Ніна Іванаўна была настаўніцай па прызванні. Галоўныя складнікі гэтага прызвання — любоў да людзей, дабрыня, душэўная шчодрасць, здольнасць спагадаць і спачуваць, здольнасць разумець чалавека, пранікаць у яго духоўны свет, разумець матывы яго паводзінаў, нарэшце, талент кантактавання і дар слова, уменне знайсці яго — добрае, разумнае, дасціпнае, нязлоснае, шчырае, пераканальнае слова. У Кузьмінскай школе яна працавала ўсяго адзін год, але, па ўспамінах яе былога вучня паэта Генадзя Дзмітрыева, дзеці паспелі яе палюбіць і вельмі паважалі, яна ні разу ні на кога не падняла голасу, лёгка знаходзіла паразуменне з вучнямі і ў няпростых сітуацыях. Дарэчы, і лёс Дзмітрыева, можна сказаць, прадвырашыла яна. Аднойчы Ніна Іванаўна заўважыла, што ўжо каторы дзень не прыходзіць на ўрокі Генадзь Дзмітрыеў — дробны, худзенькі белабрысы хлапчук, самы меншы ў класе (на год раней пайшоўу школу). Ад яго сяброў-васьмікласнікаў даведалася: не пускае маці, сказала, хай год прапусціць, слабы здароўем, і няма на каго пакінуць дома малых дзяцей, двайнятак, — толькі на яго. Пацвердзіў гэта і дырэктар школы. «Ну так, сказала: для работы ў каўхозе хопіць і сямі класаў, вучонага ўсё адно з яго не выйдзе». Ніну Іванаўну гэта вельмі ўразіла, ёй стала да слёз шкада падлетка, у якім паспела адчуць жывую цягу да вучобы, і ў прыватнасці — цікавасць да літаратуры. I яна пайшла да Дзмітрыевых дадому пагаварыць з маці, Антанінай Яўхімаўнай. I высветліла: Генадзь — сын ад першага мужа, які загінуў на вайне, а гэтыя двайняты — ад другога, і іх павінен «пасвіць» старэйшы брат, ён любіць іх і шкадуе. I яшчэ больш зашчымела ў яе сэрца. Гаварылі, гаварылі, і бачыць гаспадыня, што ў настаўніцы слёзы пакаціліся з вачэй. «А божачкі мае, — усклікнула, — што ж гэта за настаўніца! Не я, а яна плача з майго гора!» А настаўніца, шчасліва заўсміхаўшыся, пацалавала яе на развітанне. I гэта было для затурзанай, замэнчанай вясковай жанчыны таксама ўпершыню.
Школу Генадзь закончыў. I праз два гады ў «акадэмічным» літаратурным часопісе «Полымя» была апублікавана падборка яго вершаў з прадмоўкай Ніла Гілевіча. А яшчэ праз два — Ніна Іванаўна зноў стала яго настаўніцай, на гэты раз ужо на філфаку БДУ. I яшчэ раз пераканаўся яе вучань: як жа паважаюць і любяць выкладчыцу Ніну Іванаўну студэнты!
Але вернемся на хвілінку ў Кузьміно. Там Ніна Іванаўна амаль год жыла на кватэры ў дарожнага майстра Адамовіча, чалавека ўжо пажылога, як і яго найласкавейшая гаспадынька Адамовічыха. «Каб ты бачыў, як яна плакала на развітанне! — расказвала мне тады ж Ніна Іванаўна. — А дачушка мая, — прыгаворвала, — ты ж мне цэлы гадок была як родненькая! А як жа я буду сумаваць па табе!..»
Паспелі палюбіць Ніну Іванаўну і ўсе дзесяць гаспадынь, у якіх яна за дзесяць гадоў пабыла кватаранткай. Праўда, усяго па два тыдні — столькі, колькі доўжылася дыялекталагічная практыка. Яе размовы з вясковымі кабетамі былі для тых сапраўдным боскім падарункам, радасным адхланнем ад нязводных штодзённых клопатаў і згрызот. Яна гаварыла з імі, сыпячы досціпамі, вясёлымі прыгаворкамі, а галоўнае — правакуючы іх саміх на шчырасць, на праўдзівы ўспамін, на абуджэнне даўно заснулага, даўняга, маладога, таксама і вясёлага, і дасціпнага, а таму і дарагога для памяці. Улюбляліся ў сваю выкладчыцу, кіраўніцу практыкі, і студэнткі. Як і яна ў іх, прынамсі — у многіх з іх. Доўга-доўта пасля вяртання дадому яна называла і называла імёны дзяўчат, якія асабліва хораша адкрыліся для яе за час практыкі, вызначыліся і годнымі паводзінамі, і шчырым, не казённым выкананнем навуковага задання.
