ШТО ШУКАЛА I ЗНАХОДЗІЛА Ў ЧАСОПІСАХ?


Перагорнем, выбарачна, хоць некалькі нумароў часопіса «Роднае слова» (да 1992 года — «Беларуская мова і літаратура ў школе»). Звычайна на вокладцы Ніна Іванаўна пісала прозвішча аўтара і старонку, на якой змешчаны вельмі важны, на яе думку, матэрыял, які яна павінна выкарыстаць або ў сваіх лекцыях, або ў артыкулах, або ў дакладах ці паведамленнях на канферэнцыі, ды і проста для ўзбагачэння неабходнай філолагу інфармацыяй, — філолагу-грамадзяніну, філолагу-патрыёту. Вось №10 за 1988 год, стар. 62. Артыкул настаўніка Я. I. Пачабыта «Беларусаў адвучваюць ад, роднай мовы». Сам загаловак што кажа! Ну а якія радкі падкрэслены ў артыкуле? «У кожным з гэтых класаў (VI, VII, VIII) настаўнік можа пабываць на сваіх уроках беларускай літаратуры толькі адзін раз у тыдзень, чатыры разы ў месяц. I за гэты час трэба данесці да свядомасці вучняў скарбы і багацці беларускай літаратуры, выхаваць іх духоўна. Здзек!» I далей: «Я працую ў вясковай школе (...). Аднак вучні ўжо ў III класе чытаюць лепш па руску, чым па беларуску. У чым справа? Настаўнік той жа. Даследуем асяроддзе...» №11 за той жа 1988 год, артыкул Г. Гусейнава «Мова і насілле», перадрук з часопіса «Век XX и мир». Магутны артыкул. Помню, як Ніна Іванаўна сказала: «Паглядзі, якая табе падтрымка! Тваё выступленне ў Маскве, як бачыш, не аказалася «гласом вопиющего в пустыне». Мелася на ўвазе мая прамова на пленуме праўлення СП СССР, дзе я патрэбаваў у кожнай рэспубліцы зрабіць адзінай дзяржаўнай мову тытульнай нацыі. №11 за 1990 год, артыкул яе калегі, дацэнта філфака В. П. Краснея «Стылістычныя рэсурсы лексікі». Сказала: «Які малайчына Віктар Пятровіч! Які талковы, разумны артыкул, як усё наглядна, даступна, пераканаўча!»

Здвоены нумар 7-8 за 1991 год. Даклад знакамітага мовазнаўцы праф. Пятра Апанасавіча Бузука «Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў», прачытаны ім на акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў 1926 г. Пад радкамі пра трагічны лёс навукоўца (у 1934-м арыштавалі і выслалі, у 1937-м зноў арыштавалі, у 1938-м — расстралялі) Ніна Іванаўна напісала: «Беларусажэрцы!» А ў дакладзе вылучыла абзац, змест якога ёй вельмі імпанаваў: «Гэтакім чынам, бачым мы, што ўтварэнне беларускай мовы, г. зн. узьнікненьне галоўных фонэтычных і морфолёгічных зьяў, характэрных ддя большасьці беларускіх дыялектаў, а таксама для бел. літаратурнай мовы, у XIII-XIV стал. было скончана, г. зн., прыблізна тады, калі сформаваліся і іншыя славянскія мовы».

Апошні нумар часопіса за 1991 год прынесла паказаць мне. «Паглядзі і паганарыся: сведчанне, што ты сказаў новае слова пра Багдановіча». Часопіс адкрываўся артыкулам нашага былога студэнта Віктара Вабішчэвіча «Максім Багдановіч і гісторыя Беларусі», у якім цытаваліся наступныя мае радкі: «Ён быў адзін з першых, хто ўчытаўся ў гераічныя старонкі нацыянальнай гісторыі і глянуў на свой народ як на народ з эпічным мінулым. Гэта быў прынцыпова важны крок наперад у развіцці нацыянальнай самасвядомасці і гістарычнай думкі на Беларусі». «Ганаруся, — адказаў я Ніне Іванаўне, — але не за сябе, а за аўтара артыкула, — аднаго з тых, што ўважліва чытаюць сваіх настаўнікаў».

