Паэт пачынаецца са слова, з адчування слова як сродку выказаць сябе і свае адносіны да навакольнага свету, з адчування сэнсавых і гукавых магчымасцей слова.
Колькі вялікіх, што праславілі на цэлы свет свой край і народ, сцвярджалі: без мовы няма пісьменніка, мова — гэта яго будаўнічы матэрыял і яго інструмент адначасова, гэта — тое першае і галоўнае, па чым мы беспамылкова пазнаём — пісьменнік перад намі ці не пісьменнік. І калі чалавек, які лічыць сябе пісьменнікам, не валодае словам, калі ў яго мовы няма — тут ужо нічым не дапаможаш. Прыродная глухата да слова — гэта не загана, якую можна ў той ці іншай меры кампенсаваць нейкай іншай станоўчай якасцю. Гэта — поўная і непапраўная катастрофа, смяротны прысуд, ад якога не ўратуе ніякая апеляцыя ні да якіх інстанцый.
Народ — вялікі майстар-моватворца, у якога вучыліся і вучацца ўсе тыя, каму «воляй божай» суджана мець справу са словам. Здольнасць да моватворчасці, да словатворчасці — адзін з верных прызнакаў паэтычнага таленту. Чым гэтая здольнасць большая — тым буйнейшы талент. І наадварот: бездапаможнасць перад словам, няўменне распарадзіцца ім, сэнсава або эўфанічна абнавіць яго, «выбіць» з яго повы нюанс, павярнуць нечаканым бокам — сведчыць пра адсутнасць паэтычнага дару, ва ўсякім разе — дару яркага, самабытнага.
Здольнасць да авалодання словам даецца паэту ад прыроды. Але кожны сапраўдны творца гэтую здольнасць няспынна і нястомна развівае, вучачыся ў народа. Прыглядаючыся і прыслухоўваючыся да таго, як народ абыходзіцца са словам — у жывой гутарцы, у песнях, у казках і прыказках. Імкнучыся спасцігнуць моватворчы вопыт народа. Вядома, у таленавітага паэта, чуйнага да слова, гэта вучоба як бы ідзе сама сабой — без нейкіх спецыяльных заняткаў, урокаў, лекцый. Але пры адной катэгарычна абавязковай умове: калі паэт жыве з народам і жыццём народа, яго справамі, яго думамі і клопатамі.
У беларускай паэзіі ніхто не валодаў такой магутнай здольнасцю да словатворчасці, як Янка Купала. І ні ў кога іншага не выявіўся так ярка моватворчы геній народа, як у Янкі Купалы.
Гэтая магутная здольнасць паэта была заўважана даўно. Яшчэ А. В. Луначарскі адзначаў, што Купала прынёс у беларускую літаратуру «свой слоўнік, свае звароты, сваю паэтычную музыку проста з сялянскіх глыбінь, з цаліны народнай моватворчасці...». Аб мове Купалы, аб выкарыстанні ім моўных скарбаў нацыянальнага фальклору, аб яго адносінах да духоўнай культуры народа ўвогуле грунтоўна і пераканаўча гаворыцца ў кнігах І. Навуменкі, Р. Бярозкіна, В. Івашына, М. Грынчыка, А. Макарэвіча і іншых даследчыкаў. Гэтыя нататкі — толькі спроба звярнуць увагу на славутыя купалаўскія наватворы, якая ўяўляецца нам як спроба зазірнуць у творчую лабараторыю паэта. Пабудзіла да гэтага яснае ўсведамленне, што мы ўсё яшчэ недастаткова, а нават і кепска засвойваем тыя ўрокі роднай мовы, якія нам дае паэзія вялікага Купалы.
Сапраўдны паэт пазнаецца і па тым, як ён свабодна чуецца ў стыхіі роднай мовы, на натуральнасці і нязмушанасці вершаванага радка, на той упэўненасці, з якой ён бярэ і ставіць у радок слова, па тым, як лёгка павінуецца яму роднае слова, як яно слухаецца яго. Ніякай рамесніцкай натужнасці, ніякай вымучанасці! Свабода, і прастор, і лёгкасць!
