РОДНАЕ СЛОВА


Беларусь, беларуская мова, сям'я... Тры святыні, якім Ніна Іванаўна пакланялася, пра якія нязводна думала, якія самаахвярна да канца абараняла. Зрэшты, Беларусь і беларуская мова — было для яе адно і тое ж, паасобку адно і другое для яе не існавала. Яна не проста разумела, а ўсёй істотай сваёй, іначай сказаць, кожнай кропелькай крыві адчувала, што родная мова — гэта і ёсць Беларусь. Гэта быў яе адзін асвечаны Богам культ — культ роднага слова. А другім быў культ сям'і, які гэтаксама бачыўся ёй толькі ў арэоле святасці.

Спачатку — трохі пра культ роднага слова.

Любоў да роднага слова, адчуванне яго прыгажосці і сілы, неўсвядомленае захапленне яго прыроднымі якасцямі — гэта жыло ў душы Ніны Іванаўны з дзяцінства.

Мяркую па тым, колькі ў яе памяці яшчэ з малечых і падлеткавых гадоў засталося яркіх, адметных слоўцаў, трапных дасціпных выразаў, параўнанняў, прыгаворак, ёмкіх змястоўных азначэнняў і характарыстык. Несумненна, што падчас вучобы I затым працы ва універсітэце ўсё гэта, раней стыхійна-прыроднае, станавілася яе свядомасцю, зместам яе нацыянальнай самаіснасці, яе светапогляду. Усё гэта, урэшце, перарасло ў культ роднага слова. Само па сабе склалася непахіснае перакананне, што прыгажэй і даражэй за роднае слова для яе на свеце слоў няма. I яна пачала служыць яму — Слову-Духу, Слову-Боству — як самая праўдзівая верніца, — самаахвярна, апантана, я нават сказаў бы — фанатычна. Працуючы над дысертацыяй па гісторыі мовы, Ніна Іванаўна ў той жа час распрацоўвала курсы лекцый па культуры беларускай мовы, па стылістыцы, спецкурсы па мове выдатных беларускіх пісьменнікаў. I кожны год назапашвала лексіку і фразеалогію са скарбаў жывой народнай мовы ўчасе дыялекталагічнай практыкі — тысячы, тысячы запісаў, у тым ліку несумненнай навуковай і мастацкай каштоўнасці. Трэба было бачыць, як яна радавалася «знаходцы» — лексічнай, ці фразеалагічнай, ці сінтаксічнай «моўнай жывінцы» ў тэкстах, запісаных студэнтамі. Многія з іх яна адразу ж уключала ў свой актыўны слоўнік. Гэтак жа і ў дачыненні да тэкстаў беларускай мастацкай літаратуры. Колькі разоў — ці раптам убягаючы да мяне ў кабінет, ці адрываючы ад тэлескрынкі, ці нават на кухні — яна ў захапленні выгукала: «Ты толькі паслухай! Ты паслухай, які цуд — гэтыя яго «Мяшчане ў густой пары»!» Або: «Ты толькі паглянь, якія дзівосныя пярліны зіхацяць у яго "Ніжніх Байдунах"!» I ў каторы раз цытавала мне і Кузьму Чорнага, і Янку Брыля, і іншых — і была проста шчаслівая. Яна любіла чытаць перадусім тых пісьменнікаў, у мове якіх можна натрапіць на такое слоўца, якое хочацца «пакласці на зуб і пасмакаваць». Як вядома, не ў кожнага нават вельмі прызнанага раманіста ці апавядальніка такая «смаката для душы» знаходзіцца, не кожнаму гэты зайздросны дар даецца. Знаёмыя, сябры, сваякі любілі пагаварыць з Нінай Іванаўнай не толькі таму, што была патрэба ў яе розуме, што было цікава, што быў «узровень», ці як папросту кажуць — было што слухаць, але і таму, што яна гаварыла сваёй мовай — сваёй лексікай, сваімі выслоўямі, перыфразамі, прыгаворкамі, сваімі інтанацыямі. Яна не любіла браць і ніколі не брала напракат гатовыя шаблонныя фразачкі. Яна арганічна не цярпела ходкія досціпы накшталт «вешаць лапшу на вушы», «пудрыць мазгі», «выпасці ў асадак» і іншую моўную каросту. Яна ахвотна выкарыстоўвала і чужое, але — ці з жывой народнай мовы, ці з мовы мастацкай літаратуры, найчасцей апытанае ёю ж. Праз жывую мову беларускай вёскі і мову выдатных твораў беларускіх пісьменнікаў Ніна Іванаўна спасцігала адну вялікую праўду-ісціну: мова, якая валодае такімі якасцямі, — гэта мова несмяротная, векавечная, знішчэнню-вынішчэнню непадлеглая, у яе неймаверна моцна развітая і глыбока праніклая ў родны дол карнявая сістэма. Нічога з ёю не зробяць тыя — і свае, і прыхадні, — якія не могуць гэтую праўду-ісціну зразумець, іх ліквідатарскія намаганні неразумныя і марныя. «Ведаеш, — дзялілася іншы раз думкамі, — калі раптам і адразу ўзраслі і падняліся аж чатыры такія волаты, — раптам, адразу! — дык якія ж запасы жыццёвай моцы-сілы ў нашае мовы? » Чатыры волаты—гэта Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі. Або — у каторы раз перагартаўшы том Лукаша Калюгі: «Проста нямею, як перад нейкім дзівам: каб у васемнаццаць гадоў пісаць такую спелую ды такою моваю прозу — трэба быць геніем, няйначай як геніем! Добра, але ж геніі з нечага вырастаюць. З чаго? Што ёсць гэнае «чаго» ? Якая фізічная ці духоўная падаснова? Ну а дзеля чаго — прарастаюць? Навошта і па чыёй волі прарастаюць ? Хіба не дзеля таго, каб народ верыў у сябе і не падаў духам? Думаю, дзеля гэтага».

