Смех злосны, добры і... ніякі


Думкі аб сучасным стане сатыры і гумару

Тэарэтыкі-літаратуразнаўцы, здаецца, і да гэтага часу яшчэ не прыйшлі да агульнай згоды наконт таго, чым жа лічыць сатырычную і гумарыстычную творчасць: ці асобным родам літаратуры (ёсць і такая думка), ці толькі пэўным відам або нават жанрам, ці проста спецыфічным спосабам адлюстравання рэчаіснасці, своеасаблівасць і сутнасць якога — у асмяянні, у адмаўленні або сцвярджэнні гэтай рэчаіснасці пры дапамозе смеху.

Не ўдаючыся ў тэорыю, скажам, што мы ў сваім працоўным жыцці, у штодзённай літаратурнай практыцы ўвогуле правільна разумеем і ўяўляем, што гэта такое — сатыра і гумар, і гэтага практычнага разумення нам дастаткова. Мы ведаем, што смех сатырычны — гэта смех знішчальны, разбуральны, бязлітасны, бескампрамісны, мэта якога — поўнае, безагаворачнае адмаўленне заганы. Таму на яго ўзбраенні і з'едлівая, забойчая іронія, і яе вышэйшая ступень — сарказм. Сатыра выкрывае і адмаўляе такія заганы, якія з'яўляюцца небяспечным для грамадства злом, і адмаўляе іх адкрыта, тэндэнцыйна, непрымірыма, у імя сцвярджэння высокага грамадскага ідэалу. Паміж пісьменнікам-сатырыкам і прадметам ці аб'ектам асмяяння — непераходная мяжа, бездань.

Іншы характар мае смех гумарыстычны — смех, які не адмаўляе, а сцвярджае, у якім пераважаюць станоўчыя адносіны да прадмета асмяяння (хоць гэта не значыць, што такі смех — зусім бяскрыўдны). Гумарыстычны смех датычыць звычайна тых заган, пра якія можна сказаць, што яны з'яўляюцца працягам нашых дабрачыннасцей. У гумары вонкава камічнае спалучана з унутрана станоўчым, сур'ёзным. За дзівацкімі, недарэчнымі, смешнымі ўчынкамі і паводзінамі гумар прымушае нас бачыць сур'ёзнае і думаць, задумвацца аб гэтым сур'ёзным — усур'ёз. Гумар як эстэтычная з'ява ці катэгорыя бадай што больш складаная, у параўнанні з сатырай, яго смехавая гама шырэйшая. Адносіны гумарыста да прадмета смеху больш блізкія, асабістыя, можна сказаць — больш інтымныя, і сам смех разлічаны на абавязковае ўзаемаразуменне, на тое, што гэтая форма крытыкі (а гумар — крытыка таксама!) не прынізіць і не абразіць, а наадварот — дапаможа чалавеку ў разуменні сваёй чалавечай годнасці стаць вышэй.

Грамадская функцыя сатырычнага і гумарыстычнага смеху ў літаратуры была зразумета і ацэнена даўно. Гаворачы словамі Маркса, смех гэты патрэбен «для таго, каб чалавецтва весела расставалася са сваім мінулым», а такое расставанне — непазбежнае, бо гісторыя грамадства развіваецца так, што яна пастаянна павінна «несці ў магілу састарэлыя формы жыцця». Сусветная мастацкая літаратура дала геніяльныя ўзоры творчасці, пазначаныя гэтым асаблівым дарам. Дастаткова прыгадаць імёны Сервантэса і Рабле, Мальера і Свіфта, Грыбаедава і Гогаля, Салтыкова-Шчадрына і Чэхава, Марка Твэна і Гашэка і многіх-многіх іншых, менш значных, але таксама выдатных майстроў «смеху», стваральнікаў сатырычных і гумарыстычных вобразаў.

