Гэта была яшчэ раніца, ранняя раніца, калі толькі пачынае брацца на дзень, калі яшчэ сонца недзе далёка за лясамі, але там, дзе яно будзе ўзыходзіць, ужо заружовіўся і пасвятлеў небакрай. Гэта была ранняя раніца маладой беларускай літаратуры, што ў пачатку новага веку на змрочным небе тагачаснага грамадскага жыцця ўспыхвала і разгаралася сваімі першымі яркімі зоркамі — прадвесніцамі блізкага світання. Змучаная стагоддзямі няволі, шматпакутная беларуская зямля жыла нецярплівым чаканнем жаданага ранку свабоды. Хоць чарнасоценцы крывава расправіліся з першай рускай рэвалюцыяй, яе грамавыя раскаты не заглухлі, водбліскі яе пажараў не пагаслі. У Беларусі, упершыню ў гісторыі, пачала выходзіць легальная беларуская газета — спачатку «Наша доля», а пазней, калі яе закрылі,— «Наша ніва». Сталі выдавацца — хаця і ў вельмі цяжкіх умовах — беларускія кніжкі. Узнікаюць беларускія суполкі і таварыствы, якія аб'ядноўваюць перш за ўсё патрыятычна настроеную моладзь, поўную самаахвярнага жадання працаваць на ніве народнай асветы, нацыянальнай культуры і мастацтва. Заварушыўся працоўны люд беларускіх гарадоў і вёсак, прагна пацягнуўся да праўды і святла, да права «людзьмі звацца». Пашыраецца працэс нацыянальнага самаўсведамлення народа, расце сацыяльна-класавая свядомасць рабочых і сялян. З гушчаў працоўных мас выходзяць, каб клікаць і весці наперад, палымяныя народныя трыбуны, і сярод іх такія магутныя волаты духу, як Цётка, Купала і Колас. Прасякнутае рэвалюцыйным настроем, акрыленае духам барацьбы, іх яркае, смелае і гнеўнае слова глыбока западае ў душы мільёнаў, нараджае веру ў блізкую перамогу над ворагам. І няхай сабе пакуль што згушчаюцца і навісаюць, засланяючы далягляд, хмары, няхай сабе пакуль што рыпяць шыбеніцы і свішчуць нагайкі,— ужо нішто не можа запыніць пераможнай хады мільёнаў працоўных насустрач сонцу, ужо нічым не стрымаць яснакрылае светлае ранне.
У такі складаны час і падаў на радзіму — з далёкіх волжскіх берагоў — свой чысты і звонкі голас яшчэ нікому не вядомы паэт, паэт з выразна акрэсленым нацыянальным складам мыслення і бачання і з характэрным беларускім прозвішчам: Максім Багдановіч. Чытачы яго першых друкаваных вершаў, напэўна, былі б нямала здзіўлены, калі б ведалі, што паэту было ўсяго семнаццаць гадоў ад роду і што з іх толькі пяць першых ён пражыў на роднай беларускай зямлі. Мове сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў ён навучыўся з кніг і толькі з кніг, адчуўшы ў душы да яе невыказную любасць і пашану. Па праўдзе кажучы, і сягоння здаецца амаль неверагодным, як мог гэты хваравіты гімназіст-падлетак, адарваны ад жывой стыхіі беларускай мовы, прасякнуцца неадольным жаданнем авалодаць ёю, і авалодаць настолькі, каб улавіць усе найтанчэйшыя адценні слова, усе яго фарбы і колеры і, што яшчэ важней, адчуць праз мову самую душу народа і на яе высокі і прыгожы лад настроіць сваё маладое сэрца.
Даследчыкі творчасці паэта і яго біёграфы бачаць разгадку гэтай надзвычайнай у гісторыі літаратуры з'явы ў тым, што ў сям'і Багдановічаў панавала атмасфера глыбокай павагі да Бацькаўшчыны, павагі, якая перадавалася, несумненна, і дзецям; што бацька паэта Адам Ягоравіч быў выдатным беларускім вучоным-этнографам і меў багатую бібліятэку самых разнастайных кніг аб Беларусі, якімі захапіўся яшчэ ў гады дзяцінства і Максім; што менавіта гэтыя кнігі абудзілі ў ім цікавасць да роднага краю, да яго трагічнага лёсу, да яго людзей і прыроды — цікавасць, якая перарасла затым у самаахвярную любоў, у вялікую мэту ўсяго яго жыцця. Пералічаныя акалічнасці самі па сабе не надта б многа значылі, калі б не геніяльнае чуццё мастака, якім быў надзелены Багдановіч ад прыроды; калі б не выключнай сілы паэтычны дар, што даецца толькі натурам цэласным і глыбокім; калі б не тонкі і праніклівы розум, што здзіўляе сваёй неюнацкай спеласцю.
