Калі старыя майстры ўзводзілі храм, абавязкова рабілі на фасадзе акно-ружу, якое глядзіць на захад. Круглае, вітражнае, са свінцовымі мацаваннямі. I павінна яно ўвасабляць пячатку Саламона, мудрага біблейскага цара, які той пячаткай утаймоўваў злых духаў.
Мяркуючы па так званым ніжнім храме кляштара Святой Даратэі, злыя духі, калі і былі тут зняволеныя, мусілі разляцецца, бо вітраж у акне-ружы разбіты. Зрэшты, увесь фасад з чырвона-шэрай цэглы нібы воспаю пабіла: стралялі і з гарматаў, і з ружжаў. Вострыя вежачкі, што аздаблялі верх фасада, часткова паадбіваныя. Пацярпелі і скульптуры святых, высечаныя з шэрага каменю, дзве дык увогуле страцілі галовы. Не кожны ж святы, як Франтасій, нябесны апякун Пранціша Вырвіча, здольны ўзяць уласную свежаадсечаную галаву, ды яшчэ з забітымі ў яе цвікамі, пад паху і адправіцца пехам развітацца з вучнямі.
Баі тут ішлі відавочна нядаўна, раз не паспелі аднавіць храм. Толькі дзверы новыя паставілі, пабліскваюць свежымі заклёпкамі і металёвымі накладкамі з выявамі біблейскіх сцэн. Злева выбітыя ў срэбры Ева і Адам, прыстойна прыкрытыя вялізнымі вінаграднымі лістамі, стаяць па абодва бакі прысадзістага райскага дрэва, і яблык на галіне яшчэ не надкусаны, і выгнанне вогненным мячом яшчэ наперадзе. Справа аброслы валасамі прасцяк Ісаў падкрадваецца з дзідай да казулі, а ў той час да ягонага аслеплага бацькі Ісака падбіраецца хітры малодшы брат Іякаў, накрыўшы галаву казлінаю скураю, каб скрасці бацькоўскае блаславенне. Ранейшыя дзверы, відаць, нападнікі зусім раскалашмацілі. Няма зацішку нават у такім загубленым у аўстрыйскіх гарах месцы...
Гэты храм побач з брамай у кляштар і кавалергардыяй быў для агульнага карыстання, сюды вольна заходзілі месцічы і паломнікі. У самім кляштары меўся свой, толькі для мнішак. Так што спадзявацца ўбачыць тут пацыентак шпіталя не выпадала.
Вырвіч утаропіўся ў агідную пысу гаргуллі, што глядзела на яго з фрыза храма. Святыя фігуры пашкодзіліся, а гэтую пачвару, сумесь казы з яшчаркай, і гармата не ўзяла.
З каменнай пабеленай брамы, што вяла ў кляштар, паказалася знаёмая высокая хударлявая постаць з валізкаю. Ну вось, чарговы візіт скончаны...
Лёдніка да дачкі пускалі раз на дзень, калі яна не мусіла быць на малітве. Лекаваў, выслухоўваў, суцяшаў... Дамогся, каб перасталі звязваць ёй рукі. Тым больш адмысловы Баўтрамееў масаж дапамог зняць сутаргі ў князёўны Магдалены фон Шнаўцэнваген-Караваеф, маці Агнэсы, і тая трохі палагаднела. У дзвюх цяжкіх пацыентак доктар вылечыў прыступы буянства. Адну кабету, што як каменная тры гады была, прывёў да свядомасці. А такіх моцных і бясшкодных супакаяльных мікстураў, як прыдумваў Лёднік, ні Папяльман, ні іншыя аўстрыйскія дактары рабіць не ўмелі.
Гісторыі тых, хто трапляў на лячэнне да Святой Даратэі, часта рвалі сэрца і змушалі ўсумніцца ў сусветнай справядлівасці. З другога боку, тут былі толькі тыя пацыенты, чыя багатая радня магла ахвяраваць шпіталю добрыя грошы. I таму білеты сюды не прадавалі, як у лонданскі Бедлам, каб кожны жорсткі разявака мог прыйсці падражніць і памучыць няшчасных. I не сядзелі хворыя, як у тым Бедламе, паўголыя і брудныя, на ланцугах. У гэтых сценах надзейна захоўваліся змрочныя таямніцы радавітых сем’яў. Шапталіся, што нават нехта з імператарскага аўстра-вянгерскага дому тут у якасці пацыента знаходзіцца.
Калі Лёднік не быў у дачкі, дык завіхаўся ў лабараторыі. Нарыхтаваныя ім лекі ў кляштар заносілі Сцяцко ды Ясючок, яшчэ і Папяльман карыстаўся іх паслугамі, каб перадаць свае заказы і сэканоміць на пасыльных.
Вырвіч лазіў па гарах, з задавальненнем адчуваючы, як крапчэюць цягліцы ад чысцюткага паветра i караскання па сцежках, а Ясючок, якога ён часам браў з сабою, збіраў нейкія траўкі ды кветкі (не толькі дзеля сваёй варажбы, але і выконваючы заданні Лёдніка) і нават звяраўся з гравюрамі ў давераным яму падручніку па батаніцы. Цяпер замест спасылак на Алатыр-камень з вуснаў нядошліка гучала «Bergenia crassifolia», «Vinca minor», «Hierochloe odorata». Ну Лёднік — адукатар...
Сцяцко даглядаў коней i не выпускаў з вока гожых аўстрыйскіх дзевак. Не тое каб ix было шмат у маленькім паселішчы без назову, да таго ж былі яны, як на густ Вырвіча, занадта крамяныя, а ў сваіх шырокіх ваўняных спадніцах дык зусім як кадушкі. Але гарны парубак, як і Пане Каханку, менавіта такіх і вылучаў: возьмешся — маеш рэч.
А Меланхолія працягвала свае шпяжанскія справы. Калі не круцілася ў лабараторыі, шнырыла па паселішчы, пачціва выпраўлялася разам з месцічамі ў касцёл Святой Даратэі... А да Лёдніка стала асабліва ласкавая. Так і намагалася то па руцэ пагладзіць, то да боку прытуліцца... I ўсё ўглядалася ў рэзкія рысы, як быццам пісала партрэт.
