Калі вы нарадзіліся Адамам Міцкевічам...


(Эсэ)

Міцкевіч быў паэтам

усяго толькі некалькі гадоў,..

... ён жыў і дзейнічаў як палітык, публіцыст, прафесар універсітэта і прарок, скончыў свае дні жаўнерам.

Ян Паранодоўскі

«Алхімія слова»


Не давядзі вам Бог нарадзіцца на сумежжы культур, цывілізацый, эпох, у «дзяржаве», ад якой засталася адна назва і «хлопская» гаворка — некалі вялікадзяржаўная мова найбуйнейшай у Еўропе «княскай імперыі», аб чые межы разбіваліся хвалі «сцюдзёнага і цёплага» мораў: у той мясцовасці, якую суседзі з захаду ахрысцілі як Усходнія Крэсы, а суседзі з усходу надалі статус Паўночна-Заходняга краю; сярод таго карэннага народу, які і ўсвядоміць можа сябе толькі «тутэйшым».

Ды яшчэ калі кажуць, што ваш бацька з мазураў, а маці жыдоўка і вы ніяк не «цягнеце» на тутэйшага, а за сваю шляхетнасць трэба змагацца не высакародна - шпагаю ці пісталетам у двубоі, — а ўсімі праўдамі і няпраўдамі ад местачковых да губернскіх і вышэй чынадралаў імперыі «дзвюх сталіц»..,

калі вы спалучаеце ў адной асобе палітыка і мастака-творцу, і, з аднаго боку, вы «асвечаны вальтэр’янец» і цынік, з другога — рамантык і паэт...,

калі, улічваючы вышэй сказанае, ваша каханка аддае перавагу тытулаванаму ваяру-графу і бярэ з ім шлюб, а вы вымушаны працягваць свой радавод згодна з лепшымі традыцыямі «сыноў Ізраіля»...

калі, маючы Бацькаўшчыну, вы не маеце Радзімы, бо для існавання апошняй неабходна незалежнасць, і лёс ваш -гэта бясконцая вандроўка па краінах, і жыццё ваша барацьба за волю...

Тады недобразычліўцы абвінавацяць вас у бруднай палітыцы, пры дапамозе якой вы стварылі сабе выбітнасць палітычную вершаплётствам альбо выбіваліся ў літаратуру палітыканствам...,

тады ёсць верагоднасць, што вас атруцяць, каб вы не належалі самі сабе...,

тады нашчадкі ўсіх гэтых міжчассяў і бязмежжаў перасварацца паміж сабою, ірвучы вас на часткі...,

тады шмат якіх бездараў выб’ецца ў таленавітыя, даследуючы вашае жыццё «па костачках»...,

тады вы станеце прыкладам для шмат каго і, акрамя аднаго геніяльна-генетычнага з вамі паэта Уладзіслава Хадасевіча, знойдзецца добры дзесятак «самазваных» паперабруднікаў, якія выкраяць сабе месца ў вашым радаводзе...,

тады вашым імем назавуць вуліцы, калгасы, установы, паставяць помнікі, адчыняць музеі, адзначаць у ваш гонар святы...,

тады вы нарэшце ўцячаце ад сябе і перастанеце быць самім сабою, бо будзеце адлюстраваннем, і адлюстроўваць будзеце цэлую эпоху, ператвараючыся сапраўды ў міжчассе і бязмежжа...,

тады наўрад ці хто зразумее, што ваша роля была ў тым, каб міжчассе і бязмежжа ўкласці ў час і межы... I калі гэта так, то вы - геній, а гэта ўжо па-за межамі свядомага.

Загрузка...