Як бы кідаючы бясстрашны выклік адшчапенцам, якія заадно з царскімі дзяржымордамі чынілі здзек з працоўнага беларускага люду, аплёўвалі яго духоўныя здабыткі, яго культуру і мову, малады чалавек, што амаль не помніў роднага краю, аддзелены ад гэтага краю не толькі тысячамі вёрст, але і тысячамі сцен глухой злобнай нянавісці, заспяваў аб ім велічную і прыгожую, бязрадасную і балючую, гнеўную і грозную песню. І заспяваў ён сваю песню на роднай матчынай мове...
На самым пачатку сваёй творчай дарогі паэт уяўляў Беларусь толькі па казках і легендах, паданнях ды павер'ях народных, што месціліся ў бацькавай бібліятэцы і так моцна ўразілі яго непаўторна-самабытнымі вобразамі старажытнай паэзіі. І сама яна, беларуская зямля, здавалася яму дзівоснай казкай, поўнай незвычайнага хараства і таямніц, казкай са старымі барамі і «прывольнымі, цёмнымі пушчамі», дзе адзінокі, калматы лясун, «аброслы мохам, як пень», то ляжыць паміж «спелай брусніцы» і «бакі выгравае» на сонцы, то брыдзе, пахіліўшыся панура, раздоллем лясных дарог, то гушкаецца «на вяршынах вялізных сасон» — і ўсё тады ў бары калышацца, шуміць і гудзе; казкай, дзе з шэрага моху падымае галоўку з залатой каронай змяіны цар, а небяспечны дух-вадзянік, «сівавусы і згорблены», калі не ляжыць на дне ракі, аблытаны цінай, то «бяспамятны піхае кола» старога млына або ў месячную ноч на возеры з глыбокага віру «ў хвалях гуляць выпускае» сярэбраных змеяў; казкай, дзе зімою цэлымі днямі весяліцца ў полі «ап'янелы ад снежнага хмелю, Падвей — трасе сваімі белымі кудрамі-валасамі, вее снегавымі рукавамі, скача, пяе і кружыцца, аж пакуль не зваліцца недзе між палёў у «пуховую пасцель».
Раннія вершы паэта аб роднай прыродзе, населеныя міфічнымі істотамі, прасякнуты духам язычаскіх павер'яў, складаюць вельмі своеасаблівую старонку ў беларускай пейзажнай лірыцы, старонку, якую ў сілу абставін мог напісаць толькі Багдановіч і якую нельга паўтарыць. Багдановічу ўдалося, не ўпадаючы ў стылізацыю, захаваць у гэтых вершах непасрэднасць старажытнага светаўспрымання, тую першаснасць і свежасць паэтычнага бачання, якімі зачароўваюць нас міфалагічныя беларускія казкі і легенды, замовы і павер'і. Лесуны і падвеі, вадзянікі і русалкі так арганічна ўведзены ў паэтычную фактуру вершаў, што зусім не псуюць хараства рэалістычных малюнкаў, а толькі надаюць ім адметны каларыт і дапамагаюць стварыць пэўны настрой — ці то перад намі дажджлівы асенні вечар, ці месячная летняя ноч, ці «агністая спёка» ў пушчы. Сапраўды, хіба не перадаецца нам трывожна-страшнае прадчуванне небяспекі, што ахоплівае цёмнай ноччу ў лесе адзінокага падарожніка, калі мы чытаем вось гэты васьмірадковы верш пра лесуна:
Я спакойна драмлю над гарой між кустоў.
Лес прыціхнуў,— ні шуму, ні сокату.
Але чую ў цішы пада мной звон падкоў,
Чую гул мяккі конскага топату.