Гэх, нават дабрадзейнага цара Саламона загубіла любоў да жанчын... Калі Вырвіч вучыўся ў Менскім езуіцкім калегіуме, яго змушалі зубрыць на памяць выказванне гэтага мудрага цара: «Гарчэй за смерць жанчына, таму што яна — сетка, і сэрца яе — сіло, і рукі яе — аковы; добры перад Богам выратуецца ад яе, а грэшнік злоўлены будзе ёю».
Ага, добра было казаць такое пану, у якога мелася шэсць соцень жонак ды яшчэ трыста наложніцаў... Якое ўжо шчырае каханне пры такой колькасці? Ён хоць паўсотні па імёнах мог назваць? Але знайшоў аматар разнастайнасці ў ложку апраўданне: жанчыны вінаватыя!
Праўда, шкаляры Менскага езуіцкага калегіума не надта пужаліся Саламонавага папярэджвання ды ахвотна лезлі ў згубнае сіло, заляцаючыся да менскіх красунек.
Што б яны там ні перажылі разам, Вырвіч не мог цапкам давяраць былой наймічцы-забойцы. Яна шпягуе, ну і ён стараўся прыкмячаць за ёй... на ўсялякі выпадак. Вось добра паладзіла з Карусём, гугукаюць з ім пра нешта. Ясючка прывабіла. Перастаў «ведзьмы» баяцца, i часам яна яму нешта тлумачыла, тыцкаючы пальцам у падручнік па батаніцы, калі Бутрым быў заняты. Нават дапамагла пазбавіцца страху перад насельніцамі манастыра Святой Даратэі: набыла дурнячку чырвоную ваўняную шапку з абвіслым брылём, такім, што адзін нос відзён. Запэўніла: цяпер усе сурочлівыя пагляды адлятаць будуць, бо шапку зваляў адзін празорлівы старац і вымачыў у расе на святога Яна. А для вернасці трэба прашыць палі загаворанай суворай ніткай, якая, напэўна ж, у Яся маецца.
Добра брэша, шкада вешаць.
Дык Ясючок у той шапцы нават спаць пачаў класціся.
Аднойчы Пранціш, праходзячы паўз пакой, які Чума з Бутрымам займалі, пачуў падазроныя свіст i стуканне... Зазірнуў — Гальшка ў раму акна нажы шпурляе, прычым рукой з адрэзаным вялікім пальцам. За старое ўзялася.
Яшчэ выпадак, нібыта нязначны. Чорнай фарбы на падлозе перад Бутрымавым пакоем было накапана, Вырвіч толькі паспеў заўважыць — Меланхолія тут жа падэшвай бота кроплі расцерла і выскалілася сваёй нахабнай усмешкай... Некалькі разоў Вырвіч яе падлавіў, калі ў лабараторыі крадма штось намешвала. Не дзеўка — японскі куфэрачак з таямніцамі.
Да меркаванага кансіліуму заставалася пара тыдняў. Бутрым зусім звёўся... Не дзіва, што занядужаў. I, на злосць, якраз перад тым, як ісці да Сафійкі. У лабараторыі, толькі напакаваўшы валізку і кошык з лекамі, схапіўся за жывот, збляднеў, спацеў. Ажно лаянка бездапаможная скрозь зубы працадзілася ў няздзейсненага мніха.
Гальшка тут жа прыляцела... Слухаць не стала слабых запэўніванняў мужа: вось зараз вып’ю таго, гэтага, памалюся, падымуся...
— Сам ведаеш — калі страўнік гэтак прыхапіла, за дзесяць хвіляў не ачуняеш. Сёння замест цябе давай да Сафійкі Карусь з Ясючком сходзяць. Павер, Сафійка шчаслівая будзе з панам інжынерам пабачыцца. Добры настрой — найлепшае лячэнне. Не хвалюйся, я хлапцам дапамагу...
Карусь, які тут жа намаляваўся, пачаў так прасіцца да панначкі, што каменнае сэрца трэба мець, каб адмовіць.
I Бутрым не змог запярэчыць, бо яго, небараку, пачало ванітаваць. Вырвіч дапамог сябру дабрацца да цэбра... Доктар ледзь паспеў прагаварыць некалькі настаўленняў Карусю наконт лячэння Сафіі.
Карацей, Меланхолія і інжынер, узяўшы лекі, адправіліся па Ясючка, які мусіў завіхацца ў іх здымным доме на варыўні, а Вырвіч і Сцяцко, які прыбег на дапамогу, важдаліся з доктарам.
— З’еў пан штосьці нясвежае, — спачувальна зазначыў Сцяцко. — А мо травы якой пераеў. Надта пан доктар на траву ўсялякую налягае, замест мяса.
Бутрым скіраваў на гайдука мутна-злосны позірк, але яго зноў заванітавала.
Ды што такое? Вырвіч пачаў трывожыцца. А тут яшчэ і Папяльман аб’явіўся, як свіння ў жыце. Тут жа прапанаваў заезджаму эскулапу адмысловыя Папяльманаўскія мікстуры і метады лячэння. Спачуванне было з атрутнай дозай зласлівасці: маўляў, мы, вядома, не прафесары, у навуковых часопісах не друкуемся, але ваніты і дрыстун лечым лёгка і надзейна. У адрозненне ад згаданых прафесараў.
Пранціш яшчэ заўважыў, кінуўшы позірк праз акно, як Карусь i Ясючок выпраўляюцца ў кляштар конна. Ясючок, у сваёй блазенскай чырвонай шапцы, скурчыўся ў сядле, ухапіўшыся за цуглі. Хоць бы не зваліўся дарогай, вершнік саламяны.
Заставалася спадзявацца на тое, што хвароба Бутрыма няцяжкая. Доктар так-сяк заліў у сябе рашчынне соды, адвар рамонку і конскага шчаўя ды яшчэ нейкіх лекаў. Нават ад Папяльмана прыняў бутэльку з падазронай брунатнай тынктурай. Хоць Вырвіч усяляк намякаў, каб доктар не датыкаўся да мясцовых лекаў... Бо ці не сам аптэкар атруціў канкурэнта?
