«ДАРАГІ МОЙ НІЛ!»


У прадмоўцы да кніжачкі лірыкі «I плямы на табе няма» я з усёю шчырасцю прызнаюся: «Калі б не яна, я не зрабіў бы і палавіны таго, што зрабіў — і ў літаратуры, і ў навуцы, і ў грамадскай чыннасці». Гэта сапраўды так. Паверыўшы ў сваё сямейнае шчасце, яна ад першых дзён замужжа пачала браць на сябе амаль усе клопаты па доме — каб даць як мага больш часу мне на творчыя і грамадскія справы. Яна не адразу і не так хутка, але паверыла, што яе лёс — гэта ён, яе паэт, значыць — і ягоны лёс, яго жыццё, яго ўзыход да наканаванага. I паверыла яна ў гэта назаўсёды, і ўспрыняла як найвялікшую ўзнагароду Госпада Бога, якою трэба моцна-моцна даражыць. I паверыла, што яна яго ведае, як ніхто, і што толькі яна можа дапамагчы яму, падтрымаць яго, бо ніхто так, як яна, не разумее яго і не зразумее. I гэта, зноў жа, сапраўды было так. Яна досыць хутка ўбачыла, што яе паэт — страшна наіўны і непрактычны ў жыццёвых справах целяпень, што яго вельмі лёгка могуць падмануць, акалпачыць, што ён кепска ведае людзей і можа клюнуць на прыманку, значыць — яго трэба засцерагаць, а як прыйдзецца — дык і ратаваць. Яна зразумела, у прыватнасці, што ён не заўсёды здольны пастаяць за сябе, за свой аўтарытэт і трэба прыходзіць яму на падмогу. «Ты мусіш трымацца і паводзіць сябе бездакорна, мусіш помніць, што на цябе глядзяць людзі», — заводзіла яна неаднойчы гаворку.

Яе сумленнасць была проста унікальная, як і яе прыродная сціпласць, — і адно, і другое ёсць праўдзівыя адзнакі высокай унутранай культуры. Яе ўменне заўсёды і ўсюды трымацца з годнасцю, паважна, немітусліва некаторыя прымалі за ганарлівасць — і моцна памыляліся. Ганарлівыя і пыхлівыя так не трымаюцца ў грамадскім побыце, як трымалася яна. Падам толькі два красамоўныя прыклады. Як вядома, у распараджэнні кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў была дзяржаўная аўтамашына «Волга». Дык вось за дзевяць гадоў маёй працы першым сакратаром СП Ніна Іванаўна ніводнага разу (падкрэсліваю: ніводнага) не пакарысталася гэтым транспартам, як гэта рабілі жонкі іншых чыноўных мужоў. «Нізашто! — заявіла мне адразу ж. — Каб пайшлі. размовы, што Плевічыха ляпае дзверкай службовай «Волгі»? Нізашто! Абыдуся. Ты не для таго пайшоў на працу ў СП, каб даваць зачэпку для плётак». Другі прыклад. Усе тыя гады пры Доме літаратара працаваў гэтак званы «Стол заказаў», у якім пісьменнікі раз у тыдзень маглі купіць мясныя ці рыбныя прадукты (зусім звычайныя, дарэчы, зусім не далікатэсы, — так «багата» жыла краіна!). Толькі два ці тры разы за дзевяць гадоў Ніна Іванаўна дазволіла мне пакарыстацца тым «сталом» — у нейкіх экстрэмальных сітуацыях (раптоўныя замежныя госці). «Абыдземся. Буду ездзіць на рынак, мама іншы раз з'ездзіць (а маме — семдзесят пяць. — Н. Г.). Затое не будзе плётак, што ты купляеш там лепшае, чым іншыя. Мне твой аўтарытэт даражэй за ўсё». Кажу: «Ніхто ж не паверыць, што я не карыстаюся...» — «Павераць».

Амаль неверагодныя прыклады згадваю, але — так было. Так была выхавана і такой маралі трымалася яна. Да гэтага часу не магу без усмешкі ўспамінаць, як Ніна Іванаўна пагнала мяне на пошту — адправіць пераводам аднаму майму земляку дваццаць рублёў — столькі тады каштаваў паўлітровы слоічак мёду. Ніна Іванаўна прыйшла з працы і ўбачыла той слоічак на стале. «А гэта што? Адкуль?» — «А гэта... заходзіў зямляк, яго дачушка паступае да нас вучыцца... Сказаў: проста як гасцінчык з водарам роднай зямлі, як прывітанне...» Ой, што з ёю сталася! Праз тры хвіліны я ўжо джгаў на пошту—разлічыцца за мёд, які мы ў земляка купілі. «Ніхто не павінен западозрыць ні цябе, ні мяне ў хабары — нават у самым дробным!»

Цяжэй заўсё перажывала Ніна Іванаўна прыніжэнне яе чалавечай годнасці. Калі такое здаралася — гэта было для яе нясцерпнай пакутай. Помню, сказала: «Хіба ты не зразумеў, што я вельмі ранімая? Я страшна ранімая! Адзін Бог ведае, як мне баліць».

Моцную рану наносіла ёй кожны раз і несправядлівасць у дачыненні да яе паэта, яе спадарожніка жыцця, — і з боку ўлады, і з боку журналістаў, і асабліва — з боку сяброў. Як яна брала да сэрца гэтыя несправядлівасці, як апантана кідалася абараняць мяне! У такія моманты я, можна сказаць, сам сабе зайздросціў. Мець такога самаахвярнага сябра—хіба не шчасце ?

