КУЛЬТ СЯМ'І


Без перабольшання атулены арэолам святасці быў для Ніны Іванаўны і культ сям'і. Можа, таму, што прайшла ў дзяцінстве праз сямейную драму -— бацькі развяліся, калі ёй было восем гадоў, — яна ведала цану сямейнаму ладу, згодзе, гармоніі — усяму таму, што людзі называюць «сямейным шчасцем». I ведала, якая гэта бяда-гора, калі сцэментаванага ўзаемнай любоўю адзінства ў сям' і няма, калі ён, яна і дзеці не ёсць адно цэлае, непарушнае, маналітнае. Безумоўна, Ніна Іванаўна прыйшла ў свет дзеля гэтага шчасця, Бог ёй даў усё, каб гэтае шчасце забяспечыць: невычэрпную дабрыню і ласку, не проста непахісную, а святую вернасць шлюбу, самаахвярную любоў да свайго дзіцяці. А яшчэ даў талент дамавітасці — яна была на рэдкасць талковая і кемлівая гаспадыня, незвычайна клапатлівая жонка і маці.

Мы сябравалі да жаніцьбы цэлых пяць гадоў. З вялікай узаемнай павагай і даверам. Вядома, я быў бы рады, каб шлюбаванне наша адбылося раней, але павінен быў лічыцца з яе воляй. А воля была такая: «Трэба закончыць універсітэт — і табе, і мне. А тады і падумаем». Яна вучылася выдатна і разлічвала на чырвоны дыплом (так і атрымалася). Пачуццё гонару дыктавала ёй: дасягні мэты! Так, у гэтым была і пэўная доля амбітнасці. Падняцца і годна заявіць пра сябе ў вачах тых, што ў свой час глядзелі на яе звысоку. Я разумеў гэтую яе маладую дзявочую волю і годнасць, і гонар. Разумеў, што стварэнне сям'і пад заканчэнне вучобы можа перашкодзіць дасягненню высокай мэты, і гэта будзе ўдар, які пакіне горкі след на ўсё астатняе жыццё. Гэта я так разумеў тады. А пазней, ужо ў сталым веку, вельмі шкадаваў, што не праявіў сваю волю і не даказаў ёй беспадстаўнасць яе засцярожанасці і боязі. У такіх справах запазняцца вельмі і вельмі непажадана. Паводле народнай мудрасці, упускаць самы той — кульмінацыйны — момант нельга.

Вельмі валявая і мужная жанчына, яна чакала нараджэння дзіцяці зусім спакойна. Спакой скончыўся, калі з першых дзён клопаты пра нованароджанага сына ўскладніліся — адразу ж пайшлі нелады з кармленнем, а затым і са здароўем. Кожны дзень і ўранку і ўвечар я хадзіў да шчодра «малочных» парадзіх купляць для сына малако. На трэцім месяцы жыцця Сяргей захварэў на запаленне лёгкіх. Паклалі ў бальніцу. Кругласутачна пры ім была страшэнна занепакоеная маці. А стан здароўя малога ўсё пагаршаўся. I вось адзін дзень вечарам Ніна сустрэла мяне ў калідоры, ломячы рукі і захліпаючыся слязьмі. Я першы раз тады ўбачыў, як яна плача, які страшны яе плач. Урач сказала, што справа амаль безнадзейная. Запаленне — моцнае, а маленькі арганізм — слабенькі. I сказала мне, бачачы, што Ніна Іванаўна зусім знемагла ад бяссонных начэй і гора: «Бярыце дзіця, ідзіце ў фізкультурную залу і насіце яго на руках у вертыкальным становішчы. Усе надзеі на Бога, прабачце». I я ўсю ноч пранасіў сына, як сказала ўрач, і прыгаворваў, як мог, як умеў, замовы-малітвы і самыя пяшчотныя словы. I цуд адбыўся: назаўтра сын пачаў дыхаць трошачкі лягчэй. А праз колькі дзён і зусім аздаравеў, перамог хваробу. Пройдзе сорак пяць гадоў — і ў нізцы пяцірадковых вершаў «Памяці Ніны» напішацца такое:

Ноччу пабачыў,

Як ты ламала рукі —

Ад болю, ад мук —

Над цяжка хворым дзіцём.