Аднак дзесь праз гадзіну доктар ачуняў... Як не было тае хваробы. Толькі аслаб ды збляднеў. Нават даў завесці сябе ў іхні здымны дом і ўкласці ў ложак. Вырвіч не стаў услухоўвацца ў навуковыя буркатанні пра дзіўныя сімптомы...
А вось забрахалі сабакі — ці не Карусь з Ясючком вяртаюцца?.. Вырвіч вызірнуў у акно: Карусь бадзёра трымаецца: мусіць, не так усё кепска з Сафійкай, а Ясючок панурыўся: відаць, пералякаўся дарогай, непрывычны ехаць конна, шапка на вочы спаўзла, надзейна абараняючы ад сурокаў.
Што ж яны раскажуць?
Бутрым узняўся з ложка і даклыпаў да дзвярэй. Іх з Меланхоліяй пакой быў на другім паверсе. Вось чуваць, як Карусь бегма падымаецца па лесвіцы і — што такое? — нясе на руках Ясючка! Што з тым зрабілі ў праклятым шпіталі?
Інжынер Белай фартэцыі беражліва апусціў прыслужніка на вызвалены доктарам ложак, зняў з небаракі шапку. Разам з шапкай зняўся светлы парык. Па плячах рассыпаліся цёмныя валасы. Толькі вочы не звыкла цёмныя, а светлыя ад венецыянскіх шкельцаў, і рабацінкі на носе па-майстэрску намаляваныя.
— Сафійка! — доктар прытуліў сваю кветачку да сэрца...
Вырвіч агаломшана пакруціў галавой. Ну Карусь, ну спрытнюга! Вывезці дзяўчыну пад лічынаю іхняга нядошліка!
— А Ясючок дзе?
Карусь з цяжкасцю адарваў пагляд ад нядаўняй зняволенай.
— Тут, на гарышчы, моліцца. Яго пані Галена папрасіла сядзець ціха і чытаць Псалтыр за здароўе паненкі Сафіі, пакуль яму чырвоную шапку назад не вернуць.
Бутрым адхіснуўся ад дачкі і разгублена ўтаропіўся ў Каруся:
— Чакай. Дык ён не ездзіў у кляштар? I дзе Галена?
Хлопец апусціў вочы.
— У кляштары засталася... Замест Сафійкі.
— Гэта праўда, пан бацька... — пачуўся дзявочы голас, ужо не такі слабы, як нядаўна. Сафійка нават села на ложку, правяла тонкай рукою па валасах. — Пані Галена пераапранутай да мяне прыйшла разам з Карусём. Я яе і не пазнала. Карусь з манашкамі размаўляў, пільнаваў, каб не перашкодзілі, а пані Галена нас месцамі мяняла. Твар мне нафарбавала, шкельцы ў вочы ўставіла. А валасы ў яе ўжо былі чорныя...
Аскалёпкі Пранцішавых назіранняў з дзыньканнем ставалі на месца: вось чаму чорнай фарбай было накапана... і чаму Меланхолія з Ясючком пасябравала, шапку яму купіла, каб твар прыкрывала, i аб чым з Карусём шапталася... I Сцяцка, відаць, у змову пасвяцілі.
Бутрым правёў рукой па спацелым ілбе.
— Значыць, гэта яна мне разлад страўніка забяспечыла. Я ж думаю, сімптомы дзіўныя... Ведала, што я з яе планам не пагаджуся.
Пранціш напяўся. План і праўда так сабе, з гаручага ды ў балючае.
— Вось жа дурні... Чаго сядзім? Збірайцеся! Мусіць, Меланхолію ўжо выкрылі. Зараз сюды заявяцца.
Сапраўды, як можна іншую кабету прыняць за пацыентку, якую мнішкі кожны дзень бачаць?
Гэтак калісь князя Вітаўта, зняволенага ў Крэўскім замку падступным стрыечным братам Ягайлам, падмяніла прыслуга Алена... Але першы ж бляск паходні — і небараку выкрылі ды скінулі са сцяны ў двор.
Кажуць, дасюль начамі можна яе прывідны крык пачуць.
Лёднік зноў прытуліў да сэрца дачку, яго вочы былі шчыльна заплюшчаныя... Вырвіч цудоўна разумеў, што творыцца зараз у душы доктара: жонка выкупіла жыццё падчарыцы коштам свайго... I радасць вялікая, i гора, і віна... Але тут кожная хвіля на рахунку!
— Вы не хвалюйцеся, пан Баўтрамей, пані Гальшка выкруціцца! У яе i надалей план ёсць! Яна сказала, ніхто не западозрыць падмены.
Карусь вымавіў гэта з такой упэўненасцю, што Вырвічу нават паверылася.
— Што ж, калі ў яе план, дык я застаюся, — змрочна заявіў Лёднік. — Вы павезяце Сафійку. А калі я з’еду — адразу падазрэнні. Калі ў Гальшкі ёсць хоць найменшы шанец ацалець — я не стану яго адбіраць. Я i так занадта шмат у яе адняў.
— Яна добрая, тата, яна нас любіць! — Сафійка глядзела на Лёдніка падманліва светлымі вачыма. — Мне так шкада. Так шкада...
Але слёзаў паненка не пускала. Hi следу былой капрызлівасці. Сапраўды, падарослела.
— Галоўнае, не забудзься, чаму я цябе гэтыя дні вучыў... Як стрымліваць тую сілу, каб не рабіла бяды... Як ёю кіраваць... Не бойся, з Гасподняй дапамогай справішся, — ціха прагаварыў доктар, пацалаваў дачку ў лоб, паглядзеў тужліва. — Больш не аддавай перавагі тым, хто шмат абяцае ды нахвальвае, каб пасля пад сябе пераламаць, перад тымі, хто не ліслівіць, але любіць цябе такой, якая ёсць...
Сафійка кінула хуткі вінаваты позірк на застылага Каруся.
— Абяцаю, татачка. Даруй. Даруй мне. I мне, i Алесю. Ён таксама ўсё зразумее і выправіцца.
Вырвіч паперхаў з намёкам, што сентыментальную сцэну варта заканчваць. Хаця ў свой будучы раман ён яе абавязкова ўставіць. Чытачкі слязьмі замілаванымі старонкі вымачаць.
— Усё... Хутчэй збірайцеся і едзьце.
