ЯЕ ЛЮБІМЫЯ ПІСЬМЕННІКІ


Усе тэксты мастацкай літаратуры Ніна Іванаўна, у адрозненне адчытача «звычайнага», «масавага», чытала і як філолаг — у самым шырокім значэнні слова, г. зн. і як літаратуразнаўца, і як лінгвіст, знаўца законаў развіцця мовы, яе гісторыі, пытанняў культуры мовы і стылістыкі. Чытала, як і ўсе, каб лепш спазнаць жыццё, чалавека, сучасную рэчаіснасць і мінуўшчыну. Гэта — па-першае. А па-другое — каб адчуць эстэтычную насалоду, каб убачыць мастака слова, убачыць МОВУ. Убачыць адметны стыль. Абавязкова! Таму і чытала толькі з алоўкам у руцэ. Хоць бы сабе і позна вечарам, перад сном, — усё адно чытала, штосьці падкрэсліваючы (як рэдактар у выдавецтве). Па гэтай прычыне чытала аўтараў рэалістычнага мастацкага пісьма і не любіла пісьменнікаў-фантастаў. Не любіла яшчэ і таму, што ў іх, як правіла, не знаходзіла МОВЫ — жывога, трапнага, дасціпнага народнага слова.

З рускай класікі яе самымі любімымі творамі былі «Мёртвыя душы» і «Рэвізор» М. Гогаля, «Яўгеній Анегін» А. Пушкіна, «Гора ад розуму» А. Грыбаедава, а таксама аповесці і апавяданні А. Чэхава. На кожнага з іх спасылалася пры нагодзе безліч разоў і цытавала па памяці з асаблівым смакам. Гэтак жа, як і многіх творцаў сучаснай рускай літаратуры: В. Шукшына, Ю. Казакова, В. Астаф'ева, У. Салавухіна, В. Распуціна, В. Бялова, Я. Носава... А з паэтаў—Аляксандра Твардоўскага. Чытала і іншых, прымала да сэрца, высока цаніла (Ахматаву, напрыклад), але сапраўднай вялікай любоўю яе быў Твардоўскі. Помню, як летам 1961-га, на Нарачы («здымаў у Купе катушок») мы разам чыталі апублікаваную ў «Известнях» яго паэму «Цёркін на тым свеце». Як яна захаплялася, перачытвала асобныя месцы, строфы, і ўсё здзіўлялася смеласці і мужнасці аўтара. «Занясі Куляшовым, сказала мне, можа, Аркадзь Аляксандравіч яшчэ не бачыў газету».

З празаікаў мацней за іншых, мабыць, любіла Шукшына. Калі прыйшла газета з паведамленнем пра яго раптоўную заўчасную смерць, я, помніцца, не адразу змог ёй сказаць пра гэта (сядзела паблізу, таксама пераглядала прэсу), і толькі нарэшце выдавіў: «Шукшына не стала... Памёр ад разрыву сэрца...» Мае словы не проста ўразілі яе, а спалохалі. Яна ўскрыкыула і ціха перапытала: «Шукшына?..» Узяла газету, доўга чытала невялікі тэкст афіцыйнага некралогу, затым якуюсь хвіліну сядзела моўчкі, гаротна склаўшы рукі на газеце, а тады цяжка ўздыхнула і прамовіла:

— Вось па кім павінна плакаць руская інтэлігенцыя. I не толькі інтэлігенцыя. Хто ўжо цяпер зможа, так як ён, сказаць праўду — не ведаю. I так праўдзіва паказаць простага рускага чалавека на экране — не ведаю...

Надзвычай любіла і часта згадвала апавяданне Ю. Казакова «У сне ты горка плакаў», а таксама «Маньку» і «Свечачку». Хто прачытае гэтыя творы пісьменніка, пранікне ў іх дух, у іх стылістыку — зразумее, чаму яны былі ў яе на асобым рахунку. Першакласная, глыбокачалавечная проза!..

