VII

Калі ў школе запыталіся ў Тані, ці не даводзіцца ёй сваяком або стрыечным братам Коля Сабанееў, што нядаўна прыйшоў да іх у клас, то адным яна адказала — так, другім сказала — не, і паколькі большасць аднеслася да гэтага абыякава, то хутка яе перасталі распытваць.

А Філька, патраціўшы столькі марных намаганняў на пошукі краіны Марасейкі, болей ні пра што не распытваў Таню.

Але затое ён сядзеў на парце якраз за Таняй і мог глядзець ёй у патыліцу, колькі яму хацелася. Аднак і патыліца можа пра многае расказаць. Яна можа быць халоднай і жорсткай, як камень, з якога Філька крэсіў агонь у лесе. Яна можа быть пяшчотнай, як сцяблінка адзінокай травы.

Патыліца ў Тані была і такая і інакшая, часцей за ўсё яна выказвала толькі адно яе жаданне — не думаць пра тое, што робіцца ў яе ззаду.

А ззаду на парце сядзелі Філька і Коля.

Да каго ж з іх адносіцца гэта ўпартае жаданне Тані?

І паколькі Філька глядзеў па рэчы заўсёды з добрага боку, то вырашыў — гэта датычыцца перш за ўсё не яго. Што да Колі, то калі Таня назвала яго тады гордым, то Філька павінен быў прызнацца, што гэта няпраўда. Яму Коля не здаваўся гордым. Ён, можа быць, быў слабы здароўем, у яго вельмі вузкія рукі, занадта бледны твар, але гордым ён не быў — гэта бачылі ўсе.

Калі Філька паказаў яму ўпершыню, як жуюць у іх у школе серу, Коля толькі запытаўся:

— Што гэта?

— Гэта піхтавая смала, — адказаў яму Філька. — Ты можаш дастаць яе ў кітайца, які прадае на рагу ліпучкі. За палціннік ён дасць табе цэлы кубік серы.

— А што такое ліпучкі? — спытаў Коля.

— Э, браток! — адказаў яму з прыкрасцю Філька. — Пра ўсё ты хочаш даведацца адразу.

І Коля не пакрыўдзіўся на заўвагу Фількі.

— Добра, — сказаў ён, — я пасля даведаюся. Але дзіўная звычка ў вашай школе. Я нідзе не бачыў, каб жавалі піхтавую смалу.

Але серы купіў багата, і пачаставаў Фільку, і сам пажаваў, навучыўшыся вельмі хутка гэтак жа шчоўкаць ёю на зубах, як і іншыя.

Ён прапанаваў пажаваць і Тані са шчырасцю, у якую яна не магла не паверыць. Яна нехаця ўсміхнулася яму, паказаўшы бліскучыя, як снег, зубы.

— Ці не дзякуючы гэтаму, — сказаў ён, — у вас ва ўсіх такія белыя зубы? Гэта сера добра ачышчае іх.

Усе яго словы здаліся ёй брыдкімі.

— Так, дзякуючы гэтаму, адчапіся ад мяне! — сказала яна.

Ён прамаўчаў і ўсміхнуўся.

Ён глянуў на яе светлымі, як лёд, вачыма, і Таня ўпершыню ўбачыла, што позірк іх упарты.

Ці была гэта сапраўдная сварка, Таня не магла вырашыць, але менавіта з той пары пачалася іх варожасць, і гэты хваравіты хлопчык пачаў займаць яе думкі болей, чым у першыя дні.

У выхадныя дні Таня абедала ў бацькі.

Яна праходзіла ля гарадскога гаю, што недалёка ад яе дома, і выходзіла на дарогу, якая вяла да крэпасці. Дарога не была прамая. Яна бегла берагам, зварочвала то ўправа, то ўлева, нібы штохвіліны заглядвалася на раку, якая, расштурхаўшы ў розныя бакі горы, слалася пад ёю далёка.

Таня ішла нетаропка, часта аглядваючыся на раку. Калі на дарозе было ціха, яна слухала шыпенне гліняных камлыг, што аселі пад берагам у ваду. І сабака яе таксама прыслухоўваўся да гэтага гуку. Ён хадзіў за ёй усюды.

Так праз паўгадзіны яны паволі падыходзілі да бацькавага дома.