Вырвіч зірнуў на зацяты худы твар Баўтрамея і толькі ўздыхнуў. Гэтак жа, як Бутрым не мог кінуць жонку, ён сам не мог кінуць старога сябра. Давядзецца даверыцца шпяжанскаму майстэрству Чорнай Меланхоліі.
Наступныя хвілі прайшлі ў рытме рыгадону, дужа тэмпераментнага прыдворнага танца, які выдатна ўмела выконваць белавалосая Чума.
Карусь, згодна з яе загадам, дастаў з-пад ложка куфар, у якім была складзеная адзежа фальшывага Лёднікавага сакратара — для Сафійкі. Безназоўнае мястэчка Лёднічанка мусіла пакінуць менавіта ў такім абліччы. Суправаджаць пані Жылкаву (для ўсіх — сакратара гера доктара) мусілі Карусь і Сцяцко... Хлопцы-волаты не адну бойку разам вытрымалі. Добра, што ёсць экіпаж, падораны Багінскім. Аказалася, што Сцяцко цішком ужо падрыхтаваў яго да ад’езду, двух самых дужых коней запрог i хоць цяпер гатовы заняць звыклае месца фурмана. I зброя на месцы, і прыпасы ў дарогу.
Маршалак менскі мімаволі пачуваўся дурнем: усё без яго ўдзелу зрабілі, а ён вушамі вецер лавіў.
Калі пан інжынер і Лёднічанка ўсаджваліся ў дармез, адно з адным былі падкрэслена ветлівыя, позіркі адводзілі... Ну, няхай самі дарогай разбіраюцца ў сваіх закручаных адносінах.
Пранціш, крэхчучы, злазіў на гарышча, вярнуў замілаванаму Ясючку, які сядзеў у пыльнай паўцемры з заплюшчанымі вачыма і мармытаў малітвы, чырвоную шапку. Маўляў, дапамаглі малітвы паненцы, Ясючок, твая чыстая душа нават у кляштар злётала да беднай хворай і, лічы, уцялеснілася там, чаму ёсць сведкі.
Нядошлік толькі радасна паківаў. Паверыў. Вырвічу і сорамна за такі спадман амаль не было. Мала што — раптам дойдзе справа да допытаў.
А Лёднік ледзь вычакаў, пакуль пройдзе час, каб Сафійку адвезлі на дастатковую адлегласць ад клятага месца, ускочыў у сядло ды рвануў у кляштар. Вырвіч з цяжкасцю яго дагнаў, бо давялося перад ад’ездам тлумачыць пільнаму Папяльману, што гер доктар адаслаў сакратара са слугою па асаблівыя лекі, бо тыя, што ён тут рыхтуе, недастаткова моцныя.
Парадаваў аптэкара, які яшчэ раз атрымаў пацвярджэнне некампетэнтнасці фанабэрыстага калегі.
У кляштар Святой Даратэі Вырвіч, па праўдзе, ехаў як карась у нерат.
Але ў святую абіцель ні Лёдніка, ні яго не пусцілі. Hi да пацыенткі, ні да абатысы, ні да якога манастырскага начальства. Але і дапытваць наконт выкрадання апантанай не сталі.
He пусцілі i на наступны дзень. Цацачнае мястэчка працягвала шыць, гатаваць, каваць і піць піва. Hi пагоні, ні аблавы.
Лёднік змушаў сябе хадзіць у Папяльманаўскую аптэку і калбаціць лекі... Ну яшчэ мёртвым голасам распавядаў Ясючку пра кругазварот вады ў прыродзе, утварэнне грому і маланак, і што такое фосфар, і чаму ён свеціцца ў цемры, што прымхлівыя людцы прымаюць за балотныя агеньчыкі. Каб у іншы час, дык Пранціш назіраў бы за гэтым як за бясплатнай камедыяй: доктар пра электрычнасць у атмасферы нудзіць, Ясючок ветліва, але цвёрда — пра святога Ілью Прарока, які маланкамі злых духаў ганяе. Бутрым пра кандэнсат вадкасці на траве — Ясючок паблажліва ўдакладняе пра багінь-ядзерак: калі яны ідуць, перад імі раса коціцца.
А то патрапіцца Бутрыму ў рукі які грабеньчык ці кашулька Гальшчына — возьме ў рукі і застыне, гледзячы ў сцяну, нешта ўспамінаючы... Пранціш пазіраў у такія хвілі на змрочнага сябра, і прыходзіла ў галаву неверагоднае: а мо і праўда той сваю Чуму трохі кахае?
Толькі на пяты дзень удалося патрапіць у абіцель Святой Даратэі. Прапусцілі абодвух — і доктара, і менскага маршалка.
Маці Агнэса выкульгала, скрыўленая набок, абапіраючыся на кульбачку, і цяжка ўселася з дапамогай таўсманай мнішкі на драўлянае крэсла з высокай спінкай. На азызлым твары было загалоўнымі літарамі напісана спачуванне.
Вырвіч мімамаволі схаладнеў і ўхапіў Лёдніка за плячо, каб не даць учыніць якое глупства, калі агучацца, мяркуючы па ўсім, не вельмі добрыя навіны.
— Навіны пра вашую дачку ёсць і кепскія, і добрыя, — удакладніла князёўна Магдалена фон Шнаўцэнваген-Караваеф.
— Пачніце з кепскага, — паспяшаўся Пранціш, бо Лёдніка ажно дрыготка прабірала ўжо ад трывогі.
— Цяпер вы не пазнаеце сваю дачку, — паківала галавою абатыса, і — дзіва — у яе перакрыўленай усмешцы адчуваўся такі лагодны сум. — Калі чалавека апаноўваюць цёмныя сутнасці, яны, адчуваючы супраціў, могуць учыніць з целам страшнае... I асабліва калі разумеюць, што вымушаны гэтае цела хутка пакінуць. Са мной так здарылася.
Маці Агнэса правяла непрыемна доўгімі і худымі пальцамі па сваім скалечаным твары. Мнішка побач заківала, заўздыхала, дадаўшы ў прыклееную да зрэзанага глыбокімі зморшчынамі твару ўсмешку спачування.
— Вы хочаце сказаць, што маю хросніцу скалечыла? — не вытрымаў Вырвіч, бо ў Лёдніка, здаецца, дух заняло.
