ДРОБНАЕ ЛІРЬІЧНАЕ ХУЛІГАНСТВА


У БДУ я прыйшоў з цвёрдым намерам набрацца ведаў. Таму з першага дня лекцыі слухаў уважліва і вельмі дакладна заканспектоўваў іх — балазе меў ужо немалы, набыты ў педвучылішчы, навык. Пісаў я тыя свае канспекты і дробна-дробна, і густа-густа — як макам радочкі ўсыпаны, хоць праз лупу чытай! Ад чаго пайшло ў мяне такое пісанне? Перадусім — ад беднасці. У пасляваеннай школе быў вымушаны эканоміць кожны квадратны сантыметр паперы, у педвучылішчы гэты разлік працягваўся. I ва універсітэце таксама.

...Скончыўся кароткі, між дзвюма гадзінамі адной пары, перапынак, і мы ўсе, паўсотні першакурснікаў беларускага аддзялення, рушылі з вестыбюля і калідораў у аўдыторыю — слухаць далей лекцыю дацэнта Майсея Грынблата па беларускай фалькларыстыцы. Саджуся за парту, на сваё месца, дастаю «самапіску», кідаю вокам на сшытак, які, натуральна, ляжаў разгорнуты, бо будзе ж працяг канспектавання, і — што такое? Што гэта такое? Хто гэта, які нягоднік, так нахуліганіў? Ніжэй запісанага мною тэксту, заняўшы ўсю палавіну старонкі, красаваўся здаравенны, размашыста разагнаны тоўстым пяром у бакі «зэт», з нахабнасытай «перакладзінай» пасярздзіне. Ну дакладна такі, які ставяць у канцы дакумента — якога-небудзь акта ці вопісу, толькі павялічаны мінімум у дзесяць разоў. Мне гэта, канешне ж, не спадабалася. Па-першае, сапсавана палавіна старонкі, а па-другое, што гэта за непавага да гаспадара сшытка?

— Слухай, — павярнуўся я да суседа па парце Івана Котава,—ты не бачыў, хто гэта мне квэцнуў такога вярзілістага «зэта» ?

— Не бачыў, — адказаў, здзіўлены нейчым свавольствам, Іван. — Я ж разам з табой выходзіў, і разам заходзілі...

Камусьці няма чаго рабіць. I моцна свярбяць рукі. Ну што ж, ладна. Следства весці не стану. I перагарнуў сапсаваную старонку.

Аднак праз колькі дзён дробнае хуліганства паўтарылася — цяпер ужо ў канспекце лекцый па курсе дацэнта Барыса Касоўскага «Уводзіны ў агульнае мовазнаўства». Гэтым разам невядомы зламыснік сапсаваў у сшытку амаль цэлую старонку. Знізу ўверх, наўскасяк, гэтак жа размашыста і гэткім жа таўстадзюбым пяром былі пастаўлены ажно тры вялізныя, завітушна-фігурыстыя «зэты». Зноў паказаў след «злачынства» Івану Котаву. Той выказаў абурэнне, а ўслед і здагадку:

— Знаеш, гэта не хлопцы, гэта нехта з дзяўчат да цябе чапляецца. Гэта ў іх манеры — такія свавольствы.

Бясспрэчна, пагадзіўся я ў думках з Котавым, гэта нехта з аднакурсніц. Але хто? Каторая? Цяпер ужо справа гонару — абазнаць хуліганку. Напэўна ж, на двух разах яна не спыніцца, гульня яе захапіла — і трэба чакаць працягу. Ну што ж, паспрабуем падпільнаваць, высачыць.

Аднойчы на перапынку выйшаў у вестыбюль самы апошні. Выйшаў і праз секунд колькі азірнуўся. І ўгледзеў, як у аўдыторыю шмыганула студэнтка Кавалёва. Праз долю хвіліны падыбаў туды I я — і заспеў «хуліганку» на месцы злачынства. Ужо ставіла мне ў сшытку новыя «зэты»—гэтым разам у канспекце па курсе прафесара Івана Гутарава «Уводзіны ў літаратуразнаўства».

— А-га! — закрычаў я ад радасці, што ўсё-такі высачыў. — Дык во хто псуе мне сшыткі!..

Яна не на жарт спалохалася, а яшчэ больш здзівілася.

— Ой! Ой, папалася! Як жа гэта я папалася?! Даруйце, я больш не буду. Не буду! Толькі не біце! Хрыстом Богам прашу: толькі не біце! — Гэта ўжо вымаўлялася з гарэзлівай усмешкай. — Даруйце, ну даруйце! Можа, я калі-небудзь апраўдаюся перад вамі...

Усё гэта гучала настолькі міла і артыстычна, што і я міжволі рассмяяўся. Злавацца нельга было — ну ніяк.

Праз усё жыццё пасля, успамінаючы той забаўны эпізод, думаў: чаму яны вымавіліся тады — тыя дзіўныя прарочыя словы: «Можа, я калі-небудзь апраўдаюся перад вамі...»?

Загрузка...