Прытча аб красках

Чаму ты паверыш больш:

яе клятвам альбо ўласным вачам?

Лукіян з Самосы

“Размовы гетэр”


Неяк пад час пахмелля ў шынку “Магістраль”, што ля стадыёна, мой выпадковы сабутэльнік распавёў пра сваю дасканалую сістэму светабудовы, у якую, на вялікі гонар, аніяк не могуць укласціся кабеты. “Яны выпадковыя і таму лішнія ў светабудове, бо бракуюць маёй сістэме,” — скардзіўся мой новы сябар, не забываючыся з маёй талеркі раз-пораз кідаць што-небудзь з няхітрай пачосткі свайму беламу пудзелю.

І паколькі я пахмяляўся за грошы гэтага брахмана думкі, то як удзячнасць пад заканчэнне іх склаў яму прытчу: “Каб бачыць у звялай красцы былы бутон, трэба воля, а каб убачыць у бутоне звялую краску, спатрэбіцца ўяўленне”.

Прабач, Зямля!

Цябе я не пакрыўдзіў.

Мой лёгкі крок

Не пакідаў слядоў,

А позірк

Не трымаўся доўга

На красках

Летуценнае красы.

Прабач, Зямля...

Загрузка...