Абедзьве жанчыны заківалі.
— Паверце, я ведаю, як гэта бывае, — абатыса прамакнула хустачкай сліну ў апушчаным куточку рота. — Horret animus[9]... Мне было шаснаццаць. Ноч перад маім першым балем у імператарскім палацы... Калі б мае пакуты не адбываліся на вачах людзей, якія прыбеглі на мае хрыпы, і каб мяне пабачылі толькі раніцай — маглі прыняць за самазванку, якая залезла ў адзенне князёўны.
— Што з маёй дачкой? Я магу... да яе... — нарэшце выціснуў Лёднік.
Абатыса пакруціла галавой:
— He, дарагі доктар. Цяпер вашы паслугі ёй не патрабуюцца. Сястра Эльза, раскажы, што вы бачылі.
Таўсманая мнішка перажагналася, у яе азызлых рысах раптам прачытаўся сапраўдны спалох.
— Пасля таго як ваш памочнік са слугою прынеслі ёй лекі, фрау Сафія дзесьці гадзіну малілася, укленчыўшы. Калі мы зазіралі — прасіла даць ёй магчымасць пагаварыць яшчэ з Госпадам, бо нарэшце можа ягоны голас пачуць у сваёй душы. А потым... Прыбеглі на крыкі — бедную трасе. Курчыць дух нячысты...
Мнішка яшчэ раз перажагналася. Вырвіч сціснуў мацней плячо Лёдніка.
— Ваша дачка, гер доктар, i ваша хросніца, гер Вырвіч, моцна пацярпела ад супраціву злому духу. Той нават палец ёй адкусіў і скрывавіў стары шнар на шчацэ, — цвёрда заявіла ігумення. — Але затое ён пакінуў яе... Спрацавалі нашыя малітвы, лячэнне доктара Айзенхаўэра ну i вашыя лекі, гер Лёднік. Цяпер пані Сафія можа ясна мысліць i нарэшце прымаць правільныя, падказаныя Госпадам рашэнні. Яна ў бліжэйшы час прыме пострыг.
Агаломшаны Вырвіч сустрэўся позіркам з гэткім жа агаломшаным Лёднікам.
— Як гэта можа быць? Мая дачка замужам. Праваслаўная.
— Жаданне стаць нявестай Хрыстовай вышэй за сямейныя абавязкі, — перакрыўлены рот абатысы расцягнуўся яшчэ шырэй. — Тым болей у ейным цяперашнім стане. Шаноўны Валянцін фон Жылкаф ужо даслаў сваю згоду на скасаванне шлюбу і паведаміў пра тое адпаведным уладам, і духоўным, і свецкім. Вылучае шчодры пасаг для манастыра, які стане домам ягонай былой жонкі. Думаю, за тыдзень усе фармальнасці будуць уладжаныя і Сафія стане годнай сястрой ордэна Святой Даратэі. Вельмі, дарэчы, разумнай выявілася ваша дачка, гер Лёднік, і ўдзячнай, з вялікім палам жадае прысвяціць сябе догляду за няшчаснымі хворымі.
Вось што Меланхолія прыдумала! Сапраўды, самая важкая падстава для разводу — калі сужэнец ідзе ў кляштар. Што ж, для Ганулькі і Валентага пачэсны выхад з прыкрай сітуацыі.
— Прашу вас дазволіць мне пабачыцца з Сафіяй! — Лёднік сціскаў рукі, каб не дрыжэлі. — Урэшце, лячэнне павінна працягвацца... будзе кансіліум...
— Не дазволю, — князёўна фон Шнаўцэнваген-Караваеф магла быць даволі застрашлівай. — Тым болей паслушніца Сафія сама не хоча з вамі сустракацца. Ніякае лячэнне і кансіліум болей не патрэбныя, засталіся адно духоўныя рэчы, недаступныя вам, гер Лёднік. Адзінае — Сафія прасіла, каб яе пераход у ісцінную веру, а затым пострыг адбыліся не ў манастырскай капліцы, а ў храме ўнізе, у якасці прыкладу простым вернікам, і каб вы маглі на публічнай частцы прысутнічаць і таксама атрымаць духоўны ўрок. А яшчэ каб свайго беднага дробнага слугу з сабою абавязкова прывялі... Думаю, што гэта слушная просьба. На само таемства пострыгу староннія не дапускаюцца, але перад гэтым пабачыце Сафію, падчас вячэрні ў нядзелю.
Вырвіча і Лёдніка ледзь не выштурхалі з кляштара.
Бутрым сядзеў на ложку, абхапіўшы галаву рукамі, і Вырвіч не ведаў, што параіць. Халоднае, паскуднае пачуццё бездапаможнасці.
Прынамсі, Сафійку ўдалося выратаваць...
Але нездарма ж Меланхолія просіць правесці над ёй абрад у ніжнім храме. Каб пабачыцца апошні раз з Лёднікам? Але ж яна не ведала напэўна, ці не з’едзе Лёднік разам з дачкой... Чаму прасіла Ясючка прыхапіць? Гэты недарэка наўрад што кеміць у падзеях, яшчэ выдасць падмену...
Але Ясючок, вось дзіва, сам настойліва прасіўся ў касцёл, усё перапытваў, калі ж прызначаная служба, на якой можна будзе пабачыць доктараву дачку.
А Вырвіч і не ведаў, хоча ён, каб гэты дзень хутчэй настаў, ці не... Бо і чаканне ўжо ўсе нервы выматала, і тое, што можа адбыцца, страшна.
Але бог Геліяс не збіраўся прытрымліваць сваю калясніцу праз нечыя сумневы і вось ужо спускае ўніз па воблачнай сцежцы, пракладзенай над гарамі, сонца нядзелькі... Дні карацеюць, амаль восень. Да храма на адмысловую ўрачыстую вячэрнюю імшу цягнуцца святочна апранутыя прыхаджане, у капелюшах, прыкрашаных спражкамі, каптурах з карункамі, у белых панчохах і начышчаных чаравіках... Як не ведаеш, то і не западозрыш, што гэты пан у аксамітным сінім каптане і новенькім капелюшы, зухавата ссунутым на вуха, — усяго толькі каваль, а гэты фацэт, падперазаны паўзверх зялёнага сукмана пасам са срэбнымі накладкамі — мясцовы мяцельшчык. Слаўны бубен за гарой, а зблізу сабачай скурай абцягнуты. I ніхто перад панам не ўкленчыць, у ручку-ножку не пацалуе. Дзікуны.
