні вялікакняская? Васпан упэўнены, што не станецца ваша ўмоўная калонія часткай вялікай краіны, з адным статутам?
Вырвіч уздыхнуў: словы Меланхоліі канчаткова разбурылі ягоную мару пра Вырвічаўск, і нават Франтаспаль. Звычайнае шалберства — скарыстацца надзеяй зняволенага народа, выцягнуць з яго лепшых людзей ды грошы. А здзейсняць усё шчырыя ідэалісты накшталт Аляксандра Лёдніка.
Але буру, якая нараджалася ў сямейнай затоцы, удалося заесці грыбной поліўкаю і карчомнымі шалтаносамі. А Вырвіч нават слабенькае мадэры глыкнуў — мусіць, Хвэлька для сябе ў буфеце прыхаваў.
Назаўтра Пранціш прачнуўся на самым золку ад лязгату-грукату, схапіўся за шаблю, пабег глядзець, што ўчынілася — а гэта мілыя сужэнцы Лёднікі сабе трэнінг па фехтаванні ўчынілі ў спецыяльна адведзеным пакоі, які, на жаль, аказаўся за сценкай Пранцішавай спачывальні. Халерныя фехтмайстры адпрацоўвалі фінты з эспадронамі. Бутрым трохі прысаромлена патлумачыў, што Гальшку змусіў — не хацела агаляць лязо ў гэтым доме, але доктар вырашыў, што павінен паляпшаць сваю баявую форму.
Пранціш, пазяхаючы, буркатнуў няўхвальнае пра няздзейсненых мніхаў і пайшоў дасыпаць, вушы воскам заткнуўшы.
Вось жа, раней доктар у такіх выпадках ці Вырвіча прасіў пафехтаваць з ім, ці сына.
Усіх прэтэндэнтаў на заакіянскую Літву, натуральна, разам не збіралі — магнаты папрысылалі прадстаўнікоў. Алесь не ўсё расказваў — хто яшчэ з ім прыехаў, з кім сустракаюцца. Лёднік і не распытваў, сказаў толькі, што ў гэтую справу сам не палезе, але й перашкаджаць не стане. Вырвіч таксама не стаў кляшчом уплішчвацца ў чужую таямніцу, як зрабіў бы ў маладосці. Прадчуванне было паганенькае. Золата і дыяменты чужой зямлі ды які-небудзь гучны тытул уладара ліцвінскага Эльдарада — ёсць дзеля чаго грызціся. Пане Каханку вунь быў нават з князёўнай Тараканавай звязаўся, авантурысткаю, што выдавала сябе за спадчынніцу расійскага прастолу. Таксама грошы ў яе пражэкты ўвальваў, да турэцкага султана папёр — у змову таго ўцягваць.
Да таго ж у пана Вырвіча сваіх справаў вышэй за макаўку.
Паколькі ўсе жывыя, Сафійка ў бяспецы — сядзіць у Караблях пад аховай Каруся і Сцяцко, час і Пранцішу дахаты. У кастрычніку сеймік у павеце. Як жа без маршалка? Неспакойна, як там старэйшы Яначка ў Менскай школцы, былым калегіуме. Пранціш там у свой час намучыўся... Ці здаровыя малодшыя, Паўлючок з Касечкай? I па Дамініцы зусім засумаваў. Ды не трэба забывацца, што пан Вырвіч яшчэ і гаспадар зямлі сваёй. I ці ўдала ўраджай прыбралі? Ці хопіць сялянам прыпасаў на зіму? У разнастайных прыземленых развагах пііт Пранціш патроху дайшоў да Дамініканскай.
I раптам цяжкая рука лягла на плячо маршалка Менскага.
— Го-го! Пан Вырвіч!
Пранціш імгненна развярнуўся, паклаўшы руку на Гіпацэнтаўр...
— Пан Агалінскі!
Руды Амерыканец, як празваў яго Вырвіч шмат гадоў таму за любоў да індыянскіх казак, амаль не змяніўся: гэткі ж плячысты, вусаты. Ну хіба трохі валасы на лбе парадзелі, наколькі можна бачыць з-пад ссунутай набакір шляхецкай шапкі з дыяментавым гузам, ды ўшыркі раздаўся.
— А я так і думаў, што ты, Вырвіч, да нас далучышся! Ну i, магчыма, доктара з сабою прыхопіш. А дзе, дарэчы, ён?
Агалінскі закруціў галавой па баках, быццам доктар мог намалявацца з паветра, але таго побач прадказальна не аказалася. Бутрым у Вільні персона вядомая, варта было прайсціся па каціных ілбах, як называлі віленскую брукаванку, тут жа пазнаў хтось з былых пацыентаў i, молячы-просячы, павалок кагось ратаваць. А Чорны Доктар што? Будзе лячыць, хай бы i найгоршага ворага.
— Я паспеў перагаварыць з пасланцом ягонай княскае мосці Караля, і пэўна, браце, князь падтрымае стварэнне княства! Галоўнае — пабольш народу правільнага падняць да перасялення! Ну, Вырвіч, пераплывём акіян — пакажу табе, што такое сапраўдныя мядзведзі! Іклы ў іх — во! Дзве мае далані!
Ну так, без пана Гервасія Агалінскага, які і завабіў Алеся ў Амерыку, уся інтрыга закруціцца не змагла, той самы чорт, хоць сабака, хоць хорт.
Пранціш усміхнуўся:
— Мядзведзі з ікламі — гэта цікава. Ды нешта не цягне мяне больш у марскія падарожжы, гэта, ваша мосць, для маладых авантуры.
— Го, Вырвіч, ты ж за мяне маладзейшы, а рыпіш як старэча! Трэба з цябе пыл стрэсці. А яшчэ лепей — змыць добрай чаркаю.
I Агалінскі павалок ягамосць Пранціша ў сяброўскую вандроўку па справах Бахусавых.
I пачалося... Піва — такайскае — злыднёўка... Здаецца, злыднёўку дапівалі каля Вострай брамы... Здаецца, у нейкую котку бутэлькаю пустой шпурнулі... Прынамсі, Вырвіч спадзяваўся, што гэта была ўсяго толькі котка. Тады пан Гервасій аб’явіў, што яны проста мусяць наведаць галоўную цікавостку сённяшняй Вільні — прыродазнаўчы кабінет, заснаваны яе княскае мосцю пані Тэафіляй Мараўскай з Раздзівілаў.
Яснавяльможная Тэафіля была сястрой Пане Каханку, праўдзівай амазонкаю. А куды падзенешся, калі ў юным узросце засталася без бацькоў, а галава роду, бяспутны братка Караль, ператварыў двор у карчму? Вось дзяўчыне, якая гадкоў з васьмі іграла ў высокамаральных п’есах сваёй маці Уршулі, і давялося сядзець за бяседным сталом з п’янай шляхтай... Сама, кажуць, палюбіла «малачко шкляной свінкі», аднойчы, як буфет з напоямі замкнулі, сякерай яго раздрыбаніла, каб да графінчыка з наліўкаю дабрацца. Неяк сябрук Пане Каханку Пац, якому Тэафіля абзэндэн аб'явіла, ганяўся за ёю з пісталетам, да любошчаў змушаючы... Затое ў бойцы пад Слонімам з расейскімі войскамі князёўна Тэафіля была ў першых шэрагах вояў, у мужчынскім адзенні, з шабляю. Там і прыкмеціла адважнага паручніка Ігнацыя Мараўскага. З якім насуперак волі братавай уцякла ды абвянчалася ў Львове, спаслаўшыся на цікавае сваё становішча.
