VI

Тыя рэдкія хвіліны, калі пасля працы маці выходзіла ў двор адпачыць на траве каля градак, былі самыя ўцешныя для Тані. Няхай сабе кволая асенняя трава дрэнна ўсцілае зямлю, а градкі пустыя, а ўсё-такі добра! Таня лажылася побач з маці і клала сваю галаву ёй на калені. І адразу мякчэла трава, удвая святлей станавілася неба. Яны абедзве падоўгу і моўчкі глядзелі ўгору, дзе ў недасяжнай вышыні над ракой, цікуючы рыбу ў лімане, пастаянна луналі арлы. Яны стаялі нерухома, пакуль самалёт, што пралятаў у небе, не прымушаў іх крыху пасунуцца ўбок. І пошум матора, прыглушаны лясамі, даносіўся да двара ледзь чутным гулам. А калі ён раптоўна сціхаў ці знікаў над дваром дзіўным воблакам, абедзве маўчалі.

Але сёння, прыслухоўваючыся да гэтага гуку, маці сказала:

— Які вялікі шлях паміж намі! Значыцца, яны не прыехалі.

Таня маўчала.

Маці выцягнула руку да градкі, дзе ўжо не было нічога, апроч пустых сцяблінак, сказала:

— Касачы — куды ж падзеліся яны? А як тут было прыгожа, на тваёй маленькай клумбе! Няўжо гэта пражорлівая качка склявала ўсе кветкі?

— Я сама прагнала яе раніцай, — сказала Таня і засталася ляжаць нерухома.

— Саранкі, — паўтарыла маці, — яны ж не растуць пад Масквой. Бацька вельмі любіў нашы кветкі, і мне так хацелася, каб ты падарыла іх яму!

Таня нічога не адказала, і маці дадала:

— Ён добры, цудоўны чалавек.

Таня хутка паднялася, села і зноў нахілілася да зямлі, прылегла ля маці.

— Ты нешта хацела сказаць мне? — спытала маці.

— Калі ён добры чалавек, — сказала Таня, — дык навошта ён пакінуў нас?

Маці варухнулася на траве, пасунулася, нібы мулкі камень трапіў ёй выпадкова пад локаць. А Таня, імгненна адчуўшы жорсткасць сваіх слоў, стала на калені, цалуючы сукенку маці, цалуючы яе твар і рукі.

Як было добра і спакойна абедзвюм, калі яны маўчалі, лежачы на гэтай кволай траве, у гэтым цесным дворыку, над якім няма нічога, апроч неба! І адно толькі слова «бацька» забрала іх жаданы спакой. Як жа ёй любіць яго?

— Мама, — гаварыла Таня, — я болей не буду. Не трэба. Як добра, што яны не прыехалі! Як гэта добра! Хіба нам блага ўдзвюх? І што кветкі? Я пасаджу другія. Я назбіраю насення — я ведаю ў лесе балота, я ўсё зраблю, і ў нас у двары будзе зноў прыгожа, прыгажэй, чым было.

Так мармытала яна, не ведаючы, што гаворыць, не пачуўшы, як бразнула клямка на брамцы, ні голасу маці, якая ўжо некалькі разоў паўтарала ёй:

— Адчыні, Таня! Нехта не можа адчыніць. Мусіць, з бальніцы прыслалі.

Нарэшце Таня паднялася на ногі, пачула крокі ля варот і падышла да брамкі. Ей зусім не хацелася нікому адчыняць, нават хворым.

Яна сярдзіта спытала:

— Вам каго трэба? Да ўрача? Вы хворы?

Але перад ёю стаяў здаровы чалавек, высокі і вясёлы. Ён быў апрануты ў боты, шынель палкоўніка і нічога не пытаўся, а толькі глядзеў на яе, усміхаючыся. Як гэта было дзіўна!

І тут за сабой пачула яна слабы крык маці. Таня прыжмурыла вочы і прыціснулася да варот.

«Бацька!» Яна зразумела гэта адразу.

