РУКА


Toe драўлянай царквы ўжо даўнавата няма. Ей не месца было сярод высозных, уладна разлогіх гмахаў, яна даўно муляла вока бацькам горада, i яе паспелі неяк неўпрыцям прыняць, а месца па ёй загладзіць асфальтам раней, чым прыйшлі гады пэўнай евабоды i ў справах набожнасці. Яна мне помніцца не купаламі, якія сяк-так узвышаліся, не асцярожным звонам, які i мне даводзілася пачуць, a сінявата-шэрай сціпласцю ашаляваных сценаў. Гмахі навокал раслі, узвышаліся, а яна понізу каля ix тулілася, нібы вясковая бабуля ў гарадской радні, што вунь ажно як павыходзіла ў людзі.

У кніжцы-альбоме «Мінск на старых паштоўках» царква тая на адным з дарэвалюцыйных «відзікаў» нават крыху вышэйшая паміж драўляных асабнякоў, наўзбоч мураванак на дватры паверхі, слупоў з дратамі ды ліхтарамі. А на пярэднім плане, вышэй за царкву, бачыцца каменная капліца, з нейкай прэтэнзіяй на ўзорыстае хараство. Перад капліцай, яшчэ бліжэй да таго, хто глядзіць на паштоўку, рэдкія слупкі дэкаратыўнай агароджы, а далей, перад царквой — штакетнік ледзь не вясковага плота.

На маёй пасляваеннай памяці ані капліцы, ані іншага невысокага акружэння царквы ўжо не было. Дарэчы будзе тут працытаваць з подпісу пад паштоўкай:

«Цяпер на гэтым месцы сходзяцца вуліцы Савецкая, Мяснікова i Бабруйская. За капліцай стаяла невялічкая царква, узведзеная для чыгуначнікаў у 1890 г.»,

Апошні сказ у подпісе хоча прывесціся асобна:

«Абодва будынкі не захаваліся».

Такая знаёмая ды нявінна-сучасная прастата!

Ажно маленькі сын успомніўся. Разбіў прыгожы кубачак з чайнага сервіза, i маці, вядома, злуецца, ушчувае распусніка, а той, амалі ужо трохгадовы філосаф, спакойна, важна адказвае, адкапыліўшы ніжнюю губку:

«Ён — вельмі — любіць — ражбівацца».

Так, царкву тую, трэцюю на ўвесь наш, тады блізу мільённы, горад называлі Чыгуначнай — гэта я памятаю. Калі яна збудавана — даведаўся з подпісу пад рэпрадукцыяй са старое паштоўкі. Калі ж захацела разбіцца — у памяці не засталося. Скажам, як адыход у вечнасць тое вясковай бабкі, што дажывала каля знатнай ды апаратнай радні.

Па тым, што царква «не захавалася», не была знішчана яшчэ перад вайной, можна меркаваць, што яна i тады працавала. Зрэшты, не ведаю, а спытацца няма ў каго. А што ў гады гітлераўскай акупацыі ў царкве гэтай званілі i маліліся, як i пасля вайны гадоў некалькі, гэта ўжо мне вядома: што чуў, што бачыў. Хоць сам зайсці ў яе i не сабраўся.

Як i ў найбольшую з трох у сталіцы. Праўда, аднойчы перад Вялікаднем, на ўсяночную, якая хораша помніцца мне з вяскова-местачковага маленства, паспрабаваў праціснуцца цераз знадворны натоўп i — не змог. Быў толькі неяк у Аляксандра-Неўскай на Вайсковых могілках. Потым прыйшлося ўбачыць у газеце, што гэтая невялікая i прыгожая святыня, у аслоне высокіх дрэў, пабудавана па адным праекце з той, што красуецца каля крывава-славутай балгарскай , Шыпкі (проста шыпшыны), у вёсцы з такою самай назвай. Прыемна ўспомнілася, як я там быў, i на гістарычных скалах, i ў даліне, каля царквы, куды больш велічнай, чым яе мінская адпаведніца.

У Чыгуначнай царкве, пакуль яна жыла, меўся, вядома, i стараста.