Бадай што ў кожным народзе вельмі высока цэніцца лячэбна-тэрапеўтычная функцыя смеху, яго здольнасць лячыць чалавека і грамадства ад заган, ачышчаць грамадскую свядомасць ад розных перажыткаў, ад усялякага шкоднага для нармальнай жыццядзейнасці арганізма баласту. Гэта ж трэба сказаць і пра нас, беларусаў, пра нашу даўнюю традыцыйную любоў да вясёлага, дасціпнага, насмешлівага слова — любоў, што стала рысай нашага нацыянальнага характару і, натуральна, неад'емнай якасцю беларускага фальклору і літаратуры. Якасцю, якая прызнана і па вартасці ацэнена ў свеце. Цяжка назваць больш-менш значнае ў нас літаратурнае імя, чыя творчасць не выявіла б у той ці іншай меры схільнасць да дабрадушнага або з'едліва-іранічнага смеху. Згадаем ананімныя паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат», камедыі Дуніна-Марцінкевіча, вершы, паэмы і апавяданні Багушэвіча, камедыі, вершы і байкі Купалы, паэму «Новая зямля», апавяданні, у тым ліку вершаваныя, аповесці і вершы Коласа, раманы, аповесці і апавяданні Чорнага, аповесці і апавяданні Лынькова і многіх-многіх іншых... Колькі на старонках іх твораў камічных сітуацый і эпізодаў, колькі іроніі і гумару, колькі сатырычных, гратэскных вобразаў! Я ўжо не кажу пра такі выключны, незвычайна яркі сатырычны талент, якім ёсць у нашай літаратуры Кандрат Крапіва. У ліку тых, хто і сёння не-не ды і пакарыстаецца «зброяй смеху» — Пімен Панчанка і Янка Брыль, Максім Танк і Максім Лужанін, Кастусь Кірэенка і Аляксей Зарыцкі. Так, хоць Панчанка — лірык, але іронія і гумар — абавязковыя эмацыянальныя фарбы бадай што яго кожнай кнігі. Не назавеш чыстым «смехатворцам» і Брыля, але яго «Ніжнія Байдуны» прагучалі гумарыстычным выбухам такой сілы, якой даўно не ведала наша проза. Часта звяртаюцца да сатыры і гумару Р. Барадулін (у паэзіі) і П. Місько (у прозе). Ёсць і маладзейшыя таварышы, якія выяўляюць задаткі ў выяўленні камічнага (напрыклад, аўтар цікавай смешнай аповесці «Бацька ў калаўроце» Р. Семашкевіч).

І ўсё ж я павінен не без засмучэння канстатаваць, што ў цэлым наша літаратура як бы пачала паступова траціць гэтую зайздросную здольнасць — смяяцца. Усё радзей і радзей спатыкаеш і адчуваеш ачышчальную сілу смеху ў кнігах прозы і паэзіі, на старонках часопісаў і газет. Хіба што толькі ў галіне драматургіі малюнак некалькі іншы: па-ранейшаму верны сабе Андрэй Макаёнак, які зноў і зноў звяртаецца да жанру сатырычнай камедыі, плённа шукаюць сябе ў гэтым жа кірунку М. Матукоўскі, А. Петрашкевіч і іншыя драматургі.