Але каб так вольна і ўпэўнена абыходзіцца са словам, трэба моцна верыць у свае сілы, трэба быць перакананым, што слова падуладна табе, і не баяцца, што ты яго не знойдзеш або не справішся з ім.
А што трэба, каб верыць, быць перакананым і не баяцца?
Мабыць, адчуванне выбару слова, магчымасці такога выбару.
Трэба, каб было з чаго выбіраць.
Трэба мець багаты — як мага багацейшы — уласны слоўнік.
Да гэтага часу не складзены, на жаль, слоўнік Купалы і ніхто не ведае, колькі ў ім слоў. Але і без падліку бачна, што паэтычная мова вялікага песняра — гэта неабсяжны акіян-мора — увесь жывы, рухомы, неспакойны, бурлівы, магутны. Лексіка і фразеалогія Купалы (як, зазначым дзеля справядлівасці, і Коласа) найлепшым чынам выяўляюць глыбока самабытны дух беларускай мовы, непаўторна адметны характар і лад думак свайго народа, нацыянальнае аблічча яго душы.
Слушна было некім заўважана, што званне «народны паэт» у нашым уяўленні лучыцца перш за ўсё з вобразам Купалы — паэта народнага ў самым поўным і дакладным значэнні гэтага слова. Гаворачы, аднак, пра народнасць паэзіі славутага песняра, мы звычайна ў першую чаргу маем на ўвазе сацыяльна-грамадскі змест яго твораў, іх ідэйную накіраванасць. А варта было б больш гаварыць і пра паэтычную мову Купалы як пра мову народа, выразнікам дум і настрояў якога паэт з'яўляўся. Варта часцей запыняць увагу на купалаўскім слове і фразе.
Колькі ні чытай і ні перачытвай неўміручыя радкі яго вершаў і паэм, ніколі не перастаеш здзіўляцца і захапляцца той смеласцю, з якой Купала сцвярджае сваю асобу ў слове, сваё права гаварыць так, як умее і можа гаварыць ён. Яго смеласць і свабода ў абыходжанні са словам не можа быць растлумачана ні чым іншым, як геніяльным чуццём духу мовы, разуменнем (а можа быць, перш за ўсё — інтуітыўным адчуваннем) законаў і заканамернасцей яе развіцця.
Звернемся да некаторых прыкладаў.
У Купалы мы сустрэнем безліч слоў, якія можна сустрэць... толькі ў Купалы. Гэта — словы, утвораныя ім самім, у працэсе работы пад радком, з неабходнасці выказаць, выкласці на паперу тое, што просіцца з душы і сэрца. Гэта — словы-наватворы. Магчыма, што некаторыя з іх паэт узяў з народных гаворак. Але мы гэтага не ведаем. Ды, відаць, і сам паэт не заўсёды адказаў бы, ці вось гэтае слова яго, ці яно ўзята ім ад людзей. Калі і не ўзята — то магло быць узята, бо такое слова — у такой форме — магло быць у людзей, магло быць пачута. І менавіта гэта важней за ўсё.
Скурганіў бы душу чырванцом тваім я:
Гуслям, княжа, не пішуць законаў.
Што значыць скурганіць душу? Відавочна, дзеяслоў утвораны ад назоўніка курган і азначае амярцвіць, загубіць жывую душу, у больш шырокім сэнсе — загубіць, страціць сумленне. Слоўца здалося паэту ўдалым, і ён — як бы знарок для таго, каб засведчыць яго жыццяздольнасць,— выводзіць ад гэтага дзеяслова яшчэ адзін наватвор — дзеепрыметнік скурганены, які ўжывае як мастацкае азначэнне ў тым жа сэнсе амярцвелага, нежывога, нячулага:
Песня мая не шукае прывету,
Ласкі ў скургаееным сэрцы чыім.
Ад дзеяслова глядзець Купала ўтварае аж некалькі новых словў: неўглядзь, няўгледны, нязгледны, прагледзіста. Першае — сінонім да прыслоўя непрыкметна, незаўважна, тым часам:
Няўглядзь за поўнач наспела часіна,
Сон па пакоі паў ройма...