I я зразумеў усё...

З гэтага часу яе першым клопатам стаў клопат маці. Малечыя, школьныя і студэнцкія гады Сяргея прайшлі пад яе шчыльнай апекай. Што да мяне — памочнік ёй тут я быў слабаваты. Ну дзе ж там! Усё іншыя, іншыя клопаты, на сям'ю часу не застаецца. А як яна радавалася, калі бачыла нас з сынам у праявах узаемнай любові. Была проста неймаверна шчаслівая. «Ну прадаўжайце, прадаўжайце! — прасіла. — Вы ж яшчэ "Над абрывам вецер" не пелі». I мы прадаўжалі. Малы (было пяць гадоў) садзіўся мне на жывот, тварам да твару, і мы пачыналі ўдвух спяваць ужо развучаныя ім беларускія песні. Як ён шчыра саліраваў, калі я на хвілінку знарок замаўкаў. I дагэтуль чую яго праніклівы, дрыготкі ад перажывання галасок: «Хвалі ў падарунак вынеслі з сабою, кінулі на бераг цела хлапчука». Каля сарака песень засвоіў такім чынам, многія, як аказалася, наўсё жыццё. У чатыры гады Сяргей ужо досыць бегла чытаў. У пяць — пачаў пісаць, спярша друкаванымі літарамі, вершы і апавяданні, — па ўзорах, зразумела. Захавалася каля двухсот яго вершаў, напісаных ва ўзросце ад пяці да дзесяці гадоў. У дванаццаць — праявіў цікавасць да славенскай мовы (кніжак і слоўнікаў у бацькі было шмат) і пераклаў на беларускую дзве маленькія казачкі. На маё здзіўленне — дакладна і з чуццём да слова. Натуральна, бацька быў усцешаны яго захапленнем і параіў сыну занесці пераклады ў «Вясёлку». Няхай, падумаў, падтрымаюць цікавасць падлетка да філалогіі, да роднага слова. На вялікі жаль, не падтрымалі. Тры мудрыя дзяды-педагогі — Васіль Вітка, Сяргей Грахоўскі і Алесь Пальчэўскі — і думкі не дапусцілі, што Сяргей пераклаў казачкі сам. Праз колькі дзён С. Грахоўскі яшчэ і прысарамаціў мяне: «Прабачце, але вы дарэмна гэта зрабілі. Не можа хлапчук так дасканала перакласці». Я быў як кіпенем ашпараны такім абвінавачваннем. «Не можа? Можа, Сяргей Іванавіч, можа! У дванаццаць гадоў — можа. Калі пачаў з чатырох гадоў авалодваць на пісьме родным словам — можа!»

Прыкладна тады ж зайшоў неяк да мяне сусед Іван Навуменка (жылі дзверы ў дзверы), і я прачытаў яму атрыманы з Нарачы ліст Сяргея — дзеля нейкае дэталі ў змесце. На дэталь Іван Якаўлевіч не зрэагаваў, а са здзіўленнем-недаўменнем спытаў: «Дык што, ён у вас гэтак складна і без памылак піша па-беларуску? Ды не можа быць! Відаць, нехта надыктаваў яму». I зноў адказаў, які С. Грахоўскаму: «Можа, Іван Якаўлевіч, можа! Калі пачаў авалодваць родным пісьмом у чатыры, то ў дванаццаць — можа!»

Помню, як мы з Нінай Іванаўнай чыталі лісты Сяргея, якія ён, вучань VI—VII класа, прысылаў нам з Нарачы ў дом творчасці «Кактэбель». Мы іх не аднойчы перачытвалі, мы былі па-сапраўднаму ўсцешаныя, што ён такім натуральным, нязмушаным складам апавядае пра свае нарачанскія прыгоды. Ды з якім пачуццём гумару, з дасціпнай самаіроніяй...

