А з іншага паэзія ці й пачынаецца?


«Вёсны». Чарговы зборнік маладых паэтаў — студэнтаў БДУ імя У. І. Леніна. Дагэтуль былі сустрэчы з імі на лекцыях і экзаменах, а вось і бачу іх на старонках іхняй першай кнігі — пакуль што агульнай, калектыўнай...

Перш за ўсё ўражвае інфармацыя, змешчаная ва ўступным слове ўкладальніка кнігі прафесара А. А. Лойкі: за выключэннем трох-чатырох аўтараў, усе астатнія ў зборніку — студэнты аддзялення беларускай мовы і літаратуры. Я ўспомніў ранейшыя выпускі, дастаў і паглядзеў іх — тая ж самая карціна і там. Ужо амаль два дзесяцігоддзі галоўнай кузняй маладых паэтаў і празаікаў з'яўляецца ў рэспубліцы філфак універсітэта, дакладней — аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філфака. А быў жа час, калі гэта слава належала аддзяленню журналістыкі. У 50-я гады студэнтамі-журналістамі былі А. Вярцінскі і І. Чыгрынаў, І. Пташнікаў і В. Адамчык, Г. Бураўкін і М. Стральцоў, В. Зуёнак, А. Кудравец, Б. Сачанка і Я. Сіпакоў, П. Місько і В. Карамазаў, У. Паўлаў і М. Герчык, Л. Гаўрылкін, М. Гіль і іншыя вядомыя цяпер пісьменнікі. Пасля, як аддзяленне журналістыкі стала самастойным факультэтам, роля «кузні» літаратурных кадраў чамусьці была ім раптоўна страчана. Варта было б задумацца і прааналізаваць прычыны — чаму? Што за такія дзіўныя перамены адбыліся?..

Што да саміх вершаў у «Вёснах» — прыемна ўразіла мяне адно: творчасць пачаткоўцаў канца 70-х нечым напомніла мне лірыку маладых... канца 30-х. Так, так, штосьці перагукнулася, пераклікнулася ў памяці. А можа, гэта проста маё жаданне — бачыць такое падабенства? Бо калі яно ёсць — значыць, асабліва не трэба баяцца, што наш складаны, супярэчлівы час з яго моцнымі прагматычна-утылітарнымі настроямі не такі ўжо згубны для паэзіі, як можа здавацца.

Я з тых, хто не вякуе,—

Хто сее і хто жне.

Прашу, пакуль жыву я,

Не дбайце пра мяне.

Вятрыска звонкі будзіць

І ластаўкі пяюць.

Я рад, што побач людзі

Шчаслівыя жывуць.

(Уладзімір Марук)

Мой край дарагі, край сасновы,

Вясне усміхаецца зноў.

Я веру у добрыя словы,

Я веру у шчырасць сяброў.

(Алесь Пісьмянкоў)

Характэрныя для агульнага настрою зборніка радкі. Сугучныя ім і вершы Міколы Мятліцкага, Кастуся Жука, Уладзіміра Мазго, Міколы Мінзера, Уладзіміра Ківатыцкага і іншых аўтараў.

Міжволі прыгадваю такія ж светлыя, чыстыя, узвышана-рамантычныя думкі і пачуцці ў першых вершах Пімена Панчанкі, Міколы Сурначова, Леаніда Гаўрылава, Аляксея Коршака, Міколы Аўрамчыка, Кастуся Кірэенкі. У іх не было ні ценю пошласці і цынізму, кан'юнктуршчыны і хітрага прыстасавальніцтва. Бязмежна шчырая, даверлівая інтанацыя. Урачыста-прыўзняты тон. Незамутненыя і незабруджаныя вытокі: вобраз роднага краю, свет юнацтва, сяброўства, кахання, мараў і творчасці, вернасць героям Кастрычніка і грамадзянскай вайны, трывожнае водгулле першай бітвы з фашызмам у Іспаніі...

Дзеці, як вядома, заўсёды хоць нечым паўтараюць сваіх бацькоў. Відаць, і ў паэзіі таксама. Як радасна бачыць, што новая генерацыя паэтаў пераклікаецца з «бацькамі» ў самым лепшым — у высакароднасці, у душэўнай чысціні, у святасці помыслаў! Хочацца верыць у іх, гэтых пачаткоўцаў. І не толькі ў найбольш выяўленых і цікавых ужо сёння, але і ў тых, хто яшчэ пакуль што зусім кволенька, няўпэўнена і нясмела спрабуе свой голас, і ў тых, хто з наіўнай амбіцыяй стараецца паказаць прафесіяналізм свайго пісьма, не разумеючы, што майстэрства без душы і сэрца — не майстэрства, а рамесніцтва. Калі нават яно і высокай прафесійнай вывучкі... Майстэрства ў працы над радком, над словам ніколі не трэба паказваць наўмысна. У сапраўдных майстроў яго не відаць. Чым большы майстар, тым менш мы, чытаючы, думаем пра яго майстэрства, але тым больш думаем пра жыццё і пра свае адносіны да жыцця, пра сваё разуменне людзей і часу.

І хочацца сказаць ім тое, што ўжо неаднойчы гаварыў у аўдыторыі. Набірайце моцы і дужасці ў сэрца, дарагія хлопцы і дзяўчаты! Развінайце крылы для вялікага палёту! Толькі не здраджвайце сабе! Толькі не адступіцеся ад сваёй юнацкай веры! Толькі не спакусіцеся тым, што губіць талент, душу паэта. Сёння вы ў тым узросце, калі перш за ўсё трэба думаць: а дзеля чаго? А ў імя чаго? А што я хачу сказаць людзям? А ці маю права на размову? Самае страшнае — абмяшчаніцца, даць волю дробным, эгаістычным пачуццям, стаць рабом подлай спажывецкай корці. Самае страшнае — стаць цынікам, страціць пачуццё грамадзянскасці, пачуццё сыноўняга абавязку перад сваім народам і Бацькаўшчынай. Талент — гэта любоў да людзей, да жыцця і Радзімы. Талент — гэта вера ў чалавека. Талент — гэта незвычайная шчодрасць сэрца, прага дарыць людзям радасць, рабіць дабро. Талент — гэта мужнасць і стойкасць, самаадданасць і самаахвярнасць у змаганні, у барацьбе за праўду і справядлівасць. У балгарскага паэта Любаміра Леўчава ёсць выдатныя радкі: «Талент — гэта Мамаеў курган. Фашызм? — гэта бяздарнасць». Талент служыць жыццю і будучыні, а не смерці і разбурэнню. Ён служыць узвышэнню чалавека, а не прыніжэнню.

Вы добра, з прыгожай, шчырай і светлай ноты пачынаеце. Хай жа ў кожнага з вас будзе свая непаўторная песня! І хай кожны праспявае сваю песню шчасліва і да канца!

Загрузка...