Эпітэт няўгледны — сінонім да азначэння нябачны, што нельга ўгледзець, улавіць позіркам. Утвораны, безумоўна, ад не ўгледзець:
І пасмай няўгледнай да зорак на ўсходзе
Плыве і мяняецца ў кветным крышталі.
Другі, блізкі па гучанню да папярэдняга эпітэт,— нязгледны — выступае ў кантэксце сінонім да слоў неаглядны, бязмежны, бясконцы, неабсяжны:
Недзе-недзе губляюцца нікла са мной
Задуманыя вочы ў нязгледным прасторы.
Здавалася б, у рытмічную схему верша лёгка і хораша маглі б легчы іншыя, ужо гатовыя эпітэты: у бязмежным прасторы або ў бясконцым прасторы. Паэт іншага маштабу і таленту, напэўна, так і зрабіў бы. Але Купалу гэта задаволіць не можа, ён як бы нутром адчувае, што лепш за ўсё тут падыдзе азначэнне, выведзенае ад дзеяслова глядзець, бо ў гэтым жа радку ёсць вочы ды яшчэ задуманыя. Такі эпітэт — ад дзеяслова — эмацыянальна і сэнсава больш актыўны і таму больш адпавядае маральна-псіхічнаму стану лірычнага героя. Успомнім, што радкі ўзяты з верша «З вячэрніх дум» — верша зусім няпростага філасофскага зместу і досыць ускладненай паэтычнай стылістыкі. Магчыма, я памыляюся, але мне нават хочацца думаць, што Купала, ставячы ў радок гэты эпітэт нязгледны, укладаў у яго адначасова і яшчэ адзін сэнсавы нюанс: прастор непраглядны, ацямрэлы, цёмны. Адбываецца ж усё вечарам, ноччу, «як нябеснае згасне за лесам святло, а ноч крылле распусціць па ўсёй Беларусі...». Такі нюанс зусім лагічна можа асацыіраваць з пэўным сацыяльна-грамадскім падтэкстам, мець алегарычны характар.
Такім чынам, нязгледны ўзнікла ў Купалы на стыку двух вельмі блізкіх па гучанню, але семантычна розных азначэнняў: неаглядны і непраглядны.
Апошняе слова гэтага кораня — эпітэт прагледзіста:
Вокам начніцы прагледзіста
Ў тайну сягнуў бы заставы...
Гэтае незвычайнае прагледзіста — нейкае казачнае, старажытнае, язычаскае, асабліва ў спалучэнні з начніцай,— адразу ж выклікала ў маёй памяці заключныя радкі адной нашай абрадавай песні, лепш сказаць — абрадавага песеннага заклінання:
Каб у асеці было накладзіста,
Каб на таку было ўмалоціста,
Каб у арудзе было насыпіста,
Каб у млыне было намеліста,
Каб у дзяжы было падыходзіста,
Каб у печы было падросціста,
На стале кроем, людзям на здароўе!
Мы не ведаем, ці даводзілася Купалу чуць такую песню, ці звярнуў ён увагу на гэтую дзівосна ёмкую форму — накладзіста, умалоціста, насыпіста, намеліста, падыходзіста, падросціста і ці не па яе ўзору ўтварыў ён сваё — таксама дзівосна ёмкае — прагледзіста. Але калі нават і не чуў, мы ўсё роўна можам не сумнявацца, што Купала і ў гэтым выпадку (як і ва ўсіх іншых) ішоў ад вопыту народнай моватворчасці — інтуіцыя генія вяла яго і падказвала, як трэба.
Крытык Р. Бярозкін, адзначаючы ў паэта «яго непаўторную схільнасць да назоўнікаў, створаных са згустка дзеяслоўнай энергіі», вельмі слушна падкрэслівае, што многія з іх Купала прыдумваў сам, але што «заўсёды ў такіх выпадках адыгрываў сваю незаменную, сапраўды вырашальную ролю шматвяковы калектыўны вопыт народа ў галіне мовы» і што «ад гэтага вопыту Купала не адключаўся ніколі...».
