Балгарская паэзія аб антыфашысцкай барацьбе ў гады другой сусветнай вайны — вельмі прыкметная і яркая старонка ў гісторыі нацыянальнай літаратуры XX стагоддзя — старонка, якая яшчэ далёка не дапісана да канца і невядома, ці будзе калі дапісана. Паэзія гэта цікавая і дарагая для нас перш за ўсё тым, што яна раскрывае такія выдатныя рысы характару братняга народа, як свабодалюбства і патрыятызм, пачуццё гуманізму і ўсведамленне інтэрнацыянальнага абавязку ў агульнай барацьбе працоўных свету супроць сіл агрэсіі і цемрашальства. Гэта паэзія народа, які ў цяжкі і суровы час, насуперак намаганням здрадніцкага прафашысцкага ўрада, не паставіў на ўсходні гітлераўскі фронт ні аднаго салдата, які па ўсіх гарадах і сёлах — пад кіраўніцтвам БКП, у арганізацыях Айчыннага фронту — разгарнуў актыўную падпольную барацьбу за падтрымку Савецкага Саюза, аказаў упартае супраціўленне ненавіснаму рэжыму, адправіўшы ў лясы і горы — у атрады народных мсціўцаў — дзесяткі тысяч лепшых сыноў і дачок.
Становішча і ўмовы, у якіх змагалася працоўная Балгарыя супроць фашыстаў, у многім адрозніваліся ад становішча акупаванай гітлераўцамі Савецкай Беларусі, на якую фашысцкая кліка абрынула не толькі расавую, але і перш за ўсё сацыяльна-класавую нянавісць і мела на мэце вынішчыць беларускі народ да апошняга чалавека. Нечуваны размах і напал усенароднай барацьбы з акупантамі — барацьбы не на жыццё, а на смерць — да апошняга дыхання, да апошняй кроплі крыві — абумовілі, зразумела, і адпаведны размах і напал гераічнай беларускай паэзіі перыяду вайны, моц і вышыню яе патрыятычнага духу, сілу і глыбіню пранікнёнасці яе мастацкіх вобразаў. Вершы і паэмы Я. Купалы, Я. Коласа, А. Куляшова, М. Танка, П. Панчанкі, П. Броўкі, П. Глебкі, Зм. Астапенкі, М. Сурначова і другіх нашых паэтаў назаўсёды застануцца ў гісторыі савецкай літаратуры як непаўторны ўзор высокага і самаахвярнага служэння словам народу і Радзіме.
З першага дня вайны большасць беларускіх паэтаў сталі франтавікамі, непасрэдна змагаліся са зброяй у руках або працавалі ў ваенным друку. На часова акупаванай тэрыторыі Беларусі — у сілу пэўных абставін — засталіся нямногія (В. Таўлай, П. Пестрак, які ў 1943 годзе быў перакінуты ў Маскву, М. Васілёк, М. Засім, С. Крывец, А. Моркаўка, з менш вядомых — А. Дубровіч, А. Коршак, А. Мілюць; з-за лініі фронту ў партызанскае войска прыходзілі ў 1942 годзе А. Бялевіч, у 1943 — А. Астрэйка). Балгарскім паэтам выпаў у гады вайны іншы лёс. На фронт многія з іх трапілі толькі восенню 1944-га, калі новы ўрад Балгарыі аб'явіў фашысцкай Германіі вайну, а да таго часу ўсе яны — у тым ліку і паэты-камуністы — вымушаны былі жыць на фактычна акупаванай гітлераўцамі радзіме. Пачынаючы з 1941 года ў Сафіі, а таксама ў многіх іншых гарадах і сёлах краіны, паступова набіраючы моц, усё часцей і часцей гучыць голас паэзіі Супраціўлення. Да ўласна партызанскай паэзіі дойдзе пазней — недзе ў пачатку 1943-га, калі ўжо сталі актыўна дзейнічаць першыя партызанскія атрады. У балгарскае паэтычнае Супраціўленне ўваходзілі людзі не аднолькавых ідэйна-эстэтычных поглядаў і палітычных перакананняў. Ядро склалі паэты-камуністы і тыя, хто доўгія гады супрацоўнічаў у камуністычным і прагрэсіўным друку: Нікола Вапцараў, Крум Кюляўкаў, Младэн Ісаеў, Ангел Тодараў, Лазан Стрэлкаў, Нікола Ланкаў, Нікола Хрэлкаў, Хрыста Радзеўскі, Людміл Стаптаў, з маладзейшых — Весялін Андрэеў, Весялін Ханчаў, Валеры Пятроў, Аляксандр Гераў, Іван Пейчаў, Багаміл Райнаў і інш. Балгарская літаратура можа па праву ганарыцца рэвалюцыйна-патрыятычнай стойкасцю І грамадзянскай мужнасцю сваіх паэтаў, якія ў гады вайны аказаліся годнымі пераемнікамі гераічных традыцый такіх вялікіх папярэднікаў, як Хрыста Боцеў, Іван Вазаў, Пеё Явараў, Хрыста Смірненскі, Гео Мілеў. Супраць фашысцкага цемрашальства яны змагаліся ў поўным сэнсе слова і пяром і штыком адразу, не шкадуючы жыцця, не баючыся кулі і вісельні, турмаў і мардаванняў. Ужо ў 1941 годзе ў канцэнтрацыйны лагер Энікёй (Грэцыя) былі кінуты — заадно з іншымі прагрэсіўнымі дзеячамі літаратуры і мастацтва — паэты Нікола Ланкаў, Крум Пенеў, Лазан Стрэлкаў, годам пазней — паэт Младэн Ісаеў. У ліпені 1942 года за антыфашысцка-дыверсійную дзейнасць быў расстраляны выдатны паэт-камуніст Нікола Вапцараў. У баях з манархафашыстамі смерцю храбрых загінулі многія маладыя паэты, у тым ліку — камандзір партызанскіх атрадаў Плевенскай акругі Хрыста Кырпачаў, камісары партызанскіх атрадаў Цвятан Спасаў і Атанас Манчаў, палітрук партызанскай роты Іван Нівянін, партызаны Кірыл Маджараў, Марка Ангелаў і іншыя. У 1943 годзе камісарам праслаўленай сафійскай партызанскай брыгады «Чаўдар» становіцца малады паэт-падпольшчык Весялін Андрэеў. У 1944 годзе ўцякае з турмы ў партызанскі батальён імя Васіла Каларава малады паэт Добры Жоцеў (у 1942-м ён быў асуджаны фашысцкім судом на 15 гадоў няволі). У партызанскіх атрадах змагаліся і будучыя вядомыя паэты і пісьменнікі Дзімітр Мятодзіеў, Давід Овадзія, Станіслаў Сіўрыеў. Каля года праседзеў у фашысцкай турме, перанёсшы цяжкія катаванні, 19-гадовы падпольшчык Георгі Джагараў. Актыўны ўдзел у нелегальным антыфашысцкім руху прымалі паэты Нікалай Зідараў, Павел Мацеў, Георгі Свежын і іншыя.