Ці не гукнуць, каб рэха па лесе пайшло,
Каб з касцямі, ў кавалкі разбітымі,
Нехта біўся ў крыві, каб мне можна было
Усю ноч рагатаць пад ракітамі?!
Якая надзвычайная экспрэсіўнасць вобраза, якая адмысловая і зайздросная для васемнаццацігадовага паэта чаканка радка!
Побач з узорамі пейзажнай лірыкі, звязанымі з народнай міфалогіяй, у творчасці Багдановіча ёсць нямала пранікнёных радкоў аб велічы і харастве прыроды, напісаных у строга рэалістычнай манеры.
Свет прыроды, бясконца разнастайны ў сваіх формах, гуках і колерах, любою парою года і ў любую часіну дня хваляваў паэта то як урачыстае свята ў гонар вясны і сонца, калі хацелася радасна крыкнуць: «Прывет табе, жыццё на волі!» — то як інтымная сустрэча з любай сэрцу дзяўчынай, калі хацелася ціха, пяшчотна сказаць: «Добрай ночы, зара-зарапіца», то нібы сумнае развітанне з нечым дарагім і блізкім, калі сціскалася тужліва сэрца і хацелася плакаць, як «плакала лета, зямлю пакідаючы».
Вершы Багдановіча аб прыродзе здзіўляюць сваёй маляўнічасцю, тонкасцю і дакладнасцю ў перадачы абрысаў і ліній, фарбаў і гукаў. Прыгадайце яго дзівосны акварэльны малюнак: «Вечар на захадзе ў попеле тушыць кучы чырвоных кавалкаў вугля...» Таго, хто хоць раз любаваўся, як дагарае летні дзень і апускаюцца ціхія цёплыя прыцемкі, хто ў такія хвіліны аддаваўся ўвесь зроку і слыху,— верш не можа не зачараваць. Як хораша перададзена вячэрняя ціша, калі «вецер лістка не зварушыць, не скалыхнуцца ні траўкай паля», як дакладна, трапна і зрокава ярка акрэслена кожная прыкмета: і «цёмныя цені ў лагчыне», што сталі даўжэйшымі, і «птушкі прыстаўшай палёт», што здаецца марудным, і бледна-сіні маладзік, што сумна плыве ў зялёным, як лёд, небе, і маркотныя сняжынкі зорак, і пакрытае шызай расою збожжа...
Усе дванаццаць радкоў верша так гарманічна злучаны ў адно цэлае, так моцна спаяны адным настроем, адным спакойным і меладычным рытмам, што ў выніку маем малюнак надзвычайны па выразнасці і сіле эмацыянальнага ўздзеяння. У вершы дасягнуты той узровень мастацкасці, калі, як кажуць, і мастацтва не заўважаеш. У ім не знойдзеш ні крупінкі таго, што было б разлічана па чыста вонкавы эфект. Перад намі тая незвычайная ў сваёй звычайнасці прастата і тая крыштальная яснасць, якія складаюць адметную рысу творчасці сапраўды вялікіх майстроў паэтычнага слова.
Багдановіч не любуецца хараством чароўных пейзажаў зводдаль, не стаіць недзе збоку; ён — сярод прыроды і ў самой прыродзе, нібы яе неад'емная частачка чуйпая да ўсяго, што дзеецца навокал. У вершы «Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог» паэт сам сказаў аб сваёй духоўнай еднасці са светам прыроды:
Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,
Як дрыжаць ад ветру зоркі пада мной,
Чую ў цішы, як расце трава.
Так, толькі зліўшыся з прыродай душой, можна ўбачыць, як дрыжаць ад ветру зоркі, і пачуць, як расце трава. Знамянальным у гэтым сэнсе радком пачынаецца верш Багдановіча «Ноч»: «Ціха ўсё было на небе, зямлі і на сэрцы». Паспрабуйце адкінуць або замяніць чым «і на сэрцы» — і ўсё разбурыцца: страціцца нешта вельмі істотнае не толькі ў настроі верша, але многае страціць і сэнс.