I я яго ведаў. Не так, каб зусім ці бліжэй, а ведаў, чый ён цесць. Нават адзін раз сустрэўся i вітаўся за руку ў сямейным застоллі. Зяць яго, вядомы навуковец i паэт з першага пакалення беларускіх савецкіх інтэлігентаў, гадоў некалькі быў маім суседам па пад'ездзе. Асаблівай блізкасці не было, проста прыязнасць людзей адной прафесіі, са значнай розніцай ва ўзросце i ў чынах. Але аднойчы, калі ў кватэры на два наверхі ніжэй было нейкае святкаванне, запрасілі i нас. Жонка пайсці не змагла, i я спусціўся ў той шумны вечар адзін.

Вечар — як вечар, людны, вясёлы. А я з яго найвыразней запомніў сівавусага, статэчнанегаваркога дзядка — таго царкоўнага старасту. Сядзеў, маўчаў, выходзіў моўчкі, моўчкі вяртаўся. А потым настаў той час, калі дзядок з кішэні сваёй камізэлькі выцягнуў за ланцужок спрадвечную цыбуліну ці не славутага «Паўла Бурэ», паглядзеў на стрэлачкі, схаваў свой непадкупны жыццямер i з поўным правам на гэта сказаў... Каму сказаў? — сыну, з сям'ёй якога прыйшоў, i зяцю, гаспадару, хоць абодва яны i на сёмым дзесятку, i акадэмікі, фізік ды лірык, а тым не менш:

«Хлопцы, пара канчаць. Заўтра рабочы дзень».

Як той шум аціхаў ды канчаўся — не помніцца. А да вобраза статэчнага дзядка трэба дадаць, што жыў ён на ўскраіннай, ледзь не вясковай вуліцы, ва ўласным драўляным доме з добрым агародам i садком. Набожны быў i адпаведна пісьменны. Нават як быццам i вершы пісаў, меў свае дяжкасці з рыфмай. Адзін з сяброў яго зяця казаў, што як толькі стары адразу ці неўзабаве пасля вызвалення Мінска ў ліпені сорак чацвёртага дачуўся пра шчаслівы лёс дзяцей, якія з сем'ямі былі ў эвакуацыі, у старасты натхніліся радкі:

Дорогие деточки, увы,

Вы остались живы!..

Чаго добрага, а то i хутчэй за ўсё, гэта прыдумана самім зяцевым сябрам, чалавекам весела-з'едлівым, аднак да вобраза дзядка яно i прыліпае, калі яшчэ да гэтага бачыць i акуляры, i абмакнутае пяро...

Усё яно так, але ж мне трэба гаварыць пра іншае, сур'ёзнае, дзеля чаго i ўвесь уступ.

I гаварыць мне трэба ўжо зусім адкрыта.

...Адзін з маіх незаменных, ціхі, глыбокі Фёдар Янкоўскі, які на працягу звыш трыццаці гадоў абдорваў мяне шчырай увагай i спагадай, даў мне калісьці тэмы дзвюх мініяцюр. Пра мацярок — сваю i чыюсьці, найдаражэйшае з успамінаў. А тры гады таму назад, калі я па яго запрашэнні выступаў у педінстытуце, якому ён, падзвіжнік роднага слова, аддаў i ледзь не палавіну жыцця, i найшчырэйшы максімум высакароднай душы, i нястомнасць багатага розуму, Фёдар Міхайлавіч узрадаваў мяне яшчэ адным пры знанием, якое — ужо ўслед яму — успамінаецца з асаблівай удзячнасцю. Адкрываючы тую літаратурную сустрэчу, ён расказаў прысутным тое, пра што я забыўся i тут шчасліва прыгадаў, а ён, аказваецца, памятаў, лічыў у нашых адносінах вельмі значным. Назваў адну з тых тонкіх драбніц, якія i паміж блізкімі людзьмі могуць стаць вырашальным зрухам у той ці ў іншы бок. У нашым выпадку пайшло ў бок станоўчы. У свой час я быў ці не самым першым чытачом яго мовазнаўчых работ, машынапісаў «Беларускай фразеалогіі» i кнігі прыказак. Пасля ён, таксама для першай праверкі, папрасіў мяне паглядзець рукапіс лірычных запісаў, названых ім «абразкамі». I вось праз два дзесяцігоддзі, ды на людзях, перад выкладчыкамі i студэнтамі, прафесар палічыў патрэбным у сваёй сяброўскай аб'ектыўнасці падкрэсліць тое, што пачуў ад мяне, першага чытача яго не мовазнаўчых ужо, a мастацкіх старонак. Нешта не літаральна так, як я яму сказаў, а па галоўным значэнні такое вось помніцца цяпер з яго заўсёды нягучных, нетаропкіх слоў:

«Сам ты вось, браце, кажаш як след, што табе трэба сказаць, i я ад цябе больш нічога, каб як ні прасіў,— не вазьму. Пішы сам».

