Раскрываю гэту кнігу наўгад, чапляюся вокам за першы радок і... знаёмае радаснае пачуццё імгненна ахоплівае душу: ну, так — перада мною трапнае, дасціпнае, крылатае слова народнай мудрасці! Слова, якому ніколі не перастанеш радавацца і якім ніколі не стомішся захапляцца. Калі, вядома, табе дорага мова роднай зямлі, духоўная культура свайго народа.
Гэта чарговая кніга з трыццацітомнага збору беларускай народнай творчасці называецца «Выслоўі» (укладальнік М. Я. Грынблат, рэдактар А. С. Фядосік). Баюся, што назва для яе знойдзена не самая дакладная. Выслоўе, згодна ўсіх слоўнікаў, гэта тое, што па-руску «изречение». А ў кнізе — моўпа-паэтычны матэрыял, жанрава куды больш разнастайны, чым выслоўі ў агульнапрынятым значэнні. У кнізе — устойлівыя народныя трапныя, дасціпныя, смешныя выразы, скорагаворкі, застольныя жарты, каламбуры і тосты, прыгаворкі, народныя вітанні і зычэнні, выказы ветлівасці і ласкавасці, прысяганні (бажба) і праклёны, ганьбаванні і абзыванні, дражнілкі-кепікі, і нарэшце — традыцыйныя народныя параўнанні. Вось якое стракатае багацце сабрана пад аднымі вокладкамі! Што і казаць: знайсці для яго адну агульную назву — задачка не лёгкая. Але, зрэшты, для нас перш за ўсё важна, што пад вокладкай, а не на вокладцы.
Мушу прывесці хоць некалькі прыкладаў. З кожнага раздзела патроху. З першага: «Ну і балеў зуб, думала неба лізну», «Спіць — хоць ты яму зубы павырывай», «Сядай, наязджай, потым запражэш!», «Чаго ты кашляеш? Мусіць, спаў босы?», «Што вы, мае дзеткі, каб я на вашага бацьку спадзявалася, дык я б і вас не мела». З другога: «Еш, пакуль рот свеж, а як умрэш — то і калом не ўвапрэш», «Клочча, воўна — абы кішка поўна», «Няма лепшай рэчы, як свіныя плечы», «Наеўся, аж кішка прутам стала». З трэцяга: «Дай божа пахварэць у добрым здароўі!», «Дай бог налета вялікі жывот за гэта, а я буду бога прасіць, каб лёгка было насіць!» З чацвёртага: «Каб праз твае рэбры воўцы сена цягалі!», «Каб праз твае зубы пясок цадзіўся!», «Каб праз твае вушы вецер свістаў!», «Каб па твайму горлу яшчаркі поўзалі!», «Каб табе язык парахнёй у горла сыпаўся!» І з апошняга: «Круціцца, як прусак у зацірцы», «Круціцца, як сабака ля ганка», «Плятуцца, як старцы на абед», «Пляснуў, як дзячыха на лёдзе». Невядома, хто, дзе і калі падгледзеў, як нейкая дзячыха на лёдзе пляснула, а вось жа засталося ў людской памяці гэта смешнае параўнанне.
Каля чатырох тысяч вось такіх народных параўнанняў, каля тысячы праклёнаў, каля трох тысяч трапных дасціпных выразаў і прыгаворак, а ўсяго — каля дзесяці тысяч гэтак званых фальклорных адзінак!
Перагартаў я неаднойчы ўвесь том, і стала мне радасна, што яна, гэта кніга, паявілася і дала магчымасць яшчэ раз перажыць хвалюючае пачуццё гордасці за наш таленавіты народ, за яго паэтычны і моватворчы геній.
Не буду затрымлівацца на дэталёвым разглядзе мастацкіх і навуковых вартасцей кнігі. Напомню толькі, як высока цаніў народныя прыказкі і прымаўкі У. І. Ленін, падкрэсліваючы, што гэта сапраўдны клад для літаратараў, журналістаў, прамоўцаў. Зразумела, што ленінская ацэнка ахоплівае і зусім блізкія да прыказак і прымавак іншыя вобразныя, трапныя выразы, якія аздабляюць, упрыгожваюць мову народа, дапамагаюць лепш, ярчэй і дакладней выказаць думку і пачуццё. За нязначным выняткам, у кнізе «Выслоўі» сабраны іменна такія выразы — трапныя, дасціпныя, вобразныя.
Трапілі ў зборнік і такія выразы, залічэнне якіх да фальклору можа здацца сяму-таму сумніцельным. Ну, што ж, вялікае бяды ў гэтым няма. Дасягнуць тут катэгарычнай пэўнасці — на сучасным этапе нашай навукі аб народнай творчасці — наўрад ці магчыма: справа новая, том такіх выслоўяў выдадзены ўпершыню, сур'ёзных тэарэтычных распрацовак па пытаннях класіфікацыі такога моўна-паэтычнага матэрыялу няма. З усім гэтым трэба лічыцца. І калі справа наватарская, то наўрад ці можна абысціся без пэўнае рызыкі і дапушчэнняў.