Пане Каханку дараваў з цяжкасцю, але ж дараваў, падарыў маладым Завушша пад Нясвіжам, зяця зрабіў генералам... Затое не было больш вернага Радзівілу Пане Каханку чалавека, чым ягоны зяць, пан Ігнацы Мараўскі. Інтарэсы яго на соймах абараняў, аж са скуры лузаўся, у выгнанне за ім паехаў разам з жонкаю.
Тэафіля за мяжой наведвала кунсткамеры, медычныя акадэміі ды тэатральныя прадстаўленні. Перайшла цераз Альпы, у Рыме спускалася ў яміны, дзе раскопвалі пракаветныя храмы... I паўсюль збірала ўсялякія дзівосы, якія адпраўляла на радзіму. Вось з тых дзівосаў і адкрыўся ў Вільні прыродазнаўчы кабінет, куды мог патрапіць любы...
Зразумела, пан Агалінскі, які па-ранейшаму ажно гарэў ад усялякіх таямніцаў, не мог устрымацца. Ён ужо двойчы пабываў у тым кабінеце і зараз, пасля злыднёўкі, цягнуў за сабою Вырвіча, як дурнога баранчыка да смачнай траўкі.
Кабінет насамрэч быў вялізнай залай у камяніцы ля базыльянскіх муроў, здаецца, цяпер яна належала Вышэйшай школе Вялікага Княства Літоўскага, у якую ператварылася колішняя езуіцкая акадэмія. Пранціш час ад часу пацягваў з біклажкі, якую мудра прыхапіў з сабою, і адмахваўся ад захопленых бязглуздых тлумачэнняў пана Агалінскага, як ад зумкання мухі... Сам усё ведае, ва ўніверсітэтах вучыўся! Вось гэта дакладна статуя рымскага імператара Актавіяна Аўгуста, які заняў трон забітага Цэзара і аб’явіў сябе богам. Рука ў мармуровага імператара была адбітая, а паказвала яна ж, напэўна, на важную мэту, светлую і добрую, дзеля якой зараз жа трэба ўсім простым людцам ахвяраваць сабою. А вось гэтая пасудзіна, што нагадвае звычайны гаршчок з круглай накрыўкай, насамрэч пахавальная урна з алебастру, у якой, магчыма, і цяпер варушацца часцінкі попелу антычнага нябожчыка. Верш трэба пра гэта скласці:
Быў ты ці квестар, ці пісар, мой пан, попел аднолькава чорны.
Плынь акведука размые свінец, круцяцца, круцяцца жорны.
Гэта ў галаве засела, як Лёднік тлумачыў, што ў рымскім вадаправодзе трубы парабілі са свінцу, а свінец ваду атручвае, таму і хварэлі рымляне на розныя балячкі, не кемячы, у чым прычына. Ды яшчэ посуд з таго ж матэрыялу рабілі.
— Ды што васпан прыліп да гэтых каменьчыкаў? Самае цікавае далей! — ажно падскокваў расчырванелы, бы кармазін, Агалінскі.
Цікавае — гэта былі заспіртаваныя пачваркі, чучалы ды косткі розных стварэнняў... Пранціш толькі фыркаў паблажліва: і не такое бачыў!
— А вось такое ці бачыў васпан? — Агалінскі пераможна падкруціў няцвёрдай рукой руды вус.
Вырвіч лупіўся перад сабой і дарэмна спрабаваў вярнуць твару прыстойны, паблажлівы выраз. Відовішча не тое каб зусім у навіну, у кунсткамеры Ліёна падобнае было, у Амстердаме. Толькі не гэткае вялізнае.
Яны апынуліся ва ўнутраным дворыку, які ўвесь займаў падвешаны на адмыслова пакладзеных бэльках шкілет кіта. Ды як жа такое сюды дапёрлі?
Калі дагэтуль Вырвіч і Агалінскі былі амаль адзінымі наведнікамі прыродазнаўчага кабінета, дык у дворыку тоўпілася з дзясятак разявакаў: і паны, і пані з панічочкамі. Нейкі спадар у сурдуце нудзеў пра будову цела марскіх млекакормячых двум прышчавым маладзёнам у студэнцкіх апратках.
Пранціш і Амерыканец паважліва глынулі з біклажкі за добры экспанат.
Потым пан Гервасій пачаў блытана апавядаць, як ён уласнаручна забіваў такую ж пачвару, бясстрашна стоячы ў хліпкім чоўне пасярод хваляў акіянскіх.
Вырвіч нагадаў пра цмока з горада Дракошчына, свой уласны подзвіг.
Пан Агалінскі пачаў пералічваць, колькі скур упаляваных ім мядзведзяў ды ваўкоў упрыгожваюць ягоны дом, Вырвіч пахваліўся сваімі трафеямі...
Кожны этап спрэчкі суправаджаўся глытком налівачкі.
Чым скончылася экскурсія, як вярнуўся ў дом Лёдніка — Пранціш памятаў цьмяна. I вось цяпер сюды пад’язджалі вазы з тым самым, мяркуючы па ўсім, кітовым шкілетам, толькі разабраным на часткі, на які маршалак Менскі ўчора любаваўся.
— Мне патрэбны яго мосць пан Франтасій Вырвіч! — абвясціў, адышоўшыся ад воза, плюгаваты спадар у зялёным сукмане.
Вырвіч адперхаўся — у горле перасохла — і пацвердзіў сваю персону.
— Куды згружаць кіта? — па-дзелавому спытаў спадар.
— Згружаць? Нашто?
Хохлікі зноў узяліся стукаць сваімі малаточкамі па Вырвічавай беднай галаве.
— Васпан кіта купіў, дык няхай забірае.
Купіў кіта? Што за блёкат?
Плюгавец з нейкай гадкай усмешачкай з-пад рэдкіх светлых вусікаў падаў Вырвічу скручаную трубкай паперу. Пранціш разгарнуў, патрос галавой, каб разамглілася ўваччу, пачытаў, зноў патрос галавой... Літары на аркушы зрабілі здзеклівыя рэверансы і зноў затаньчылі мазурку.
— Што ты зноў утварыў, Вырвіч?
Ну так, як жа без доктара... Лёднік схіліў доўгі нос над паперай.
— Дзве тысячы дукатаў? Падняводдзе ў заклад? Вырвіч, ты здурэў?
Маршалак учапіўся ў свае русявыя кудзеры ў самай чорнай тузе. Ды яму фундаванне званіцы ў кляштары ў дзесяць разоў танней абышлося! Нібы праз туман, успомнілася ўласнае п’янае зухаванне: «Пад вокнамі пастаўлю, хай дзеці коўзаюцца!»