Па нашых назіраннях, не менш, чым назоўнікаў ад дзеясловаў, Купала ўтвараў дзеясловаў ад назоўнікаў і іншых часцін мовы. Спашлюся толькі на два-тры прыклады. Спёка ў аднайменным вершы «звугліла высі — загоны, звугліла долы — лагі». Нам вядомы дзеяслоў абвугліць, абвугліцца і ёмкі народны фразеалагізм счарнець на вугаль. У Купалы — у гэтым жа значэнні — звугліць.
Два дзеясловы ўтвораны паэтам ад назоўніка крыло: крыліцца і ўскрыліцца.
Стогнуць пад мурам халодным таполі,
Крыліцца ў ветках начніца.
Світы, захады крыляцца,
На адной таўкуцца кладцы.
Ляжа крушняю там вежа, звон і я сам,
Арол-птушка ўскрыліцца пад небам.
Цікавым наватворам з'яўляецца дзеяслоў відніць у значэнні асвятляць, рабіць відна, развейваць змрок. Міфічная лясная царэўна — знябытая і зняможаная ад адзіноты — ускліквае:
Хто чуе, як голасам долю кляну?
Хто бача, як відню вачамі я цьму?
Верш «З вячэрніх дум», у якім мы сустрэлі арыгінальны эпітэт нязгледны, дае нам яшчэ адзін характэрны купалаўскі наватвор — дзеяслоў сваіўся:
Гледзячы, як закон наш калоссямі спеў,
А сявец яго радасна з сонцам сваіўся,
Песню далі і неба таксама я пеў...
Сявец сваіўся з сонцам — радніўся з ім, уступаў у блізкія сваяцкія адносіны. Як хораша па сэнсу, як смела і як па-беларуску гэта сказана!
Адзначым яшчэ такія дзеясловы, як харашыць і ахарашыць — сінонімы да ўпрыгожыць, аздобіць, прыбраць.
Годзе, жытцо маё, годзе, наспелае,
З хмарамі, з бурамі знацца, дружыць;
Годзе шумеці думкі нясмелыя,
Годзе загоны сабой харашыць!
Слёз нап'ецца сваіх да адвалу,
Кроў свая ахарошыць квяціста.
Смелай вынаходлівасцю характарызуюцца і створаныя Купалам прыметнікі, дзеепрыметнікі, прыслоўі, якія ў вершах з'яўляюцца мастацкімі эпітэтамі — свежымі, каларытнымі, запамінальнымі. Мы ведаем, напрыклад, прыметнік адвечны — Купала не баіцца нарасціць суфікс і атрымаць адвечністы: у вершы «Над Іматрай» хвалі «адвечністым шумам калышуць прастор». Агульны сэнс азначэння не змяніўся, але ў самім гучанні ўлоўліваецца нешта новае — як бы прыбавілася нейкай важкасці, урачыстасці,— таго мікраэлементу, які ў сукупнасці з такімі ж іншымі і ўтварае паэзію.
Па ўзору адвечністы ўтвораны эпітэты святлівы: лясная царэўна «твар мела святлівы, як неба ўзор»; лісцясты: «Паслухай музыкі лісцястай; пакоцісты: «Шум пакоцісты нясецца» і інш. Характэрнымі для Купалы з'яўляюцца такія нязвыклыя формы прыметнікаў, як перагібны: «мяне стан звабіў перагібны»; негадзівы: «суд негадзівы жаласць-гадзюка судзіць над шчырай слёзаў малітвай»; нядольныя: «вырвіце думкі нядольныя»; грайкія: «жальцеся, грайкія струны»; жыўчыя: «асыпае з сябе жыўчых росак ваду»; саколія: «мець бы мне крыллі саколія»; жалязяная: «ён рыдлёўку сваю жалязяную кавалю пацягнуў, паказаў»; бунтаўнічая: «для свята волі бунтаўнічай»; цямняцкае: «цямняцкае ігрышча з сухотніцай вядзе» і інш.
Іх даволі многа, падобных эпітэтаў, і ў паэтычнай стылістыцы Купалы яны адыгрываюць вельмі істотную ролю. Паспрабуйце замяніць гэтыя азначэнні звыклымі, агульнапрынятымі, літаратурнымі формамі — і вы адразу адчуеце, як паблекне, збяднее непаўторны каларыт купалаўскага радка.