Дом быў крайні з усіх, дзе жылі камандзіры. Акропленае вапнай каменне ўсцілала дарожку, але і скрозь вапну выбівалася трава, крыху пабеленая на кончыках сваіх пёрак. Тут было ціха. І шкляныя дзверы былі заўсёды адчынены. Праз гэтыя шкляныя дзверы Таня заходзіла ў хату, а сабака заставаўся ля дзвярэй. Як часта Таня хацела сама застацца ля дзвярэй, а сабака каб увайшоў у дом!

А між тым у гэтым доме ўсе былі з ёю ласкавыя. Надзея Пятроўна першая сустракала Таню на парозе. Ціхая, простая ў абыходжанні, з мілым тварам, яна кратала Таню за плячо ці цалавала ў галаву, кожны раз паўтараючы:

— Ага, вось і Таня прыйшла!

І хаця голас яе здаваўся мяккім, Таніна сэрца міжволі перапаўнялася цераз край недаверам.

«Навошта яна глядзіць на бацьку, калі цалуе мяне? — думала Таня. — Ці не каб паказаць яму: „Вось бачыш, я пешчу тваю дачку, і цяпер ты нічога не зможаш сказаць мне, і яна таксама нічога не зможа сказаць“».

Пры адной гэтай думцы ў Тані адбірала мову і вочы не слухаліся яе — яна не магла паглядзець бацьку проста ў твар.

І толькі калі падыходзіла да яго, адчуваючы яго руку ў сваёй, яна спакайнела. Тады яна магла сказаць і Колю:

— Добры дзень!

— Добры дзень, Таня! — адказваў ён прыветліва, але не раней і не пазней той хвіліны, калі яна кіўне яму галавой.

Бацька ж не гаварыў нічога. Ён толькі кранаўся злёгку яе шчакі і прыспешваў абедаць.

Абедалі весела. Елі бульбу з аленінай, якую куплялі самі ў праезджых тунгусаў. Сварыліся з-за лепшых кавалкаў, смяяліся з Колі, які засоўваў цэлую бульбіну ў рот, і лаялі яго за гэта, а бацька, бывала, нават удараў яго пальцамі па носе так моцна, што нос аж прыпухаў.

— Татка, — гаварыў тады Коля, нахмурыўшыся, — што гэта за жарты! Я ўжо не маленькі.

— Сапраўды, шалапут, ты не малы, — гаварыў бацька. — Усе вы ўжо вялікія. Так проста цераз вас не пераскочыш. Паглядзім толькі, што вы заспяваеце, калі пададуць піражкі з чаромхай.

І бацька хітра паглядаў на Таню.

А Таня думала:

«Што піражкі з чаромхай, калі я ведаю, што ён ніколі не будзе мяне так любіць, як Колю, ніколі не назаве шалапутам, не ўдарыць па носе, не адбярэ лішняга кавалка! І я сама ніколі не назаву яго „дурным таткам“, як гэты нікчэмны падліза. Няўжо піражкамі з чаромхай можна мяне падмануць?»

І сэрца яе зноў сціскала крыўда.

І ў той жа час усё ёй падабалася тут. І голас жанчыны, паўсюды чутны ў доме, яе стройны стан і добры твар, звернуты да Тані заўсёды з ласкай, і бацька вялікі, з яго рамянямі з тоўстай бычынай скуры, кінутымі на канапе, і маленькі кітайскі більярд, на якім яны ўсе гулялі, пазвоньваючы жалезным шарыкам па цвіках. І нават Коля, заўсёды спакойны хлопчык з упартым поглядам вельмі чыстых вачэй, вабіў яе да сябе. Ён ніколі не забываў пакінуць костку яе сабаку.

Але пра яе, здавалася Тані, ён ніколі не памятаў, хаця хадзіў з ёю разам у школу, і абедаў, і гуляў на більярдзе. І ўсё ж ён не меў часу думаць пра яе хаця б адну хвіліну ў дзень, хаця б дзеля таго, каб ненавідзець яе так, як яна ненавідзела яго.

Дык чаму ж тады згадзілася яна пайсці з ім лавіць рыбу і паказаць мясціну, дзе бярэ лешч?

Загрузка...