Магчыма, што чытачы беларускай паэзіі ўжо звярнулі ўвагу на адну — я сказаў бы дзіўную — акалічнасць: у творчасці нашых паэтаў, прысвечанай перыяду вайны, вельмі нязначнае месца займае тэма гарадскога антыфашысцкага падполля (у параўнанні з тэмамі франтавой і ўласна партызанскай). Дзіўным гэта здаецца таму, што з першых дзён акупацыі ва ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі разгарнулася актыўная антыфашысцкая дзейнасць патрыётаў-падпольшчыкаў, якой кіравалі падпольныя гаркомы і райкомы партыі, камуністы і камсамольцы. Досыць прыгадаць хаця б такую магутную антыфашысцкую арганізацыю, як камуністычнае падполле Мінска або як падпольна-дыверсійныя патрыятычныя групы обальскіх і скідальскіх маладагвардзейцаў. Але пра мужную і самаахвярную барацьбу герояў-падпольшчыкаў у нашай паэзіі — ні ў гады вайны, ні ўва ўсе наступныя гады — не паявілася колькі-небудзь значнага твора, у той час як пра партызан — многа таленавітых паэм, балад, вялікія нізкі і нават цэлыя зборнікі вершаў. Вядома, што антыфашысцкае падполле акупаваных беларускіх гарадоў было самым цесным чынам звязана з дзейнасцю партызанскіх атрадаў і спецгруп, вельмі часта выконвала заданні партызан. Але яно змагалася і самастойна, а галоўнае — умовы і абставіны, у якіх дзейнічалі падпольшчыкі, былі вельмі спецыфічнымі. І вось менавіта гэта аказалася амаль абыдзеным нашай паэзіяй. Многа паэтычных тамоў можна скласці з твораў пра партызанскіх разведчыкаў і падрыўнікоў, пра начныя кастры ў лесе, пра выбухі на чыгунцы, пра засады на лясной дарозе, пра блакаду партызанскай зоны і яе прарыў, пра гераічную смерць маладога партызана і г. д., і г. д., але як цяжка згадаць таленавіты паэтычны твор пра дыверсіі антыфашыстаў у горадзе, пра начныя падпольныя сходкі на гарадскіх кватэрах, пра размножаны і распаўсюджанне лістовак сярод гараджан і г. д., і г. д. Думаецца, што ёсць некалькі прычын, чаму так здарылася. «Вінавата» тут і досыць багатая «партызанская» традыцыя ў беларускай даваеннай літаратуры, і рамантыка саміх абставін, у якіх дзейнічалі партызаны (ноч, пушча, лівень, засада, а гэта — нібыта бліжэй да паэзіі, лягчэй паддаецца паэтызацыі, лягчэй забяспечвае эстэтычны эфект), і тая акалічнасць, што вельмі многія паэты або самі былі ў партызанах, або, будучы дзецьмі, жылі ў партызанскіх зонах і на ўсё жыццё захавалі ў памяці асабістыя ўражанні аб лясных салдатах, а ў акупаваных гарадах амаль ніхто ні з тагачасных, ні з будучых паэтаў не знаходзіўся (ці не праўда: цікавы матэрыял для размовы або ролі асабістага, біяграфічнага моманту ў мастацкай творчасці?). Напэўна, сваё месца ў шэрагу прычын зойме і той факт, што доўгі час пасля вайны недаацэньвалася антыфашысцкая дзейнасць буйнейшага ў Беларусі камуністычнага падполля горада Мінска.
У Балгарыі 1941-1944 гадоў паэты большасцю сваёй жылі ў гарадах, а не ў партызанскіх зонах. У гарадах станавіліся ўдзельнікамі Супраціўлення і многія з тых, што пачнуць свой творчы шлях пасля перамогі над фашызмам. Таму не дзіўна, што ў балгарскай паэзіі як ваеннага, так і — асабліва — пасляваеннага перыяду вельмі шырока адлюстравана барацьба патрыётаў-антыфашыстаў у тыпова гарадскіх умовах.
Агульны настрой і эмацыянальны лад балгарскай паэзіі Супраціўлення хораша выяўлены ў вершы «Перадсмяротнае» Ніколы Вапцарава — аднаго з буйнейшых паэтаў у маштабах усёй тагачаснай Еўропы. Верш быў напісаны за некалькі гадзін да смерці, у Сафійскай турме.
Бязлітаснае мы вядзём змаганне.
Эпічнае,— калі сказаць высока.
Загіну я — другі на змену стане,—
І што тут значыць нейкая асоба!
Расстрэл, і за расстрэлам — чэрві.
Усё лагічна: смерць і жвір магільны.
Ды ў буру зноў табе паслужым верна,
Народзе мой, бо так цябе любілі мы! [41]
Вялікай прагай адкрытага бою, дзе — «заляскацяць шалёна кулямёты» — прасякнуты верш Весяліна Андрэева «Перад бурай», напісаны ім у Сафійскім падполлі летам 1943 года.
Я знаю — кожны і цяпер герой,
на варце ў гэтай цішыні спякотнай.
Але душа мая ірвецца ў бой —
там на ўсе грудзі дышацца свабодна!..
Многія вершы перыяду Супраціўлення прысвечаны мужнасці і стойкасці патрыётаў-падпольшчыкаў, якія апынуліся ў фашысцкай няволі. У маі 1944 года паэт Ал. Гераў, знаходзячыся ў ваеннай турме, піша выдатны верш «Свабода», які заканчваецца такімі радкамі:
Рукі нашы ад гневу дрыжаць і шукаюць нож.
Нашы зубы яшчэ дабяруцца да вашых глотак, панове,
І чорная ваша кроў апырскае
Цынічны твар веку.
Няхай сабе я і стаю перад безданню...
Бляск урачысты ззяе ў маіх вачах,
А вусны мае шэпчуць:
— О, свабода, мілая свабода,
Ты ўжо так блізка!
