СЦВЕРДЗІЦЬ СЯБЕ


У Ніны Іванаўяы было вельмі моцнае пачуццё чалавечай годнасці і гонару. I пачуццё самастойнасці, унутранай свабоды, гатоўнасці процістаяць абставінам і падпарадкаваць іх сабе. У яе характары была не абы-якая сіла волі і была мужнасць. А яшчэ — настойлівасць і мэтанакіраванасць. Яна вельмі рана зразумела, што мусіць разлічваць перадусім сама на сябе, што павінна пракладаць дарогу да мэты перш заўсё сама—спадзявацца, што хтось дапаможа, не даводзіцца. I сапраўды: хто? Бацька, які любіў яе моцна-моцна, прапаў без вестак у першы год вайны, ёй было тады дзесяць. Далей расла-гадавалася пры айчыме — дробным чыгуначным службоўцы, да таго ж — не надта ласкавым да падчаркі. Маці — што магла маці, малапісьменная вясковая жанчына? Старэйшая на два з палавінай гады сястра Ліпа? Дык ёй самой была патрэбна помач. I ніякай хоць бы трохі знанай, уплывовай радні. Па бацькавай лініі ўвогуле нікога — ні дзядзькі, ні цёткі. Матчыны сёстры ў Маскве — простыя бедныя людзі, жыхары няшчасных камуналак. Абодва дзяды — выдатныя, культурныя гаспадары — былі высланы з Бацькаўшчыны (Сенненскі раён) як ворагі народа і загінулі недзе ў неаглядных нетрах ГУЛАГу. О, калі б былі жывыя дзяды, вялікія, мудрыя клапатліўцы-ахоўнікі роднай зямлі, роднага слова, родных святынь духу!..

Пасля вясковай сямігодкі тры гады вучылася ў Шуміліне, вясной і восенню ездзіла туды прыгарадным, зімой жыла на кватэры ў сястры, няньчыла яе малога. У Шумілінскай школе, хоць вучылася добра, была сярод равесніц, можна сказаць, някідкай, «у вочы не лезла», стрымлівала прыродная сціпласць. А між тым някідкая, «звычайная» школьніца Кавалёва надта любіла літаратуру і вельмі шмат чытала. Ды ўсё класіку, класіку пераважна асвойвала. Кнігамі з раённай бібліятэкі яе забяспечвала сястра — праз сяброўства з бібліятэкаркай. Шмат чытала — і шмат думала. I аб прачытаным, і аб пабачаным у кіно, і аб пачутым па радыё — музыку і песні, каб дазваляў час, магла б слухаць гадзінамі, — і аб пггодзён-ным навакольным жыцці, аб тым, што чула ад людзей старэйшых, якіх яна ўмела слухаць як рэдка хто. Дарэчы, гэтая здольнасць вельмі прыдасца ёй пасля на дыялекталагічнай практыцы — у размовах з носьбітамі жывой беларускай мовы.

Усе пяць гадоў на філфаку Ніна Іванаўна «грызла граніт навукі» ў поўным сэнсе гэтых слоў і назапасіла багатыя веды па праграмных філалагічных дысцыплінах, і не толькі па праграмных. Яна любіла заглянуць і за межы праграмы, асабліва што датычыла сучаснай беларускай, рускай і замежнай літаратуры. Настойліва дабірала, папаўняла веды, калі працавала рэдактарам выдавецтва БДУ і затым вучылася ў аспірантуры. Стаўшы выкладчыцай кафедры беларускай мовы філфака, дбала пра павышэнне сваёй прафесійнай кваліфікацыі штодзённа.

З аспірантурай ёй моцна не пашанцавала. Яна закончыла універсітэт з чырвоным дыпломам і мела бясспрэчнае права на працяг вучобы -— не паводле дыплома, а паводле таленту. Але аспірантуру ёй не прапанавалі: у яе не было, абсалютна не было пэўных, вядома якіх, чалавечых здольнасцяў. I яна паехала працаваць настаўніцай у вясковую дзесяцігодку — за трыста кілометраў ад дому (ад дому — бо была ўжо мінчанкай, маці і айчым перабраліся тым часам у сталіцу). Пасля школы і працы ў выдавецтве (пяць гадоў) аспірантуру ёй усё-такі прапанавалі, але зноў жа — было хоць плач ад крыўды. Загадчыца кафедры прафесар Марыя Жыдовіч паставіла ўмову: дысертацыю будзеш пісаць па гісторыі старабеларускай мовы, дакладней — па сацыяльна-эканамічнай лексіцы XV-XVII стст. Але ж Ніна Іванаўна ўсімі фібрамі душы была ў сучаснасці, у сучаснай літаратурнай і вуснай, жывой мове! Яе надзвычай цікавілі мова і стыль мастацкіх твораў беларускіх пісьменнікаў, яна і дыпломную пісала на тэму «Мова апавяданняў Міхася Лынькова». I вось жа, на табе! Апускайся на пяць стагоддзяў у гісторыю, выбірай і вывучай сацыяльна-эканамічную лексіку ў пісьмовых помніках старабеларускай мовы. Выйсця, аднак, не было. «Трэба пагаджацца, — сказала Ніна Іванаўна, — іншага Марыя Андрэеўна прапанаваць не можа, у яе свае навуковыя планы, яе аспіранткі павінны працаваць на яе магістральную тэму — па гісторыі лексікі. Напішу дысертацыю, абаранюся, а там будзе бачна. Зрэшты, гісторыю мовы належыць ведаць кожнаму мовазнаўцу, які курс лекцый ні давялося б чытаць». Гэта была праўда: сучасную мову добра ведае той, хто ведае гісторыю мовы. Як і ў літаратуразнаўстве — трэба ведаць усе эпохі станаўлення і развіцця нацыянальнай літаратуры.