Фальклор — вусная паэтычная творчасць, паэзія працоўных, у якой — і іх светапогляд, і філасофія, і мараль, і звычаі, і шмат чаго іншага. Віды і жанры гэтай творчасці вельмі разнастайныя, размежаваць іх часам зусім не проста, бо гэта мастацтва сінкрэтычнае, бо значнай сваёй часткай яно ўваходзіла ў абрады, у побыт, мела прыкладны характар, утылітарнае функцыянальнае назначэнне. Вядома, да фальклору мы залічаем тое, што мае больш ці менш выразную мастацкую прыроду, хаця б нейкі вобразна-паэтычны элемент. У дачыненні да некаторых жанраў, прадстаўленых у томе «Выслоўі», давядзецца, відочна, зрабіць пэўную скідку. Іншае рашэнне было б, на маю думку, навукова не апраўданым.
Сапраўды, вось перад намі пашыраныя ў народзе прывітанні, віншаванні, зычэнні (я пісаў бы зычэнні, а не зычэнні, як у кнізе), прысяганні. У большасці, гэта слоўныя формулы паэтычпа-вобразнай прыроды ці, прынамсі, хоць нешта ад паэзіі ў іх ёсць. Але — не ва ўсіх. Якую паэзію можна спагнаць з такіх формул, як «Маё віншаванне», «Смашнога!», «Дальбог» і інш.? Ніякай, вядома. Але ці правільна было б апускаць іх, не ўключыць у адпаведныя рубрыкі? Не думаю. Страцілася б паўната ўяўлення, а з ёй у нейкай меры і навуковая вартасць. Во іх функцыянальнае назначэнне зусім тое ж, што і ў выслоўяў вобразных, паэтычных. Падумаем яшчэ і аб іншым: хто і калі іх сабраў бы і выдаў асобна? Не падай іх тут — дык яны б так і засталіся схаванымі ад сучасных чытачоў. А між тым для многіх будзе і цікава і карысна пазнаёміцца з характэрнымі беларускімі формуламі прывітання, зычэння, прысягання і г. д.
Трапілі ў зборнік і некаторыя тыповыя фразеалагізмы — і ў чыстым выглядзе і ў кантэксце. Мовазнаўцы могуць зрабіць укладальнікам закід за гэты грэх. Думаю, аднак, што грэх тут невялікі. Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што ў парэміялогіі, у народнай афарыстыцы жанравую мяжу правесці іншы раз вельмі цяжка — паміж прыказкай і напаўпрыказкай, паміж прымаўкай і падобным на яе дасціпным выразам. Напомню, што У. І. Даль, напрыклад, лічыў прымаўкай («поговоркой») усякі фігуральны выраз, намёк, трапнае параўнанне, упадабненне і да т. п. Усякі падзел тут досыць умоўны, адносны.
Як правіла, фразеалагізмы і параўнанні пададзены ў зборніку ў акружэнні кантэкстуальных слоў. На мой погляд, гэта зроблена прадумана і правільна. «У цябе сватоў, як у зайца ламоў», «Чаго ты, баба, начубырчылася, як курыца на ветраве?» Чаму было б непажаданым адкінуць кантэкст? Таму што кантэкст дапамагае лепш адчуць змест і гучанне выразу, зразумець сэнс, бо дае магчымасць уявіць жыццёвую сітуацыю, у якой выслоўе ўзнікла і ў якой яно можа ўжывацца. Лепш, глыбей адчуўшы паэтычнасць, дасціпнасць, незвычайнасць таго ці іншага выслоўя, чытач здолее свабодней пакарыстацца ім у сваёй уласнай мове. Дзякуючы кантэксту, выслоўе з фразеалагізмам успрымаецца як прымаўка. Фактычна гэта не кантэкст, а элемент выслоўя, без якога яно перастае быць цэласным мастацкім вобразам. Дарэчы, чаму ўсе старыя фалькларысты (Федароўскі, Нікіфароўскі, Дабравольскі, Раманаў і інш,— а прыкладаў з іх фальклорных зборнікаў вельмі многа ў томе) запісвалі іменна з кантэкстам — так, як гэтыя выслоўі сказаліся, як нарадзіліся? Не сталі ж яны вылушчаць чысты паэтычны вобраз. Чаму? Ніхто не здагадаўся? Ды не, канешне. Проста падказала мастацкае чуццё, што для паэтычнага ўражання так лепш — у жывым натуральным выглядзе. Не зусім фальклор? Дакладней — не зусім той фальклор, да якога мы прывыклі? А што, калі пэўныя жанры могуць бытаваць іменна ў такой — незастылай, рухомай форме?