Верш Герава цікавы і тым, што шчасце вызвалення і выратавання ад смерці яго лірычны герой бачыць у пераможным наступе Савецкай Арміі, якая ўлад не за гарамі — менавіта так трэба разумець два апошнія радкі. Матыў гэты, які аб'ядноўвае і пачуццё пралетарскай салідарнасці, і пачуццё шчырай удзячнасці «братушкам», і глыбокую веру ў перамогу вялікай краіны сацыялізму над ворагам, вельмі характэрны для балгарскай паэзіі перыяду другой сусветнай вайны. Можна было б прывесці безліч прыкладаў, але тут мы пакуль абмяжуемся адным — на наш погляд, асабліва паказальным. У суровым і грозным снежні сорак першага, калі Савецкая Армія разграміла гітлераўскую армаду пад Масквой, 19-гадовы паэт-рэмсіст [42]Дзімітр Методзіеў піша верш «Навіны», лірычны герой якога (ён жа — аўтар) толькі што пачуў па радыё — у падполлі — голас чырвонай сталіцы.
Гэты голас на хвалі знаёмай,
даляцеўшы і ў родны мой край,
нібы ў засуху дождж, хлынуў сёння —
і ў душы запраменіўся май.
Пад нагамі пяюць тратуары,
кроў у скроні ад радасці б'е.
Дарагія браты і другары,
вашу сілу адчуў я ў сабо!
Духам высокай Вапцараўскай самаахвярнасці ў імя перамогі над фашызмам прасякнуты верш Івана Пейчава «Сцяна» (напісаны ў 1943 годзе). Паэт сцвярджае думку, што сапраўдны рост чалавека — яго духоўная і маральная вартасць — вымяраецца і пазнаецца ў барацьбе. Герой твора — астрожнік — успамінае родны дом і сцяну, на якой. калісьці засечкамі штогод адзначалі рост сына. «А цяпер ты ступаеш да іншай сцяны. На ёй, закапцелай, чорнай, стрэльбамі вымяраюць твой рост — высокі да зорак». Рост, вышынёю да зорак,— тое, пра што многа пазней будзе гаварыць у сваёй кнізе «Чалавек» Э. Межэлайціс... Адчуваючы, як «з апухлых параненых ног пераліваецца ў сцюдзёную зямлю цяпло» (заўважце: не холад зямлі — смерць — адчувае герой, а — як цяпло яго крыві, яго сэрца перадаецца роднаму долу!), вязень выказвае ўпэўненасць:
Рухне сцяна —
яна замалая для чалавечага росту,
і чырвоная кроў
на падрапаным цэменце і на каменнях
стане надзеяй і сцягам!
Надзвычай характэрны для паэзіі Пейчава матыў і вобраз, да якіх ён будзе вяртацца і праз дзесяць і праз дваццаць пяць гадоў («Помні той горад у шызым асеннім мораку, што нічым не нагадвае кастрычнік, апрача як крывёй на плошчах маладосці нашай» — з верша, напісанага ў канцы 60-х).
Суровую атмасферу ваеннага горада, у якім гаспадараць гітлераўцы і іх паслугачы, але які — жыве і змагаецца, удалося перадаць Валерыю Пятрову ў вершы «У час зацямнення». Час зацямнення — вобраз сімвалічны, гэта — час панавання фашысцкай ночы. Але ў цемры ночы «блішчаць, нібы пражэктары, вочы дзяўчыны», якая «перад судом у кайданах хмурыць чало» і з годнасцю пераносіць катаванні («І хто з вас яе абстрыг, галантныя афіцэры? І хто б'е гумовымі палкамі?»); але ў цемры ночы ёсць «падземныя каналы — светлыя маўзалеі», таму што «ўсякая ахвяра распальвае агні ідэй». Настрой тых, хто ў суровы час змагаецца і верыць у перамогу, хораша выяўлены ў заключных радках верша: «І што з таго, што ў ноч праклятую жывём і паміраем? Сорак трэці — які зіхатлівы час!» Так, сорак трэці ўжо свяціў нашым сябрам ва ўсёй зацемранай і змардаванай Еўропе — свяціў зіхатлівымі перамогамі Савецкай Арміі, свяціў блізкім шчасцем доўгачаканай свабоды.
Амаль хрэстаматыйную вядомасць набыў на радзіме верш Младэна Ісаева «Спатканне» (1942) — адзін з лепшых твораў у балгарскай паэзіі Супраціўлення. Напісаны па-майстэрску сцісла, верш хвалюе глыбокай чалавечнасцю, праўдай пачуцця і яркасцю малюнка:
Шчоўкнуў ключ — і ў камеру заходзяць трое:
сонца, вартавы й дзяўчынка.
— Татка! — зразу ўсхліпнула малое.
— Татка! — свеціцца ў вачах дачкі слязінка.
Абдымаюць ручаняты міла,
губкі ў лоб цалуюць так пяшчотна;
ёсць каму паплакаць над магілай,
калі ступіш за рубеж смяротны...
Зноўку шчоўкнуў ключ —
і выйшлі трое:
сонца, вартавы й дзяўчынка.
Толькі на тваім ілбе ў спакоі
светлай зорачкай яшчэ блішчыць слязінка...
Непараўнана шырэй, чым у гады вайны, тэма антыфашысцкага падполля адлюстравана ў балгарскай паэзіі пасляваеннага перыяду. Калі раней падпольшчыкам прысвячаліся толькі асобныя вершы, то цяпер паяўляюцца і паэмы (напрыклад, «Паэма пра Вапцарава» Мл. Ісаева) і нават раман у вершах («Дзімітроўскае племя» Дз. Мятодзіева). Да нядаўняга гераічнага мінулага звяртаюцца не толькі тыя паэты, што прымалі непасрэдны ўдзел у змаганні з манарха-фашысцкім рэжымам, але і тыя, творчасць якіх з перамогай. Верасня пачала развівацца на новым ідэйна-эстэтычным грунце (Н. Фурнаджыеў, Эл. Баграна, Дз. Панцялееў, Ат. Далчаў, Д. Габэ), і тыя, што ў гады вайны былі дзецьмі і прыйшлі ў паэзію недзе ў сярэдзіне 50-х гадоў (Л. Леўчаў, А. Стаянаў, Э. Эўцімаў, Н. Інджоў, Ул. Башаў і інш.). Асноўны мастацкі прыём, якім карыстаюцца ў вершах і паэмах на гэтую тэму маладзейшыя ўдзельнікі Супраціўлення — паэтычны ўспамін аб незабыўных гадах рэмсаўскага падполля, аб чалавечым і грамадзянскім станаўленні і ўзмужанні свайго пакалення. У гэтых творах — як правіла, вельмі эмацыянальных, шчырых — многа сапраўднай гордасці за суровы жыццёвы лёс і гераічныя справы аднагодкаў і гэтак жа многа грамадзянскай чуйнасці і пільнасці, каб ні сёння, ні заўтра і ніколі іх слаўнае мінулае не было аддадзена забыццю, не сцерлася ў памяці і не прынізілася ў свядомасці новых пакаленняў. Асабліва характэрна гэта для творчасці Дз. Мятодзіева, Г. Джагарава, І. Пейчава, В. Пятрова, Д. Овадзія, Д. Жоцева, П. Мацева, Ул. Голева. У вершы «Спатканне» Мятодзіеў расказвае пра сустрэчу на з'ездзе ВКП з таварышам і паплечнікам па барацьбе, якога ён не бачыў дваццаць гадоў — з 1942 года.