Чым тлумачыцца пэўны спад сатырычнай і гумарыстычнай плыні ў нашай літаратуры — пытанне не простае, разабрацца ў прычынах гэтай з'явы належным чынам і ўсебакова — справа гонару нашых крытыкаў і літаратуразнаўцаў. Мне ж бы хацелася тут паказаць толькі на адну акалічнасць не творчага парадку, якая, па майму перакананню, садзейнічае гэтаму непажаданаму спаду і ўжо ва ўсякім разе не спрыяе ажыўленню і росквіту сатырычна-гумарыстычнай творчасці ў нашай літаратуры. Маю на ўвазе тыя адносіны да сатыры і гумару, якія склаліся і ў Саюзе пісьменнікаў, і ў рэдакцыях і выдавецтвах, і ў нашай літаратурнай грамадскасці наогул. Адносіны гэтыя такія, што ў цэлым бадай заслугоўваюць іменна сатырычнай ацэнкі, бо гумарам тут, відаць, ніяк не абыдзешся: гумар — гэта смех дабрадушны, гэта ўсмешка нязлосная, прабачлівая, даравальная, а тут — адносіны такія, што ні прабачыць, ні тым больш мірыцца немагчыма. Нельга, каб такая эфектыўная ідэалагічная зброя недаацэньвалася і апыналася па-за ўвагай літаратурнай грамадскасці. А між тым, публічных, у друку, творчых размоў і дыскусій па праблемах сатыры і гумару не вядзецца. На сходах секцый і пленумах, нават на з'ездах Саюза пісьменнікаў — сатыра і гумар або зусім абмінаюцца, або атрымліваюць увагі — палавіну аднаго абзаца. Прыгадайце, каб не залазіць далёка ў гісторыю, паш апошні, VII з'езд. Анталогіі «смеху» ў нас да гэтага часу няма (хоць, напрыклад, у маёй бібліятэцы — тры такія анталогіі, выдадзеныя ў апошні час балгарскімі сябрамі). Сур'ёзных навуковых даследаванняў на гэту тэму — няма таксама. На дзяржаўную прэмію кнігі сатыры і гумару нават не вылучаюцца. Конкурсаў на лепшы сатырычны ці гумарыстычны твор у жанрах прозы і паэзіі не абвяшчаецца. «Вожык» у сваёй бібліятэцы за год выдае ўсяго 6 кніжачак, хоць можна было б выдаваць 24 — да кожнага нумара, ці ва ўсякім разе хоць 12, каб сатырыкі і гумарысты мелі большую магчымасць друкавацца. Бо будзем шчырымі: пісаць і думаць: «а куды я з гэтым напісаным пайду? дзе яго дзену? хто яго надрукуе?» — цяжка.

Па тым, якія адносіны ў нас да сатырычнай літаратурнай творчасці, можна было б меркаваць, што ў нашым грамадстве ўжо няма нявырашаных сацыяльных, маральна-этычных і іншых праблем, што ў нас ужо няма чаго і каго падвяргаць «Ювеналаву бічу» — няма перажыткаў, заган і недахопаў і няма носьбітаў гэтых перажыткаў і заган, няма ўжо з чаго і з каго смяяцца. Па-першае, трэба ведаць, што такога ідэальнага становішча ніколі не будзе: пакуль чалавецтва існуе, яно будзе развівацца, ісці наперад, і заўсёды жыццё будзе нараджаць больш высокія грамадскія ідэалы, а тое, што ім не адпавядае, будзе рабіцца прадметам асмяяння, станавіцца спажыўным харчам для сатыры. Свядомасць чалавека, яго духоўны ўзровень, яго мараль, яго погляд на дабро і зло будзе непазбежна мяняцца, і тое, што сёння здавалася дабрачыннасцю і амаль доблесцю, заўтра можа здацца недарэчным і смешным.

Значыць, дакуль будзе існаваць чалавецтва, датуль будзе існаваць і сатырычны смех і будзе дапамагаць яму развівацца. Гэта агульная філасофская аксіёма, зразумела, цалкам прыкладаецца і да нашага сацыялістычнага грамадства, якое таксама не стаіць на месцы, у якім працягваецца пачаты Кастрычнікам працэс рэвалюцыйнага пераўтварэння асноў жыцця, усё глыбей і глыбей захопліваючы сферы грамадскай псіхалогіі і маралі,— тыя сферы, з якімі ў першую чаргу мае справу пісьменнік.

Вось чаму — на наш сённяшні дзень, сённяшні стан рэчаў, на наша сённяшняе жыццё мы павінны глядзець з вышыні тых грамадскіх ідэалаў, якія паставілі задачай сцвердзіць, у імя якіх працуем і змагаемся. І калі мы паглядзім іменна так, то ўбачым, што для сатыры ў нас работы — толькі паспявай, што гэтаму роду зброі ржавець нельга,— забываць, ігнараваць і не выкарыстоўваць сёння сілу мастацкага смеху проста злачынна.

