Вярнуўшыся з Баранавіч у леснічоўку, іду пакупацца. Каля Свіцязі — легкавік i тры раённыя начальнікі. Ляжаць пад ліпай наўкруга разасланай газеты, на якой дзве апарожненыя бутэлькі, адна начатая i нейкае мяса, якога ў ix больш, чым хлеба.
— Прысядзьце, выпіце з намі.
Дзіка здзівіліся, што я не п'ю. Асабліва наймаладзейшы, як аказалася крыху пазней, пракурор з суседняга раёна.
— Кажаце — сэрца. Калі вам суджана пажыць яшчэ два-тры гады, дык пажывіце вы як чалавек — піце!..
Адзін з таварышаў прызнаўся, што назнаў мяне — бачыў на нейкай літаратурнай сустрэчы. Пачалі расказваць, што тут яны, у будзень над возерам, не проста так сабе, a выехалі ўпаўнава.жанымі па кукурузе.
— Ліквідаваць прарыў! — смяяўся пракурор.— Віка патрэбна нам, канюшына, але што ты зробіш...
Пасля ён пачаў даваць мне, як пісьменніку, «матэрыял».
Вось тры выпадкі з пракурорскай практыкі:
Дзядзьку, які аднойчы не выйшаў капаць калгасную бульбу, старшыня вырашыў пераараць упоперак бульбяныя соткі. Трактар прыехаў, давай пачынаць. А дзядзька гэты, перанесены з хутара ў вёску, крыў хату, каб дзедям на галаву не цякло. Спусціўся са страхі.
— Браток, — спыніў ён трактарыста, — ці ж ты не чалавек, што ж ты робіш, што ж ты арэш?..
Угаварыў хлопца, i пайшлі яны да старшыні. Той — ні доступу: «Прэч з мае канторы!» Штурхае дзядзьку, пхае да дзвярэй. А той, не даючыся, разбіў неяк старшыні нос.
I пачалася пісаніна. Hi больш ні менш, а «збіванне калгасных кадраў».
Калі наш пракурор узбудзіў справу супраць старшыні, таму далі толькі... вымову па партыйнай лініі.
Другі выпадак.
Той самы старшыня калгаса. Другую вымову яму далі за тое, што ён разам са сваімі падхалімамі i сабутэльнікамі набіў чыгуначнага рабочага, які з дазволу калгаснага брыгадзіра вёз на калгасным кані дахаты старыя шпалы.
Пакуль да тое вымовы, наш пракурор выклікаў старшыню да сябе, каб хоць пагаварыць з ім, як камуніст з камуністам, што так сябе паводзіць — нельга.
Абураны старшыня шпурнуў яму на стол сваю пячатку:
— Калі я дрэнны, дык кіруйце самі!..
Навела трэцяя.
Два раённыя ўпаўнаважаныя, кандыдат партыі i беспартыйны, ехалі п'яныя лежма на возе i, то на змену, то разам, лупцавалі нямоглую кабылку. Участковы запыніў ix i пачаў дакараць. Яны пазлазілі з воза i пачалі лупцаваць участковага, Акрывавілі хлопца i сумку з паперамі адабралі.
Пракурору прыйшло пісьмо пад сургучом: беспартыйнага судзі сабе, як хочаш, а кандидата не чапай. Калі ж ён не паслухаўся, намеціў беспартыйнаму год, а кандыдату, як больш свядомапу, тры — прымусілі выступіць з абжалаваннем супраць... самога сябе.
— Вось так, таварыш пісьменнік, — зусім па-цвярозаму гаварыў малады чалавек. — А вы нам кажаце: навошта піць... Ці пра такую справядлівасць думаў я, канчаючы свой юрыдычны факультэт? Дый паступаў туды не дзеля гэтага. Іду цяпер па вуліцы i ўжо не толькі кожны слуп, а кожная штакеціна — услед за мною: падлюга, падлюга, падлюга!..
Дзівак — ён думае, што гэта можна надрукаваць...
1958