... і велічэзныя іх трохвугольныя плоскасці,
выглянцаваныя ад асноваў да агульнай вяршыні, былі з шанаблівай дакладнасцю звернуты да чатырох бакоў свету.
Болей за ўсё падабаецца сядзець на самым версе піраміды Хеопса.
Сядзець, звесіўшы ногі, паліць папяросу і, зразумела, разважаць сам-насам, сплёўваючы ўніз.
Людзі з гэтай вышыні як мурашы: нечага варушацца, корпаюцца. Нават горш за іх. Мураша хоць адным пляўком можна ўтапіць, толькі прыцямліва пацэліць, а да людзей нават і сліна не далятае — гэткая ж адлегласць! Ды і жыццёвыя прасторы розныя. Я сяджу амаль на кропцы, чхнуць цяжка. Дзе ж тут прыцэліцца добра? Хай не сярдуюць.
А ў іх? Неабсяжная плошча! Мне нават іх далягляд пашырыўся, бо сапраўды далягляд узроўню вачэй належыць. Але хай бяруць сабе, ён мне не да патрэбы.
Дзіву даешся, бачыш далей, а варушыцца небяспечна. Але бачыць далей лепш, чым поўзаць, як сядзець лепей, чым быць мурашом. Кропка як пасад: пазяхнуў лішку — і зваліўся. Затое яна аднаму належыць, а паверхня — агульны мурашнік.
Часам хочацца адкалупнуць пад сабою кавалак блока і адшпурнуць: можа, у каго траплю, хоць сапраўдную справу знойдуць мурашы. А мне зручней будзе, пашырыцца прастора пад азадкам. Азадку шырэй — ды і да мурашоў бліжэй. Увогуле, гэта ўжо будуць не мурашы, да гнаевікоў павялічацца. А яшчэ дасі патугі сабе, напрыклад, прылегчы захочаш — у жабаў ды грызуноў ператворацца. Так да ваўкоў і быдла можна апусціцца. Не, наконт быдла перабольшыў: большымі за сябе людзі не вырастуць.
Сонца. Надта пячэ. Мала таго што бліжэй да святла — смагу спаталіць няма адкуль. Там, на зямлі, з рэчкі зачарпнуць. Вунь, з вяршыні піраміды, Ніл, як кудзеля, уецца. Зайздрасць бярэ...
Але, паклаўшы рукі на галаву, чаму і каму зайздросціць? Мурашам? Гм..., ды і кудзелю не п’юць, хіба толькі там, унізе.
А майму небу з сонцам нішто не перашкаджае, піраміда цалкам належыць — нават цень яе ніхто не ўсведамляе, бо ўнізе толькі тое, што бачна, — тое і разумеюць.
Не! Хай поўзуны глытаюць пыл і спаталяюць смагу!
Для мяне вы ўсё роўна мурашы, а Ніл ваш — звычайная кудзеля.