Яшчэ на зары Савецкай улады У. І. Ленін, маючы на ўвазе жулікаў, дармаедаў і хуліганаў, з вялікім гневам пісаў: «Ніякай літасці гэтым ворагам народа, ворагам сацыялізма, ворагам працоўных. Вайна не на жыццё, а на смерць... вайна жулікам, дармаедам і хуліганам. ...Усякая слабасць, усякія хістанні, усякае сентыментальнічанне ў гэтых адносінах было б найвялікшым злачынствам перад сацыялізмам».

Думаць, што ў нашай слаўнай працоўнай сям'і падобнае паскуднае семя ўжо назаўсёды звялося, што ў нашым жыцці мы ўжо канчаткова пахавалі «гэтыя адкіды чалавецтва, гэтыя безнадзейна гнілыя і змярцвелыя члены, гэтую заразу, чуму, язву», (словы У. І. Леніна),— было б недаравальнай наіўнасцю. Перажыткі ў псіхалогіі людзей вельмі жывучыя і да таго ж здольныя, пры адпаведных умовах, ажываць і разрастацца. Іх трэба пастаянна выкрываць і даваць ім бой. «Не можа быць перамогі камуністычнай маралі,— гаварыў тав. Л. І. Брэжнеў,— без рашучай барацьбы з такімі яе антыподамі, як хцівасць, хабарніцтва, дармаедства, паклёп, ананімкі, п'янства і да т. п. Барацьба з тым, што мы называем перажыткамі мінулага ў свядомасці і ўчынках людзей,— гэта справа, якая патрабуе да сябе пастаяннай увагі партыі, усіх свядомых перадавых сіл нашага грамадства». Названыя ў выступленні тав. Л. І. Брэжнева разнавіднасці сацыяльнага зла асабліва добра чуюцца там, дзе не створана грамадская атмасфера нецярпімасці і непрымірымасці да іх, дзе мае месца беспрынцыпнасць, пануюць мяшчанская філасофія і абывацельскія настроі. Іменна на гэта звяртаў увагу тав. П. М. Машэраў, калі гаварыў: «Трэба ў цэлым узнімаць маральную сталасць людзей і, дарэчы, настойліва развенчваць тых, хто маскіруецца пад вонкавую прыстойнасць, а, па сутнасці, жыве не па прынцыпах і нормах нашага сацыялістычнага ўкладу жыцця. У нас нямала людзей, якія не п'янствуюць, не крадуць, не парушаюць грамадскага парадку, але жывуць у палоне вузкіх эгаістычных інтарэсаў, накапіцельства, мяшчанства, па прынцыпу: мая хата з краю. Іменна такая, фактычна абывацельская пазіцыя асобных груп людзей, у большай або меншай ступені паражоных усякага роду скрытымі заганамі, якраз і стварае мікраасяроддзе для выжывання дармаедаў, жулікаў, кар'ерыстаў, падхалімаў і іншых носьбітаў чужых нам нораваў і поглядаў.

(...) Нельга забываць, што высокае прызначэнне маральнага выхавання — высвечваць усе куткі ўнутранага свету чалавека, узвышаць яго духоўныя патрэбнасці, дапамагаць кожнаму збаўляцца ад тых або іншых недахопаў, у тым ліку і ад такіх, якія да пары да часу не выяўляюцца. Мне аб гэтым ужо даводзілася гаварыць, і я паўтараюся толькі таму, што ў гэтым напрамку робіцца ў нас яшчэ вельмі мала. А праблема сур'ёзная».

