Якое прыемнае супадзенне! Вярнуўшыся з вёскі, праглядаў пошту, што сабралася за некалькі дзён, і ў газеце «Правда» з вялікім задавальненнем прачытаў перадавы артыкул «Наш край родной». Прачытаў і па звычцы падкрэсліў радкі, у якіх убачыў глыбокі і мудры сэнс: «Свае вытокі любоў да Савецкай Радзімы бярэ ў краіне нашага дзяцінства — бацькоўскім краі, чый светлы вобраз назаўсёды застаецца ў сэрцы кожнага... Сыноўняя прывязанасць да родных месц — жывое, дзейснае пачуццё... Наша цяперашняе абапіраецца на тое, што створана, заваявана і абаронена папярэднімі пакаленнямі... Цудоўнае і высакароднае пачуццё любові да роднага краю! Хай жа кожны прыўмножыць яго багацці і прыгажосць!»
Гэтыя дарагія мне радкі я прачытаў і падкрэсліў сёння раніцай, а не далей як учора вечарам, у дарозе, перагартаў кніжачку Леаніда Пракопчыка «Даўгінаўскія вёрсты»! — добрую, цікавую кніжачку якраз жа пра гэта самае: пра любоў да таго кутка, дзе ты нарадзіўся і вырас, да роднага бацькоўскага краю. Успомнілася і яшчэ адна цікавая кніжыца, прачытаная крыху раней — «Мая Астравеччына» Адама Мальдзіса. І проста такі хваляванне ахапіла душу: які выдатны зроблены пачатак! А што, братцы, калі яшчэ дзесятачак-другі такіх кніжэнцый падарыць нашаму чытачу — асабліва маладому? Ды гэта ж будзе незвычайна спажыўны хлеб для духоўнага гадавання моладзі! Хіба патрэбна даводзіць, якое патрыятычна-выхаваўчае значэнне мае мастацка-дакументальная літаратура аб родным краі, аб яго прыродным харастве і багацці, аб падзеях і фактах нацыянальнай гісторыі, культуры, літаратуры і мастацтва?
Вядома, пісаць такія кнігі няпроста, бо аўтару трэба быць не толькі грунтоўна адукаваным чалавекам, вельмі многа ведаць аб тым, пра што пішаш, але яшчэ і быць таленавітым апавядальнікам, валодаць словам, каб расказваць, гаварыць з чытачом займальна, цікава. І канечне ж — трэба вельмі моцна любіць тое, пра што расказваеш. А яшчэ: такія кнігі павінны вызначацца маштабнасцю і гістарычнага мыслення, глыбінёй ідэйна-філасофскіх абагульненняў. Каб за «біяграфіяй» і вобразам аднаго кутка паўставаў гістарычны лёс і вобраз усяго народа! Апрача багатага геаграфічнага і гісторыка-этнаграфічнага матэрыялу — яркіх, цікавых назіранняў, каштоўных звестак, апісання мясцін, звязаных са славутымі імёнамі і выдатнымі падзеямі,— патрэбна яшчэ як мага больш глыбокіх сацыяльна-філасофскіх роздумаў, важкіх публіцыстычных вывадаў. У размове пра мінулае павінны ўвесь час адчувацца пагляд і пазіцыя аўтара — нашага неспакойнага, па грамадзянскаму заклапочанага сучасніка, павінен біцца пульс веку, у які жывём. Толькі пры гэтых умовах патрыятычна-краязнаўчая эсэістыка зойме ў духоўным жыцці грамадства належнае месца.
Радасна думаць, што кнігі А. Мальдзіса і Л. Пракопчыка ў многім адпавядаюць гэтым патрабаванням — асабліва, што датычыць багацця фактаў і шчырай асабістай усхваляванасці, якая ідзе ад грамадзянскай нераўнадушнасці, ад гарачай сыноўняй любові да роднага бацькоўскага кутка. Хай жа будзе благаславёны час, калі і аднаму і другому прыйшла ў галаву гэтая бліскучая, вартая самай высокай пахвалы ідэя! Паказаць прыгажосць роднага краю, яго далёкае і не так далёкае мінулае, яго сённяшні дзень, расказаць пра славутых продкаў і пра вартых іхняй славы нашчадкаў — гэта велічная мэта, дзеля якой нельга шкадаваць ні сіл, ні часу. Таму так і хочацца кінуць кліч: бярыцеся, дарагія сябры! Усе, хто нераўнадушны да лёсу свайго народа, да яго высокага імя і славы — бярыцеся і ўзнаўляйце ў яркіх малюнках і праўдзівых вобразах яго аблічча, яго гераічную гісторыю і не менш гераічную сучаснасць! Беларуская зямля багатая такімі прыроднымі і духоўнымі багаццямі, такімі вялікімі падзеямі і імёнамі, што проста недаравальна будзе яе таленавітым сынам і дочкам маўчаць і не расказваць аб ёй усяму свету.
Да таго ж варта помніць, што далучэнне да клопату пра велічнае ўзвелічае і ўзвышае і цябе самога. І як чалавека, і як грамадзяніна, і як мастака.
Хочацца выказаць спадзяванне, што і нашы выдаўцы будуць ставіцца з большай увагай і зацікаўленасцю да аўтараў, якія таленавіта, жывой чалавечай мовай пішуць пра родныя мясціны. Падкрэсліваю: таленавіта. Бо іначай няма сэнсу і брацца за гэту справу. У нас, напрыклад, выходзіць нямала кніг пра гарады Беларусі, але — як яны напісаны, якой мовай? Лічбы, лічбы, лічбы, паказчыкі, працэнты... А чытачу трэба душа, розум, хваляванне, пазіцыя, вера! Размова ж ідзе пра самае для яго святое і дарагое — пра Бацькаўшчыну!
1979