Ён ступіў праз дошку, што ляжала на зямлі, рушыў трошкі наперад, нібы схіліўся над маці, нібы хацеў яе пацалаваць. Яна адступіла назад і падала толькі руку. Ён пакорліва прыняў яе і патрымаў у сваіх далонях. Другой рукой маці паказала на Таню. Ён павярнуўся так хутка, што рыпнулі рамяні яго партупеі. Ён і ёй працягнуў свае вялікія адкрытыя далоні. Таня падышла да яго. Яна была бледная і глядзела на яго спалохана. Ён пацалаваў яе ў лоб, прытуліўшы галаву да сябе. Ад яго пахла сукном і рамянямі. Потым ён сказаў:

— Ты такая вялікая. Трэба было прынесці табе кветкі, а я прынёс цукеркі.

Ён засунуў руку ў кішэню, каб дастаць каробку. Але кішэня была цесная, а каробка — вялікая, яе не пускала падшэўка. Ён драў яе пальцамі, ён камячыў каробку, ён стараўся. Твар яго пачырванеў. Ён нават паціху стагнаў. А Таня чакала, усё болей бляднеючы. І гледзячы ў ягоны твар, няшчасны, разгублены як у дзіцяці, яна думала: добры ён чалавек ці не?

І вось ён дастаў каробку і падаў яе Тані. І Таня ўзяла, не ведаючы, што з ёй рабіць, — яна ёй таксама замінала.

Яна паклала каробку на старыя сані каля бочкі з вадою, і кроплі адразу ж пачалі капаць на яе. Яны стукалі, як гром у цішыні. Потым прыйшоў сабака, прыйшла кошка Казак з кацянятамі — усе яны стараліся абнюхаць каробку.

Маці паціху ківала галавой. Задумліва паглядзела на каробку і занесла яе ў дом.

А Таня засталася на двары.

Бацька абняў яе яшчэ раз.

Цяпер, калі барацьба з цукеркамі закончылася, ён загаварыў. Ён быў узбуджаны і размаўляў вельмі голасна, увесь час напружана ўсміхаючыся:

— Шкада, што цябе не было на прыстані! Мы з цёткай Надзяй чакалі цябе. Праўда, мы крыху затрымаліся на параходзе. Коля захварэў на малярыю. Чакалі санітараў, каб занеслі яго. Уяві сабе, нейкая дзяўчынка падарыла яму на прыстані кветкі. Гэта былі саранкі, якіх я не бачыў ужо шмат гадоў. Так, уяві сабе, яна паклала кветкі на насілкі. Яму так хацелася, каб гэта была ты. Але цябе не было.

Таня падняла руку да скроні, націснула на яе пальцамі, нібы хацела спыніць кроў, што прыліла да твару, і адступіла трохі назад.

— Ты што, Таня? — спытаў бацька.

— Тата, не гавары так гучна, — сказала яна. — Я добра цябе чую.

І свой дворык ашаламіў яе раптам цішынёй.

Бацька змоўк. Яго ўзбуджаны твар стаў строгім. Усмешка знікла. А вочы засталіся добрымі. Ён кашлянуў. І дзіўна, гэты кашаль быў знаёмы Тані. Яна сама так парывіста кашляла, калі сумныя думкі, як халодны віхор, знянацку наляталі на яе.

Ён уважліва глядзеў на Таню, паціху сціскаючы яе плячо.

— Я ведаю, што ты на мяне сярдуеш, Таня, — сказаў ён.

— Але ж мы будзем сапраўднымі сябрамі, так?

— Пойдзем піць гарбату, — сказала Таня. — Вы хочаце гарбаты?

— Ого! Вось ты ў мяне якая, — ціха вымавіў бацька, мацней сціскаючы плячо Тані.

Яна зразумела яго і выправілася.

— Пойдзем піць гарбату да нас, тата, — сказала яна. І слёзы паказаліся на яе вачах. — Я не прывыкла яшчэ, тата. Я не прывыкла…

Ён пакінуў яе худое плячо і рукой правёў па халоднай шчацэ Тані.

— Гэта праўда, дачушка, — сказаў ён ледзь чутна. — Цяжка ўсё гэта ў пятнаццаць год. А ўсё-такі мы будзем сябрамі. Пойдзем піць гарбату.

І ўпершыню на драўляным нізенькім ганку Танінага дома прагучалі інакшыя крокі, чым яна прывыкла чуць, — цяжкія крокі мужчыны, яе бацькі.

Загрузка...