Зразумела, што першым і галоўным прадметам яе чытацкай і прафесійнай цікавасці была родная беларуская літаратура. I класіка, і сучасная. З класікі перачытвала даўно, са школьных і студэнцкіх гадоў, знаёмыя рэчы Коласа, Купалы, Чорнага і наноў адкрытага ўжо ў паслясталінскі час Максіма Гарэцкага. З творчасці сучаснікаў, якіх мела шчасце ведаць асабіста, быць добра з імі знаёмай, асабліва любілараманы Мележа, Караткевіча, Адамчыка, апавяданні Лынькова, Пташнікава, а найперш — творы Брыля. Чаму менавіта гэтых — пералічаных? За мову. За тое, што «купалася», як у чыстай крынічнай вадзе, у іх мове. Абмывала душу крыштальнай расой на ўзыходзе сонца ў даспелым някошаным лузе.

У Купалы асабліва захаплялася мовай «Паўлінкі» і «Тутэйшых», у Коласа — мовай «Новай зямлі» і апавяданняў з сатырычна-гумарыстычным акрасам, у Чорнага — і не пералічу туг усяго, што яна пастаянна перачытвала, найперш — рыхтуючы і дапрацоўваючы курсы лекцый «Мова пісьменніка», «Культура мовы», «Стылістыка беларускай літаратурнай мовы». Гэтае ж можна сказаць і пра яе адносіны да мовы Максіма Гарэцкага. З якім шкадаваннем казала неаднойчы аб тым, што так позна, у сталым веку, адбылося яе знаёмства з творчасцю гэтага вялікага пісьменніка. Паспела напісаць артыкул пра моўна-стылёвыя асаблівасці яго апошняй аповесці «Скарбы жыцця». Мовай апавяданняў М. Лынькова зацікавілася яшчэ ў студэнцкія гады і зрабіла яе тэмай сваёй дыпломнай работы.

Надзвычай высока цаніла Ніна Іванаўна палескую сагу I. Мележа — і за глыбокую праўдзівасць і яркасць вобразаў герояў, і за мову. У свой час яна досыць спакойна ўспрыняла яго «Мінскі напрамак» і, можа быць, не чакала ад Івана Паўлавіча такога магутнага прарыву ў вялікую, бясспрэчна класічную, мастацкую прозу, з такой самабытнай, раскошна багатай мовай. Між іншым, надавала пэўнае (сімвалічнае, ці што?) значэнне, што першым гаспадаром кватэры на К. Маркса, куды мы ўсяліліся ў 1969-м, быў I. Мележ, што менавіта тут ён напісаў сваіх «Людзей на балоце». (Дарэчы, рукапіс рамана, яшчэ не перастуканы на машынцы, ледзь не згарэў: у кватэры, ад нявыключанага праса, узнік пажар. Іван Паўлавіч вяртаўся дадому і ўбачыў, што з адчыненых вокнаўяго жылля клубамі валіць дым. Сумнення не было: пажар! Можна ўявіць, які страх-жах паспеў працяць яго сэрца: дым валіў і з яго кабінета. На шчасце, да рукапісу на стале агонь не дабраўся.)

Летам 1971-га года мы — Іван Паўлавіч з Лідзіяй Якаўлеўнай і я з Нінай Іванаўнай — былі ў адным заездзе ў доме творчасці СП СССР «Дубулты», непадалёк ад Рыгі. Іншы раз удавалася разам пахадзіць даўжэзным, бясконцым пляжам або пасядзець на лаўцы, на ўзбярэжжы, з аглядам на марскія далечы. Ніна Іванаўна лавіла кожнае слова Івана Паўлавіча, адкрывала ў ім буйную асобу чалавека і грамадзяніна, і нават бывала незадаволена, калі, здаралася, Лідзія Якаўлеўна адрывала яе ад слухання нейкімі пабочнымі, ну скажам, сямейнымі, бытавымі пытаннямі. Аднойчы Іван Паўлавіч запрасіў нас («Прыходзь, абавязкова з Нинай Іванаўнай») да сябе на сваю апошнюю мінскую кватэру на вуліцы Янкі Купалы. Нагода — паслухаць новыя запісы беларускіх народных песень, у тым ліку ў выкананні Міхася Забэйды. («Хачу паслухаць іх разам з табой, сказаў, ты — фалькларыст».) Ніна Іванаўна была проста ашчасліўлена тым візітам. I была, бачыў я, удзячная лёсу, — як і за многія іншыя выпадкі, якія дазвалялі ёй пабыць у асяроддзі беларускай інтэлектуальнай эліты. Яна была вартая гэтага гонару, бо — глыбока адчувала і разумела творчыя клопаты буйных майстроў беларускага слова; гэта быў яе прыродны дар, які яна ўвесь час развівала. Невыпадкова так любілі пагутарыць з ёй — і па тэлефоне, і пры сустрэчы — многія мае калегі, сябры. I яшчэ: у ёй амаль зусім не прамаўляла г. зв. «бабская» цікаўнасць да сямейных плётак. Мяне яна старалася мудра і таленавіта засцерагчы ад гэтага «мастацтва».