А праблема — вельмі сур'ёзная і, зразумела, мае самае непасрэднае дачыненне да працы пісьменніка, да яго грамадзянскіх абавязкаў. Мне нават здавалася, калі я чытаў вышэй пададзеныя словы тав. П. М. Машэрава, што яны ў першую чаргу адрасаваны нам, работнікам літаратуры, перш за ўсё звернуты да нашага грамадзянскага сумлення. Бо хто ж павінен «высвечваць усе куткі ўнутранага свету чалавека» і «ўзвышаць яго духоўныя патрэбнасці», хто павінен «дапамагаць кожнаму збаўляцца ад тых або іншых недахопаў», як не майстры мастацкага слова? Ясней яснага, што на літаратуру ў гэтым сэнсе ўскладаецца агромністая задача. І, можа быць, асабліва — на літаратуру сатырычную і гумарыстычную. Ніводзін літаратар, калі ён сапраўдны грамадзянін, а не філістэр, не мешчанін і абывацель, не можа чуцца вызваленым ад гэтага абавязку, не можа не ўспрыняць пастаўленую партыяй задачу як задачу свайго сумлення, не можа не ўзгадняць з ёю сваю творчую праграму. Калі, паўтараю, ён сапраўды лічыць сябе байцом ідэалагічнага фронту, памочнікам партыі ў вялікай барацьбе за перамогу камуністычнай маралі, за новага чалавека.

І вось калі думаеш аб гэтым, міжволі і з горыччу ў душы мусіш прызнаць, што ў нечым мы не адказваем на патрабаванні жыцця ў поўную сілу так, як належыць, і ў прыватнасці — зусім недастаткова выкарыстоўваем у баявым арсенале літаратуры такую зброю, як сатыра і гумар. Я хацеў бы, напрыклад, назваць яркія і моцныя сатырычныя творы, скіраваныя на выкрыццё зла і небяспечных заган чалавечых,— сатырычныя раманы, аповесці, кнігі апавяданняў, паэмы, зборнікі вершаў, але — назваць няма чаго. Я падкрэсліваю: яркія і моцныя творы, таму што сякая-такая «смешная» прадукцыя сяды-тады паяўляецца, а яшчэ больш паяўляецца сатырычнай і гумарыстычнай імітацыі; але ж імітацыя — гэта шаманства, а не сапраўднае лячэнне ад хвароб. Размова ў нас ідзе пра мастацкую сатыру, а не пра газетную фельетонную крытыку. Гэтая апошняя павінна разглядацца ў Саюзе журналістаў, а нас можа цікавіць толькі сатыра, у якой, як і ва ўсякай рэалістычнай літаратуры, ёсць мастацкае абагульненне, ёсць тыпізаваныя мастацкія вобразы.

Нельга, вядома, паверыць, што ў нас проста звяліся сатырычныя таленты. Не кажучы пра новыя пакаленні пісьменнікаў, жывуць і пішуць старэйшыя таварышы, якія каля чвэрці веку назад ого якія бліскучыя ўзоры сатыры і гумару друкавалі ў газетах, у часопісах і кніжках! Сёння ж іх сфера камічнага як быццам не цікавіць або цікавіць зусім мала. Што ж датычыць маладзейшых таварышаў, многія спрабуюць далучыцца да цэху смехатворцаў і працаваць у ім, але іх цікавасць да камічнага ў большасці выпадкаў вельмі абмежаваная і павярхоўная, неглыбокая.

Так, нашай сённяшняй сатырычна-гумарыстычнай творчасці можна ў гэтым сэнсе прад'явіць сур'ёзныя патрабаванні. Напрыклад, ёй вельмі не хапае сацыяльнасці, найчасцей яна не выходзіць за межы сямейнага побыту і праблем гаспадарання.

Паводле Гётэ, ні ў чым так не выяўляецца характар людзей, як у тым, што яны знаходзяць смешным. Гартаючы нашы зборнікі гумару, сатырычныя старонкі часопісаў і газет — часцей за ўсё бачыш досціпы на адны і тыя ж сюжэты: сямейныя непаладкі і непаразуменні, асабліва ж — з удзелам цёшчы. Таўшчэзную анталогію можна скласці з гумарыстычных твораў пра цёшчу! Вось і думаеш пра «характар людзей», што забаўляюцца гэткім смехам, пра іх маральны ўзровень і духоўны гарызонт.

