У верасні пяцьдзесят чацвёртага года, на беларускім пісьменніцкім з'ездзе, мілы львавянін Юрка Мельнічук запрасіў мяне ўвечары ў свой гасцінічны нумар. A прыйшлі мы туды — за намі з хола прычапіўся крыху знаёмы абодвум масквіч, «праўдзіст», таварыш шырокай рускай душы. Толькі селі за стол, да бутэлькі віна, госць няпрошаны рассаладзеў:
— Люблю я вас, белорусов. Это не то, что украинцы, националисты!
Спакойны, мужна прыгожы Юрка сказаў:
— Изрекая такие истины, надо сначала, уважаемый, застегнуть ширинку.
Той устаў, зірнуў уніз — i сапраўды...
— Мне что, уйти?
— Да, так будет лучше.
Пайшоў. Пачакаўшы, вярнуўся. Прасіў прабачэння. I ўсё намагаўся пераканаць нас, што i Украіну ён таксама вельмі любіць.
Ну, гэта — чалавек з «хваробаю».
А на Днях беларускай літаратуры ў Маскве, калі не памыляюся, у пачатку шэсцьдзесят дзевятага, Сяргей Смірноў («брэсцкі») i той, хвалячы нас, нашу дэлегацыю, i наогул усіх беларусаў, сказаў у сваім выступленні:
— Вы не тое, што вашы паўднёвыя суседзі!..
I я, вахлак, службова адказны за тое мерапрыемства, i ніхто іншы з нашай трупы не спытаўся ў яго:
«А што вы, паважаны, скажаце на такіх самых днях таксама братняй украінскай літаратуры?..»
I так яшчэ было, у ялцінскім Доме творчасці, напрадвесні таго самага шэсцьдзесят дзевятага. Ціхан Сёмушкін, з якім я там пазнаёміўся i якога хацелася паважаць, гаварыў нам, двум беларусам:
— Украінскія пісьменнікі самі прыдумалі сваю ўкраінскую мову. Народ іхні так не гаворыць.
Арыгінальным гэта мне не здалося — такое самае я чуў раней ад Барыса Палявога. Стары, прасцецкі з выгляду Сёмушкін гаварыў сваё, у Ялту прыехаўшы з Ірпеня, дзе яго ў тым украінскім Доме творчасці, сам расказваў, прынялі вельмі добра, нават два тэрміны пабыў. Ну i падзякаваў здалёк. А Палявой сваю ісціну выдаў як госць украінскай Дэкады літаратуры i мастацтва ў Маскве, у канцы шасцідзесятага. Седзячы ў прэзідыуме перада мною, другому адказнаму маскоўскаму госцю ён гаварыў тое «самі прыдумалі» такім шэптам, што i я чуў гэта, не падслухоўваючы.
Як сёння, бачу яго. Нага за нагу, разваліўшыся з вялікадзяржаўнай свабодай. Увесь свет аб'ездзіў, усюды навыступаўся, пра ўсё панапісваўся, у розных прэзідыумах насядзеўся... А мне здавалася, што тут ён — як асвінелы кулакаваты дзед, падпусціў на ўсе застаўкі... I водар гэты помніцца.
1987