Так, з такімі адносінамі да студэнтаў і калегаў-выкладчыкаў працавала яна на ніве роднага слова ўсё жыццё. Сярод шчырых сяброў беларушчыны ворагаў у яе быць не магло. Адным з яе галоўных педагагічных пастулатаў было — абудзіць і развіць у студэнта чуцце слова — жывога, прыгожага, праўдзівага слова, абудзіць і выпеставаць у яго душы любоў да роднага слова, паказаць студэнту таямніцы слова і навучыць яго пранікаць у тыя таямыіцы, навучыць яго глядзець на мову не як на скопішча слоў, а як на жывы арганізм. Без усяго гэтага — чуцця слова, любові да слова, ведання таямніц і магчымасцяў слова — сапраўднага філолага няма. А Ніна Іванаўна хацела, каб з філфака выходзілі сапраўдныя філолагі. Яна імкнулася навучыць студэнтаў працаваць над літаратурна-мастацкім і навуковым тэкстам. Я шмат разоў быў нявольным сведкам, як яна, хварэючы, і таму дома, давала кансультацыі па дыпломных ці курсавых работах. Проста ўся выкладалася, тлумачачы тое ці іншае заданне. Але і патрабавальнасць яе была досыць жорсткай, асабліва калі бачыла, што ёсць падставы дабіцца большага. Бывала, па тры-чатыры гадзіны сядзела з дыпломніцай, абклаўшыся кнігамі, слоўнікамі, іншымі дапаможнікамі.
Апошні раз бачыў яе ў гэтай ролі ў бальніцы, за сем тыдняў да адыходу. Яна не ведала таго, што ўжо ведалі мы з сынам. Яна спадзявалася, яна верыла ў выздараўленне. Яшчэ колькі дзён таму радавалася, што ёй зацвердзілі «нагрузку» на новы вучэбны год — паўстаўкі. А дэкан сказаў: «Можам і поўную стаўку. Для Ніны Іванаўны—калі ласка!» 26 траўня з кафедры прынеслі дыпломную працу, каб Ніна Іванаўна як кіраўнік тэрмінова напісала водгук. I яна напісала, у ложку, за ноч, не сплюшчыўшы да раніцы вачэй. На кафедры не ведалі ўсёй праўды пра стан яе здароўя, мы нікому гэтага не казалі. 31 траўня і 1 чэрвеня чытала другую дыпломную, кіраўніком якое была. З той самай, уласцівай ёй, уважлівасцю і заклапочанасцю, каб хаця ўсё было добра, каб у камісіі не зрабілі заўвагі ёй як кіраўніцы і каб не пакрыўдзілася дыпломніца. Заканчвала пісаць водгук на дыпломную ноччу. Раніцай, а 8 гадзіне, я прывёў да яе ў палату дыпломніцу. I яна доўга тлумачыла ёй свае заўвагі па тэксце і давала парады, як абараняцца, адстойваць свае думкі. I ўсё перапытвала: «Вы мяне разумееце? Кажыце, як што не зразумелі, я патлумачу. То добра, калі разумееце». Я ўвесь час сядзеў там жа, у палаце, і слухаў яе аселы глухі голас, і сэрца сціналася ад болю, і хацелася крычаць Небу: за што такая несправядлівасць? За што? І было гэта 2 чэрвеня, у дзень яе нараджэння.
Як педагог Ніна Іванаўна вельмі клапацілася пра свой аўтарытэт, у яе было высока развітае пачуццё прафесійнай годнасці. Больш за ўсё баялася, што студэнты «зловяць» яе на не зусім прафесійным разуменні якогась пытання. I таму рыхтавалася да лекцый і практычных заняткаў надзвычай старанна. На шчасце, да яе паслуг была ўхаце багачэзная філалагічная бібліятэка — можа, і тысяч на пятнаццаць тамоў. Адных слоўнікаў больш за трыста — беларускіх, рускіх, балгарскіх, славенскіх, польскіх, украінскіх, славацкіх і іншых, і іншых, і іншых. Сярод кніг па тэорыі мовы — капітальныя працы сусветнавядомых лінгвістаў, філосафаў, літаратуразнаўцаў. Помню, якой шчаслівай вярталася яна з лекцый ці практычных, калі бачыла, што ўсё ўдалося. Гэтага было ёй і досыць — гэтых простых сціплых чалавечых радасцяў, на большае яна не прэтэндавала. Вось змагла аддаць яшчэ адну часцінку сябе людзям — дык і дзякаваць Богу. Я — шчаслівая.
Дарэчы, сан педагога абавязваў яе дбаць і пра знешні выгляд. Знаёмыя, калегі па працы, студэнты звярталі ўвагу, з якім густам яна апраналася. Не шыкоўна, не крыкліва ў колерах і фасонах, а стрымана, строга, «падагнана» і — прыгожа.