Свае адносіны да свету прыроды, свае пачуцці, абуджаныя ёю, Багдановіч, як правіла, выказвае спакойна, стрымана. І толькі па тым, з якім майстэрствам стварае ён малюнкі, як тонка перадае хараство беларускіх пейзажаў, можна меркаваць аб яго вялікай сыноўняй павазе і любві да роднай зямлі, да яе чароўнай красы. Эпітэт Багдановіча ў большасці, выпадкаў эмацыянальна не афарбаваны, затое ён заўсёды дакладны, свежы і характэрны, метафара не крыклівая, але на дзіва трапная і прыгожая. «Ціха па мяккай траве сінявокая ноч прахадзіла»,— чытаем мы, і бачым гэтую ноч, і верым, што яна сапраўды ступала нячутна-ціха; «Збожжа пакрылася шызай расой» — можна перабраць сотні эпітэтаў — і ніводзін не перадасць колер збожжа на пачатку змяркання лепш за гэты; «У небе ціха зоркі расцвілі» — іменна расцвілі, бо яны загарэліся ў вячэрнім небе не адразу, а спакваля, з кожнай хвілінай робячыся ярчэйшымі. Або вось Вераніка з аднайменнага верша глядзіць, як у садзе, над кустом дзікай шыпшыны, «бруяе блізка сонны чмель». Эпітэт сонны надзвычай хораша стасуецца да лянівага палёту чмяля.
Багдановіч лічыўся б выдатным паэтам і тады, калі б ён нам пакінуў толькі вершы аб роднай прыродзе. На шчасце, яго паэтычны талент раскрываўся так шчодра не толькі ў пейзажнай лірыцы, але і ў творах сацыяльна-грамадскага зместу, і ў вершах пра каханне, і ў філасофскіх мініяцюрах на тэму жыцця і смерці. І калі гаварыць пра самае галоўнае, што перш за ўсё вызначае творчае аблічча Багдановіча і ў рэшце рэшт вылучае яго ў лік найвялікшых паэтаў Беларусі, то гэтае галоўнае — яго рэвалюцыйна-дэмакратычная, грамадзянска-патрыятычная лірыка. Калісьці В. Р. Бялінскі пісаў, што паэт ніколі не стапе вялікім ад самога сябе і праз самога сябе, а толькі выражаючы душу народа і свой час. Багдановіч якраз і стаў натхнёным выразнікам запаветных дум і жаданняў народа, праўдзівым і непадкупным суддзёй свайго суровага часу.
Чалавек вялікай і чулай душы, светлага і праніклівага розуму, Багдановіч быў адным з самых высакародных і гуманных людзей, якімі, магла пахваліцца перадкастрычніцкая Беларусь. Жыццё працоўнага народа, яго змаганне за лепшую долю, яго імкненне выбіцца на шлях свабоды і шчасця — усё гэта знаходзіла ў душы паэта гарачы водгук. Багдановіч глядзеў на вакольны свет яснымі вачамі, стараючыся зразумець, па якіх законах гэты свет жыве, спрабуючы асэнсаваць усю складанасць падзей і часу. Яшчэ да таго як прыехаць, нарэшце, на дваццатым годзе жыцця, у Беларусь, паэт ведаў, што ў краіне казачных бароў і пушчаў, азёр і рэк, пазбаўлены права на ўсё гэта багацце, гаруе і пакутуе шматмільённы працоўны люд. Паэт ведаў, што гора сціснула дыханне народа і пануе ўсюды: і пад саламянымі стрэхамі вясковых хат і «на жорсткім дне» гарадскіх вулак. Яно разлілося «шырока, як мора», і затапіла ўвесь «выкляты богам» край.
Брацця! Ці зможам грамадскае гора?
Брацця! Ці хваця нам сілы?! —
трывожна і гнеўна ўскліквае паэт, якому балюча бачыць столькі няпраўды і крыўды, «столькі нуды без патолі». І замест ціхай песні пра свае «загубленыя дні» ў яго сэрцы выспявае песня гневу, якая «грозна разліваецца, грыміць, долю горкую мужыцкую кляне». За песняй-праклёнам прыходзіць поўная рашучасці і веры ў перамогу песня-заклік:
Рушымся, брацця, хутчэй
Ў бой з жыццём, пакідаючы жах;
Крыкі пужлівых людзей
Не стрымаюць хай бітвы размах.