— Пан Вырвіч збіраецца кунсткамеру завесці ды грошы зарабляць?
Пранціш адмахнуўся ад здзекаў доктара... Добра, што сумлення хапіла не паставіць у заклад Дамінічын пасаг або цесцевы Капанічы. Але ж Падняводдзе не пашкадаваў, родную вёску, з такой цяжкасцю выкупленую!
— Дык куды косткі складаць? Калі на двор не пусціце, мы тут вывалім.
Плюгавец у зялёным сукмане не супакойваўся. Вознікі пачалі ўжо адкручваць вяроўкі на пачварным грузе.
— Чакайце, не здымайце пакуль! — адчайна замахаў рукамі Вырвіч. — Гэта непаразуменне...
— Няможна чакаць, у нас іншая праца ёсць, — з лёгкай насмешкай запярэчыў плюгавец. — I непаразумення ніякага. Хіба пан са сваім сябрам учора вельмі настойліва не ўгаварылі на гэты гешэфт пана рэктара школы, куды яе мосць Мараўская ахвяравала сваю калекцыю?
Вырвіч са стогнам схапіўся за галаву. Каб жа хоць ясна кеміць!
— Пі, маршалак!
Перад носам бліснуў кубак з адварам. Гэта Меланхолія прыпёрла... I хоць Вырвіч не раз дакляраваў, што не стане прымаць ніякіх падазроных лекаў з ручак Чумы, выхлебтаў горкі напой, як Сакрат цыкуту.
У мазгаўні трохі разамглілася.
Пранціш агледзеўся. Лёднік пра нешта сувора распытваў плюгаўца ў зялёным сукмане, Меланхолія ледзь стрымлівала рогат, зараза, Хвэлька ўсё заклікаў да святых пакутнічкаў, а ягоны пляменнік Ясючок у сваёй блазенскай чырвонай шапцы бокам-бокам, але набліжаўся да вазоў з застрашлівым змесцівам, як верабей да хлеба, накрышанага побач з соннай коткай.
Дзве тысячы дукатаў — гэта ўжо ў памеры магнацкіх ці каралеўскіх тратаў. Дзе ўзяць? Што прадаць? Здзелка завераная ягоным роспісам. Адмовіцца — ганьба... Думкі мітусіліся, як машката над цвілой лужынаю. I цікаўных віленчукоў назбіралася на вуліцы як той машкаты.
Раптам на сцэну, дакладней на пляцоўку перад Лёднікаўскім домам, ледзь не ўразаючыся ў вазы з кітом і распалохваючы публіку, імкліва заехала карэта, запрэжаная чацвёркаю коней. Гэта што яшчэ за Актавіян Аўгуст з’явіўся?
Карэта спынілася роўненька перад адчыненай брамай, камякі гразі з-пад капытоў і колаў прывіталі тубыльцаў першымі. Потым дзверцы карэты неахвотна адчыніліся, і пасля нейкага прамаруджвання адтуль выкуліўся пан, прычым складалася ўражанне, што выкуліўся ад выспятка ў азадак. Шапка звалілася з рудых валасоў... Агалінскі!
Пан Гервасій, крэхчучы, устаў, нацягнуў шапку на галаву, неяк палахліва стрэльнуў пачырванелымі вачыма ў бок карэты, адперхаўся.
— Вітаю шаноўнага пана Вырвіча. Гляджу, пану ўжо даставілі ўчарашнюю пакупку... I вас вітаю, пан Лёднік. Даўно не бачыліся... I вас, шаноўная пані, выбачайце, нас не прадставілі адно аднаму...
— А прабачэння прасіць васпан збіраецца за ўчарашнія бясчынствы? — з гэтымі словамі з карэты рашуча выскачыла невысокая зграбненькая кабета ў пышнай сіняй сукенцы з сапраўднымі брабанцкімі карункамі.
У блакітных вачах пані свяціліся агеньчыкі, ці то згубныя балотныя, ці то гарэзныя ад феерверкаў, а мо і тыя, і гэтыя... І сэрца пана Вырвіча прыпынілася, а потым як кінулася ў галоп... Паланэя Багінская! Першае, палкае і шчымлівае каханне...
Між тым панечка абвяла вачыма кампанію, няўважна кіўнула:
— Вітаю, доктар, вітаю, ваша мосць Вырвіч...
Павярнулася да плюгаўца, які, адсунуты карэтай, насцярожана прыціскаўся да агароджы Лёднікавага дому.
— Вязіце гэныя косткі назад. Ягоная мосць пан Ігнацы Мараўскі адмяніў продаж.
Плюгавец не асмеліўся пярэчыць, бо панечка відавочна не звыкла да непаслушэнства ўсялякага зброду. Што ж, калі ў чалавека з пялюшак залатая лыжка ў роце — гэта адчуваецца, асабліва прыроджанымі лёкаямі.
Лёднік ажно лёгенька паляпаў Вырвіча паміж лапатак, відаць, баючыся, што той ад перабору ўзрушэнняў самлее ці вытварыць якуюсь лухту.
Пранціш ачомаўся і гжэчна пакланіўся:
— Ваша мосць, пані Паланэя... Для мяне прыемная неспадзяванка...
Голас амаль упэўнены. Але пані толькі насмешна пакрывіла вусны, якія так помніліся — вечна скрыўленымі з’едлівай усмешачкай.
— Ваша шчасце, пан Вырвіч, што гэты... — пані кінула цяжкі позірк на пачырванелага сужэнца, — вельмі разумны чалавек таксама зрабіў учора ў кунсткамеры пані Мараўскай важлівую пакупку. Толькі раніцай прачынаюся — дастаўляюць. Статую Актавіяна Аўгуста. Купленую за тысячу дукатаў.
Пані гнеўна выдыхнула паветра скрозь сціснутыя зубы, Агалінскі няўтульна пацепнуў плячыма.
— Давялося ехаць разбірацца. А заадно даведалася пра ваш, пан Вырвіч, яшчэ больш важкі набытак. Пан Ігнацы Мараўскі, якому я растлумачыла сітуацыю, вельмі ўгневаўся, што кіраўніцтва школы не ацаніла падарунак ягонай жонкі і праз хцівыя меркаванні пазбавіла студыёзусаў каштоўных навучальных экспанатаў. Так што, вельмішаноўныя мае паны... — Паланэя змерыла аднолькавымі позіркамі мужа і былога кавалера, — давядзецца вам абысціся без мармуровага рымскага імператара і шкілета кітовага ды вярнуць іх студыёзусам. Якое засмучэнне. Але, спадзяюся, панства вытрывае гэтае выпрабаванне з усёй рыцарскай мужнасцю.
