Наракала ж маці пісаць па-польску...


(Эсэ)

Як трапна заўважыў гарадзенскі паэт Алесь Чобат, да беларусаў пасылаць Месію даўно не мела сэнсу. Безыменныя і сляпыя, як краты, людзі ўсё ўспрымалі навобмацак. Не ведалі яны ні пра Сонца, ні пра Свабоду і ў бяздушшы сваім былі праклёнам свае зямлі.

Ад песень жальбы сталі яны бязмоўнымі, глухімі, і, каб хто паклікаў іх, то не пачулі б, а каб пачулі, то не зразумелі б.

Ды з Боскай ласкі, каб дарэшты не сканалі гэтыя людзі, час ад часу ўкладалася нейкаму з іх мова, як душа народа. Вось сказалі сваё слова і адышлі ў нябыт Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Янка Лучына, Францішак Багушэвіч.

Але на пачатку шляху да Адраджэння кожнага народа стаіць не Прарок. Першым прыходзіць Паэт, за ім — Філосаф, далей — Прарок, а ўжо потым з’яўляецца і Сам Месія. Без гэтага немагчыма ўваскрашэнне, бо калі мусіла спачатку быць Слова, то і вянчаць будзе Слова, прадуманае, выпакутанае і таму боскае.

Але на зямлю, спавітую вечным туманам, сярод статку авечак з нябёсаў спусцілася заклятая кветка Купалля...

Некалі і некаму яна павінна была сказаць “Вось я” і самой ускласці на сябе Крыжы ўсіх чатырох: Паэта, Філосафа, Прарока і Месіі, бо шмат часу ўжо было страчана!

Зліваючы ў адзінае цэлае хрысціянства і паганства, у дзень святкавання праваслаўнымі Прарока Яна Прадцечы 8 ліпеня 1882 года нарадзіла яна ў Вязынцы таго, каму наканавала сказаць пра сябе: “А беларусы нікога не маюць. Няхай жа хоць будзе Янка Купала”.

Былі і да Янкі Купалы і песняры, і асветнікі, і змагары. Але яму Небам было наканавана стаць Збавіцелем.

Каб Купала не быў паэтам, ён наўрад ці быў бы пачуты афіцыйна, быў бы філосафам без філасофіі; каб не здарылася ні таго, ні другога, ён не стаў бы Прарокам. І ў гэтым адзінстве ён — Месія роднай зямлі!

Ворагі Адраджэння, каб адарваць яго ад Бацькаўшчыны, а Яе ад Яго, рэзалі Месію на “рамантызм” і “трагізм”. Але Купала не быў кавалкам ні таго, ні другога. Тыя, каму не дадзена ўбачыць усё цалкам, пра ўсё будуць меркаваць па сваёй слепаце.

Месія не можа быць нікім, акрамя як Месіяй. Можа таму ў 1930 годзе Янка Купала ўсклаў на сябе рукі. Але дарма. Месіі паміраюць ад лапаў ката, пранёсшы свой крыж уласна і на сваю Галгофу. Толькі так і не інакш.

А Купала і пранёс яго, як належыла пранесці. Нават яго панегірыкі Маскве і СССР, “таварышам” і першаму сярод іх гучалі як сарказм, кпін і здзек з апошніх, што проста нельга было не заўважыць. Нельга было заўважыць гэта і ўголас, бо выключнае права рабіць з Месіі “ворага народа” належала толькі найвялікшаму “сябру ўсіх працоўных”.

Усе запаветы Купалы ў ягоных забароненых “саветамі” вершах: берагчы матчыну мову, жыць у сацыяльным і класавым адзінстве, вучыць дзяцей роднаму, шанаваць мінуўшчыну і людскую годнасць, варожае бачыць толькі ў разбуральным, не мець нянавісці да нашых народаў, не шукаць раю ні ў Маскве, ні ў Варшаве, гнаць трутняў усіх кшталтаў, бязлітасна нішчыць ворагаў.

Янка Купала ахвяраваў сябе выратаваць наш народ, але беларусы наракалі і наракаюць на яго, што пясняр не плакаў разам з імі. Беларусам не трэба сонца, іх далоням хапае і бляску чырвонцаў.

Таму Купала належаў усім і нікому, як кожны Месія, і яго прароцтва заўжды будзе належаць заўтрашняму дню.

Бальшавікі, манкурты, калабаранты рабілі мёртвым купалаўскае жывое слова. Маўляў, паэт не зразумеў, не ахапіў, памыліўся, а таму пакаяўся і адрокся.

Але жывы паэт усё зразумеў, усё ахапіў, не памыліўся і не разгубіўся, а таму не адрокся і не пакаяўся.

Падчас ліхалецця 1937 года Янку Купалу выбіраюць у склад секцыі паэзіі ССП БССР, у склад прэзідыума Праўлення СПС СССР, дэпутатам Мінскага гарадскога Савета...

За немцамі ў Мінску яго імем называюць вуліцу...

У вызваленым ад немцаў СССР называць вуліцы імем Купалы стала правілам...

У захопленай гітлераўцамі Беларусі дзеячаў беларускага Адраджэння вынішчалі гестапаўцы і бальшавіцкае падполле. Ахвяры спісвалі адзін на аднаго.

Галгофай для Янкі Купалы стаў лесвічны пралёт дзесятага паверха маскоўскага гатэля “Масква”. У НКВДысцкіх пратаколах “крайнімі” сталі “неспадзяванасць” і “трагічнасць” абставінаў. А ў акупаваным Мінску фашысты забаранілі распаўсюджваць усялякую інфармацыю пра смерць Купалы.

А можа і сапраўды трэба было паслухацца маці і пісаць па-польску?..

Адно слушна: назваць Купалу беларуска-савецкім паэтам язык не паварочваецца. Калі ён нарадзіўся, то “советской Белоруссии” не было ў свядомасці, а калі загінуў — у “натуры”.

Загрузка...