Проці цячэння вады
Зможа толькі жывое паплыць,
Хвалі ж ракі заўсягды
Тое цягнуць, што скончыла жыць.
Вуснамі беларускага мужыка, якому багатыя людзі замест хлеба давалі каменне, паэт ставіць пытанне: што будзе, калі гэтая каменная сцяна паміж мужыком і панамі, якая расце ўсё вышэй і вышэй, нарэшце рухне,— каго яна пад сабой пахавае?
Пасля наведаныя радзімы, калі паэт на ўласныя вочы пабачыў становішча беларускіх працоўных мас, сацыяльна-грамадскія матывы ў яго паэзіі загучалі яшчэ больш выразна, ярчэй акрэслілася яго грамадзянская пазіцыя, пашырылася кола «праклятых пытанняў», на якія трэба было знайсці адказ, паглыбіліся ідэйныя і філасофскія пошукі паэта ў намаганні дабрацца «да кораня рэчаў».
Новым словам не толькі ва ўласнай творчасці паэта, але і ва ўсёй тагачаснай беларускай літаратуры з'явілася нізка вершаў аб горадзе «Места». Багдановіча справядліва лічаць пачынальнікам урбаністычнай лініі ў нашай паэзіі — першым, хто «з прывольных палявых дарог» пайшоў на брук маставых. Паэт любіў горад («У грудзі кволыя запала, дачка каменняў, места мне»), любіў нервовы рытм яго жыцця; яму падабаліся залітыя «вірам людскім паясы тратуараў» і вулкі, што «ззяюць і гулка грымяць». Але было б памылкаю думаць, што Багдановіч перш за ўсё імкнуўся апаэтызаваць «горада чароўныя прынады». «Грук, гоман, гул» не мог схаваць ад яго пільных вачэй і чуйнага сэрца таго, што выяўляла самую душу заснаванага на няпраўдзе і несправядлівасці грамадства. І ў горадзе паэт убачыў жахлівае суседства раскошы і галечы, сытасці і нэндзы, суседства «кас, ламбардаў, банкаў» і цесных, крывых завулкаў, з цёмнымі шыбамі старасвецкіх будынкаў. Бліскучае святло ліхтарняў і вітрын не перашкодзіла яму заўважыць і «вочы змучаных людзей і выгнанае голадам на вуліцу дзіця» — балючы сімвал жабрацкай долі народа.
«Каробушку» пяе дзіцячы альт,
І надрываецца абрыдлая шарманка.
Горад ламбардаў і банкаў, рэклам і вітрын не можа пачуць голасу бяды і няшчасця — глухія яго вуліцы, глухая ноч, «не менш глухі людскі натоўп». Чалавеку сумленнаму вельмі цяжка тут, ён адчувае сябе страшэнна стомленым, і не столькі ад спёкі, якою «пышуць дахі і асфальт», колькі ад гэтай глухаты і чэрствасці, ад якой хочацца куды-небудзь сысці, сесці «на далёкай лаўцы, хаця бы крышку часу адпачыць!».
Трагедыі абяздоленых людзей, якія ў пошуках ратунку ад галоднай смерці вымушаны накідаць бацькоўскі кут і ехаць насустрач невядомаму лёсу далёка за мора, на чужыну, прысвечана «Эмігранцкая песня» паэта. Балючым і горкім сумам вее ад гэтай праўдзівай споведзі тых, каму ў сваім родным краі не хапіла хлеба. Сацыяльная няроўнасць, жорсткая і драпежная палітыка эксплуататараў — вось што гоніць тысячы галодных і раздзетых па дарогах свету, вось дзе прычына ўсіх няшчасцяў і бед народных. Іменна гэтая думка пакладзена ў аснову аднаго з лепшых узораў грамадзянскай лірыкі Багдановіча — верша «Мяжы». Неаглядны абшары зямлі, «нязмерны вольныя прасторы»,— гаворыць паэт,— але чалавек падзяліў іх межамі і платамі, перакапаў ірвамі і канавамі, адгарадзіў «шнурамі штыкоў» і «стопудовымі гранітнымі каменнямі» — і ўсё дзеля таго, каб панавала варожасць паміж людзьмі, каб адны знемагалі ад сытасці, а другія паміралі з голаду.
Пабач, што робіцца за гэтымі платамі!