Здраствуй, уваскрэслы з мёртвых!
Здраствуй!
Каб ты ведаў, які я шчаслівы,
што жывы ты і праўда — з табой,
што спаткаліся тут мы — у зале з'ездаў!..
Вядома, нічога падобнага я не сказаў.
Толькі сціснуў, што сілы было, яму рукі.
Толькі радасна ў вочы глядзеў, што свяціліся.
Толькі думаў пра нашу прыгожую маладосць — нерастрачаную.
Натхнёным гімнам гераічнай рэмсаўскай маладосці прагучаў першы зборнік вершаў Г. Джагарава «Мае песні» (1954). Думкі, пачуцці, перажыванні свайго лірычнага героя — маладога падпольшчыка — паэт перадае не ў плане ўспаміну аб мінулым (вершы ж напісаны праз дзесяць год пасля падзей!), а — у плане сучасным, як бы ўсё адбываецца зараз, цяпер, калі ён звяртаецца да чытача, іншымі словамі — паэт карыстаецца спосабам тэатральнага, сцэнічнага ўзнаўлення.
Яркі вобраз маладога падпольшчыка стварыў у вершы «Добры вучань» В. Ханчаў. Яго герой — гімназіст — «быў вельмі добрым вучнем, найлепшым у класе», ён ніколі не маўчаў каля дошкі, «на кожным уроку адказваў дакладна і ясна». Але аднойчы ў школу зайшоў афіцэр, выклікаў яго з-за парты і загадаў адказваць на ўсе пытанні «дакладна і ясна».
Пачаўся урок пакуты.
Са сцяны — нібы з цёмных келляў,
глядзелі Боцеў і Леўскі,
а на партах свабодных
страх сядзеў і падказваў:
— Хто тыя людзі,
да якіх ты хадзіў на яўку?
— Дзе кватэра,
на якой сустракаўся ты з імі?
— Што ўручылі табе там?
— Каму ты ўсё перадаў?»
Пачаўся ўрок бясстрашша.
Ён быў вельмі добрым вучнем.
Найлепшым у класе.
А не прамовіў ні слова.
Ні на адно пытанне
не адказаў нічога.
Маўчаў,
калі яго білі ў класным пакоі,
маўчаў,
калі павялі за дзверы,
маўчаў,
калі яго ставілі
да сцяны на школьным двары.
Маўчаў
і тады, калі грымнуў апошні яго званок.
Ён быў вельмі добрым вучнем.
Маўчаў
і атрымаў «выдатна»...
на ўроку бяссмерця.
У своеасаблівым ракурсе падае вобраз падпольшчыка ў аднайменным вершы В. Пятроў. Паэт акцэнтуе ўвагу на такой высакароднай рысе свайго героя, як сціпласць. У гады падполля ён «з выгляду быў, як і ўсе, самы звычайны, зусім непрыкметны, у клёшы і з гальштукам у палоску, у кепцы і ў пазычаным паліто». На допытах, калі яго пыталі «Дзе ты дзейнічаў?» — ён да канца адказваў: «Нідзе», хаця, чуючы, як грымяць выбухі, пазнаваў сваю работу... Такім герой Пятрова застаўся і пасля вайны — «зноў звычайны і зноў непрыкметны». І нават калі яго пытаюць: «Ці дзейнічаў дзе раней?» — «хто ведае чаму, але бясспрэчна — гэта сіла навыку» — «яму ўсё не хочацца прызнацца». Так паэт сцвярджае вельмі важную думку, у якой заключана вялікая праўда вайны: героямі былі тысячы простых, звычайных, «як і ўсе», людзей, гераізм быў масавы. Гэтыя «зусім непрыкметныя» людзі жывуць побач з табой і не пахваляюцца заслугамі перад Радзімай.
«Чыста» партызанская тэматыка ў балгарскай паэзіі апошняга трыццацігоддзя на месцу і значнасці бадай што не ўступае тэме антыфашысцкага падполля, патрыятычнай дыверсійнай дзейнасці ў гарадах і сёлах. Партызанскія матывы не сталі манаполіяй толькі тых, хто сам знаходзіўся ў шэрагах народных мсціўцаў,— і гэта натуральна. Дарэчы будзе тут нагадаць, што самыя выдатныя паэтычныя творы аб партызанскай барацьбе ў нашай беларускай літаратуры былі напісаны ў гады вайны зусім не паэтамі-партызанамі (успомніце вершы і паэмы А. Куляшова, М. Танка, П. Броўкі, П. Панчанкі, Зм. Астапенкі, П. Глебкі). Відавочна, пытанне вырашае перш за ўсё сіла таленту, у паняцце якога ўваходзяць, як вядома, і здольнасць да творчага, мастацкага домыслу, і здольнасць да пераўвасаблення і суперажывання. Што ж датычыць балгарскай паэзіі, то і на сённяшні дзень лепшыя творы аб партызанскай барацьбе, на мой погляд, належаць пяру былых партызан.