Сказанае цалкам стасуецца і да вялікай колькасці самабытных купалаўскіх назоўнікаў, утвораных самымі рознымі спосабамі і ад самых розных часцін мовы. Падаць тут іх усе няма ніякай магчымасці, таму абмяжуемся толькі некалькімі наступнымі прыкладамі, якія, на наш погляд, у дастатковай ступені вызначаюць кірунак і характар моватворчых пошукаў паэта ў галіне назоўніка.
Пачнём, можа быць, з самага арыгінальнага і цікавага. У вядомым вершы «Адцвітанне», поўным чароўнай музыкі і якогасьці таямнічага, дзівосна-казачнага хараства, чытаем:
Не іскрыцца небазор,
Не цвіце трава-чабор,
Не цыгліць птушыны стан...
Адчуваем, што слова небазор у вершы вельмі дарэчы, на сваім месцы. Але што яно азначае? І як утворана? Ці тут другая частка — зор — ад зоры, зоркі, і тады небазор трэба разумець як зорнае неба (неба ў зорах), ці зор выведзена ад азіраць (супастаўце — зрок, зрэнка, белазоры — у значэнні «чалавек з вялікімі бялкамі ў вачах»), і небазор трэба разумець як небасхіл, небакрай (па аналогіі з далягляд, краявід, дзе маюцца карані слоў глядзець, відзець — сінонімаў да азіраць). Нам асабіста больш верагодным, больш лагічным здаецца іменна гэты, другі — падсвядомы, спантанны — «выбліск» мысліцельнай энергіі паэта. Хаця зусім мажліва (падобная сітуацыя ўжо адзначалася намі і раней), што і зоры тут былі «пры чым»: і яны — самім сваім гучаннем — падштурхнулі думку аўтара ў гэтым кірунку і падмацавалі вывад (неба і зоры ў нашым уяўленні — непадзельныя) .
Вельмі цікавымі здаюцца нам такія купалаўскія наватворы, як узгор, розгалас, дзяніна, сасніна, выклічына, прасветачы, прыселле, вечнабыт, праяснасць, яснавіца, спрадлетаў, туляч, мазольны, чужыншчына, дармажэрца.
Узгор («І як жа міл дзірванчык цішы, спакою дзіўнага узгор») — усечаная форма назоўніка ўзгорак, сінонім да гэтага слова, як і да слоў пагорак, прыгорак, горка. Але ў самой форме ўзгор заключана — прынамсі, нам так здаецца — трохі іншае эмацыянальна-сэнсавае адценне: узгор успрымаецца і ў больш шырокім і больш абстрактным, пераносным значэнні як узвыш, узвышша (узгор — узвыш), як нейкае духоўнае і маральнае ўзвышэнне. Гаворка ж ідзе пра сельскія могілкі, дзе лірычнаму герою хаця і горка, але так чыста і высока думаецца, «дзе крыж і страшыць і галубіць, слязой дзе кожын дол абмыт», дзе «агул жыцця ўсяго абоймеш, друзы пагод і непагод, зямлю і неба ў рукі возьмеш,— і ў гэты край зляціць паглёд». У такім кантэксце ўзгор — а не канкрэтнае, звыклае ўзгорак, пагорак — несумненна больш адпавядае ўсяму зместу і настрою верша.
Назоўнік розгалас натуральна становіцца ў шэраг сінонімаў водгулле, водгалас, рэха. Але ў яго свой аб'ём і сваё месца:
Аж ад рук і ад хмур вежы рухне падмур,
Толькі розгалас пойдзе па полі.
Наўрад ці магчыма растлумачыць, чаму, але зусім відавочна, што ніякі з сінонімаў не можа ў гэтым радку замяніць слова розгалас: «Толькі розгалас пойдзе па полі...» Паставім, напрыклад, водгулле. Але ж водгулле — гэта тое, што адгукнулася, адазвалася недзе далёка, гэта — рэха. А розгалас — гэта як бы і рэха і сам голас, гук адначасова, і мы ўяўляем, як ён шырока, раскаціста ідзе па полі. (Звярніце, дарэчы, у прыведзеных радках увагу на слова падмур, утворанае ад падмурка гэтак жа, як узгор ад узгорка).