Я i не браў, а ён не даваў. I далей чыталі адзін аднаго ў рукапісах, дзяліліся ўражаннямі, заўвагамі, пры натуральнай пільнасці да той далікатнай мяжы, якая падзяляе творчыя абавязкі аднаго i другога.

Так, дружа мой,— яшчэ далека была наша разлука, ніхто пра яе не думаў, а ты ўжо, як быццам у нейкім глыбінна-цьмяным прадчуванні, пасля не адной (ведаю па сабе) i зноў нялёгкай спробы пачаць, нарэшце, пісаць тое, чаго ніхто за цябе не напіша, што не павінна застацца незапісаным, ты мне яшчэ адну тэму вырашыў падказаць, уступіць, для магчыма належнага вырашэння.

Ідзе толькі пяты месяц пасля твайго пакутніцкага адыходу, твая сяброўка, былая памочніца, яшчэ ўсё не можа без болю, з патрэбным спакоем узяцца за разбор тваёй рукапіснай спадчыны. Яна тут незамянімая, бо найлепш чытае твой прыгожы, але нялёгкі почырк, тым больш дробненькі, чым больш ён быў «для сябе», на далейшую ўласную расшыфроўку. Пасля, чытаючы старонкі ды староначкі, паметкі ды паметачкі (словы — твае), яна, магчыма, знойдзе нешта i ў сувязі з драўлянай царквой i яе сівавусым старастам — нейкі накід або задание самому сабе, а то i намёк пра перадачу тэмы...

Не ведаю пакуль нічога. Ведаю толькі адно. , Што вось ужо ці не два гады ў маім «тэмніку» значыцца тое, што ты мне гаварыў, без намёкаў ды адыходаў, адкрыта перадаючы сваё. Як быццам мне лягчэй будзе справіцца з тым, што перажыў ты сам, што бачыў, чуў у той жахлівы час, i дзень, i хвіліны. I я баюся, што будзе ў мяне не тое, не так. Але ж i мне ўжо няма калі лішне спадзявацца на больш адпаведны настрой, нельга i гэта адкладаць, як адкладаю нямала таго, што «ўразіла розум i сэрца» i не павінна пайсці ў нябыт.

I вось я пішу, запісваю тое, Што ты мне расказаў, што табою было перажыта на ўсю душэўную глыбіню.

Аднаго не ведаю, i ўжо няма з кім удакладніць, калі яно, тое здарэнне, адбылося — перад тваёй сямейнай трагедыяй ці пасля таго, як у полымі хаты, што так нядаўна стала родным гняздом для цябе, першай жонкі i першай дачушкі, якія загінулі ў варожым агні, а ты не змог ім памагчы?.. З якім цяжарам у душы ты, салдат недарэчнай фінскай вайны, недастрэлены снайперам, недамарожаны за дзень ва ўпадзіне паміж карэльскімі сумётамі, ты, што цудам быў знойдзены ў акачанелай непрытомнасці i да лета вылежаны ў шпітальных пакутах, потым адпушчаны ў сельскую школу, з якое пайшоў у шынельную масу, ты, надзелены крыўдна кароткім шчасцем кахання, бацькоўства, любімай працы... Гэтага я не чуў ад цябе тады, калі ты дзяліўся са мною тэмай,— пра гэта я потым пачаў разважаць, а тады не стаў распытваць, a гаварыў табе, каб не спяшаўся адступаць сваё, запаветнае. А потым, калі и так мала — сёння бачыцца — наведваў цябе то дома, то ў бальніцы, пра такое распытванне i не падумалася...

Пасля таго мінскага акупацыйнага адвячорка, калі ты, падпольшчык, балюча адчуў, што ўжо, здаецца, i выследжаны, ты будзеш яшчэ i ў сядле, на партызанскім кані, на якога цябе, маладога настаўніка з мужна затойванымі пакутамі ад франтавога ранення, будуць часамі падсаджваць сябры, а яшчэ пазней, на працягу пасляваенных гадоў, таварышы па разведцы i цёткі ды дзядзькі ў падмінскіх вёсках будуць з пашанай — найбольшая ўзнагарода! — гаварыць пра тваю колішнюю спакойную мужнасць i светлую чалавечнасць...

