XX

— Бываюць розныя віды кахання, — сказала тоўстая дзяўчынка Жэня.

Яна сядзела ў сваім пакоі з Таняй ля акна перад вялікім акварыумам са свежай вадой.

Яны больш не былі ворагамі. І абедзве дзяўчынкі глядзелі скрозь шкло на ваду і вуліцу, дзе за акном даўно ўжо была вясна.

Маленькія палонныя рыбкі хвастамі раздраблялі вялізнае сонца, што вольна плыло міма, і на тонкіх промнях, як на канатах незвычайныя танцоркі, танцавалі над плотам пылінкі. Стары меднік крычаў на скрыжаванні, стукаў па жалезнай рэйцы, і Тані здавалася, што ён разам са сваім жалезам прынёс у горад вясну.

— А ты кахала калі-небудзь? — спытала Таня.

— Кахала, — адказала Жэня, — толькі гэта было даўно, яшчэ ў трэцім класе.

— Але як ты даведалася пра гэта?

— Вельмі проста. Ён спытае, бывала: «Жэня, пакажы мне задачу». А я ведаю, што паказваць нельга. «Не буду», — кажу сабе. Але ён скажа: «Жэня, я болей не буду дражніцца». Ну, і пакажаш. Нічога са сваім сэрцам зрабіць не магла. А цяпер мінула. Пабачыла, што дрэнна вучыцца пачала, і кінула. Рашыла — хопіць!

— Але як жа ты гэта зрабіла? — з цікавасцю запытала Таня.

— Вельмі проста! Перастала глядзець на яго. Не гляджу, не гляджу — і забуду.

Таня разагнула спіну, але не перастала глядзець на шкло і на ваду, пасля без усмешкі спыніла ўважлівы позірк на сяброўцы. Усёй душой пазайздросціла яна яе круглым шчакам, яе цвярозай галаве, напоўненай такімі дзівоснымі думкамі, і ўздыхнула. Яна ціха свіснула.

— Не свішчы, — сказала Жэня, — гэта прыносіць няшчасце ў дом.

І Таня затрымала дыханне ў гэтым доме, дзе зімой зацвіталі царскія кучары і сярод тонкіх водарасцяў жылі залатыя рыбы.

Абедзве яны памаўчалі.

— Так, гэта праўда, — сказала Таня, — бываюць розныя віды кахання, — і нечакана пайшла, не прамовіўшы больш ні слова.

А стары меднік усё крычаў на скрыжаванні, бразгаў жалезам, і за акном стаяла вясна.

У гайку за домам Тані таксама стаяла вясна, тая ж самая. Яна падняла траву ля падножжа каменных бярозак, свежым мохам абагрэла карэнне сініх піхтаў. І піхты паківалі сваімі густымі, цяжкімі галінамі, навяваючы самі на сябе цёплы вецер.

Таня паклікала Фільку. Ён адказаў ёй з дрэва, матляючы босымі нагамі. Сваім вострым, як шыла, нажом вастрыў ён аловак, а на каленях ляжалі сшыткі і кнігі — цяжкі для хлопчыка груз, ад якога гнулася не толькі яго галава, але і хісталіся нібыта вяршаліны дрэў, увесь лес навокал хадзіў ходырам.

Ён вучыўся старанна.

І Таня з таго страшнага дня на рацэ не пакідала яго. Яны займаліся разам, і яе вострая памяць прыходзіла на дапамогу ім абаім.

Таня ўчапілася за тоўсты сук, падскочыла і таксама залезла на дрэва.

Гэта была даурская бяроза, амаль без лісця, што парасла крыва над зямлёй. Так зручна было сядзець на ёй побач!

— Заўтра апошні экзамен, — сказаў з папрокам Філька, — а ты пайшла на цэлую гадзіну. Сама ўсё ведаеш, а другі чалавек няхай прападае. І ён прападзе. Я даю табе слова. І, можа стацца, каб ён не прапаў, яму трэба вучыцца, — з горыччу заўважыў Філька, — а цябе, калі патрэбна, няма.

— Філька, — сказала Таня яму, — ты мог бы і адзін вывучыць гэтую тэарэму за гадзіну, пакуль я хадзіла да Жэні.

— А што ты скажаш, — з сумам запярэчыў Філька, — калі я яе вучу, вучу, а яна коціцца ад мяне, як на колах?

— Тады пачнём хутчэй.

Таня, выцягнуўшы руку, узяла ў Фількі свой сшытак.

— Калі дзве акружнасці маюць агульную кропку… — сказала яна, гледзячы на кіпеўшае ад ветру лісце.