У жніўні 1976-га мы былі з Нінай Іванаўнай у доме творчасці «Кактэбель», на Чорным моры. Шмат гадоў я браў туды пуцёўкі дзеля яе — каб у прадгор'ях Кара Дага сухім гарачым паветрам падлячыць горла, — іначай яна не вытрымлівала лекцыйнай аўдыторнай нагрузкі, на год яго «не хапала», і яна мучылася і моцна перажывала з-за гэтага, праца на факультэце была для яе галоўным сэнсам жыцця. Аднойчы перад абедам паштарка прынесла нам у пакой тэлеграму. З Мінска. «Сёння памёр Мележ». Прыслаў гэту трагічную вестку мой брат Мікола. Прачытаўшы тэлеграму, доўга сядзелі як знямелыя. Ніна Іванаўна ціха, моўчкі плакала.

Як даследчыца мовы мастацкай літаратуры яна напісала і апублікавала назіранні над мовай Адамчыка, Пташнікава, Чыгрынава, Сачанкі, Кудраўца, над мовай рамана Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». А пра мову Янкі Брыля апублікавала аж некалькі артыкулаў. Рэч у тым, што ў яе чытацкіх і навуковых зацікаўленнях Брыль займаў асобае месца. Звычайна пра мову Брыля яна гаварыла толькі з захапленнем. Пра багацце яго лексікі, сінанімікі, пра яго чуццё слова і фразы, пра яго народны вуснамоўны сінтаксіс, пра яго адчуванне смеху (іроніі, гумару), закладзенага ў самім слове, і ўменне здабыць гэты гумарыстычны ці іранічны эфект у належнай сітуацыі. Выпісвала і выпісвала на картачкі з яго прозы і сінонімы, і фразеалагізмы, і перыфразы — хацела напісаць вялікае даследаванне, не паспела, так і засталіся ў яе архіве звыш паўтысячы картачак — яркіх брылёўскіх слоўцаў. Казала: «Пра што б ні пісаў Брыль — ва ўсім стыхія жывой беларускай мовы. I — густ, густ, густ! — самага высокага класа ўменне распарадзіцца словам! Непараўнаны ні з кім са сваіх сучаснікаў. Толькі ў прозе Коласа, Чорнага, Гарэцкага было такое... Калі б суроваму рэалісту Быкаву ды яшчэ такую мову!» Дзеля справядлівасці падкрэслю: Ніна Іванаўна вельмі высока цаніла рэалістычнае, псіхалагічна дакладнае пісьмо Васіля Быкава, але ёй не хапала ў яго мове дасціпнай усмешкі, гумару, гэтак званай «моўнай жывінкі». Такое было ёй ад прыроды дадзена чуццё і ўспрыманне слова — і вуснага, у гаворцы, і пісьмовага, у кнізе. Гэта ўжо было вызначальнай адметнасцю яе чалавечага характару, — шчаслівай, я сказаў бы, адметнасцю.

Усе тамы і томікі Брыля (а іх больш за дваццаць у нашай бібліятэцы) Ніна Іванаўна забрала ў свой пакой-кабінет. Нічые кнігі з усіх, што мясціліся на паліцах, так не скрэслены алоўкам або асадкай, як Брылёвы. Па пяць, па дзесяць, па пятнаццаць і дваццаць паметак, «птушачак», крэсак (вертыкальных і гарызантальных), надпісаў (асобных слоў і цэлых сказаў) — на кожнай старонцы. Усё збіраўся паказаць Брылю — хаця б яго першы, «чорны», двухтомнік, ды так і не сабраўся. Але па тэлефоне сказаў: «А не было ў цябе, Янка, па-за сямейным колам, такога пільнага, шчырага і дасведчанага чытача, як мая Ніна. Думаю, што не было. Паглядзіш уважліва сам — пераканаешся. Убачыш, што кожная крэска-крэсачка — ад радасці, ад захаплення, ад высновы: вось гэта і ёсць мова Брыля, стыль Брыля! Яна ведае, бачыць, разумее, чаму ты так напісаў і чаму іначай напісаць не мог, бо ўжо быў бы не Брыль. Можна пазайздросціць пісьменніку, у якога ёсць такія чытачы». Ці трэба дабаўляць, што гэтыя свае горача-любоўныя адносіны да прозы Брыля яна старалася перадаць студэнтам?

