Дзеці не разбудзілі Таню. Яна прачнулася ў цішыні і пайшла сама, і румянае ад захаду паветра праводзіла яе да самага дому. Яно асвяжыла ёй грудзі, галаву, плечы, але сумленне ныла болем.
Як раскажа яна пра ўсё гэта маці, як зможа яе засмуціць?
Але дома, акрамя старой, яна зноў нікога не застала.
Яна не папрасіла гарбаты ў старой, нічога не з'ела і, не здымаючы вопраткі і абутку, легла ў ложак, хоць маці заўжды забараняла ёй гэта рабіць.
«Няхай, — рашыла Таня. — І што я зрабіла благога — хто вінаваты, што ўсё так выйшла, што няма ў мяне ні сясцёр, ні братоў, што я чакаю зараз невядомую кару, што бабуля старая і ў цэлым доме няма каму слова вымавіць? Што заўсёды адна, што заўсёды сама? Хто ў гэтым вінаваты? Ці не маці? Чамусьці ж пакінуў яе бацька і пайшоў. Чаму?»
Таня ляжала доўга, не запальваючы агню, пакуль накіраваны ў змрок позірк яе не стаміўся і вейкі не пагасілі яго.
Таня нібыта не драмала, гатовая чуйна ўстаць на матчын голас ці на водгук яе крокаў.
Аднак яна не пачула іх.
Маці патрэсла яе за плячо. Таня прачнулася. Агонь яшчэ гарэў, але сон не адышоў ад яе, і сярод смутных вобразаў і пачуццяў, якія агарнулі яе ў сне, пабачыла яна схілены над сабой твар маці. Ён быў таксама смутны, нібы цень накрываў яго, і выказваў ён такое ж смутнае хваляванне і незадаволенасць, а позірк стаяў нерухома на адным месцы. І раптам Тані падалося, нібы матчына рука падымаецца над ёй для ўдару.
Яна ўскрыкнула і села.
Маці толькі хмурылася.
— Чаму ты спіш апранутая? — сказала яна. — Устань, я ж прасіла цябе гэтага не рабіць.
Але не пра адзенне думала маці — Таня бачыла гэта…
— Устань, — паўтарыла маці, — і выпі гарбаты. Я толькі што была ў дырэктара школы. Мяне выклікалі. Уставай жа, мне трэба з табой пагутарыць.
А Таня не зварухнулася, не ўстала.
Яна сядзела, учапіўшыся за край драўлянага ложка, і маці апусцілася побач з ёй на пасцель.
Яна ледзь дакранулася да Тані. Але і ў гэтым лёгкім дотыку яна адчула ўсё засмучэнне маці.
— Як жа гэта ўсё ў цябе атрымалася? — запытала маці.
— Гэта няпраўда, — адказала Таня. — Няўжо ты паверыла?
І голас Тані быў прыглушаны, быў затуманены яе доўгім маўчаннем. Яна сёння не сказала і двух дзесяткаў слоў.
— Я не паверыла — ніхто не паверыў, акрамя Арыстарха Арыстархавіча. Ён патрабаваў нават, каб цябе выключылі.
— Чаму? — глуха спыталася Таня.
— Ён смешна гаварыў пра гэта, — сказала маці. — Таму, гаварыў ён, што ты засмечваеш дзіцячыя кадры. Так, ён вельмі смешна гаварыў пра гэта, — паўтарыла маці і сама ўсміхнулася крыху.
А Таня зусім не ўсміхалася.
Маці гаварыла:
— Але ў цябе шмат сяброў — гэтым я задаволена, і Аляксандра Іванаўна твой друг, і дырэктар у вас добры і разумны чалавек, хаця ён і злаваў на твайго бацьку.
— Хіба і тата быў там? — спытала Таня спалохана.
— Так.
Маці прыкрыла вочы, твар яе нібы асунуўся за гэты вечар.
— Але не гэтая гісторыя з газетай засмучае мяне, Таня, — сказала яна нягучна, — а ты; ты нічога не расказваеш. Я пра ўсё даведваюся збоку: пра Колю, пра твае дзіўныя паводзіны, за якія дзеці празвалі цябе дзікім сабакам дзінга. А дома ты цяпер заўсёды маўчыш. Няўжо ты палохаешся мяне, ці не паважаеш, ці не любіш? Адкажы мне.
Таня павяла галавой. Ёй цяжка было гаварыць.
— Я заўсёды адна, я заўсёды сама, — нячутна сказала Таня. І дадала цішэй: — Чаму бацька пайшоў ад нас? Хто вінаваты ў гэтым, адкажы мне.
Цяпер маці маўчала хвіліну, дзве, а можа, і болей. І Таня ні разу не глянула ёй у твар: не хапіла адвагі гэта зрабіць.
Але тут яна пачула роўны і спакойны голас маці. Ніводзін гук не дрыжаў у яе вуснах.
— Таня, — сказала маці, — людзі жывуць разам, калі кахаюць адзін аднаго, а калі не кахаюць, яны не жывуць разам — яны разыходзяцца. Чалавек вольны заўсёды. Гэта наш закон на ўсе часы.
Тады Таня рашылася глянуць на маці, спачатку асцярожна, знізу ўгору, павярнуўшы шыю, як маленькая птушка, якая, перад тым як узняцца з галіны, шукае, ці няма ў небе небяспекі.
Маці сядзела нерухома, высока ўзняўшы галаву. Але твар яе выказваў пакуту, нібыта нехта катаваў яе доўга словамі ці жалезам — усё роўна, але толькі страшэнным катаваннем.
«Хто гэта зрабіў?» — падумала Таня з болем, уважна ўглядаючыся ў твар маці.
А з гэтага бледнага твару глядзелі на яе самыя чароўныя ў свеце вочы — вочы яе маці, вільготныя да краёў; вільгаць ззяла на зрэнках, і пад вейкамі, і ў кутках яе цёмных вачэй.
— Ці не паехаць нам лепей, Таня? — сказала маці.
Таня схапілася за грудзі.
— Мама, — крыкнула яна са здзіўленнем і глыбокім шкадаваннем, — ты кахаеш яго да гэтага часу!
Яна абхапіла рукой галаву маці, гарачай шчакой прытулілася да яе валасоў, абдаўшы іх сваім дзіцячым дыханнем.
— Мама, не слухай мяне, не слухай, родная! Я больш нічога не разумею. Усё круціцца перада мной.
І ў гэтую хвіліну здалося Тані, што ўвесь свет на самай справе круціцца над яе галавой. Ён здаўся ёй дзіўным, як той незразумелы шар, пра які спявае ў сваёй песні юны Максім:
Крутится, вертится шар голубой,
Крутится, вертится над головой, —
то матавы, як вячэрні туман за акном, то блакітны і бліскучы, як родная рака, асветленая сонцам з раніцы, як сад і поле, якія яна бачыла ў сне.
Крутится, вертится — хочет упасть…
— Мама, не трэба ехаць нікуды, — шаптала Таня, плачучы разам з маці.