Касцёл, убудаваны ў скалу, выглядаў яшчэ змрачней, чым звычайна. Здавалася, што яму баляць выбоіны ад гарматных ядраў, а разбіты вітраж падаваўся разяўленым у пакутлівым крыку ротам. Статуі і вежачкі, што ўпрыгожвалі фасад, выглядалі скамянелымі хмызнякамі. А ўнутры, за цяжкімі варотамі з Адамам і Евай ды Ісавам з Іякавам, увогуле паўставаў каменны лес — калоны і слупы выгіналіся аркамі, спляталіся, як тонкія ствалы дрэваў пасля буры... Столь гублялася ў цемры, быццам яе і не было, а панавала наверсе толькі гэтая цемра, прагная, бязлітасная, пільная, тысячавокая...
Ясючок прыклеіўся за спінай напятага Баўтрамея, як быццам баяўся, што яго зараз скрадуць. Брыль чырвонай шапкі нацягнуў так, што адно вострае падбароддзе тырчыць.
На Лёдніка пазіралі ўжо без падазронасці, а нават з павагай ці шкадобай: значыць, распаўсюдзіліся чуткі, што ён бацька жанчыны, якая стане мнішкай застрашлівага кляштара.
Пранціш распрастаў плечы, задраў падбароддзе, падкруціў вусы: маршалак менскі Франтасій Вырвіч з роду Палямона мусіць знаходзіцца наперадзе ўсялякага зброду!
Але ліцвіны сціпла прыстроіліся на лаўцы ў правым нефе, пад прыкрыццем калоны, праўда, блізка да алтарнай часткі. На алтары была цудоўная драўляная разьба. I Святая Даратэя з мілым наіўным тварыкам і высокім ілбом займала пачэснае месца, трымаючы ў адной руцэ вялікі яблык, а ў другой — тры ружы.
Вырвіч падазрона зыркаў на Лёдніка: той так і не сказаў, што намерваецца ўчыняць. А раптам зараз запярэчыць голасна супраць таго, каб яго дачка, ролю якой адыгрывае ягоная жонка (далібог, камедыя дэль артэ), ішла ў манашкі, паспрабуе яе забраць? Чым скончыцца? Добра, калі проста выганяць доктара з храма... А могуць за кашчунства і пабіць ці ў вязніцу кінуць. А што, калі сюды Валенты Жылка заявіцца ды загалосіць, што пад імем Сафійкі ідзе ў кляштар іншая?
Вырвіч дасюль не мог даўмецца, як Чума змагла ўчыніць, каб паверылі, што яна Сафійка. Мо сапраўды чарадзейства ўжыла?
— Пан Франтасій, манашкі ў белым ідуць... — прашаптаў Ясючок з-пад сваёй шапкі.
— Ты, галоўнае, маўчы, што б ні пабачыў, — яшчэ раз папярэдзіў недарэку Вырвіч. — А то манашкам гэтым на лячэнне аддам.
Здыхлік дробна заківаў галавой. I чаму ўсмешлівыя нявесты Хрыстовы наводзілі на яго такі жах, калі хлопец і сам з нячыстай сілай змагаецца? З адной купіны жабкі...
Нарэшце паказалася князёўна фон Шнаўцэнваген-Караваеф. Валюхаецца, абапіраючыся на кульбачку, галава хіліцца набок, рысы твару пачварна аплылі, быццам адна палова з’ехала ніжэй за другую. Прыхаджане, якія паўставалі з лавак, каб прывітаць прадстаўніц ордэна Святой Даратэі, затрымцелі, вочы паапускалі. Абатысу баяліся, як мышы саву.
Святар, высокі, плячысты і гладкатвары, з губамі, якімі толькі кашу студзіць, узняў рукі. Зверху паліліся ўрачыста-трывожныя гукі аргана, такія густыя, што, здавалася, па іх можна ўзняцца на хоры, як па драбінах.
А вось і будучую мнішку вядуць... Пранціш ледзь стрымаў ускрык жаху... А напалохаць бывалага воя нялёгка. Постаць у шырокім белым балахоне пасярод мажных фігураў мнішак валюхалася гэтак жа, як абатыса... Гэтак жа абапіралася на кавеньку, галава завальвалася набок, рукі ўздрыгвалі, як быццам прасейвалі муку.
Што ж, Меланхолія — майстрыца прыкідвацца. Але жахнуў твар... Гэтакі выраз штучна доўга не ўтрымаеш. Аблічча распухла, скура пачырванела, на месцы, дзе ў Сафійкі быў апёк, — свежы струп на ўсю шчаку. Цэлая ж палова твару перакасілася, як у князёўны фон Шнаўцэнваген-Караваеф, адно вока — цёмнае, але не праз венецыянскае шкельца, а, мабыць, праз нейкія атрутныя кроплі — апусцілася, знерухомела, і відаць чырвоную падбіўку павека. Куточак рота адвіс...
Ды гэтая істота не толькі да Сафійкі — і да Галены Маеўскай не падобная! Побач Лёднік ледзь здушыў ускрык.
Абатыса спачувальна скасавурылася на ілжэ-Сафійку, якой дапамаглі ўкленчыць.
А гэта ж Меланхолія выдатна пралічыла — раптам прыйшло ў галаву Вырвічу. Толькі князёўна фон Шнаўцэнваген-Караваеф магла паверыць у падобнае пераўтварэнне, бо сама яго перажыла і, як ніхто іншы, магла паспачуваць небарацы... I самой ёй палёгка: адчуць нарэшце што не толькі яна такая, што яшчэ адна юная прыгажуня патрапіла ў тое ж страшнае становішча. Ды яна да Меланхоліі цяпер як да роднай ставіцца!
Але наколькі далёка гатовая зайсці Гальшка? Вырвіч бездапаможна азіраўся на Лёдніка, а той толькі сціскаў кулакі. Вой, не вытрымае, зараз выбухне. А вунь жа ахоўнікі кляштара, у сініх балахонах са срэбнымі крыжамі, паглядаюць насцярожана.