Як яна любіла разумнае, дасціпыае (інтэлектуальна дасціпнае!), шчасліва знойдзенае пісьменнікам трапнае, вобразнае слова! Абавязкова запамінала і брала на ўзбраенне. Але: карысталася з вялікім густам і ў сапраўды прыдатным выпадку. Так, ёй вельмі падабаўся іранічны выраз «ісці паперадзе прагрэсу» і яна была ўсцешана, калі аднойчы адкрыла, што аўтарам гэтай з'едлівай вобразнай формулы з'яўляецца рускі драматург XIX ст. акадэмік Аляксандр Сухаво-Кабылін; прынесла і паказала рэпліку з п'есы «Смерць Тарэлкіна» мне: «Калі неслі сцяг, то ён заўсёды ішоў перад сцягам; калі аб'явілі прагрэс, то ён стаў і пайшоў перад прагрэсам — так, што ўжо ён быў спераду, а прагрэс ззаду». Такія саркастычна-забойчыя штрыхі да партрэту героя ці да пэўнай сюжэтнай сітуацыі прыводзілі Нину Іванаўну ў захапленне. I яна цытавала — I Коласа, I Чорнага, і Брыля I многіх іншых. Коласаўскае «калектыў пана Тарбецкага» было ў яе адным з найбольш пахватных дасціпных азначэнняў, якое яна абавязкова пускала ў ход, калі размова ў грамадзе заходзіла пра нейкі «працоўны калектыў» і іронія напрошвалася сама сабою. У апавяданні К. Чорнага «Вясковая ветэрынарыя» канавал Сёмка Ямкавы («я не хахол, а масквіч, і не Ямкавы, а Ямкавой») прыйшоў ратаваць карову, у якой, на думку гаспадара, бульбіна ў горле захрасла, бо надта кашляе. Намацаў у гарляку цвярды прадмет і пачаў штосілы ціскаць, каб раздавіць. I адчуў, што «бульбіна» памякчэла. «Дзействуе ўжо. Цяпер пойдзець!» — абвясціў пераможна Сёмка. А гэта былі храсткі ў горле, і карова пачала канаць. Калі ў сярэдзіне 1980-х Крамлём быў узяты курс на перабудову — па краіне пачало гуляць гарбачоўскае «працэс пайшоў», г. зн. рэфармаванне ўсяго і ўся пачалося. I Ніна Іванаўна аднойчы вечарам, перад тэлевізарам, сказанула: «Гэта як у Чорнага ў «Вясковай ветэрынарыі»: «Дзействуе ўжо. Цяпер пойдзець!» Ці не кончыцца ўсё гэта, як з той каровай? » Ад смеху мяне аж затрэсла. «Ну скажы, што я добра параўнала, ну скажы!» — павярнулася, з чорцікамі ў вачах, да мяне. За жыццё гэта было, можа, усяго два ці тры разы, калі яна звярталася да мяне з падобнай просьбай. Ну але хіба можна было не пагадзіцца з ёю?

Калегі і сябры, якія ведалі пра яе вось такое «прыцэльнае» ўменне чытаць мастацкія творы, здольнасць узброіцца, такбы мовіць, «класічным смехам», аддавалі ёй належнае і ў сяброўскай грамадзе (у застоллі, на кафедры) як правіла ўжо чакалі ад яе ці дарэчы згаданай вясёлай іранічнай цытаты ці яе ўласнага, часцей — менавіта ўласнага, досціпу. Часам і нягрубай, някрыўднай сяброўскай «падкалупкі».

Загрузка...