Ужо больш дзесяці выданняў на роднай мове вытрымаў зборнік «Партызанскія песні» Весяліна Андрэева. Ён складзены з твораў, напісаных — у поўным сэнсе слова — на прывалах, у перапынках паміж баямі. Прайшлі дзесяцігоддзі, а вершы не трацяць непаўторнага подыху той грознай пары, не слабне сіла і прывабнасць таго першароднага пачуцця, якое іх нарадзіла. Лепшыя творы зборніка («Любоў», «Балада аб шаснаццаці», «Балада пра камуніста», «Сашка») вызначаюцца досыць акрэсленым характарам лірычнага героя Андрэева — па-салдацку мужнага, мэтанакіраванага, суровага. Адпаведна герою — мужная і суровая, я сказаў бы — эпічная, інтанацыя, важкі, немнагаслоўны, непрычэсаны верш. У «Баладзе пра камуніста», напісанай з зусім канкрэтнага выпадку, паэт дасягае вялікай сілы мастацкага абагульнення: вобраз героя-партызана, не трацячы эмацыянальна-асабовай чалавечай сутнасці, набывае велічна-манументальны характар.
«Дзе яны? Будзе лепей!..» Ён знаў, дзе ходзяць сябры.
І моўчкі закрыў павекі — няхай шалеюць звяры!
Разлютаванаму кату, што нальнуў знарок па сцяне,
сказаў у адказ з пагардай: «Забойца, страляй у мяне!»
Сыпалі соль на раны — пякло, як агнём, усяго.
Страшэнны боль нечуваны не выдавіў слова з яго.
Зноў да знямогі білі, у дзікай злосці тупой,
і злосць іх была бяссіллем прад вытрымкаю такой.
Нарэшце зусім заціх ён, пагасла пакута ў вачах.
І каты глядзелі моўчкі, няйначай скаваў іх страх.
«Не чалавек, а жалеза»,— над ім працадзіў фашыст.
І мёртвы ціха адрэзаў:
«Не, камуніст!»
У вершы «Любоў» паэт — з добрай псіхалагічнай верагоднасцю — раскрывае крайне драматычную калізію: цяжка паранены пры выхадзе з акружэння партызан просіць свайго самага блізкага сябра дастрэліць яго. «Я б зрабіў гэта й сам, але сілы няма ўжо... думаў... гранатай... ды яна вам лепей паслужа... Ім у рукі жывым не хачу я папасці — на расправу і здзек... Пацалуй мяне, Андруша!..» І сябра быў вымушаны спусціць курок... Верш набыў выразна трагедыйнае гучанне. Творамі такога плану В. Андрэеў засведчыў, што ён належыць да ліку тых паэтаў, якія не схільны спрашчаць і схематызаваць суровую і жорсткую праўду вайны. Трэба думаць, што менавіта ў гэтым і тоіцца адна з прычын, чаму яго «Партызанскія песні» карысталіся і карыстаюцца такой папулярнасцю, вытрымаўшы строгае выпрабаванне часам.
З ліку маладых паэтаў партызан, якія палі смерцю храбрых, у пэўнай меры паспелі выявіць свой уласны голас Хрыста Кырпачаў і Цвятан Спасаў. І адзін і другі пісалі пераважна лірычна-публіцыстычныя вершы, у якіх заклікалі да помсты ворагам, услаўлялі партызанскіх герояў, выказвалі пачуццё любасці да роднай зямлі, упэўненасць у перамогу. Некалькі вершаў Кырпачава сталі вядомымі сярод народных мсціўцаў партызанскімі маршавымі песнямі, уяўленне аб якіх могуць даць наступныя радкі:
Хто любіць народ свой у горы
І Неўскага помніць наказ —
Хай выкуе меч непакоры
І прыйдзе салдатам да нас,
Гвалтоўнікі вісельні ўзводзяць,—
Міністры народ прадаюць.
Падымем жа ўсіх па трывозе —
Ахвяры да помсты завуць!
(«Чаўдарцы»)
У небагатай паэтычнай спадчыне Цв. Спасава бадай ці не лепшым з'яўляецца верш «Легенда — казка цудоўная», прысвечаны памяці свайго баявога пабраціма Хрысты Кырпачава (сам Спасаў загінуў на год пазней). У духу народнага гераічнага эпасу Спасаў паэтызуе легендарную постаць праслаўленага партызанскага камандзіра і яго мужную смерць:
Ты быў камандзірам волатаў, герою дзівосны,
ты боцеўскай песняй бунтоўную кроў распальваў
і ў бітве бязлітаснай, калі вораг напаў нечакана,
пранізаны куляй, упаў з бясстрашнай усмешкай на вуснах.
Заўважым, што Кырпачаў у сваёй песні спасылаецца на запавет Неўскага, а Стасаў называе «бунтоўную песню» сябра-партызана «боцеўскай». Імёны двух вялікіх нацыянальных герояў Балгарыі прагучалі ў вершах партызанскіх паэтаў не выпадкова. Як і ў іншыя лёсавызначальныя моманты нацыянальнай гісторыі, так і ў часы антыфашысцкага падполля 1941-1944 гадоў Боцеў і Леўскі служаць для нашчадкаў і сцягам барацьбы, і сімвалам непакоры, і ўзорам найвышэйшай патрыятычнай самаахвярнасці. Няма сумнення, што ў нашай беларускай паэзіі перыяду Вялікай Айчыннай вайны гэтыя ж самыя прычыны выклікалі са сховаў гісторыі, ажывілі і паэтычна ўзбуйнілі вобраз Кастуся Каліноўскага.