Агалінскі старанна паківаў галавою, Пранціш ледзь стрымаў уздых палёгкі. Здаецца, і праўда ўчора Гервасій нешта трындзеў пра ўсялякіх рымскіх цэзараў, праз якіх князь Палямон, прашчур ліцвінскай шляхты, мусіў бегчы з Рыма, і ў памяць пра тое варта кагось з тых цэзараў ператварыць у падстаўку для шляхецкай шапкі. Вось жа Паланэйка — яшчэ больш спрытнай стала ў інтрыгах... Але як жа сорамна, што пасля столькіх гадоў яна зноў бачыць яго, як шкаляра, за дурнымі выбрыкамі і нават ратуе.
Пад грукат вазоў, якія везлі беднага кіта назад, у прыродазнаўчы кабінет, з карэты выслізнула яшчэ адно пекнае стварэнне, стала побач з пані Агалінскай, і Вырвічу наноў дыханне пераняло... Бо калі цяперашняя пані Агалінская толькі нагадвала тое капрызлівае шалёнае дзяўчо, што выправілася з Вырвічам і Лёднікам у падарожжа ў Ангельшчыну, то дзяўчына, якая выскачыла з карэты, была дакладна тая самая Паланэйка Багінская... Толькі вусны трохі больш пухлявыя, валасы, нават з-пад пудры відно, рудаватыя, а на носіку так i мрояцца рабацінкі.
Не можа быць — Рэгінка Агалінская! Тая падшыванка шчарбатая, што ўцякла, калі не хацелі заручыць з сынам расейскага пасла Штакельберга, схавалася ў іхняй павозцы, і давялося везці з сабою праз усю Еўропу да ейнага рудога таткі, што квасіўся ў венецыянскай падземнай вязніцы. Во якая вырасла! Раней бы кінулася да ix: «Пан доктар-магік! Пан Вырвіч! А я па-новаму свістаць навучылася!» А цяпер толькі ў рэверансе прысела, а сама вачыма нецярпліва сюды-туды, нібы кагось вышуквае.
Доктар паспяшаўся прадставіць персону, з якой Агалінскія дагэтуль яшчэ не сустракаліся:
— Пані Галена Лёднік. Мая жонка.
Агалінскі праглынуў грубыя жарцікі пад строгім паглядам доктара, Паланэя абмерыла вачыма постаць Меланхоліі, гэтак падрабязненька прайшлася... Гальшка да выпрабаванняў свецкімі салонамі была прывучаная, таму толькі вусны ў ветлівай усмешцы расцягнула. Пранціш мімаволі таксама агледзеў Чуму на прадмет, ці не ганьбіць яе выгляд Лёдніка. Убор сціплы, але шпяжанка, калі хацела, умела выглядаць па-каралеўску нат у лахманах. Валасы схаваныя пад каптур, відаць толькі бялюткія адрослыя карэньчыкі. Вочы без шкельцаў то светлыя, як крылца страказы, то бяздонна цёмныя. Чырванілаў-чарнілаў няма, але шнар на шчацэ па-майстэрску замазаны — не дзеля какецтва, а таму што Лёдніку непрыемна гэта бачыць, а Меланхолія адчувала нават неагучаныя настроі мужа.
Што ж, пані вышэйшая за Паланэю і маладзейшая... Шыя доўгая, ганарыстая, дзёрзкія ружовыя вусны... I прыхаваная смяротна небяспечная сіла.
Паланэйка тую сілу таксама адчула і звузіла вочы, успрыняўшы як выклік.
Сама князёўна, вядома, змянілася... Ужо не юная, твар пашырэў, рысы сталі больш рэзкімі, стан таксама не такі танюткі... Але тлушчам не заплыла — пані Агалінская была рухавая, жылістая і пруткая — мусіць, на конях носіцца ды з кінжальчыкам па-ранейшаму не расстаецца...
А ў іх з Меланхоліяй ёсць нешта агульнае.
— Пані дужа мне нагадвае аднаго майго старога знаёмца. Ён кіраваў аховай майго брата. Герман Ватман... Toe ж рэдкае адценне валасоў, як у пані, i вочы падобныя. Не сваяк вам?
У вочы з мілым тварам, а за вочы крутым варам. Паланэйка з Лёднікавай скрыжавалі позіркі, як шаблі.
— Lapsus memoriae[10] вашае мосці, не прыгадваю падобнае імя, — міленькім галаском адказала Меланхолія. — Але ж брат вашае мосці, напэўна, вялікую ўвагу надаваў ахове, у тым ліку і вашае мосці, і я захапляюся шырынёй мыслення яснавяльможнага князя, што блаславіў сястру адправіцца ў небяспечнае падарожжа ў Амерыку і цярпець выпрабаванні ды ўхвальна сціплы лад жыцця.
Гавары, воўча, пацеры... Агалінская з Багінскіх злосна падціснула вусны — Меланхолія ведала, куды пнуць. Міхал Казімір Багінскі з войскам спрабаваў вярнуць сястрыцу і скасаваць ейны шлюб, і жыла ў Амерыцы яна дакладна не так, як у Слонімскім палацы. Дый вяльможнаю ўжо не была — бо кабета пераймае стан мужа.
Ну, свае будзем, як не паб’емося. Лёднік паспяшаўся запрасіць гасцей у дом. Пан Гервасій тут жа прасвятлеў: ну хоць чарачку ў зануднага доктара можна ж знайсці прыпасеную!
Ніхто не заўважыў, як Ясючок крадзецца ў камору, прыціскаючы да сябе аскалёпак косткі рыбы-кіта, адколаты крадма на крайнім возе. Карысная рэч, моцная... Вадзянікоў добра ганяць будзе.
Рэгінка трохі адстала ад бацькоў, якіх, увайшоўшы ў вобраз гасціннай гаспадыні, праводзіла Меланхолія, і ў калідоры, сам-насам з былымі знаёмцамі, скінула маску фанабэрыстай паненкі. Нарэшце дайшло да радасных абдымкаў.
— Пан доктар-магік! Пан Пранціш!
Усмешка была, як і раней, шырокая, толькі без шчарбінак, зубкі ў дзеўкі сталі роўненькія, беленькія... Напэўна, і востранькія.
— Пані маці так лаялася, так лаялася на пана бацьку і на вас, пан Вырвіч, — шэптам наскардзілася Рэгінка. — Але вы не бойцеся, яны з бацькам часта лаюцца, але потым адразу ж мірацца. А яшчэ я чула, пані маці казала бацьку: з’язджаць тэрмінова трэба. Мой вяльможны дзядзечка моцна ўзлаваўся за нашыя перагаворы з нясвіжскім ардынатам.
Вырвіч з Лёднікам трывожна перазірнуліся. Ну так, Багінскі папярэджваў жа, каб не ўздумалі аддаваць перавагу перад ім Радзівілу. А пан Гервасій — колішні найбліжэйшы сябар Пане Каханку, з альбанчыкаў, княскай банды юнацтва. I хоць Пане Каханку ахаладнеў да яго, пасля таго як Гервасій ажаніўся з сястрой палітычнага ворага Багінскага, аднак Агалінскі па-ранейшаму былога правадыра ледзь не абагаўляў i вярнуць ягоную літасць прагнуў... Нездарма з зяцем Пане Каханку Ігнацыем Мараўскім у іх такія добрыя стасункі.