Ад назоўнікаў дзень, сасна, вокліч Купала свабодна ўтварае дзяніна («а быў дзяніны таей скон»), сасніна («вырасцеш, дзіцятка, сасніне па вуха»), выклічына («выклічыны жуды») — па аналогіі з назоўнікамі тыпу мачына (адно каліўца маку), расіна, хваіна, дубіна (у значэнні «дуб»), яміна. (У Купалы: «Гэй, капайце, далакопы, яміну-магілу...»)
Арыгінальным купалаўскім наватворам з'яўляецца складаны назоўнік вечнабыт. У вершы «Суды», дзе створаны надзвычайнай мастацкай сілы алегарычны вобраз Беларусі, у заключнай страфе чытаем:
Як была, будзе так непакорнаю
Адпраўляць вечнабыту імшу...
Не здалеюць суды цемнатворныя
Ёй спаганіць і вырваць душу.
Вечнабыт тут — у значэнні вечнасці жыцця, яго бясконцага існавання ў няспынным руху, у пастаянным адміранні і нараджэнні. Думаецца, што слова вельмі ўдалае, асабліва калі ўлічыць недастатковую распрацаванасць у нашай мове ўласнай беларускай лексікі для абазначэння абстрактна-філасофскіх паняццяў.
Наватворы праяснасць і яснавіца паходзяць, як бачым, ад аднаго кораня. Першы з'яўляецца сінонімам да назоўнікаў яснасць, ясната, пагода. «І ўбачылі засмучаныя нашы вочы, як дні праяснасці змяніліся на ночы». Больш арыгінальны другі назоўнік: ён азначае ў Купалы святло зорак — іх спакойнае, роўнае, вечнае ззянне, што залівае зямлю. Дзякуючы сваёй, крыху архаічнай, фальклорнай форме гэта слова добра, на наш погляд, гарманіруе з агульным былінна-ўрачыстым ладам верша: «І галубіць шлях бледны зямлю яснавіцай, сочыць вочак мільёнамі долю людскую».
Сінонімам да назоўнікаў чужына, чужбіна з'яўляецца купалаўскі наватвор чужыншчына: «Або за царскія чыны ў прымакі плылі ў чужыншчыну сляпой паводкай». Дзякуючы суфіксальнаму нарашчэнню слова загучала больш важка, яго адмоўны эмацыянальны зарад набыў нейкую падкрэсленасць, выявіўся з яшчэ большай сілай. Трэба думаць, што ўзорам для паэта ў гэтым выпадку былі такія назоўнікі, як паншчына, разбойшчына і іншыя, вельмі характэрныя для народнага беларускага словаўтварэння.
У нашай літаратурнай мове шырока бытуе слова спрадвеку. Купала знаходзіць да яго свой сінонім — спрадлетаў: «Пры ўзгорку лесу, пры лагчынцы пашы, між кустоў, спрадлетаў на пустым дзірване...» Спрадлетаў па семантычнаму аб'ёму вузейшае, чым спрадвеку, і ў даным кантэксце, на наш погляд, падыходзіць лепш. (Звернем заадно ўвагу на сінтаксічныя канструкцыі «пры ўзгорку лесу» і «пры лагчынцы пашы» — якія цікавыя народныя вызначэнні, якая эканомія слоў! Не ўзгорак, зарослы лесам, а проста ўзгорак лесу, не лагчынка, адведзеная пад пашу, а — лагчынка пашы).