Вершы партызанскіх паэтаў Хр. Кырпачава і Цв. Спасава, а яшчэ ў большай меры Ат. Манчава, К. Манджарава, І. Нівяніна, М. Ангелава — гэта паэзія, можна сказаць, тыпова масавая, па характару творчасці і ўзроўню майстэрства — самадзейная. Яркая мастацкая індывідуальнасць ні ў кім з іх не паспела выявіцца. Але іх слова было патрэбна людзям — як клятва, як прысяга, як лозунг — слова простае, шчырае, непрэтэнцыёзнае, натхнёнае слова камсамольца, камуніста, палітработніка. У нас, у Беларусі, такая масавая партызанскай паэзія (праўда, пераважна на рускай мове — з разлікам на інтэрнацыянальны склад «ляснога войска») мела пашырэнне ў маштабах непараўнана большых. Сотні і тысячы вершаў, песень, сатырычных куплетаў друкаваліся на старонках партызанскіх газет і часопісаў, нават выдаваліся асобнымі зборнічкамі. Можа, затое, што ў нас такіх партызанскіх «паэтаў» было дужа багата, імёны іх так і засталіся «нерасчлянёным мноствам» — у адным агульным спіску, у той час як у Балгарыі пра кожнага з такіх аўтараў гаворыцца паасобку, пра кожнага напісана нямала артыкулаў, успамінаў, вершы іх рэгулярна перадрукоўваюцца ў перыядычных выданнях, у розных зборніках. Балгарская грамадскасць яшчэ і таму дараяшць кожным імем «самадзейнага аўтара», што ў шэрагах іх народных мсціўцаў было мала наэтаў-прафесіяналаў. Калі мы пачынаем размову аб беларускай партызанскай паэзіі — той, што непасрэдна стваралася ў атрадах,— то звычайна звяртаемся да творчасці А. Астрэйкі, А. Бялевіча, П. Пестрака, В. Таўлая, М. Засіма і іншых аўтараў з уласным паэтычным імем і ўласным творчым абліччам. Зазначым толькі, дзеля справядлівасці, што нават і прафесіянальныя нашы паэты досыць часта не ўздымаліся над агульным узроўнем масавай партызанскай паэзіі, зарыфмоўваючы ў наспех скіданых строфах баявыя лозунгі і заклікі, мала клапоцячыся пра выразнасць паэтычнага вобраза, пра культуру радка, пра дакладнасць слова. Але — міжволі паўстае пытанне — ці заўсёды была ў іх магчымасць клапаціцца? Не будзем забываць, калі і ў якіх умовах паэты складалі свае партызанскія песні.
З тых балгарскіх паэтаў, маладосць якіх авеяна парахавым дымам партызанскіх боек, найбольш часта звяртаюцца да вобразаў народных мсціўцаў і іх гераічных дзей Дз. Мятодзіеў і Д. Овадзія. У Мятодзіева на гэтую тэму ёсць творы рознага плану і розных жанраў — вершы, балады, невялікія ліра-эпічныя паэмы. У адных з іх (напрыклад «Арлінае гняздо», «Цішыня») паэт асэнсоўвае барацьбу свайго пакалення як спадчыннік гераічных традыцый змагароў мінулых эпох — спадчыннік Красавіка 1876 года і Верасня 1923 года. Вельмі характэрны ўвогуле для паэзіі Дз. Мятодзіева матыў! У паэме «Шумяць таполі» (1955-1956) паэт уваскрашае ў памяці дарагія і любыя яму вобразы баявых сяброў, і ў першую чаргу — партызанскай разведчыцы Дзяніцы. Гэта твор пра барацьбу і каханне, пра дружбу і баявую вернасць. Трое любілі адну — «басаногую козачку», што скакала на горных сцежках, «партызанскую сястрычку». Трое моўчкі праводзілі ў разведку.
— Ідзі! Да каго раўнаваць,
Калі ўсім нам сягоння ў бой!
У баі гіне адзін — той, каго кахала сама Дзяніца. Пазней лёс раскідаў герояў па свеце, але ўсе яны застаюцца вернымі тым высокім ідэалам, за якія змагаліся.
Але мы на кіпучым грэбні
баявой маладосці нашай
засталіся з табой да сёння —
і так будзем стаяць!
Для паэта Д. Овадзія тэма партызанскай маладосці стала асноўнай на ўсе пасляваенныя дзесяцігоддзі творчасці: ён прысвяціў ёй некалькі зборнікаў вершаў («Партызанскі дзённік», 1948, «Да апошняга імгнення», 1950, «Атрад жыве», 1951, «Вершы пра партызанскі атрад», 1965 і інш.). Вядома, калі паэт вельмі многа піша аб адным і тым жа — яго заўсёды падсцерагае небяспека самапаўтарэння. Не пазбег гэтай бяды і Д. Овадзія, на што ўжо неаднойчы звяртала ўвагу балгарская крытыка. Празмерная эксплуатацыя тэмы пачала помсціць паэту. Але сярод мноства партызанскіх вершаў Д. Овадзія ёсць творы, сагрэтыя сапраўдным чалавечым пачуццём і адзначаныя добрай паэтычнай культурай. Вось урывак з яго «Успаміну пра камісара»:
Смертаносны свінец нас хвастаў і крамсаў.
У апошні прарыў вёў атрад камісар.
Раптам, куляй прашыты, ён грымнуўся ніц,
на сухую траву, на вяночкі брусніц.
«Камісар, уставай!» — я спыніўся над ім.
«Камісар!..» І мой голас мне здаўся чужым.
Я заплакаў ад болю хвілінаю той:
не вадзіць яму болей атрад наш у бой.
Партызанскую кроў ліўні змылі даўно,
партызаны не стукаюць ноччу ў акно,
І Балканы парой не хаваюць журбы...
Я ж не веру дагэтуль, што ён не жывы!
Родны вобраз у сэрцы не меркне маім,
востры боль не сціхае пры думцы аб ім.
Не ў гарах камісар, дзе магіла ў траве,
а ў душы маёй — першай любоўю жыве!
...Ён замглёныя вочы расплюшчыць на міг —
зноўку блісне, як некалі промень у іх,
і як некалі там, многа вёсен назад,
усё той жа — «Наперад!» — дае мне загад.
Трапным паэтычным бачаннем, канкрэтнасцю і значнасцю рэалій вызначаецца верш Овадзія «Партызаны», ёмістасцю і афарыстычнасцю думкі, лаканічнасцю формы — вершы «І пішацца гісторыя крывёй» і «Смяротны прысуд».
У жанравых адносінах непасрэдна ў гады вайны ў балгарскай партызанскай паэзіі пераважаў лірычна-публіцыстычны або сюжэтны верш, зрэдку сустракалася балада. Эпічнай партызанскай паэмы тады не паявілася (заўважым, да слова, што жанравая характарыстыка беларускай партызанскай паэзіі намнога багацейшая — у нас асабліва значнае месца займаюць менавіта паэмы і балады). У пасляваенны час антыфашысцкая і партызанская паэма ў балгарскай літаратуры — не рэдкасць. Асабліва ж часта звяртаюцца паэты да жанру балады. Незвычайныя, вострадраматычныя і нават трагічныя эпізоды барацьбы натуральна «просяцца» ў распараджэнне гэтага жанру, спецыфіка якога вельмі прыдатная для паэтычнага ўвасаблення менавіта такога «жыццёвага матэрыялу». Балада якраз і патрабуе акцэнтаваць увагу на незвычайным, высокім, гераічным, падкрэсліць выключнасць моманту або сітуацыі і праз гэта даць вобраз героя і яго часу ў вялікай паэтычнай скандэнсаванасці — як буйнае мастацкае абагульненне.