Але калі сястру Багінскі дратаваць не стане ў любым выпадку, дык з амерыканскім палкоўнікам, сынам падазронага доктара, тут любы можа расправіцца. Шастак не талер — бізун не адверне.
— А дзе Алесь? — шэптам спытала Рэгінка, трохі пачырванеўшы.
Пранціш усміхнуўся, успомніўшы, як яна калісьці збянтэжыла малодшага Лёдніка заявай, што той, калі яна падрасце, стане ейным жаніхом.
— Аляксандр па справах ходзіць, — ціха адказаў Лёднік. — Дакляраваў вярнуцца да вячэры. Ну, пойдземце, паненка, а то вашы бацькі зазлуюць.
Даўно гэты дом не бачыў столькі гасцей. Паланэя абменьвалася з Меланхоліяй ветлівымі рэплікамі з атрутным начыннем. Пан Гервасій задаволена разваліўся ў фатэлі ў кампаніі з акамянелаю сківіцай незразумелай пачвары — доктар быў выкупіў у сялян у Юрацішках, пачуўшы, што тыя раскапалі ў пошуках скарбаў валатоўку ды пазнаходзілі ўсялякую шатанскую непатрэбшчыну. Агалінскі захоплена абмацваў жоўтыя затупленыя іклы, нешта мармытаў пра індыянскага бога Кецалькаатля, ці як там — язык ламаецца, і страшэнна нагадваў пастарэлага біблейскага героя Самсона, які ў маладосці аслінаю сківіцаю разагнаў войска філісцімлянаў, а цяпер замілавана пра тое ўспамінае.
Пранціша раздзіралі туга і віна. Каб Паланэйка патаўсцела, змаршчынілася ды азызла, лягчэй было б. А так — чаго яму, шчасліва жанатаму, лупіцца на чужую жонку ды дзетную маці? А вочы так і ліпнуць, хоць выкалі ix ды здзейсні мару стацца Гамерам.
Лёднік заўважыў перайманні сябра, а таксама слоўны двубой Паланэі і Меланхоліі і завязаў гаворку пра справы сур’ёзныя, палітычныя і фальшывыя. Адна Версальская дамова магла да раніцы сілкаваць дэбаты, тым болей графінчык з блакітным лікворам пан Гервасій з хованак прафесарскіх займеў.
Ясючок, падаўшы панам сасуд з мудрагелістай гарэліцай, паціху выслізнуў на двор — яшчэ ж не пацерушыў ахоўнымі зёлкамі пасля прыезду вазоў з пачвараю.
Карэту гасцей таксама належала праверыць. Коней выпраглі і адвялі ў стайню, фурман Агалінскіх з дзіўным імем Рачок прыстроіўся з Хвэлькам на варыўні, спажываючы тое, што Гасподзь у гэты вечар доктараваму дому паслаў.
Падалося, у пустой карэце штось шаргатнула... Мо прывезлі госці якую нечысць з сабою? Неспакойныя госці, тлумныя...
Змагар з пачварамі ступіў на падножку экіпажа і асцярожна зазірнуў у зашклёнае акенца ў дзверцах караты. I адхіснуўся, ледзь стрымаўшы крык: на яго з карэты глядзела Бадзюля!
Ясючок выразна пабачыў спалоханыя цёмныя вочы, бялкі якіх здаваліся ненатуральна светлымі.
Што ж, не першы раз з пошасцю даводзіцца сустракацца тварам у твар! Дакладней, тварам у пысу...
Ясючок намацаў срэбны нацельны крыжык, асвечаны на Труне Гасподняй у Ерусаліме, разам з крыжыкам заціснуў у руцэ сухую багародзічную траву, другой рукой няспешна адчыніў дзверцы карэты.
Бадзюля знаходзілася там. Заціснулася ў куток, трусілася — вочы вялізныя, спалоханыя-спалоханыя, а твар чорны. Каб не гэта — дык звычайная дзявочая постаць, худзенькая, жаласная. I ручкі тоненькія, дрыжаць, абдымаюць вузкія плечыкі. Валасы схаваныя пад бялюткі каптур, і каўнерык беленькі...
Што ж, не дзіўна, што ў гэтых кручаных паноў завялася Бадзюля, дух, які змушае гаспадароў зрывацца з месца i блукаць па свеце, нідзе не затрымліваючыся надоўга.
Ясючок, упэўнена прамаўляючы заклён, ад якога любая Бадзюля плітане, працягнуў у бок нячыстага стварэння срэбны крыжык... А тая раптам пашнарыла ў сябе за каўняром і працягвае ў бок Ясючка ўласны срэбны крыжык... А ручка так i дрыжыць, вочы вялізныя жахам поўняцца, пульхныя вусны — быццам пялёсткі чорнай ружы — таксама дрыжаць...
Трэба ж, злавілі ды ахрысцілі Бадзюлю... Моцныя паны.
Ясючок глядзеў на няшчаснае стварэнне, i так шкада рабілася... Яна ж не вінаватая, што такой нарадзілася. Калі срэбны крыжык носіць, значыць Гасподзь дараваў.
— Цябе як завуць?
Вочы з даўжэзнымі густымі вейкамі міргнулі... А каб не колер скуры, дык міленькая дзеўка была б.
— Марла... Я ёсць Марла...
Імя ж нейкае нехрысціянскае... Глядзіць, дрыжыць... Слабенькая, бедная...
— Ты хрышчаная? У Бога верыш? — строга спытаў Ясючок на ўсякі выпадак.
Бадзюля заківала, пачала дробна жагнацца і мармытаць «Ойча наш», праўда, з нейкім дзіўным вымаўленнем. Ясючок схаваў свой крыжык і расцерушыў на ўсякі выпадах багародзічную траву па падлозе карэты.
— Не бойся. Мяне завуць Ясь. Есці хочаш?
Стварэнне таксама схавала крыжык за пазуху і няўпэўнена кіўнула.
А ў доме працягваліся застольныя гаворкі. Святло прасявалася скрозь крышталёвыя чаркі з блакітным лікворам, на крываўніку настоеным... «Мусіць, яшчэ Саламеяй рыхтавана», — з жалем падумаў Вырвіч, адсёрбваючы вохкі напой і сузіраючы гульню Меланхоліі ў велікасвецкую курву. А Паланэйка відавочна ўсё больш злавалася, што не можа яе перайграць, і не забывалася кідаць на Пранціша дапытліва-какетлівыя позіркі, правяраючы, ці можа яшчэ крануць яго за сэрца.
Заакіянскія бойкі, якія з натхненнем апісваў пан Гервасій, змусілі Вырвіча задумацца: няўжо яны значнейшыя ў параўнанні з іхнімі, той жа бойкай пад Сталовічамі? Дзе ў ліцвінаў сотні, у амерыканцаў — тысячы... Але бітвы, якія адбываюцца дзесьці далёка, мізарнеюць, мала што там, сярод каланістаў і дзікуноў, калатнеча. А вось жа ўжо тыя каланісты-дзікуны каледжы ў сябе паадчынялі, на ўніверсітэты замахваюцца. Ну, хто ўперад заедзе, той уперад змеле.