Між тым ілжэ-Сафійка пацягнулася да абатысы і нешта ёй прашаптала. Маці Агнэса спыніла пагляд на Лёдніку, штосьці сказала ксяндзу, паказаўшы дрогкай рукой туды, дзе сядзелі ліцвіны.
Святар азірнуўся.
— Бацька паслушніцы Сафіі можа перадаць ёй сваё апошняе блаславенне, пасля чаго ў яе застанецца толькі адзін Нябесны Бацька.
Лёднік ледзь не пабег наперад, Вырвіч палічыў, што як хросны Сафійкі мае права далучыцца.
Зблізу паслушніца выглядала яшчэ больш жахліва.
— Блаславі мяне адысці ад вас. Так будзе лепей усім.
Меланхолія прагаварыла гэта настолькі падобна да голасу Сафійкі, што Пранцішу стала непамысна... А яшчэ непамысней, бо адчуў — Чума не іграе. Яна сапраўды гатовая развітацца.
— Не пакідай мяне, прашу. Я так ні разу і не сказаў... Але... кахаю.
Лёднік гаварыў па-беларуску, так што сэнс недарэчных словаў большасць прысутных не зразумела.
Гальшка нейкі час задуменна глядзела на мужа, нібыта спрабуючы ўзважыць ягоную шчырасць.
— Тады не ўмешвайся.
Перавяла пагляд кудысь за спіну Лёдніка, кіўнула. Пранціш азірнуўся — наводдаль стаяў Ясючок, які, перахапіўшы пагляд Меланхоліі, зараз жа ціхенька падаўся назад. Зразумела — цяпер Чума дакладна выглядала на ведзьму.
Ахоўнікі ўсё-ткі падышлі і змусілі доктара і ягонага сябра ўсесціся. Ясючка не было відаць, напэўна, зусім з храма ўцёк.
Доктар кусаў тонкія вусны, на ягонай скроні хутка-хутка білася жылка, у прыжмураных вачах было столькі болю... Пранціш не ведаў, што шапнуць у суцяшэнне.
Службу працягнулі, загучала ўрачыстая латынь.
Раптам людзі заазіраліся, сёй-той і ўскочыў — ад касцельных дзвярэй падымаўся нейкі дзіўны туман, белы-белы, непразрысты... Ён клубіўся, быццам воблачныя змеі, і хутка насоўваўся ўнутр храма.
Звонкі голас, падобны да Сафійкінага, перакрычаў спалоханы гуд паствы:
— Ах, я бачу святую Даратэю! Яна мяне кліча! Я іду, святая Даратэя!
Тонкая фігурка, яшчэ нядаўна скурчаная, так імкліва з працягнутымі наперад рукамі пранеслася па праходзе між лавак, да пояса схаваная ў чароўным тумане, быццам ляцела на аблоках... I не скіравалася да дзвярэй, а, як вавёрка па ствале сасны, узнялася па перавітых калонах і выслізнула праз разбітае акно-ружу.
Туман хутка асядаў, знікаў. Як і паслушніца Сафія.
Зверху пачуўся пачварны ўскрык аргана — здаецца, на ягоныя клавішы нешта ўпала. Магчыма, пераляканы арганіст.
У храме запанавала цішыня. Потым людзі, штурхаючы адзін аднаго, выбеглі вонкі.
Сонца апускалася за горы, цені раслі, статуі на фасадзе, безгаловыя і з галовамі, малітоўна складалі рукі на вузкіх грудзях, гаргуллі дражніліся жалезнымі языкамі... Hi следу Меланхоліі. Хоць, зразумела, уражаныя аўстрыякі абгледзелі ўсё, што маглі, нават пагукалі. Але разбіты вітраж быў на такой вышыні, што звычайны чалавек аніяк не мог з яго выскачыць і не разбіцца. Таму ўсё часцей вочы сведкаў падзеі падымаліся ў неба, нешта выглядаючы сярод аблокаў.
Яны не ведалі, што Чорная Меланхолія звычайным чалавекам не з’яўлялася.
— Усё будзе добра, доктар, — малахольны Ясючок паблажліва паглядаў на ўзрушаных гаспадароў. Відаць, паверыў ва ўзнясенне ілжэ-Сафійкі. Вось ужо недарэку пацвярджэнне ўсіх забабонаў... — Не трэба зараз пані шукаць. Яна сама вас знойдзе.
Бутрым змрочна глядзеў на слугу.
— Што пад дзверы лінуў?
Ясючок паціснуў такімі ж вузкімі плячыма, як у гатычных статуй на храме, светлыя вочы глядзелі адсланёна-спакойна.
— А тое, што пані ў слоіку намяшала. Рашчынне на аснове рэчыва, называнага аміякам. Сказала ліць, калі знак падасць.
— А магла і не падаць, каб я іначай ёй адказаў... — скрушна прамармытаў Лёднік сам сабе.
А Вырвіч не мог ачомацца: як жа так, выходзіць, нават гэты недамерак яго перахітрыў, аказаўся разумнейшы за пана маршалка? Ганьба якая! Ці ж зухаваты Вырвіч такі стораж, што як засне, дык не ўспораш? Ці яны з Лёднікам зусім ужо спарахнелі, што ўсе падзеі вакол іх учыняюцца маладзейшымі нават без радаў-парадаў?
Нехта ўскараскаўся на званіцу, з якой можна было агледзець касцёл і бліжэйшыя скалы, і крычаў, што ніякай жанчыны не заўважае.
Не растраціла наймічка сваіх уменняў.
Абатыса была замілавана-радаснай. Пралічыла ўжо, што калі разляцяцца чуткі, як святая Даратэя сама з'явілася за сваёй будучай мнішкаю і забрала яе проста за аблокі, дык ад багатых паломнікаў і новых пацыентаў адбою не будзе. Зараз у кляштары прыдумаюць, як усё прыгожа расказаць. Нават калі хто і западозрыў шалберства — мудра прамаўчыць.
Таму маці Агнэса павіншавала Лёдніка з тым, што ягоную дачку неба ўшанавала сапраўдным цудам, і няўважна выправіла гасцей прэч. Жылкава ахвяраванне таксама ў прыбытак манастыру, дулю яны яго вернуць.