Цікава, прызнаюся, было мне гаварыць з Нінай Іванаўнай пра такія неабыдзённыя рэчы.

Сама яна ніколі ў сваіх думах-роздумах духам не падала. Хоць іншы раз сэрца не вытрымлівала і давала збой, заходзілася ад прыступаў болю. Аднойчы пачуў, што яна ў сваім кабінеце... плача. Прыслухаўся: ну так, плача! Піхнуў дзверыну і ўскочыў у пакой.

— Што здарылася? Чаго ты? Кажы хутчэй, што здарылася?

Яна згрэбла пальцамі слёзы з вачэй і, рыдаючы, прагаварыла:

— Я не перажыву гэтага, Ніл! Я не перажыву! Што яны робяць з нашай мовай! Яны ўсё дратуюць і душаць! Я не вытрываю! Я не перажыву!..

Даўно я не бачыў яе ў такім роспачным стане. Я сеў побач, на край ложка. Яна паклала галаву мне на плячо і трэслася ад плачу, рыдала, захліпаючыся, і я чуў, як коцяцца ў мяне пад вухам, па шыі, яе слёзы...

Гэтак жа, як жывое народнае слова, любіла Ніна Іванаўна і народныя песні — беларускія, украінскія, рускія, польскія, македонскія і іншых славянскіх народаў. Любіла не толькі слухаць, але і спяваць. Праўда, адна, сола, не спявала ніколі, не магу ўспомніць ніводнага такога выпадку. Спявала ў вузкім колцы ў застоллі, на сяброўскай вячэры. I — толькі свае самыя любімыя, а іх было няшмат. З беларускіх— «Закладайце, запрагайце коні вараныя», «Ой, чыё ж то жыта, чые то пакосы», «Капаў, капаў крынічаньку»... Пачынала песню яна, ведаючы, што я абавязкова падхаплю, і выконвалі мы іх звычайна ўдваёх — дуэтам (сябры казалі: во спеліся!). Любіла, каб песню спявалі культурна, далікатна, без крыку. Іншы раз непрыкметна штурхала мяне локцем, што азначала: «не крычы» («не дзяры горла»). У хаце ў нас быў высокі-найвысокі прыклад культурнага спявання—кружэлка з беларускімі народнымі песнямі ў выкананні Міхася Забэйды-Суміцкага. Кружэлку ў 1962 г. падарыў ёй асабіста сам славуты спявак у Празе, дзе ў час круізу яна яго наведала. Але пра гэта трэба распавесці асобна — падзея заслугоўвае таго, бо стала, можна сказаць, адным з зорных эпізодаў у яе біяграфіі, святло якога сачылася ў духоўнае жыццё нашай сям'і доўгі-доўгі час, — гэтак жа, як і падтрымлівала душэўныя сілы вельмі знакамітага і вельмі-вельмі самотнага беларускага спевака.

Загрузка...