Пан Гервасій, дарэчы, меў у амерыканскай арміі чын капітана — і таксама, мусіць, пераймаўся палкоўніцкім чынам малодшага Лёдніка.
Затое Рэгінка, толькі пачуўшы згадку пра Алеся, так і давай сакатаць пра яго вайсковыя подзвігі... Проста нейкі Раланд i Карл Вялікі, а не дактаровіч.
— Пан Аляксандр жыццё нам з пані маці выратаваў! Даведаўся, што да нашага дому ангельскія войскі ідуць, прыскакаў з трыма жаўнерамі, забраў нас, а потым, як даганяць сталі, адстаў, звёў пагоню ўбок і ў лесе ўсіх перабіў... Мой старэйшы брат Міхал разам з панам Аляксандрам служыць...
Паланэйка дарэмна спрабавала спыніць захоплены расповед дачушкі — не надта пругкія лейцы былі і ў гэтай сям’і. Што ж, дзе міла — сем вёрст не крыва...
Затое пан Гервасій быў прыняты ў ганаровыя чальцы аднаго індыянскага племені, назва якога гучала так, быццам хтось папярхнуўся. У таго племені было сваё бажышча ў выглядзе рудога мядзведзя, і Пранціш здагадваўся, чым руды мажны Гервасій прыглянуўся тым дзікунам.
Лёднік уважліва, але змрочна слухаў расповеды гасцей.
Сказаў толькі адно:
— Гісторыю пішуць пераможцы. Героі і падлюкі заўсёды ёсць на кожным баку. Калі перамогуць каланісты, усё, што яны рабілі, будзе ўхвалена... Калі перамогуць войскі ангельскага караля — знойдуцца гісторыкі, якія давядуць, што быць у складзе Англіі — найлепшая даброта, а тыя, хто таго не хацеў, — бунтаўнікі і зладзюгі. А калі раптам адстаяць сваю зямлю індыяне і пагоняць белых прыхадняў — з’явіцца яшчэ адзін варыянт гісторыі, са сваімі героямі. Што, хіба вашыя зносіны з індыянамі — спрэс байкі ля вогнішча ды сумеснае паляванне? Ніколі з імі не ваявалі?
— Ваявалі, — неахвотна буркатнуў Гервасій. — Яны ж таксама... добрыя і благія, а ёсць такія... Звяругі, не людзі... Пасяленцаў сем’ямі выразаюць. Скуру з галавы ў жывых здымаюць. А бывае, палоннага белага чалавека купяць і трымаюць у сябе як раба.
— А вы ў адказ іх нішчыце, — змрочна зазначыў Лёднік. — Ніколі не бывае, каб забраць нечую зямлю беспакаранна. А яшчэ... Панове Агалінскія, ёсць у вас чарнаскурыя слугі?
— Ёсць! — запэўніла Рэгінка, нягжэчна апярэдзіўшы бацькоў. — Сэм, конюх, Марла ў доме дапамагае. Яна з намі прыехала.
— I дзе ж яна? — сувора запытаўся доктар.
— У карэце засталася, — ахвотна патлумачыла Рэгінка. — Яна такая ўжо баязлівая, такая баязлівая... Ды кволенькая, пачнеш змушаць на людзі ісці — аж курчыць дурнічку. Тым болей тут на яе ўсе лупяцца, пакратаць спрабуюць.
Доктар сціснуў сківіцы і апусціў вочы, стрымліваючы гнеў.
— У карэце, значыць, замкнулі... Вядома, гэта ж маёмасць... Няважна, ці яна там галодная, ці хворая. Вы не супраць, панове, калі я агледжу вашую прыслугу?
Разамлеламу Агалінскаму, як і дагістарычнай сківіцы, было ўсё адно, Паланэйка толькі хмыкнула.
Калі Вырвіч з цікавасці пайшоў за доктарам, каб паглядзець на палахлівую мурынку Агалінскіх, дык разам з ім пабачыў выбітнае відовішча: на прыступцы карэты сядзеў Ясючок з місай бліноў і падаваў па кавалку камусь у карэцэ, нешта ласкава-супакаяльна прыгаворваючы.
Падлетак-мурыначка была кранальна худзенькая і вачасценькая... Лёднік адаслаў Вырвіча прэч, каб не палохаў небараку. А што прыслуга нетутэйшая злавеснага Чорнага Доктара спалохаецца, Вырвіч не баяўся — упэўніўся за столькі гадоў, як умее Бутрым знаходзіць шлях да сэрцаў слабых, пакрыўджаных ды знявераных.
Доктар вярнуўся ўжо не такі ўгневаны.
— Беднае дзіця надта шмат перанесла, не дзіва, што бываюць нервовыя прыступы. Але стан цяпер някепскі. Лекі для яе дам... Спадзяюся, панове, вы яе не мучыце?
— Ды я тую мурыначку выратаваў! — абурыўся пан Агалінскі. — Выкупіў у аднаго п’яніцы ў суседнім форце, пашкадаваўшы.
— А я Марлу нават у карты гуляць навучыла! — пакрыўджана заявіла Рэгінка.
Лёднік сумна паківаў галавою:
— Проста не забывайце, ваша мосць, што гэта такі ж разумны, датклівы чалавек, як і вы. Гэх. Вязуць і вязуць у Амерыку чарнаскурых людзей, вылаўленых у Афрыцы, як дзічыну... Нельга беспакарана пазбаўляць Божую істоту волі. I калі ўсё там у вас, у Амерыцы, пераварыцца, што з гэтага месіва выснуецца і калі — хто ведае. Колькі сотняў тысячаў там жыццё сваё аддадуць за тое, у што вераць. А яшчэ і ліцвінаў хочаце ў гэтую поліўку кінуць?
Гервасій не паспеў абурыцца — загрукаталі дзверы, пачуўся радасны голас Хвэлькі, страпянулася Рэгінка.
Вярнуўся амерыканскі палкоўнік.
Аляксандр Лёднік пачціва ўсіх прывітаў, пастараўшыся не спыняцца паглядам на Рэгінцы, якая так і страляла ў яго вачыма.
— Перамовы прайшлі ўдала, — коратка паведаміў дактаровіч Гервасію і Паланэйцы.
Гервасій толькі паківаў, удакладняць не стаў, Вырвіч з доктарам таксама не перапытвалі. Чужыя таямніцы — так сабе ношка, не ведаеш, дзе прыгняце.
Пра Саламею ўслых не згадвалі, але памяць пра яе нібы трымцела ў паветры. Хвэлька і Ясючок выставілі на стол што маглі: ад нарэзанага кумпяка да марцыпанаў. Прычым аказалася, што на варыўні ім узялася дапамагаць баязлівая Марла, прыведзеная за руку Ясючком, на якога мурыначка паглядала як на божышча нейкае. Увішная дзеўка, працавітая аказалася, хоць і сарамлівая да падучкі. Меланхолія ж толькі зрабіла ласку каву па кубках разліць. Зразумела, з найвялікшай годнасцю.
