Што да паездак далёкіх, у краіны найцікавейшыя, то я зайздросціў Максіму Танку двойчы — з Кітаем i Чылі, дзе ён паспеў пабываць, пакуль было можна. З Кубай у мяне атрымалася неяк дзіўна, незразумела. У пачатку шэсцьдзесят сёмага. Ужо білеты былі ўзяты, інструкцыі атрыманы, i раптам — тэлеграма з анекдатычнай фармуліроўкай: «Связи уборкой сахарного тростника приезд делегации данный момент нежелателен...» Штосьці так. I дэлегацыя з двух чалавек, адзін вядомы іспаніст i я, на «востраў свабоды» не паляцела.
Я расказаў пра гэтую асечку ў нашым Таварыстве дружбы, i мне, як на суцяшэнне, прапанавалі паехаць восенню ў Індыю. Ад Кубы я адмовіўся, пазней туды замест мяне паехаў нехта іншы, а я быў шчаслівы Індыяй, адчуў у ёй бліжэйшае.
Вясной шэсцьдзесят дзевятага года я мог паехаць у Японію, вельмі рад быў гэтай магчымасці, ужо рыхтаваўся, чытаў. Не ўлічыўшы таго, што даклад на пленуме Саюза пісьменнікаў, зроблены мною ў кастрычніку, адрыгнецца дакладчыку ў красавіку. Даволі бесталковая супрацоўніца аддзела культуры ЦК партыі, пачуўшы, што даклад даручаны беспартыйнаму, радасці не праявіла. «Ну что же, — сказала яна пасля паўзы. — Только бы в свете последних решений». Нават зарыфмавалася гэта з сябрам на мелодыю песні «Раскинулось море широко»:
Он думал, конечно, что гений,
что двинет, как Бровка, доклад,
но в свете последних решений
его долбанули под зад.
«Долбанули» не адразу. Спачатку папала загадчыку аддзела культуры ЦК, які «залішне даверыўся», пазнаёміўся з дакладам напярэдадні ды на слых, «па тэзісах», прачытаных мною з асцярожнай лапідарнасцю. Мне прапанавана было сурова пакрытыкаваць двух аўтараў, Анатоля Вярцінскага, з яго паэмамі «Дажынкі» i «Даруйце», i Васіля Быкава, з аповесцю «Праклятая вышыня». А я i выкруціўся ад гэтага, i павёў у трохі іншы бок, на што сакратар ЦК па ідэлогіі сказаў, выступаючы ў канцы пленума, што гэта не даклад праўлення, a толькі аднаго Брыля. (Дарэчы, потым я i надрукаваў яго ў пяцітомніку — як свой.) Здавалася, што i ўсё. А з Японіяй не атрымалася. Старшыня Таварыства дружбы запрасіў мяне ў свой кабінет, дзе па вышэйшым даручэнні... папрасіў прабачэння за тое, што іхні, маўляў, аддзел кадраў спазніўся з афармленнем маёй паездкі. На другім узроўні, крыху пасля, мне па-сяброўску назвалі другую прычыну — званочак адтуль...
Улетку таго самага шэсцьдзесят дзевятага я атрымаў два прыемныя запрашэнні: у Берлін, дзе выйшлі «Птушкі i гнёзды», i ў Гданьск, на трыццацігоддзе пачатку другой сусветнай вайны, куды я запрашаўся як салдат польскага верасня. На чарговым прыёме сакратарыята Саюза пісьменнікаў у ЦК паказаў гэтыя два запрашэнні — адно за подпісам кіраўніка выдавецтва «Volk and Welt», а другое Яраслава Івашкевічя". старшыні саюза польскіх літаратараў. Сказаў прыблізна так:
— Гэта не важна, што ў Японію не паехаў іменна я, важней другое: У Токіо, на высокай гутарцы пра савецкую літаратуру для дзяцей, не сказана было тое, што я меўся сказаць, — першае ў Японіі слова пра нашу літаратуру, дзіцячую i наогул. Няўжо i цяпер таксама не пусціце?
Пусцілі, паехаў двойчы. Цікава было i карысна. Пра што напісаў.
А японская рана не гаілася даўгавата.
1987