У паездках па Польшчы, якіх у мяне было, можна сказаць, нямала, толькі двойчы прыйшлося часова, суткі пабыць удвух са спадарожнікам у адным гасцінічным нумары.
I дзіўна, як яны, тыя сталічныя мэтры, абодва былі падобныя ў адным, што помніцца ўжо даўнавата.
Адзін, праўда, захацеўшы раздзецца дагала, бо вельмі горача, папрасіў дазволу. Я ведаў трохі пра яго легендарнае самцаванне, i гідкавата, смешна было глядзець на мужчыну ў канцы шостага дзесятка, як ён яшчэ любуецца сваёй атлусцелай ударнасцю, слухаць, як ён хваліцца новаю, маладою жонкай, паказвае яе i іхнія разам здымкі.
Гэта, зрэшты, ён рабіў i адзеты, часта хвалячыся нерад знаёмымі i незнаёмымі палякамі, якія нас прымалі. Яны ветла хвалілі, хто менш, хто больш, што «жона ест бардзо ладна» або «пенкна», што «пара добрана». I толькі адзін, весела-незалежны сангвінік са старэйшых польскіх сяброў, які даволі часта ў нас бываў i нямала ведаў, сказаў на тыя здымкі:
— Малжонка нумэр седэмнасце-а!..
Шчаслівага мужа ён гэтым не збянтэжыў — той нават заіржаў.
Другі маскоўскі нудыст, з якім я, зноў жа ўлетку, анынуўся на суткі ў адным нумары, дазволу агалідца не папрасіў. Па-старэчы атлусделы, самаздаволены, проста раздзеўся сабе да расолу, як быццам мяне тут i наогул не было. Ляжаў, сядзеў, хадзіў, згінаўся ў мой бок над расчыненым чамаданам.
I гэтай пазіцыяй запомніўся найтрывалей.
Вершаў ён шпарыць многа, нямала ix стала песнямі. Ёсць i нядрэнныя. Але нічога я не зраблю ca сваёю памяццю — усю яго паэзію бачу на адным надчамаданным фоне...
1989