Для чаго апавядаю пра ўсё гэта — і пра вершы, і пра пераклады, і пра лісты? Для таго, каб, цяжка ўздыхнуўшы, сказаць: двое філолагаў не пастараліся скіраваць свайго нашчадка на шлях, які абралі ў маладосці самі. Па нейкіх незразумелых, але яўна несправядлівых законах лёсаўтварэння Сяргей паступіў на біяхімічнае аддзяленне БДУ, стаў кандыдатам хімічных навук і ўжо чвэрць веку працуе па прафесіі — сумленна, самааддана, з вялікім пачуццём адказнасці.

Цяпер усе мае надзеі на ўнука Багдана. Калі не стала Ніны Іванаўны, яму было сем гадкоў. Як мала адвёў ёй Бог часу на радасць сустрэч з унукам, на радасць падаравання яму сонечных скарбаў сваёй душы! Гэта трэба бачыць было, як яна гуляла з ім у «поезд» (некалькі паваленых і ссунутых упрытык крэслаў і табурэтак, на першай — ён, машыніст), як дасціпна і вынаходліва праяўляўся яе дзівосны педагагічны талент! Якая ішла імправізацыя займальнага і ў той жа час выхаваўчага сюжэта! Пра гэта самы раз асобнае апавяданне напісаць, — напэўна б, мела ў малых чытачоў поспех.

Шмат паведаўшы пра самаахвярную педагагічна-навуковую і грамадскую працу Ніны Іванаўны (а колькі паведана пра гэта людзьмі!), часам, перагортваючы ў памяці ўсё пражытае і перажытае, думаю, што было б зусім справядліва напісаць пра яе кнігу пад назвай «Жыццё для сям'і», ці «Святасцю быў клопат пра сям'ю», ці нешта ў гэтым плане. I калі б расказаць пра ўсё-пра ўсё — вобраз Ніны Іванаўны — жонкі, маці і гаспадыні вельмі б узбуйніўся і ўзвысіўся, і стаў бы яшчэ нашмат больш прывабным. Успамінаю — і зноў і зноў здзіўляюся, і захапляюся, і чырванею запознена ад сораму: колькі яна брала гэтых клопатаў на сябе, цалкам вызваляючы ад іх гаспадара сямейства. Не было ніводнага дня, каб яна не патурбавалася і не памкнулася да таго, што ёсць ці можа стаць нашай супольнай сямейнай радасцю, уцехай, набыткам. Яна пастаянна думала пра тое, што яднае і мацуе сям'ю, узаемна абавязвае клапаціцца пра гэтае зямное чалавечае шчасце. Падам тут толькі адзін эпізод — пра яе вялікую святлістую радасць далучэння да маёй фалькларыстычнай працы, якою яна ўвогуле вельмі-вельмі цешылася і ганарылася. У 1972 годзе я падрыхтаваў да друку том «Песні сямі вёсак», заставалася скласці слоўнік спецыфічных фальклорна-этнаграфічных тэрмінаў, дыялектных і ўстарэлых слоў, да чаго абавязвала навуковае выданне. Загараваў, што не ведаю, каму даручыць зрабіць гэту няпростую работу, — не бачу на кафедры такога памочніка. І раптам чую: «А ты не хацеў бы, каб я склала гэты слоўнік?» Ведаючы, як яна «душыцца» сваёй працай на факультэце, я не пасмеў і падумаць пра гэта. Але прапанова была выказана так, што я ўхапіўся за яе, як за выратавальную «галінку». А Ніна Іванаўна засвяцілася так, як бы толькі і чакала, калі я запрашу яе да ўдзелу ў падрыхтоўцы гэтага збору народных песень. У выніку яна склала слоўнік і да першага тома («Песні сямі вёсак»), і да другога («Песні народных свят і абрадаў»), і да трэцяга («Лірычныя песні»), і да чацвёртага («Лірыка беларускага вяселля»). Усяго ў чатырох тамах змешчана і патлумачана 1075 слоў. Апрача таго, да тома другога Ніна Іванаўна склала Каляндар свят, назвы якіх сустракаюцца ў песнях, а да тома чацвёртага — і змест-паказальнік. Якая чыстая і прыгожая была яе чалавечая радасць ад усведамлення: памагла! Хоць трохі, аўсё ж памагла, зрабіла яму лягчэй. Яму. I гэтым сказана ўсё.

Загрузка...