XI

«Калі чалавек застаецца адзін, ён рызыкуе трапіць на дрэнную дарогу», — падумаў Філька, застаўшыся ў адзіноце на пустыннай вуліцы, па якой звычайна вяртаўся разам з Таняй са школы.

Цэлую гадзіну чакаў ён яе, стоячы на рагу каля латка кітайца. Ці ліпучкі з салодкага цеста, што кучай ляжалі на латку, ці сам кітаец у драўляных чаравіках заняў увагу Фількі, але толькі цяпер ён быў адзін, і Таня пайшла адна, і гэта было аднолькава дрэнна для абаіх.

У тайзе Філька б ведаў, што рабіць. А тут, у горадзе, яго могуць прыняць за паляўнічага сабаку і пасмяюцца з яго.

І, падумаўшы пра гэта, Філька прыйшоў да горкага вываду, што ён ведаў шмат чаго, што ў горадзе было яму не патрэбна.

Ён ведаў, напрыклад, як каля ручая ў лесе высачыць собаля па парошы, ведаў, што калі да раніцы хлеб змерзне ў клеці, то можна ехаць у госці на сабаках — лёд вытрымае нарту, і што калі вецер дзьме з Чорнай касы, а месяц стаіць круглы, то будзе буран.

Але тут, у горадзе, ніхто не глядзеў на месяц; ці моцны лёд на рацэ, даведваліся проста з газеты, а перад буранам вывешвалі сцяг на каланчы альбо стралялі з гарматы.

Што датычыць самога Фількі, то яго прымушалі тут не высочваць звера па снезе, а рашаць задачы і знаходзіць у кнізе дзейнік і выказнік, чыіх слядоў не знайшоў бы самы лепшы паляўнічы ў стойбішчы.

Але няхай Фільку лічаць сабакам, каму гэтага хочацца, і няхай смяюцца з яго, але ў гэты раз ён зробіць па-свойму.

І Філька сеў на кукішкі пасярод вуліцы і праверыў усе сляды, якія былі на снезе.

Добра, што гэта быў першы снег, і выпаў ён нядаўна, і што па гэтай вуліцы амаль ніхто не хадзіў.

Філька падняўся і пайшоў, не адрываючы вачэй ад зямлі. Ён пазнаў іх усіх, хто тут быў, нібыта прайшлі яны ў яго перад вачыма. Вось адзінокія Таніны сляды ля самага плота — яна ішла адна паперадзе, ступаючы асцярожна, каб не вельмі таптаць нагамі гэты слабы снег. Вось сляды Жэні ў галёшах і Колі — яго крок нешырокі, але ўпартасць надае яму адзнаку цвёрдасці.

Але як дзіўна яны сябе паводзілі! Паварочвалі, падпільноўвалі Таню і зноў даганялі яе. Было падобна на тое, што яны смяяліся з яе. А яна ўсё ішла, ішла наперад, і неспакойна было ў яе на сэрцы. Хіба такія сляды пакідае яна на Фількавым двары ці на пяску ля ракі, куды ўдваіх яны ходзяць на акунёў?

Але ж куды яна знікла?

Таніны сляды канчаліся раптоўна на месцы, дзе не было ні ганка, ні брамкі ў плоце. Яна, як ластаўка, паднялася проста ў паветра. А можа, гэта само паветра, цёмнае ад першага снегу, падхапіла яе ўгору, як ліст, і круціць цяпер у воблаках і калыша? Не магла ж яна, на самай справе, пераскочыць праз такі высокі плот!

Філька пастаяў секунду, потым рушыў далей па слядах Жэні і Колі — яны ішлі спачатку побач, а на рагу разыходзіліся ў розныя бакі, не вельмі задаволеныя адно адным.

«Яны пасварыліся», — падумаў Філька і павярнуў назад, смеючыся.

Ля плота ён зноў пастаяў у роздуме над слядамі Тані і падняў руку ўгору.

«Так, на краі плота ёсць выступ, за які можна зачапіцца рукой. І ў Тані дужыя ногі, — сказаў сабе Філька. — Але ў мяне павінны быць удвая дужэй. Інакш няхай мяне фізкультурнік наш закапае ў зямлю жывым».

І Філька, перакінуўшы сумку з кнігамі, падскочыў так высока, што старая, праходзячы міма, назвала яго «нячысцікам».

Але Філька ўжо не чуў таго. Ён быў за плотам і ішоў па чужым гародзе далей, побач са слядамі Тані.

У канцы гарода ён пераскочыў яшчэ праз адзін плот, ужо не такі высокі, і выйшаў да гаю, які быў блізка ля дома. Тут абагнуў ён кусты невысокай каліны, што губляла ягады ў снег, і глянуў на гай. Увесь белы ад шаўковых каменных бярозак і маладога снегу, ён здаўся яму выдумкай, якая ніколі і не снілася яму, выгадаванаму ў лесе. Кожная галіна бачылася рэзка, нібы акрэсленая крэйдай, ствалы нібы дыміліся, светлыя іскры прабягалі па іх кары. І ў гэтым сярэбраным гаі, сярод нерухомых дрэў нерухома стаяла Таня і плакала. Яна не чула ні ягоных крокаў, ні шуму рассунутых галін.

Філька адышоўся за кусты і пасядзеў нядоўга на снезе. Потым ціхенька адпоўз і нячутна пакрочыў назад.

«Калі чалавек застаецца адзін, — зноў падумаў Філька, — то ён, вядома, можа трапіць на дрэнны шлях: ён можа бегаць па слядах, як сабака, і скакаць праз плот, і, як ліса, назіраць з-за кустоў за іншымі. Але калі чалавек плача ў адзіноце, то лепш яго не чапаць: няхай плача».

І Філька, абышоўшы гай, павярнуў у завулак і падышоў да варот Тані. Ён адчыніў брамку і зайшоў у яе дом смела, як ніколі не заходзіў.

Старая спытала, што яму трэба.

Ён адказаў, што прыйшоў пабачыць маці Тані і сказаць ёй, што ў школе сёння гурток і Таня запозніцца. Старая паказала яму на пакой, дзе сядзела маці. Ён прыадчыніў дзверы і зноў хутка зачыніў іх. У пакоі на чырвонай канапцы побач з маці сядзела Аляксандра Іванаўна.

Абняўшы маці Тані, яна гаварыла ёй нешта, і абедзве трымалі ў руках маленькія белыя хусткі, якія яны зрэдку падносілі да вачэй.

Няўжо і яны гаравалі аб нечым?

Філька падаўся назад, не рыпнуўшы ніводнай палавіцай. Ён выйшаў на ганак і хутка пакрочыў да варот. Так, ён ведаў многія рэчы, якія ў горадзе яму не былі патрэбны. Ён ведаў галасы звяроў, ведаў карэнне траў, ведаў глыбіню вады, ведаў нават, што не варта хату ў лесе канапаціць лямцам, таму што птушкі цягаюць яго на гнёзды. Але калі людзі не смяюцца, а плачуць удваіх, ён не ведаў, што ў такім выпадку рабіць. Няхай сабе ўсе яны плачуць, а яму лепей займацца сваімі сабакамі, таму што настала зіма, і хутка лёд падымецца над вадой і ад месяца стане зялёным, як медзь.

Загрузка...