Шмат абзацаў падкрэслена ў артыкуле А. Бяляцкага пра творчасць Янкі Юхнаўца (№6 за 1993 год). Напрыклад, што кажа паэт пра фальклор: «Над мной пануе мудрасць беларускага фальклёру». Асабліва зацікавіла Ніну Іванаўну мова Юхнаўца, яго апантаная спроба абнавіць форму слова, надаць яму беларускае, на яго думку, гучанне {шорах моўкнасці, заўнімуся, вада ўсточная, ядзерніста мурожны поплаў, зманлівасьць дарлівай вокмяці жыцьця і інш.). Ухвальна пазначыла наступнае прызнанне паэта: «Мне давялося бачыць старыя слоўнікі ў заходніх бібліятэках, ад іх запазычыў шмат, і яны не дыялект для мяне. (...) Навошта скідваць у гістарычную яму свае родныя дыямэнты? » У № 9 за 1993-ці вылучыла артыкул Любы Тарасюк «Непадзельнасць» пра паэзію Ніны Мацяш, пра маштабнасць яе творчай асобы. Прачытаўшы, сказала мне: «Трэба Любе аддаць належнае: як глыбока разумее паэтку, яе духоўны свет, яе маральныя запаветы!» У нумарах 9, 10 і 11 за 1994 год моцна скрэсліла (ухвальна.!) артыкул Алеся Бельскага «У асмужанай красе твой, восень, воблік» — пра вобраз восені у беларускай паэзіі. Як і яго ж, у ранейшых нумарах, артыкулы пра вобраз вясны ў творчасці нашых паэтаў. Здавалася б, гэта сфера літаратуразнаўства, навошта ж ёй так пільна і зацікаўлена ўнікаць у паэтыку пейзажнай лірыкі? Рэч у тым, што яна была пераканана: вобразы прыроды маюць першаступеннае значэнне, бо праз іх асабліва выразна праяўляецца нацыянальная спецыфіка літаратуры. А Ніна Іванаўна дае менавіта такія тэмы для курсавых і дыпломных работ — каб студэнты нацыянальную спецыфіку адчулі, убачылі, засвоілі. А як без гэтага пазнаваць саміх сябе? Вядома, яна праводзіць гэта ў мовазнаўчым плане, праз вывучэнне моўных асаблівасцяў твора. Напрыклад, адна з дыпломных, напісаннем: якой кіравала Ніна Іванаўна, мела назву «Нацыянальная вобразнасць у паэтычным кантэксце П. Панчанкі». У рабоце разгледжаны асноўныя лейтматывы творчасці паэта: словы-вобразы «Радзіма», «народ», «мова», «песня», вобразы этна-прасторы, словы-вобразы часу, назвы расліннага свету, найменні фаўны, тапонімы і антрапонімы. Вось такая скіраванасць, такая навукова-выхаваўчая мэта: праз вобразы і мову паэзіі пазнаваць сябе. Ну, а пазнаўшы сябе — будзем і шанаваць сябе.

Не здзівіўся, што так шмат падкрэсленняў у публікацыі М. Прыгодзіча «В нём скрываются драгоценные остатки древнего языка Славянского...» — пра першага даследчыка беларускай мовы Канстанціна Калайдовіча (№12 за 1994 г.). Назва публікацыі — гэта сказ са змешчанага тут жа артыкула Калайдовіча «О белорусском наречии». Змешчаны і яго «Краткий словарь белорусского наречия», складзены ім у 1813 годзе. Падкрэсліла 1813 як першую дату ўжывання тэрміну белорусский у навуковай літаратуры. Для Ніны Іванаўны, з яе чуццём гістарычнага духу роднай мовы, чытаць такія матэрыялы было вялікай насалодай. У гэтым жа нумары вельмі ўважліва прачытаны ёю артыкул У. Міхнюка і Р. Платонава «Трагічны лёс паэта» — пра жыццёвы і творчы шлях расстралянага бальшавікамі ў 1937 годзе Алеся Дудара. У артыкуле пададзены знакаміты верш паэта «Пасеклі край наш папалам», за які ён быў у 1929 годзе высланы з Беларусі. Ніна Іванаўна прачытала верш некалькі разоў і між іншым заўважыла, што ў публікацыі ў першым радку ёсць нечаканы для майстра рытмічны збой, — відаць, хтосьці, перапісваючы верш, пераставіў словы, і замест «Пасеклі край наш папалам» стала «Пасеклі наш край папалам» (так надрукавана і ў часопісе). Увесь верш напісаны ямбам, а тут ямб пераведзены ў амфібрахій.

Аднойчы такой пільнай чытачкай «Роднага слова» я быў пасаромлены. Спытала: «Табе вядомы верш Купалы "Тае снег" » ? — «Нешта не прыпомню». — «На, пачытай» — І падала мне часопіс. Думаю: што ж яна знайшла ў вершы пра таянне снегу? Ого, што знайшла! Думы гаспадара свайго шнура зямелькі, які чакае вясны, што ўжо блізка. Бо тады ён:

Смела гляне на свет і на долю змянлівую,

Як дагэтуль, яму не дадуцца ўжо ўзнакі

Тыя сілы з усходу і захаду мсцівыя,

Што даймаюць цяпер, як вужакі.

