IX

І ўсё-такі Таня прыйшла абедаць. Яна паднялася на ганак з шклянымі дзвярыма і рэзка адчыніла іх, шырока расхінуўшы перад сабой, а сабака, як заўсёды, застаўся на ганку.

Таня гучна ляснула дзвярыма. Урэшце, гэта яе права прыходзіць, калі ёй захочацца, у гэты дом. Тут жыве яе бацька. Яна ходзіць да яго. І няхай ніхто не думае, што дзеля каго-небудзь альбо дзеля чаго-небудзь іншага, напрыклад, дзеля піражкоў з чаромхай.

І Таня яшчэ раз стукнула дзвярыма, яшчэ мацней, чым да гэтага.

Дзверы зазвінелі і запелі шкляным голасам.

Таня зайшла і села на сваё месца за сталом. У доме ўжо абедалі, і на стале стаяла поўная міска з пельменямі.

— Таня! — узрадаваўся бацька. — Ты прыйшла? А Коля сказаў, што не прыйдзеш сёння. Сядай хутчэй і еш. Еш як след. Цёця Надзя зрабіла сёння для цябе пельмені. Паглядзі, як Коля іх лоўка зляпіў.

«Вось як, — падумала Таня, — ён і гэта ўмее!»

Яна ўпарта глядзела на бацьку, на сцяну, на добрыя рукі Надзеі Пятроўны, што падавалі ёй то хлеб, то мяса, а на Колю зірнуць не магла.

Яна сядзела, нізка схіліўшыся над сталом.

Коля таксама сядзеў на сваім месцы, унурыўшыся, увабраўшы галаву ў плечы. Аднак вусны яго моршчыліся ад усмешкі.

— Тата, — сказаў ён, — навошта ты сказаў Тані, што я зляпіў гэтыя пельмені? Яна іх не будзе есці.

— Хіба вы сварыліся, дзеці? — запытаў з трывогай бацька.

— Што ты, тата! — адказаў Коля. — Мы ніколі не сварымся. Ты ж сам казаў, што мы павінны быць сябрамі.

— Але, — сказаў бацька.

А Коля, перагнуўшыся праз стол да Тані, прагаварыў шэптам:

— Хто ж гэта казаў мне, што сёння не прыйдзе абедаць?

Таня адказала яму ўголас:

— Я зусім не прыйшла абедаць. Я не хачу есці. Не, не, я зусім не хачу есці! — гучна паўтарыла яна бацьку і яго жонцы, якія разам загаварылі з ёй.

— Як жа гэта ты не хочаш есці? — разгублена запытаўся бацька яшчэ раз. — А пельмені?

— Дзякуй, я паабедала з мамай.

— Не прасі яе, тата, у трэці раз, — сказаў насмешліва Коля, — яна ўсё роўна не будзе есці.

— Шкада, — пашкадаваў бацька, — не хоча — дык не будзе. А дарма: пельмені такія смачныя!

Вядома, яны былі смачнымі, гэтыя кавалачкі празрыстага цеста, напханыя ружовым мясам, якія гэтыя недарэкі паліваюць воцатам. Хто ж палівае іх воцатам — неразумныя людзі! Іх ядуць з малаком, і пасыпаюць зверху перцам, і глытаюць, як чароўны агонь, які імгненна ажыўляе кроў.

Думкі Тані праносіліся ў галаве як маленькія віхуры, хаця сама яна строга глядзела ў сваю талерку, дзе стылі пельмені. І галава яе ціха круцілася, таму што дома яна не пад'ела і таму што ў яе былі здаровыя плечы, моцныя рукі і дужыя ногі, і толькі сэрца яе не знала, чаго ж яму трэба. І вось прыйшла яна сюды, як сляпая, у гэты дом, і нічога не бачыць, нічога не чуе, акрамя стуку сваёй крыві. Можа, вучоная спрэчка супакоіць яе?

— Тата, — сказала раптам Таня, — а праўда, што селядцы ў моры салёныя? Так гаварыў мне Коля. Ён зусім не прызнае заалогіі.

— Што такое? Не разумею, — спытаў бацька.

Коля перастаў есці. Ён выцер губы і правёў рукой па сваім здзіўленым твары. Ён ніколі не гаварыў так. Аднак здзіўленне яго хутка знікла, як толькі ён успомніў, што яшчэ раніцай рашыў не здзіўляцца, што б ні было — ні таму, што зробіць, ні таму, што скажа Таня.

І праз момант ён зноў спакойна і нерухома глядзеў на Таню чыстымі вачыма, у якіх, нібы з глыбокага дна, падымалася ціхая ўсмешка.

