ЛЮБІЦЬ З ЦЯРПЛІВАСЦЮ


Пятрусь Броўка папрасіў мяне прачытаць рукапіс яго рамана «Калі зліваюцца рэкі». «I, прашу цябе, толькі строга». Потым прыслаў па мяне машыну, з Каралішчавіч. Там, у яго фінскім доміку на лясным водшыбе, сядзеў i Янка Скрыган, які нядаўна вярнуўся з «доўгай адсутнасці». Быў чэрвень пяцьдзесят пятага. Мы пачалі з Пятром Усцінавічам размову, а Ян Аляксеевіч сядзеў, слухаў, прыемна ўсміхаўся. Запрошаны да строгасці, я пачаў гаварыць выбарачна, па мясцінах, на полі адзначаных лічбамі па пяцібальнай сістэме. Гэта, ведаючы аўтараву чуйнасць да крытыкі, было трохі лягчэй, чым адразу сказаць пра агульнае ўражанне. Не дайшлі мы i да палавіны рукапісу, як гаспадар сказаў:

— А можа, хлопцы, i няблага было б нам перакусіць?

Загаманіліся да поўначы, але пра рукапіс размова не была прадоўжана.

Гэтая проза паэта, можна сказаць, трыумфальна ішла ў спецнаборы раманаў, якія з не меншай сілай сведчылі пра тагачасны «буйны рост» нашай эпікі. A ў нетрыбунных гутарках старшынёў раман называўся інакш: «Калі зліпаюцца векі». На нейкім сходзе i я, без усякага злога намеру, ледзь не ляпнуў такое, асекшыся на палавіне фразы. A ў дакладзе на пленуме, у студзені шасцідзесятага, ca смешнай сёння смеласцю дакрануўся i да першага ў абавязковых пераліках.

Шаноўны Вацлаў Жыдліцкі ў адным з чэшскіх слоўнікаў пісьменнікаў свету, сказаўшы добрае слова пра лепшае ў Броўкавай паэзіі, з прастадушнай аб'ектыўнасцю, збоку, зводдаль дадаў: «...а таксама аўтар схематычнага рамана «Калі зліваюцца рэкі». Гэта было яму ўлічана: у нашу энцыклапедыю ён не трапіў, у дапаўненне да яе таксама. Праўда, тут дапамаглі «падзеі» 1968 года, аднак i асабістая прычыначка сваё зрабіла.

Час прайшоў. Жыдліцкаму знайшлося законнае месца i ў энцыклапедыі літаратуры i мастацтва i ў купалаўскім энцыклапедычным аднатомніку, аднак... Аднак таксама засталося. Верны, актыўны друг нашай літаратуры, закончыўшы сваю чатырохгадовую выкладчыцкую працу ў Маскве, вяртаўся ў Прагу спецыяльна цераз Мінск, каб на дзень-два спыніцда ў нас па нашых справах. Усё было дамоўлена, аднак сваё зрабілі ўжо новыя асабістыя прычыны ды прычыначкі, — адзін з маладзейшых кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў — сёння, вядома ж, прагрэсіўны — пайшоў «куды трэба», патрыятычна пашаптаўся, i ў Маскву, насустрач госцю пайшла тэлеграма з ідыёцкай матывіроўкай, чаму яму нельга спыніцца ў Мінску. Нешта накшталт «в виду сложившихся» ці «изменившихся обстоятельств»...

Вось так. А чалавек робіць якраз аднатомнік Кузьмы Чорнага, намагаючыся данесці слова яго да чэшскага чытача як мага найлепш. A ў нашым выдавецтве каторы год пераносіцца ў планах кніга Жыдліцкага пра беларускую літаратуру, бо ён з-за Чорнага ўсё адкладае яе здачу.

Любіць нас, беларусаў, таксама трэба з немалой цярплівасцю.

Думка вядзе мяне ад чэха да паляка, Яна Гушчы, да адной гутаркі «наверсе», калі я яшчэ працаваў сакратаром Саюза пісьменнікаў i адказваў за сувязі з іншымі літаратурамі.

З Лодзі прыйшло пісьмо з просьбай прыняць за кошт іхняга выдавецтва паэта Гушчу, тэрмінам на два тыдні, для папярэдняй працы па падрыхтоўцы Анталогіі беларускай паэзіі ў перакладзе на польскую мову. У адказ на нашу радасць — першая такая Анталогія! — таварыш Марцалеў, адказны за культуру ўсёй рэспублікі, накіраваў на мяне свой сурова ашклёны позірк i ва ўпор спытаўся:

— А чего ему здесь надо?

На спробу яшчэ раз раеглумачыць, што гэта азначае, велікамудрае «а чего?» было паўторана з не меншай глыбінёй.

Пасля гэтай гутаркі я на два дні паехаў у Брэст, да сябра, каб адпачыць.

Гушча пазней усё-такі йрыехаў, мы дамагліся гэтага, i першае, што ён сказаў мне, яшчэ на вакзале, было пытанне:

— Ну што вы за маразматыкі? Сілаю трэба да вас дабівацца, каб для вас жа што-небудзь зрабіць!..

Прыйшлося i апраўдвацца, i сорам мулкі глытаць...

Зноў Жыдліцкі.

Калі мы з Адамовічам прыйшлі на перон, каб сустрэцца з Вашакам хоць на некалькі мінут стаянкі яго цягніка, супакойваць «праезджага госця» не трэба было. Ён па-свойму міла ўсміхаўся, спакойна, элегантна гаварыў на сваёй выдатнай беларускай мове. А на сумленнае сэрца — пасля двух інфарктаў — яшчэ ўсё асядала копаць новай крыўды...

1988

Загрузка...