Гэта будзе пасля. Яно i было. Я гэта чуў таксама, i неаднойчы. А тады, у сорак другім, у сваім адчайным асочанні, ты, можна думаць, талковы, непалахлівы сувязны, а знешне нярослы, чарнявы і, няцяжка ўявіць, збялелы юнак,— ты, стараючыся не пабегчы, не замітусіцца, спыніўся перад дзвярыма драўлянай царквы. Яна была пустая, дзень несвяточны, i навокал людзей не было. Каля дзвярэй — твой момант! — стаяў пажылы чалавек. Усаджваў ключ у вялікі навясны замок. Няспешна, па-гаспадарску замыкаючы святыню перад тым, як самому падацца дахаты.

За трыццаць з гакам гадоў, щто я цябе бачыў i чуў, нешта не помніцца тзайго крыку. Заўсёды ціха, па-твойму кажучы, акуратна. Ну, а тады? Тады ты сказаў чалавеку сваё так ціха, так блізка, што ён цябе адразу зразумеў. За словамі, так незвычайнымі, неадпаведнымі ды нечаканымі чалавеку адчулася страшная праўда. Ты папрасіў, каб ён не замыкаў, што ты хочаш тут памаліцца. Ён павярнуў свой ключ у іншы бок, асцярожна выняў ca скабы дужку замка, ціхенька рыпнуў старымі дзвярыма — i ты ўвайшоў у пустую царкву...

Сёння мне трэба пашкадаваць, што за столькі пасляваенных гадоў не сабраўся зайсці ў тую несамавіта-сціплую будыніну, каб найбліжэй да праўды ўявіць, як ты — напэўна ж упершыню, бо камсамолец, настаўнік — апынуўся ў той падіконнай, сцішнаватай пустаце i цішыні, гатовай адгукнуцца i на шэпт, у тваёй магчымай пастцы, за сценамі якое смяротная небяспека, ад якое ты абаронены толькі даверам да невядомага чалавека з ключом...

Тут у мяне яшчэ большае шкадаванне, бездапаможная прыкрасць,— што не змагу ні праверыць, ні здагадацца, як доўга ты там прабыў, дзе заставаўся стараста: ці ён замкнуў цябе на нейкі час, ці за та бой увайшоў, можа, нават схаваў у надзейным месцы, хоць бы — Божа, даруй! — за алтар, ці гаварылі вы штосьці, ці зводдаль былі, пакуль ты «маліўся», ці ён выглядаў на двор?.. Ён жа, вядома, таксама баяўся, разгублены быў, здагадваўся, хто ты... Тут я ў здагадках бездапаможны. А прыдумваць прыблізнае — не хачу.

Мне, відаць, дастаткова тое апоры, якую меў, перш за ўсё, ты — безвыходны i рызыкоўны давер да чалавека, той давер, тая ўдзячнасць, якія ты там адчуу i вынес адтуль у прыцемак зруйнаванага горада, з-паміж руінаў якога табе яшчэ трэба было звышасцярожна ды звышрызыкоўна выбрацца — ці зусім, у вёску сваю, ці да адной з надзейных явак...

Пішу, i вось якраз цяпер успомнілася, як я, ратуючы блізкага чалавека, тапіўся ў моры i сам. Пайшоў на дно i яшчэ вынырнуў, нават падумаў: лягу на спіну, перадыхну i тады... I лёг, здавалася, як трэба, але ізноў пацягнула на дно... Аднак жа вынырнуў яшчэ!.. I тут убачыў, што ад берага да мяне шыбуе — i гэта заўважылася! — аднарукі мужчына. Потым даведаюся, што ён марак, капітан, франтавы інвалід. А тады, даплываючы, ён закрычаў:

«Толькі не цапай!»

Цапнуў мяне ён сам: сваёй учэпістай за маю, ніжэй плечука. I гэтага хапіла — я ажыў, я адчуў сябе на вадзе!..

Параўнанне, відаць не надта далёкае. Бо i ў мяне ж быў страх. Ці не апошні? I не толькі за сябе...

Чалавечае разуменне. Чалавечны давер. Адчуванне рукі.

Гэта пайшло з маім сябрам ад тое сціплай царквы назаўсёды.

Потым ён перадаў яго — далей панесці — мне.

1990

Загрузка...