Ў надмернай працы гіне тут
Галодны і абдзёрты люд —
той самы люд, які «сваімі моцнымі рукамі» і скібы правёў па раллі, «і рэйкі пралажыў чыгунак, заводаў коміны падпяў у выш нябёс», «а сам даўно сляпы ад слёз і ўжо забыўся аб ратунак».
Багдановіча неадступна гпяла пакутная думка аб бяспраўным становішчы свайго народа, якім адвеку пагарджалі і «не пушчалі з ярма», якому адмовілі нават у элементарным чалавечым праве па пратэст і які вымушан быў крычаць «Дзякуй» там, дзе трэба было крычаць «Ратуйце!». Але ў сэрцы паэта не згасаў «агонь гарачы веры», пад шэрым попелам «панурых і нудных гадзін» гарэў «чырвоны жар» падзей. І тады з хворых і збалелых грудзей вырываліся на свет пругкія, звонкія, прамяніста-яркія радкі:
Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага, яснага дня.
Паглядзі, як усход разгараецца,
Колькі ў хмарках залётных агня...
Багдановіч быў вялікім жыццялюбам і гуманістам. Яго ідэйна-эстэтычнае крэда трымалася на светлай веры ў чалавека, на глыбокай павазе да яго асобы. Менавіта адгэтуль вынікала яго абвостраная цікавасць да ўнутранага, духоўнага свету людзей, да патаемных пачуццяў і думак жывой чалавечай душы. Адгэтуль і той беспамылкова-чуйны псіхалагізм, які характарызуе любоўную лірыку паэта, гаворку ўдваіх «пры агні ў цішыні», і тая безнацяжная філасафічнасць, якою вызначаюцца яго вершы-роздумы аб жыцці і смерці, аб паэце і паэзіі, аб прыгожым і брыдкім у рэчаіснасці і ў мастацтве.
Апошняя з гэтых якасцей паэтычнага дару Багдановіча асабліва важная. У нашай старой паэзіі філасофскі пачатак быў слаба развіты, яна была ў большай меры або трыбуннай, або спавядальнай, або маляўнічай, або напеўнай. Шчаслівым выключэннем якраз і з'явілася творчасць Багдановіча — паэта, які валодаў здольнасцю пранікаць у сутнасць з'явы, здольнасцю аналізаваць і абагульняць. Многія яго радкі і нават цэлыя вершы гучаць як мудрыя жыццёвыя формулы, як вобразныя паэтычныя афарызмы з багатым і глыбокім філасофскім падтэкстам.
У адным з вершаў цыкла «Места» паэт, напрыклад, гаворыць пра хлопчыка, што «выдувае з мыла пузыры». Як толькі прыгожая бурбалка вясёлкай уздымецца ў паветра, хлопчык хапае яе рукой — і ў яго далоні «застаецца адна слата». Так аўтар праводзіць глыбокую думку аб тым, што і творы мастацтва, якія зіхацяць непраўдзівай, эфемернай красой, не маюць ні вартасці, ні трываласці і пры першым сутыкненні з жыццём, з рэчаіснасцю ператвараюцца ў слату, у нішто. Хараство ж сапраўднага мастацтва не ў вонкавым бляску, а ва ўнутранай сіле пачуцця, у велічнай ідэі, у высакароднай прастаце формы.
