ТЭОРЫЯ I ПРАКТЫКА


Улетку пяцьдзесят чацвёртага года ў нашым Саюзе пісьменнікаў прымалі госця з Японіі, перакладчыка рускай прозы, прозвішча якога я не запомніў.

Ён папрасіў расказаць яму пра сацрэалізм.

«Мне ўжо гаварыў пра гэта таварыш Ілья Эрэнбург, аднак я прашу вас яшчэ раз мне растлумачыць. Толькі, калі ласка, паволі i простымі словамі, бо рускую мову я яшчэ ведаю ўсё-такі слаба».

Прыблізна так прасіў ён, з усім сваім пацешным нібы знарокавым крыўляннем i амаль стабільнапрыязнай ці ветліва-церпкай усмешкай.

Задача!.. Нас было на сустрэчы не вельмі многа, а да таго яшчэ гарачыня. Не без цяжкасці ўгаварылі аднаго-з-нашых. Язык у яго, мы ведалі, падвешаны нядрэнна. Дый разбіраецца, вядома. I вось ён пачаў інтэлігентна i многа, надежным курсам.

Японец толькі падтаквае, як з удзячнай усмешкай: «Да... Да... Да-да...» А потым, калі наш энергічны тэарэтык, нарэшце, выгаварыўся да дна, госць пакланіўся яшчэ раз, з той самай усмешачкай:

— Спасибо. Я тоже ничего не понимаю.

А справа ж не ў Адным-з-нашых — ён гаварыў зусім правільна.


* * *

Пасля вайны ў партыйную школу бралі па заслугах то партызанскіх, то ўжо новых, працоўных. Пры гэтым — абавязковы працэнт жанчын. Адзін з маіх землякоў, дасціпна-вясёлы, злёгку адукаваны партызан, тады таксама слухач, госцячы неяк у мяне, смяяўся. Перадавіца такая, партызанка ці цялятніца, накрыўшы плечы вялікай, ярка расквечанай хусткай, ідзе ў перапынку па калідоры i — пасля лекцыі па філасофіі — тупа, разгублена, прастадушна, здаровае дзіця прыроды, скардзіцца:

— Божа-божа, i хто ж яго ўсё гэта запомніць?!

Той жаласны ўздых часамі ўспамінаецца — пасля чарговай, мудрагеліста туманнай пропаведзі таго ці іншага тэарэтыка ад прыгожага пісьменства.


* * *

А гэта ўжо з практыкі.

Сталічны, акадэмічны крытык Ламідзе ў юбілейным артыкуле ў найважнейшай газеце пра садружнасць савецкіх літаратур ад кожнай з ix, як Ной у каўчэг, выбраў па пары. З нашай — Броўку i мяне. Броўку — як тагачаснага сакратара ўсесаюзнага праўлення, знаёмага па сумесных маскоўскіх сядзеннях. А што да мяне, дык прыпомніў таварыш адэскі Дом творчасці, дзе мы адпачывалі, часамі ў «дурня» разам гуляючы.

Другі маскоўскі крытык, В. Новікаў, у другім юбілейным выказванні, таксама згадаўшы нашы сустрэчы ў іншым Доме творчасці, залічыў мае «Птушкі i гнёзды» ў... экалагічны падраздзел. Арніталогія! Спачатку даў у газеце, а потым — значыцца, беспамылкова — i ў дадатковым томе Літаратурнай энцыклапедыі.

У першым выпадку я проста ўсміхнуўся. У другім — пры нагодзе спытаўся ў знаёмага з «Литературного обозрения», ці дадуць яны маю рэпліку. Не, — быў адказ, — таварыш Новікаў — з недатыкальных: доктар, прафесар, выкладчык вышэйшай партыйнай школы.

Ёсць тут, зрэшты, i іншы аспект, прыкры для аўтара кнігі: лепш напісаў бы, дык не блыталі б...

Можна пацешыцца i так. Тым больш — i на гэта махнуўшы рукою.

1987

Загрузка...