ЖОЎТЫ ТРЫПЦІХ

Дануце Бічэль — Загнетавай

...пажоўклы ліст адзін за адным

нясе свой жаль над полем пустым.

Уільям Шэкспір

І

Адчуванне смерці неабходна

тым, хто хоча вечна жыць, —

жаўцізною восені паходня

доўга будзе нам свяціць.

Адспяваюць птушкі напрадвесні

толькі раз на цэлы год,

асалодзяць нашых боляў песні,

згорклы ў сэрцы даўні мёд...

ІІ

На пытанні, што стаяць спрадвеку,

з цягам часу знойдзецца адказ.

Хваляванні сённяшняга веку

хваляваць не будуць заўтра нас.

Хай жа лёс хвілінай летуцення

нам запаліць жоўтыя агні!..

Тыя словы, рэчы, справы, цені,

з болем сэрца восеньскія дні.

ІІІ

Але ўсё на свеце з божай ласкі!

Восень сцеле жоўтым дываном,

І ўсе стомленыя твараў маскі

ціхім спачываюць сном...

Загрузка...