Напярэдадні Кастрычніка ў семдзесят першым годзе я гасцяваў у М. П. Прыляжаевай на яе перадзелкінскай дачы, прыйшоў туды з Дома творчасці.
Гасцей было ніштавата, пераважна старыя ды пажылыя жанчыны, а з мужчын, апроч мужа Марыі Паўлаўны, заўсёды карэктнага, прыемнага педагога, сусед па дачы Канстанцін Федзін, крытык В. О. i я.
У цэнтры ўвагі быў, вядома, Федзін. I гэта ўжо не проста павага была, а спрэс богатварэнне з боку састарэлых анеліц, ад чаго было прыкравата. Скажам, такое:
«Таварышы, а цяпер кожны з нас, адзін за адным, скажам Канстанціну Аляксандравічу штосьці добрае! Гэта будзе так слаўна — такія тосты...»
Хочаш не хочаш — нікуды не дзенешся.
Мая чарга была пад канец, я паспеў настроіцца на прыстойную шчырасць, сказаў пра «Першыя радасці», добрае ўражанне ад гэтай кнігі, па якой я некалі i пазнаёміўся з Федзіным-пісьменнікам.
Перад такім кальцавым славаслоўем быў першы нумар анельска-федзінскай праграмы. Канстанціну Аляксандравічу ўрачыста ўручылі сігнальны экземпляр другога тома акадэмічнай гісторыі савецкай літаратуры, яго другі паўтом. Таксама не проста ўручылі, як шаноўнаму саўдзельніку выдання, а з адпаведным уступным малебнам. Які ён, наш Канстанцін Аляксандравіч, акуратны ва ўсім, як ён не пераносіць хоць бы найменшай памылачкі ў кнізе, тым больш у такой, i як мы ўсе, дарагія таварышы, рады, што гэты паўтом выйшаў — «ну, без сучка i задорынкі»!..
Кніга пайшла спачатку ў рукі нібы імянінніка, пасля яе бралі, гарталі, цмакалі іншыя. Дайшла чарга i да мяне. Гэта было ўжо ў час тых кругастольных здравіц, настрой у мяне быў прыкра-прэсны, i я, калі ўжо ўсе адгаварылі сваё, з нейкай блазенскай прыемнасцю ціха сказаў той пасівелай анеліцы, што ўручала кнігу i наогул асанніла найбольш:
«А Уладзімір Калеснік усё-такі Андрэевіч, а не Іванавіч, як тут».
Так значылася над падраздзелам пра заходнебеларускую літаратуру, не ў тэксце дзе-небудзь, а на самым відавоку.
Гады праз чатыры, у Дубултах, я нечакана сустрэўся ў Доме творчасці i з Прыляжаевай, i з тою яе сяброўкай. Марыя Паўлаўна зноў пачала нас знаёміць, а тая з калючай усмешкай сказала:
«Помню я, помню вашу лыжачку дзёгцю!..»
А мне жыва прыгадалася тая вялізная кадзь старэча-анельскага мёду, якім увесь вечар кармілі старога, рассаладзелага пестуна, i прасіць прабачэння не захаделася.
1987