Але Філька ўсё вастрыў і вастрыў аловак, і паляўнічы нож яго ззяў на сонцы, як крыло ляснога голуба.

— Не, пачакай, — сказаў ён, — ты скажы мне спачатку праўду. На самай справе ты сёння на світанні пойдзеш з Колем на мыс?

— Я сказала табе праўду.

— І дзеля гэтага ты надзела сваю святочную сукенку і лазіш па дрэвах і не шкадуеш яе?

— Так.

— А калі Коля спалохаецца і не прыйдзе на мыс?

— Ён прыйдзе, — сказала Таня, не адрываючы вачэй ад лісця.

— А калі бацька даведаецца?

— Не даведаецца.

— Ты не баішся хіба, што хто-небудзь раскажа яму?

Таня паціснула плячыма:

— Апроч цябе, ніхто не ведае. А ты ж не скажаш?

Але ўсё ж яна зірнула на Фільку з падазрэннем: ці не смяецца ён.

Але ніколі ў жыцці Філька не быў такі сур'ёзны.

— Я ведаю тую мясціну, — задуменна сказаў ён. — Там на зары пасуцца фазаны. Добра іх страляць раніцай… Але ты не хадзі. Я цябе, як дзяўчынку, прашу.

— Не, я пайду, — адказала Таня.

І па голасу яе Філька зразумеў, што і Тані ўласціва ўпартасць.

Усё, што ён мог спытаць, ён спытаў; усё, што ён мог сказаць, то сказаў. Што яшчэ заставалася рабіць?

Ён моўчкі паглядзеў на Таню. Сонечнае святло гарэла на яе твары, на руках, на лёгкай прыгожай сукенцы, якую яна не баялася папсаваць.

І ён падумаў:

«Дарэмна, аднак, я пра ўсё гэта пытаўся. Яна нічога не баіцца».

І ў тую ж хвіліну ён заўважыў у вачах Тані незвычайны страх, якога раней ніколі не заўважаў ні ў позірку, ні на твары.

Ён адсунуўся з міжвольным спалохам:

— Што з табой?

— Вусень!.. — крыкнула Таня.

Яна адцягнула плацце на шыі, моцна сціснуўшы яго ў вузельчык, і з жахам паўтарыла некалькі разоў:

— Вусень! Вусень! Вось ён тут! Брыдка! Рэж хутчэй!

Самую малую долю секунды Філька вагаўся, гледзячы на свой нож, якім здабываў мурашкавы сок, і рэзаў серу, і рабіў столькі прыемных для Тані рэчаў.

І раптам, узмахнуўшы ім, адхапіў вялікі кавалак Танінай сукенкі.

Нічога не адчуваючы, акрамя страху і брыдкасці, Таня ў першы момант усё яшчэ сціскала ў руцэ адрэзаны кавалак тканіны, потым павольна разгарнула яго. Замест страшнага вусеня на яе руцэ ляжаў звычайны сучок.

Страх на Таніным твары змяніўся неўразуменнем, неўразуменне — адчаем, калі яна ўбачыла на сваёй сукенцы вялізную дзірку. Яна пляснула рукамі:

— У чым я цяпер пайду! Навошта ты гэта зрабіў, Філька?

— Знарок, — сказаў ён, — хаця ты сама мяне прасіла. Але, можа, ты цяпер не пойдзеш на мыс?

— Усё роўна я пайду. Я пайду, я пайду! — закрычала Таня і, саскочыўшы на зямлю, знікла, патанула за дрэвамі.

І Філька не паспеў заўважыць, як знікла яна між чорных і белых бяроз.

Нібы віхор памчаў ад Фількі друга.

Ён застаўся на дрэве адзін. Геаметрыя, што ляжала ў яго на каленях, упала на траву. Паласаты бурундук, самы цікаўны з усіх жывучых у гэтым гаі пад каранямі даурскай бярозы, падышоў да кнігі і спыніўся перад ёй. У пярэдніх лапах ён трымаў арэх, які нёс у сваю норку.

Філька сярдзіта запусціў у бурундука нажом. І востры нож уткнуўся ў зямлю перад самай пысай звярка.

Бурундук кінуў арэх і таксама знік.

А Філька павольна споўз з дрэва. Ён падняў арэх паклаў яго на далонь і ўзважыў — арэх быў поўны. Філька некаторы час глядзеў на яго не рухаючыся, увесь час думаючы пра Таню, і потым, вырашыўшы, што ўсё-такі кожны арэх павінен быць з'едзены, гучна разгрыз яго.

Загрузка...