Яшчэ адзін момант, які можа стаць сярод спецыялістаў спрэчным. Некаторыя выслоўі ў кнізе з'яўляюцца індывідуальнай творчасцю, індывідуальным маўленнем. Вось характэрны прыклад: «Ну і целявізар у вас: маленькі як козье вочка». Бясспрэчна, параўнанне не сталае, не традыцыйнае. Калі яму было стаць традыцыйным, калі і сам «целявізар» нядаўна ў быт увайшоў! Але хто адважыцца сцвярджаць, што з цягам часу яно не стане сталым, не пойдзе гуляць па людзях? Можна быць упэўненым, што будзе іменна так. Бо параўнанне вельмі трапнае, удалае, яго мог прыдумаць толькі чалавек, надзелены бясспрэчным паэтычным талентам, здольнасцю мысліць вобразна.
Усё гэта — крупінкі чыстага золата паэзіі ці тыя зерні бурштыну, што пастаянна і няспынна нараджаюцца ў жывой стыхіі моўнага акіян-мора. Асабліва ўражваюць сваёй паэтычнай вобразнасцю народныя мастацкія параўнанні. Лічу слушным, што першы кампанент параўнання не уніфікаваны, не зведзены да адной, а пададзены ў розных формах. Гэтым самым для чытача захаваны ўзор жывога натуральнага гучання, захавана больш паэзіі. А гэта ж усё-такі зборнік фальклорны. Можа быць, у якім-небудзь слоўніку, падрыхтаваным лінгвістамі, і была б апраўдана уніфікацыя, але толькі не тут. Я паспрабаваў ва ўсіх запар параўнаннях першы кампанент чытаць у адной і той жа форме — у інфінітыве, у мінулым часе аднаго роду і ліку, у цяперашнім часе ў адной асобе і ліку — і адчуў, як раптам памірае паэзія, якая не церпіць ніякай уніфікацыі! Траціцца і знікае ўражанне натуральнасці, а што ў паэзіі можа быць горш, як ненатуральнасць гучання? Пры спробе уніфікацыі ўсё ўва мне як у чытача пратэстуе і пратэстуе само выслоўе — супроць гвалту. Можам пераканацца. Вось, напрыклад, параўнанні: «Уцякае, як заяц ад сабакі» і «Уцякалі, як скочкі з дохлай сабакі». У першым выпадку ніяк не заменіш адзіночны лік дзеяслова на множны, а ў другім наадварот — немагчыма перавесці ў адзіночны лік. Дык якая ж можа быць уніфікацыя? У часе? Напрыклад, у цяперашнім. А як тады быць з выслоўем «Выбегаўся, як сабака»? Дзеяслоў «выбегаўся» не мае формы цяперашняга часу наогул. Якая дзеяслоўная форма больш прыдатная — народ выдатна адчувае сам і выбірае гэту форму беспамылкова. Таму ў такіх выпадках лепш за ўсё давярацца яго густу, яго адчуванню слова і захаваць выраз у той форме, у якой ён нарадзіўся.
Вельмі цікавая ў зборніку калекцыя народных праклёнаў і прысяганняў. Несправядліва было, што да гэтага часу ў навуцы аб фальклоры даследчыкі іх абыходзілі, не прымалі пад увагу. А між тым амаль у кожным праклёне — паэтычны вобраз, ды нярэдка — страшнай сілы, вельмі смелай паэтычнай фантазіі. Узнікалі яны калісьці, як і замовы — прызнаны жанр фальклору, на веры ў магічную сілу слова. Прычынай іх паяўлення было цяжкае становішча працоўнага чалавека, бяда-гора, прыгнёт і крыўда. Вядома, зараз ніхто ў гэту магію не верыць і ўсур'ёз праклёнаў не збаіцца, а вось адчуць незвычайную сілу слова, яркасць і выразнасць мастацкага мыслення народа яны дапамогуць.
Даючы ў цэлым высокую ацэнку тому «Выслоўі», я не хачу сказаць, што гэта выданне ва ўсіх адносінах бездакорнае. Напэўна, ёсць у ім і пралікі і недагляды. Але, напісаўшы гэта, я падумаў: а які фальклорны том якога ўкладальніка выйшаў бездакорны, без пэўных пралікаў і недаглядаў? Я такіх выданняў не ведаю. Толькі хто ніколі не браўся за падобную работу, той не знае, як яе «лёгка» выканаць, як «лёгка» літаральна ўсё ўлічыць і дагледзець. Тым больш калі зборнік складаецца з такога разнастайнага матэрыялу ды яшчэ ўпершыню, не па гатовых узорах.
Прызнаюся, што чытанне «Выслоўяў» прынесла мне нямала сапраўднай асалоды. Многія выразы я паўтараў і што называецца смакаваў у захапленні: хацелася запомніць — з прыкідкай, што можа вельмі спатрэбіцца ў літаратурнай працы. Не сумняваюся, што і тысячы чытачоў атрымаюць ад кнігі такую ж асалоду і многае возьмуць для сябе — для душы, для творчасці, для ўзбагачэння і ўпрыгожання сваёй мовы. Асабліва — пісьменнікі, журналісты, артысты, выкладчыкі-славеснікі, наогул, усе, хто ўмее цаніць і паважаць трапнае, дасціпнае, мудрае слова народа.
1976