Першы з дзевяці маіх дваюрадных братоў, старэйшы за мяне на дваццаць сем, Алесь. Пісаў я пра яго i юнаком, у «Праведніках i зладзеях», i ў позняй сталасці, у «Золаку, убачаным здалёк», i ў запісах, аднак сёе-тое з яго каларытнага вобраза яшчэ ўсё часамі паблісквае ў памяці, i хочацца запісаць.
I ў мове яго было многа нязвычнага. Скажам, такое:
«Па ўсім свеце пройдзе яна, наша пралетарская струна».
«На якую трэль чалавек пастаўлены — ці ласкай возьмеш яго, ці злосцю».
«Няма ў нас аніякага нармалу».
Нешта я браў з яго мовы, а яшчэ што i не ўзяў.
У акупацыю, дачуўшыся пра ўступленне ЗША ў вайну, ён гаварыў у нашай хаце, задаволены:
«Ну, цяпер дзела пойдзе! Калі яна з намі, Амерыка. Яна нам аружыю — ж-жых! Какаву, фрухту ўсякую — ж-жых!..»
I адпаведны штуршок рукою наперад: ж-жых не так сабе, а як маланкай цераз увесь акіян, нават над самай вадою.
У яго гераічным удзеле ў першай сусветнай вайне (чатыры «Георгіі») быў i нядоўгі аўстрыйскі палон. A гаварыў Алесь чамусьці пра Італію, што гэта там ён быў, адтуль уцёк. Можа, з-пад Трыеста?.. Калі пасля вайны з Урала прыехаў пагасціць на радзіме бацькоў мой пляменнік Шура, толькі на шэсць гадоў за мяне маладзейшы, я навёз яго з Мінска ў Загора i ў Маласельцы, да родзічаў. «Завёў» я Алеся на ваенныя ўспаміны, каб пачаставаць гэтым, Шуру, франтавіка. Калі дайшло да той «Італіі», Наташа,,Шурава жонка, інтэлігентная русачка, сныталася:
— А скажите, пожалуйста, Алексей Лукич, природа там, конечно, вам понравилась?
I ён, таксама інтэлігентным ладам, адказаў:
— A нічога. Прырода красівая. Але почва зямлі гавённая.
Калектывізацыя ў нашых мясцінах, у сорак дзевятым — пяцідзесятым гадах, пачалася з таго, што ва ўсіх вёсках ды вёсачках, нават i ў суседніх Качанах, дзе семнаццаць хат, быў свой, асобны калгас. I ў Маласельцах, трохі большых за Качаны, таксама. I старшынёй там выбралі Алеся. I бывалы ён, i смелы, i бядняк рабацяшчы. А неўзабаве нажыў ён, на старасці гадоў, яшчэ адну мянушку — Палітаддзел.
— Абы што якое, дык сам не хоча рашаць, а на каня, мяшок з сенам пад сраку, i ў Кашчычаў двор, у эмтээс. «Хай думае палітаддзел!..»
Аднак праз лета Палітаддзела са старшыні калгаса «Праўда» знялі. За тое, што вырашыў ён сам.
— За што ж цябе, Алесь? — спытаўся я, калі сустрэліся.
— Даў людзям сена накасіць. Пабілі на дзялкі i пакасілі.
— Ну, а навошта ж ты так, самавольна?
— На прымер падняція духа!..
1988