Дык вось: дзякуючы рэктару Чымбургу Ніна Кавалёва апынулася разам са мной на адным аддзяленні. Нават, паводле альфабэту, і ў адной акадэмічнай групе. У групе дваццаць пяць чалавек, гэта значыць, на практычных занятках можна досыць уважліва прыгледзецца і прыслухацца да кожнага і хоць збольшага вызначыць, хто ёсць хто, якога палёту птушка і ці птушка наогул — усё зусім не пэўна, вядома, але тым не менш. Заўважыў, што на практычных досыць талкова, засяроджана, удумліва выступае Кавалёва. Голас — мяккі, спакойны, роўны, але — не манатонны, зусім не манатонны, у ім чулася ўпэўненасць, воля, унутраная сіла. У адказах — дакладнасць слова, яснасць, выразнасць, лагічнасць думкі, без мітуслівасці, блытанасці, пераскокаў. Усё гэта было мной заўважана, але не больш, жадання пагаварыць, пазнаёміцца бліжэй не ўзнікла, «заўважанае» не ўсведамлялася мною як пачатак сімпатызавання, натуральнага хлапечага зацікаўлення. Можа, яшчэ і таму, што «не кідалася ў вочы» вонкава, трымалася вельмі сціпла, анічога — каб на паказ?
I вось — гэтае нечаканае «дробнае хуліганства». Пасля яго — ужо хочаш не хочаш, а на тым самым ранейшым «абыякавым» узроўні нашы ўзаемадачыненні заставацца не маглі. Выкрытае мною «злачынства» як бы стала нашай маленькай агульнай таямніцай і зачэпкай для таварыскага збліжэння. Спаткаўшыся ранкам у аўдыторыі ці на калідоры, мы ўжо міжволі адно адному ўсміхаліся. Пачалі адкрывацца і новыя, сімпатычныя мне рысы «хуліганкі»: моцнае пачуццё гумару, артыстычная дасціпнасць, прыродная весялосць натуры. Аднойчы я на цэлую гадзіну спазніўся на лекцыю. Падымаюся па лесвіцы на трэці паверх, трохі задыхаўшыся, бо бег (ужо празвінеў званок на другую гадзіну). I раптам чую, ужо на апошнім пралёце, нейкі прытворна старэчы голас — а іранічны-іранічны, з'едлівы да несцярпення:
— Дадуль жа здалёку будзеце?
Задраў галаву: яна, Кавалёваі Стаіць, абапершыся на парэнчы, — няйначай як наўмысна мяне чакае. Улавіўшы стылізацыю пад вясковую бабулю на вакзале ці ў вагоне прыгараднага, я імгненна прыняў прапанаваны «тэатр» і голасам старога вясковага ахрапка-дзеда адказаў:
— Атакі здалёку. Ажно з-за Пухавічаў, з Шарылаўкі, калі чулі такуто.
«Бабуля» зусім не чакала, што я адразу ж зарыентуюся і падхаплю размову «адпаведне». Яна ледзь не пырснула смехам, але стрымалася.
— Чула, а як жа. Здалёку патом жа! Я думала, адкуль збліжэй.
— Ну, а самі ж адкуль прытэпалі ? — цалкам у стылі старэчай размовы спытаў я.
«Бабулі» так спадабалася маё падключэнне да тэатральнай сцэнкі, асабліва гэтае «прытэпалі», што яна не вытрымала і рагатнула, але тут жа смех пагасіла, бо іначай — усё, «тэатр» скончыўся.
— О, яшчэ больш здалёку, — адказала, ды так сур'ёзна, зважнасцю.—Я ажно з-за Халопенічаў. Можа, чулі?
— Чуў, канешне. Ну і пачом жа там у вас парасяты?
У «бабулі» акругліліся вочы, раскрыўся рот, з яго нешта невыразнае выкрыкнулася — ці то «ой!», ці то «ай!», а тады — яна зайшлася такім нястрымным смехам, так шчыра і голасна, што я аж трохі сумеўся. О, як жа яна хораша засмяялася! А сказаць мне ўжо нічога не паспела, да дзвярэй аўдыторыі ішоў выкладчык.
Як незвычайна тады яна засмяялася! Здалося, я ніколі не чуў такога радаснага, такога вольнага, такога святлістага смеху. Праз шмат гадоў яна мне аднойчы скажа: «Ты тады сваімі парасятамі зрэзаў мяне напавал. Я зусім іншымі вачыма пачала глядзець на цябе. То ж выходзіць, што ты ніякі не зануда, а чалавек з гумарам». Яна вельмі высока цаніла ў людзях пачуццё гумару. I шкадавала тых, каго Бог абдзяліў гэтай цудоўнай чалавечай якасцю. Гэта цалкам датычыла і пісьменнікаў: найбольш імпанавалі ёй тыя, у чыіх творах было багата камічных здарэнняў, вясёлых сцэнак, трапных досціпаў, чыя мова іскрылася жывінкамі здаровага народнага смеху. Колькі разоў за гады нашага сямейнага жыцця яна зачытвала мне сёе-тое смеха-выбуховае ці з Коласа, ці з Чорнага, ці з Брыля. Або з Гогаля, ці з Чэхава, ці з Шукшына... Або з Рабле, ці з Сэрвантэса, ці з Гашака...