Апрача тых балад і вершаў баладнага характару, якія мы ўжо разгледзелі («Балада пра камуніста» і «Любоў» В. Андрэева, «Добры вучань» В. Ханчава), хочацца спыніцца і яшчэ на некаторых творах гэтага жанру. Строга вытрыманай у жанравых адносінах і вельмі партызанскай па зместу здаецца нам «Балада пра чалавека» таго ж В. Ханчава. Смяртэльна паранены партызан паўзе па снезе, на лютым марозе, адзін — толькі дрэвы над галавой. Заснежаны лес гаворыць яму: дарэмна ты выбіваешся з апошніх сіл, становішча тваё безнадзейнае, вунь нават дзікі голуб, скаваны холадам, мёртвы зваліўся долу. І тады «спыніўся чалавек, і голуба ўзяў, і прытуліў да раны, і голуб, адагрэты цяплом крыві, у запазусе страпянуўся ціха, ударыў крыламі і паляцеў — туды, куды не дасягне ён». Такі чалавек — да апошняга дыхання ён застаецца самім сабой, і паміраючы сам — ратуе ад смерці жывое стварэнне, ратуе жыццё і веру ў Чалавека.
Вельмі цікавая паэтычная фактура балады Паўла Мацева «Таварыш капітан». Малодшага камандзіра, камуніста, які вёў сярод курсантаў афіцэрскай школы антыфашысцкую прапаганду — вядуць на расстрэл. І вядуць яго — пад камандай генерала — хлопцы ягонага ж узвода, якіх ён вучыў страляць...
Грымнуў залп.
Але стаіш ты, П'ер.
Залп яшчэ.
Ні куляй не працяты.
Генерал зароў, як дзікі звер:
— Хто стральбе вас абучаў, шчаняты?
— Пане генерал,
ніяк не ўлучым...
І тады змахнуў ты пасмачку з ілба:
— Хлопцы,
хіба мной вы так абучаны?
Што гэта ў вас сёння за стральба?
Слухай маю каманду:
— Па сэрцу брата, агонь!..
Мацеў не назваў гэты твор баладай і строгай баладнай формы яму не надаў. Але пакладзены ў аснову эпізод — расстрэл камандзіра яго таварышамі па ўласнай яго камандзе — сам па сабе эпізод высокага эпічнага гучання і вельмі ўдзячны матэрыял для класічнай балады або для разгорнутай сюжэтнай паэмы.
Цяпер мне хочацца звярнуць увагу чытача на адну характэрную асаблівасць партызанскай і ўвогуле ўсёй антыфашысцкай паэзіі нашых балгарскіх сяброў. У гэтай паэзіі вельмі многа твораў — непараўнана больш, чым у нас! — прысвечана памяці канкрэтных людзей: не толькі выдатных усенародна вядомых герояў, але і зусім звычайных, радавых удзельнікаў барацьбы. Напрыклад, толькі што разгледжаны твор П. Мацева прысвечаны памяці Пятра Ангелава — П'ера, фельдфебеля афіцэрскай школы, які пасмяротна быў падвышаны ў чын капітана (таму і «Таварыш капітан»). Верш Дз. Мятодзіева «Калі мы паміралі маладыя» мае прысвячэнне: «Светлай памяці Спаса Начава, маіх сяброў-рэмсістаў з сяла Лісічава Пазарджыкскай акругі». Д. Овадзія свой верш «Мілая красуня квартала» прысвяціў памяці Зелмы Дэкала (Златкі), якая загінула ў партызанах вясною 1944 года. Верш Д. Жоцева «Малалетні» прысвечаны памяці рэмсіста Пятра Кіракава. Ст. Паптонеў свой верш «Лілія — назва кветкі» прысвяціў памяці беларускай партызанкі, балгаркі Ліліі Караотаянавай. І гэтак далей, і гэтак далей — можна прывесці яшчэ дзесяткі, а то і сотні падобных прыкладаў. Асаблівасць гэтая вынікае з гістарычна замацаваных традыцый. У Балгарыі, як, можа, нідзе, моцны культ нацыянальных герояў, а кожны, хто аддаў жыццё за Радзіму — вялікі подзвіг ён зрабіў ці малы — герой. З даўніх часоў ушанаванне памяці такіх людзей лічылася свяшчэнным абавязкам усіх жывых. Кожнае такое імя стараліся ўвекавечыць. У нашай літаратуры мы таксама знойдзем паэтычныя творы, прысвечаныя памяці канкрэтных людзей — герояў Вялікай Айчыннай вайны. Але масавай гэта з'ява не стала. Таму што ў нас гісторыя — свая і традыцыі — свае. Калі ў адной вайне гінуць не тысячы, і нават не сотні тысяч, а мільёны — паспрабуй увекавечыць імя кожнага! У сённяшняй нашай літаратуры бадай што пяма паэта, у якога б за гады вайны не загінулі блізкія крэўныя, сваякі, суседзі, сябры і таварышы, аднавяскоўцы... Каго з іх выбіраць для ўшанавання? Каму прысвячаць вершы? Мільёны ахвяр — мільёны вартых памяці.
Такога гісторыя сусветнай літаратуры яшчэ ніколі не ведала, у такім становішчы яшчэ не апынаўся нідзе і ніколі ніводзін паэт!..
Балгарская класічная літаратура дала чалавецтву бліскучыя ўзоры нацыянальнай сатыры, у тым ліку — і ў жанрах паэтычных. Менавіта на гэтыя традыцыі і абапіраліся ў сваёй творчасці тыя паэты-антыфашысты, якія, змагаючыся палымяным лірыка-публіцыстычным словам, у той жа час умела карысталіся і надзейнай зброяй смеху. Да сатырычных жанраў звярталіся ў гады вайны паэты Анг. Тодараў, Н. Хрэлкаў, К. Вылкаў, асабліва ж актыўна дзейнічаў на гэтым плацдарме адзін з буйнейшых балгарскіх паэтаў-сатырыкаў і байкапісцаў Хрыста Радзеўскі (цяпер — народны дзеяч культуры НРБ, Герой Сацыялістычнай Працы). Напісаныя ім у 1941-1944 гадах сатырычныя вершы, байкі і вершаваныя фельетоны з'едліва высмейвалі дэспатызм манарха-фашысцкага ўраду («Дэмакратычны цар»), здраднікаў-калабарацыяністаў («Старанны сабака», «Летуценне»), мяшчанства і абыватальшчыну як сацыяльна-псіхалагічную глебу здрадніцтва («Вялікодныя парады», «Мядзянка», «Выхаваны чалавек»), легкадумнасць і балбатлівасць, якія шкодзілі канспіратыўнай, падпольнай барацьбе («Балбатун»), Іронія і сарказм — найбольш частыя ў яго творах сродкі сатырычнага асмяяння. Вось урывак з байкі Хр. Радзеўскага «Старанны сабака»:
Як толькі хто крочыў падворкам да хаты —
ураз паяўляўся сабака касматы:
галодны, паршывы,
ікласты, куслівы.
