ЧЫСТАЯ I ПРАСТАДУШНАЯ, ЯК ДЗІЦЯ


Як дзіця — калі яно смяецца.

Гэта я цытую Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага. Гэта — словы з яго невялічкага (на дзве старонкі) «трактата» пра смех, укладзенага пісьменнікам у вусны свайго героя. (Якога — наўмысна не назаву, каб заінтрыгаваны чытач, які не ведае гэтага «трактата», даў сабе шчаслівы клопат пашукаць яго ў творах нашага геніяльнага суродзіча.) Дык вось што сказаў пра чалавека і чалавечы смех Дастаеўскі. Падаю ў скароце і на мове аўтара — каб не скрывіць пры перакладзе і самыя тонкія адценні яго думак і азначэнняў.

«Смехом иной человек себя совсем выдает, и вы вдруг узнаете всю его подноготную. Даже бесспорно умный смех бывает иногда отвратителен. Смех требует прежде всего искренности, а где в людях искренность? Смех требует беззлобия, а люди всего чаще смеются злобно. Искренний и беззлобный смех — это веселость, а где в людях в наш век веселость, и умеют ли люди веселиться? Веселость человека — это самая выдающая человека черта, с ногами и руками. Иной характер долго не раскусите, а рассмеется человек как-нибудь очень искренно, и весь характер его вдруг окажется как на ладони. Только с самым высшим и с самым счастливым развитием человек умеет веселиться сообщительно, то есть неотразимо и добродушно. Я не про умственное его развитие говорю, а про характер, про целое человека. Итак: если захотите рассмотреть человека и узнать его душу, то вникайте не в то, как он молчит, или как он говорит, или как он плачет, или даже как он волнуется благороднейшими идеями, а высмотрите лучше его, когда он смеется. Хорошо смеется человек — значнт хороший человек. <... >

Но я понимаю лишь то, что смех есть самая верная проба души. Взгляните на ребенка: одни дети умеют смеяться в совершенстве хорошо — оттого-то они и обольстительны. Ребенок... смеющийся и веселящийся — это луч из рая, это откровение из будущего, когда человек станет наконец так же чист и простодушен, как дитя».

Кожны, хто быў асабіста знаёмы з Нінай Іванаўнай, мае, вядома ж, права на сваю думку, на сваю выснову наконт чалавечых — духоўных і маральных — вартасцяў яе асобы. I чыесьці думкі-высновы могуць адрознівацца ад маіх. Ну што ж, гэта натуральна. Меркі і крытэры ў кожнага свае, значыць, і свае высновы. У мяне выснова адна, па Дастаеўскаму: чыстая і прастадушная, як дзіця. Чалавек з будучыні. Промень з раю. У гэтай выснове мяне не пахісне ніхто. Дык што: святая? Ведаючы, якое жыццё яна пражыла, праз якія страшныя зямныя пакуты прайшла яе душа (а многае ведаю толькі я адзін), я маю права і на такое боскае слова. Вядома ж, толькі для сябе самога ды для нашага сына. Аднойчы Максім Іванавіч Гарэцкі ўбачыў праз акно, што вуліцаю вяртаецца дадому Леаніла Усцінаўна — яго жонка, яго самаахвярная сяброўка і памочніца, маці яго тады яшчэ непаўналетніх дзяцей. Ён падазваў да сябе Галю і сказаў: «Запомні — яна — святая! — і паўтарыў: — Святая!» I не было тады Максіму Іванавічу справы, хто што думае пра Леанілу Усцінаўну з ліку іх блізкіх і няблізкіх знаёмых, яму было досыць таго, што ведае ён і што павінны ведаць іх дзеці.

Загрузка...