Наватвор прасветачы ўжыты Купалам у значэнні паходні, якія свецяцца, прасвечваюць змрок ночы: «Покі не згаснуць прасветачы зводныя, покі не згасне жыццё!..» Пераносны сэнс вобраза ў вершы — спадманныя, непраўдзівыя, нерэальныя ідэалы. Прыселле азначае ў Купалы прытулак, прытулле, месца, дзе можна пасяліцца, прысяліцца: «Ляжам, як ляжа ранены сокал, знойдзем, нарэшце, прыселле». Мазольны — бедны, бяздомны і бяздольны мужык, што жыве з мазаля: «Пад якой страхой, мазольнік, бадзяўся?» У гэтым жа значэнні ўжывае Купала і туляч: «А калі ты гаротнік, туляч беззямельны...» Дармажэрца — сінонім да дармаед, але з большай эмацыянальнай экспрэсіяй: «Грай жа, музыка! Рэж, дармажэрца!»
З агромністай колькасці купалаўскіх наватвораў (па прыблізных падліках, іх некалькі сот) мы адабралі ўсяго дзесяткі тры-чатыры і абмежаваліся толькі дзеясловам, назоўнікам і прыметнікам, не закранаючы іншых часцін мовы. Але і гэты абеглы аналіз дае магчымасць пераканацца, паколькі магутны быў у Купалы вобразатворчы пачатак (кажу вобразатворчы, таму што вобраз выяўляецца і жыве ў слове), паколькі дасканала ён адчуваў дух мовы, законы народнага словаўтварэння і словаўжытку. У нашай літаратуры ёсць паэты, у багатым наогул слоўніку якіх мы знаходзім узоры, я сказаў бы, падкрэслена нацыянальнай лексікі. Аднак жа дзіўная рэч: гэтыя нібыта самабытна беларускія, рэдкія, свежыя, па-свойму каларытныя словы ў іх вершах чамусьці часам выпіраюць, тырчаць. Уласна, на іх звяртаеш увагу, на іх спыняешся, запыняешся, як на незнаёмых, незразумелых... Нічога такога няма ў Купалы: хоць і новае слова, і незнаёмае, а зусім зразумелае, сэнс яго схопліваеш лёгка, з ходу, і яно толькі радуе (а не раздражняе), бо паспявае мільгануць думка: «Як гэта ўдала, як гэта ёмка, як гэта трапна сказана!» Уся справа ў тым, што ў Купалы кожны наватвор гучыць зусім натуральна, ён — такі ж жывы, як і ўсе астатнія словы, і неразрыўна вяжацца ў радку са словамі-суседзямі ў адно жывое, арганічна цэлае. Ён з той векавечнай кузні, з той пераплаўкі, у якой пераплаўляюцца, абнаўляюцца, фармуюцца нанава тысячы і дзесяткі тысяч слоў — моўны скарб народа.
Словатворчасць Купалы — з'ява выключная ў гісторыі беларускай літаратуры. Ды і не толькі ў беларускай: можна смела меркаваць, што такіх з'яў не вельмі багата і ва ўсёй сусветнай літаратуры. Вось чаму ўрокі Купалы ў гэтых адносінах не трацяць і ніколі не страцяць для нас і для ўсіх настаўнікаў свайго навучальнага сэнсу і значэння. Можна толькі горка шкадаваць, што купалаўскай смеласці ў галіне словатворчасці мы не бачым у нашай сённяшняй паэзіі, што мы так недаравальна мала звяртаемся да яго вопыту работы са словам і над словам, да яго — скажам высокім стылем — вялікага запавету. Наўрад ці можна чакаць багатага плёну там, дзе ў пошуках слова звяртаюцца не да душы народа, а да куцых, «жалезна» адрэдагаваных слоўнікаў і пакорна слухаюцца тых, для каго падобны слоўнік — альфа і амега ўсёй нацыянальнай мовы.
Праз словаўтварэнне, праз сінаніміку, праз гібкасць сінтаксісу, рухомасць фразеалогіі і многае іншае Купала змог найлепшым чынам паказаць жыццяздольнасць мовы свайго народа. Мова, якая можа так служыць чалавеку, быць такой паслухмянай для выяўлення самых розных думак і пачуццяў,— гэта мова жывучая, жыццяздольная і таму неўміручая, вечная.
У вершы «Мая навука» Янка Купала з поўным правам і з законнай гордасцю сказаў пра сябе: «Цяпер беларускай я песні ўладар». Не толькі песні, але і роднага слова,— з поўным правам дабавім мы.
1972