Як сам гаспадар, ён рычаў на любога,
і ляскаў зубамі, і гнаў ад парога.
У злосці шалёнай насіўся ля дому,
ні разу не даўшы праходу нікому.
То кінецца прытка
і ўчэпіцца ў лытку,
То бруднаю, псінай
апырскае слінай...
— Ты што так стараешся? — нехта спытаўся.—
Чаго ты ўсё брэшаш?
Ты ж гаўкалам стаўся!..
І злосны сабака адгыркнуўся тут жа:
— Такая ўжо служба!
Такая ўжо служба!
Перш чым закончыць гэту размову, мне хочацца засведчыць, што тэма падпольнай і партызанскай барацьбы вельмі часта становіцца крыніцай творчага натхнення для паэтаў новых пакаленняў, якія або бачылі вайну дзіцячымі вачыма, або не помняць яе зусім. Гэта паэты, якія выраслі і сфарміраваліся пры новым сацыялістычным ладзе і якія свята прынялі з рук старэйшых — былых партызан і падпольшчыкаў — дарагую эстафету — вернасць высокім ідэалам гераічнага ў жыцці і ў паэзіі. Можна было б прывесці мноства прыкладаў, як паэты новай генерацыі шукаюць сваё мастацкае вырашэнне традыцыйнай тэмы, але я спынюся толькі на трох. У Эўціма Эўцімава ёсць балада «Вяселле Антона», прысвечаная памяці аднаго з кіраўнікоў камуністычнага падполля Антона Папова. У аснову твора пакладзены сапраўдны факт: перад самым расстрэлам, у турэмнай камеры, Антон Папоў уступіў у грамадзянскі шлюб са сваёй нявестай. Эўцімаў знайшоў вельмі выразныя мастацкія дэталі і дакладныя словы, каб стварыць псіхалагічна праўдзівы малюнак гэтага незвычайнага, страшнага вяселля. Сваццяй на вяселлі Антона — смерць: а заместа жмені святочных цукерак, яна сыпане кулямі, замест мельнікскага чырвонага віна, яна напоўніць чашы кроўю героя. «Каля цябе — нявеста і ўдава, ты — побач з ёй, жывы і мёртвы. Цалуй жа сваю журботную птушку. І маці. І заўтрашні дзень».
Асабліва ўражліва гучыць трагічны матыў балады ў перадапошняй страфе: «І ненароджанымі навечна застануцца дзяўчынка і хлапчук — мара, якую ты не дамарыў да канца, каханне — без калыскі і бразготкі...» Заканчваецца ж балада афарыстычным выслоўем:
Запомняць сцены цёмнага тунеля,
як ты бясстрашна, горда смерць сустрэў.
Не, баязліўцу не згуляць вяселля,
калі яго выводзяць на расстрэл!
Запамінальны, яркі вобраз партызана-камуніста стварыў паэт Мікола Інджоў у рамантычнай паэме «Балада пра Камена-бальшавіка». Стрэл ворага быў трапны —: куля трапіла Камену ў грудзі. Партызанскія хірургі, пачарнелымі ад пораху і аковаў рукамі, абмылі ў ручаі рану, заляпілі яе трыпутнікам, але — «у грудзях засталася куля, каб прарастаць да сэрца». Так пачынаецца паэма. А далей мы бачым Камена-бальшавіка на сацыялістычнай будоўлі, у сустрэчах з рознымі людзьмі, у гарачых буднях. Яго цэласная і глыбокая натура, яго неспакойны і вельмі чалавечы характар раскрываецца перад намі з кожнай старонкай паўней і ўсё больш завалодвае нашай увагай і сімпатыяй.
Але і варожая куля — з кожным раздзелам паэмы — усё бліжэй і бліжэй «прарастае» да сэрца. У кожным раздзеле гэта — як страшны рэфрэн. І нарэшце —, духмяным асеннім вечарам Камена-бальшавіка не стала. «Заўтра ён ляжа моўчкі, мудры і працавіты, у маленькую зямлю, якая — і магіла Боцева», якая «ў стагоддзях братала ружу з куляй». Памёр вялікі чалавек-змагар, які не шкадаваў сябе ні ў партызанах, ні ў мірнай працы, каб жыццё на яго роднай зямлі было такім прыгонным, якім яго бачыць паэт-рамантык:
У жанчын яснеюць вочы,
Нібы кветкі-зёлкі,
А мужчыны ім, каханым,
Дораць з неба зоркі.
Паэт Любамір Леўчаў — адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў цяпер ужо сярэдняга пакалення — тэме вернасці запаветам бацькоў-партызан прысвяціў выдатны верш «Зямлянка». Не турысцкая цікаўнасць прывяла яго лірычнага героя да былой партызанскай зямлянкі, о не! Ёй прыйшоў сюды, як прыходзяць да вялікіх святынь, каб адчуць і перадумаць самае важнае і дарагое ў жыцці, каб змераць тут свае дзеі і помыслы самаю высокаю меркай і яшчэ раз упэўніцца, чым сёння павінна быць песня паэта.
О, як жа мне патрэбна ты!
Не, не для сховішча, а для свяцілішча.
Маё сумленне тут хай засядзе!..
Мне кружыць голаў ад высачыні,
і гэтыя карэньчыкі па сценах —
ці не далёкіх зорак карані?
Звяраю сэрца ўласнае.
Пара
мне быць як ты — зямным
і ў той жа час нябесным.
Тваёй быць песняй!..
Так становіцца відавочнай непарыўная духоўная еднасць розных пакаленняў паэтаў новай, сацыялістычнай Балгарыі. Еднасць, якой ніколі не разбурыцца і не распасціся, таму што яна сцэментаваў пралітай у баях кроўю лепшых сыноў і дачок радзімы, таму што ў ёй сапраўдная, жывая і неўміручая душа паэзіі: учарашняй, сённяшняй, заўтрашняй.
1975