У свой здымны дом ліцвіны амаль забеглі, хаваючыся ад цікаўных позіркаў і спробаў роспыту. Папяльман быў сунуў доўгі нос, але Пранціш яго выправадзіў, спаслаўшыся на абвастрэнне хваробы доктара на нервовай глебе.
А Лёднік сапраўды нерваваўся, кідаўся то маліцца, то пакаваць у валізку лекі... Ясючок спакойна складаў куфры. На пытанні адказваў так блытана, што не разбярэшся. Вырвіч ужо не ведаў, наколькі нядошлік дурны, наколькі прыкідваецца і як шмат утойвае. Адзінае, што той уцямна паўтараў, як дзецям неразумным: трэба цярпліва сядзець і чакаць пані Галену. Гасподзь яе прывядзе.
Сабакі ў паселішчы брахалі і брахалі, нібыта таксама ўзрушыліся цудам у кляштары і ім конча трэба было голасна гэта абмеркаваць. Баўтрамей вось ужо хвілінаў дваццаць стаяў упёршыся лбом у шыбу акна, што выходзіла на горы, і ўглядаўся ў напоўненую сабачым брэхам і кігіканнем начных птахаў цемру. На падаконні гарэла тоўстая васковая свечка, робленая, як відаць, у кляштары Святой Даратэі. Дрогкі агеньчык паглыбляў цені на худым твары доктара, рабіў рысы яшчэ больш рэзкімі i злавеснымі... Пранціш падазраваў, што Бутрым можа так i ўсю ноч прастаяць, чакаючы сваю шалёную жоначку...
Ды ці вернецца яна?
Вырвіч, вядома, агучваць свае сумневы не стаў. Меланхолія выканала тое, дзеля чаго ўсё прыдумвала, — вызваліла Сафійку... А Бутрым са сваім вечным замольваннем грахоў (а галоўны ягоны грэх яна, Гальшка) мог кабету да пячонак дастаць, якая б ні была цярплівая.
У шыбу нешта лёгка грукнула. Бутрым ірвануў рамы... Ледзь не выламаў. Цераз падаконне лёгенька пераскочыла стройная постаць.
— Гальшка... — Бутрым абдымаў яе, прагна цалаваў. — Што ж ты з сабой зрабіла? Саколка ты мая.
Ну так, не лебедзь жа, а птаха драпежная, з кіпцямі, паспрабуй прыручы.
У цьмяным святле можна было разабраць, што твар, хоць i не такі страшны, якім падаваўся ў касцёле, усе ж скрыўлены ды абдрапаны.
— Лухта. Ёсць у мяне рэчыва са старых запасаў, часовы паралюш цягліцаў выклікае. Ткнула сабе голку ў твар. Праз пару тыдняў павінна прайсці
Лёднік ужо нечым намазваў жонцы свежы шнар на шчацэ, які імітаваў Сафійчын апёк.
— Баюся, вось гэта да канца не пройдзе. Глыбока падрапала.
— Лухта!
Пранціш першы раз сустракаў гожую жанчыну, якая гэтак абыякава ставілася б да сваёй знешнасці. Бутрым усадзіў сваю саколку драпежную на ложак i цяпер акуратна размотваў анучу на яе правай руцэ — каб схаваць даўнюю адсутнасць пальца, Меланхолія садрала са старога шнара скуру, нібыта толькі вось цяпер злы дух палец адкусіў. Фантазія ў спадарыні працуе. У маршалка было ду-ужа шмат пытанняў да гэтай асобы. Якая, дарэчы, заявілася да іх пераапранутай у мужчынскі касцюм, падобны да таго, у якім прадстаўляла доктаравага сакратара.
— Дзе ж ты хавалася?
— А загадзя месца прыгледзела. Неяк уначы палазіла. Там у адной вежачцы наверсе касцёла добранькая схованка... Адзежу таксама там прыхавала — не бегаць жа ў белых манаскіх трантах.
Між іншым, усе маніпуляцыі ёй давялося рабіць у цемры... Лазіць па сцяне касцёла, караскацца па скале, прабірацца па горнай сцежцы... Там жа цёмна як у магіле. Вырвіч успомніў белавалосага Ватмана, магчымага бацьку Меланхоліі: той мог у цемры бачыць. Ці не ўспадчынніла Чума тую здольнасць? Не прызнаецца ж, зараза.
Тут заявіўся Ясючок у сваёй улюбёнай чырвонай шапцы, не здзіўлены, не спалоханы, прынёс пані кубак вады i лусту хлеба з сырам — відавочна, загадзя падрыхтаваў. Меланхолія бесцырымонна ўпілася белымі зубамі ў лусту, не забыўшы пахваліць нядошліка за каштоўную дапамогу ў змаганні са злымі сіламі.
— Пані болей не ведзьма, — аўтарытэтна заявіў Ясючок.
— Таму што па аблоках прабеглася? — пакпіў Пранціш.
— Таму што не вагалася выкупіць коштам сваёй грэшнай душы чужую бязвінную душу.
Сказаў тоненькім галаском, упэўнена так, пранікнёна, пакланіўся ды пайшоў... Змерыўшы перад гэтым доктара выразным позіркам, нібы ацэньваючы.
Бутрым і Гальшка, прыціснуўшыся адно да аднаго, вуркаталі пра нешта, як галубочкі, але Вырвіч ужо не ўслухоўваўся. Пазяхнуў ды пайшоў спаць. На золку трэба пакідаць гэнае клятае месца, што займела сабе новую легенду, з якой выцісне не адну бочку гульдэнаў.
А ваяр Божы Ясючок беражліва прыхоўваў падабраную анучу з крывёй ацалёнай ведзьмы. Моцная рэч, прыдасца... Усё ўдалося, чарадзейка прайшла іспыты, ачысцілася, хоць злы дух яе і пашкамутаў, пакідаючы... Вось мнішкі мясцовыя — дакладна ведзьмы, сурочлівыя, з усмешкамі гэтымі д’ябальскімі... Асабліва абатыса.
Цяпер засталося выратаваць доктара. Трэба яшчэ раз прыгадаць, як ваўкалацкі праклён здымаецца, і падабраць найлепшы спосаб.