Нашай сатырычнай літаратуры катастрафічна не хапае глыбіні: яна — канстатуе, апісвае адмоўныя факты і з'явы, але не ўскрывае прычын, якія іх параджаюць, не выкрывае філасофію зла. А найпершая ж і найгалоўнейшая яе задача іменна ў тым, каб агаліць карэнні зла, развянчаць філасофію зла, паказаць вытокі, адкуль яно пачынаецца, чаму яно ўзнікае, нараджаецца і чаму яно такое жывучае. Яна сцябае, як лёгкай дзіцячай пужкай, розных дробных злодзеяў, п'яніц і прагульшчыкаў, гультаёў і нядбайцаў, хабарнікаў і распуснікаў і да іх падобных, але не паказвае, дзе, у чым карэнні гэтых людскіх заган, не паказвае тых умоў, што спрыяюць іх існаванню. Гэтыя ж заганы — усяго-наўсяго вонкавае праяўленне з'яў куды больш істотных і куды больш небяспечных. А іменна — такіх з'яў, як бездухоўнасць, цынізм, крывадушша, пошласць, эгаізм, мяшчанская хцівасць. Усё тое іншае, што ляжыць на паверхні і трапляе ў нашы фельетоны і гумарэскі,— паходзіць адсюль — з бездухоўнасці і цынізму, з фальшу і крывадушша, з эгаізму і хцівасці, з беспрынцыннасці і подласці. Сярод гэтага зла на першае месца я паставіў бы фальш і крывадушша. Людзей, якія толькі робяць выгляд, што служаць грамадству і нашым камуністычным ідэалам, з'яўляючыся ў сапраўднасці закаранелымі эгаістамі, хціўцамі і прыстасаванцамі, у нас яшчэ, на вялікі жаль, нямала. І найбольшая шкода для грамадства, для справы камунізма — ад іх, ад іх жыццёвай філасофіі, якой яны кіруюцца, ад іх гнілой атрутнай маралі, мікробамі якой яны заражаюць наша паветра, атмасферу, у якой мы жывём.

Відаць, многім чытачам запомнілася апублікаванае ў «Правде» пісьмо старой камуністкі Е. Платонавай, у якім яна падзялілася сваёй бядой: яе дзеці — дачка і зяць — жывуць фальшывым, крывадушным жыццём. «Муж уступіў у партыю дзеля кар'еры. А пра тое, што я была ў камсамоле, нікому гаварыць не трэба» — так заявіла матцы дачка. «Аднойчы яны сабралі вялікую кампанію, за сталом сядзела і я. Быў расказаны нядобры анекдот. Пачуўся смех. Насупраць мяне сядзеў сакратар парткома, і, гледзячы яму ў вочы, я сказала: «А анекдот жа махровы». Ён абурыўся: «Я махровы?» Кажу: «Не — анекдот». Тут дачка папрасіла мяне выйсці з пакоя. З той пары за стол мяне ніколі не запрашалі. А гэты таварыш усё яшчэ кіруе парткомам. За кароткі тэрмін ён змяніў тры кватэры».

Удумаемся толькі: які жахлівы парадокс! Ганебныя перажыткі мінулага не ў старога чалавека, што нарадзіўся да Кастрычніка, а ў маладых нашых сучаснікаў, што нарадзіліся і выраслі ва ўмовах сацыялізма! Мне здаецца, што самае небяспечнае ў нашым сённяшнім жыцці — вось гэта. Фальшыўцы, крывадушнікі, дэмагогі пралазяць на адказныя пасады і карыстаюцца заваёвамі сацыялізма, набыткамі і багаццямі народа.

Страшна, калі чалавек пачынае цаніць выгады фальшу і звыкаецца з імі. Сумна, калі ўчарашні змагар за праўду і справядлівасць сёння дарваўся да карыта або ўчапіўся ротам за салодкае сусло, смокча і маўчыць. Страшна і сумна, бо гэта значыць, што зло — перамагло.

