EX ORIENT LUX [2]


Восень трыццаць дзевятага.

«Вы, тата, можа, цяпер менш пілі б. Нашы прыйшлі. Усё цяпер будзе па-новаму».

Бацька, i праўда, часта вяртаўся дамоў пасля чаркі.

«Ну што ж,— сказаў ён,— калі ўжо такі парадак, то i я не буду піць».

А дзён праз колькі вярнуўся з кірмашу, зноў падвяселены, i ледзь не з napora сказаў свайму «разумнаму»:

«Смаркач ты! Я ж чарачкамі піў, а яны яе шклянкамі глушаць! Добра кажаш — па-новаму. Трыста грам, дзвесце грам, а сто — дык што сабаку муха!..»

Другі юнак, зямляк з яшчэ бліжэйшай вёскі, светла запомніўся з нашай першай сустрэчы.

У мястэчку Ярэмчы на Ушэсця быў фэст, моладзі сышлося з усіх вёсак наваколля. ,Што ж, калі азірнуцца ў гісторыю, дык усе нашы Сёмухі, Пакровы, Дзяды i іншае, пакуль стаць царкоўнымі святамі, былі проста народнымі абрадамі. A ў гады маёй маладосці тыя святы ды фэсты былі для моладзі зручным выпадкам выйсці з цягавітай будзённасці ў свабоду адпачынку, прайсціся, з кім сустрэцца, з кім пазнаёміцца. Ну, i дзяўчаты, вядома, — кожны фэст быў дзявочым парадам, «вывадкай» — там выбіралі, знаёміліся, любаваліся ў маладым, вясёлым, наіўна неакрэсленым прадбачанні абавязковага шчасця.

Мне было дзевятнаццаць, а таму другому юнаку на год больш. Мяне з ім пазнаёмілі, а я ўжо ведаў, што ён два гады прасядзеў у турме, як камсамолец-падпольшчык, выйшаў з-за крат па амністыі. Перад турмой былі ж яшчэ паліцэйскія катаванні. Ён быў наймаладзейшы з усіх знаёмых мне падпольшчыкаў, i ўсё, што ён перанёс, бачылася з пашанай i сімпатыяй: герой! А да таго яшчэ высокі, стройны, сціпла ўсмешлівы, у чорнай касаваротцы, вышытай каласамі i валошкамі.

Такім ён жыў у памяці дванаццаць гадоў, да наступнай сустрэчы.

Зямляк завітаў да мяне не адзін, з таварышам па працы на лесазаводзе, нават нейкім яго начальнікам. Я ведаў, чым для майго земляка былі дванадцаць гадоў ад нашай сустрэчы на фэсце. Ён уцёк у Савецкі Саюз, дзе на шчырасць яго навалілася чорнае падазрэнне, зноў допыты, турма i тайга, з якое ён вынырнуў толькі таму, што меншы брат быў у партызанах, a братаў камандзір стаў Героем i захацеў, i здолеў пахадайнічаць.

Адпушчаны яшчэ ў канды саракавых, ён, мой колішні светлы юнак, у доме маім, перад старою мамай, жонкай i дзецьмі зусім нечакана расперазаўся звычайным п'яніцай, які ўжо не валодае сабой. Гэта так брыдка было, што мы з ім больш ні разу не сустрэліся.

...A начальнік яго яшчэ i хваліўся тады, праз ікаўку, як ён нас вызваляў у Верасні, як быў тады лейтэнантам i як плаціў цёмным заходнікам за прадукты не грашыма, a аблігацыямі займа — ха, ха, ха!..

Пра першага госця ўспамінаю з сумам i жалем.

А пра другога... Тут ужо мне доўга муляла ў душы, чаму не выпрасіў яго за парог.

1988

Загрузка...