З гадамі яе перажыванні з-за мяне рабіліся ўсё больш горкімі. Аднойчы пачуў і такое: «Ты — трагічная асоба... Нейкае пракляцце на табе... Яны або зусім цябе не ведаюць і прымаюць за іншага, або наадварот — надта добра ведаюць, ведаюць галоўнае: што ты не прадаў і не прадасі душу д'яблу. Значыць, адзайздрасці». Перажыванні рабіліся ўсё больш горкімі, а крытычныя заўвагі пра напісанае мною — усё больш вострымі. «Ты можаш лепш». Або: «Расцягнута. Выкінь лішняе». Або: «Ну што ты, Сямёнавіч, ды гэта ж поўны правал густу!» Калі пачынаў артачыцца і пярэчыць — казала: «Не верыш мне — паверыш чытачам, але ж будзе позна». Кожны раз праўда была на яе баку.

У прыклад ніколі нічыю паэзію мне не ставіла — разумела, што гэта прыём забаронены. I толькі аднойчы, ужо дзесь на парозе старасці, зрабіла выключэнне з правіла. Падышла, паклала перада мною на стол лісток і сказала: «Хай бы ты напісаў гэтыя радкі». На лістку было:

Зачем не мог я прежде видеть?

Её не стоило любить,

Её не стоит ненавидеть.

О ней не стоит говорить.

Калі ўжо зайшло пра «любіць» — дык павінен сказаць, што Ніна Іванаўна ў інтымных адносінах была звышсарамлівая, ніколі ні разу яна не дазволіла сабе нічога такога, што магло б сказаць аб недастатковай сарамлівасці. Нават слова, якое штодзённа вымаўляюць мільёны мужчын і жанчын, яна не вымаўляла. Лічыла, мабыць: хай яно лепш застанецца не вымаўленым, яно будзе больш значыць, будзе мець непараўнана большую сілу. Выпушчанае з сэрца, яно можа страціць той чар таямнічасці, што робіць яго толькі тваім і неадольным, непераможным, несмяротным. Скажу тое, што, можа, было б і не след казаць, што было б лепш панесці з сабой у магілу як даверанае толькі мне, на што ніхто іншы не мае права. Але тады яе партрэту не будзе хапаць самай галоўнай вызначальнай крэскі. Дык вось: за ўсё жыццё Ніна Іванаўна напісала мне толькі адно любоўнае пісьмо. Толькі адно. За ўсё жыццё. Але затое якое пісьмо! Наўрад ці хоць адзін паэт у свеце атрымліваў такое. Сталася гэта яшчэ да жаніцьбы, калі Ніна Іванаўна працавала ў Кузьмінскай школе. Мы дамовіліся, што лісты да мяне яна будзе, дзеля пэўнасці, прысылаць не на інтэрнат, дзе я па-ранейшаму жыў, а на пошту «Да запатрабавання». Я пісаў ёй досыць часта (шматслоўна, узнёсла, эмацыйна аж да экзальтацыі), а адказу на мае любоўныя пасланні — няма і няма. Ні слыху, ні дыху. Але месяцы праз два, калі ўжо сабраўся ехаць туды высвятляць, што сталася, — атрымаў доўгачаканае. З нецярпеннемтам жа, ля ваконца, ускрыў куперту. I дастаў складзены напалам аркушык. I разгарнуў. I прачытаў. Знаёмым размашыстым почыркам было напісана... Зрэшты, падам змест яе пісьма цалкам, яно заслугоўвае гэтага. «ДАРАГІ МОЙ НІЛ!» I ўсё. I ўвесь тэкст. Тры слоўцы. Подпіс: «Ніна». I дата: «10.12.56». Спачатку нават падумаў, што ў куперце, відаць, застаўся яшчэ адзін аркушык. Не, нічога больш няма. Прызнаюся, не адразу расшалопіў, якое вялікае, якое змястоўнае любоўнае пасланне я атрымаў. Як шмат яна сказала ў гэтых трох словах — і пра сябе, і пра мяне, і пра многае-многае іншае. Ды і ў вялікай паэме, бадай, не скажаш столькі.

Праз усё жыццё самае галоўнае яна мне гаварыла адной геніяльнай рускай песняй, дакладней—рамансам. У апошнія гады, як правіла, у выкананні Ганны Герман. Калі б ні злавіла па радыё гэты твор — уключала прыёмнічак на ўсю катушку, каб пачуў у сваім пакоі і я. Ведала, што я абавязкова зараз жа прыйду. Ніколі не было, каб я не прыйшоў. I мы слухалі разам. I калі заціхаў дзівосны нябесны голас спявачкі — доўга маўчалі.

Цяпер я слухаю, калі пашанцуе, гэты найсветлы гімн вернасці адзін. I заплюшчваю вочы, і бачу яе — бачу, як яна, гледзячы кудысь далёка-высока, уся святлістая, мройная, шчаслівая, паўтарае моўчкі несмяротныя радкі.

Гори, гори, моя звезда,

Звезда любви приветная!

Ты уменя одна заветная,

Другой не будет никогда!

Твоих лучей небесной силою

Вся жизнь моя озарена;

Умру ли я, ты надмогилою

Гори, сияй, моя звезда!

2006-2007

Загрузка...