Нашай сатыры не хапае злосці, з'едлівасці, яна амаль не ведае сарказму. Гаворачы словамі Івана Мялешкі, вядомага ў гісторыі старажытнай беларускай літаратуры, сатырык павінен «праўдай, як соллю, ў вочы кідаць». Так, сатыра — гэта перш за ўсё праўда, і праўда — непрыемная. Што і казаць, для такой сатыры патрэбна, каб у аўтара была смеласць, мужнасць, і не толькі гэта. І не толькі ў аўтара.

Сатыра — такі від літаратурна-мастацкай творчасці, які вельмі многа вымагае ад таго, хто за яе бярэцца, хто асмельваецца прэтэндаваць на прыналежнасць да гэтага роду літаратурнага войска. Справа ў тым, што сатыра — гэта своеасаблівы від грамадскай крытыкі; своеасаблівы — бо ў вобразна-мастацкай форме, тым не менш — гэта крытыка, а значыць, заўсёды можна пацікавіцца асобай сатырыка, у сэнсе: «А суддзі хто?» І калі ў нашых умовах, у нашым грамадстве пісьменнік наогул павінен быць увасабленнем адзінства мастака і грамадзяніна, мастака і чалавека, то яшчэ больш справядлівым, мабыць, з'яўляецца гэта патрабаванне ў дачыненні да пісьменніка-сатырыка.

Нашай сатырычна-гумарыстычнай літаратуры не хапае болю, горычы. Смех без болю, без горычы — гэта смех для паляпшэння стрававання, гэта — тое казытанне пятак перад сном, якое прапаноўвала Каробачка Чычыкаву — каб хутчэй і мацней заснуць. Гэтакі смех многім даспадобы, яго многія і любяць, і цэняць, і лічаць, што іншага і не трэба. Але ж у гісторыі сусветнай літаратуры да гэтага часу найвышэй мы цэнім не той смех, які забаўляе, а той, які прымушае задумацца, ад якога забаліць, ад якога захочацца дапамагчы чалавеку стаць чалавекам. Найбольшая сіла сатыры якраз у тым, што яна прымушае задумацца над сапраўднымі прычынамі зла, пашукаць схаваныя, нябачныя воку механізмы і пружыны гэтага зла.

І яшчэ: нашай сатыры і гумару не хапае тонкасці, інтэлекту, мудрасці ў падтэксце; вельмі часта ў ёй не бачна вынаходлівай работы розуму. Замнога грубаватасці, прамалінейнасці і прымітыву. Замала выдумкі, дасціпнасці, іроніі. Замнога аднастайнасці жанравых форм, трафарэтных мастацкіх прыёмаў, тэматычных перапеваў. Малавата пошукаў у галіне паэтыкі камічнага, цікавых мастацкіх адкрыццяў і знаходак. Адным словам — думаць нам ёсць пра што. У адным невялікім артыкуле я, натуральна, не мог закрануць многіх праблем развіцця сатыры і гумару на сучасным этапе, такіх, як сацыяльная накіраванасць гэтага мастацтва, яго прырода з уласцівымі толькі яму спецыфічнымі формамі адлюстравання рэчаіснасці, а тым больш я не мог звярнуцца да канкрэтнага разгляду сатырычнай і гумарыстычнай творчасці. Мне хацелася перш за ўсё завастрыць увагу на гэтым пытанні, выказаць мас перакананне, што наспела пара, каб прыпяць нейкія захады і паклапаціцца пра ажыўленне сатырычнай і гумарыстычнай літаратурнай творчасці ў Беларусі. І пачынаць, відавочна, трэба з нейкай вялікай і грунтоўнай размовы — ці то на спецыяльным пленуме, ці на агульным сходзе, а можа, і ў друку — на старонках літаратурных выданняў.

У беларускай народнай творчасці ёсць такая старая прымаўка: «Ядзім хлеб траякі: чорны, белы і ніякі». Парафразіраваўшы яе, можна сказаць, што мы сваім чытачам, у якасці хлеба духоўнага, прапануем смех траякі: злосны, добры і ніякі. Ці не занадта многа «ніякага»?

1980


Загрузка...