Агульнапрызнана, што Багдановіч — паэт надзвычай высокай культуры. Але паэтычная культура не прыходзіць сама сабой. У Багдановіча яна — вынік упартай і няспыннай працы над пашырэннем свайго кругагляду, над узбагачэннем памяці выдатнымі здабыткамі паэтычнай культуры мінулага. Багдановіч чытаў у арыгінале і перакладаў па родную мову творы Гарацыя і Авідзія, Гейнэ і Шылера, Верхарна і Верлена, выдатна ведаў паэзію рускую і ўкраінскую, быў знаёмы з літаратурай многіх іншых народаў свету. З дзіцячых гадоў ён выхоўваўся на лепшых узорах сусветнай класічнай паэзіі. Паводле ўспамінаў бацькі паэта, «развіццю густу, эстэтычных пачуццяў надавалася вялікае значэнне. Дзеці дэкламавалі і завучвалі вершы толькі высокамастацкія. Побач з гэтым высвятляліся спосабы мастацкай творчасці: трапныя і маляўнічыя эпітэты, удалыя метафары і ўсе дапаможныя прыёмы мастацкай мовы» [1]. Ступіўшы на шлях літаратурнай дзейнасці, Багдановіч пастаянна дбаў аб мастацкай дасканаласці сваіх твораў. У артыкуле «Глыбы і слаі» ён пісаў, што «ўсю ўвагу звяртае на вобразнасць зместу вершаў і разам з тым клапоціцца аб згушчонасці іх, спадзеючыся прыдаць ім праз гэта асаблівую сілу» [2]. Імкненне да згушчонасці, да лаканізму з'яўляецца неад'емнай рысай Багдановіча-паэта. Кіруючыся тэзісам «каб словам было цесна, а думкам прасторна», ён дасягае ў сваіх лепшых вершах гранічнай сцісласці. З усёй яго спадчыны толькі каля дзесятка вершаў маюць па трыццаць або крыху больш радкоў. Пераважная ж большасць — паэтычныя мініяцюры, з яркім вобразам і афарыстычнай думкай, што так хораша месціцца ў васьмі, чатырох або нават у двух радках.
Зразаюць галіны таполі адну за адной...
Без скаргі яны на зямлю чарадою лажацца,
Бо смерць іх патрэбна, каб дзерава новай вясной
Магло бы хутчэй развівацца.
Таварышы-брацця! Калі наша родзіна-маць
Ў змаганні з нядоляй патраціць апошнія сілы,—
Ці хваце нам духу ў час гэты жыццё ёй аддаць,
Без скаргі налеч у магілы?!
(«Зразаюць галіны таполі адну за адной...»)
Дзякуй, пане, бо пазнаў ад вас і я,—
Не на трох кітах трымаецца зямля.
Згода, згода, бо здаецца неяк мне,
Што стаіць яна на нашай жа спіне.
(«Пан і мужык»)
Хіліцца к вечару дзень, і даўжэйшымі робяцца цені;
З болем пад захад жыцця ўспомніш пра гэтае ты.
(«Пентаметры»)
Гэтыя ўзоры ў беларускай паэзіі — адзіныя ў сваім родзе і на сённяшні дзень.
Багдановіч многа дбаў аб кампазіцыі верша, каб яна была стройнай, прыгожай. Ён не дапускаў рыхласці або хаатычнасці паэтычных вобразаў, клапаціўся аб лагічнай закончанасці думкі і пачуцця. Ён першы ўвёў у беларускую паэзію многія невядомыя ёй раней формы верша, страфы і метрыкі (санет, трыялет, рандо, актава, тэрцыны, пентаметры). Гэта мела агромністае — і не толькі літаратурнае — значэнне. Здзейсненае Багдановічам было бліскучым доказам таго, што беларуская мова — такая ж багатая і дасканалая, як і мова любой іншай нацыі, што на ёй можна пісаць творы самых разнастайных жанравых форм, можна выяўляць самыя глыбокія і складаныя пачуцці.
Багдановіч умеў карыстацца рытмічнымі і гукавымі магчымасцямі верша. Ён справядліва лічыцца адмысловым майстрам гукапісу, у чым іншы раз дасягае сапраўднай віртуознасці («Завіруха», «Добрай ночы, зара-зараніца»). Але Багдановіч не ператвараў алітэрацыю ў самамэту — гукапіс у яго служыць паэтычнай задуме верша, выяўленню яго сэнсу, зместу.
