Толькі што была арганізавана «Маладосць», i для яе трэцяга нумара (першым была ў пажарным парадку адзначана смерць Сталіна) мы з фотакарэспандэнтам Аляксандрам Дзітлавым паехалі ў адзін з заходнебеларускіх калгасаў, да новай маладой славутасці, якая кінула ўсенародны камсамольскі покліч: «Дзяўчаты, на трактар!»
Засталі мы яе на палявой дарозе каля вёскі. Воддаль — трактар. i Член урада, член ЦК камсамола, яна стаяла з трыма мужчынамі i аднаго з ix брыдзіла так, што не запішаш. Маці мая казала калісьці, што як жанчына вылаецца матам, дык пад ёю зямля загарыцца на цэлы сажань у глыбіню. Калі б гэта так, дык тут яна, на дарозе, прагарэла б уніз цэлай шахтай — з вярсту. Дый нягегла ўсё гэта гучала, жалю i гідкага сораму варта, неадпаведна выгляду i плаксіваму голасу маладзіцы. Мой інтэлігенты таварыш, нядаўні афіцэр-франтавік, паглядаў на мяне з недаўменнай усмешкай.
Я выбраў-такі момант, скарыстаўся шчылінай паміж матамі, сказаў маладзіцы, хто мы, адкуль i чаго, запрасіў пагаварыць.
— Тады хадзем, — сказала яна, з ходу трохі ашляхнуўшы, ужо з прыкметным вопытам наконт прэсы i радыё.
Трэба было пачынаць кантакт, i я, ідучы, спытаўся:
— Што, дрэнны старшыня?
I яна адказала яшчэ па інерцыі:
— Такі ён старшыня, як з вашага... пісар!
Нейкі час ішлося з заткнёным ротам. А паварот да патрэбнага нам адбыўся ў хаце, якая была недалёка. Дома нікога не было. Не змаўляючыся з таварышам, мы папрасілі гаепадыню зняць камбінезон, памыцда, пераплясціся, пераадзецца — для здымкаў. Пакуль яна ў сумежным пакоі i ў кухні займалася гэтым, мы сядзелі моўчкі, толькі з мужчынскімі, сталымі ўсмешкамі зрэдку пераглядаліся.
Гаспадыня ўвайшла — як не тая: у светлай сукенцы, з заплеценай касой, нават з усмешкай, трошкі як сарамлівай, — нармальная.
Я папрасіў:
— Прысядзьце пакуль што. Трэба спачатку пагаварыць.
Яна прысела каля стала, хораша засланага саматканым абрусам.
— Цяпер скажыце нам, чаго вы так брыдка лаецеся? Такая маладая, мілая.
I пералом канчаткова адбыўся. Яна заплакала:
— Сталі б вы... на маё месца... ды паглядзелі б, як гэта... што гэта за смак!.. Усе людзі... як людзі... а мне...
I іншае ў такім тоне. Пра лютую працу трактарысткі ў нядаўна арганізаваным калгасе, якая павінна не проста працаваць — павінна паказваць прыклад на ўсю рэспубліку i далей. А яна ж не вольная птушка, у яе сям'я. Малое ёсць, у мамы цяпер, у суседняй вёсцы. I недалёка, a зірнуць на дачушку няма калі. I мужа, таксама трактарыста, трэба ж глядзець, i хату, i гаспадарку нейкую... Яна хліпала, уціралася ражкамі светлай хусткі, што была накінута на плечыкі, канчала плакаць, i нам было шкада яе як нашмат маладзейшую... ледзь не сястру.
Мы пайшлі ў поле, да яе трактара. Дзітлаў здымаў, я сёе-тое запісваў. Дома ён праявіў свае здымкі, я напісаў «лірычны нарыс» — усё па форме i ў норме. Часопіс выйшаў з гераіняй. Усмешлівай i каляровай.
А мне вось i яшчэ ўсё помніцца тое не ўсё ў напісаным, тая ружовакіеельная гладкасць, ад якое мляўка наўздагон.
1987