Публікацыя Леаніда Лыча «Я роднае мовы не кіну ў нядолі» (1996, №8) ніяк не магла застацца не заўважанай ёю. Вядомы навуковец абазначыў тэму артыкула вельмі інтрыгоўна: «Беларуская прэса ў перыяд акупацыі». О, колькі цікавай інфармацыі і слушных думак знайшла яна, мяркуючы па падкрэсленнях, у гэтым даследаванні! Ддя прыкладу — толькі адзін абзац: «У мэтах узгадавання нацыянальна здаровага беларуса былі распрацаваныя паводле выказаных раней думак Вацлава Ластоўскага спецыяльныя дзесяць запаведзяў. З мэтай пашырэння апошніх у народзе «Беларуская газэта» змясціла іх 6 чэрвеня 1942 г. У ліку запаведзяў былі і такія: «Шануй мову сваю родную крывічанскую, ужывай яе ўсюды і заўсёды, не папускай на зьдзек нікому»; «Памятай выслаўляць дзень сьвяты Сакавіковы»; «Не перасаджай ні маскальскае, ні польскае культуры на грунт свой народны».

На вокладцы нумара 6-га за 1998 год напісала: Конан! З клічнікам, вядома. Дзесяткі разоў за дзесяткі гадоў паставіла Ніна Іванаўна гэта прозвішча на вокладках беларускіх літаратурных часопісаў — каб помніць і не выкінуць выпадкова нумар з публікацыяй нашага знакамітага вучонага. (Яго газетныя артыкулы зберагала таксама.) Што на гэты раз прынесла ёй чытацкую радасць? Артыкул «Прыйдзіце да мяне, усе струджаныя...» З падзагалоўкам: «Ідэалы сацыяльнай: гармоніі і зямнога раю ў беларускім фальклоры». Годам раней (1997, №7) яшчэ больш падкрэсленняў і паметак-заўваг зрабіла яна на палях яго артыкула «Беларусь мая старонка, дык люблю ж яе» — пра цыклічную структуру лірыкі Янкі Купалы. Не помню, якім разам, але помню — сказала: «Вучоны сусветнага ўзроўню! Паглядзі, якія глыбіні ўздымае! Знаеш, аж страшнавата неяк. Уражанне, што чуешся перад ім круглым невукам». I яшчэ — помніцца: «Конана трэба чытаць, чытаць і чытаць — пільна-пільна, удумліва-удумліва. Гэта вялікі наш мысляр-эстэтык, літаратуразнаўца, фалькларыст, міфолаг. Дасведчанасць і глыбіня — у нас не параўнаныя».

Гэтак жа ўважліва чытала Ніна Іванаўна многія публікацыі ў расійскіх літаратурных і мовазнаўчых часопісах, — тыя, што абуджалі ў ёй прафесійную філалагічную цікавасць або давалі агульнакультурны інтэлектуальны пажытак. Так у часопісе «Вопросы литературы» (1979, №9) у артыкуле пра паэзію У. Сакалова («Я очень родину люблю») Ніна Іванаўна падкрэсліла радкі паэта: «Сочинять умел Сальери, // А слушать инших не умел». Вось у якія глыбіні паэтыкі забіралася яна ў пошуках адказу на пытанні: што такое паэзія і хто паэт? І чым мерыць талент? Гэта яе цікавіла. Паэт — той, хто «умеет слушать инших». У гэтым жа часопісе (1988, №12) яе моцна зацікавіў артыкул («критический этюд») знакамітага расійскага філосафа Канстанціна Лявонцьева «Анализ, стиль и веяние» — аб раманах Льва Талстога. Падкрэсліла думку-заўвагу вучонага: «Западные литераторы только со времен Тургенева и Толстого стали изучать нас». А калі, пытаецца Ніна Іванаўна, пачалі вывучаць нас, беларусаў, беларускую душу, псіхіку, гісторыю культуры? Такія яе пытанні на палях часопісаў значылі для мяне вельмі-вельмі шмат. Мне былі бачны далягляды яе духоўнага свету, яе пастаянна напружанае імкненне гэтыя далягляды пашыраць. Вось чаму мне ніколі не было з ёй сумна, нам было аб чым пагаварыць. Дарэчы, гэта ў значнай меры вызваляла мяне ад неабходнасці бегчы на гамонку да сяброў літаратараў, узровень гамонкі быў забяспечаны дома. Пагадзіцеся, не такая частая боская ўзнагарода творцу.

Загрузка...