Вучобу ў класікаў сусветнай літаратуры Багдановіч спалучаў з творчым унаследаваннем прыёмаў і сродкаў вуснай народнай паэзіі. У апошнія гады жыцця паэт свядома стаў на шлях своеасаблівай фальклорнай стылізацыі, лічачы, што на тагачасным этапе гэта быў адзіна правільны шлях да стварэння самабытнага беларускага верша (так, прынамсі, сцвярджаў ён у артыкуле «Забыты шлях» [3]). Сапраўды, многія вершы, на якія паклаў адбітак інтанацыйна-рытмічны лад народнай песні, належыць да лепшых твораў паэта («Як Базыль у паходзе канаў», «Як прыйшла я на ток малаціць», «Цёмнай ноччу лучына дагарала» і інш.). Пад уплывам эпічных форм народнай паэзіі напісаны вельмі своеасаблівыя паэмы «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык», «Максім і Магдалена», паэтычная легенда «Страцім-лебедзь». Але ў прынцыпе прыём фальклорнай стылізацыі нельга было лічыць перспектыўным для развіцця ўсёй беларускай паэзіі. Творча выкарыстоўваць фальклор — гэта значыць перш за ўсё апірацца па яго здаровыя традыцыі народнасці і рэалізму, вучыцца народнаму светаўспрыманню, насцігаць духоўныя запатрабаванні народа, яго грамадскія і эстэтычныя ідэалы. Паэзія Багдановіча ў цэлым якраз і з'яўляецца прыкладам такога выкарыстання. Вывучэнне скарбаў вусна-паэтычнай народнай творчасці адыграла выключную ролю ў фарміраванні ідэйна-эстэтычных поглядаў паэта перш за ўсё тым, што адкрыла перад ім цудоўную душу народа — мужнага і таленавітага, духоўна багацейшага за тых, хто рабіў яго абяздоленым і няшчасным.
Творы сапраўднай паэзіі маюць адну адметную якасць: яны вельмі лёгка, падчас з першага разу, затрымліваюцца і надоўга застаюцца ў памяці. Тлумачыцца гэта не толькі іх праўдзівым і глыбокім зместам, вялікім чалавечым пачуццём, непаўторнымі паэтычнымі вобразамі, але і дакладнасцю радка, лагічнасцю і паслядоўнасцю думкі, натуральнасцю гучання, сакавітасцю мовы. Большасць жа вершаў Багдановіча якраз і вызначаецца гэтым.
М. Багдановіч навучаўся роднай мове па кніжках, і таму ў яго вершах нярэдка сустракаюцца русізмы, многія словы ён ужывае ў формах, не ўласцівых беларускай мове, іншы раз не на тым складзе ставіць націск. Але ўвогуле мова яго твораў па сваім духу ёсць мова беларускага народа. Яе характарызуе яркі нацыянальны каларыт.
Творчая дзейнасць Багдановіча шматгранная: ён быў не толькі выдатным паэтам, але і бліскучым перакладчыкам, тонкім літаратурным крытыкам, глыбокім даследчыкам і тэарэтыкам літаратуры. Паэзія, аднак, праз увесь час заставалася для яго самай блізкай стыхіяй, найпершым прызваннем, прадметам вялікай любові яго вялікага сэрца. Ёсць у Багдановіча чарнавы накід верша, у якім ён сам вызначае сваё стаўленне да паэтычнай творчасці:
Бывае, вада перапоўніць
Ставок і праз бераг памкнецца;
Калі ж з яго выбежыць лішак,
Дык далей вада не бяжыць.
Бывае і так, што руйнуе
Плаціну вада; ў гэту пору
Струяцца апошнія хвалі
І сохне няшчасны ставок.
З паэтамі так жа бывае:
Адзін дае людзям ізлішкі,
Другі ўсё, што мае. Я гэткі:
Пяю я з надтрэснутым сэрцам,
Апошні свой скарб аддаю.
Знаёмства з паэтычнай спадчынай Багдановіча пераконвае, што ён сапраўды спяваў усім сэрцам, аддаючы народу свой талент і энергію да кроплі. Многія яго вершы — у тым ліку такія шэдэўры нацыянальнай лірыкі, як «Зорка Венера» і «Слуцкія ткачыхі»,— даўно зрабіліся папулярнымі народнымі песнямі.
...Усяго дзесяць гадоў прадаўжалася творчая дзейнасць таленавітага сына беларускай зямлі. Крыўдна мала суджана было пажыць Багдановічу — ён памёр па дваццаць шостым годзе жыцця, напэўна, яшчэ на подступах да таго, што мы звычайна называем «росквітам творчых сіл». Але творам, якія ён паспеў падарыць народу, выпаў зайздросны лёс: да яго неўміручых радкоў усё з большай сілай цягнуцца шчырыя вочы і сэрцы людскія. Імя паэта стала адным з самых дарагіх імён у памяці ўдзячных нашчадкаў.