— Так, не прызнаю, — сказаў ён. — Што гэта за навука: у кошкі чатыры нагі і хвост.

Лоб і шчокі Тані пачырванелі. Яна добра ведала, пра якую кошку ён гаворыць.

— А што ты любіш? — спытала яна.

— Матэматыку люблю… Калі дзве акружнасці маюць агульную кропку, то… Літаратуру люблю, — дадаў ён, — гэта навука пяшчотная.

— Пяшчотная, — паўтарыла Таня.

І хаця душа яе была схільна да мастацтва і сама яна любіла і Дзікенса і Вальтэра Скота і яшчэ болей любіла Крылова і Гогаля, аднак з пагардай сказала:

— А што гэта за навука: «Асёл убачыў салаўя»?

Так размаўлялі яны, не смеючыся з уласных жартаў, з вачыма, поўнымі пагарды адзін да аднаго, пакуль бацька, які не мог зразумець іх спрэчкі, не сказаў:

— Дзеці, не гаварыце глупства, я вас перастаю разумець.

А Таніна галава круцілася, моцна стукала ў вушах. Яна хацела есці. Голад мучыў яе. Ён разрываў ёй грудзі і мозг і пранікаў, здавалася, у кожную кроплю крыві. Яна закрыла вочы, каб не бачыць ежы. Калі ж яна адкрыла іх, то ўбачыла, што са стала ўжо прыбіраюць. Прыбралі міску з пельменямі, прыбралі хлеб і соль у шкляной сальніцы. Толькі яе талерка ўсё яшчэ стаяла на месцы. Але і па яе пацягнулася ўжо Надзея Пятроўна. Таня міжволі прытрымала талерку рукой і тут жа пракляла сваю руку.

— Ты што? — спытала Надзея Пятроўна. — Можа, пакінуць пельмені табе?

— Не, не, я толькі хацела даць сабаку некалькі штук. Можна?

— Зрабі ласку, — сказаў бацька, — аддай хоць усю талерку, гэта ж усё тваё.

Таня, пачапіўшы на відэлец некалькі халодных пельменяў, выйшла на ганак. І тут, прысеўшы на кукішкі перад старым сабакам, яна з'ела іх адзін за адным, амываючы слязьмі кожны.

Сабака, нічога не разумеючы, гучна брахаў. І гэты гучны брэх перашкодзіў Тані пачуць крокі за спіной.

Бацькавы рукі раптам леглі ёй на плечы. Якім пільным позіркам паглядзеў ён ёй у вочы і на яе вейкі! Не, яна і не плакала зусім.

— Я ўсё бачыў праз гэтыя шкляныя дзверы, — сказаў ён. — Што з табой, родная Таня? Якое ў цябе гора?

Ён падняў яе над зямлёй і патрымаў так, быццам уласнымі рукамі хацелася яму ўзважыць, наколькі цяжкое яно, гора дачкі. Яна паціхеньку аглядвала яго. Ён здаваўся ёй яшчэ вельмі далёкім і вялікім, як тыя дрэвы ў лесе, якія яна не магла адразу ахапіць вачыма. Яна магла толькі дакрануцца да іх кары.

І Таня лёгенька прытулілася да бацькавага пляча.

— Скажы мне, што з табой, Таня, можа, я дапамагу. Раскажы, што цябе радуе, аб чым ты смуткуеш і пра што ты думаеш цяпер.

Але яна яму нічога не сказала, таму што думала так:

«Ёсць у мяне маці, і дом у мяне ёсць, і абед, і нават сабака і кошка, а вось бацькі няма».

Хіба магла яна сказаць яму гэта, седзячы ў яго на каленях. Хіба, сказаўшы яму гэта, не прымусіла б яна яго змяніцца ў твары, можа, нават пабляднець, як не бляднеў ён перад самым страшным штурмам — смелы чалавек?

Але ў той жа самы час хіба магла яна ведаць, што цяпер — і калі спіць, і калі не спіць — ён не пераставаў думаць пра яе, з пяшчотай вымаўляў яе імя, якое раней так рэдка ўспамінаў. Што нават у гэтую хвіліну, трымаючы яе на каленях, ён думаў:

«Сплыло маё шчасце, не гушкаў я яе на руках».

Што магла яна ведаць?

Яна толькі прытулілася да яго, прыпала да грудзей.

Хаця была і не вясна, а ганак вільготны ад халодных дажджоў і целу холадна пад лёгкай вопраткай, але і ў познюю восень, у гэты час, Тані было цёпла. Яна сядзела з бацькам доўга, пакуль над дарогай у крэпасць, над пабеленым вапнай каменнем, над хатай са шклянымі дзвярыма запаліліся яе родныя сузор'і.

Загрузка...