Графінчык з блакітным лікворам пусцеў, Агалінскі гудзеў усё гучней і нават спрабаваў зацягнуць індыянскія песні, але наракаў, што няма тут адной файнае траўкі, каб яе пакурыць. Пад траўку тую індыянскія песні пяюцца асабліва душэўна.
Вырвіч спрабаваў не паддавацца на лісліва-з’едлівыя прапановы пані Агалінскай з Багінскіх пачытаць штосьці са сваіх паэтычных шэдэўраў. Ужывую ж парэжа пані дарагія сэрцу радкі, як жабку на лабараторным стале.
Рэгінка гуляла з Алесем у гульню «я буду глядзець на цябе не міргаючы, пакуль не паглядзіш у адказ». Алесь унурыўся ў кубак з гарбатаю, нібыта ў жыцці нічога больш цікавага не бачыў.
Дзякуй Богу, пра амаль купленага кіта ніхто не згадваў.
— А пані Лёднік адкуль родам? — міленькім галаском папыталася Паланэйка.
А скура на лініі падбароддзя ў яе, дарэчы, троху абвісае, будзе ў старасці, як каралева Бона, шчокамі азызлымі трэсці.
Цікава, пані сапраўды пра Лёднікаву другую жонку нічога не ведае ці прыкідваецца, а братка ёй пра наймічку-забойцу распавёў?
— Я сірата, ваша мосць, бацькоў сваіх не памятаю, выхоўвалася ў Прусіі, у пансіёне пры кляштары.
Меланхолія далікатна памешвала ў парцалянавым кубку лыжачкай. Лыжкі, дарэчы, былі адметныя, срэбныя, з ручкамі, зробленымі з чырвоных каралаў. Можна ўявіць, што проста такая вось прылада ў моры вырасла. Падарыў быў доктару адзін з багатых удзячных пацыентаў.
— Вось як... Спачуваю вашае мосці, — зусім не спачувальным тонам прамовіла Багінская. — А з доктарам як ваша мосць пазнаёмілася?
Алесь скептычна ўтаропіўся ў мачыху, Пранціш таксама чакаў, што ж яна адкажа... Бо знаёмства адбылося, калі Меланхолія паспрабавала доктара забіць — замовілі ёй былі такую паслугу.
— У працоўных абставінах, — прыўзняла светлае броўца Меланхолія. — Я ж з дзяцінства абучаная медычнай справе, анатомію добра ведаю. Вось у нас з Баўтрамеем i атрымалася адно агульнае прадпрыемства.
I амаль жа не зылгала зараза.
— А ваша дачка, доктар, як я чула, прыгажуня неверагодная. I выгадны шлюб узяла, — утаропіла халодны светлы позірк у Бутрыма Паланэйка. — З ваяводам пабралася. Віншую.
— Не вельмі добрая падстава для віншаванняў, ваша мосць, — апусціў вочы Бутрым. — Шлюб аказаўся няўдалы.
Алесь таксама пазмрачнеў — гэта ж ён настойваў, каб Сафійка за Жылку пайшла, на злосць падступнай мачысе.
Паланэйка роблена наіўна зміргнула блакітнымі вачыма:
— Так, вельмі важна падабраць свайму дзіцяці добрую пару... Мы вось Рэгіну збіраемся заручыць з Мікалаем Пацам, сынам генерал-маёра Міхала Яна Паца, іх сям'я нашу справу шчыра падтрымлівае.
Рэгінка і Агалінскі хорам абурыліся.
— Пані маці, я не буду з тым боўдзілам памаўзлівым заручацца!
— Золатка, мы ўжо пра гэта казалі, больш ніякіх шлюбаў па прымусе! Мала бяды ўжо праз тое мелі?
Паланэйка спахмурнела. Яшчэ б, з той прычыны, што па дамове з братам яна заручыла Рэгінку з сынам расейскага пасла Штакельберга, і Рэгінка намучылася, і Гервасій, які кінуўся дачку выручаць, год у страшнай італьянскай вязніцы адседзеў... Жоначцы прабачыў. А Багінская — зноў за сваё! Студню дагары дном не вывернеш.
— Падстолі Пац не карыстаецца добрай рэпутацыяй, — мякка прамовіў Алесь. — Пан Ігнацы Мараўскі скардзіўся мне сёння, што падстолі прайграў у карты грошы, якія павінен быў бацьку за мяжу паслаць, і прыйшоў у пана Мараўскага пазычацца. Не думаю, што панне Рэгіне падыдзе такі муж. Я сам прыкра памыліўся з выбарам сужэнца сястры, не паўтарайце маіх памылак.
Рэгінка глядзела на Алеся як на Ланцэлота, Раланда i Карла Вялікага ў адной асобе.
— Пац герба «Газдава» не падыдзе? — Паланэйка раптам страціла нават цень маладосці, павекі пацяжэлі, складкі ад носа да куточкаў рота паглыбіліся. — А мо ўнук гарбара падыдзе? Пан палкоўнік, захоплены рэспубліканскімі ідэямі, спадзяецца скарыстацца фантазіямі нашай дачкі, у якой цячэ кроў Багінскіх? Мне надакучыла сузіраць і цярпець ваша паляванне за Рэгінай!
Дактаровіч збляднеў і выпрастаўся.
— Запэўніваю, ваша мосць, што я ніколі не ставіў сабе такой мэты.
Рэгінка ўсхліпнула, ускочыла так, што крэсла павалілася, і выбегла з пакоя.
— Шкада, што пані не мужчына, іначай я выклікала б вашу мосць на двубой за абразу гэтай сям’і, — працадзіла скрозь зубы Меланхолія. З яе ваўкалацкіх вачэй паглядала смерць.
— Мне да двубояў не прывыкаць, — не сунімалася Багінская. — Але толькі з тымі, хто мае гонар, а не з сумніўнымі асобамі, прытуленымі з літасці неразборлівым нашым доктарам...
Меланхолія не даслухала, кінжальчык сам ускочыў у яе руку... Задаволеная Паланэйка таксама імкліва ўзброілася — клінок яна насіла ў похвах на назе.
Мужчыны не паспелі спыніць брыдкую сцэну: Гальшка з жахам зірнула на кінжал у сваёй руцэ, на збялелага Бутрыма, на пасынка — і як ірване за дзверы...
— Усё, панства, пагасцявалі мы. Збірайся, Паланэя, досыць тут нарабіла, — голас пана Гервасія быў нечакана цвярозы і ўладны.
Багінская пад цвёрдым позіркам мужа змізарнела, сунула зброю ў похвы на назе і пакорліва пайшла за дзверы, не сустракаючыся ні з кім позіркам.
Агалінскі стаяў, шыракаплечы, руды, сумны.
— Прабач, доктар. Прабач, Аляксандр. Яна... някепская. Толькі гарачая. Пасля сама пашкадуе.