Сабрала Ніна Іванаўна ўсю сілу волі ў кулак, зацялася, засяродзілася дый акунулася з галавой ізноў у вучобу — ужо з прыцэлам на будучую дысертацыю. Праз восем гадоў яна паклала на стол фаліянт на чатырыста машынапісных старонак. Шмат разоў — і тады, даўно, і цяпер, нядаўна — браў яго ў рукі, гартаў, учытваўся і пераконваўся: самая што ні ёсць доктарская. (Як член Вучоных саветаў і ў БДУ, і ў Акадэміі навук я перагартаў доктарскіх дысертацый шмат.) У фаліянце захоўваецца водгук на рэферат славутага гісторыка Мікалая Улашчыка. Афіцыйным апанентам быў вядомы пісьменнік і навуковец Мікола Лобан. Цікавы момант з гісторыі абароны. Калі ўжо быў назначаны «судны дзень», стала вядома, што прафесар Гомельскага дзяржаўнага універсітэта Уладзімір Анічэнка, які павінен напісаць водгук ад вядучай навуковай установы, лечыцца аж у Прыкарпацці, у Моршыне. I што робіць Ніна Іванаўна? Адкладае абарону да вяртання прафесара? Ну, гэта была б не Ніна Іванаўна. Не, ніякага адкладу-пераносу! Не ў яе характары. Садзіцца на цягнік і едзе за свет у той Моршын. I праз тры дні прывозіць патрэбны водгук.

Праз усё жыццё, як помню, яна прагна накідвалася на новыя кнігі, часопісы і газеты. У 1960-1980-я гг. у нашу хату ішло не менш за трыццаць перыядычных выданняў, у асноўным літаратурных і мовазнаўчых. Новая пошта паступала найперш у яе распараджэнне, і я не пратэставаў. Па-першае, яна вельмі хутка чытала, у адрозненне ад мяне, а па-другое, часам мне было выгадна: яна падкрэслівала ў часопісах і газетах тое, на што я павінен звярнуць увагу і не прапусціць (яна ведала -— на што, яна надта добра ведала — што мяне цікавіць!). Нярэдка і перапытвала: «Ці прачытаў у «Полымі»? А ў «Новом мире»? А ў «Вопросах литературы»?» Яна клапацілася, каб і я не апынуўся ў становішчы недасведчанага. Ды і цікава ж было пагаварыць, падзяліцца думкамі аб прачытаным. У яе кабінеце, у шафах, шафках, на стале і на століку і проста на паддозе грудзіліся сотні паасобнікаў часопісаў «Роднае слова», «Полымя», «Маладссць», «Адукацыя і выхаванне», «Русская речь», «Русский язык в школе», «Мовознавство» (Кіеў), зборніка «Беларуская лінгвістыка», тыднёвіка «ЛіМ»... У пухлых папках — сотні выразак з розных іншых выданняў, з літаратурных і грамадска-палітычных газет. I ўсё — скрэсленае-пападкрэсленае яе размашыстымі крэскамі і «птушкамі». Калі яна паспявала ўсё гэта перагледзець і перачытаць — не ведаю, адно дзівіўся заўсёды. У асноўным, канешне, вечарамі. Спаць клалася позна, не раней як а дванаццатай. Беларускія літаратурныя часопісы прачытвала вельмі ўважліва — і таму магла, пры выпадку, уступіць у размову з любым нашым празаікам, паэтам, крытыкам, асабліва — з ліку нашых сяброў. Часам і сама набіралася смеласці патэлефанаваць каму з іх і выказаць сваё прафесійна-абгрунтаванае захапленне. Было б досыць нашаму брату і проста захаплення, ну а калі яно яшчэ і абгрунтаванае, дык з такім чытачом пагаварыць асабліва прыемна.

Да самых апошніх дзён, ужо ў бальніцы, калі цяжкія лекі не зусім забівалі свядомасць, яна глядзела і перагортвала газеты.

Загрузка...