Хутка па калідорах разнёсся гучны голас пана Гервасія:
— Рэгінка, вавёрачка, дзе ты? Марла, кідай місы! Рачок, дзе падзеўся? Ідзі запрагай! Едзем.
У пакоі запанавала гнятлівае маўчанне. Аляксандр скамянела сядзеў, выпрастаўшы спіну і склаўшы рукі на каленях. Лёднік, нязвыкла прыгорблены, паклаў сківіцу дагістарычнай пачвары, з якой забаўляўся Агалінскі, на паліцу. Зразумела было, што бегчы шукаць Меланхолію сэнсу няма — пакуль сама не захоча, ніхто яе не знойдзе. А ці вернецца яна цяпер? Бо яна ж прысягу перад сабою парушыла, зноў у гэтым доме ледзь кроў не праліла.
Вось жа гэтыя Багінскія-Агалінскія — толькі з’явяцца, адразу жыццё іншым ломяць.
Але вечаровую цішыню парушылі не насельнікі дома — яе раструшчылі звонку... Карэта з Агалінскімі, мяркуючы па ўсім, толькі збіралася выязджаць за вароты Лёднікавага двара, калі пад’ехалі іншыя вершнікі.
— Загад Ягонае Каралеўскае Мосці! Нам патрэбны шляхціц Аляксандр Лёднік! Ён мусіць быць арыштаваны па падазрэнні ў антыдзяржаўным закалоце і дастаўлены ў Варшаву!
Дагуляліся ў заакіянскае княства.
На двары пачуўся абураны голас Гервасія Агалінскага, потым — стрэл, яшчэ адзін. Віскат Паланэі і Рэгінкі. Заіржалі спалохана коні.
Ну што? За шаблі — і ў бойку! Жаўнераў было тузіны два, вось ужо на двух меней. Афіцэр прыцэліўся ў Алеся. Ды што ж такое! Тут, здаецца, не пра арышт гаворка!
Нейкі віхор збіў з каня таго, хто цэліўся ў Алеся, — Меланхолія! У руцэ Чумы ўжо блішчэла здабытая шабля.
— Бутрым! Я тут!
Гэх, трэба было таксама трэнінг сабе ўчыняць... А то даўно Гіпацэнтаўр варожае крыві не каштаваў. Хаця якія гэта ворагі — паднявольныя жаўнеры.
— Пан доктар-магік! Алесь! Яны татку паранілі і забіць хочуць! — заблагала Рэгінка.
Дзіўна, што стралялі цэлячыся не ва ўсіх. Бо каб хацелі — зрашацілі б кулямі... Быў падобны напад на іх у Менску, у Траецкім, калі забілі Праксэду, Алесеву каханую. Таксама на двары пад абстрэл трапілі. Супраць куль не надта з шабляю паскачаш. Гайдука Грыцко тады на той свет выправілі, Лёдніку стрэлілі ў бок.
— З’язджайце! — крыкнуў Баўтрамей Агалінскім, арудуючы ўжо дзвюма шаблямі. — Алесь, сядай да іх у карэту, у цябе таксама цэляцца! Мы іх затрымаем!
Пранціш краем вока заўважыў, што Чорны Доктар сячэцца з нападнікамі спіна да спіны з Чорнай Меланхоліяй, гэтак зладжана... Мімаволі кальнула ў сэрца: раней падчас бойкі на месцы гэтай дзеўкі заўсёды быў ён, Вырвіч. Здаралася, што i Алесь. Саламея ж не лезла ў падобныя мужчынскія справы, хаця магла i за сябе пастаяць, і бліжніх абараніць. А тут — падабралася пякельная парачка, не ўплішчышся паміж імі, быццам таньчаць складаны імклівы танец. Жаўнеры вакол сужэнцаў валіліся як дровы, нехта, стогнучы, выпаўзаў за вароты.
— Усе разам з’едзем, доктар, як заўсёды! — гукнуў вясёлы Гервасій, адстрэльваючыся з карэты, — відаць, раненне было няцяжкае.
Пранціш адчуў, як куля чырканула і ля ягонага вуха — бы пчала ўджаліла.
— Бутрым, справа! — голас Гальшкі гучаў спакойна-весела.
— Гервасій, галаву не высоўвай! — уладна i таксама з адчайнай весялосцю камандавала з карэты Паланэйка.
Вечарэла, восеньскае неба набракала сінім атрамантам... Здавалася, час бойкі вымяраецца гадзінамі — але Вырвіч ведаў па вайсковым досведзе, як пачуццё падманвае. Хвілінаў пяць усё заняло, не больш.
На двары Лёднікаў валялася з дзясятак непрытомных целаў, не хапала толькі валькірый, якія забіраюць душы забітых вояў... А, не, чаму ж не хапала... Аж тры ix было тут.
I конь адзін ляжаў на зямлі і хроп, тузаючы нагамі... Што ж, вольныя ці бязвольныя памагатыя тых, хто ваюе, падзяляюць ix лёс.
Лёднік яшчэ паспеў перавязаць раны двум нападнікам.
А Меланхолія аднаго з тых, хто ачуняў, добранька страсянула:
— Хто паслаў? Які загад?
Бялявы хлопец спалохана глядзеў у ваўкалацкія, бязлітасныя вочы валькірыі.
— Харунжы Ляснянскі паслаў... Сказаў, калі супраціў, забіць двух паноў, адзін — вялікі, руды, другі — памаладзей, высокі, чарнявы. Астатніх не чапаць.
Меланхолія націснула бяляваму збоку на шыю, і той абвіс. Дзеўка сустрэлася з суворым паглядам доктара:
— Што? Жывы ён. Я ж абяцала — забіваць больш не буду.
Пранціш памацаў абдрапанае куляй вуха... Цяпер яны што, дзяржаўныя злачынцы?
Раптам з карэты высунулася мурыначка:
— Ясь!
I на табе — Ясючок падбег да карэты.
— Не бойся, Марла, я добра злыя сілы адганяю. Вось, трымай вузельчык... Тут моцныя зёлкі, хай заўсёды пры табе будзе. Вось гэта абразок святога Панцеляймона... Не бадзяйся болей і гаспадароў не ганяй, асядзь дзесьці. I вось яшчэ.
Хлопец урачыста зняў з сябе чырвоную ваўняную шапку, наймацнейшы абярэг ад злых духаў, і ўсклаў на чарнавалосую галоўку ў белым каптурыку.
Ну, хто сыгнет дорыць, хто букет, хто старую шапку...
А збеглыя жаўнеры дакладна прывядуць памагатых... Уцячы не ўцячы, а пабегаць можна.
Агалінскі паклікаў у карэту Алеся, але той упарта пахітаў галавою:
— Не, пан Гервасій. З бацькам паеду. Сустрэнемся, дзе дамаўляліся. Калi жывыя будзем.
Вялізны чорны кіт плыў сабе ў зорным акіяне, не падазраючы, што на яго спіне валтузяцца нейкія мізэрныя стварэнні ў вечнай празе ўлады, ну а часам, хоць і дужа рэдка, шукаючы праўды і кахання.